Наваградчына ў палітычных падзеях ХІІІ ст. (1996)

Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Навагрудскага р-на. - Мінск., 1996. С. 57 - 63.

Наваградак у старажытных летапісах і іншых крыніцах называецца часцей за ўсё "Новгородок", часам "Новогородок" ці "Новгород". Блізкасць гэтай назвы да назвы Вялікага Ноўгарада стварае праблему для даследчыкаў, бо не заўсёды зразумела, аб якім горадзе - Ноўгарадзе ці Наваградку - ідзе гаворка. У перыяд да мангольскага нашэсця на Русь і пачатку ўтварэння Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) Іпацьеўскі летапіс прыводзіць дзве звесткі, якія яўна тычацца Наваградка (у далейшым мы будзем ужываць старажытную назву - "Ноўгарадок").

Першая звестка адносіцца да 1228 г., калі ўзнік канфлікт паміж кіеўскім князем Уладзімірам і Данілам, князем Уладзіміра-Валынскім. Уладзімір Кіеўскі ўчыніў паход на адно з уладанняў Данілы - горад Камянец, прычым разам з ім у аблозе Камянца ўдзельнічалі апалчэнні з княстваў, якія знаходзіліся ў саюзе з Кіевам: "Володимер со всеми князи: и куряны, и пиняны, и новогородци, и туровцы обседоша Каменец". Такім чынам, Ноўгарадок у гэтым паведамленні названы ўскосна, як цэнтр аднаго з саюзных з Кіевам княстваў. На чале яго знаходзіўся нейкі невядомы нам князь.

Зноў Наваградскае княства згадваецца ў 1235 г. (некаторыя даследчыкі лічаць, што падзеі адбываліся ў 1236 г.). У гэты час пагоршыліся адносіны паміж вышэйзгаданым Данілам і адным з польскіх князёў - Конрадам (Кондратам) Мазавецкім. I ў выніку "по том же лете Данил же возведе на Кондрата Литву Миндога, Изяслава Новгородьского".

Дзве гэтыя скупыя звесткі - практычна ўсё, што мы ведаем дакладна пра гісторыю Ноўгарадка напярэдадні мангольскага нашэсця. Усё астатняе прыходзіцца дадумваць, зыходзячы з ускосных меркаванняў і агульнага палітычнага кантэксту. Не дзіва, што розныя даследчыкі прыходзяць пры гэтым да зусім розных высноў. Так, Мікола Ермаловіч у рэчышчы сваёй канцэпцыі прыходзіць да высновы, што Ноўгарадок у гэты час стаў цэнтрам самага моцнага на Беларусі княства і ўвогуле аб'яднаўчым цэнтрам для ўсяго наваколля. Нам здаецца, што для такой высновы няма належных падстаў. Абодва разы, калі наваградскія князі трапляюць на старонкі летапісу, яны дзейнічаюць не самастойна, а як саюзнікі больш моцных палітычных цэнтраў - спярша Кіева, а потым Уладзіміра-Валынскага. Паходы наваградскіх дружын былі ўчынены не супраць іх ворагаў, а супраць ворагаў іх сюзерэнаў. Пра падпарадкаваны стан Ноўгарадка ў другім выпадку сведчыць і сам дзеяслоў: "возведе", які прадугледжвае выкананне чыёйсці волі.

Адзінае, што можна сказаць упэўнена, - гэта тое, што Наваградскае княства ў той час было не сярод апошніх на Беларусі. Яно хоць і застаецца на перыферыі ўвагі летапісцаў, але ж згадваецца, у той час як іншыя (Менскае, Віцебскае, Друцкае, Гарадзенскае, Слуцкае, Клецкае, за выключэннем бадай што толькі Полацкага і Пінскага) увогуле знікаюць са старонак летапісаў. Напэўна, наваградская дружына была дастаткова баяздольнай, каб на яе дапамогу разлічвалі такія вялікія і моцныя княствы, як Кіеўскае і Уладзіміра-Валынскае. Аднак наўрад ці тагачасны Ноугарадок з яго плошчай умацаванай часткі каля 2,5 га можна паставіць хаця б у нейкае параўнанне з Полацкам, тэрыторыя якога ў XIII ст. дасягала 120 га, а насельніцтва - каля 14 - 15 тыс. чалавек.

Вельмі важнай акалічнасцю для далейшых падзей было тое, што Наваградскае княства знаходзілася ў непасрэдным суседстве з Літвой - аб'яднаннем некалькіх балцкіх княстваў, на чале якога, як сведчыць летапіснае паведамленне 1235 г., стаяў Міндоўг. Адразу адзначым, што мы не падзяляем думку М. Ермаловіча аб тым, што гэтая Літва знаходзілася на ўсходзе і паўднёвым усходзе ад Ноўгарадка. Гэтая думка яўна супярэчыць і археалагічным, і тапанімічным фактам. Археалогія сведчыць, што помнікі старажытных балтаў (курганы з усходняй арыенціроўкай пахаваных, зброяй і рэшткамі коней, характэрнымі ўпрыгожаннямі) у акрэсленым М. Ермаловічам арэале ўвогуле не сустракаюцца, затое там ёсць курганы і паселішчы з бясспрэчна славянскімі матэрыяламі. Арэал жа ўсходнебалцкіх курганоў займаў абшары на поўнач і паўночны захад ад Наваградчыны - усход сучаснай Літвы з сумежнымі часткамі Беларусі да возера Нарач, Налібоцкай пушчы і Ліды. Там жа знаходзіцца і арэал тыпова балцкіх тапонімаў з канчаткамі на -ішкі, -аны, -ёны (тыпу Юрацішкі, Гальшаны, Геранёны). Назвы ж вёсак "Літва", якія згадвае М. Ермаловіч, сведчаць якраз аб адваротным - такія назвы вёсак не маглі з'явіцца там, дзе ўсе вёскі літоўскія, гэтак жа, як у Прусіі няма вёсак з назвай "Прусы", у Мазовіі - "Мазуры" і г. д. Гэта агульны і агульнавядомы тапанімічны закон. Вёскі з назвай "Літва" з'явіліся ў выніку нейкіх перасяленняў літоўцаў у славянскі арэал ці як астравы ранейшага аўтахтоннага насельніцтва.

Літва была адным з балцкіх народаў (побач з Жамойццю, якая займала захад сучаснай Літоўскай рэспублікі, Яцвягіяй на поўначы і захадзе ад Гродна, Прусіяй і інш.) на чале з актыўнымі і ваяўнічымі князямі, самым выдатным з якіх быў Міндоўг. У першай трэці XIII ст. набегі літоўцаў бясконца турбавалі суседнія і больш аддаленыя княствы, сягаючы ажно да Пскоўшчыны, вярхоўяў Волгі і Валыні. Наяўнасць такога небяспечнага суседа, напэўна, вымушала жыхароў Наваградчыны падтрымліваць з імі своеасаблівыя адносіны, падобныя на адносіны паміж полаўцамі і паўднёварускімі княствамі: часам біцца, але часам і абменьвацца нявестамі, рабіцца пабрацімамі, прапускаць ваяўнічыя дружыны праз свае тэрыторыі, каб яны шкодзілі камусьці іншаму. Магчыма, сяброўскія ці нават сваяцкія адносіны звязвалі Ізяслава Наваградскага з Міндоўгам, як, напрыклад, уладар полацкага княства Герцыке Усевалад быў зяцем другога літоўскага князя - Даўгерда.

Невыпадкова, што напрамкі набегаў літоўцаў на Піншчыну і Валынь, як і зварот з палонам, ішлі праз вярхоўі Нёмана і раён Выганаўскіх балотаў. Верагодна, гэты шлях прывабліваў іх тым, што можна было не чакаць удару збоку, з сяброўскага Ноўгарадка (гэта ж, дарэчы, можна разглядаць і як ускоснае сведчанне падобных жа адносін Літвы з Менскім княствам). I не варта, як гэта зрабіў М. Ермаловіч, бачыць у гэтым доказ месцазнаходжання Літвы якраз у вярхоўях Нёмана. У падобную з пастку трапіў некалі А. Сабалеўскі, а за ім і В. Чаропка, якія на падставе аналагічных звестак аб смаленскім сектары літоўскіх набегаў прыйшлі да думкі аб лакалізацыі Літвы каля Таропца і Усвят. У абодвух выпадках справа ідзе толькі аб мяжы паміж сяброўскімі адносна Літвы княствамі (адпаведна Наваградскім і Віцебскім) і больш варожымі да яе.

Карацей кажучы, месца Наваградскага княства ў палітычным раскладзе першай трэці XIII ст. уяўляецца такім чынам: гэта было адно з даволі баяздольных перыферыйных княстваў, якое часам уступала ў саюз з паўднёвымі суседзямі, але мела спецыфічныя сувязі і з паўночным суседам - Літвою. Наўрад ці мелі наваградцы вялікую цікаўнасць як да агульнарускіх справаў, звязаных з барацьбою за Кіеў і супрацьдзеяннем полаўцам, так і да клопатаў Полаччыны, зарыентаванай на дзвінскі гандлёвы шлях і барацьбу з крыжакамі за кантроль над Латгаліяй.

Рашаючая змена палітычнай сітуацыі адбылася ў 1237 - 1240 гг., калі большасць княстваў Русі зведала жорсткую мангольскую навалу. На землях полаўцаў заваёўнікі ўтварылі сваю дзяржаву - Улус Джучы (пазнейшую Залатую Арду), на якую распаўсюдзілася прынесеная з усходу пляменная назва - татары. Дамогшыся ваеннай перамогі над Руссю, татары пачалі метадычна падпарадкоўваць свайму кантролю ўсе княствы, якія належалі розным галінам дынастыі Рурыкавічаў. Заўважым, што колькі б ні гаварылася ў апошні час пра адсутнасць агульнарускай дзяржаўнасці, для татар адзінства палітычнай сістэмы Русі не выклікала сумненняў. Захапіўшы Кіеў, Чарнігаў, Уладзімір-Залескі і іншыя важнейшыя цэнтры, яны лічылі сваімі падданымі і жыхароў тых зямель (Смаленшчыны, Вялікага Ноўгарада), куды іх войска не дабралася. Раней ці пазней татарская даніна распаўсюдзілася і туды.

Хаця Наваградчына, як і большасць іншых княстваў на тэрыторыі Беларусі, пазбегла ваеннага разбурэння, яе чакаў той самы лёс, і каб пазбегнуць яго, трэба было вынайсці нетрадыцыйнае рашэнне. Наступныя падзеі сведчаць, што такое рашэнне было знойдзена. Ім стаў выхад з палітычнай сістэмы Русі, заснаванай на ўяўленні аб дынастыі Рурыкавічаў як калектыўным уладальніку. Іншымі словамі, патрабавалася змена пануючай дынастыі, прытым такая, пры якой новы ўладар быў бы здольны падтрымаць гэтую рашучую змену курсу і ваеннаю сілаю.

Папярэднія сувязі з Літвою, напэўна, падрыхтавалі глебу. I вось недзе ў 1240-ыя гады ў Ноўгарадку з'яўляецца новы князь - Міндоўг. Цікава, што гэтая падзея засталася цалкам па-за ўвагай сучаснікаў. Калі аналагічны крок Полацка, дзе з'явіўся новы князь (напэўна, таксама літовец), які прыняў дзеля гэтага хрысціянскую веру, выклікала ў 1248 г. спецыяльны ліст рымскага папы Інакенція IV, то пра абставіны з'яўлення Міндоўга ў Ноўгарадку крыніцы, сучасныя падзеям, не пакінулі ніякіх звестак.

Праўда, складзены значна пазней, у XVII ст., Густынскі летапіс прыводзіць невядома адкуль узятае паведамленне, што ў 1246 г. "великнй князь литовскнй Миндовг прият веру христианскую от Востока со многими своими бояры..." Звесткі больш позніх крыніц, якія адсутнічаюць у папярэдніх, заўсёды выклікаюць падазрэнне ў гісторыкаў. Так і ў гэтым выпадку Іпацьеўскі летапіс, аўтар якога жыў у XIII ст., паведамляе пра больш позняе хрышчэнне Міндоўга ў каталіцтва і нават ведае, што гэтае хрышчэнне "льстиво бысть", і ўпотай ён працягваў маліцца паганскім багам. Між тым пра папярэдняе хрышчэнне Міндоўга ў праваслаўе гэты летапіс нічога не ведае. Сумніцельны і тытул "вялікі князь літоўскі", які надае Міндоўгу Густынскі летапіс,- гэты тытул пачаў ужывацца значна пазней. Карацей кажучы, гэтая звестка не пацвярджаецца іншымі крыніцамі і таму не выклікае даверу.

Яшчэ менш падстаў лічыць, як гэта часам робіцца, што Міндоўг нейкім чынам згубіў уладу ў Літве і ўцёк у Ноўгарадок, дзе яго абралі князем. Ніякіх доказаў таму няма, і адзіны аргумент - тое, што пазней аналагічная падзея адбылася з іншым літоўскім князем, Доўмантам, які ўцёк у Пскоў, стаў там князем і заставаўся ім больш за чвэрць стагоддзя. Але ж тое, што адбылося з Доўмантам, зусім не абавязкова павінна было здарыцца і з Міндоўгам.

Усё той жа Іпацьеўскі летапіс згадвае пра прыналежнасць Ноўгарадка Міндоўгу неяк раптоўна, без усялякіх тлумачэнняў. Запіс датаваны 1252 г., але храналогія гэтага летапісу вельмі недакладная, і больш верагодна, што ён тычыцца 1249 г. У гэты час Міндоўг безумоўна быў вярхоўным уладаром Літвы, дзе княжылі таксама сыны яго памёрлага брата - Таўцівіл і Эрдзівіл. Паводле версіі Іпацьеўскага летапісу, Міндоўг накіраваў пляменнікаў на захоп Смаленска "и рече, што хто приемлет - собе держит", а сам між тым "ворожбою бо за ворожьство с ними Литву зане (захапіў. - В. Н.), поимена бе вся земля Литовская и бещисленное имеине их, притрано бе богатство их, и посла на не вои свое, хотя убити я (іх. - В. Н.)". Пляменнікі, аднак, выратаваліся і ўцяклі на Валынь да князя Данілы Галіцкага, які прыняў іх бок і паслаў войска на Міндоўга. З таго, што гэтае войска пайшло на Ноўгарадок, а таксама на суседнія Ваўкавыск, Услонім (Слонім) і Здзітаў, вынікае, што ў той момант названыя гарады знаходзіліся пад уладай Міндоўга. Пазней у барацьбу з Міндоўгам уключыліся Лівонскі ордэн, жамойцкі князь Выкінт (дзядзька Таўцівіла па маці) і, пад прымусам, пінскія князі. У 1253 г., паводле летапісу (верагодней за ўсё, у 1252), валынскае войска ў другі раз "плениша всю землю Новгородскую".

Іпацьеўскі летапіс ствараўся на Валыні і адлюстроўвае адпаведны пункт гледжання. Калі ж глянуць на падзеі ў больш шырокім кантэксце, становіцца відавочным, што яны не зводзіліся да асабістага канфлікту паміж дзядзькам і пляменнікамі, у які чамусьці так ахвотна ўцягнулася столькі суседніх дзяржаваў. Справа была больш прынцыповая.

Мы не ведаем, ад каго зыходзіла непасрэдная ініцыятыва ў палітычным аб'яднанні Літвы і Наваградскага княства - ад Міндоўга ці ад наваградскага баярства. Аднак гэты крок быў на карысць абодвум бакам. Ноўгарадок, як адзначалася вышэй, набываў шанец ухіліцца ад значна больш цяжкага падпарадкавання Ардзе, Літва ж падвойвала свае сілы ў прадбачанні непазбежнага сутыкнення з крыжакамі, якія якраз у гэты час распачалі заваяванне суседніх балцкіх плямёнаў - прусаў, куршаў і земгалаў.

Натуральна, што ўзмацненне Літвы і адначасовае выслізгванне Ноўгарадка з палітычнай сістэмы Русі не выклікала энтузіязму ў суседзяў. Апошнім фактам быў асабліва незадаволены ўладар Галіцка-Валынскага княства Даніла, які якраз у гэты час рабіў спробу ўтварыць на рэштках старажытнарускіх княстваў сваю ўласную дзяржаву, якую спадзяваўся вывесці з-пад татарскай залежнасці. Узыходжанне Міндоўга ён, напэўна, успрыняў як страту сваёй патэнцыяльнай здабычы.

Таму вакол Міндоўга пачалі плесціся складаныя інтрыгі. Стаўка, напэўна, была зроблена на яго пляменніка Таўцівіла, менш схільнага да самастойнай палітыкі. Аднак Міндоўг, відавочна, здагадаўся пра здраду пляменніка і першым нанёс удар. Фактычна гэта прызнае і валынскі летапісец, калі апісвае візіт Таўцівіла да рыжскага архібіскупа: "...пискоуп и пребощь Виржан сожалишаси по нем, ведаху бо: аще Тевтивил не бы изгнан, Литовская земля в руку бе их".

Летапісец, аднак, не асабліва афішыруе той факт, што адпаведныя надзеі на Таўцівіла, толькі адносна не Літоўскай, а Наваградскай зямлі, ускладаў і Даніла Галіцкі. Гэта відавочна з таго, што на працягу наступных ваенных дзеянняў войска Данілы метадычна спрабуе захапіць гарады беларускага Панямоння, - менавіта іх, а не заступніцтва за пакрыўджанага Таўцівіла ён лічыць сваёй галоўнай мэтай.

Цікавая акалічнасць: у чыста ваенным сэнсе, калі верыць летапісцу, поспех спрыяе Данілу, аднак без усялякай для яго карысці. У першым паходзе яго войска "поимаше грады многы и звратишася в домы", у другім - "плениша всю землю Новогродскую, оттуда же возвратишася в дом свои". Пазней Даніла здзейсніць трэці, такі ж безвыніковы паход.

Нам думаецца, што рашаючую ролю ў такім ходзе падзей сыграла пазіцыя насельніцтва Наваградскай зямлі. Калі б яно разглядала Міндоўга як захопніка, а Данілу - як вызваліцеля, напэўна, і вынік быў бы іншы. Аднак наваградцы свядома зрабілі свой выбар на карысць Літвы і за поўную незалежнасць ад іншых прэтэндэнтаў на гегемонію. Час паказаў, наколькі прадбачлівым быў гэты выбар: праз некалькі год татары канчаткова зламалі супраціўленне Галіцка-Валынскага княства і навязалі яму сваё панаванне. Між тым з літоўска-беларускага сімбіёзу вырасла адна з буйнейшых і славутых у Еўропе дзяржаў - Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, якое праз стагоддзе ажыццявіла разам з Польшчаю падзел тэрыторыі былой дзяржавы Данілы Галіцкага.

Аднак у 1252 г. усё гэта было яшчэ далёка не вырашана. Маладая дзяржава Міндоўга знаходзілася ў моцных абцугах Галіцка-Валынскага княства, Жамойці і Лівоніі, сумесныя сілы якіх далёка пераўзыходзілі ўсё, што маглі ім супрацьставіць Літва і Ноўгарадок. I тады Міндоўг пайшоў на рызыкоўны, калі не сказаць адчайны, крок - на сепаратны мір з Лівоніяй, па ўмовах якога ён павінен быў прыняць хрышчэнне паводле каталіцкага абраду і садзейнічаць крыжакам у захопе Жамойці. Ход быў добра разлічаны. Крыжакі, для якіх хрышчэнне паганскіх народаў Прыбалтыкі было адзінай адкрытай мэтай іх экспансіі, не маглі адмовіць Літве ў хрышчэнні, на якое яна ішла быццам бы добраахвотна. Гэтым самым Лівонія з ворага ператварылася ў сябра і павінна была адмовіцца ад падтрымкі Таўцівіла. Жамойць жа з драпежніка імгненна ператваралася ў ахвяру. Праўда, у стратэгічным сэнсе гэта была вялікая страта, бо раней Жамойць падпарадкоўвалася літоўскай дынастыі, і дзеля часовага выйгрышу Міндоўг ахвяраваў доўгатэрміновымі інтарэсамі Літвы. Адначасова ён фактычна адмаўляўся на карысць папскай курыі ад свайго суверэнітэту.

Карацей кажучы, Міндоўг шмат што губляў, але захоўваў магчымасць утрымаць пад сваёй уладай Літву і Ноўгарадок. Магчыма, ён інтуітыўна адчуваў магутны патэнцыял гэтага саюза, які дазваляў у будучым кампенсаваць усе страты.

Архіў папскай курыі сведчыць, што перамовы аб хрышчэнні пачаліся яшчэ ў 1251 г. Літоўскія паслы знайшлі папу Інакенція IV у яго міланскай рэзідэнцыі (з Рыма яго выгналі паўсталыя гараджане), дзе ён і выдаў булу аб тым, што прымае "новае Літоўскае каралеўства да права і ўласнасці Святога Пятра" і накіроўвае ў Літву свайго легата для ажыццяўлення хрышчэння і каранацыі Міндоўга каралеўскаю каронаю. Хрышчэнне адбылося не пазней мая 1252 г., хутчэй за ўсё - у Кернаве, старажытнай сталіцы літоўскіх князёў. У жніўні было ўтворана Літоўскае біскупства. Да гэтага ж часу, напэўна, адбылася і каранацыя Міндоўга ў Ноўгарадку, пра якую згадвае дакумент з крыжацкага архіва ў Кёнігсбергу. Звестку пра каранацыю прыводзіць і Густынскі летапіс, таксама датуючы яе 1252 г.

Той факт, што Міндоўг атрымаў каралеўскую карону ў Ноўгарадку, вельмі часта лічыцца аргументам на карысць таго, што менавіта тут была яго сталіца. Нам здаецца, што дзеля гэтага няма важкіх падстаў. Сталіца дзяржавы зусім не абавязкова была месцам каранацыі. Так, той жа Даніла Галіцкі, які ў час падрыхтоўкі саюза з Рымам, накіраванага супраць татар, таксама атрымаў ад папы карону, каранаваўся ў Драгічыне, а не ва Уладзіміры Валынскім ці Галічы, прычым зрабіў гэта ў час паходу на яцвягаў. Нарэшце, сталіцу Міндоўг не аддаў бы ў якасці васальнага ўладання, як гэта адбылося з Ноўгарадком крыху пазней. Выбар гэтага горада месцам каранацыі, на нашу думку, быў наўмысна задзірлівай у ад носінах да Данілы акцыяй: маўляў, ты імкнешся захапіць Ноўгарадок, а ён мой, тут я атрымліваю карону і насельніцтва вітае мяне як свайго караля. Такім чынам, наваградская каранацыя з'явілася ўвасабленнем таго новага курсу, які абралі Літва і беларускае Панямонне.

Між тым Даніла пасля выхаду Лівонскага ордэна з вайны не адразу сцішыўся. Прыкладна ў 1254 г. ён зрабіў свой трэці паход "на Литву, на Новгородок". Аднак у гэты ж час ён уцягнуўся ў сумесную з мазавецкім князем Земавітам вайну супраць яцвягаў, а хутка затым адчуў на сваіх усходніх межах новы націск татараў. У такіх умовах Даніла палічыў за лепшае замірыцца з Міндоўгам на кампрамісных умовах: апошні перадаваў Ноўгарадок сыну Данілы Раману, які, аднак, лічыўся васалам Міндоўга. Мір быў замацаваны шлюбам дачкі Міндоўга з другім сынам Данілы Шварнам. Адбылося гэта каля 1255 г., а ў наступным годзе Раман Данілавіч на чале наваградскай дружыны быў пасланы Міндоўгам на дапамогу свайму бацьку ў паход на яцвягаў, яшчэ праз год - супраць татарскага ваяводы Курамсы.

Князь Раман быў у Ноўгарадку не толькі васалам Міндоўга, але ў пэўным сэнсе і яго заложнікам на выпадак варожых дзеянняў з боку Данілы. Гэтак жа і сына Міндоўга Войшалка, які пастрыгся ў манахі на Валыні, можна разглядаць як заложніка Данілы. Аднак Войшалк нейкім чынам дамогся, каб яго адпусцілі ў Ноўгарадок, у ваколіцах якога ён заснаваў Лаўрышаўскі манастыр.

Гэта аказалася вельмі дарэчы, бо хутка сітуацыя імкліва змянілася. У 1258 г. (Іпацьеўскі летапіс дае памылковую дату - 1260) на Валынь увайшло вялізнае татарскае войска на чале з ваяводам Бурундаем. Даніла вымушаны быў капітуляваць перад ім і паслаць свайго брата Васілька ў сумесны з татарамі паход на Літву. Гэта азначала разрыў пагаднення з Міндоўгам. У адказ Войшалк схапіў Рамана, які, напэўна, быў пасля гэтага забіты. Усе спробы Васілька, які разам з татарамі пустошыў Наваградскую зямлю, а затым і самога Данілы знайсці Рамана не прывялі да поспеху.

Між тым і сумесны татарска-валынскі паход не прывёў да адпадзення Ноўгарадка ад Літвы. Падпарадкаванне Галіцка-Валынскага княства Бурундаем яшчэ больш яскрава высветліла, што для памежных княстваў была толькі адна альтэрнатыва: саюз з Літвою альбо татарская няволя. Таму літоўская арыентацыя Ноўгарадка не змянілася і пасля забойства Міндоўга ў 1263 г. Наваградцы дапамагалі Войшалку, які дзеля гэтага часова скінуў манаскую расу, заняць пасад свайго бацькі: "Воишелк поиде с пиняны к Новогороду, и оттоле поя с собою новогородце и поиде в Литву княжить".

Праўда, хутка Войшалк адмовіўся ад пасады на карысць Шварна Данілавіча, свайго швагра, і вярнуўся ў манастыр. I Наваградская зямля, і Літва на пэўны час усё ж трапілі пад кантроль галіцка-валынскіх князёў. Аднак калі прыкладна ў 1270 г. пасля смерці Шварна ў Літве ўзяла верх антывалынская і антытатарская партыя на чале з князем Трайдзенам, наваградцы зноў рашуча падтрымалі яе, бо калі ў 1274 г. адбыўся вялікі паход ваяводы Ягурчына і шматлікіх залежных ад яго князёў на Літву, Ноўгарадок выступае як адзін з галоўных літоўскіх фарпостаў. Галіцкі князь Леў Данілавіч з дапамогай татараў узяў акольны горад, але наваградскі замак (тады яшчэ драўляны) выстаяў. Вораг вымушаны быў адысці. Тое ж адбылося і ў двух наступных татарска-валынскіх паходах - у 1276 і 1277 гг.

Такім чынам, у час панавання Трайдзена (1270 - 1282) літоўцы і жыхары беларускага Панямоння канчаткова адстаялі сваю незалежнасць ад татараў і іх паўднёварускіх сатэлітаў. Пазней яны гэтак жа сумесна супрацьстаялі крыжакам Тэўтонскага ордэна, набегі якіх з канца XIII ст. пачалі дасягаць беларускага Панямоння, а ў 1314 г. тэўтонцамі была ўчынена аблога Ноўгарадка. У баях гартавалася моц Літоўска-Беларускай дзяржавы - Вялікага княства Літоўскага, і не выпадкова, што Ноўгарадок стаў адным з галоўных палітычных цэнтраў гэтай дзяржавы.