У складзе Рэчы Паспалітай.
Адміністрацыйныя і гаспадарчыя рэформы.
Паводле адміністрацыйнай рэформы, праведзенай у 1565-66 гг., у ВКЛ была павялічана колькасць ваяводстваў. З гэтага моманту і да канца XVIII стагоддзя тэрыторыя Лагойшчыны, якая раней падпарадкоўвалася віленскаму ваяводзе, увайшла ў Менскі (Мінскі) павет новаўтворанага Мінскага ваяводства. У выніку рэформы была створана новая сістэма шляхецкага самакіравання. У кожным павеце уводзіўся сеймік, на якім мясцовая шляхта выбірала дэпутатаў на агульнадзяржаўны (вальны) сейм і вырашала некаторыя мясцовыя справы. Уводзіліся таксама пасады харунжага (адказнага за вайскова-мабілізацыйныя мерапрыемствы ў павеце) і падкаморага (ён адказваў за вызначэнне межаў паміж маёнткамі). Быў створаны земскі суд у складзе суддзі, падсудка і пісара. Ён разглядаў маёмасныя і іншыя грамадскія справы шляхты, якія раней выносіліся на суд вялікага князя альбо віленскага ваяводы. Разам са з'яўленнем новага ваяводства ў Мінску пачаў дзейнічаць і гродскі (замкавы) суд, які ўзначальваў мінскі староста альбо яго намеснік - падстароста. Яму дапамагалі суддзя гродскі і пісар. Гэты суд разглядаў пераважна крымінальныя справы. Уводзіліся пасады судовых выканаўцаў - возных, якія дастаўлялі позвы, сведчылі факты парушэнняў межаў, крадзяжоў і цялесных пашкоджанняў. Вознымі звычайна станавіліся дробныя шляхцічы.
Змены ў адміністрацыйным кіраванні і судовай сістэме тычыліся толькі шляхты. Сяляне і мяшчане, якія ўтваралі большасць насельніцтва, практычна не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці. Права выступаць ад іх імя належала пану, падданымі якога яны былі і якому выплочвалі павіннасці. Калі ж яны жылі на тэрыторыі дзяржаўнага маёнтка (староства), суд над імі вяршыў мясцовы намеснік. Толькі ў некаторых гарадах і мястэчках дзейнічала гарадское самакіраванне - так званае магдэбургскае права. Ні Лагойск, ні іншыя мястэчкі на тэрыторыі сучаснага раёна (у канцы XVI стагоддзя мястэчкамі лічыліся Акалова, Астрошыцы, Беларуч, Гайна, Камень-Харэцкі, Крайск, Плешчаніцы, Хатаевічы) такім правам ніколі не карысталіся. Для вясковага насельніцтва апошнімі рэшткамі самакіравання заставаліся копныя суды, якія склікаліся звычайна для разгляду злачынстваў, здзейсненых падданымі аднаго маёнтка супраць насельнікаў іншага. У паседжанні копнага суда (так званай "капе") удзельнічалі сельскія старцы і абраныя прадстаўнікі ад абодвух зацікаўленых маёнткаў, а таксама ад суседніх. Яны мелі паўнамоцтвы расследваць справу і нават выносіць пакаранне.
Пасля заключэння ў 1569 г. Люблінскай уніі ВКЛ увайшло ў склад Рэчы Паспалітай, але захавала ўласнае заканадаўства, войска, фінансавую і юрыдычную сістэмы. Агульнымі для ВКЛ і Польшчы былі толькі кароль і сейм. Унія дазволіла Рэчы Паспалітай паспяхова скончыць доўгую вайну з Расіяй, што цягнулася з 1563 па 1582 г. Наступныя некалькі дзесяцігоддзяў былі часам эканамічнага ўздыму, калі няўхільна павялічвалася колькасць насельніцтва, з'яўляліся новыя паселішчы, а старыя павялічваліся ў памерах.
У гэты ж час у ВКЛ адбылася рэформа сістэмы сялянскага землекарыстання, вядомая як "валочная памера". Уводзілася стандартная зямельная адзінка - валока, якая падзялялася на 30 моргаў плошчай у 0,71 га. Кожны морг падзяляўся на 3 шнуры альбо на 30 прутоў (прэнтаў). Плошча валокі, такім чынам, складала прыкладна 21,3 га. За карыстанне такім надзелам вызначалася фіксаваная плата, якая залежала ад якасці зямлі. Звычайна ўводзіліся тры градацыі - добрая, сярэдняя і дрэнная ("подлая") зямля. Валочны надзел прадстаўляўся ў карыстанне аднаго, часцей - двух ці трох сялянскіх двароў, якія сумесна выконвалі павіннасці. Адначасова ўводзіўся і абавязковы трохпольны севазварот - кожны надзел падзяляўся на тры часткі, з якіх адна засявалася азімым жытам, другая - яравымі культурамі, а трэцяя заставалася пад парам.
Захаваліся звесткі пра валочную рэформу ў маёнтку Корань віленскага капітула. Рашэнне аб яе правядзенні было прынята капітулам 3 кастрычніка 1572 г. [104] Перамерылі землі маёнтка на валокі не пазней канца 1575 г. канонікі Лаўрын Вольскі і Тамаш Макавецкі. Не жадаючы ўводзіць новую сістэму павіннасцей самастойна, яны прадставілі ў капітул праект "валочнай уставы", які і быў ухвалены капітулам 13 лютага 1576 г. У лісце, накіраваныма з гэтай нагоды "цівунам і людзям маёнтка Кораньскага", адзначалася, што капітул разгледзіў праект і знайшоў, што ён не прывядзе да "вялікай абцяжлівасці" падданых. У актавай кнізе капітула захаваўся і тэкст самой уставы [105]. Адпаведна ёй, скасоўваліся папярэднія павіннасці - мядовая даніна і грашовая выплата - "палуконне", што збіралася з кожнага двара. Замест таго ўводзіліся дзве катэгорыі валок - цяглыя і асадныя. З цяглай валокі добрай зямлі ішоў грашовы чынш у памеры 35 грошаў, а таксама дзякло ў выглядзе 1 бочкі жыта і 2 бочак аўсу (напэўна, мелася на ўвазе так званая вялікая, альбо віленская бочка памерам у 407 л). З такой жа валокі сярэдняй зямлі належаў чынш у 30 грошаў, па 1 бочцы жыта і аўсу, 2 курыцы і 10 яек. Паншчына незалежна ад якасці глебы складала па 2 дня ў тыдзень з валокі і яшчэ 6 дзён талакі (калектыўнай працы на зборы ўраджаю) у год. Былі яшчэ падводная павіннасць, старажоўства і інш. У выпадку прыезду кагосці з канонікаў (членаў капітула) падданыя мусілі даваць ім на мяса 1 цяліцу. Карыстальнікі асаднай валокі панчшыны не выконвалі. На добрай зямлі яны плацілі чынш у 70 грошаў і дзякло - па 1 бочцы жыта і аўсу. Пры сярэдняй якасці глебы чынш памяньшаўся да 60 грошаў, а дзякло заставалася такім самым. На дрэннай зямлі заставаўся толькі чынш у 60 грошаў, без дзякла. Варта прыгадаць, што бочка жыта на той час каштавала каля 10 грошаў, бочка аўсу - каля 5 грошаў.
Незадоўга да таго ў Корані быў пабудаваны новы касцёл. Таму валочная ўстава пералічвае і павіннасці на яго карысць. Ксёндз павінен быў раз у год на Каляды (Ражство) аб'язджаць воласць - калядаваць. Пры гэтым з кожнай валокі яму належала па 1 грошу і па 1 кракаўскаму карцу (каля 25 л) жыта. Аднак час паказаў, што гэтае забеспячэнне касцёла аказалася недастатковым. У наступным дакументце наконт спраў Кораньскага прыхода, датаваным 10 кастрычніка 1591 г., адзначаецца, што з-за недахопу сродкаў ксёндз кінуў касцёл, а прыхажане пачалі вяртацца да "рускіх" (праваслаўных) цэркваў і выконваць там абрады. (Гэта сведчыць, дарэчы, што касцёл паўстаў на землях, дзе карэнае насельніцтва было праваслаўным). У сувязі з гэтым старцам і ўраднікам было прадпісана самім збіраць падаткі на карысць касцёла замест ранейшай каляды і звозіць у маёнтак, адкуль ужо вылучаліся сродкі на касцёл. Праўда, за ксяндзом пакідалася права калядаваць, але сяляне маглі даваць яму што-небудзь толькі па сваёй добрай волі [106]. Гэтыя меры не змянілі становішча, і ўжо 1 кастрычніка 1596 г. Кораньскі прыход быў часова скасаваны, а касцёл ператвораны ў філіял суседняга Гайненскага касцёла [107]. Адноўлены Кораньскі прыход быў толькі ў 1605 г., пасля чаго існаваў ужо трывала.
Шляхецкія падзелы і бойкі.
У актавых кнігах гродскага і земскага судоў захавалася мноства цікавых падрабязнасцяў пра жыццё Лагойшчыны ў той час. Буйнейшым маёнткам па-ранейшаму заставалася Лагойскае графства - вотчына Васіля Цішкевіча, часткова падзеленая паміж нашчадкамі паводле яго завяшчання, якое ўжо неаднаразова прыгадвалася ў папярэднім нарысе. Увогуле пан Цішкевіч пакінуў два завяшчання, складзеных ім у 1567 г. і незадоўга да смерці ў 1570 г. [108] Свае родавыя маёнткі на Украіне, атрыманыя ў спадчыну ад бацькі, ён паводле старажытнага звычаю падзяліў пароўну паміж трыма сынамі - Юрыем, Каляніцкім і Астафіем (з іх два першых паходзілі ад яго шлюбу з князёўнай Аляксандрай Чартарыйскай, а трэці - ад паўторнага шлюбу з Настассяй Андрэеўнай Сапоцкаўнай). Што да маёнткаў, набытых на працягу жыцця, то імі Васіль Цішкевіч распарадзіўся паводле ўласнага жадання. Ён амаль цалкам пазбавіў спадчыны ў гэтых маёнтках сына Каляніцкага, з якім жыў у нязгодзе. Апошняму дастаўся толькі невялікі дворац Трусавічы, а таксама частка маёнтка Калодзезі на Смалявіччыне, раней належаўшая Богушу Петкавічу.
Асноўную частку Лагойскага маёнтка - уласна мястэчка і замак Лагойск, дворац Луцаўскі, маёнтак Мгле (у яго складзе пазней было мястэчка Косіна, у завяшчанні яшчэ не ўпамянутае), частка Калодзезяў, набытая ў спадчыну па Аўдоцці Мажайскай, і частка Заазер'я, набытая ад нашчадкаў князя Гальшанскага - яшчэ ў 1567 г. Васіль завешчаў сыну Юрыю і двум сынам апошняга, Фёдару і Марціну, спецыяльна агаварыўшы, што гэтая вотчына "на девки не маеть прыходить". У другім завяшчанні ад 1570 г. Васіль адпісаў малодшаму сыну Астафію, на той час яшчэ непаўналетняму, Камень-Харэцкі, Далькавічы, Губы, Сялец, а таксама Вялейку, Беразіно і Асецішча ў сучасным Докшыцкім раёне.
Васіль Цішкевіч памёр у 1571 г. на пасадзе смаленскага ваяводы. Сын Юрый, ваявода берасцейскі і староста ваўкавыскі, які ўнаследваў ад бацькі тытул графа на Лагойску і Бярдзічаве, перажыў яго толькі на 5 гадоў. Перад смерцю ён завяшчаў старшаму сыну Фёдару замак Слабадзішча на Украіне, а другому сыну Марціну - замак Лагойск. Аднак неўзабаве пасля смерці Юрыя, у канцы 1576 г., яго сыны заключылі паміж сабой пагадненне, паводле якога кожны з іх атрымліваў па палове абодвух маёнткаў. Пры гэтым тая палова Лагойска, якая перайшла да Фёдара, разглядалася як заклад пад забеспячэнне грашовай пазыкі, якую даў яму Марцін. Браты агаворвалі, што ў выпадку, калі Фёдар не зможа вярнуць грошы, ён ададасць Марціну гэтую палову Лагойска з належачымі да яго валасцямі і мястэчкам Юр'евам (у сучасным Смалявіцкім раёне) [109].
На працягу наступных гадоў абодва браты неаднаразова згадваюцца ў судовых справах, якія яны вялі са сваімі суседзямі (у гэты час іх прозвішча усё часцей запісваецца на польскі лад - "Тышкевічы"). Так, у 1581 г. адбыўся канфлікт з уладальніцай сумежнага маёнтка Заазер'е Ядвігай Мікалаеўнай Пац, удавой Войцаха Шэмета (нагадаем, што яна валодала часткай гэтага маёнтка як спадчынай сваёй маці, князёўны Ганны Гальшанскай). Яе падданы збіў лагойскага баярына, за што браты Тышкевічы падалі на яе ў суд [110]. У чэрвені наступнага 1582 г. ужо заазерскі ўраднік пані Ядвігі, шляхціч Себасцян Шчапкоўскі, падаў у менскі гродскі суд скаргу на лагойскага ўрадніка Фёдара Тышкевіча - Васіля Сурына, які са шматлікімі слугамі, баярамі і лагойскімі мяшчанамі наехалі на двор Заазер'е, дзе яны вышыблі браму, збілі самога Шчапкоўскага і яго жонку, парабавалі шмат іх маёмасці, доўгі спіс якой быў прыкладзены да справы [111].
Верагодна, урэшце рэшт Фёдар усё ж саступіў свайму брату увесь Лагойск, сканцантраваўшы ў сваіх руках уладанні на тэрыторыі Украіны. Марцін Тышкевіч заставаўся ўласнікам Лагойска да сваёй смерці ў 1631 г. Яго спадчыннікамі былі два сыны - Філон (які да канца жыцця ў 1648 г. займаў пасаду мінскага земскага суддзі) і Юзаф, нашчадкі якога валодалі Лагойскам на працягу 8 наступных пакаленняў, да 1917 г.
Частка ўладанняў Васіля Цішкевіча пасля яго смерці заставалася пэўны час у карыстанні яго ўдавы Настассі Андрэеўны. Так, яшчэ з запісу Васіля ад 1557 г. вядома, што ён запісаў ёй пажыццёвае права на даннікаў у сяле Прусавічы, набытых у паноў Мікалая Ўралеўскага і Станіслава Паца [112]. У адным з дакументаў прыгадваецца падзел маёнтка Клін, які адбыўся ў 1579 г. паміж удавой Цішкевіча і панам Есіфам Галаўнёй, падсудкам новагародскім. Кожнаму з іх тады дасталася па 81 валоке [113]. Гэты маёнтак межаваў з сялом Хатынь (належачым да Лагойскага маёнтка) і з уладаннем Віленскага капітула Ганявічы. Размежаванне паміж імі, якое адбылося ў 1584 г., прыгадваецца ў вопісе адной з актавых кніг, якая да сённяшняга дня не захавалася [114]. Панскі двор маёнтка Клін знаходзіўся, напэўна, паблізу сучасных вёсак Калюга і Задворнікі. Невядома, якім чынам правы на яго дасталіся Есіфу Галаўні, але ў іншым дакуменце ён прыгадваецца таксама як адзін з саўладальнікаў Хатаевіч (верагодна, той іх часткі, якая адносілася да маёнтка Плешчаніцы). З гэтага можна меркаваць, што і Клін раней вылучыўся са складу Плешчаніцкага маёнтка.
З іншых нашчадкаў Васіля Цішкевіча, атрымаўшых спадчыну на Лагойшчыне, яго сын Каляніцкі памёр у 1576 г. Усе яго маёнткі адышлі да жонкі Барбары з роду князёў Саламярэцкіх, а затым да яе сына ад першага шлюбу - Лаўрына Канстанцінавіча Ратомскага. Напэўна, нейкае дачыненне да гэтай спадчыны меў (у якасці апекуна?) Ян Янавіч Глябовіч, граф на Дуброўне. Прынамсі, пад час пажару ў адным з яго маёнткаў у студзені 1578 г. згарэлі, сярод іншых, "листы и привилья на именье Селцо, Добринев, Аинаревичи, лежачие у повете Менском" [115].
Захавалася завяшчанне Лаўрына Ратомскага ад 7 лютага 1594 г., упісанае ў актавую кнігу Віленскага гродскага суда ў тым жа месяцы, пасля яго смерці [116]. У завяшчанні сярод шматлікіх маёнткаў, раскіданых па ўсёй дзяржаве, прыгадваюцца і яго ўладанні на Лагойшчыне, і сярод іх - маёнтак Айнаравічы, які перайшоў да яго ў спадчыну пасля маці Барбары, разам з 3 валокамі, якія выслужыў у караля (напэўна, са складу суседняга Айненскага староства) і прылучыў да Айнаравіч яго айчым Каляніцкі Тышкевіч. Пазней сам Лаўрын таксама "до того именья кгрунтов и людей прибавил". Да таго ж маёнтку было далучана сяло Хатаевічы (дакладней, яго частка, якая належала князям Саламярэцкім здаўна, паводле завяшчання княгіні Мажайскай). Прыгадваецца ў завяшчанні таксама быцькоўскі маёнтак ("отчизное именье") Ратомскага Беларуч, якое Лаўрын запісаў у пажыццёвае карыстанне сваёй жонцы Галене Рыгораўне з князёў Горскіх пад забеспячэнне доўга ў памеры 1000 коп грошаў. Гэта азначала, што яго сыны маглі ўступіць у валоданне гэтым маёнткам толькі пасля яе смерці і пры ўмове, што яны выплацяць азначаны доўг той асобе, якой пані Галена захоча яго завяшчаць ("и кому она тую суму пенезей - тысечу коп грошей на том именью Беларуце по животе своем опишет, тот тое именье Беларуч до того часу держати и вживати мает, покуль тая сума пенезей от детей, потомков моих, которым тое именье правом прирожоным спадывает, отдана и заплачона будет"). Айнаравічы і Хатаевічы таксама былі завешчаны жонцы пана Лаўрына, якая магла завяшчаць іх сваім дзецям у любой прапорцыі па ўласным жаданні. Свайму старшаму сыну Мікалаю (ён паходзіў ад першага шлюбу з Зоф'яй, дачкой Васіля Цішкевіча) Лаўрын Ратомскі завяшчаў апрача іншага маёнтак Трусавічы, які дастаўся яму ад Каляніцкага.
Малодшы сын Васіля Цішкевіча Астафі, пазнейшы кашталян смаленскі і намеснік айненскі, у актавай кнізе 1582 г. прыгадваецца ў сувязі з нападам яго падданых з сяла Загор'е (зараз не існуе) маёнтка Далькавічы на жыхароў маёнтка Прусавічы пана Крыштофа Завішы, а таксама на слуг і баяр маёнтка Касцянёўскага (таксама не існуе). Па загаду Астафія яго далькавіцкі ўраднік Ян Адамовіч і старац Самсон Сцяпанавіч "с помочниками многими" напалі тады на "гасподу" (панскі дом) у сяле Прусавічы и дом тамашняга старца Грышкі Пустынкі, а таксама на двор іх суседа, уладальніка Касцянёва Дзмітрыя Падзерні. Адзін жыхар Прусавіч у выніку быў забіты, а другі - паранены. Слуг Падзерні таксама пабілі і адабралі ў іх дзве шаблі, коштам у 5 і 6 талераў (1 талер тады каштаваў 35 грошаў).
У 1586 г. Астафі Тышкевіч узяў у заклад на 2 гады за 400 коп грошаў землі, прылеглыя да яго маёнтка Далькавічы, з сёламі Коргава-Гарадзец, Яневічы (зараз не існуе), Зацэнне, а таксама больш аддаленыя Будзінічы (у Барысаўскім раёне) і Ізмайлевічы. Гэтыя ўладанні былі ўласнасцю пані Гальшкі з Глябовічаў, якая на той момант была ўдавой Міхаіла Валовіча. У 1590 г. яна, ужо будучы жонкай Станіслава Нарбута, скардзілася, што Астафі Тышкевіч не жадае браць назад грошы і вяртаць маёнткі, хоць тэрмін закладу даўно скончыўся [117]. Пазней яна, напэўна, усёж выкупіла іх назад і перадала свайму трэцяму мужу Андрэю Завішы, з якім ажанілася ў канцы XVI стагоддзя.
Астафі Тышкевіч памёр без нашчадкаў у тым жа 1590 г. Ён на той час быў смаленскім кашталянам і айненскім намеснікам. Яго завяшчанне не захавалася, але можна меркаваць, што нейкую частку спадчыны ён адпісаў на карысць сястры Аляксандры, якая на той час трэцім шлюбам была за паякам Мікалаем Язлавецкім. Яна прыгадваецца ў якасці ўладальніцы Каменя-Харэцкага ў 1594 г. [118] Частку гэтага маёнтка Астафі перад смерцю прадаў шляхцічу Марціну Васільевічу Садоўскаму. Той у завяшчанні 1593 г. запісаў жонцы Кацярыне і сыну Багдану "двор мой в Каменю с пашнею, людьми оселыми", разам з сялом Карсаковічы набыты ў Астафія Васільевіча Тышкевіча [119]. Неўзабаве, у актавай кнізе 1600 г. ўласніцай Каменя-Харэцкага выступае пані Катарына Садоўская [120], а ўласнікам Далькавіч - Пётр Бярнацкі [121]. Іншая частка тых жа вотчын А. Тышкевіча у 1596 г. была прададзена яго сястрой Аляксандрай польскаму шляўцічу Херубіну Дыбоўскаму [122]. Гэтыя маёнткі (Камень-Харэцкі, Далькавічы, Прусавічы, Губа, Хатынь і інш.) прыгадваюцца ў якасці ўладанняў Дыбоўскага ў актавай кнізе 1600 г. [123] Пасля смерці Х. Дыбоўскага ў канцы таго ж года яны перайшлі ў спадчыну да яго жонкі - Барбары Паўлаўны Пац [124], якая ў далейшым паўторна выйшла за ўнучатага пляменніка Астафія - Юзефа Марцінавіча Тышкевіча. Зноў Камень-Харэцкі і Далькавічы прыгадваюцца ў 1607 г., калі іх уласнікі Барбара Пац і Юзеф Тышкевіч паводле судовага рашэння павінны былі часова перадаць іх мінскаму ваяводзе Яну Пацу (стрыечнаму брату Барбары), якому яны задаўжалі вялікую суму грошай. Пац павінен быў карыстацца гэтымі маёнткамі, пакуль не выбярэ з даход, роўны суме доўга. Аднак Барбара і яе муж адмовіліся падпарадкавацца гэтаму рашэнню, за што былі прысуджаны да выгнання (баніцыі) [125].
З іншых маёнткаў даволі падрабязныя звесткі тычацца Нястанавіч. Гэты маёнтак быў моцна раздробнены ўжо ў сярэдзіне XVI стагоддзя, і прэцэс яго драблення працягваўся. Так, у лістападзе 1578 г. чацвера сыноў памёршага зямяніна гаспадарскага Фёдара Яцкавіча Вардомскага падзялілі паміж сабой яго частку маёнтка Нястанавічы, якая і так была ўжо не надта вялікай. Бацькоўскі двор цалкам адышоў да старэйшага з братоў, Міхаіла, а агароды і сенажаці пры ім былі падзелены на 4 часткі. Тое ж было зроблена з ворыўнымі землямі. Міхаілу дастаўся пас ля мяжы маёнтка Хатаевічы ўздоўж рэчкі Пушчанкі, які ўпіраўся ў мяжу касцёльнага маёнтка Кацалі. Другі бок гэтага абшару вызначалі дарога, што ішла з Нястанавіч на Кацалі, і рэчка Звоня, за якой былі ўжо землі маёнтка Урупава паноў Ляньковічаў. Другі брат, Васіль, атрымаў сумежны абшар - таксама паміж рэчкамі Пушчанкай і Звоняй, на другі бок ад дарогі. Трэці брат, Пыцецкі (Пацей?), атрымаў частку, што таксама пачыналася ад хатаявіцкай мяжы на рацэ Пушчанцы, але ішла да мяжы сяла Нястанавічы, належачага пану Валовічу, паміж уладаннямі Ляньковічаў і дарогай з Хатаевіч на Заполле. На гэтым абшары было ўсяго 4 двары падданых. Частка чацвертага брата, Яцкі, у дакуменце не вызначана [126].
Іншая частка таго ж маёнтка яшчэ раней паспытала падзел паміж нашчадкамі зямяніна Анфора Пятровіча Хіхеля. У актавай кнізе Мінскага гродскага суда за 1582 г. захаваўся цэлы стос дакументаў, звязаных з яго нашчадкамі. Прыгадваюцца браты Ян, Пётр і Міхаіл Анфоравічы, іх сястра Багдана, муж яшчэ адной сястры Настассі Анфораўны - пан Еўцік, а таксама пан Іван Бабаед, які меў нейкія правы да той жа часткі. Апрача таго, Ян Анфоравіч быў жанаты з Маргарытай Мікалаеўнай Катлоўнай, а яе сястра Барбара выйшла за Яна Паўлавіча Дуная, уладальніка сумежнага маёнтка Заполле, які фігуруе ў тых жа справах. Барбара Катлоўна да таго часу ўжо набыла часткі пана Еўціка і яго жонкі, а таксама пана Бабаеда. Родасныя і сваяцкія адносіны ў гэтых уладаннях былі дзіўна пераплецены з варожасцю і гвалтам.
У лютым 1582 г. з уладанняў Багдыны Анфораўны быў здзейснены наезд на пушчу ля ракі Звоні, належачую іншым саўладальнікам Нястанавіч - Рыгору Варановічу і яго жонцы Галене Гурынаўне. Падданыя Багданы і яе брата Яна насеклі там шмат дроў, а калі ўласнікі пушчы звярнуліся ў суд, Багдана прапанавала пацярпелым насекчы столькі ж лесу ў яе пушчы [127]. У красавіку 1582 г. Ян Дунай ажыццявіў наезд ужо на двор Багданы Анфораўны, адкуль забраў 8 дарослых валоў і 4 маладых ("невукаў"), 10 дойных кароў, 6 яловак, 8 падцёлкаў, 30 авечак, 20 свіней, 2 ездавых коней, 8 кабыл і 6 жарабцоў, 4 рабочых коней, а таксама 2 валоў, 4 кароў, 10 авечак і 2 коней у аднаго з мясцовых сялян. За гэта ад імя Багдыны яе брат Міхаіл выклікаў Яна Дуная ў суд [128].
Тым часам 15 красавіка на дарозе ля Нястанавіч адбылося жорсткае сутыкненне. Паводле версіі аднаго з бакоў, Ян Анфоравіч з 2 слугамі свайго брата Міхаіла, узброенымі ручніцамі (агнястрэльнай зброяй накшталт мушкета), заступілі шлях Тамашу Радзімскаму, сябру Рыгора Варановіча, які вяртаўся з яго двара Нястанавічы ў свой двор Белае, які трымаў у закладзе. Яны паранілі слугу Радзімскага, але Радзімскі аказаўся больш спрытным і чэканам нанёс смяротную рану ў грудзі Яну Анфоравічу. Апошні паспеў перад смерцю падаць скаргу, у якой сцвярджаў, што менавіта Радзімскі напаў на яго, калі ён вяртаўся дамоў з маёнтка Заполле, належачага Міхаілу Анфоравічу. Пры гэтым Радзімскі не толькі параніў Яна, але і забраў у яго паперы, якія тычыліся справы супраць Івана Бабаеда наконт трэцяй часткі сумеснага маёнтка. 25 красавіка Міхаіл і Пётр Анфоравічы афіцыйна абвінавацілі Радзімскага ў забойстве іх брата [129].
У той жа дзень у гродскі суд быў прадстаўлены акт уводу Яна Дуная ў маёнтак Яна Анфаровіча - двор Іванкевіцкі, куплены за 1673 капы грошай. Да двара належалі 2 аседлыя службы, якія трымалі 4 сялянскіх сям'і, і 2 пустыя службы. Статак у маёнтку складаўся з трох коней, коштам адпаведна ў 8, 6 и 4 капы грошаў, кульгавага жарабца коштам у 18 грошаў, рабочай кабылы ў 1 капу, 6 рабочых валоў і 1 пляменнага быка па 80 грошай кожны, 5 дойных кароў па 50 грошаў, ялавіцы за 40 грошаў, 4 "лонскіх" (народжаных у пазамінулым годзе) цялят па 20 грошаў, 11 авечак па 15 грошаў, 2 бараноў па 20 грошаў, 10 ягнят па 5 грошаў [130]. Праз некалькі дзён паміж Дунаем і застаўшыміся Анфоравічамі адбылося нейкае сутыкненне, у выніку чаго ён быў выгнаны з набытага маёнтка. Верагодна, у адказ Дунай уварваўся ў двор Багданы Анфораўны, выбіўшы браму, і параніў яе цівуна Андрэя Заўлішчу [131].
30 красавіка таго ж года Міхаіл Анфоравіч учыніў наезд на двор Белае, уласнікам якога быў пан Ян Янавіч Глябовіч, а ў закладзе трымаў Тамаш Радзімскі. Пры гэтым з каморы было ўзята шмат адзення і дарагога посуду, а таксама грошай [132]. Ён жа 10 мая уварваўся ў маёнтак Яна Дуная Рудзевічы ў Ашменскім павеце, дзе захапіў даўгавую распіску, раней выдадзеную ім самім на 80 коп грошаў, і такую ж распіску нябожчыка Яна Анфоравіча на 25 коп. Былі таксама забраны 3 запрэжкі валоў, 5 коней і кабыла (верагодна тыя, што былі раней вывезены Дунаем з Іванкевіцкага двара). Гэты скот быў адагнаны ў маёнтак Заполле, належачы Міхаілу Анфоравічу [133].
Між тым возны мінскага гродскага суда прыехаў 12 мая ў двор Белае, каб уручыць Радзімскаму афіцыйны выклік у суд за забойства. Не застаўшы яго, возны уторкнуў паперу з выклікам (так званую "позву") у вароты. Здаецца, абвінавачаны вырашыў колькі можна ўхіляцца ад суда, а уласнік двара Белае пан Глябовіч стаў дапамагаць яму ў гэтым. Ён вярнуў мінскаму ваяводзе позву, растлумачыўшы, што яе знайшлі ў варотах яго ўласнага маёнтка, а тычыцца яна нейкага Радзімскага, які нібыта ніякага дачынення да двара Белае не мае. Аднак Міхаіл Анфяровіч, напэўна, добра ведаў пра маёмасць Радзімінскага, пакінутую ў гэтым двары. Ён 29 мая ўчыніў паўторны наезд на Белае, дзе захапіў на полі двух коней і запрэжку валоў з сахой і нарогамі, зноў-такі адагнаўшы іх у Заполле. Аб гэтым у суд скардзіўся ўраднік Глябовіча Мацей Баўтоўнік. Ён сцвярджаў, што скот належаў бельскаму баярыну Мацею Шпаку [134].
Ян Дунай тым часам таксама падаў у суд на Міхаіла Анфаровіча, абвінавачваючы яго ў "выбитии с держания Нестанович-Ванковичей" і ў наездзе на маёнтак у Ашменскім павеце. Аднак возны зноў не здолеў уручыць выклік у суд, бо не ведаў, дзе знаходзіцца Анфоравіч. Напэўна, нехта падказаў, што таго можна шукаць у Мінску, у "гасподзе" яго сябра Войцеха Мікалаевіча Катла. Возны не рызыкнуў заходзіць туды, а проста ўкінуў лісты з позвамі на імя Анфоравіча ў акно з вуліцы. Анфоравіч вырашыў скарыстаць гэтае парушэнне працэдуры. Ён 2 чэрвеня паведаміў у суд, што даведаўся ад Катла пра недарэчныя позвы, але не лічыць сябе афіцыйна абвінавачаным, бо "мене там не было и мне никто тех позвов не давал" [135]. Тады Ян Дунай таксама вырашыў змяніць тактыку. У жніўні ён разам са сваім сябрам Войцехам Кезгайлам наехаў на дворац Каландзіна ў маёнтку Заполле, які трымаў у закладзе вышэйзгаданы Войцах Кацёл. Нападаўшыя выгналі яго з маёнтка, забраўшы ўсё збожжа, а ва ўрадніка адабралі каня, ярмяк, шаблю і 6 коп "гатовых грошай" [136].
Здаецца, гэтая заблытаная справа так нічым і не скончылася. Тамаш Радзімскі яшчэ ў жніўні - верасні 1582 г. працягваў не толькі гаспадарыць у Белым, але і драпежнічаць. Ён 21 жніўня ўчыніў напад на суседняе ўрочышча Вераб'ёўскае, належачае Рыгору Янкоўскаму (трэба меркаваць, яшчэ аднаму саўладальніку Нястанавіч). Як красамоўна сведчыць скарга Янкоўскага, Радзімскі "наехал сам особою своею, з многими слугами и поддаными своими, маючы с собою колькодесята человека, з ручницами, з согайдаками, з ощепами и з ыншыми многими броньми, войне належачыми, так, яко противко одного непрыятеля." Яны збілі самога Янкоўскага і яго пастухоў, абрабавалі іх і адагналі статак у двор Белае. Былі забраны паштовы конь за 12 коп, пляменныя жарабец і кабыла, дзве рабочыя кабылы (па 8,5 коп кожная) і два мерына (па 9,5 коп), тры сахі валоў разам з прыладамі, 4 дойных каровы, 3 ялавіцы, 4 падцёлкі, 20 авечак, а таксама двое новых калёс, на якіх было вывезена на поле 6 бочак жыта для пасеву. З самога Янкоўскага сарвалі ярмяк і паранілі яго з ручніцы "ніжэй пояса" [137]. Пакуль разглядалася гэтая скарга, Радзімскі 13 верасня наслаў "з маёнтка Нестанаўскага двара Белае" сваіх падданых на сенажаці за ракой Звоней, належачыя Рыгору Варановічу. Там яны накасілі сена на 50 вазоў [138]. Дарэчы, той жа Варановіч 28 верасня скардзіўся ў суд на яшчэ адзін напад - на гэты раз з боку саўладальнікаў Нястанавіч Гальшкі Глябовіч і яе мужа Міхаіла Валовіча, старосты слонімскага [139].
Усе гэтыя падзеі, што нагадваюць хроніку грамадзянскай вайны, адбыліся на працягу некалькіх месяцаў усяго ў адным са шматлікіх маёнткаў Лагойшчыны. У іншых уладаннях шляхты адбывалася тое ж самае. У суседнім маёнтку Крайск 19 сакавіка 1582 г. ўраднік пана Яна Касмоўскага і яго жонкі Ядвігі Насілоўскай з баярамі і падданымі абрабавалі дом дробнага шляхціча Станіслава Міціча Чарнаруцкага і яго жонкі Багданы Шлехаўны Рагазянкі [140]. Неўзабаве 1 красавіка гаспадарскія зямяне Дзмітрый і Васіль Чарнаруцкія падпільнавалі на дарозе двух добра падпітых баяр таго ж маёнтка, падданых трокскага ваяводы Стэфана Збаражскага, і абрабавалі іх, забраўшы з абодвух паясы з грашыма, з аднаго ярмяк і шаблю, з другога - кажух і корд (кінжал) [141]. 20 чэрвеня ўжо падданыя Сэфана Збаражскага на перакрыжаванні дарог з мястэчка Крайск да сяла Грыневічы і з крайскага млына да сяла Лобатаў абрабавалі такім жа чынам ажно 9 падданых Яна Касмоўскага [142]. У адказ людзі Касмоўскага на чале з войтам 22 чэрвеня напалі на дарозе на ўрадніка Збаражскага, шляхціча Івана Стэфановіча, і на цівуна таго ж маёнтка, збілі і абрабавалі іх [143].
Маёнтак Крайск быў гэтак жа моцна раздробнены, як і суседнія Хатаевічы. Апрача азначаных асоб, яго саўладальнікамі былі ў той час пані Марына Юр'еўна Насілоўская з мужам Янам Янавічам Воўчкам, а таксама пан Іван Рагоза, харунжы дворны. Рагозе тады належала сяло Забалоцце (у сучасным Вілейскім раёне). У 1580 г. паміж імі адбывалася размежаванне крайскіх зямель, якое прыгадваецца ў больш познім дакуменце. На прылеглых да яго абшарах пазней з'явілася паселішча Рагозін, якое неўзабаве стала цэнтрам маёнтка. У 1647 г. ён належаў панам Пятру і Юрыю Язерскім, якія ажыццявілі яго падзел са спасылкай на размежаванне 1580 г. [144]
Зацяты канфлікт кіпеў паміж саўладальнікамі маёнтка Салдзяневічы ў Айненскім старостве - Ігнатам Хадковічам і Іванам Ляўковічам. Першы з іх, сустрэўшы ў карчме дзяржаўнага сяла Сліжын аднаго з пададных Ляўковіча, пабіў яго там. Пры асабістай сустрэчы Ляўковіч пачаў папракаць яго, на што Хадковіч адказаў: "не только мужика твоего, але и на тебе, старый злодею, маю железную пугу". Неўзабаве ён заараў пасеянае Ляўковічам збожжа на спрэчнай ніве ва ўрочышчы Навінкі і пасеяў там сваю грэчку, а таксама раскідаў агарожу іншай нівы ля дарогі на Айну, патаптаўшы пасеяны авёс [145]. 1 жніўня той жа Хадковіч з памочнікам Рыгорам Сямёнавічам Копцем наехалі на двор Салдзянеўскі Шыраеўскі (унасладваны Ляўковічам праз шлюб з Тамілай Цімафееўнай Шыраеўнай) і вывезлі ў двор Хадковіча дзверы, аконныя рамы і нават лаўкі, а печ у святліцы і гліняны "перасвет" разбурылі. Было таксама скошана сена на сенажаці Ляўковіча. У сустрэчнай скарзе Хадковіч сцвярджаў, што Ляўковіч перагарадзіў сваім плотам спрэчную сенажаць, раскідаўшы яго стары плот, а ля дарогі з Бясед да Айны стары шлях перагарадзіў і засеяў жытам, а новы праклаў па зямлі Хадковіча [146]. У верасні 1582 г. адбыўся падобны канфлікт паміж зямянамі Песлякамі - саўладальнікамі суседняга маёнтка Дамашэвічы. Браты Іван, Ян, Васіль і Астап Касцюшкавічы Песлякі напалі на двор Іосіфа Іванавіча Песляка, пасеклі вокны і дзверы, застрэлілі з ручніцы сабаку, забілі і ўнеслі з сабой 10 гусей і 6 качак, а ў бровары разбілі бочку з півам на 5 ушаткаў [147].
Пры такой колькасці злачынстваў практычна ўсе яны сыходзілі беспакаранымі. Гродскі суд паспяваў толькі старанна фіксаваць усе скаргі ў сваёй актавай кнізе ды рассылаў возных з позвамі, якія звычайна папросту ігнараваліся. Удзельнікі канфліктаў добра разумелі бездапаможнасць шляхецкага суда. Пры кожным парушэні закона яны, як правіла, падавалі ў суд афіцыйную скаргу, але не вельмі разлічвалі на яе вынікі. Бараніць свае інтарэсы кожны імкнуўся перш за ўсё з дапамогай узброеных хеўраў, якія дзейнічалі паводле прынцыпа "вока за вока". Ахвяры помсты таксама пісалі скаргу, а тым часам рыхтавалі новы ўдар у адказ.
У лік пацярпелых маглі часам трапіць і самі прадстаўнікі судовай улады. Так, возны гродскага суда Дзмітрый Андрэявіч Пажарскі быў запрошаны па справе ў дом зямяніна Войцеха Касперавіча Будка ў маёнтку Трусавічы. Там у іх выйшла сварка, у выніку якой возны быў пабіты [148]. Яго калега, возны Ціхан Васільевіч скардзіўся, што 8 жніўня 1582 г. яго саўладальнікі ў маёнтку Хатаевічы, паны Ян і Балтазар Сноўскія, наслалі свайго ўрадніка з людзьмі на спрэчную ніву ва ўрочышчы Лазішча, якую на той момант жалі жонка і падчарыца вознага (гэта, дарэчы, сведчыць, што сем'і дробнай шляхты асабіста працавалі на сваіх палетках). Іх пабілі і прагналі, адабраўшы сярпы, а з жонкі знялі 2 сярэбраных з пазалотай пярсцёнкі коштам у 24 грошы. Нажатае збожжа нападаючыя забралі ў свой маёнтак [149]. Гэты канфлікт, аднак, скончыўся нетыпова - палюбоўным пагадненнем. 1 снежня Ян Паўлавіч Сноўскі паведаміў суду, што ад сябе і малодшага брата Балтазара прызнае правы Ціхана Васільевіча на спрэчную ніву і цалкам зракаецца яе. Пагадненне засведчылі ўраднікі іншых шматлікіх саўладальнікаў Хатаевіч, землі якіх ляжалі цераспалосна: наваградскага падсудка Есіфа Галаўні, жонкі Каляніцкага Цішкевіча Барбары Саламярэцкай, Міхаіла Валовіча, пана Валадковіча і іншых [150].
Рэальнай альтэрнатывай шляхецкаму суду заставаўся старажытны копны суд, у якім удзельнічалі прадстаўнікі зацікаўленых бакоў і суседніх паселішчаў. У актавых кнігах гродскага і земскага судоў Мінскага павета захаваўся шэраг паведамленняў пра копныя суды, якія адбываліся на Лагойшчыне ў канцы XVI - пачатку XVII стагоддзя. Такі суд у 1592 г. разглядаў справу аб парушэнні межаў маёнтка Зебін (зараз Зембін у Барысаўскім раёне) сялянамі маёнтка Гаць, на той момант належачага пану Крыштофу Зяновічу. Адказ трымалі гацкі старац Ігнат Аляксеевіч і сяляне Захар Татарынавіч і Ярмак Захарыч [151]. У 1598 г. разглядалася скарга аднаго з саўладальнікаў маёнтка Нястанавічы - земскага падскарбія і пісара ВКЛ Андрэя Завішы, які абвінаваціў падданых суседняга маёнтка Плешчаніцы, належачага князю Івану Багданавічу Саламярэцкаму, у парушэнні мажаў сяла Мерыцкага (зараз не існуе). На капе прысутнічалі прадстаўнікі навакольных сёл, належачых пану Завішы: Гаколы, Мятлічыц, Коргава-Яневіч, Гарадца. Адказ трымалі ўпаўнаважаныя з сяла Плешчаніцы [152].
На ўсходняй мяжы Плешчаніцкага маёнтка ў 1600 г. таксама адбыўся канфлікт - на гэты раз з падданымі маёнтка Камень-Харэцкі, належачага пану Херубіну Дыбоўскаму. Тагачасны саўладальнік Плешчаніц і Хатаевіч пан Якуб Умецкі скардзіўся на крадзёж каня з яго ўласнага двара, у якім падазраваліся падданыя Каменя-Харэцкага. На капу, скліканую на мяжы абодвух маёнткаў, сышліся не толькі іх жыхары, але і старцы трох суседніх сёл, належачых іншым усласнікам: Коргава-Мятлічыц (уласнасці віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла), Коргава-Яневіч (уласнасці вышэйзгаданага Андрэя Завішы) і сяла Клін (належала на той момант сумесна Юрыю Яновічу і Фёдару Залескаму) [153].
Цэлы шэраг копных судоў тычыўся падданых маёнтка Сялец, раздробленага паміж некалькімі панамі. Іх землі прылягалі да мястэчка Лагойск шырокім паўколам з трох бакоў - поўдня, захаду і поўнычы. У 1599 г. копны суд разглядаў скаргу ўрадніка часткі маёнтка Заазер'е, што належала Яну Пацу, які скардзіўся на ўрадніка часткі Сяльца, належачай Аляксандру Юр'евічу Тышкевічу. Суд адбываўся "под грунтом Колодейским", на поўдзень ад Лагойска. У ім удзельнічалі жыхары належачага Я. Пацу сяла Сычавічы (зараз не існуе) [154]. У 1600 г. копны суд збіраўся ва ўрочышчы Лужышчы пад сялом Слагавічша, якое належала да іншай (паўночнай) часткі маёнтка Сялец, належачай пану Андрэю Кенсоўскаму і яго жонцы Гальшке (Альжбеце) з Ляўковічаў. Суд разглядаў канфлікт з падданымі яшчэ адной часткі таго ж маёнтка, належачай пану Готарду Хадаркоўскаму [155]. У 1602 г. у канфлікце ўдзельнічалі зноў падданыя А. Ю. Тышкевіча з належачага да Сяльца сяла Дабрэнева. З імі судзіліся жыхары таго ж Дабрэнева, а таксама сяла Цераховіч - падданыя маёнтка Губа Юзефа Тышкевіча.
Стан маёнткаў паводле інвентароў канца XVI стагоддзя.
Уявіць стан тагачасных шляхецкіх маёнткаў дапамагае шэраг інвентароў і апісанняў. Адно такое апісанне было складзена ў 1582 г., у сувязі з перадачай Ядзвізе Юр'еўне Насілоўскай маёнткаў яе першага мужа Рыгора Осціка, сярод якіх былі Вепраты. Сам Осцік у 1580 г. быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе і пакараны смерцю, але яго ўладанні ў канцы таго ж года былі вернуты яго ўдаве, якая неўзабаве выйшла другім шлюбам за пана Яна Якубавіча Касмоўскага. У сакавіку 1582 г. трокскі ваявода Стэфан Збаражскі, якому Осцік быў вінен 280 коп грошаў, гвалтоўна захапіў Вепраты. Пасля вяртання маёнтка законным уласнікам, пану Касмоўскаму і яго жонцы, і было складзена апісанне [156]. У ім пералічана збожжа, якое мелася ў панскім двары: 5 бочак азімага жыта, 5 бочак яравога, 6 бочак ячменю, 2 бочкі грэчкі, 1,5 бочкі пшаніцы, 20 бочак аўсу, 1 бочка гароху. У гумне было яшчэ 5 коп неабмалочанага жыта. Такім чынам, менавіта гэтыя культуры і прыкладна ў такой прапорцыі высяваліся ў гаспадарцы. У клеці было 4 поўці (паловы тушы, рассечанай уздоўж) свінога мяса, 6 кумпякоў, 2 шматы сала. Статак налічваў 2 пляменных кабыл ("свиреп"), 3 жарабцоў, 3 дойных кароў, 2 ялавіц, 4 сёлетніх цялят і 3 гадавалых падцёлкаў, 8 авечак і 9 ягнят, 9 свіней, 8 гусей з гусаком, 4 качкі і 2 селязня, 2 каплуноў, 2 пеўняў і 4 кур. Падданымі Вепрацкага маёнтка былі 12 баярскіх і 27 сялянскіх гаспадарак. Сялянскія землі былі па-старому падзелены не на валокі, а на службы (іх налічвалася 9 і 3/4). Апрача таго пры двары меліся 2 гаспадаркі кунічнікаў (якія выплочвалі грашовы падатак - "куніцу") і 2 агароднікі.
Другі інвентар быў складзены ў 1590 г. і апісваў уладанні ў Крайску, якія дасталіся той жа Ядвізе Юр'еўне Насілоўскай пры падзеле бацькоўскай спадчыны з сёстрамі, а потым былі завешчаны ёю свайму сыну - Яну Рыгоравічу Осціку [157]. У інвентары пералічаны "двор з будованьем дворным, с пашней дворной, с гумном, з фольварком и быдлом, з ставы, млыны, с бояры и мещане в местечку Крайску, с поддаными людьми тяглыми и с их службами, и з огородниками и челядью дворною". Сялянскія надзелы вымяраліся ў службах, і гэта сведчыць, што валочная памера ў азначаным маёнтку яшчэ не адбылася. Пайменна пералічаны ўсе падданыя, у тыс ліку 12 баярскіх сем'яў і 22 дыма (двара) мяшчан у мястэчку Крайск, а таксама прыгонныя сяляне ("люди тяглые") ў сёлах Грыневічы (17 дымоў, у іх 31 прадстаўнік мужчынскага полу), Латушкі (5 дымоў, каля 10 мужчын), Бубны (5 дымоў, 8 мужчын) і яшчэ адным сяле, назва якога ў тэксце сапсавана (магчыма, Дзераўна альбо Стрыі). У ім было 20 дымоў, каля 30 мужчын). Пазначаны таксама 3 двары пасяленцаў (у тым ліку млынар), 5 двароў дворнай чэлядзі, з якіх двум мужчынам гаспадыня дала асабістую вольную, але "окром детей", што засталіся ў халопстве. Жылі пры двары таксама 4 сям'і скамарохаў. З пералічаных 47 сялянскіх двароў пераважная большасць была населена адзіночнымі сем'ямі (бацька з дзецьмі). Толькі ў 5 выпадках у двары жылі разам 2 ці некалькі братоў (магчыма, яны былі сынамі недаўна памёршых бацькоў), у 1 выпадку - гаспадар і прымак. У сярэднім на 1 двор прыходзілася каля 1,7 прадстаўніка мужчынскага полу. Гэта вельмі мала для сярэднявечча, таму не выключана, што ў інвентары прыгадваліся толькі дарослыя мужчыны.
Межы Крайскага маёнтка пачыналіся ад пушчы, сумеснай з маёнткам Сушкова, ля ўпадзення ў раку Дзвіносу рэчкі Рэкты, і далей па Дзвіносе да ўпадзення ў Вілію, затым уніз па Віліі да сумеснай пушчы з Харкоўскім маёнткам (зараз у Вілейскім раёне). Мяжа частак маёнтка, належачых розным саўладальнікам, дакладна не вызначалася.
У 1593 г. быў складзены інвентар іншай часткі Крайска, набытай тым жа Янам Осцікам ад яго стрыечнай сястры князёўны Мар'яны Збаражскай і яе мужа Мікалая Нарушэвіча [158]. Там таксама пазначаны "двор самый з будованьем дворным, дворецким и гуменным, збожем на полю засеяным, так с житом яко и ярым збожем, з огороды овощовыми и с погноями, з грунты пашными дворными, з сеножатми мурожными и болотными, лежачыми над рекой Велею и Кобыленкою, з млынами, сажовками, и з мещаны в местечку Крайском и з их селидьбами и грунтами ку нем прислухаючими, з земяны, бояры, поддаными и з огородниками отчизными и прихожими, з их грунтами пашными и непашными, з сеножатми теж их мурожными и болотными и со всими их повинностями и службами к тому двору належачыми, и с пустовщизнами, з боры, лесы, гаи, з зарослями, с пущою, з луги хмелевыми, з гоны бобровыми, з ловами звериными и пташными". На гэты раз падрабязна апісаны панскі двор. Ён быў абнесены плотам. Ад брамы налева змяшчалася пякарня, а насупраць - істопка. Далей у глыбі двара стаяў дом, крыты дранкамі, у ім было 2 святліцы з сенямі, пры адной з іх - каморка. У кожнай святліцы было па печы, абкладзенай паліванай кафляй. Дзверы і вокны былі на жалезных завесах. Далей быў яшчэ адзін "дамок малы", таксама крыты дранкамі, у ім - 2 святліцы і сені паміж імі. Побач з ім стаяла піўніца, над якой быў прыбудаваны свіранак. Далей была другая брама, што вяла да става (сажалкі). З другога боку гэтай брамы сталялі вялікая і малая стайні, 4 свірны, потым - малая святлічка з сенямі і насупраць яе - камора. За дваром над сажалкай асобна стаяла кухня, пры ёй - істопка.
Лік падданых складаўся з 5 сямей агароднікаў, 13 мяшчанскіх і 6 баярскіх двароў, сялінскіх службаў у сёлах Цюнкі (1,5 службы, 7 дымоў, 18 мужчын), Насоўнікі (на палове службы 1 дым, у ім 2 браты, яшчэ 1 служба пустая), Церахі (2 службы, 4 дыма, 15 мужчын, яшчэ палова службы пустой), Хажаі (1,25 службы, 5 дымоў, 12 мужчын, яшчэ 0,25 службы пустой), Чарнаруч (1,25 службы, 5 дымоў, 17 мужчын, з якіх адзін сышоў прэч, яшчэ 1,5 пустой службы), Сморкава (1 служба, 4 дыма, 8 мужчын), Дудзічы (0,5 службы, 1 дым, у ім бацька і сын), Харкавічы (3,5 службы, 17 двароў, 58 мужчын, яшчэ 0,5 службы пустой). Пустаўшчызна ў Грыневічах налічвала зямлі на 3,5 службы. На 44 двара прыходзілася 132 мужчыны (у сярэднім 3), што значна больш, чым у папярэднім інвентары. У большасці выпадкаў сем'і таксама складаліся толькі з бацькоў і дзяцей, хаця ў 3 выпадках прыгадваюцца і ўнукі (гэта значыць, што жанатыя сыны працягвалі жыць разам з бацькам). Браты ў гэтым інвентары не прыгадваюцца - ці таму, што іх не было, ці яны не ўлічваліся.
Трэцяе апісанне маёнтка Крайск было складзена ў 1602 г. [159] Яно тычылася той частки, што належала памёршым напярэдадні Ярашу Воўчку і яго сыну Мікалаю і павінна была адысці да крэдытораў. Зараз землі ўжо вымяраліся ў валоках. Значная частка знаходзілася ў закладзе ў розных асоб. Так, Станіслаў Радзімскі пад заклад 600 коп ад Яраша Воўчка трымаў сёлы Забалоцце, Кабылле і 4 службы ў Хадосах. Ён жа за 240 коп узяў ад Мікалая Воўчка 10 пустых валок у Кабыллі, 4 валокі ў Забалоцці і засценак Сушкоўскі (1,5 валокі). Крыштоф Віцкі меў у закладзе за 200 коп фальварак Чарнаруцкі і сяло Баброў, пан Ян Кемеш за 214 коп - частку сяла Харкоўскага, князь Пётр Пузына за 200 коп - 9 валок у сяле Хадосы. Той жа Крыштоф Віцкі быў жанаты з удавой Яраша Воўчка, якая мела ад першага мужа запіс на 2 тыс. коп грошаў на фальварках Грыневічы і Дзераўна з сёламі Грыневічы, Стрые і Пятровічы. Рэшта ўладанняў Яраша Воўчка пасля яго смерці была падзелена на чатыры часткі, з якіх адна прызначалася яго дочкам Эстэры, Аляксандры і Барбары, а тры - шасці сынам, адным з якіх быў памёршы Мікалай. На яго долю прыпадала 11 аседлых і 9 пустых валок у сяле Баярскае, 2 валокі дворнай пашні, а таксама 2 дыма ў сяле Бабры і 4 валокі 8 моргаў там жа, 20 моргаў сенажацяў над ракой Віліяй вышэй вусця рэчкі Дрозды. Уся яго спадчына за даўгі была перададзена крэдыторам - Адаму Ванкевічу адышлі 6 баярскіх дымоў (па 1 валоке кожны) і 7 пустых валок у сяле Баяры, Станіславу Радзімскаму - 2 валокі баярскіх і 1 пустая ў Бабрах. Яшчэ 6 аседлых і 3 пустых валокі дасталіся панам С. Млажэўскаму, М. Воўчку і П. Пузыне. Пры гэтым кошт каждай заселенай баярскай валокі быў вызначаны ў 60 коп, а пустой - у 50 коп. Доля нябожчыка ў Крайскай пушчы была ацэнена ў 48 валок (з усіх 392), кошт адной валокі пушчы склаў 20 коп, а 1 морга сенажацяў - 1,5 капы, альбо 90 грошаў.
У 1594 г. быў складзены інвентар суседняга маёнтка Нястанавічы - той яго часткі, што належала братам Яну і Пятру Пятровічам Пузынам і падлягала падзелу паміж імі [160]. Пятру дастаўся бацькоўскі двор з сёламі Нястанавічы і Межнікі, а таксама Ескавічы, набытыя ад нябожчыка Мікалая Воўчка. Доля Яна скалала двор Дзвіноса над аднайменнай ракой, пры ім сёлы Дзвіноса (32 дыма, 115 мужчын) і Пракопаўцы (13 дымоў, 41 мужчына). На 1 двор у сярэднім прыпадала каля 3,6 асоб мужчынскага полу. З 35 двароў у 23 былі простыя сем'і - бацькі з дзецьмі. У 2 выпадках у складзе гаспадаркі прыгадваецца прымак, у 3 - зяць, у 1 - жанаты брат. У 6 выпадках глава гаспадаркі меў унукаў, прычым у адным з іх сям'я складалася з бацькі, сына, 2 унукаў і 1 праўнука. Найвялікшая гаспадарка налічвала 11 мужчын: бацьку і трох сыноў, з якіх у аднаго было 3 уласных сына, а ўдругога - 4.
Маецца таксама інвентар часткі маёнтка Сялец, прададзенай у 1596 г. дачкой Васіля Цішкевіча Аляксандрай (жонкай паляка Мікалая Язлавецкага, старосты сняцінскага і сакольскага) пану Касперу Томкавічу і яго жонцы Альжбеце Ляўковіч [161]. У складзе маёнтка пералічаны сёлы Акулічы і Заелле (22 двара, 62 мужчыны), фальварак і сяло Буславічы (17 двароў, 54 мужчыны), сёлы Селішча (14 двароў, 41 мужчына), Загарадзішча (19 двароў, 58 мужчын), Кулакі (14 двароў, 45 мужчын), Лагаза (22 двара, 73 мужчыны), Славагашч (46 двароў, 126 мужчын), фальварак і сяло Ніўкі (5 двароў, 14 мужчын), 2 двары ў Дабрэневе (7 мужчын) і 14 баярскіх двароў у Кузевічах (42 мужчыны). У сярэднім на двор прыходзілася 3 асобы мужчынскага полу. У 2 выпадках у склад гаспадаркі ўваходзілі здольнікі, у 25 выпадках - браты, у 1 - стрыечны брат, у 1 - шурын, у 2 - пляменнікі. Не менш 5 гаспадароў мелі ўнукаў. Аднак пераважалі гаспадаркі з простымі сем'ямі - іх было 140 з агульных 175. У 5 з іх меліся не толькі сыны, але і пасынкі, што сведчыць пра паўторныя шлюбы. Найбольшую колькасць сыноў (6) меў адзін жыхар Лагазы. Гаспадарка аднаго з кузевіцкіх баяр налічвала 10 мужчын: гаспадара і 4 яго сыноў, з якіх у двух было адпаведна 3 і 2 ўласных сына.
Набыткі і страты XVII стагоддзя.
Гісторыя Лагойшчыны ў XVII стагоддзі, як і гісторыя ўсёй Рэчы Паспалітай, распадаецца на дзве вельмі розныя часткі. Першая палова стагодзя была параўнальна спакойным и эканамічна спрыяльным перыядам. У гэты час насельніцтва Беларусі дасягнула максімальнай колькасці - каля трох мільёнаў чалавек. Значную шчыльнасць насельніцтва фіксуе рэестр "дымоў" (сялянскіх двароў) ва ўладаннях Віленскага капітула, які быў складзены ў 1653 г. На тэрыторыі Лагойшчыны маёнтак Корань быў у той час падзелены на тры часткі - "прэстымонія", даход з якіх ішоў на забеспячэнне трох канонікаў (членаў капітула). У адным з гэтых прэстымоніяў было 40 дымоў, у другім - 48, а ў асобным прэстымоніі Прудкі на тэрыторыі таго ж маёнтка - 35. Апрача таго, ва ўладаннях плебаніі Кораньскага касцёла налічвалася 10 дымоў. Такім чынам, ва ўсім маёнтку, які займаў абшар каля 100 кв. км, было 133 дымы, ці прыблізна 800 чалавек. У маёнтку Ганявічы, падзеленым на два прэстымонія, было адпаведна 38 і 48 дымоў, у Трусавічах - 36. [162]
У 1654 г. пачалася вайна з Расіяй, якая мела разбуральныя наступствы. Ужо ў 1655 г. уся тэрыторыя Лагойшчыны была занята рускімі войскамі. Гэта суправаджалася рэквізіцыяімі правіянту і фуражу, увогукле поўнай дэзарганізацыяй гаспадаркі. Частка шляхты, якая захавала вернасць каралю Рэчы Паспалітай Яну Казіміру, вымушана была кінуць свае маёнткі і адысці на захад, у Літву і захонднюю Беларусь. якія яшчэ заставаліся пад кантролем караля і яго прыхільнікаў. Іншая частка шляхты прынесла прысягу на вернасць рускаму цару Аляксею Міхайлавічу, што дазволіла ёй застацца ў родных мясцінах. У сялян, зразумела, выбару не было, і яны паспыталі на сабе ўвесь цяжар ваеннага ліхалецця. Летам 1656 г. палеткі не былі належным чынам апрацаваны, прытым да ваенных нягод далучылася стыхія: адбыўся сапраўдны выбух колькасці палявых мышэй, якія на карню знішчылі большасць урадждаю. Сістэма гандлю таксама была паралізавана, што не дазволіла перавезці хлеб з іншых мясцін. У выніку ўжо з восені 1656 г. назіраліся прыкметы голаду, які ўзімку дасягнуў жудасных пемераў: людзі елі мерцвячыну у тым ліку і целы памёршых, ёсць паведамленні ш пра выпадкі забойстваў з мэтай людаедства. З вясны 1657 г. выбухнула эпідэмія, якая была, здаецца, адной з самых знішчальных у гісторыі Беларусі.
Адсутнасць улады прывяла таксама да вялікага ўздыму злачыннасці. Многія сяляне (асабліва з маёнткаў, кінутых гаспадарамі) папросту разбегліся па лясах, альбо далучаліся да ўкраінскіх казакаў, што былі дасланы на Беларусь гетманам Багданам Хмяльніцкім у дапамогу расійсім войскам. Разам з рускімі казакі дзейнічалі супраць войскаў Рэчы Паспалітай і стаялі гарнізонамі па гарадах і мястэчках, пераважна на паўднёвым усходзе Беларусі. Аднак адносіны паміж гэтымі саюзнікамі часта былі далёкімі ад сяброўскіх. Маскоўскія ваяводы пазіралі на свавольных казацкіх атаманаў з недаверам, а тыя не жадалі падпарадкоўвацца цару, дзейнічаючы перш-наперш ва ўласных інтарэсах. Асаблівым свавольствам вызначаўся сотнік Дзяніс Мурашка, які ў першай палове 1657 г. кантраляваў мястэчка Ігумен (сучасны Чэрвень), а потым перанёс сваю дзейнасць на тэрыторыю Лагойшчыны і сумежных абшараў. Яго войска хутка ператварылася ў анархічную хеўру, у якую ён прымаў мясцовых сялян, запісваючы іх у казацкія рэестры і вызваляючы, такім чынам, ад прыгоннай залежнасці.
Фармальна застаючыся саюзнікамі рускіх войскаў, Дзяніс Мурашка і яго людзі займаліся галоўным чынам рабаўніцтвам маёнткаў "прысяжнай" шляхты (той, што прысягнула рускаму цару), якой давялося шмат пацярпець ад іх. У скарзе рускаму ваяводзе Васілю Шарамецеву, які меў рэзідэнцыю ў Барысаве, шляхта Менскага павета паведамляла, што "сотнік Мурашка з казакамі прыязджае ў шляхецкія маёнткі і (…) шляхту рабуюць: адзенне, коней, і ўсялякую жываціну, і хлеб адымаюць, і жонак іх ганьбуюць, і сялян іх з сабою емлюць у няволю і пішуць у казакі, і разараюць іх шляхту і сялян без астатку" [163].
Аб падзеях тых часоў сведчаць таксама запісы з дзённіка, які вёў адзін са шляхцічаў Менскага павета - Ян Цэдроўскі [164]. Ён спярша з'ехаў у Жамойць, хаваючыся ад рускіх, але вясной 1656 г. вярнуўся на радзіму, дзе стаў адным з найбольш уплывовых прадстаўнікоў "прысяжнай" шляхты. Дзейнасць Мурашкі ён характарызуе так: "Мы цярпелі незвычайныя рабункі і наезды ад нашых уласных хлопаў, палкоўнікам якіх быў гультай Дзяніс Мурашка, які заснаваў сабе прытон у Камянцы. Гэты бязбожны чалавек і яго гультаі не толькі хлопаў і падданых нашых, але і чэлядзь бунтавалі, у свой рэестр уносілі і былі найважнейшай прычынай цяжкага голаду і разброду ўсіх хлопаў".
Камянец, які Цэдроўскі называе "прытонам" Мурашкі, знаходзіўся ля самай мяжы сучаснага Лагойскага раёна, у накірунку на Радашковічы. Паводле іншых звестак, у канцы 1657 г. дзве харугвы з аддзелу Мурашкі размяшчаліся ў Гайненскім старостве [165]. Ад яго нападаў, напэўна, пацярпеў не адзін маёнтак Лагойшчыны. Нарэшце, шляхта здолела зарганізавацца і нанесці ўдар у адказ. У сяле Прусавічы, на паўночным усходзе Лагойшчыны, у канцы 1657 ці на пачатку 1658 г. адбылося ўзброенае сутыкненне, у якім аддзел Мурашкі панёс вялікія страты. Аб гэтым вельмі сцісла паведамляецца ў запісках Цэдроўскага: сяляне "ўціхамірыліся, калі іх у Прусавічах пабілі, дзе забіта было і маіх некалькі падданых, якія, было, гультаілі". Баючыся, што ваявода Шарамецяў не так зразумее гэты выпадак, шляхта накіравала Цэдроўскага і яшчэ аднаго даручэнца ў Барысаў, каб растлумачыць, "што мы грамілі людзей не яго вялікасці цара, але наезнікаў і рабаўнікоў". Праўда, сустрэцца з ваяводам ім не ўдалася, бо ён ужо з'ехаў з Барысава на ўсход. Даручэнцы спрабавалі дагнаць яго і ехалі ўслед аж да Шклова, але вымушаны былі вярнуцца і аддаць свае тлумачэнні барысаўскаму намесніку.
Іншая частка шляхты не баялася сапсаваць адносіны з расійскімі войскамі, а распачала супраць іх сапраўдную партызанскую барацьбу. Да яе далучаліся і сяляне, якія не маглі ўжо выносіць цяжар рэквізіцый і рабаўніцтваў, што здзяйснялі рускія. У 1658 г. верная каралю шляхта з удзелам сялян разграміла ля Каменя-Харэцкага расійскі адзел колькасцю ў 300 жаўнераў, які адлучыўся ад войска ваяводы Пятра Даўгарукага і рабаваў наваколле [166].
Тым часам адносіны паміж рускімі і казакамі працягвалі пагаршацца. Новы гетман Іван Выгоўскі, абраны пасля смерці Б. Хмяльніцкага ў 1657 г., не быў прыхільнікам ваеннага хаўруса з расіяй. У 1658 г. казацкія войскі, што дзейнічалі на Беларусі, перайшлі на бок Рэчы Паспалітай. Тады і аддзел Дзяніса Мурашкі быў адкліканы да Старога Быхава, дзе ўдзейнічаў у ваенных дзеяннях супраць рускіх. Напэўна, у яго складзе засталася і частка тых сялян, што далучылася да Мурашкі на Лагойшчыне. Дарэчы, пазней Дзяніс Мурашка за заслугі перад Рэччу Паспалітай атрымаў шляхецтва і пэўныя маёнткі ў Віцебскім ваяводстве.
Пералом у ваенных дзеяннях на карысць Рэчы Паспалітай намеціўся ў 1659 г., і прыкладна да 1660 г. тэрыторыя Лагойшчыны выйшла з-пад расійскага кантролю. Аднак ваенныя дзеянні, выкліканыя імі эпідэміі і анархія, прывялі да жудаснага спусташэння. Аб ім яскрава сведчыць так званы "тарыф падымнага" Мінскага павета - рэестр дзяржаўнага падатку, які выплочвалі ўладальнікі ўсіх маёнткаў адпаведна колькасці дымоў. Ён быў складзены ў 1667 г., неўзабаве пасля заканчэння вайны [167]. З маёнткаў Віленскага капітула ў гэтым тарыфе прыгадваюцца толькі Ганявічы (невядома, ці абодва прэстымоніі разам, ці толькі адзін з іх). У гэтым маёнтку пасля вайны засталося ўсяго 11 дымоў. У плебаніі Кораньскага касцёла замест 10 дымоў значыцца толькі 1. Гэтак жа толькі 1 дым быў у маёнтку Слагавішча, належачым Юрыю Томкавічу Сялецкаму. У маёнтку Укропавічы ва ўладаннях Дамініка Гурына было 2 дымы, а ва ўладаннях Міхала Валіцкага - 1. У суседніх маёнтках Пуцілава і Васькаўшчына Мікалай Валіцкі меў 2 дымы, а Фларыян Валіцкі - 1. Такіх дробных маёнткаў, амаль цалкам спусцелых у выніку вайны, было даволі шмат.
У больш буйных маёнтках Лагойшчыны колькасць дымоў вымяралась не болей чым некалькімі дзесяткамі. Так, у Лагойску ва ўладаннях Мікалая Тышкевіча было 23 дымы і яшчэ 2 - у яго ж маёнтку Сялец. Іншая частка Лагойска, што разам з Косінам знаходзілася ў часовым карыстанні (напэўна, у закладзе) у Тэадора Лукомскага, налічвала 41 дым. У маёнтках Гаяны і Беларуч Юрыя Кенсоўскага было разам 34 дымы, ва ўсім Гайненскім старостве (належачым Юрыю Літавору Храбтовічу) - 28, у Камені-Харэцкім пана Юдзіцкага - 35, у Амнішаве Мікалая Уладзіслава Зяновіча - 30. У Трусавічах, апрача прапушчаных у тарыфе ўладанняў капітула, Андрэю Касакоўскаму належала 17 дымоў, а Казіміру Краеўскаму - 11. На гэтым фоне параўнальна буйнымі выглядаюць уладанні мазырскага маршалка Яна Калецкага ў Нястанавічах (70 дымоў), пісара і рэфендара ВКЛ Цыпрыяна Бжастоўскага ў Прусавічах і Гаці (73), Казіміра Мінтаўта Чыжа ў Крайску і Грыневічах (адпаведна 56 і 28), Стэфана Цэдроўскага ў Далькавічах і Плешчаніцах (адпаведна 60 і 40). У невялікім маёнтку Эйнаравічы Тамаша Цэдроўскага значыцца 51 дым. Гэта былі самыя значныя ўладанні на тэрыторыі Лагойшчыны, пазначаныя ў тарыфе 1667 г. Апрача таго, у маёнтку Заазер'е разам з Зембінам (у сучасным Барысаўскім раёне) было 140 дымоў, з якіх на Заазер'е, магчыма, прыпадала каля паловы ці крыху менш. Гэты маёнтак належаў тады Аляксандру Войне.
Пацвярджаюць выснову аб моцным спусташэнні крыху больш познія інвентары капітульных маёнткаў Ганявічы і Корань. У вёсцы Юркавічы, належачай да прэстымонія Малыя Ганявічы, інвентар 1678 г. фіксуе ўсяго 3 падданых [168]. Блізкі па часе, але не датаваны інвентар прэстымонія Вялікі Корань прыгадвае толькі 6 падданых у дзвюх вёсках - Міхалкавічах і Чэрневе [169]. Апісанне дворных пабудоў у гэтым інвентары фіксуе карціну ўсеагульнага запусцення: уяздная брама апаўшая, у галоўным жылым будынку ("руме") дах падпёрты, няма акон і печы. Праз сені была меншая "ізба", ужо з печчу, але абедзве пабудовы характарызуюцца як "добра надгнілыя". На двары мясцілася іншая жылая пабудова, таксама "надгнілая", у сянях - апаўшы комін. Прыгадваецца таксама стаенка на 10 коней, крытая саломай, з апаўшым дахам. Падобная карціна паўстае з апісання суседняга маёнтка Укропавічы, частка якога ў 1688 г. была прададзена Геранімам Валіцкім Яну Ўладзіславу Невяровічу. На двары прыгадваецца "істобка" з печчу "кафлі простай, вельмі дрэннай", пры ёй апаўшая камора, тры свіраныкі, з якіх адзін "моцна згнілы". Да прададзенай часткі належалі ўсяго дзве сям'і падданых [170].
Наступствы гэтага заняпаду так і не былі пераадолены да таго часу, як на пачатку XVIII стагоддзя тэрыторыя Беларусі стала арэнай ваенных дзеяняў паміж Расіяй і Швецыяй у так званай Паўночнай вайне. Летам 1708 г. шведскія войскі (корпус генерала Штара) на кароткі час занялі тэрыторыю Лагойшчыны. Вайна выклікала новыя эпідэміі і спусташэнне маёнткаў. Інвентар вёскі Ганевічы за 1694 г. называе ў ёй 10 двароў, а паводле інвентара 1711 г. іх засталося толькі 6. [171] Нават праз некалькі дзесяцігоддзяў, у 1740 г., інвентар парафіі Кораньскага касцёла фіксуе ў капітульным маёнтку Корань 70 двароў, а ў Ганявічах з Юркавічамі - 35. [172] Гэта было прыкладна ўдвая менш, чым у 1653 г.
Шляхецкая ўласнасць у XVII - XVIII стагоддзях.
На пачтаку XVII стагоддзя змянілі уласніка Плешчаніцы. У 1609 г. яны былі прададзены князем Мікалаем Львовічам Саламярэцкім пану Яноху Кавячынскаму, падкамораму менскаму, які пазней (з 1623 па 1629 г.) займаў пасаду смаленскага кашталяна [173]. Як вынікае з пазнейшых падзей, разам з Плешчаніцамі тады была прададзена і належачая Саламярэцкім частка маёнтка Хатаевічы. У 1622 г. прыгадваюцца ажно 10 саўладальнікаў Хатаевіч, адным з якіх быў вышэйзгаданы Янох Кавячынскі. Апрача яго, часткі маёнтка належалі Стэфану і Андрэю Сабалеўскім, Паўлу Супронавічу Сямашку, Андрэю Бурбе, Багдане Анфораўне і яе сыну Аляксандру Душэўскаму, братам Крыштофу і Юрыю Макарэвічам і ўдаве іх трэцяга брата Рыгора, суддзі менскага. З усімі імі судзіўся наконт земляў і забеспячэння хатаевіцкай царквы яшчэ адзін саўладальнік - Якуб Умецкі [174]. Сярод названых асоб Янох Кавячынскі і Якуб Умецкі, апрача таго, валодалі часткамі маёнтка Клін, які раней прыгадваўся як сумесная ўласнасць удавы Васіля Цішкевіча і пана Есіфа Галаўні.
Дакумент, датаваны 5 чэрвеня 1686 г., дазваляе прасачыць лёс іншай часткі маёнтка Хатаевічы, раней належаўшай аднаму з Макарэвічаў. У гэтым дакуменце ўнучка Яноха Кавячынскага Барбара Канстанцыя Кавячынская, жонка князя Самуэля Друцкага-Горскага, паведамляла, што мае ў спадчыну ад бацькі Крыштофа Кавячынскага, падкаморыя мінскага, маёнтак Хатаевічы з вёскамі Забалоцце, Сукневічы, Кавалі, Шпакі і фальваркам Губа, некалі набыты ім за 40 тыс. злотых ад Крыштофа Макарэвіча. Жадаючы паслужыць Пану Богу і спрыяць выратаванню сваёй душы, пані Барбара ахвяравала гэты маёнтак каталіцкай царкве з тым, каб пасля яе смерці там быў створаны невялічкі кляштар ордэну дамініканаў, дзе б жылі тры капланы і два браты (манахі). Яна ж вырашыла заснаваць пры кляштары касцёл у гонар Святой Барбары [175]. Дарэчы, гэтая ж Барбара Кавячынская крыху раней, у 1682 г., аддала ў заклад на 10 гадоў мінскаму жаночаму кляштару свой іншы маёнтак - Плешчаніцы [176].
Пра лёс маёнтка Сялец, у 1596 г. набытага Касперам Томкавічам, сведчыць акт падзелу, які адбыўся ў 1647 г. паміж яго нашчадкамі Траянам і Філонам Томкавічамі-Сялецкімі [177]. Першаму з іх дастаўся двор Лагаза, другому - уласна Сялец. Доля кожнага склала па 102 валокі, 18 моргаў і 22,5 прута. Пазней гэты маёнтак зноў нейкім чынам вярнуўся да паноў Тышкевічаў, якія падаравалі двор Сялец заснаванаму імі ў Лагойску базыліянскаму кляштару.
У адну з актавых кніг быў упісаны рэестр дакументаў, што тычыліся маёнтка Клін і, напэўна, захоўваліся ў прыватным архіве яго ўласнікаў [178]. Хоць самі гэтыя дакументы да нас не дайшлі, іх загалоўкі дазваляюць прыблізна прасачыць складаны і заблытаны лёс маёнтка на працягу XVII - XVIII стагоддзяў. Гэты лёс, дарэчы, быў тыповым для дробных шляхецкіх уладанняў, якія то падзяляліся паміж шматлікімі спадчыннікамі, то прадаваліся ці аддаваліся ў заклад. Нагадаем, што плошча ворыўных зямель маёнтка ў 1579 г. налічвала ўсяго 162 валокі (каля 3450 га). Гэты, параўнальна невялікі, абшар быў падзелены на некалькі частак. Сярод дакументаў у рэестры прыгадваюцца даравальны акт Якуба Умецкага на карысць яго сына Стэфана ад 24 красавіка 1621 г. і запіс Стэфанам Умецкім пажыццёвага права на карысць жонкі Ганны з Ваньковічаў ад 14 ліпеня 1622 г. Неўзабаве Стэфан памёр, а яго ўдава паўторна выйшла за Мікалая Высоцкага. У 1625 - 1626 гг. апошні меў справу накот Кліна з братам Стэфана Пятром Умецкім, а ў 1629 г. судзіўся з кімсці з суседзяў за беглых сялян, што ўцяклі з гэтага маёнтка. У 1637 г. пані Ганна Высоцкая канчаткова даравала мужу ўсе правы на спадчынную ад першага мужа частку Кліна.
Разам з тым яшчэ адна частка маёнтка, названая "фальварак Клін", разам з Хатаевічамі ў 1633 г. належала сыну Яноха Кавячынскага Крыштофу, які аддаў яе ў заклад Мікалаю Станьскаму. Той памёр у 1640 г., адпісаўшы закладнае права жонцы (яна, верагодна, была дачкой Яноха Кавячынскага і сястрой Крыштофа). Неўзабаве яна паўторна выйшла за пана Юзафа Станкевіча, і абодва яны ў 1642 г. перазаклалі сваю частку Кліна і Хатаевіч таму ж Мікалаю Высоцкаму. Трэцяя частка маёнтка была набыта ім у 1644 г. ад Яраша Умецкага. У тым жа годзе Мікалай Высоцкі запісаў пажыццёвае права на набытыя ім часткі Кліна сваёй жонцы Ганне, як яна раней зрабіла са спадчынай свайго першага мужа. Праўда, адна з трох частак была набыта імі толькі ў якасці закладу, а спадчынныя правы на яе заставаліся за Кавячынскімі. У 1649 г. сын Мікалая Станіслаў Высоцкі меў нейкуя справу наконт гэтага закладу з Крысцінай Кавячынскай, на той момант удавой Станкевіча.
Паводле таго ж рэестру, у дакуменце 1653 г. "ўдзельнікамі" маёнтка Клін, апрача Мікалая Высоцкага, названы таксама Якуб Марцінкевіч і Мікалай Чарноцкі. Гэта значыць, што, не гледзячы на ўсе намаганні паноў Высоцкіх сабраць маёнтак у адно цэлае, ён па-ранейшаму заставаўся раздробненым. Гэтае драбленне працягвалася і пазней: у 1680 г. у адным з дакументаў уласнікам выступае Аляксандр Чарноцкі, а ў другім - Станіслаў Чарноцкі, які падараваў "частку грунта" ў Кліне свайму родзічу (магчыма, брату) Уладзіславу Чарноцкаму. У наступным годзе Уладзіслаў Чарноцкі прадаў гэты "грунт" (урочышчы Круты Узгорак і Сядзершчызну) за 3 тыс. злотых Яну Высоцкаму. У 1665 г. уласнікам маёнтка прыгадваецца таксама Казімір Высоцкі, але не выключана, што гэта тая ж асоба, якая мела двайное імя - Казімір Ян (як было прынята ў католікаў). Ва ўсякім выпадку, у іншым дакументце ў 1683 г. выступае менавіта Казімір Ян Высоцкі, які набыў "права вячыстае" на фальварак Клін і частку маёнтка Хатаевічы ад дачкі Крыштофа Кавячынскага Барбары, што была за князем Самуэлам Друцкім-Горскім, войтам мінскім. Напэўна, тады была прададзена тая частка, што некалі стварала ўласнасць Яноха Кавячынскага.
У канцы стагоддзя род Высоцкіх па мужчынскай лініі, відаць, перасёкся, і Клін апынуўся падзелены паміж жаночымі прадстаўніцамі. Адна з іх, Роза Высоцкая, была жонкай Пятра Вазгірда. Яе родзічка (напэўна, сястра) Ганна Высоцкая выйшла за Яна Альшэўскага. У 1700 г. Роза і яе муж прадалі сваю частку маёнтка Яну і Ганне Альшэўскім. Але ўжо ў 1702 г. апошнія прадалі Станіславу Свірскаму абедзве гэтыя часткі разам з "прыкупамі" ад Алены Высоцкай і іншай Ганны Высоцкай, манашкі. У 1704 г. пан Свірскі аддаў нованабыты маёнтак у заклад за 30 тыс. злотых жаночаму базыліянскаму (уніяцкаму) кляштару Святога Духа ў Мінску. У складзеным з гэтай нагоды інвентары ў складзе маёнтка прыгадваюцца вёскі Задворнікі (6 двароў) і Амельнікі (5 двароў) [179]. Менавіта ў сувязі з працэсам выкупу Кліна з закладу нашчадкамі Станіслава Свірскага і быў складзены ў 1776 г. той рэестр дакументаў, з якога ўзяты ўсе гэтыя звесткі. Аднак у 1777 г. маёнтак усё яшчэ быў у карыстанні кляштара, аб чым сведчыць датаваны гэтым годам інвентар [180]. Колькасць насельніцтва ў параўнанні з 1704 г. амаль не змянілася: у вёсцы Задворнікі зараз было 5 двароў, а ў Амельніках - 7. Пазней маёнтак быў усё ж вернуты Свірскім і заставаўся іх уласнасцю да канца існавання Рэчы Паспалітай.
Падобны пералік лёсу іншых маёнткаў заняў бы вельмі шмат месца. Варта прыгадаць толькі гісторыю, якая адбылася з часткай маёнтка Нястанавічы, што належала князям Пузынам. У 1551 г. яна была пажалавана Цімафею Пузыне, але не ў поўную ўласнасць, а на так званым "ленным праве". Гэта азначала, што маёнтак можа бесперашкодна пераходіць да нашчадкаў мужчынскага полу, але яны не маюць права без дазволу вялікага князя прадаваць яго, аддаваць у заклад ці завяшчаць дачкам і іншым жаночым нашчадкам. На такіх жа ўмовах валоданне Нястанавічамі было пацверджана сыну Цімафея Пятру Пузыне ў 1561 г. Копія гэтага прывілея была ў свой час упісана ў актавую кнігу [181]. Вышэй прыгадваўся падзел уладанняў Пятра Пузыны паміж яго сынамі Янам і Пятром, з нагоды чаго ў 1594 г. быў складзены інвентар адлучонага на карысць Яна маёнтка Дзвіноса. Частка маёнтка, якая засталася ў руках Пятра Пятровіча Пузыны, ахоплівала двор і сяло Нястанавічы (сённяшнія Вялікія Нястанавічы), вёску Межнікі і яшчэ адну вёску - Ескавічы, набытую ад пана Мікалая Воўчка. Пасля смерці Пятра Пузыны на мяжы 1610 і 1611 гг. ва ўладанне маёнткам уступіў яго сын Альбрэхт. Парушаючы леннае права, ён у 1626 г. без дазволу вялікага князя запісаў маёнтак у пажыццёвае карыстанне жонцы Барбары з роду Касакоўскіх, а вёску Межнікі аддаў у заклад яе родзічу - Яну Касакоўскаму. Магчыма, гэта прайшло б незаўважаным, калі б пані Старамірская з роду Есманаў не выказала ў 1630 г. нейкія прэтэнзіі на гэты маёнтак. Альбрэхт Пузына тады адсунуў яе дамаганні на той падставе, што Нястанавічы з'яўляюцца ленным уладаннем і да жанчын пераходзіць не могуць. Праз 5 гадоў брат пані Старамірскай Мікалай Есман выбраў зручны момант і асабіста звярнуўся да караля Уладзіслава з просьбай адабраць у Пузыны і перадаць яму Нястанавічы на той падставе, што Пузына, аддаўшы маёнтак у заклад без каралеўскага дазволу, страціў правы на яго. Цікава, што кароль Рэчы Паспалітай не вырашыў пытанне адразу сваёй уласнай воляй, а ў поўнай адпаведнасці з крытэрыямі прававой дзяржавы выдаў Есману прывілей, у якім дазваляў звярнуцца ў суд і дамагацца там перадачы яму лена Альбрэхта Пузыны.
Есман выкарыстаў гэты дазвол і ў 1636 г. звярнуўся ў каралеўскі аксэсарскі суд у Варшаве. Пузына на суд не з'явіўся, і ў яго адсутнасць было вынесена рашэнне аб канфіскацыі ў яго маёнтка і перадачы Есману на ленным праве. Пузына з гэтым рашэннем не пагадзіўся і падаў апеляцыю, якая разглядалася тым жа судом у кастрычніку 1637 г. Аднак на гэты раз рашэнне не было вынесена, і справа перайшла да разгляду ў вышэйшы апеляцыйны суд, які разглядаў яе ў прысутнасці самога караля ў снежні 1639 г. Пузына спрабаваў давесці, што атрымаў маёнтак у малалецтве, а апекуны не папярэдзілі яго, што ён з'яўляецца ленным. Ён выказаў гатоўнасць прынесці ў гэтым прысягу, а таксама спасылаўся на тое, што ў прывілеі 1561 г. не прыгадваецца вёска Межнікі, таму леннае права на яе не распаўсюджваецца. Аднак адвакат Есмана лёгка разбіў гэтыя аргументы. Ён адзначыў, што спасылка на няведанне не можа быць прынята судом, бо стварыла б небяспечны прэцэдэнт: у далейшым кожны, каму пагражала б канфіскацыя за парушэнне ўмоў карыстання маёмасцю, мог бы сцвяржаць, што не ведаў гэтых умоў. Што тычыцца Межнікаў, то сам Пузына ў закладным акце на карысць Касакоўскага адзначаў, што гэтая вёска адносіцца да маёнтка Нястанавічы. Рашэнне каралеўскага суда было на карысць Есмана, да якога і перайшоў маёнтак у выніку больш чым трохгадовай цяжбы [182].
У 1779 г. нашчадак Мікалая Есмана Станіслаў заснаваў у Нястанавічах парафіяльную царкву для сваіх падданых, якія раней адносіліся да прыходу крайскай царквы. На забеспячэнне святара была вызначана 1 валока зямлі і штогадовая даніна ў памеры 3 бочак жыта, палову якой павінен быў выстаўляць панскі двор, а палову - жыхары вёсак Нястанавічы, Прагон, Межнікі і засценка Бабры [183].
Прыгоннае права.
Панская гаспадарка ВКЛ, як і іншых краін усходняй Еўропы, грунтавалася на працы прыгонных сялян. Формы эксплуатацыі маглі быць рознымі. У адных выпадках паны вылучалі частку зямлі ў якасці "дворнай пашні", увесь ураджай з якой быў уласнасцю памешчыка, хаця апрацоўвалі яе сяляне. У такіх выпадках асноўнай павіннасцю была паншчына - праца на карысць памешчыка, на якую трэба было выходзіць з уласным канём і сельскагаспадарчымі прыладамі. Апрача выканання паншчыны, сяляне былі абавязаны раз у год даваць падаткі натурай - збожжам, курамі, яйкамі, іншымі прадуктамі і тканым палатном - "талькамі". Захоўваліся і грашовыя выплаты - падданыя плацілі дзяржаўны падатак ("падымнае") і шэраг іншых, у залежнасці ад волі памешчыка.
Іншы варыянт эксплуатацыі прадугледжваў, што уся сельскагаспадарчая зямля раздаецца сялянам, якія самі рэалізуюць прадукты сваёй вытворчасці на рынку, а ўласніку выплочваюць грашовую рэнту - "чынш". Звычайна такі шлях абіралі паны, якія мелі аддаленыя маёнткі, у якіх не жылі асабіста. Атрымаць з іх гатовыя грошы было значна зручней. Часам абедзве формы спалучаліся: за частку зямлі сяляне адпрацоўвалі паншчыну, за іншую плацілі чынш.
Ва ўсіх выпадках памешчыкі разглядалі сялян як сваю ўласнасць, ад колькасці якой залежаў іх дабрабыт. Адсюль паходзяць і ўсе заканадаўчыя меры, якія забаранялі сялянам мяняць месца жыхарства. Большасць сялян адносілася да катэгорыі "вячыстых" альбо "отчычаў", якія не мелі права пакінуць маёнтак, а калі ўсё ж падаваліся на ўцёкі, то паны рабілі ўсё магчымае, каб адшукаць і вярнуць іх назад. Праўда, у паноў быў і супрацьлеглы інтарэс - павялічыць колькасць рабочых рук у маёнтку за кошт прыняцця ўцекачоў з суседніх і аддаленых уладанняў. Сваіх сялян губляць не хацеў ніхто, але і ад чужых пры гэтым не адмаўляліся. Такое становішча пакідала прыгонным пэўную свабоду для манёўра - рэальна ў іх быў добры шанц перайсці да іншага ўласніка, асабліва да больш заможнага і свавольнага перад законам. Таму амаль у кожным маёнтку было нямала так званых "прыхожых" альбо "захожых" сялян, якія атрымлівалі зямлю і пазбаўленне ад павіннасцяў ("слабаду") на некалькі гадоў, пасля чаго павінны былі працаваць на агульных умовах.
У канцы XVI стагоддзя не грэбаваў чужымі падданымі ўладальнік Лагойска Марцін Тышкевіч. У ліпені - жніўні 1582 г. ён меў справу з уласнікам Калодзезяў Рыгорам Багданавічам Рагозам, які абвінаваціў яго ў адмове выдаць беглага падданага - сяляніна Івана Бакуновіча, які ўцёк з маёнтка Калодзезі і знайшоў прытулак на сумежных землях М. Цішкевіча, у сяле Сычавічы. Там яго хутка апазналі, і Рагоза атрымаў рашэнне Мінскага земскага суда аб выдачы яму ўцекача. Аднак Тышкевіч не дазволіў яму забраць падданага. Рагоза зноў звернуўся ў суд, і той абавязаў Тышкевіча альбо аддаць уцекача, альбо выплаціць за яго 60 коп грошаў. Разам з вознымі (судовымі выканаўцамі) пан Рагоза наведаў М. Тышкевіча ў яго двары Луцаўскім. Але той адмовіўся ўзяць судовыя лісты і заявіў у прысутнасці возных, што сяляніна ён не адасць, ніякіх грошай плаціць не будзе, а свае інтарэсы будзе "до горла своего боронити". У той жа дзень яго цівун Усцін Бабіч, сустрэўшы на кірмашы ў Гайне аднаго з калодзескіх падданых, пабіў яго - у поўнай адпаведнасці з прымаўкай: "паны б'юцца, а ў халопаў чубы трашчаць". Пазней жонка Марціна Тышкевіча, Зоф'я Есіфаўна з Халецкіх, яшчэ раз паведаміла земскаму суду, што яе муж ніякіх грошай плаціць не будзе [184]. Адначасова слуга пана Яна Кішкі гэтак жа беспаспяхова спрабаваў дамагчыся звароту ўцекачоў з маёнтка Хоўхла Ашмянскага павета, якія таксама знайшлі прытулак у Лагойскім маёнтку М. Тышкевіча. Слуга хацеў уручыць выклік у суд, але Тышкевіча на месцы не аказалася, а ўраднік Лагойскага замка Рыгор Лойка катэгарычна адмовіўся прыняць судовы выклік у адсутнасці свайго пана. Кішчын слуга вымушаны быў падаць адпаведную заяву, якая была ўпісана ў актавую кнігу [185].
Тым часам справа з панам Рагозам мела працяг. На пачатку верасня 1582 г. земскі суд вынес новая рашэнне - узамен грошай канфіскаваць у Тышкевіча 3 валокі зямлі разам з 6 сем'ямі падданых ва ўрочышчы Коўшычы (верагодна, на мяжы маёнткаў Калодзезі і Лагойск) і перадаць іх Рагозе. Падсудак Рыгор Вяжэвіч асабіста перадаў гэтыя землі ўрадніку Рагозы Лаўрыну Мевічу, аднак неўзабаве той паведаміў суду, што адразу пасля ад'езду падсудка "слуги Тишковича меня с того села выбили" [186]. На жаль, невядома, чым скончылася справа ўрэшце рэшт. Яе развязка, напэўна, настала толькі ў наступным 1583 г., але актавая кніга земскага суда за гэты год не захавалася. У прынцыпе за такое ўпартае свавольства Марціну Тышкевічу магла пагражаць баніцыя - выгнанне за межы ВКЛ. Аднак з іншых крыніц вядома, што ён працягваў валодаць Лагойскам да канца жыцця.
Падобная гісторыя адбылася ва ўладаннях Віленскага капітула. У яго архіве захавалася серыя дакументаў, якія тычацца справы наконт беглых падданых. Яна цягнулася на працягу звыш 40 гадоў - з 1680-х па 1720-я ці нават 30-я гг. [187] Гісторыя распачалася з уцёкаў, здейсненых падданым фальварка Грэбень у Ашмянскім павеце Цітам Крупскім. У 1680-я гг. ён знайшоў прытулак у вёсцы Прудкі маёнтка Корань, дзе ажаніўся і завёў уласную гаспадарку. Уласнік Грэбеня Антоні Ян Стаброўскі звярнуўся да канонікаў з патрабаваннем вярнуць уцекача. Тыя прапанавалі ўзамен выплаціць 250 злотых адступнога. Стаброўскі пагадзіўся, аб чым адзначыў спецыяльна пры прадажы Грэбеня пану Пятру Каралю Сабіне ў 1689 г. Аднак прыкладна праз 30 гадоў, калі гэты Ціт ужо памёр, сын пана Сабіны Юзаф нечакана высунуў прэтэнзіі на трох яго сыноў, якія з таго часу жылі ў Прудках. На пачатку 1720-х гг. браты Крупскія звернуліся да капітула па абарону, скардзячыся, што, что пан Сабіна не дае ім спакою, патрабуе вярнуцца ў яго маёнтак, так што яны вымушаны хавацца ў суседзяў. Тым часам у 1725 г. Юзаф Сабіна наняў нейкага шляхціча Антонія Гарноўскага, які паабяцаў дамагчыся звароту падданых за ганарар у 300 злотых. Напэўна, Гарноўскі быў вялікім маёстрам па судовых цяжбах. З атрыманымі ад Сабіны дакументамі ён звярнуўся ў вышэйшую судовую інстанцыю ВКЛ - Галоўны трыбунал, які ў жніўні 1726 г. вынес рашэнне на яго карысць. Канонікі адмовіліся выканаць гэтае рашэнне, за што на прэстымоній Прудкі быў накладзены штраф у 3393 злотых. Аднак і судовых выканаўцаў, якія 5 мая 1727 прыбылі абіраць штраф, канонікі з дапамогай слуг, войтаў і сялян не дапусцілі ў маёнтак. Гэта выклікала зварот да іх самога караля Аўгуста ІІ, які, здаецца, таксама быў праігнараваны. Гарноўскі ў сакавіку 1728 г. падаў у трыбунал новую скаргу. Канец гэтай гісторыі фіксуе дакумент, датаваны жніўнем 1738 г., але не выключана, што ў даце яго адна лічба памылковая, і размова ідзе аб тым жа 1728 г. Гэты дакумент уяўляе сабой квітанцыю, у якой Гарноўскі сведчыць каноніку Антонію Жалкоўскаму, што нарэшце атрымаў трох азначаных сялян "з усёй рухомасцю, канямі, быдлам рагатым і нерагатым", а таксама суму ў 345 злотых.
Інвентар часткі маёнтка Эйнаравічы, складзены ў сакавіку 1779 г. пры прадажы ад Зофіі з Жыдовічаў Свідавай і яе сына Стэфана Свіды Зыгмунту Шыцкаму і яго жонцы Зофіі з Цэдроўскіх [188], змяшчае, апрача спіса наяўных сялян (28 гаспадарак, з іх 12 у вёсцы Эйнаравічы, а 17 - у вёсцы Слабада [189] ), асобны спіс "падданых, якія разышліся". У ім прыгадваюцца 5 чалавек, прычым пра трох з іх сказана, што яны знаходзяцца ў маёнтку харунжага Мінскага павета пана Быкоўскага, у сувязі з чым супраць яго ўжо распачаты судовы працэс.
Крыху раней, у 1752 г., пры набыцці гэтай жа часткі маёнтка ад Тамаша Цэдроўскага Міхаілам Свідам і яго жонкай Зофіяй з Жыдовічаў, прыгаданы павіннасці падданых. Тады ў Эйнаравічах налічвалася 29 двароў падданых. З кожнай хаты прыходзілася на тыдзень па 2 дня мужчынскага прыгону і 2 жаночага, апрача таго мужчыны павінны былі двойчы за лета адпрацаваць так званыя "гвалты" на ворыве, а жанчыны - 3 такіх жа "гвалта" на жніве. Натуральная павіннасць - "дзякло" - складалася з 2 чвэрцяў "мінскай меры" (верагодна, такая чвэрць мела каля 100 л) жыта, 2 чвэрцяў аўсу, воза сена, 2 курыц, 20 яек, 3 талек палатна са свайго льну. Грашовая выплата была вызначана ў памеры 1 злотага ў год [190]. Гэтыя лічбы можна параўнаць з памерам павіннасцяў у вышэйзгаданым інвентары 1779 г. Тады з кожнай хаты прыходзілася па-ранейшаму 2 мужчынскіх дня прыгону, а вось колькасць жаночых павялічылася да 3 дзён. Памер гвалтаў не змяніўся, затое крыху іншым стаў склад грашовых і натуральных павіннасцяў. Са стандартнага надзела ў памеры паўвалокі "цяглай" зямлі штогод належала па 2 злотых падымнага, па 3 курыцы, 20 яек і 3 талькі. Апрача цяглай, у маёнтку была яшчэ "прыемная", альбо "пустоўская" зямля, за карыстанне якой сяляне прыгону не выконвалі, але плацілі з паўвалокі па 10 злотых у год. Кожную ноч па чарзе трэба было выходзіць таксама на варту - пільнаваць панскі двор ад злодзеяў.
Такі ўзровень эксплуатацыі быў даволі тыповым для дробных шляхецкіх маёнткаў, аб чым сведчыць параўнанне з інвентаром маёнтка Мятлічыцы, створаным пры закладзе яго на 3 гады пані Ганнай з Жарніцкіх Белазоравай Бенедыкту Валіцкаму ў 1777 г. У гэтым маёнтку, што ахопліваў вёскі Мятлічыцы і Востраў з 21 гаспадаркай, паншчына складала 2 дні мужчынскіх і 2 жаночых, але ў перыяд жніва, пачынаючы са свята Св. Іллі і да яго заканчэння, колькасць жаночых дзён павялічвалася да 3 у тыдзень. За лета належала выканаць таксама 3 гвалты. Вартаўніцтва адбывалася таксама па чарзе з кожнай хаты, прычым у зімовы перыяд (ад дня Св. Юрыя восеньскага па Св. Юрыя веснавога) пільнаваць трэба было толькі ноччу, а ў летні перыяд - круглыя суткі. Сума грашовых выплат з аднаго двара ў сярэднім складала каля 12,5 злотых [191]. Адзначым, што ў гэтым жа інвентары кошт бочкі жыта вызначаны ў 20 злотых, бочкі аўсу - у 12 злотых.
У капітульным маёнтку Корань умовы былі іншымі. Там пераважаў грашовы чынш. Паводле інвентара прэстымонія Прудкі, складзенага каля 1744 г., [192] кожная з 23 гаспадарак (у вёсках Прудкі і Лішчыцы) валодала па паўвалокі зямлі, з якіх адна чвэрць лічылася "аседлай", а другая - "прыемнай". Плата за першую складала 5 тынфаў (6,33 злотых), за другую - 2 тынфа (каля 2,5 злотых). Апрача таго, 11 гаспадарак мелі "пустоўскую" зямлю, за чвэрць валокі якой плацілі па 1 тынфу. Замест дзякла і мядовай даніны таксама выплочваўся грашовы эквівалент (крыху больш за 3 злотых). У выніку сума выплат з тыповага надзела ў паўвалокі складала каля 12 злотых. Захоўваліся невялікія адпрацовачныя павіннасці - 6 дзён талакі і 1 падвода ў год. У прэстымоніі Вялікі Корань (вёскі Міхалкавічы і Чэрнева, разам 25 гаспадарак) у 1747 г. тыповы надзел складаўся з паўвалокі "аседлай" зямлі, за якую плацілі 9 злотых чынша, каля 2,5 злотых замест дзякла і каля 0,5 злотага замест мядовай даніны, што таксама дае крыху больш за 12 злотых. Аднак замест адпрацовак тут існавалі яшчэ дзве дадатковыя грашовыя павіннасці - "работніна" і "ладройшчына", якія разам складалі каля 5 злотых [193]. Такі ж быў склад павіннасцяў у прэстымоніі Малы Корань паводле інвентара 1761 г., які апісвае 34 гаспадаркі ў вёсках Грамніца, Жырблевічы і Церахі. Праўда, там тыповы надзел быў крыху большым, бо ўключаў па чвэрці аседлай, прыемнай і пустоўскай зямлі. Плата за такі надзел складала ў суме крыху больш за 18 злотых [194].
Два інвентара Вялікага Кораня за 1781 і 1786 г. [195] сведчаць, што да гэтага часу памер павяіннасцяў прыкметна павялічыўся. У першым з іх сума выплат з надзела ў паўвалокі складала ў сярэднім каля 24,7 злотых, а ў другім - нават 27,3 злотых. Разам з тым зноў з'явіліся натуральныя і адпрацовачныя павіннасці, але ўжо не ўзамен, а ў дадатак да грашовых. З кожнай паўвалокі ў 1786 г. належала па паўбочкі жыта і аўсу, па 4 курыцы і 30 яек, па 2 капы сушоных грыбоў. Паншчына з валокі (гэта значыць - у сярэднім з дзвюх гаспадарак) складала 3 мужчынскіх і 2 жаночых дня. На кожны двор прыходзілася звычайна і адна падводная павіннасць, што азначала паездку на сваіх калёсах у Вільна (на адлегласць каля 210 км) альбо транспартыроўку туды ж плыта па вадзе. Трэба было ў выпадку неабходнасці выходзіць на рамонт мастоў, гацяў і карчом, а пры заснаванні ў вёсцы новай гаспадаркі кожны двор павінен быў вывезці з лесу па 10 бярвенняў.
Найбольш перадавыя асобы ў ВКЛ да канца XVIII стагоддзя ўжо пачалі ўсведамляць заганнасць і неперспектыўнасць прыгоннай сістэмы. Асабліва вялікую ролю адыграў уплыў Вялікай французскай рэвалюцыі, якая распачалася ў 1789 г. Абвешчаныя ёю ідэалы свабоды, роўнасці і братэрства знаходзілі водгук і на Беларусі. Несумненна, пад іх уздзеяннем уладальнік маёнтка Гаць Ігнацы Карыбут Дашкевіч, кашталян мсціслаўскі, у лютым 1792 г. пайшоў на радыкальны крок - дараваў волю сялянам азначанага маёнтка, аб чым быў зроблены адпаведны запіс у актавай кнізе Мінскага земскага суда [196]. Гэты выпадак, аднак, застаўся адзінкавым і не меў працяглых наступстваў, бо неўзабаве Лагойшчына апынулася ў складзе Расіі, дзе прыгонніцтва набірала моц. Былыя падданыя пана Дашкевіча зноў зрабіліся прыгоннымі.
- Ochmanski J. Dawna Litwa. Studia historyczne. - Olsztyn, 1986. S. 190 - 191; Аддзел рукапісаў Бібліятэкі АН Літвы (далей - АРБАНЛ). Ф. 43. Спр. 213. Арк. 77 адв. - 79.
- АРБАНЛ. Ф. 43. Спр. 213. Арк. 202 адв. - 204. Ochmanski J. Op. cit. S. 191, 195 - 196.
- АРБАНЛ. Ф. 43. Спр. 215. Арк. 168 адв. - 171 адв.
- Там жа. Арк. 279.
- АВК. Т. 22. С. 388 - 392, 400 - 408.
- АВК. Т. 36. С. 377 - 378.
- Wolff J. Pacowie. S. 42.
- Там жа. С. 113 - 115.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 6. Л. 771 адв. - 772.
- Там жа. Спр. 17. Л. 1.
- Спрогис И. Географический указатель к актовым книгам Виленского архива. Вильно, б/г.
- Спиридонов М.Ф. Заславль в XVI в. - Мн., 1998. Дадатак 3. С. 66.
- АВК. Т. 8. С. 471 - 476.
- АВК. Т. 36. С. 402 - 403.
- НГАБ. Ф. 1755. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 278 - 280.
- АВК. Т. 33. С. 133 - 135.
- НГАБ. Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 1.. Арк. 393 адв., 412 адв., 451, 495 адв.
- Там жа. Арк. 330 адв., 866, 868 адв.
- Памятники литовского права. Кн. 3. Решения Главного литовского трибунала 1583 - 1655 (Lietuvos Vyriausiojo tribunalo sprendimai 1583 - 1655). - Вильнюс, 1988. С. 124 - 136.
- НГАБ. Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 101 адв., 142 адв., 872, 912 адв., 969, 1218.
- Там жа. Арк. 1376 адв.
- Wolff J. Pacowie. Materyaly historyczno-genealogiczne. - Petersburg, 1885. S. 50, 68.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 752 - 755 адв.
- АВК. Т. 36. С. 23 - 24.
- Там жа. С. 27 - 28.
- Там жа. С. 28 - 29, 37 - 38, 46 - 48.
- Там жа. С. 30 - 32.
- Там жа. С. 12.
- Там жа. С. 74 - 75.
- Там жа. С. 97.
- Там жа. С. 112.
- Там жа. С. 112 - 113.
- Там жа. С. 273.
- Там жа. С. 276 - 277.
- Там жа. С. 304.
- Там жа. С. 326 - 327.
- Там жа. С. 49.
- Там жа. С. 72 - 73.
- Там жа. С. 148 - 150.
- Там жа. С. 153 - 155.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 20. Арк. 428 - 429 адв.
- АВК. Т. 36. С. 134 - 136.
- Там жа. С. 244 - 245, 253 - 254, 261 - 262.
- Там жа. С. 315 - 316.
- Там жа. С. 343.
- Там жа. С. 258 - 259.
- Там жа. С. 331 - 332.
- АВК. Т. 18. С. 98 - 99.
- Там жа. С. 160.
- Там жа. С. 172-174.
- Там жа. С. 167 - 169.
- Там жа. С. 169-171.
- АВК. Т. 36. С. 3 - 5, 18 - 20.
- АВК. Т. 14. С. 373 - 377.
- АВК. Т. 33. С. 129 - 132.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 32 - 36 адв.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 18. Арк. 32 - 36 адв.
- АВК. Т. 14. С. 542 - 546.
- АРБАНЛ. Ф. 43. Спр. 609.
- Акты Московского государства. Т. 2. Спб., 1890. С. 579 - 580.
- Временник Московского общества истории и древностей Российских. Кн. 18. Отд. 3. С. 22 - 24.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654 - 1667. Мн., 1995. С. 78.
- Там жа. С. 80.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. ДА. Спр. 3721.
- АРБАНЛ. Ф. 43. Спр. 8584.
- Там жа. Спр. 10750.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 6. Л. 733 - 733 адв.
- АРБАНЛ. Ф. 43. Спр. 8591, 8593.
- ДГАЛ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 4481.
- Wolff J. Kniaziowie ... S. 501.
- АВК. Т. 33. С. 220 - 221.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 9. Л. 1306 - 1308.
- АВК. Т. 11. С. 225 - 226.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 14. Л. 106 - 109.
- Там жа. Спр. 17. Л. 584 - 589 адв.
- Там жа. Спр. 14. Л. 636 - 641 адв.
- Там жа. Спр. 9. Л. 267 - 270 адв.
- Там жа. Спр. 25. Л. 742 - 743.
- Там жа. Спр. 18. Л. 41 - 42 адв.
- Там жа. Спр. 10. Л. 200 - 201 адв.
- АВК. Т. 36. С. 237 - 240.
- Там жа. С. 266 - 267.
- Там жа. С. 292 - 294.
- АРБАНЛ. Ф. 43. Спр. 10751 - 10757, 10772.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 6. Л. 278 - 283 адв.
- Адзначым, што маецца інвентар за 1774 г. іншай часткі маёнтка Эйнаравічы альбо Мураваны Двор, якая належала пані Ганне з Пашкевічаў Свідавай і ахоплівала 28 двароў у Эйнаравічах, 5 двароў у Слабадзе і 13 двароў у Звярынічах: НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 9. Л. 1031 - 1037 адв.
- ДГАЛ. Ф. ДА. Спр. 116. Л. 13 - 16 адв.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 9. Л. 2 - 10.
- Бібліятэка АН Літвы. Аддзел рукапісаў. Ф. 43. Спр. 10771.
- Там жа. Спр. 10758.
- Там жа. Спр. 10760.
- ДГАЛ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 3397. Л. 50 - 53, 55 - 56 адв.
- НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Спр. 23. Л. 91 - 100 адв.