Нальшчаны (2006)

Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.2. – Мінск: БелЭН, 2006. С. 344.

Нальшчаны, геаграфічна-палітычная вобласць у складзе Літвы. Упамінаецца ў «Ліфляндскай рыфмаванай хроніцы» пры апісанні падзей 1250 г. як зямля Nalsen, змешчаная паміж уладаннямі Лівонскага ордэна і ўласна Літоўскай зямлёй. Паводле найбольш пашыранага меркавання даследчыкаў, тэрыторыя Н. прыблізна суадносіцца з Пн-У часткай арэалу курганоў ўсходнелітоўскага тыпу (Аўкштайцкае і Свянцянскае ўзвышшы). У сярэдзіне 13 ст. Н. былі асобным княствам, палітычна залежным ад Міндоўга. У грамаце Міндоўга 1260 (лічыцца падробленай, але подпісы на ёй напэўна захаваліся з сапраўднага прататыпу) прыгадваецца яго родзіч Гердзень Нальшчанскі (Gerdine de Naise). Аўтар «Апісання земляў», які прымаў удзел у каранацыі Міндоўга, згадваў Н. (Nalsani) у адным шэрагу з уласна Літвой, Ятвеззю і Жамойцю. У Іпацьеўскім летапісе Н. прыгадваюцца двойчы: у 1258 татары пры руху з поўдня паслядоўна «воеваша земли Литовьскую и Нальшчаньскую», а ў 1264 з бацькоўскай Літвы рушыў на скарэнне мяцежных Н. і Дзевалтвы сын Міндоўга Войшалк. Апошні раз згадваюцца ў 1268, калі пад пратэктарат рыжскага архібіскупа перайшоў літоўскі нобіль Суксе «з правінцыі Н.» (Nalsen). Відавочна, пасля паходу Войшалка 1264 Н. трапілі пад непасрэдны кантроль вялікага князя і страцілі палітычную адметнасць. З гэтага часу яны альбо разглядаліся проста як часткі Літвы, альбо паглыналіся абагульняючым тэрмінам Аўкштайція. Герман з Вартберга ў 1375 прыгадвае ў «зямлі літоўцаў» шэраг паселішчаў на тым абшары, дзе раней мусілі знаходзіцца Н.: Больнікі, Дубінкі, Гедройці, Малаты, Таўрагіні, Уцяну, Шашолы.

Літ.: Łowmiański H. Geografia polityczna Bałtów w dobie plemiennej // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. I. Poznań, 1985.