Пачатак вялікага рассялення славян. V – першая палова VI ст. н.э. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах. Т.1. Мінск: Белкартаграфія. 2009. С. 42.

На карце “Пачатак вялікага рассялення славян” асветлены падзеі, да якіх прывяло заваяванне протадзяржавы астраготаў гунамі.

З пункту гледжання археалогіі ў гэты час адбывалася канчатковае знікненне рысаў чарняхоўскай супольнасці і ўтварэнне на яе месцы пражскай і пянькоўскай культур, працэс крышталізацыі якіх да сярэдзіны VI ст. у асноўным закончыўся.

Гуны ўяўлялі сабой новую хвалю міграцыі стэпавых качэўнікаў, на гэты раз, напэўна, цюркамоўных. У склад гэтай хвалі ўваходзілі акацыры, альтцыагіры і балгары, якія працягвалі жыць у прычарнаморскіх стэпах і пасля распаду галоўнай гунскай арды ў сярэдзіне V ст. Нашэсце гунаў выклікала перасяленне везеготаў у межы Рымскай імперыі. Астраготы ж і ўсе раней падначаленыя імі народы ўвайшлі ў новую протадзяржаву, узначаленую гунамі. Пра тое, што некаторыя з гэтых народаў гунам давялося скараць нанова, сведчаць знаходкі спецыфічна гунскіх наканечнікаў стрэл.

У 2-й чвэрці V ст. улада гунаў пашырылася да сярэднега Падунаўя, куды часова перасялілася іх галоўная арда. У гэты час рымскі дыпламат Прыск зафіксаваў славянскія словы, якія ўжывалі падначаленыя гунам жыхары гэтых мясцовасцяў. Гэта – першае гістарычнае сведчанне таго, што пад уладай гунаў продкі славян пачалі шырокае рассяленне. Асаблівы размах яно набыло пасля таго, як на сярэдні Дунай з Прычарнамор’я перасяліліся астраготы (адгэтуль вядомыя як астготы). У пакінутым імі абшары чарняхоўскай культуры праз кароткі час, на мяжы V–VI стагоддзяў, утвараецца масіў новых, вельмі блізкіх паміж сабой помнікаў пражскага і пянькоўскага тыпаў. Яны займаюць якраз той абшар, на якім Іардан і візантыйскі гісторык Пракопій змяшчалі сучасных ім склавінаў і антаў.

Зыходны пункт, адкуль пачалося засяленне славянамі араэалу былой чарняхоўскай культуры, розныя даследчыкі вызначаюць па-рознаму. Праблема ўскладняецца тым, што ў працэсе гэтага выбуховага рассялення матэрыяльная культура будучых славян, як і іх мова, паспытала радыкальную трансфармацыю. На карце пазначана тая версія, што здаецца найбольш верагоднай – аб вытоках славянскай культуры ў папярэдняй кіеўскай, на тэрыторыі якой фіксуецца пераемнасць назваў венеты – анты.

З гэтага часу гісторыя славянскіх народаў прасочваецца даволі ўпэўнена. Верагодна, менавіта тады і мова іх з праславянскай ператварылася ва ўласна славянскую. Гэта адбылося, напэўна, спярша на тэрыторыі пражскай культуры, дзе зафіксаваны этнонім “склавіны”. Носьбіты іншых культур, звязаных паходжаннем з кіеўскай ці паспытаўшых імпульсы з яе боку (калочынскай, мошчынскай, банцараўскай, тушамлянскай), маглі карыстацца больш ці менш падобнымі мовамі, але пра іх мы дакладна нічога не ведаем, бо ніводная з гэтых культур не мае непасрэднага працягу ў перыяд Кіеўскай Русі.