У складзе Вялікага княства Літоўскага.

Пад уладай Гедымінавічаў (XIV - пачатак XVI ст.).

У XIV стагоддзі адбылося ўключэнне Лагойшчыны ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Хутчэй за ўсё, гэта адбылося пад час панавання вялікага князя Гедыміна (1316 - 1341), які падпарадкаваў нямала старажытнарускіх княстваў, у тым ліку Менскае. Апошні менскі князь Васіль упамінаецца ў 1323 г. як адзін з васалаў Гедыміна, які ўдзельнічаў у яго пасольстве ў Вялікі Ноўгарад. Пазней Менскае княства зрабілася непасрэдна часткай уладанняў Гедыміна і яго нашчадкаў. Верагодна, такім жа быў і лёс Лагожскага княства, калі яно ўвогуле яшчэ існавала як самастойная адзінка.

У канцы XIV стагоддзя Лагожаск быў цэнтрам асобнай воласці і напярэдадні 1387 г. належаў часткова літоўскаму князю ці баярыну Войшвілу, часткова - нейкаму Рыту. У гэтым годзе вялікі князь Ягайла Альгердавіч, які пасля Крэўскай уніі 1385 г. быў адначасова каралём Польшчы, перадаў значную частку ВКЛ свайму малодшаму брату Скіргайлу. Сярод валасцей і княстваў, якія пераходзілі пад кантроль апошняга, названы "також и Логожеск весь, и Рытова доля, люди и села, и земля и дань Рытова, и весь доход, також логозкая дань и люди и весь доход, што Воишвил держал", з агаворкай пра недатыкальнасць даходаў, папярэдне падараваных мясцоваму праваслаўнаму манастыру і царкве Іаана Прадцечы [8].

З гэтым упамінаннем Лагойшчына пасля доўгага перапынку вяртаецца на старонкі пісьмовай гісторыі. З жалаванай граматы Ягайлы мы можам даведацца не толькі пра існаванне ў Лагожску манастыра, але і пра сістэму адміністрацыйна-тэрытарыяльнага кіравання. Асноўным яе аб'ектам была воласць, якая ўтварала сабой даболі значны тэрытарыяльны абшар. Цэнтрам яе быў замак альбо ўмацаваны двор, куды сцякалася даніна з усіх, сёл, што ўваходзілі ў склад воласці. З іншых крыніц вядома, што гэтая даніна збіралася пераважна мёдам, хаця маглі быць і іншыя віды натуральных падаткаў (перш за ўсё збожжам), а таксама грашыма. У цэнтры воласці даніна магла падзяляцца на "долі", калі воласць знаходзілася ў падпарадкаванні дзвюўх ці больш асоб, як гэта было з Лагожскай воласцю ў канцы XIV стагоддзя. Разам з тым пэўныя землі альбо працэнт ад сабранай даніны ўнутры воласці маглі заставацца па-за юрысдыкцыяй яе ўладальніка, як гэта было з землямі і даходамі манастыра Іаана Прадцечы.

Воласці звычайна былі больш дробнымі адзінкамі, чым старажытныя ўдзельныя княствы. З пункту гледжання зручнасці кіравання кожнае княства падзялялася на некалькі валасцей. Мы можам меркаваць, што ў колішнім Лагожскім княстве такіх валасцей было не менш трох. Адной з іх была ўласна Лагожская, якая займала паўднёва-усходнюю чвэрць сучаснай тэрыторыі раёна і цягнулася далей на Смалявіччыну. Другой была Харэцкая воласць, назва якой неаднаразова сустракаецца ў крыніцах з канца XIV стагоддзя. Цэнтрам яе, магчыма, быў невялікі замак Камень-Харэцкі (сучасная вёска Камена), хаця ён неапсрэдна ўпамінаецца толькі з сярэдзіны XVI стагоддзя. Гэтая воласць ахоплівала паўночна-усходні ўскраек сучаснай Лагойшчыны, абапал верхняга і сярэдняга цячэння ракі Цны, і цягнулася далей у сучасныя Докшыцкі і Барысаўскі раёны, у вадазборы верхняй Бярэзіны. Цэнтрам трэцяй воласці была Гайна, якая ў тыя часы вядома пад назвай "Айна". Абшар гэтай воласці займаў заходнюю частку раёна, да левабярэжжа Дзвіносы і Віліі на поўначы. У далейшым мы прасочым, як у выніку вялікакняжацкіх пажалаванняў гэтыя воласці паступова раздрабніліся на асобныя феадальныя маёнткі.

Скіргайла нядоўга карыстаўся даходамі з Лагожскай воласці. У 1392 г. яго стрыечным брат Вітаўт Кейстутавіч пасля працяглай барацьбы дамогся, каб Ягайла перадаў яму ўладу над Вялікім княствам Літоўскім. Скіргайлу ж узамен было аддадзена Кіеўскае княства. Вітаўт спярша лічыўся намеснікам Ягайлы, але хутка яго падкантрольнасць польскаму каралю стала намінальнай, фактычна ж ён зрабіўся поўным гаспадаром ВКЛ. Лагойшчына перайшла ў лік непасрэдных вялікакняжацкіх уладанняў. Верагодна, Вітаўт прызначыў у Лагожаск, Айну і Камень-Харэцкі намеснікаў, але непасрэдных звестак пра гэта няма.

У сваёй палітыцы Вітаўт абапіраўся на каталіцкую царкву, якая пасля Крэўскай уніі зрабілася галоўнай дзяржаўнай царквой ВКЛ. У сталіцы ВКЛ Вільне было заснавана каталіцкае біскупства, якое кіравалася біскупам з дамапогай духоўнай рады - так званага капітула касцёла Св. Станіслава, ці, карацей, віленскага капітула. Каб забяспечыць дзейнасці біскупства і яго капітула, Вітаўт вызначыў ім дзясяціну (дзесятую частку даніны) з пэўных сваіх маёнткаў, а асобныя воласці і сёлы цалкам перадаў ва ўласнасць біскупства. У прыватнасці, сваім актам ад 2 лютага 1395 г. вялікі князь падараваў капітулу шэраг сёл, сярод якіх названы два сяла з падданымі на тэрыторыі сучаснай Лагойшчыны - Корань і Ганявічы [9]. Першае з іх, верагодна, было вылучана з Айненскай воласці, другое - з Лагожскай. Апрача таго, тым жа прывілеем Вітаўт надаў капітулу частку Харэцкай воласці з сялом Ваўча (у сучасным Докшыцкім раёне).

Такім чынам, Корань і Ганявічы з'яўляюцца першымі, апрача самога Лагожска, паселішчамі на тэрыторыі раёна, якія трапілі на старонкі дакументаў. У той час шчыльнасць насельніцтва была вельмі нізкай, таму да кожнага сяла адносіўся даволі вялікі зямельны абшар - каля 100 кв. км. Абодва абшары ў далейшым засталіся ўласнасцю віленскага капітула да канца XVIII стагоддзя.

Магчыма, яшчэ пры Вітаўце ў канцы XIV стагоддзя віленскаму капітулу быў пажалаваны таксама двор Трусавічы, да якога адносіліся падданыя ў Вепратах і некаторых іншых сёлах. Арыгінал дакумента аб гэтым наданні не захаваўся, яно прыгадваецца толькі ў больш познім прывілеі 1500 г., якім тагачасны вялікі князь Аляксандр пацвердзіў віленскаму капітулу ўладанні, нададзеныя Ягайлам, Вітаўтам і Жыгімонтам (малодшым братам Вітаўта, які быў вялікім князем з 1432 па 1440 г.). Сярод гэтых наданняў упамянуты і двор Трусавічы з сёламі Корань, Ганявічы, Вепраты, Плешчычы (зараз гэта - суседнія з Трусавічыамі Пляшчаны ў Вілейскім раёне) і інш. [10] На карысць капітула, аднак, былі пажалаваны толькі некаторыя сяляне з гэтых паселішчаў. Іншая іх частка, як будзе паказана, належала потым іншым уласнікам.

Наступнай па часе першага ўпамінання была Айна. Шэраг крыніц XV - XVI стагоддзяў паведамляюць, што яна была адным з першых 10 паселішчаў ВКЛ, у якіх Ягайла заснаваў касцёлы адразу пасля ўвядзення каталіцтва ў Літве ў 1386 г. Аднак польскі даследчык Ежы Ахманьскі высветліў, што заснаванне касцёла ў Айне адбылося крыху пазней [11]. Яшчэ ў 1397 г. ён не існаваў, бо ў гэтым годзе Вітаўт запісаў дзесяціну з Айны на карысць касцёла Св. Станіслава ў Вільне [12]. Гэты дакумент фіксуе першае непасрэднае ўпамінанне сённяшняй Гайны, да далейшай гісторыі якой мы вернемся крыху пазней.

У час панавання Вітаўта адбылося імклівае ўзвышэнне каталіцкіх паноў літоўскага паходжання, якія далі пачатак найбуйнейшым магнацкім родам ВКЛ. Іх продкі, літоўскія баяры часоў Альгерда і Кейстута, мелі толькі невялічкія маёнткі (двары), а асноўны даход атрымлівалі з валасцей, якія атрымлівалі ў намесніцтва. Пры Вітаўце такія баяры ўпершыню пачалі атрымліваць воласці не толькі ў часовае карыстанне, але ў поўную ўласнасць, што хутка зрабіла іх буйнымі землеўладальнікамі.

Першую ролю на мяжы XIV - XV стагоддзяў адыграваў пан Манівід (у хрышчэнні - Альберт ці, на польскі лад, Войцах) Кайлікінавіч, які быў віленскім намеснікам, а ў 1413 г. першым заняў новаўтвораную пасаду віленскага ваяводы. Сярод шматлікіх уладанняў, атрыманых ім у розныя часы ад Вітаўта, быў і шэраг паселішчаў са складу Лагожскай і Харэцкай валасцей. У 1407 г. вялікі князь пацвердзіў Войцаху Манівіду права валодання папярэдне нададзенымі яму сёламі, сярод якіх названы Гасцілавічы [13]. Разам з гэтым сялом, напэўна, Манівіду дастаўся значны кавалак зямлі ў паўднёва-ўсходняй частцы раёна, абапал ракі Гайны і ў яе міжрэччы з Цной, на тэрыторыі Лагожскай воласці. Іншыя пажалаваныя яму паселішчы знаходзіліся ў Харэцкай воласці - у сучасных Докшыцкім і Барысаўскім раёнах, у тым ліку Дамашкевічы і Дзедзелавічы недалёка ад мяжы Лагойшчыны і больш аддаленыя Беразіно, Докшыцы, Домжарычы, Мсціжы і інш. Напэўна, зямельны абшар, які адносіўся да гэтых сёл, часткова ахопліваў і тэрыторыю Лагойскага раёна ля вытокаў Цны.

Пасля смерці Манівіда ў 1424 г. гэтыя ўладанні перайшлі да яго сына Яна (Івашкі) Манівідавіча, які таксама быў буйным дзяржаўным дзеячом і незадоўга да смерці ў 1458 г. даслужыўся да вышэйшай пасады - віленскага ваяводы. Недзе паміж 1440 і 1447 гг. ён атрымаў ад новага вялікага князя Казіміра Ягайлавіча дадатковае наданне - 8 сялянскіх двароў "амлішаўцаў" (відавочна, жыхароў сяла Амнішава) і "даўгінаўцаў", якія былі прылучаны да "хорян" - манівідаўскіх падданых з Харэцкай воласці [14]. Пад "даўгінаўцамі", напэўна, трэба разумець людзей, што адносіліся да воласці Даўгінава ў сучасным Вілейскім раёне. Абшар гэтай воласці, як будзе паказана ніжэй, часткова ўдаваўся на поўнач тэрыторыі Лагойшчыны ўздоўж правага берага ракі Дзвіносы.

Прыкладна ў той жа час, на пачатку панавання Казіміра, прыгадваецца маёнтак Пуцілава. Запіс аб ім даволі сціслы: "Минце Чепуресовне вернено село Путилово, отца ее купля, а ей отец дал. А взял был Михайло Войшнарович без королева данья" [15]. Такім чынам, Пуцілава было прыватным маёнткам яшчэ, прынамсі, некалькімі гадамі раней, калі яно было куплена нейкім Чапурэсам (магчыма, гэта быў маршалак Вітаўта пан Станіслаў Чупурна, які прыгадваецца ў шэрагу дакументаў з 1396 па 1411 г.). Той завяшчаў яго дачке, але пасля яго смерці Вайшнаравіч без усялякага дазволу захапіў маёнтак, і спатрэбілася умяшанне вялікага князя, каб аднавіць справядлівасць.

Таксама на пачатку 1440-х гадоў нейкі пан Альгіш атрымаў са складу Лагожскай воласці сяло Амросава [16], назва якога пазней не сустракаецца. Альбо яно хутка потым знікла, альбо ў гэтым дакументце назва сказілася да непазнавальнасці. Магчыма, меліся на ўвазе Астрошыцы, якія крыху пазней прыгадваюцца ў пажалаванні вялікакняжацкаму маршалку пану Войтку як "село Острошичи што Ольгиш держал". Разам з гэтым сялом яму былі нададзены 2 сялянскіх сям'і "корговцы логожан" (падданых Лагожскай воласці ў сяле Коргава), а таксама 4 сям'і ў Гогаліцы (сучасная Галіца ў Мінскім раёне ля мяжы Лагойскага), якая адносілася ўжо да Менскага павета [17]. З гэтага вынікае, што ў той час мяжа Лагожскай і Менскай валасцей праходзіла паміж Галіцай і Астрошыцамі - прыблізна там, дзе і сёння праходзіць мяжа двух раёнаў.

Маршалак Войтка хутка затым памёр без нашчадкаў. Ужо ў 1448 г. мы сустракаем Астрошыцы ў руках іншага ўладальніка - пана Алехны Судзімонтавіча, які належаў да вузкага кола найбольш значных магнатаў ВКЛ. Варта адзначыць, што яго бацька Судзімонт Доргевіч быў стрыечным братам Радзівіла Осцікавіча - заснавальніка славутага рода Радзівілаў. Напэўна, менавіта Судзімонту былі перададзены Астрошыцы пасля Войткі. Алехна Судзімонтавіч, атрымаўшы хутка затым гэты маёнтак у спадчыну пасля смерці бацькі, заснаваў у ім касцёл, на карысць якога ахвяраваў дзесяціну з астрошыцкай збожжавай даніны, а таксама двух баброў у год і мядовую даніну са сваіх падданых у сучасных Смалявіцкім і Мінскім раёнах [18].

Пан Алехна Судзімонтавіч з 1477 па 1491 г. займаў вышэйшыя дзяржаўныя пасады - віленскага ваяводы і канцлера. Праз шлюб з сястрой апошняга Манівідавіча - Войцаха Івашкавіча - ён стаў спадчыннікам паловы яго вялізных уладанняў. Другая палова дасталася іншаму швагру - Мікалаю Радзівілавічу (родзічу Алехны), які быў жанаты з сястрой Ядвігі Соф'яй Манівідаўнай. Хаця акт падзелу спадчыны Манівідавічаў да нас не дайшоў, з пазнейшых звестак вынікае, што ў долю Алехны Судзімонтавіча ўвайшлі Гасцілавічы і Заазер'е ля самага Лагожска з зямельным абшарам уздоўж ракі Гайны і ў міжрэччы Гайны і Цны (там пазней узнік асобны маёнтак Гаць, цэнтр якога знаходіўся паміж сучаснымі вёскамі Швабаўка і Лагі), а са складу Харэцкай воласці - сяло Прусавічы ў вярхоўях Цны. У лік яго ўладанняў уваходзілі таксама і Вепраты на захадзе Лагойшчыны, якія разам з суседнім Лукаўцом (у Вілейскім раёне) пазней упамінаюцца сярод яго спадчыны.

Тады ж у долю мужа Соф'і Манівідаўны Мікалая Радзівілавіча (дарэчы, пераемніка Алехны Судзімонтавіча на пасадах віленскага ваяводы і канцлера) трапілі абшары Харэцкай воласці паміж Цной і Бярэзінай (з Дамашкевічамі, Дзедзелавічамі, Мсціжам, Зембінам) і, напэўна, Амнішава разам з "людзям даўгінаўцамі", якіх некалі атрымаў у дадатак да "хорян" Івашка Манівідавіч, а таксама невялікія абшары ва ўласна Лагожскай воласці. Гэтыя ўладанні потым заставаліся ў руках Радзівілаў да сярэдзіны XVI стагоддзя.

Тая частка манівідаўскай спадчыны, што дасталася Алехну Судзімонтавічу, пасля яго смерці ў 1491 г. зноў паспытала падзел. Паколькі ў яго не было сыноў, гэтыя ўладанні былі падзелены паміж дзвюма з трох яго дачок. Гасцілавічы атрымала Ядвіга Алехнаўна, а яе сястры Соф'і дасталіся Вепраты і Заазер'е, якое ўпершыню непасрэдна ўпамінаецца ў завяшчанні Алехны ў 1490 г. на карысць Соф'і і яе мужа - князя Аляксандра Гальшанскага [19]. Харэцкая воласць, у тым ліку Прусавічы, была падзелена паміж абодвума маёнткамі такім чынам, што частка даніны з яе прыходзілася ўладальніцы Заазер'я Соф'і, а частка - уладальніцы Гасцілавіч Ядвізе, якая была жонкай спярша пана Станіслава Барташавіча Монтаўта, а потым - пана Станіслава Янавіча Кезгайлы. Права на яе долю лагожскай спадчыны потым перайшло на яе дачку ад шлюбу з Монтаўтам Ганну, выдадзеную за Яна Глябовіча, пра што будзе расказана крыху ніжэй.

Трэцяя дачка Алехны Судзімонтавіча, Аляксандра, выйшла за польскага магната Мікалая Тэнчынскага. Ёй дасталіся ў спадчыну Астрошыцы. Аднак пасля шлюбу яна перайшла ў польскае падданства і таму не мела права валодаць маёнткамі ў ВКЛ. Таму Аляксандра разам з мужам у 1492 г. прадала Астрошыцы сястры Ядвізе, на той час жонцы Станіслава Кезгайлы. У далейшым гэты маёнтак належаў панам Кезгайлам да згасання іх рода ў сярэдзіне XVI стагоддзя [20].

На XV стагоддзе прыпадае першае ўпамінанне яшчэ аднаго паселішча Лагойшчыны - Далькавіч. Яно належала князю Аляксандру Юр'евічу Гальшанскаму, прадстаўніку старажытнага рода літоўскіх удзельных князёў, які, дарэчы, быў зяцем Алехны Судзімонтавіча і пазней унаследаваў частку яго вотчын. Аднак Далькавічы належалі яму яшчэ пры жыцці пана Алехны. Якім чынам гэтае сяло трапіла да князя Гальшанскага, невядома. Ён прыгадвае яго ў завяшчанні, якое склаў на выпадак сваёй смерці пад час небяспечнай дыпламатычнай паездкі ў 1473 г. [21] Крыху пазней, у 1476 г. ён заснаваў у сваім маёнтку Лебедзева (каля Маладзечна) касцёл, на які ахвяраваў дзесяціну з шэрагу маёнткаў, у тым ліку з Далькавіч [22].

Пра маёнтак Камень-Харэцкі непасрэдных звестак у гэты час няма, але яго лёс прасочваецца паводле больш позняй судовай справы, якая адбывалася ў 1556 г. [23] З яе вынікае, што ўласнікам гэтага маёнтка прыкладна ў сярэдзіне XV стагоддзя быў баярын Вадзімон (мяркуючы з імя - літоўскага паходжання), які пакінуў трох сыноў: Карэйву, Івашку Вошкеля і Марціна Воўчку. Яны, а затым іх нашчадкі, засталіся ў далейшым саўладальнікамі Каменя-Харэцкага на працягу прыкладна стагоддзя.

Што тычыцца Айны, то ў ёй не пазней смерці Вітаўта (1430 г.) быў заснаваны касцёл, фундацыю якога пазнейшая традыцыя прыпісала Ягайлу. На карысць касцёла было запісана са складу Айненскай воласці сяло Кацалі, якое затым заставалася яго ўласнасцю на працягу многіх стагоддзяў [24]. Асноўная ж частка воласці таксама яшчэ пры Вітаўце, недзе ў 1420-я гады, была пажалавана аднаму са шматлікіх князёў Гедымінавічаў - Андрэю, сыну Ўладзіміра Альгердавіча. Пра тое, што князь Андрэй атрымаў Айну ад Вітаўта, прыгадваецца ў больш познім дакуменце [25]. Пазней яму ж дастаўся і Лагожаск, які разам з Айнай названы сярод яго ўладанняў у 1446 г. [26] У руках яго тады апынуліся ўсе рэшткі колішняга Лагожскага княства, якія яшчэ заставаіся вялікакняжацкай уласнасцю.

Князь Андрэй Уладзіміравіч як стрыечны брат вялікага князя Казіміра займаў вельмі высокае становішча ў дзяржаве, хаця ў адрозненне ад старшых братоў Аляксандра (Алелькі) Кіеўскага і Івана Бельскага не меў статуса ўдзельнага князя. Яго ўладанні, раскіданыя па розных канцах Вялікага княства, фактычна мелі статус такіх жа прыватных вотчын, як маёнткі Манівідавічаў, Судзімонтавічаў і іншых паноў. У алрозненне ад іх князь Андрэй быў праваслаўным, што фармальна абмяжоўвала яго правы, бо галоўнай дзяржаўнай рэлігіяй пасля Крэўскай уніі лічылася каталіцтва. Аднак дзякуючы знатнаму паходжанню ён уваходзіў у склад Рады ВКЛ і карыстаўся вялікім уплывам. Ён памёр у 1457 г., а хутка затым памёр і яго адзіны сын Глеб, пасля чаго спадчыніцай большасці ўладанняў засталася дачка Аўдоцця, якая была жонкай пана Івана Рагацінскага. Вялікі князь, аднак, дазволіў ёй атрымаць толькі Айну, а Лагожаск (з рэшткамі Харэцкай воласці) нанова пажалаваў каля 1460 г. іншаму Гедымінавічу - князю Аляксандру Васільевічу Чартарыйскаму (Чартарыжскаму) [27].

Маёнтак Айна ў выніку канчаткова адасобіўся ад Лагожска. У князёўны Аўдоцці ад шлюбу з Іванам Рагацінскім засталася дачка Фядора, да якой і перайшла спадчына дзеда. Недзе ў 1470-я гады яна выйшла за князя Івана Сямёнавіча Кобрынскага (дарэчы, яе аддаленага родзіча, таксама Гедымінавіча). Аднак стрыечны дзядзька Фядоры, князь Сямён Іванавіч Бельскі, у 1484 г. раптоўна ўспомніў, што з'яўляецца бліжэйшым родзічам (пляменнікам) князя Андрэя па мужчынскай лініі. Ён выказаў прэтэнзіі да спадчыны апошняга, аднак вялікі князь Казімір пасля разгляду справы пакінуў Айну і іншыя маёнткі ў руках Фядоры і яе мужа як прамых правапераемнікаў [28].

У Фядоры не было дзяцей. Перажыўшы мужа, памёршага ў 1491 г., яна да дзедавай спадчыны далучыла вялікае Кобрынскае княства, якое засталося за ёй паводле мужніна завяшчання ў пажыццёвае карыстанне. Пасля гэтага яна яшчэ двойчы аднаўляла шлюб: у 1492 г. выйшла за ўдовага літоўскага пана Юрыя Паца, а пасля яго смерці ў 1508 г. прыняла каталіцтва пад іменем Соф'і і выйшла за старога і таксама двойчы ўдовага віленскага ваяводу Мікалая Радзівілавіча (таго самага, што папярэдне быў жанаты з дачкой Івашкі Манівідавіча), які ў наступным годзе памёр. Фядора-Соф'я пасля гэтага працягвала валодаць Айнай і іншымі маёнткамі да сваёй смерці ў 1512 г., пасля чаго яе ўладанні як вымарачныя адышлі да вялікага князя.

Новы ўладальнік Лагожска Аляксандр Чартарыйскі, унук колішняга ўдзельнага князя Канстанціна Альгердавіча Чарнігаўскага, папярэдне доўгі час жыў у эміграцыі, бо ў 1440 г. арганізаваў забойства вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча (брата Вітаўта). Якраз у 1460 г. ён атрымаў амністыю ад вялікага князя Казіміра і вярнуўся ў ВКЛ. Лагожаск быў адным з маёнткаў, нададзеных яму, каб замацаваць прымірэнне. Але і гэты князь не атрымаў статуса ўдзельнага, таму Лагожскі маёнтак па-ранейшаму лічыўся звычайнай вотчынай.

Аляксандр Чартарыйскі памёр недзе ў канцы 1470-х гадоў (яго апошняе ўпамінанне даутецца 1477 г.). Ад позняга шлюбу, заключанага, напэўна, пасля вяртання ў ВКЛ, у яго засталіся юны сын Сямён і дачка Аўдоцця, якая выйшла за знатнага ўцекача з Маскоўскай дзяржавы, удзельнага князя Андрэя Мажайскага. У князя Чартарыйскага была яшчэ дачка, выдадзеная за князя Івана Шаховіча з роду смаленскіх князёў (родапачынальніка князёў Саламярэцкіх), але яе імя ў крыніцах, што дайшлі да нас, не захавалася. Напэўна, яна памёрла рана.

Лагожаск перайшоў у спадчыну да Сямёна Чартарыйскага, які валодаў ім вельмі доўга, да сваёй смерці ў 1524 г. Яго сястра Аўдоцця Мажайская паводле звычаяў таго часу мела права не на частку зямельнай спадчыны (яна пры наяўнасці сыноў мусіла пераходзіць па мужчынскай лініі), а на грашовы пасаг. Але, пры адсутнасці наяўных грошаў, пад забеспячэнне такога пасагу маглі быць прызначаны пэўныя сёлы. Пры такіх умовах завяшчання дачка ці ўдава атрымлівала права карыстацца даходам з запісанай ёй часткі маёнтка да той пары, пакуль спадчыннікі па мужчынскай лініі не выплацяць ёй суму пасагу. Хаця завяшчанне Аляксандра Чартарыйскага да нас не дайшло, вельмі падобна, што яно было зроблена якраз на такіх умовах, і Аўдоцця мела права на карыстанне часткай Лагожскай вотчыны да выплаты грошаў. Гэтыя грошы, здаецца, так і не былі выплачаны яе братам, таму яна мела долю ў Лагожскім маёнтку да канца жыцця.

Аўдоцця рана аўдавела (яе муж Андрэй Мажайскі памёр у 1487 г., калі ёй было каля 30 гадоў), пасля чаго больш замуж не выходзіла, да глыбокай старасці застаючыся ўдавой. Аднак большасць удзелаў яе нябожчыка-мужа вялікі князь перадаў іншым асобам, а княгіні Аўдоцці дазволіў пажыццёва валодаць толькі майнткам Свержань на Нёмане, які муж вызначыў ёй у якасці вена. На пачатку панавання новага вялікага князя Аляксандра (недзе пасля 1492 г.) Аўдоцця атрымала прывілей, з якога вынікае, што той пазбавіў яе Свержаня, запісанага ёй мужам, але ўзамен замацаваў за ёй пажыццёва шэраг сёл - напэўна, з ліку папярэдне запісаных ёй бацькам на пасаг. Срод іх упершыню названы Плешчаніцы, а таксама Калодзезі і Мглінічы (Мгле) у сучасным Смалявіцкім, Домжарычы, Будзінічы ў Барысаўскім і Камянец у Мінскім раёнах [29].

Пад час жыцця Сямёна Чартарыйскага ад Лагожска адасобіўся невялікі маёнтак Сялец, які ён прадаў у 1493 г. вялікакняжацкаму пісару Івашку Яцкавічу Ўладыку [30]. У 1496 г. князь Сямён атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей, якім пацвярджалася яго спадчыннае права на Лагожаск і іншыя вотчыны, уключаючы "тые села, што к Логожку слушают, и што бояре логожские держат, ... оприче того имения, што Илья а Гринко Солтановичи держат, и што отец их выслужил на его отце князе Александре, и мы с тым их именем на себе выняли". Такім чынам, сыны лагожскага баярына Солтана, які служыў Аляксандру Чартарыйскаму, перайшлі на службу непасрэдна да вялікага князя, які захаваў за імі маёнткі, раней вылучаныя з Лагожскай вотчыны, канчаткова вывеўшы іх з пад юрысдыкцыі князя Сямёна (назвы іх не ўпамінаюцца, але пазней там паўстане двор Луцаўшчына). Аговароны ў прывілеі "також люди Логожского повета, на имя Колодязи и Новый Дворец, што есмо сестре его княгини Овдоти дали держати до живота ее, а по ее животе абыхмо то за ся ему привернули к его имению Логозку". Гэтым вялікі князь пацвердзіў, што Аўдоцця карыстаецца часткай Лагожскай вотчыны толькі пажыццёва, пасля яе смерці гэтая частка павінна вярнуцца да ўласніка Лагожска [31]. У склад гэтай часткі ўваходзіў нейкі невялікі двор пад назвай Новы Дворац, месцазнаходжанне якога невядома. Магчыма, меліся на ўвазе Плешчаніцы.

З больш позніх звестак вынікае, што ў Лагожскай воласці былі таксама зямельныя абшары, нададзеныя служылым татарам. Пачынаючы з часоў Вітаўта, выхадцы з Залатой Арды, а потым з Крымскага ханства неаднаразова перасяляліся ў ВКЛ і пераходзілі на службу да вялікіх князёў літоўскіх. Ім надаваліся маёнткі з падданымі, за права валодаць якімі яны абавязаны былі выконваць вайсковую службу ў асобных татарскіх харугвах. На Лагойшчыне абшар татарскіх уладанняў знаходдзіўся ў вялікай пушчы абапал дарогі з Лагожска на Плешчаніцы, з падданымі ў сёлах Ніўкі, Хатынь, Губы (Губа) і Славагашча (Слагавішча). У сярэдзіне XVI стагоддзя з дазволу вялікага князя татары прадалі гэтыя маёнткі, пра што будзе расказана далей. Калі ж яны атрымалі іх - дакладна невядома, але можна меркаваць, што гэта адбылося ў час, калі Лагожская воласць знаходзілася пад непасрэдным кантролем вялікага князя - альбо пасля смерці Андрэя Ўладзіміравіча і напярэдадні перадачы Лагожска князю Чартарыжскаму (гэта значыць - паміж 1457 і 1460 гг.), альбо яшчэ раней, пры Вітаўце.

Апошняе здаецца больш верагодным, бо татарскія ўладанні знаходзіліся якраз прамеж двух абшараў, нададзеных у канцы XIV стагоддзя Вітаўтам віленскаму капітулу - паміж землямі сёл Корань і Ганявічы. Дарэчы, да нас дайшоў адзін цікавы дакумент, які тычыцца сяла Ганявічы і яго старажытнай сувязі з Лагожскам. У лютым 1516 г. праваслаўны мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Іосіф Солтан падаў скаргу вялікаму князю Жыгімонту на канонікаў віленскага капітула за тое, што яны незаконна карыстаюцца даходам з той часткі сяла Ганявічы, што належыць яму ў якасці спадчыны пасля брата, Міхаіла Солтана. Мітрапаліт сцвярджаў, што дзве сям'і ("службы") у Ганявічах, Аўсеявічы і Ахрамеявічы, а таксама апусцелыя "земли служебные, где сидели Петр с братьею, литва" адносіліся да Лагожска, калі той яшчэ пры Вітаўце належаў князю Алельку Уладзіміравічу, а затым яго брату Андрэю. (Дарэчы, у гэтым дакуменце змяшчаецца цікавая звестка аб тым, што перад Андрэям Уладзіміравічам Лагожаск належаў яго старшаму брату Алельку, якому быў нададзены Вітаўтам). Потым гэтыя службы ўвайшлі ў склад таго надзела, які быў нададзены князем Аляксандрам Чартарыйскім баярыну Солтану, а затым пацверджаны Міхалу Солтанавічу Сямёнам Чартарыйскім.

Канонікі ў сваю чаргу тлумачылі, што ніякай лагожскай долі ў маёнтку, нададзеным ім Вітаўтам, не было. Паводле іх версіі, капітульныя падданыя з Ганявіч "выступ учинили" і перайшлі ў суседні маёнтак, які належаў брату мітрапаліта. Той пасяліў іх на самай мяжы з Ганявічамі. Пазней, калі маёнтак ужо перайшоў у спадчыну да Іосіфа, яго падданыя самавольна парушылі мяжу і прыхапілі капітульныя землі, на якіх і пасяліліся згаданыя "Пётр с братью".

Каб высветліць справу, былі апытаны сведкі, якія паказалі, што "з села Ганевицкого на костел Святого Станислава здавна дани давали 8 ушатков и 4 пуда меду, а 2 человека Овдеевичи и Охромеевичи к Логожску 2 ушатка и 2 пуда давали". Былі прадстаўлены таксама прывілей Вітаўта на карысць віленскага капітула і прывілей Сямёна Чартарыйскага на карысць Міхала Солтанавіча, у якіх агаворвалася даніна ганявіцкіх падданых. Вялікі князь Жыгімонт прыйшоў да высновы, што мітрапаліт Іосіф сапраўды мае права на пятую частку мядовай даніны, якая ідзе з Ганявіч, але не на паляўнічыя ўгоддзі ("ловы") і не на ворыўныя землі, якія цалкам павінны заставацца ва ўласнасці капітула [32].

Асноўная частка даніны з Ганявіч, як і з іншых капітульных маёнткаў, ішла на забеспячэнне сябраў капітула - канонікаў віленскага касцёла Св. Станіслава. На пачатку XVI стагоддзя капітул складаўся з адзінаццаці асоб. За кожным з іх была замацавана пэўная частка ўладанняў. Захаваўся акт падзелу маёнткаў паміж каннонікамі ў кастрычніку 1518 г., калі Ганявічы былі замацаваны за Авіньёнам Іспанам (відавочна, выхадцам з далёкай Іспаніі), Трусавічы з сёламі Плешчыцы, Рымшычы, Вепраты і Цімкавічы (на стыку сучасных Лагойскага і Вілейскага раёнаў) - сумесна за дэканам Міхайлам Вежгайлам і Войцахам Разанам. Сялы Корань і Чэраховічы (верагодна, пазнейшыя Церахі) дасталіся таксама сумесна канонікам Жукоўскаму і Веляжынскаму [33]. Такі звычай замацавання за канонікамі пэўных маёнткаў захаваўся і ў далейшым.

Фарміраванне шляхецкага землеўладання (І палова - сярэдзіна XVI ст.).

Пачатак XVI стагоддзя быў даволі складаным перыядам у жыцці ВКЛ. Да гэтага часу набрала моц суседняя Маскоўская дзяржава. Яна абвясціла сябе правапераемніцай Кіеўскай Русі і распачала барацьбу за далучэнне ўсіх старажытнарускіх зямель, у тым ліку і тых, што ўжо больш стагоддзя знаходзіліся ў складзе ВКЛ. Памежныя войны з Масквой зрабіліся трывалым фактарам знешняй палітыкі ВКЛ і патрабавалі ад яго вялікіх намаганняў.

Адначасова ў прычарнаморскіх стэпах, дзе пасля распаду Залатой Арды ўтварыліся дробныя татарскія ханствы, узмацнілася дынастыя Гірэяў. Яна ўтварыла моцнае Крымскае ханства, якое часта дзейнічала ў саюзе з Масквой супраць ВКЛ. Часам татары самастойна ажыццяўлялі драпежніцкія рэйды далёка на поўнач. Бадай што найбольш разбуральным быў паход царэвіча Махмет-Гірэя (сына хана Менглі-Гірэя) у 1505 г., калі татарскае войска прайшло скрозь усю Беларусь, дасягнуўшы ваколіц Наваградка, Вільна, Полацка і Віцебска. У ходзе гэтага набегу быў спалены і Лагожаск, а яго насельніцтва выразана ці захоплена ў палон. Трапілі ў татарскую няволю і сыны князя Сямёна Чартарыйскага, прычым назад яны, здаецца, ужо не вярнуліся. Пад час пажару ў Лагожскім замку згарэлі ўсе прывілеі на права валодання маёнткам, у сувязі з чым у канцы таго ж года вялікі князь па просьбе Чартарыйскага выдаў яму паўторны прывілей на Лагожаск [34].

Пасля гэтага бедства насталі іншыя. У 1514 г. маскоўскае войска захапіла Смаленск. Праўда, у жніўні таго ж года сумеснае войска ВКЛ і Польшчы ў бітве пад Оршай нанесла масквічам паражэнне і спыніла іх далейшы рух на захад. Існуе паданне, што целы загінуўшых у гэтай бітве беларуска-літоўскіх воінаў былі прывезены ў Айну (якая пасля смерці княгіні Фядоры Рагацінскай стала вялікакняжацкім маёнткам) і пахаваны ля касцёла. Цяжка сказаць, у якой ступені гэтае паданне мае рэальны падмурак. Незразумела, чаму загінуўшых везлі ў летнюю пару так далёка, каб захаваць у брацкай магіле. Гэта прасцей было зрабіць на месцы бітвы. Калі ж ужо іх прывезлі з-пад Оршы ў цэнтральную частку дзяржавы, то можна было пахаваць кожнага на яго радзіме, а не ўсіх разам.

Перамога пад Оршай не спыніла маскоўскай агрэсіі, і ваенныя дзеянні на Полаччыне і Віцебшчыне працягваліся да 1522 г. Пад час гэтай вайны ў 1519 г. рускае войска прайшло спусташальным рэйдам праз Лагожаск, Краснае і Маладзечна ў бок Вільна [35]. Напэўна, гэты рэйд зноў прынёс вялікія разбурэнні на землю Лагойшчыны, якая яшчэ не паспела ачуняць пасля татарскай навалы.

Уласнік Лагожска князь Чартарыйскі, страціўшы ў выніку татарскага набегу сыноў, падзяліў перад смерцю ў 1524 г. свае маёнткі паміж дзвюма дачкамі. З іх Соф'я была жонкай пана Федкі Гневашэвіча, а Аляксандра, паспеўшы рана аўдавець пасля першага шлюбу з Барысам Абразцовым, у 1517 г. выйшла паўторна за кіеўскага баярына Васіля Цішкевіча - пачынальніка славутага рода, прозвішча якога ў далейшым замацавалася ў паланізаванай форме "Тышкевіч".

Частка Лагожскага маёнтка з сялом Плешчаніцы і часткай Харэцкай воласці на той час усё яшчэ заставалася ў пажыццёвым карыстанні сястры Сямёна, княгіні Аўдоцці Мажайскай. У наступным 1525 г. было дасягнута пагадненне, што ў выпадку смерці Аўдоцці яе маёнтак падлягае падзелу на тры часткі. Дзве з іх (з сялом Калодзезі на Смалявіччыне) павінны былі адысці да князёвен Чартарыйскіх і іх мужоў, трэцяя ж, з Плешчаніцамі, мусіла дастацца іншаму пляменніку Аўдоцці - князю Васілю Іванавічу Шаховічу-Саламярэцкаму, які быў сынам яе рана памёршай сястры. [36] Гэтае пагадненне было выканана пасля смерці Аўдоцці Мажайскай, каля 1530 г.

Тым часам Соф'я Чартарыйская, не маючы дзяцей ад шлюбу з Гневашэвічам, у 1528 г. прадала швагру Васілю Цішкевічу сваю палову бацькоўскай спадчыны [37]. У сваю чаргу яе сястра Аляксандра, жонка Цішкевіча, у 1531 г. таксама саступіла мужу сваё спадчыннае права на Лагожаск, але на пэўных умовах. Паводле старадаўняга звычаю, заканадаўча замацаванага ў прынятым незадоўга да таго Статуце 1528 г., спадчыннік меў права адвольна распараджацца трэцяй часткай родавага маёнтка - дарыць, завяшчаць альбо прадаваць, каму пажадае. Астатнія ж дзве трэці павінны былі абавязкова адысці ў спадчыну да дзяцей альбо іншых законных нашчадкаў. Таму князёўна Чартарыйская мела права перадаць мужу трэць Лагожска ў поўнае і неабмежаванае валоданне, астатнія ж дзве трэці - толькі з правам часовага карыстання, бо спадчыннае права на іх мусіла адысці да яе дзяцей ад шлюбу з Цішкевічам, але не да яго самога.

Муж яе, аднак, прагнуў атрымаць поўны кантроль над маёнткам, таму быў знойдзены спосаб часткова абысці закон: жонка аформіла свой дар як заклад пад грашовую суму ў 2200 коп грошаў (капа - лічбавая адзінка ў 60 грошаў). Гэта азначала, што фактычна Цішкевіч мог адвольна распараджацца і астатнімі двума трэцямі, але ў выпадку, калі б ён перадаў іх камусці апрача дзяцей, тыя мелі права ў любы момант выкупіць належачую ім долю за азначаную суму. Гэтае права на выкуп пераходзіла да іх у спадчыну замест рэальнага маёнтка.

Пазней у завяшчанні Васіля Цішкевіча, складзеным у 1567 г., прыгадваецца, што ад жонкі і яе сястры яму дасталася абедзве часткі "городища Логойск" (рэшткі спаленага татарамі ўмацавання), дзе ён неўзабаве "замок есми збудовал и церков светого Богоявления в нем пределы, и сельца и люди к той церкви Божой покуповал". У склад жончынай часткі ўваходзілі таксама даннікі з аддаленых сёл, у сучасных Докшыцкім і Барысаўскім раёнах - "з будиницких людей, з домжырыцких и с осечыских, з села Волчъи, з Броду...", якія першапачаткова, напэўна, утваралі долю князёў Чартарыйскіх у Харэцкай воласці [38].

Цікава, што ў выніку папярэдніх раздач ад уласна Лагожскай воласці на момант яе пераходу да Васіля Цішкевіча практычна нічога не засталося. Яму дастаўся толькі двор Медухава, пазней падараваны ім "служэбніку" (слузе) Гараіну Доманту, а таксама палова спадчыны Аўдоцці Мажайскай у маёнтку Калодзезі з сялом Мгле, землі якіх ляжалі на стыку Лагойскага і Смалявіцкага раёнаў. На гэтых землях пазней (напэўна, ужо ў XVII стагоддзі) узнікла сяло Косіна. Пакуль што ў завяшчанні Цішкевіча ўпамянуты толькі "люди теж Мглинские с озером Мглем и Бринеем, кроме уступ с Колодезей пани Федоровое части в тые озера с сетьми". Там жа ён прыгадвае, што долю Калодзезкага маёнтка, належачую пані Фёдаравай Гневашэвіча, ён закупіў у яе пад заклад 400 коп грошаў, "одно ж тепер двора в тых Колодезех нет, бо я его зрушыл".

Усе навакольныя землі належалі іншым уласнікам. Непасрэдна з усходу і поўдня да Лагожскага замка прымыкалі землі маёнткаў Гасцілавічы і Заазер'е, некалі належаўшыя Войцаху Манівіду, а затым перайшоўшыя ў спадчыну да Алехны Судзімонтавіча і яго нашчадкаў. У паўднёва-заходнім накірунку адразу за Медуховам пачыналіся землі маёнтка Астрошыцы, пасля таго ж Алехны належачыя панам Кезгайлам. На захадзе знаходзіўся невялікі маёнтак Сялец, некалі прададзены князем Чартарыйскім пісару Ўладыку. На паўночным захадзе, вышэй па цячэнні Гайны, знаходзілася сяло, якое ў акце размежавання лагожскіх зямель з землямі віленскага капітула ў 1566 г. названа Дабрэневам Кезгайлаўскім [39]. Магчыма, яно ўваходзіла некалі ў склад Астрошыцкага маёнтка паноў Кезгайлаў. Нарэшце, на поўначы знаходзіліся землі, нададзеныя баярам Солтанам, а затым перайшоўшыя ў спадчыну да дачкі Грынькі Солтанавіча Ганны. Яе першым мужам быў князь Васіль Іванавіч Пузына, а другім - Юхна Ваньковіч. У 1538 г. гэты Юхна атрымаў ад вялікага князя пацверджанне на селішча і сенажаць пад Лагожскам, раней належачыя яго цесцю [40]. Побач пачыналіся землі татар, якія ішлі доўгім пасам на поўнач - ад Ніўя на Слагавічша, Губу і Хатынь. Да іх з усходу прылагалі землі капітульнага маёнтка Ганявічы.

Васіль Цішкевіч быў чалавекам неардынарным. Ён пачынаў сваю кар'еру на пачатку XVI стагоддзя як адзін з пяці сыноў праваслаўнага кіеўскага баярына Цішкі Каленікавіча. Ад бацькі яму дасталася частка замка Слабадшчына з Бярдзічавам і іншымі сёламі ў Оўруцкім павеце на Ўкраіне, некалі пажалаванага яго дзеду Каленіку Мішкавічу вялікім князем Свідрыгайлам у 1430-я гады. Звычайна такая стартавая пазіцыя не дазваляла разлічваць на вялікія поспехі ў дзяржаве, дзе вядучыя ролі традыцыйна належалі каталіцкім панам літоўскага паходжання і князям Гедымінавічам. Ужо шлюб з дачкой і спадчынніцай князя Чартарыйскага быў для Васіля выдатным дасягненнем, якое ён здолеў развіць і замацаваць.

У 1546 г. Васіль Цішкевіч атрымаў прызначэнне на важную пасаду гаспадарскага (вялікакняжацкага) маршалка, што азначала яго ўваходжанне ў склад вышэйшай палітычнай эліты. Адначасова ён стаў менскім старастам, што дало яму магчымасць кантраляваць даходы такога важнага гандлёва-рамесніцкага цэнтра, як горад Менск. Другой істотнай крыніцай даходаў стала мястэчка Лагожаск, якое пачало ў яго руках паступова адраджацца на хвалі агульнага гаспадарчага ўздыму, які назіраўся ў ВКЛ з другой чвэрці XVI стагоддзя. Невыпадкова, мабыць, Цішкевіч так настойліва дамагаўся поўнага кантролю над гэтым мястэчкам яшчэ тады, калі яно ляжала ў руінах.

Рост фінансавага дабрабыту Цішкевіча дазволіў яму перайсці да наступнага этапу сваёй гаспадарчай дзейнасці - набыцця навакольнах зямель. У прыватнасці, ён набыў у Юхны Ваньковіча Луцаўскі дварэц, заснаваны тым на селішчы пад Лагожскам, да якога адносіліся таксама людзі ў Ганявічах. Пра гэтае набыццё ён пазней прыгадвае ў завяшчанні 1567 г. Там жа ўпамінаецца, што ў паноў Пацаў Цішкевіч купіў двор Трусавічы, які, відавочна, належаў ім сумесна з віленскім капітулам. (Доля ў гэтым маёнтку ў 1540-я гг. была набыта Мікалаем Юр'евічам Пацам, мужам Аляксандры Гальшанскай, у пані Ядвігі Андрэеўны Скаруцянкі [41]. ) У іншым варыянце завяшчання, складзеным у 1570 г., Цішкевіч прыгадвае як сваю куплю таксама "дворец, который лежит межи Айны и Логойска, на имя Сельце" (Сялец) [42]. У гэтым маёнтку яму таксама належала толькі частка, бо пазней прыгадваюцца і іншыя саўладальнікі.

У 1551 г. Цішкевіч купіў у мясцовых татар маёнткі Ніўкі, Слагавічша і Хатынь, прычым татары пазней скардзіліся, што пры пакупцы Цішкевіч іх пакрыўдзіў [43]. Былыя татарскія ўладанні былі затым аб'яднаны ў адзін маёнтак Губа, які таксама ўпамінаецца ў завяшчанні Цішкевіча. У два прыёмы, у 1540-я і ў 1551 г., ён купіў у нашчадкаў князя Аляксандра Гальшанскага частку маёнтка Заазер'е з належачымі да яго даннікамі ў Харэцкай воласці, у 1554 г. - частку Прусавіч, што папярэдне наледжала да таго ж Заазер'я, а ў 1556 г. - Далькавічы, пра што мы раскажам крыху пазней, пры разглядзе лёсу спадчыны Алехны Судзімонтавіча. Васілю Цішкевічу паступова ўдалася скупіць таксама значную частку маёнтка Камень-Харэцкі, які быў раздробнены паміж шматлікімі саўладальнікамі. Пра гэта мы таксама раскажам крыху пазней.

Такім чынам Лагожаск (ці Лагойск, як ён пачаў называцца прыкладна з сярэдзіны XVI стагоддзя) дзякуючы намаганням Васіля Цішкевіча зноў стаў цэнтрам значнага маёнтка. Сам ён працягваў узыходжанне па кар'ернай лесвіцы, у 1558 г. атрымаўшы прызначэнне на пасаду падляшскага ваяводы. У дадатак да Менскага староства ён атрымаў у карыстанне шэраг дзяржаўных маёнткаў, у тым ліку ў 1567 г. - вельмі буйное Пінскае староства. Нарэшце, у 1569 г. ён становіцца смаленскім ваяводам, а 5 лістапада таго ж года атрымлівае ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста для сябе і сваіх нашчадкаў графскі тытул, якім тады карысталіся лічаныя асобы ва ўсёй дзяржаве [44].

Сярод дзяржаўных валасцей, намеснікам якіх з 1563 г. стаў Васіль Цішкевіч, была і суседняя з яго ўладаннямі воласць Айна. Нагадаем, што яна стала дзяржаўным маёнткам - так званай "дзяржавай" - у 1512 г. Вялікі князь прызначаў туды часовых намеснікаў - "дзяржаўцаў". Першым на пасадзе айненскага дзяржаўцы з 1516 па 1524 г. упамінаецца мясцовы шляхціч Яцка Іванавіч Ратомскі. З 1525 г. айненскім намеснікам быў пан Васіль Багданавіч Чыж, а з 1538 г. - пан Мікіта Андрэевіч, затым з 1541 г. - князь Іван Васільевіч Саламярэцкі, а з 1552 г. - яго брат Багдан, які валодаў воласцю да перадачы яе Цішкевічу ў 1563 г.

Многія з гэтых намеснікаў мелі па суседству з Айненскай воласцю ўласныя вотчыны, а таксама знаходзіліся ў сваяцтве паміж сабой. Першаму з іх, Яцку Ратомскаму, непадалёку належаў маёнтак Беларуч (Беларучы), які, напэўна, папярэдне вылучыўся са складу Заслаўскага княства. Пазней адным з саўладальнікаў гэтага маёнтка быў яго сын Канстанцін Ратомскі. У 1551 г. ён меў канфлікт з іншым саўладальнікам, Цімафеем Фёдаравічам Лопатам (гэта, дарэчы, першае з вядомых нам упамінанняў Беларучы) [45]. За жонку ж Канстанцін Ратомскі меў князёўну Барбару Саламярэцкую, браты якой па чарзе былі айненскімі намеснікамі. Пасля смерці Ратомскага каля 1554 г. яна аднавіла шлюб з сынам Васіля Цішкевіча Каленікам (яго імя чамусці часта післася ў форме "Каляніцкі", нібыта прозвішча). Апошні стаў апекуном маёнткаў малалетняга на той час пасынка - Лаўрына Канстанцінавіча Ратомскага.

Бацькам Барбары, Івана і Багдана Саламярэцкіх быў той самы князь Васіль Іванавіч Шаховіч-Саламярэцкі, сын князёўны Чартарыйскай, які каля 1530 г. атрымаў Плешчаніцы з даннікамі ў Харэцкай воласці ў спадчыну па княгіні Мажайскай. Жонкай яго (а з 1540 г. - удавой) была Ганна Ўладычанка, дачка пісара Івана Ўладыкі, які некалі набыў у князя Чартарыйскага маёнтак Сялец і палову Калодзезяў. Яна валодала часткай Галіцы побач з Беларуччу і Астрошыцамі, якую завяшчала ў 1560 г. дачке Барбары, на той час жонцы Каляніцкага Цішкевіча. Мужніны ж маёнткі яна падзяліла з сынамі, пра што захавалася ўпамінанне, датаванае 1558 г. Пры гэтым падзеле Ганне дастаўся маёнтак Саламерач (у сучасным Мінскім раёне), а яе сынам Івану, Юрыю і Багдану Саламярэцкім - маёнтак Плешчаніцы з аддаленымі сёламі Домжарыцы і Будзінічы, да якога адносілася таксама частка сяла Хатаевічы (сучасны Акцябр) недалёка ад Плешчаніц [46].

У бытнасць айненскім намеснікам князя Івана Васільевіча Саламярэцкага ў 1545 г. упершыню ўпамінаецца праваслаўная царква Св. архангела Міхаіла ў Айне, у якую ён прызначыў святара - айца Дзмітрыя, надаўшы яму "люди и земли церковные, яко здавна в собе мает" [47]. Айна, як і Лагойск, на той час ужо мела статус мястэчка - гэта значыла, што яе насельнікі мелі права займацца не толькі сельскагаспадарчай, але і гандлёва-рамесніцкай дзейнасцю.

Што тычыцца Айненскай воласці ("дзяржавы"), то яна на пачатку XVI стагоддзя ахоплівала, здаецца, даволі значны абшар - ад мяжы маёнтка Беларуч на поўдні да правабярэжжа Дзвіносы і Віліі на поўначы. У далейшым, аднак, амаль уся яна распалася на шляхецкія маёнткі ў выніку раздачы зямель баярам. У воласці здаўна знаходзіліся надзелы ("службы") так званых панцырных баяр, за карыстанне якімі яны павінны былі з уласным узбраеннем становіцца ў войска. Такія баяры маглі мець уласных сялян альбо самі апрацоўвалі зямлю, а ў выпадку вайны ўтваралі асобны вайсковы аддзел ("пошт") свайго гаспадара.

У ВКЛ баяры падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх у залежнасці ад таго, служылі яны непасрэдна вялікаму князю (дакладней, яго намесніку-дзяржаўцы) альбо пану ці князю - уласніку маёнтка. Вышэй ужо прыгадваліся лагожскія баяры князёў Андрэя Ўладзіміравіча і Аляксандра Чартарыйскага, якія часам атрымлівалі землі з правам пераходу да іншага гаспадара. У маёнтку Айна, пакуль ён належаў унучцы князя Андрэя, панцырныя баяры мелі статус прыватнаўласніцкіх. Калі ж Айна перайшла да вялікага князя, становішча баяр змянілася ў лепшы для іх бок - яны сталі дзяржаўнымі падданымі, на якіх распаўсюджваліся ўсе шляхецкія прывілеі.

Апрача надзелаў такіх баяр, якія паступова ператварыліся ў сапраўдныя феадальныя маёнткі, працягвалася і практыка пажалавання зямель новым уласнікам. У XVI стагоддзі такія пажалаванні атрымлівалі не толькі паны, колькасць якіх значна павялічылася, але і больш дробныя рыцары, так званыя баяры-шляхта, альбо зямяне. У большасці сваёй яны былі ўдатлівымі выхадцамі з дзяржаўных баяр, што служылі вялікаму князю непасрэдна са сваіх невялічкіх надзелаў. За заслугі ў такой службе яны атрымлівалі новыя наданні, а некаторыя рабілі імклівую кар'еру, набліжаючыся па статусу да старажытнай знаці - князёў і паноў. Да іх ліку можна аднесці, апрача Васіля Цішкевіча, вышэйзгаданага Яцку Ратомскага, першага намесніка Айненскай воласці. Паступова адбывалася зліццё здрабнелых князёў, паноў і зямян у адзінае феадальнае саслоўе - шляхту.

Паводле "Попіса войска ВКЛ" 1528 г., у якім вызначаўся памер поштаў, якія павінны былі выстаўляць са сваіх вотчын паны і князі, а таксама пайменны пералік баяр-шляхты па кожным дзяржаўным маёнтку, да двара Айна Менскага павета адносіліся 12 дзяржаўных баяр, якія ў залежнасці ад колькасці сялян-падданых павінны былі выстаўляць у войска па аднаму коннаму воіну (звычайна кагосці з членаў сваёй сям'і ці слугу) з кожных 8 сялянскіх служб (як правіла, служба была ў той час у карыстанні адной, часцей - дзвюх, а часам нават трох родасных сямей). Калі ж баярын меў меней за 8 служб альбо не меў іх увогуле, ён адзін павінен быў з'яўляцца ў войска.

З "Попіса" вынікае, што самыя буйныя надзелы ў Айненскім маёнтку мелі ўдава нейкага Касцюшкі, Міхайла Плюскаў і Шырай, якія, апрача сябе, ставілі па 2 конніка. Па аднаму каню выстаўлялі Звярына, Іван Жылянін, Казарын, а таксама Міхна і Андрэй Песляковічы - сыны памёршага раней баярына Васіля Песляка, якія падзялілі між сабой яго надзел. Што тычыцца Грыдкі і Радкі Еўлаховічаў, а таксама яшчэ аднаго Песляковіча, Федкі, то яны мусілі з'яўляцца ў войска асабіста, а трое братоў Ляўковічаў увогуле ставілі аднаго каня сумесна - гэта значыць, што ў іх разам бало не болей за 8 служб [48].

Імёны некаторых айненскіх баяр дазваляюць высветліць, дзе знаходзіліся іх надзелы. Так, Звярына і яго нашчадкі, напэўна, мелі дачыненне да вёскі Звярынічы. У наступным "Попісе войска", складзеным у 1567 г., выступае яго сын Міхайла Звярыніч, які замест сябе даслаў у войска свайго сына Яна [49]. Што тычыцца Песляковічаў, то іх род у далейшым добра прасочваецца ў гісторыі Лагойшчыны. Ён быў звязаны з маёнткам Дамашэвічы (Дамашы), які, напэўна, і ўтвараў першапачатковы надзел родапачынальніка Песляка. У 1551 г. шматлікія яго нашчадкі - баяры Песляковічы (Іван і Канстанцін Міхайлавічы, Рачка, Томка і Кандрат Фёдаравічы, дзядзька іх Андрэй Васільевіч з сынамі Грышкам, Лукашом і Ярашам) скардзіліся вялікаму князю, што іх сусед Давыд Багданавіч Тоўкач "с именья своего Гаяны именью их Домашевичом кривды деет" [50]. У наступным "Попісе войска" за 1567 г. сярод шляхты Менскага павета названы ўдава Давыда Тоўкача Настасся Цішына, уладальніца Гаян, а таксама Томка Фёдаравіч і Лукаш Андрэевіч Песлякі, якія павінны былі выстаўляць з Дамашэвіч 2 коннікаў (на гэты раз 1 конь выстаўляўся з 10 служб). Пры гэтым прыгадваецца, што ўдава іх брата (стрыечнага) Касцюшкі Міхайлавіча Песляка выйшла паўторна за Сямёна Дактаровіча, які настолькі спустошыў сумесны маёнтак, што выпраўляць з яго службу стала немагчыма. Сам Дактаровіч, слуга князя Слуцкага, таксама быў павінен выстаўляць з Дамашэвіч 1 каня [51].

У 1560 г. прыгадваюцца таксама "гаспадарскія баяры Гайненскага староства" Васщль Мацеевіч, Яўцюх Дзмітрыевіч, Іван Акуліч і Герасім Станкавіч, якія валодалі невялічкімі надзеламі ў маёнтку Сліжын. У 1560 г. адбылося размежаванне гэтага маёнтка з Гайненскім староствам. Пры гэтым упершыню ўпамінаюцца сумежныя сёлы Жыляне (Жылічы), Якубовічы, Альфяровічы (зараз не існуе) [52]. З надзеламі гэтых чатырох баяр межавалі таксама ўладанні нейкага пана Юхны і пана Рыгора Ясінскага, названых у акце размежавання "зямянамі гаспадарскімі гайненскімі". Ясінскі валодаў часткай у тым жа Сліжыне, на які ён у наступным 1561 г. атрымаў пацвярджальны прывілей ад вялікага князя. У ім прыгадваецца, што гэты маёнтак быў набыты яго дзедам Цішай (Ціханам) Ясінскім яшчэ ў 1471 г. у літоўскага пана Якуба Ралавіча [53].

Адзначым, што з надзелам у Айненскай воласці звязвалі пазней пачатак свайго рода таксама шляхцічы Аношкі. У 1762 г. яны прадставілі ў Ашменскі гродскі суд прывілей, якім вялікі князь Аляксандр нібыта пажалаваў іх продку, менскаму гараднічаму Пятру Аношку, "у прысудзе Гаенскім" пустыя зямлі, названыя Сліжына, Янушкевічы, Якубоўшчына, Данілаўшчына і Родаўшчына, а таксама двух сялян, Юшку Гарасімовіча і Якіма Яновіча, і пусташ (апусцелы надзел) Пятроўшчыну пасля нейкага Братаскі. У 1508 г. гэтыя наданні быццам бы былі пацверджаны новым вялікім князем Жыгімонтам [54]. Тапаніміка, упамянутая ў гэтым дакуменце, сапраўды мае дачыненне да ваколіц Гайны, аднак час пажалавання выклікае сумненні. Па першае, вялікі князь Аляксандр памёр у 1506 г., калі Айненская воласць яшчэ належала Фядоры Рагацінскай і яе другому мужу Юрыю Пацу, таму ён не мог надзяляць Пятра Аношку зямлёй у гэтым маёнтку. Нават у 1508 г. яго пераемнік Жыгімонт не мог яшчэ распараджацца Айнай. Нарэшце, ні ў "Попісах" 1528 і 1567 гг., ні ў іншых тагачасных крыніцах сярод айненскіх баяр Аношкавічы не ўпамінаюцца. Таму прывілей, прадстаўлены іх нашчадкамі ў XVIII стагоддзі, быў, напэўна, фальшывым.

З больш позніх звестак вядома таксама, дзе знаходзіліся ўладанні Міхайла Плюскава, ўпамянутага ў "Попісе" 1528 г. Гэта было параўнальна аддаленая сяло Нястанішкі (пазней вядомае як Нястанавічы) прыкладна ў 30 км на поўнач ад Айны. У ім ён атрымаў "до живота", гэта значыць - пажыццёва, 15 чалавек "куничников" (падданых, якія выплочвалі спецыяльны грашовы падатак, так званую "куніцу"), а таксама 4 цяглыя пусташы. Пасля смерці Плюскава гэтыя падданыя былі перададзены ў 1551 г. яго зяцю - здрабнеламу князю Цімафею Іванавічу Пузыне [55]. Ён памёр у 1560 г., а ў "Попісе войска" за 1567 г. Нястанавічы пазначаны сярод уладанняў аднаго з яго сыноў, князя Пятра Пузыны, які служыў удзельнаму князю Юрыю Алелькавічу-Слуцкаму. З Нястанавіч ён ставіў 3 коннікаў, што адпавядала на той момант 30 службам ці 50 - 60 сем'ям [56].

Разам з Нястанавічамі да Айненскай воласці першапачаткова адносіліся суседнія сёлы, якія, напэўна, былі раздадзены панам і шляхце пасля пераходу воласці ў рукі вялікага князя. Аднымі з тых, хто валодаў часткай гэтага абшару, быў пан Войцах Насілоўскі, які памёр у 1522 г. Адзін з яго сыноў, Станіслаў, у 1536 г. прадаў сваю частку "отчины" (бацькоўскай спадчыны) ў маёнтку Белае каля Нястанавіч разам з доляй у Вязыні (сучасны Вілейскі раён) брату Юрыю [57]. Пазней уладальнікам Белага ў 1559 г. выступае той самы Юхна Ваньковіч, які прыгадваўся вышэй у сувязі са сваім шлюбам з Ганнай Солтанаўнай (дарэчы, удавой брата Цімафея Пузыны) [58].

Нейкім чынам землі на былых абшарах Айненскай воласці набыў пан Юрый Іванавіч Зяноўевіч, які на пачатку XVI стагоддзя быў смаленскім намеснікам, а з 1516 г. - земскім маршалкам. У 1523 г. яго сыны Мікалай, Міхал і Георгій (Юрый) мелі спрачку за бацькоўскія Крайск і Гаравец (Гараўцы) [59], а ў 1526 г. яны ж запісалі дзесяціну з Крайска на карысць заснаванага імі касцёла ў родавым маёнтку Смаргонь [60]. Паколькі Зяноўевічы належалі да паноў, а не да служылай шляхты, у "Попісе" 1528 г. яны выступаюць не ў складзе харугвы Айненскага двара, а ў агульным спісе "почот панов рад, урядников, также дворян господарских и некоторой шляхты значнейшей", прычым ставілі разам 100 коннікаў. Таму мы не можам вызначыць, якая частка гэтага пошту выстаўлялася імі з маёнткаў на тэрыторыі Айненскай воласці. Сын аднаго з іх, Юрый Міхайлавіч Зяноўевіч, пазней валодаў Гараўцом. Паводле "Попіса войска" 1567 г. коннікаў з гэтага маёнтка ставіла яго ўдава, Раіса Войцехаўна Насілоўская [61]. Уладальнікам Гараўца быў у той час і Станіслаў Валіцкі, якому апрача таго належала Пуцілава, а таксама Звіняча ў Мінскім раёне. З іх ён ставіў у 1567 г. 3 коннікаў [62].

Крайск пазней сярод уладанняў паноў Зяноўевічаў не ўпамінаецца. Затое яго ўласнікам выступае пан Юрый Войцахавіч Насілоўскі - брат вышэйзгаданых Раісы і Станіслава, які валодаў таксама Белым. Удава Юрыя, пані Ядвіга Станіславаўна Насілоўская, валодала Крайскам у 1546 г. [63] Пазней Крайск быў падзелены паміж іх дачкамі Шчаснай, жонкай князя Юрыя Збаражскага, Марынай, жонкай Міхала Юр'евіча Воўчкі і Ядвігай, жонкай Грыгорыя Юр'евіча Осціка. У 1555 і 1561 гг. паміж Ядвігай Станіславаўнай і яе зяцямі Осцікам і Воўчкам адбываліся неаднаразовыя спрэчкі аб умовах падзелу гэтага маёнтка [64].

Часткай Крайска валодаў яшчэ Леў Гурын, які ў 1555 г. абвінаваціў Осціка ў гвалтоўным нападзе на яго крайскага ўрадніка [65], а таксама адзін з прадстаўнкікоў баярскага рода Рагозаў, уладальнікаў суседніх Лукаўца і Хаценчыц у Вілейскім раёне - Васіль Сцецкавіч Рагоза. У 1567 г. ён ставіў 2 коннікаў з "отчизны" Хаценчыц і Крайска [66]. Верагодна, менавіта на тэрыторыі яго ўладанняў узнікла сяло Рагозіна.

Яшчэ адным саўладальнікам паўночных абшараў Айненскай воласці стаў не пазней сярэдзіны XVI стагоддзя князь Васіль Іванавіч Адзінцэвіч, родавы маёнтак якога знаходзіўся ў старадаўнім Друцкім княстве. У 1551 г. ён запісаў жонцы грашовае забеспячэнне (вена) на Крайску [67]. Паміраючы ў 1555 г. без нашчадкаў, Васіль Адзінцэвіч завяшчаў свае ўладанні не роднаму брату Грыгорыю, з якім варагаваў, а сыну стрыечнага брата Сямёна Багданавіча - Андрэю Адзінцэвічу. Гэтымі ўладаннямі былі, апрача Крайска, таксама частка сёл Нястанавічы і Хатаевічы [68] . (У апошнім з іх, нагадаем, у той жа час была доля князёў Саламярэцкіх, якая адносілася да іх маёнтка Плешчаніцы, а таксама нейкія землі Васіля Цішкевіча, за якія ён меў з Саламярэцкімі канфлікт у 1555 г. [69] )

У "Попісе войска" 1567 г. удава памёршага годам раней князя Андрэя Сямёнавіча Адзінцэвіча, Альжбета Янаўна Глябовіч, пазначана як уладальніца маёнтка Нястанавічы ў Менскім павеце, з якога выстаўляла 8 коннікаў [70]. У тым жа "Попісе" ўладальнікамі даннікаў у Хатаевічах названы таксама гаспадарскі маршалак Мальхер (Мельхіёр) Жыгімонтавіч Сноўскі і яго пляменнікі, Севярын Мікалаевіч і Матысь Янавіч Сноўскія-Біюціжскія, а таксама Павел Сноўскі [71].

На поўначы Лагойшчыны землі маёнткаў Нястанавічы і Хатаевічы межавалі з землямі, належачымі нашчадкам пана Мікалая Радзівілавіча. Ён памёр у 1509 г., пасля чаго яго спадчына ў Лагожскай і Харэцкай валасцях перайшла да трох сыноў ад шлюбу з Соф'яй Манівідаўнай - Мікалая, Юрыя і Яна Радзівілаў (чацверты брат, Войцах, стаў духоўнай асобай і на маёнткі не прэтэндаваў). У 1520 г. паміж імі было дасягнута пагадненне аб канчатковым падзеле бацькоўскай і мацярынскай спадчыны, у тым ліку "всих людей данников Хорецких 316 человек, на каждую часть по 105 человек, 1 звыш зостался. Дани на каждую часть по чотыри полувицы и по 14 пудов и по 4 безменов, а плату грошового 15 коп без 12 грошей" [72].

Хаця пры падзеле не было агаворана, якая частка Харэцкай воласці з яе мядовай данінай дасталася кожнаму з братоў, можна меркаваць, што абшары на тэрыторыі Лагойшчыны (разам з землямі амнішаўцаў і даўгінаўцаў) перайшлі да старшага, Мікалая Мікалаевіча Радзівіла, які заняў пасля бацькі пасады віленскага ваяводы і канцлера. Гэта быў магутны землеўладальнік і дзяржаўны дзеяч еўрапейскага ўзроўню, які не без падстаў лічыў сваім сябрам імператара Максімільяна Габсбурга. У 1518 г. імператар надаў яму тытул князя Святой Рымскай імперыі - пра такі гонар не мог нават марыць ніводны іншы магнацкі род ВКЛ. Яго зямельныя ўладанні былі раскіданы па ўсёй дзяржаве. Пасля смерці Мікалая Радзівіла ў 1521 г. асноўная частка іх засталася ў руках удавы - Альжбеты Багданаўны Саковіч, а рэшта была падзелена паміж сынамі Янам, Мікалаем і Станіславам. Уяўленне пра памер гэтых уладанняў дае "Попіс войска ВКЛ 1528 г." Маёнткі Альжбеты Саковіч, удавы Мікалая Радзівіла, вызначаны ў ім у 260 коннікаў, а ўладанні яе сыноў - яшчэ ў 179, што дае разам 439 коннікаў ці звыш 3500 служб.

Захаваўся акт падзелу вотчын Мікалая Радзівіла паміж яго ўдавой і сынамі на 4 часткі, які пры публікацыі быў памылкова датаваны 1536 г. (на самай справе ён адносіцца, напэўна, да 1526 г.). У гэтым дакуменце разам з Каменем і Мільчай (зараз у Вілейскім раёне) прыгадваецца сяло Дарагомічы (сённяшнія Папоўцы) з 30 сялянскімі сем'ямі, а разам з Дамашкевічамі, Мсціжам і Зебінам (сучасным Зембинам у Барысаўскім раёне) - "земля Айнаровская с сеножатми" (гэта - першае па часе непасрэднае ўпамінанне будучых Айнаравіч) [73]. Відавочна, што Дарагомічы паўсталі на даўгінаўскіх землях, нададзеных некалі Івашку Манівідавічу і затым набытых у спадчыну яго ўнукам Мікалаем Мікалаевічам Радзівілам. Айнараўская зямля недалёка ад Айны, напэўна, уяўляла сабой адзін з невялікіх шматкоў таго абшару, які некалі атрымаў яшчэ ад Вітаўта Войцах Манівід.

Хутка гэтая спадчына паспытала новыя перадзелы, бо ўсе сыны Мікалая Радзівіла і Альжбеты Саковіч памерлі маладымі. Першым у 1528 г. памёр Мікалай, біскуп жамойцкі. Праз год ці два такі ж лёс напаткаў бяздзетнага Станіслава. У выніку бацькоўская спадчына сканцантравалася ў руках Яна Мікалаевіча Радзівіла, жамойкага старосты. Аднак у 1542 г. памёр і ён, не дасягнуўшы нават саракагадовага ўзросту. Маёнткі зноў раздрабніліся паміж трыма яго дачкамі. Частка іх была прададзена альбо аддадзена ў заклад, але асноўная доля манівідаўскай спадчыны да сярэдзіны XVI стагоддзя апынулася ў руках сярэдняй дачкі - Ганны, жонкі, а з 1554 г. удавы пана Станіслава Кішкі. У "Попісе войска" 1567 г. сярод яе ўладанняў упамянуты і Дарагомічы, з якіх яна мусіла ставіць 2 коннікаў. Айнаравічы ж у "Попісе" запісаны за нейкім Фёдарам Мікулічам, які ставіў з іх аднаго каня. Магчыма, частка таго ж маёнтка (пад скажонай назвай "Укнаровичи") выступае ў "Попісе" як уласнасць Каленіка Цішкевіча, які на той момант быў жанаты з удавой Канстанціна Ратомскага [74]. Вядома, што Айнаравічы пазней перайшлі да сына апошняга і пасынка Цішкевіча - Лаўрына Ратомскага, у завяшчанні якога прыгадваюцца ў канцы стагоддзя. Магчыма, Айнаравічы разам з Беларуччу (якая таксама паводдле "Попіса" была ў руках Каленіка Цішкевіча) належалі яшчэ Кансатнціну Ратомскаму, якому нейкім чынам адсталіся ад Радзівілаў.

Той жа "Попіс" дазваляе прасачыць лёс іншай часткі колішняй манівідаўскай спадчыны, а менавіта той, што ад Алехны Судзімонтавіча перайшла да яго дачкі Ядвігі. Апошняя мела дачку Ганну ад свайго першага шлюбу са Станіславам Барташавічам Монтаўтам. Гэтая Ганна пазней выйшла за пана Яна Юр'евіча Глябовіча і ўнесла яму ў пасаг бацькоўскія вотчыны. Сярод іх была і частка сяла Прусавічы, якая прыгадваецца ў 1551 г. у сувязі з падзелам спадчыны Яна Глябовіча, памёршага ў 1549 г. [75] Ад шлюбу з Ганнай у яго засталіся сын Станіслаў і пяць дачок, паміж якімі і быў падзелены гэты пасаг. Вышэйзгаданая доля ў Прусавічах разам з маёнткамі Гасцілавічы і Гаць дасталася дачке Яна Глябовіча Соф'і, жонцы полацкага кашталяна Юрыя Мікалаевіча Зеноўевіча (Зяновіча). У "Попісе" 1567 г. прыгадваецца, што пан Зяновіч сярод іншых сваіх маёнткаў выстаўляў аднаго конніка з Прусавіч. Што да Гасцілавіч і Гаці, то яшчэ раней ён аддаў іх у заклад уладальніку суседняга Лагожска Васілю Цішкевічу, а той у сваю чаргу перазаклаў свайму сыну Астафію, у карыстанні якога яны і знаходзіліся на момант попіса [76]. У завяшчанні Цішкевіча ў тым жа годзе таксама ўпамінаецца, "што теж половицу села Гати маю в заставе от его милости вельможного пана Юря Зеновъевича ... у петисот копах грошей" [77].

Яшчэ адна частка ўладанняў Алехны Судзімонтавіча, унаследаваная яго дачкой Соф'яй (жонкай памёршага ў 1511 г. Аляксандра Гальшанскага), таксама паспытала падзел пасля яе смерці ў 1517 г. Паводле тагачаснага звычаю маёнткі, якія пасля згасання рода па мужчынскай лініі пераходзілі да жанчыны, лічыліся для яе дзяцей "мацярынскімі" і ў адрозненне ад бацькоўскіх вотчын падлягалі роўнаму падзелу як паміж сынамі, так і паміж дачкамі. У Соф'і ад шлюбу з князем Гальшанскім засталіся сын Павел, які пазней стаў каталіцкім біскупам, і чатыры дачкі: Ядвіга, жонка (а з 1513 г. - удава) пана Яна Літавора Храбтовіча; Ганна, жонка пана Мікалая Юр'евіча Паца; Барбара, якая пастрыглася ў манашкі Віленскага францысканскага кляштара, і другая Ганна, якая змоладу выйшла за састарэлага пана Пятра Мантыгірда і, вельмі хутка аўдавеўшы, больш замуж не выходзіла. Мацярынская спадчына была падзелена паміж імі на пяць частак, якія потым неаднаразова пераразмяркоўваліся.

Так, у долю манашкі Барбары ўваходзіла пэўная колькасць падданых у Вепратах і суседнім Лукаўцы, якіх яна ў 1523 г. прадала пану Альбрэхту Гаштаўту (Гаштольду) [78]. Магчыма, менавіта гэтая частка Вепрат трапіла потым да паноў Осцікаў. У 1541 г. прыгадваецца падзел Вепрат і іншых вотчын, што ўтваралі спадчыну памёршага пана Станіслава Грыгор'евіча Осціка, полацкага ваяводы, паміж яго малодшымі братамі Юрыем і Грыгорыем [79].

Той жа Барбары Гальшанскай належала частка маёнтка Заазер'е з даннікамі ў былой Харэцкай воласці, якую яна падаравала перад смерцю ў 1525 г. брату Паўлу [80]. Самому Паўлу таксама дасталася доля ў Заазер'і, як і яго сястры Ганне, жонцы Мікалая Паца. У 1522 г. другая Ганна, удава Мантыгірда, абвінаваціла Паўла Гальшанскага і Мікалая Паца ў тым, што яны не дапускаюць яе да долі ў матчыных маёнтках, і адсудзіла частку Заазер'я на сваю карысць [81]. Менавіта гэтую частку яна потым прадала Васілю Цішкевічу, пра што ўпамінаецца ў завяшчанні апошняга. Іншая частка маёнтка пазней належала дачке Паца Ядвізе, якая выйшла за пана Войцаха Шэмета. Васіль Цішкевіч у сваім завяшчанні ў 1567 г. прыгадваў, што яго двор у гэтым маёнтку, набыты ад спадчыннікаў князёў Гальшанскіх, стаіць "об тын" з дваром Войцаха Шэмета [82].

Што да Паўла Гальшанскага, на той час біскупа луцкага, то сваю долю ён аддаў у заклад швагру Пацу, а ў 1527 г. падараваў яму тую частку маёнтка, якую атрымаў ад сястры Барбары. Спадчынная доля Мікалая Паца, у якую ўваходзіла частка сяла Прусавічы, перайшла да яго сыноў. У 1554 г. адзін з іх, Станіслаў Пац, прадаў сваіх падданых у Прусавічах таму ж Васілю Цішкевічу [83].

Іншая частка сяла Вепраты і маёнтка Заазер'е з належачымі да яго падданымі ў тых жа Прусавічах, а таксама ў Ніўі (верагодна, сучасныя Ніўкі ў Барысаўскім раёне), Карсакавічах і іншых сёлах Харэцкай воласці (галоўным чынам у Барысаўскім і Докшыцкім раёнах) уваходзіла ў долю старшай з князёвен Гальшанскіх - Ядвігі Храбтовічавай, дамы вельмі крутога нораву, якая мела складаныя адносіны са сваімі дочкамі і зяцямі. Варта адзначыць, што старшую дачку Ганну, ужо абвенчаную ў 1515 г. з панам Юрыем Осцікам, Ядвіга не толькі не аддавала законнаму мужу, але ў наступным годзе насуперак яе волі паўторна абвянчала з іншым жаніхом, Андрэем Давойнам. Осціку з сябрамі давялося літаральна штурмаваць палац польскіх магнатаў Мнішкаў, у якіх маці хавала ад яго Ганну. Пасля гэтага Ядвіга абвінаваціла яго ў гвалтоўным захопе яе дачкі. Аднак, паколькі на судзе Ганна заявіла, што законна абвенчана з Осцікам, вялікі князь дазволіў ёй жыць з ім, паўторны ж шлюб з Давойнам быў скасаваны.

Малодшая дачка, Соф'я, зусім маладзенькай у 1523 г. была выдадзена за мазавецкага шляхціча Яна Аборскага, але і тут праз два гады яе маці абвясціла, што Аборскі захапіў яе дачку гвалтоўна, і патрабавала скасаваць шлюб. Тым не менш Соф'я засталася жонкай Аборскага, а пасля яго смерці ў 1531 г. без мацярынскай згоды выйшла за Мікалая Ўралеўскага. Маці пазбавіла яе спадчыны, завяшчаўшы ўсю яе долю на карысць каралевы Боны. Аднак пасля смерці Ядвігі Храбтовічавай у 1539 г. Бона вярнула Ўралеўскаму маёнткі [84], якія ён неўзабаве прадаў пану Міхалу Федаровічу, а ў таго ў 1551 г. купіў усё той жа Васіль Цішкевіч. У склад гэтых маёнткаў уваходзіла частка Вепрат, Заазер'я, Прусавіч, Ніўя, Карсаковіч і інш. [85]

Біскуп Павел Гальшанскі незадоўга да сваёй смерці ў 1555 г. завяшчаў сваёй пляменніцы Ганне Осцікавай і яе мужу частку мацярынскай спадчыны. Гэтае права перайшло да іх сына Мікалая Юр'евіча Осціка і яго жонкі Ганны Друцкай-Любецкай. Апошняя ў 1569 г. падаравала дачке Ганне Осцікаўне, жонцы князя Льва Сангушкі-Кашырскага, апрача іншага "некоторыи именья на Руси правом прирожоным небожчика пана малжонка моего по небожчику князю Павлу Гольшанскому, бискупу виленскому". Сярод іх названы "Просовичи" (Прусавічы), а таксама Карсаковічы, Ніўе, Лукавец і інш. [86]

Дакладны лёс усіх лагойскіх уладанняў князёў Гальшанскіх прасачыць цяжка, бо яны раздрабніліся паміж вялікай колькасцю ўласнікаў. Нейкім чынам частка іх дасталася, напрыклад, Івану Міхайлавічу Песляку - аднаму з сыноў таго Міхны Песляковіча, які прыгадваўся вышэй у сувязі з маёнткам Дамашэвічы ў Айненскай воласці. З 1540 па 1551 г. ён меў неаднаразовыя спрэчкі за Далькавічы і Камень-Харэцкі з іншымі саўладальнікамі, Станіславам Янавічам Багдзевічам і Соф'яй Урбанаўнай [87]. У 1556 г. Далькавічы належалі ўжо Войцаху Ясенскаму, які прадаў іх Васілю Цішкевічу [88].

Што да Каменя-Харэцкага, то яго ўладальнікамі ў сярэдзіне 1550-х гг. выступаюць Юрый Якубавіч Воўчка і цэлы шэраг іншых дробных шляхцічаў: Багдзевічы, Ляньковічы, Лаўрыновічы. Часткова гісторыя гэтага маёнтка прасочваецца на падставе судовай справы паміж Цішкевічам і Юрыем Воўчкам у 1556 г. [89] Як ужо прыгадвалася вышэй, у XV стагоддзі Камень-Харэцкі належаў тром сынам баярына Вадзімона -Карэйве, Івашку Вошкелю і Марціну Воўчку. З іх Карэйва пакінуў сына Нарбута, а той у сваю чаргу - Мікалая і Жыгімонта. Блізка да сярэдзіны XVI стагоддзя ўнукі Нарбута, Каспар Мікалаевіч і Ян Жыгімонтавіч, пазбавіліся сваіх частак у Камені-Харэцкім, прадаўшы іх сваім родзчам. Тое ж адбылося і з доляй Івашкі Вошкеля, другога сына Вадзімона. У яго засталіся дачка Ганна, якая выйшла за Івашку Ляньковіча, і шэсць сыноў, але ўсе яны рана памерлі. Толькі ў аднаго з іх - Міхалкі - у сваю чаргу засталіся сын Шчасны і дачка Барбара, якія ў час свайго малалецтва знаходзіліся пад апекай сваяка - Івашкі Ляньковіча. Шчасны Міхалкавіч таксама памёр маладым, але перад смерцю паспеў прадаць бацькоўскую вотчыну свайму апекуну. Такім чынам, спадчына Вошкеля перайшла да Івашкі Ляньковіча, а затым да яго сыноў Юрыя і Яна. Апошні набыў у свайго родзіча Каспара Нарбутавіча таксама яго частку Каменя-Харэцкага.

Адзначым, што Ляньковічы адначасова былі ўладальнікамі часткі Айненскай воласці, дзе ім належала доля ў Нястанавічах і Гараўцы. Доля Яна Ляньковіча затым была падзелена паміж яго сынамі Мікалаем і Шчапанам, першаму з іх адышла таксама і доля бяздзетнага дзядзькі Юрыя. На пачатку 1550-х гг. Шчапан Ляньковіч, "вынявши третюю часть со всих именей своих отчизных, названых Нестанович, Горавца и Ошмены, именейцо свое у Камени Харецком", прадаў яго Васілю Цішкевічу. Брат Шчапана Мікалай у 1554 г. таксама прадаў сваю долю за 135 коп грошаў аддаленаму родзічу - віленскаму канюшаму Юрыю Якубавічу Воўчку, унуку Вадзімона. Менавіта пасля гэтага Юрый Воўчка паспрабаваў аспрэчыць прадажны акт Шчапана Ляньковіча, каб завалодаць і яго часкай маёнтка як сваёй "блізкасцю" - родавай спадчынай. Гэтая спроба, аднак, не мела поспеху.

У Юрыя Воўчкі было два сына, Мікалай і Ян. Першы з іх у 1555 г. з дазволу бацькі ажаніўся з Марынай Насілоўскай, паміж іншым спадчынніцай часткі майнтка Крайск. Атрымаўшы за ёй пасаг у памеры 1000 коп грошаў, ён запісаў ёй узамен вена на сваіх маёнтках, у тым ліку "на Руси данников у Камени Харецком и Завелейском" [90]. Тады ж яму давялося вясці спрэчку са сваёй цёшчай Ядвігай Станіславаўнай Насілоўскай за ўмовы валодання доляй у Крайску, якая цягнулася да 1561 г. [91] Што да Каменя-Харэцкага, то Мікалай і Ян Воўчкі падзялілі яго паміж сабой у 1557 г., пасля смерці бацькі [92], а ў наступным годзе Мікалай прадаў сваю долю Васілю Цішкевічу за 1500 коп грошаў [93].

Саўладальнікамі Каменя-Харэцкага ў гэты ж час былі нашчадкі Яна Богдзевіча і яго жонкі Кацярыны Станькаўны: Станіслаў (з сынам Юрыем) і Пётр Богдзевічы, а таксама іх швагры Ян Мацкевіч (жанаты з Барбарай Богдзеўнай) і Міхал Марціновіч (жанаты з яе сястрой Ганнай) [94]. Якім чынам да іх трапіла доля ў гэтым маёнтку, нам прасачыць на ўдалася. Яшчэ адным саўладальнікаў быў Ян Лаўрыновіч. Апошні сваю долю, якая ўключала 27,5 служб альбо 48 сялянскіх двароў, у 1555 г. прадаў за 600 коп усё таму ж Васілю Цішкевічу [95].

Нам засталося разгледзіць лёс у першай палове - сярэдзіне XVI стагоддзя маёнтка Астрошыцы, які, нагадаем, у 1492 г. дастаўся мужу Ядвігі Алехнаўны - Станіславу Янавічу Кезгайлу. Пасля яго смерці ў 1527 г. Астрошыцы перайшлі да адзінага з яго трох сыноў, які перажыў бацьку - Станіслава Станіслававіча. Аднак і той памёр вельмі хутка, у 1532 г., пасля чаго спадчыннікам застаўся яго малалетні сын Войцах. Каля 1545 г. памёр і той, што дало падставы біскупу Паўлу Гальшанскаму ад імя ўсіх нашчадкаў Алехны Судзімонтавіча ў 1546 г. прэтэндаваць на вымарачную спадчыну. Аднак маёнтак тым часам перайшоў да апошняга мужчынскага прадстаўніка рода Кезгайлаў - Станіслава Мікалаевіча. Ён хаця і не належаў да прамых нашчадкаў Судзімонтавіча (дзед яго быў братам мужа Ядвігі), але меў правы на спадчыну як траюрадны брат памёршага Войцаха. У выніку Астрошыцы засталіся за ім, а іск князя Гальшанскага быў адхілены [96].

Станіслаў Мікалаевіч Кезгайла, граф на Крожах і падчашы ВКЛ, памёр на пачатку 1554 г. у 34-гадовым узросце, а яшчэ праз некалькі месяцаў памёр яго маленькі сын Ян. Такім чынам, род Кезгайлаў па мужчынскай лініі канчаткова перасёкся. Адзінымі спадчыннікамі засталіся яго стрыечныя браты па жаночай лініі - паны Завішы і Шэметы, дзеці яго цётак Барбары і Ганны. Паясля смерці апошняга з Кезгайлаў засталіся вялізныя даўгі, якія разам з яго маёнткамі перайшлі на новых уласнікаў. Не маючы магчымасці разлічыцца з усімі гэтымі даўгамі, Завішы і Шэметы, відаць, пагадзіліся паступіцца на карысць крэдытораў некаторымі маёнткамі. Так Астрошыцы перайшлі да аднаго з крэдытораў, пана Івана Гарнастая [97]. Апошні памёр у 1558 г., пасля чаго маёнтак быў падзелены паміж яго сынамі Гаўрылам і Астафіем. Паводле "Попіса" 1567 г. першы з іх выстаўляў з Астрошыц 12 коней, а другі - 8, [98] што адпавядае агульнаму памеру маёнтка ў 200 служб.

Дарэчы, Барбара Кезгайлаўна, жонка Андрэя Завішы, у свой час набыла ў пана Юрыя Мікалаевіча Салагубавіча за 200 коп трэцюю частку маёнтка Бяседы на заходнім ускрайку Лагойшчыны, які ў 1546 г. падаравала свайму слузе Войцаху Яновічу [99]. У гэтую частку ўваходзілі 7 сялянскіх служб, карыстальнікамі якіх былі 12 сямей, прычым у большасці выпадкаў кожную службу трымалі сумесна два родных брата са сваімі сем'ямі. Паводле "Попіса" 1567 г. Бяседы запісаны за Раісай Насілоўскай, удавой пана Юрыя Зяноўевіча [100]. Уладаннем жа Станіслава Яновіча (напэўна, сына Войцаха) пазначаны Трусавічы, з якіх ён ставіў "клячу" [101]. Відавочна, Трусавічы і суседнія з імі Бяседы (сённяшнія Малыя Бесяды) тады ўтваралі адзіны маёнткавы абшар, які належаў некалькім уладальнікам. Нагадаем, што частка ў Трусавічах належала разам з Вепратамі Віленскаму каталіцкаму біскупству. Апрача таго, паводле "Попіса" 1567 г., аднаго каня з Трусавіч ставіў Ян Бутко, а двух - Каленік Цішкевіч [102], якому дасталася доля ў гэтым маёнтку, папярэдне набытая яго бацькам Васілём Цішкевічам у паноў Пацаў.

Пералічаныя вышэй факты паказваюць, як моцна раздрабнілася землеўладанне Лагойшчыны ў канцы XV - першай палове XVI стагоддзя. На месцы буйных валасцей паўсталі невялічкія маёнткі, якія да таго ж знаходзіліся ў сумесным валоданні некалькіх асоб. У многіх выпадках на кожнага з іх прыходзілася літаральна па некалькі падданых. На гэтым фоне параўнальна буйной вотчынай былі ўладанні, рупліва сабраныя Васілём Цішкевічам - мястэчка Лагойск з маёнткамі Губа, Далькавічы, Заазер'е, Калодзезі, Камень Харэцкі, Луцаўшчына, Мгле, Сялец, даннікамі ў Вепратах і Прусавічах, апрача якіх ён яшчэ трымаў у закладзе ад пана Зяноўевіча Гаць і Гасцілавічы. Гэтыя маёнткі складалі істотную частку ўсіх яго ўладанняў, з якіх паводле "Попіса" 1567 г. ён разам з сынам Юрыем мусіў ставіць 101 конніка.

Даволі значным маёнткам былі таксама Астрошыцы паноў Гарнастаеў (увогуле 20 коней), але прыблізна палова іх ляжала ў сучасным Мінскім раёне, дзе паўстала мястэчка Астрошыцкі Гарадок. Можна адзначыць таксама частку Нстанавіч, належачую ўдаве князя Адзінчэвіча - 8 коней. Іншым буйным маёнткам былі ўладанні Віленскага біскупства. Пра іх памер дае ўяўленне рэестр абкладання біскупскіх падданых пазачарговым падаткам - "сярэбршчынай" [103]. Гэты падатак збіраўся ў 1553 г. з кожнай "сахі" - так, верагодна, называўся зямельны надзел, які апрацоўваўся адной цяглавай запрэжкай. Маёнтак Корань на той момант быў падзелены на дзве часткі, з якіх адна належала каноніку Хоцьку і налічвала 58 сох і 2 агароды, другая ў памеры 50,5 сох, 3 зямель і 2 агародаў - жамойкаму біскупу. У маёнтку Ганявічы, належачым каноніку Ленартовічу, была 41 саха, у належачай каноніку Матыясаву частцы Трусавіч - 54,5 сахі, а ў іншай частцы тых жа Трусавіч, належачай каноніку Вірбкоўскаму - 52. Такім чынам, у капітульных маёнтках Лагойшчыны разам было 263 зямельных надзела (256 сох, 3 зямлі і 4 агароды), якімі валодалі, напэўна, асобныя сялянскія сем'і. Гэта адпавядае прыкладна 130 службам. Калі б з царкоўных маёнткаў належала ставіць у войска коней, як са шляхецкіх, то паводле нормы 1567 г. (1 конь з 10 служб) вышэйзгаданыя капітульныя ўладанні "пацягнулі" б прыблізна на 13 коней.

З паўстаннем шляхецкага землеўладання шчыльна звязана і афармленне да сярэдзіны XVI стагоддзя прыгоннага права, якое забараняла падданым мяняць месца жыхарства без дазволу пана. Галоўнай мэтай запрыгоньвання сялянства было імкненне сярэдняй і дробнай шляхты, колькасць якой імкліва вырасла, пазбегнуць пераходу сваіх падданых у буйныя дзяржаўныя і магнацкія маёнткі. Апошнія былі прываблівымі для сялян, бо эксплуатацыя там звычайна была менш жорсткай: маючы шмат падданых, магнат мог дазволіць сабе браць з кожнага параўнальна няшмат. Дробнаму ж уласніку дзеля забеспячэння прыймальнага ўзроўня жыцця даводзілася выціскаць з нешматлікіх падданых усё магчымае. Калі б сяляне захавалі права шумаць сабе лепшага гаспадара, многія дробныя маёнткі маглі б зусім апусцець. Дзяржава не была зацікаўлена ў гэтым, бо менавіта дробная шляхта ўяўляла асноўную ваенную сілу і была крыніцай для фармавання кадраў нізавога службовага апарату. Таму паралельна з фармаваннем шляхецкага землеўладання прымаліся заканадаўчыя меры, якія дазвалялі шляхце жыць за кошт залежных сялян.

Галоўным падмуркам прыгоннага права была манаполія феадалаў на зямельную ўласнаць: нават той зямельны надзел, якім сялянская сям'я карысталася спрадвеку, належаў не ёй, а пану. За карыстанне гэтым надзелам трэбы было выконваць пэўныя працоўныя павіннасці павіннасці ("цягло") у панскай гаспадарцы, альбо выплочваць грашовую рэнту - даніну (вядомую таксама пад назвамі "куніца", "чынш" і інш.). Адпаведна такія сяляне называліся "цяглымі" альбо "даннікамі " ("кунічнікамі").

Незалежна ад формы павіннасці сяляне здаўна падзяляліся на дзве катэгорыі: вольных ("прыхожых" альбо "пахожых", што перыядычна пераходзілі з аднаго зямельнага надзела на іншы, у тым ліку і з маёнтка ў маёнтак), і "непахожых", альбо "отчычаў", якія атрымлівалі свой надзел пасля бацькі і не мелі права пакінуць яго. Шляхта разглядала "непахожых" сялян як сваю ўласнасць, а "пахожых" імкнулася замацаваць за сабой. Дзеля гэтага быў уведзены тэрмін даўнасці на карыстанне надзелам (спярша - 20 гадоў, у XVI стагоддзі ён знізіўся да 10). Лічылася, што селянін, які карыстаўся надзелам больш за азначаны тэрмін, "засіжваў волю" і ператвараўся ў "непахожага". Тыповым шляхам запрыгоньвання была грашовая пазыка, якую пан выдаваў вольным сялянам, калі вылучаў ім надзел у сваім маёнтку. Перш чым зысці, такія сяляне мусілі вярнуць пазыку, калі ж не паспявалі сабраць грошы на працягу 10-гадовага тэрміну, то траплялі такім чынам у вечную залежнасць. У выніку гэтых працэсаў асноўная маса сялянства да сярэдзіны XVI стагоддзя перайшла ў катэгорыю "непахожых".

Рост колькасці сярэдняй і дробнай шляхты ў першай палове XVI стагоддзя істотна змяніў палітычны клімат у ВКЛ. Саслоўе паноў-магнатаў ужо не мела такой неабмежаванай улады, як стагоддзем раней. Шляхта патроху пашырала свае правы, і прыкладам ёй служыла суседняя Польшча, дзе шляхецкае самакіраванне мела даўнія карані. Гэта было адной з прычын таму, што ідэя больш шчыльнай інтэграцыі з Польшчай набыла шырокую папулярнасць. Насуперак намаганням магнатаў, якія ў цэлым стаялі за незалежнасць Вялікага княства, у 1560-я гг. быў праведзены ў жыццё шэраг палітычных рэформ паводле польскага ўзору, якія фармальна ўраўнялі ў правах шляхту і магнатаў. У рэшты рэшт у 1569 г., пад уціскам ваеннай пагрозы з боку Расійскай дзяржавы, гэты працэс прывёў да заключэння Люблінскай уніі, паводле ўмоў якой Польшча і ВКЛ аб'ядноўваліся ў федаэратыўную дзяржаву - "Рэч Паспалітую абодвух народаў". У гісторыі Беларусі настаў новы этап.

  1. Полоцкие грамоты ХІІІ - начала XVI вв. / Сост. А.Л.Хорошкевич. М., 1977. № 10. С. 50 - 54.
  2. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. Krakow, 1948. № 25. S. 40 - 42.
  3. Там жа. S. 550 - 553.
  4. Ochmanski J. Biskupstwo Wilenskie w sredniowieczu. Ustroj i uposazenie. Poznan, 1972. S. 57.
  5. Kodeks dyplomatyczny... № 28. S. 47.
  6. Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae 1386 - 1430 / Wyd. J. Ochmanski. Warszawa - Poznzn, 1986. № 70. S. 70.
  7. Русская историческая библиотека (РИБ). Т. 27. М., 1910. С. 84.
  8. Там жа. С. 85.
  9. Там жа. С. 14.
  10. Там жа. С. 64.
  11. Kodeks dyplomatyczny ... S. 214 - 215.
  12. Описание бумаг и документов, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции. Т. 21. М., 1916. С. 371.
  13. Pietkiewicz K. Kiezgailowie i ich latyfundium do polowy XVI wieku. Poznan, 1982. S. 114.
  14. Kodeks dyplomatyczny... № 281. S. 328 - 330.
  15. Там жа. № 298. S. 352 - 354.
  16. Метрыка ВКЛ. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-18. (Надалей - Метрыка). Спр. 247. Арк. 702 адв. - 706.
  17. Balinski M. Starozytna Polska pod wzgledem historycznym, jeograficznym i statystycznym. Warszawa, 1846. T. 3. S. 830.
  18. РИБ. Т. 27. С. 393 - 395.
  19. Акты, относящиеся к истории Западной России (АЗР). Т. 1. Спб., 1846. С. 59-60.
  20. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1897. S. 20, 337 - 338.
  21. АЗР. Т. 1. № 85. С. 105.
  22. Метрыка. Спр. 5. Арк. 204.
  23. Wolff J. Kniaziowie ... S. 21.
  24. Акты Литовской метрики. Т. 1. Вып. 1. Варшава, 1896. № 318. С. 124 - 125.
  25. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 1. Спб., 1861. № 62. С. 49 - 52.
  26. Kurczewski J. Kosciol Zamkowy czyli Katedra Wilenska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym i ekonomicznym rozoju. Cz. 3. Wilno, 1908. S. 9.
  27. Wolff J. Kniaziowie ... S. 21.
  28. ПСРЛ. Т. 13. М., 1965. С.35.
  29. Метрыка. Спр. 12. Арк. 220.
  30. Там жа. Арк. 489 адв. - 490 адв.
  31. АВК. Т. 22. № 629. С. 388 - 392. Гл. таксама: Спірыдонаў М. Ф. Першая ардынацыя ў Беларусі // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 8. Мн., 1996. С. 198 - 216.
  32. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. 694. Воп. 1. Спр. 4149.
  33. Wolff J. Kniaziowie ... S. 406.
  34. Wolff J. Pacowie Materyaly historyczno-genealogiczne. Petersburg, 1885. S. 16 - 17.
  35. АВК. Т. 22. № 629. С. 390, 402.
  36. Метрыка. Спр. 35. Арк. 41 адв. - 44 адв.; Спр. 569. Арк. 950 - 953, 956, 959.
  37. Спірыдонаў М. Ф. Першая ардынацыя ... С. 199.
  38. Метрыка. Спр. 239. Арк. 213.
  39. Wolff J. Kniaziowie ... S. 493 - 494.
  40. АВК. Т. 33. № 41. С. 41- 42.
  41. РИБ. Т. 33. Пг,, 1915. С. 30.
  42. Там жа. С. 1217.
  43. Метрыка. Спр. 239. Арк. 97 адв.
  44. РИБ. Т. 33.. С. 1217, 1230 - 1231.
  45. НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 8. Л. 1104 - 1105.
  46. НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 25. Л. 695 - 696.
  47. Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов (АВК). Т. 10. С. 7 - 8.
  48. Метрыка. Спр. 15. Арк. 64 - 65.
  49. РИБ. Т. 33. С. 468.
  50. Pergamentu katalogas. Vilnius, 1980. № 410. С. 163.
  51. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 23. Арк. 474 - 479.
  52. Метрыка. Спр. 224. Арк. 110 адв. - 111.
  53. Opisаnie powiatu Oszmianskiego. 1897. S. 21.
  54. РИБ. Т. 33. С. 531.
  55. Там жа. С. 1218.
  56. Метрыка. Спр. 233. Арк. 170.
  57. Метрыка. Спр. 247. Арк. 336, 432 адв. - 455 адв., 489. Там жа. Спр. 249. Арк. 244 адв. - 247 адв.
  58. Метрыка. Спр. 247. Арк. 432 адв. - 433.
  59. РИБ. Т. 33. С. 527.
  60. Метрыка. Спр. 252. Арк. 164 адв. - 166.
  61. Wolff J. Kniaziowie ... S. 286.
  62. Метрыка. Спр. 247. арк. 366 адв. - 367 адв.
  63. РИБ. Т. 33. С. 469.
  64. Там жа. С. 463, 502.
  65. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси (АСД). Т. 7. Вильно, 1870. № 9 - 10. С. 7 - 14.
  66. АСД. Т. 1. Вильно, 1867. № 23. С. 32 - 34.
  67. РИБ. Т. 33. С. 449 - 450, 1225, 455.
  68. Метрыка. Спр. 239. Арк. 107 - 108.
  69. РИБ. Т. 33. С. 434-435, 439.
  70. Спірыдонаў М. Ф. Першая ардынацыя ... С. 208.
  71. Wolff J. Kniaziowie ... S. 105.
  72. Метрыка. Спр. 231. Арк. 183.
  73. Wolff J. Kniaziowie ... S. 107.
  74. Метрыка. Спр. 11. Арк. 93.
  75. АВК. Т. 22. С. 390.
  76. Метрыка. Спр. 34. Арк. 302 адв. - 303 адв.
  77. Wolff J. Kniaziowie ... S.. 106.
  78. Метрыка. Спр. 35. Арк. 41 адв. - 44 адв.
  79. АВК. Т. 22. № 611. С. 355 - 360.
  80. Метрыка. Спр. 237. Арк. 113 адв. - 117, 334; Спр. 243. Арк. 52..
  81. Метрыка. Спр. 34. Арк. 424 адв. - 426 адв., 454 адв. - 455 адв.
  82. Метрыка. Спр. 247. Арк. 702 адв. - 706.
  83. Там жа. Арк. 516.
  84. Метрыка. Спр. 249. Арк. 244 адв. - 247 адв.
  85. Метрыка. Спр. 247. Арк. 924 - 926 адв.
  86. Метрыка. Спр. 40. Арк. 136 - 137 адв.
  87. Метрыка. Спр. 34. Арк. 395 - 396 адв.; Спр. 237. Арк. 113 адв. - 117; Спр. 256. Арк. 245 адв. - 257.
  88. Метрыка. Спр. 34. Арк. 184 - 187, 321 - 322 адв.
  89. Pietkiewicz K. Kiezgailowie ... S. 114.
  90. Pietkiewicz K. Kiezgailowie ... S.115.
  91. РИБ. Т. 33. С. 448, 501.
  92. Метрыка. Спр. 29. Арк. 53 адв. - 56 адв.
  93. РИБ. Т. 33. С. 531.
  94. Там жа. С. 1224.
  95. Там жа. С. 1226, 455.
  96. Бібліятэка АН Літвы. Аддзел рукапісаў.. Ф. 43. Спр. 435.