Дакументальная спадчына ВКЛ як інфармацыйны рэсурс (2003)

Актуальныя пытанні вывучэння і выдання Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага: Матэрыялы міжнароднай навук.-практ. канфер. (Мінск, 11–12 лістапада 2003 г.). – Мінск: Ін-т гісторыі НАН Беларусі, 2005. С. 35–42.

Сёння магістральным шляхам да ўвядзення Літоўскай метрыкі ў шырокі грамадскі ўжытак лічыцца паслядоўная публікацыя кнігі за кнігай – гэтак жа, як гэта рабілася пачынаючы з ХІХ стагоддзя. Такія намаганні ўжо прынеслі значны плён: колькасць выдадзеных кніг штогод павялічваецца. У апошні час да выдання Метрыкі нарэшце далучыліся і беларускія археографы – імі апублікаваны дзве кнігі і працягваецца работа яшчэ над некалькімі. Але відавочна, што гэтая дзейнасць сутыкаецца з цяжкасцямі дваякага кшталту.

Па-першае, выдаткі на падрыхтоўку да выдання вялікія – значна большыя, чым на публікацыю гістарычнай літаратуры агляднага і навучальнага характару, не кажучы ўжо пра папулярныя выданні. З гэтай прычыны і кошт кожнай кнігі атрымліваецца адносна высокім, што звужае і без таго не вельмі шырокі попыт на яе. Гэта, у сваю чаргу, робіць выданне Метрыкі амаль беспрыбытковай і таму малапрыцягальнай для выдаўцоў справай. Дзякуючы меркаванням ідэалагічнага і маральнага характару, мецэнацтву і падтрымцы з боку дзяржавы (асабліва спрыяльнае становішча ў гэтым сэнсе назіраецца ў Літоўскай Рэспубліцы) публікацыя Метрыкі няўхільна прасоўваецца наперад, але значна марудней, чым гэта было б пры ўмове відавочнага камерцыйнага поспеху.

Па-другое, эфект ад гэтых вялізных намаганняў зусім не такі вялікі, як хацелася б. Часам з’яўляецца крамольная думка: а ці ёсць ён увогуле? Няма патрэбы даказваць, што інфармацыя, змешчаная на старонках Метрыкі, мае вялізную навуковую каштоўнасць. З яе дапамогай грамадства можа ўсвядоміць асаблівасці свайго папярэднягша развіцця. Можна на парадак узняць, напрыклад, узровень краязнаўчай дзейнасці, якая дазваляе асобе адчуць сваю сувязь з пакаленнямі сваіх продкаў. Засваенне гэтай інфармацыі шырокімі коламі спрыяла б росту цікавасці да гістарычных мясцін, а гэта ўжо звязана з развіццём турызму і мае, апрача іншага, рэальны эканамічны эфект. Усвядомленне гістарычных фактаў тымі прадстаўнікамі грамадства, якія адказныя за палітычныя рашэнні, а таксама іх электаратам, здольна істотна паўплываць і на атмасферу міждзяржаўных адносін ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, і на ўнутрыпалітычнае становішча ў краінах. Але дзеля гэтага неабходна, каб гістарычныя факты, што змяшчае Метрыка, былі ў той ці іншай ступені вядомы літаральна кожнаму – калі не праз непасрэднае звяртанне да дакументаў, то праз іх папулярны пераказ, цытаванне ў літаратуры, публіцыстыцы, падручніках. Відавочна, што да гэтага яшчэ вельмі далёка.

Нават калі ўявіць сабе, што праграма выдання Метрыкі, якая зараз здзяйсняецца, будзе паспяхова рэалізована, сітуацыя наўрад ці зменіцца радыкальна. Да моманту выхаду з друку апошняй кнігі першыя даўно ўжо стануць бібліяграфічнымі рарытэтамі, што патрабуюць новага перавыдання (як сёння справа абстаіць з кнігамі, выдадзенымі на пачатку ХХ стагоддзя). Высокі кошт выдання азначае, што поўны яго камплект будзе мецца толькі ў лічаных месцах – буйных бібліятэках, навуковых цэнтрах, у асобных калекцыянераў. Нават сярод гісторыкаў, якія прафесійна вывучаюць перыяд, што асветлены дакументамі Метрыкі, толькі адзінкі знойдуць дастатковыя сродкі, каб набыць некалькі соцен тамоў коштам у 10–20 даляраў, і дастаткова места, каб размясціць гэтыя тамы ў сваіх кватэрах. У гэтым сэнсе становішча будзе не вельмі адрознівацца ад таго, што мы маем зараз, калі мікрафільмы Метрыкі даступныя ў архівах Масквы, Вільнюса, Мінска і Кіева.

Асноўная ж большасць экзэмпляраў, выдадзеных з такімі намаганнямі, будзе раздробнена на выпадковыя часткі, каштоўнасць якіх будзе значна ніжэйшай за каштоўнасць усёй сукупнасці. Гэтая акалічнасць таксама не патрабуе разгорнутай аргументацыі. Відавочна, што па-сапараўднаму каштоўныя высновы цяжка, а часам і немагчыма зрабіць на падставе некалькіх выпадковых фрагментаў. І для выкарыстання ў краязнаўчых мэтах, і для высвятлення чыста навуковых пытанняў (напрыклад, эвалюцыі судовай сістэмы, пэўных паняццяў і звычаяў, генеалагічных доследаў і г. д.) патрабуецца ўвесь комплекс дакументаў, хаця ў кожным канкрэтным выпадку будзе задзейнічана невялікая яго частка – з кожнай кнігі патроху.

Больш таго, нават суцэльны камплект Метрыкі, выдадзены за кошт ігнаравання іншых частак дакументальнай спадчыны ВКЛ, будзе вельмі аднабокім. Комплексы дакументаў, якія зберагліся ад XVI–XVIII стст., можна разглядаць з розных пазіцый. Карыстаючыся традыцыйным для архівістаў прынцыпам правіненцыі (паходжання), сярод іх можна вызначыць дакументы цэнтральных органаў дзяржаўнага кіравання (вялікакняжацкай канцылярыі, галоўнага трыбунала), мясцовых устаноў (земскіх, гродскіх, магістрацкіх судоў і інш.), царквы, прыватных асобаў і сем’яў. Паводле формы можна адрозніваць асобныя дакументы (лісты, прывілеі, судовыя вердыкты) і актавыя кнігі, што ў значнай ступені складаюцца з копій такіх дакументаў, а таксама шэраг крыніц спецыфічнай структуры – метрычныя, інвентарныя кнігі, тарыфы, рэестры, кнігі люстрацый, мытныя кнігі і інш. Змест актавых кніг падзяляецца на запісы дыпламатычнага, маёмасна-натарыяльнага, судовага, ваенна-мабілізацыйнага і фіскальнага характару. З пункту гледжання карыстальнікаў, сярод дакументальных комплексаў можна вызначыць крыніцы па гісторыі дзяржавы, права, зямельнай уласнасці, судовай сістэмы, асабістага абыдзённага жыцця і інш.

Але які б крытэрый мы ні выкарысталі, комплекс, вядомы пад назвай “Літоўская метрыка”, будзе толькі адным з падмностваў больш шырокага мноства. У асноўным Метрыка складаецца з актавых кніг вялікакняжацкай канцылярыі, але не вычэрпвае ўсіх дакументаў гэтай установы, што зберагліся. Па-за яе межамі застаюцца, напрыклад, калекцыі пергамінавых прывілеяў і актаў. Значную частку Метрыкі ўтвараюць актавыя кнігі вялікакняжацкага і некаторых ваяводскіх судоў. Іх натуральным працягам можна лічыць кнігі галоўнага трыбунала, але апошнія традыцыйна застаюцца па-за межамі паняцця Метрыкі. Гэтаксама кнігі ўліковага характару, накшталт попісаў войска ВКЛ, тэматычна і структурна больш падобныя на падаткавыя тарыфы, якія знаходяцца ў фондзе старажытных актаў Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы і звычайна таксама не ўключаюцца ў паняцце Метрыкі. Пытанне аб выданні гэтых комплексаў відавочна застаецца ў ценю.

Фактычна ў шырокай свядомасці пад Метрыкай часцей за ўсё разумеюць дакументальны комплекс, аб’яднаны паводле чыста вонкавага крытэрыя – ён збярогся як кампактнае адзінства і зараз захоўваецца пераважна ў РДАСА ў Маскве, дзе і ўтварае фонд пад назвай “Літоўская метрыка”, а часткова – у аналагічным фондзе AGAD у Варшаве. Такое разуменне паняцця, безумоўна, мае права на існаванне. Але яно накладвае абмежаванні на дзейнасць, звязаную з забеспячэннем шырокага доступу да дакументальнай спадчыны – мы трапляем у залежнасць ад намі ж прыдуманага ўмоўнага абазначэння.

З пункту гледжання інтарэсаў грамадства неабходны аднолькавы, як мага больш шырокі доступ для ўсіх відаў дакументальнай спадчыны ВКЛ: Метрыкі, актаў трыбунала і скарбовай камісіі, гродскіх і земскіх судоў, фамільных фондаў, царкоўных метрычных кніг і г. д. Расстаўляць паміж імі прыярытэты – справа няўдзячная. Мы не можам упэўнена сцвярджаць, што менавіта архіў канцылярыі змяшчае найбольш каштоўную інфармацыю. Дарэчы, сярод судовых справаў найбольш цікавымі, багатымі на падрабязнасці з’яўляюцца матэрыялы аб канфліктах мясцовага ўзроўню, якія пасля адміністрацыйнай рэформы 1565–66 гг. адкладваліся ў фондах гродскіх і земскіх судоў. З пазіцый гісторыі паўсядзённасці яны значна больш каштоўныя, чым многія з кніг Метрыкі парэформеннага перыяду.

Напэўна, нехта паспеў падумаць: калі нават поўнае выданне некалькіх соцен кніг Метрыкі выглядае маларэальным, што ж казаць пра кнігі мясцовых судоў, лік якіх ідзе на тысячы і нават дзясяткі тысяч? Такая мэта выглядае як чыстая ўтопія.

Калі размова ідзе пра традыцыйныя папяровыя выданні археаграфічна апрацаваных тэкстаў, гэта сапраўды так. Але ж развіццё інфармацыйных тэхналогій стварыла якасна новае становішча. Сёння асноўным, найбольш эфектыўным для спажывання спосабам прадстаўлення фактаў, звестак і любых карысных тэкстаў стаў увод іх у аўтаматызаваныя інфармацыйныя сістэмы – іншымі словамі, ператварэнне ў інфармацыйны рэсурс. Новае пакаленне ўсё больш прызвычайваецца пачынаць любы пошук менавіта з такіх рэсурсаў, даступных праз аўтаматызаваныя сістэмы. Да бібліятэк і архіваў яно звяртаецца толькі ў крайніх выпадках, калі няма больш зручнага варыянту доступу (а па меры пашырэння кола інфармацыйных рэсурсаў фармуецца погляд, што інфармацыя, не пераведзеная ў такую форму, увогуле не вартая ўвагі). Не ўлічваць гэтыя тэндэнцыі пры планаванні археаграфічнай дзейнасці было б непрадбачліва.

Першым крокам можа стаць стварэнне лічбавых факсімільных копій Метрыкі і іншых дакументаў ВКЛ. Яны хоць і не вельмі прыдатныя для апрацоўкі аўтаматызаванымі сістэмамі, але магчымасці тыражыравання такіх крыніц і забеспячэння доступу да іх не ідуць ні ў якое параўнанне з традыцыйнымі формамі: іх можна распаўсюджваць на кампакт-дысках, перасылаць па электроннай пошце ці выстаўляць на адкрыты альбо платны доступ і Інтэрнеце, адкуль кожны зможа скапіраваць іх самастойна.

Да таго ж аблічбаванне дакументаў з дапамогай сканера ці электроннай фотакамеры – чыста тэхнічная аперацыя, якая не патрабуе такой кваліфікацыі, як археаграфічная падрыхтоўка тэксту. Кадры для такой работы знайсці і падрыхтаваць значна прасцей. Аднойчы створаная якасная копія можа ў далейшым выкарыстоўвацца неабмежавана, у розных месцах і з самымі рознымі мэтамі: можна хоць бы сабе раздаць студэнтам гістарычных факультэтаў па копіі нейкага дакумента – і хай спрабуюць чытаць, апрацоўваць, перакладаць на нацыянальныя мовы і г. д. Можна нават увесці прэмію за найбольш удалую апрацоўку. Зразумела, колькасць ахвотнікаў да такой справы ніколі не будзе вельмі вялікай, але ў любым выпадку над дакументамі будзе адначасова працаваць значна больш людзей, чым цяпер. Напэўна, большасць створанай імі прадукцыі будзе ўяўляць цікавасць толькі для іх саміх, але нехта сапраўды здолее дарасці да ўзроўню прафесійнага археографа. Ці гэта не шлях да падрыхтоўкі неабходных кадраў, у тым ліку праз дыстанцыйнае навучанне? З’яўляюцца і магчымасці для камерцыйнага выкарыстання: пры адпаведнай рэкламе хтосці пажадае мець копію дакумента, у якім, напрыклад, упершыню згадваецца родная вёска яго продкаў.

Тым часам прафесіяналы змогуць атрымаць неабходны ім дакумент для работы на сваіх кампутарах, якія ёсць ужо практычна ў кожнай установе, а праз некалькі год, несумненна, будуць і ў кожным доме. Хтосці з іх зможа засяродзіцца на падрыхтоўцы тэкстаў да сапраўднага выдання, а хтосці – на індэксацыі інфармацыі, стварэнні паказальнікаў і баз даных. Калі з такіх паказальнікаў можна будзе атрымаць вычэрпную інфармацыю аб тым, у якіх дакументах прыгадваецца той ці іншы населены пункт, імя альбо тэрмін – можа, і патрэба ў набыцці поўных камплектаў адпадзе. Можна будзе набыць факсіміле адпаведных крыніц, альбо замовіць спецыялістам іх перавод у сучасную арфаграфію. Аднойчы зроблены пад канкрэтную замову, такі апрацаваны тэкст зробіцца даступным для агульнага карыстання. Паволі фонд іх будзе пашырацца, а значыць – будзе палягчацца і доступ да архіўнай інфармацыі, яе засваенне шырокімі коламі грамадства.

Напрошваецца выснова: асноўныя намаганні варта засяродзіць не на стварэнні адразу гатовых прадуктаў у выглядзе цалкам апрацаваных і апублікаваных кніг ці нават паўнатэкставых баз даных, а на назапашванне “сыравіны” для гэтай дзейнасці ў выглядзе лічбавых факсімільных копій гістарычных дакументаў. Стварэнне фонда такіх копій за рэальны прамежак часу выглядае значна больш дасягальным, чым выданне гэтых жа дакументаў праз друк. Аблічбоўваць можна не абавязкова арыгінал Метрыкі, а яе мікрафільм, хоць гэта і паніжае магчымасць дасягнуць высокай якасці. Засяродзіўшы якасную апаратуру ў месцах, дзе захоўваюцца арыгіналы ці мікрафільмы, можна будзе аблічбоўваць штодзень сама меней 100 старонак, а пры распаралельванні працэсу на некалькі працоўных станцый хуткасць адпаведна ўзрасце. Вопыт такой работы ўжо ёсць: у архіве іспанскай каланіяльнай адміністрацыі ў Севільі на працягу 7 гадоў (1985-92) былі створаны лічбавыя копіі каля 8 мільёнаў старонак дакументаў і цалкам аблічбаваны даведачны апарат архіва. Гэтая акцыя здзяйснялась да 500-годдзя адкрыцця Амерыкі і выкарыстоўвала абсталяванне, значна менш дасканалае ў параўнанні з сучасным. Тым не менш на 15 паралельных станцыях была дасягнута прадукцыйнасць звыш мільёна старонак у год, што блізка да агульнага памеру Метрыкі (адпавядае 500 кнігам памерам у 1000 аркушаў). У другім аналагічным праекце, па стварэнні лічбавай калекцыі дакументаў Камінтэрна агульным памерам каля мільёна старонак, работа расцягнулася на некалькі гадоў, аднак паралельна была створана база даных з падрабязнымі апісаннямі ўсіх 230 тыс. спраў гэтага архіва.

Што тычыцца кошту абсталявання, то ён вымяраецца дзясяткамі тысяч даляраў – прыкладна столькі ж каштавала выданне ўсіх кніг Метрыкі, выпушчаных за апошнія 10 гадоў. Гэта значыць, што праект цалкам рэальны як з пункту гледжання працазатрат, так і фінансавых сродкаў. Праўда, ён патрабуе істотных зменаў у свядомасці тых, хто мае дачыненне да праблемы, а таксама пэўных арганізацыйных мерапрыемстваў. Трэба вырашыць пытанне аб фінансаванні работ, аб праве доступу да інфармацыі, аб спосабах яе распаўсюджвання і да т. п. Безумоўна, такі падыход прадугледжвае значна больш высокі ўзровень каардынацыі паміж усімі зацікаўленымі, чым назіраецца зараз. Гэта можа стаць адной з самых сур’ёзных перашкод.

Варта падкрэсліць, што прапанаваны падыход не адмаўляе выданне кніг Метрыкі ў папяровай форме. У абсяжнай будучыні такое выданне застанецца не толькі карысным, але і неабходным. Па-першае, чытаць друкаваны тэкст значна больш зручна, чым углядацца ў экран. Па-другое, традыцыйнае выданне пакуль выглядае найбольш надзейным спосабам забяспечыць аўтарскія правы тых, хто уклаў сваю працу ў ареаграфічную апрацоўку, стварэнне каментараў і паказальнікаў. Не трэба думаць, што ў чаканні электронных версій людзі перастануць набываць такія кнігі. Тыя, хто па-сапраўднаму зацікаўлены ў набыцці поўнага камплекту (бібліятэкі, навуковыя ўстановы, калекцыянеры) набудуць іх абавязкова, не гледзячы на наяўнасць электронных версій. Асобныя кнігі, чымсці цікавыя для пэўных асобаў, таксама будуць набывацца імі. Той, каму гэта рэальна патрэбна, з задавальненнем будзе мець і друкаваную кнігу, і кампакт-дыск, так што ў пэўных межах аблічбаванне можа не звузіць, а нават пашырыць камерцыйнае выкарыстанне выданняў.

Разам з тым галоўная мэта ўвядзення Метрыкі і іншых крыніц перыяду ВКЛ у шырокі зварот не зводзіцца да атрымання грашовага прыбытку. Гэта – перш-наперш сацыяльная і культурная акцыя. А ў такім сэнсе перавагі лічбавага варыятна несумненныя. Можна ўявіць сабе стратэгію апрацоўкі гэтага дакументальнага масіву пласт за пластом: спярша стварэнне лічбавых копій, потым іх індэксацыя і стварэнне пошукава-даведачнай сістэмы, потым – распаўсюджванне цалкам апрацаваных дакументаў пад індывідуальныя дамовы і паралельнае ўзнаўленне выдання цэлых кніг, прычым адначасова ў папяровым і электронным варыянтах. Такое выданне на кампакт дыску можа ўключаць у сябе факсімільныя копіі ўсіх дакументаў, іх адаптіаваныя эталонныя тэксты ў фармаце PDF, тыя ж тэксты ў фармаце тэкставага рэдактару накшталт MS Word (што адкрывае магчымасць для паўнатэкставага пошуку і дакладнеага цытавання) і, нарэшце, сістэму індэксаў і паказальнікаў з гіпертэкставымі спасылкамі на адпаведныя месцы зыходнага тэксту.

Падрыхтоўка такога здвоенага выдання будзе займаць больш часу, чым чыста папяровая публікацыя. Менавіта таму ёй павінна папярэднічаць стварэнне лічбавых копій усіх кніг, якое зможа забяспечыць найбольш неадкладны попыт і адначасова падрыхтаваць грамадства да з’яўлення канчатковага прадукту.