strict warning: Only variables should be passed by reference in /home/cb12grq1r9dt/public_html/modules/book/book.module on line 565.

Храналогія ад старажытнасці да 1569 г. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 3-х тамах. Т.1. Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 11–18.

100–35 тыс. гадоў назад* Першыя сведчанні існавання першабытнага чалавека (неандэртальца) на тэрыторыі Беларусі. Знаходкі мусцьерскіх прылад працы

35–30 тыс. гадоў назад З’яўленне на тэрыторыі Беларусі старажытнага чалавека сучаснага тыпу (краманьёнца)

Каля 26,5 тыс. гадоў назад Прыблізная дата верхнепалеалітычнай стаянкі каля вёскі Юравічы Калінкавіцкага раёна

Каля 23,4 тыс. гадоў назад Стаянка вілендорфска-касцёнкаўскай культуры каля вёскі Бердыж Чачэрскага р-на

22–18 тыс. гадоў назад Максімум валдайскага пахаладання. Ледавік са Скандынавіі дасягае Беларусі і спыняецца на месцы сучаснага Віцебскага Паазёр’я. Помнікі гэтага часу на Беларусі не знойдзены

Каля 13 тыс. гадоў назад Глабальнае пацяпленне. Выміранне мамантавай фаўны. З захаду на Беларусь пранікаюць носьбіты культуры броме-лінгбі

11–10 тыс. гадоў назад Непрацяглае пахаладанне. Пашырэнне на Беларусі познапалеалітычнай культуры паляўнічых на паўночнага аленя (свідэрская культура). З ёй суіснуюць носьбіты арэнсбургскай традыцыі: у Панямонні – краснасельскай (ваўкушанскай) культуры, у Верхнім Падняпроўі – ранняга этапу грэнскай

Каля 10 тыс. гадоў назад Заканчэнне ледавіковай эпохі. На тэрыторыі Беларусі канчаткова знікаюць тундравыя ланштафты і пашыраюцца бярозава-хваёвыя лясы. Пераход ад фінальнага палеаліту да мезаліту (сярэднекаменнага века). На Блізкім Усходзе пачынаецца пераход да вытворчай гаспадаркі

Каля 7 тыс. гадоў назад (5000 да н.э.) Жыхары Беларусі запазычваюць выраб керамікі і элементы вытворчай гаспадаркі. Пачатак эпохі неаліту на беларускіх землях. Пачынаюць утварацца культуры т.зв. “ляснога неаліту”: нарва (порыстай керамікі), верхнедняпроўская і нёманская культуры грабенчатай керамікі

4400–4000 да н.э. Клімат цяплейшы за сучасны. Беларусь пакрываюць шыракалісныя лясы. Носьбіты днепра-данецкай культуры грабеньчата-накольчатай керамікі пранікаюць на Беларусь з паўднёвага ўсходу і засяляюць Усходняе Палессе. У вадазборы Дзясны пашыраецца культурная супольнасць ямкава-грабенчатай керамікі

3900–3300 да н.э. Паміж Эльбай і Бугам утвараецца земляробча-жывёлагадоўчая культура лейкападобных кубкаў. На Падзвінні традыцыі нарвенскай культуры змяняюцца ўсвяцкай культурай

Каля 3500–2800/2600 да н.э. Носьбіты культуры лейкападобных кубкаў пранікаюць і на тэрыторыю Беларусі. Але на большай яе частцы захоўваюцца паляўніча-рыбалоўчыя культуры “ляснога неаліту”

Каля 2800–2600 да н.э. З захаду – паўднёвага захаду на Беларусь пранікаюць плямёны познанеалітычнай культуры шарападобных амфар. Пачынаецца фармаванне сярэднедняпроўскай культуры. Суіснаванне вытворчай і паляўніча-рыбалоўчай гаспадарак назіраецца амаль па ўсёй Беларусі

2600–2200 да н.э. Клімат блізкі да сучаснага. Заключны этап неаліту. Суіснаванне традыцый культуры шарападобных амфар і культурнага кола шнуравой керамікі

2200–1800 да н.э. Пранікненне на Беларусь першых вырабаў з металу вызначае пачатак бронзавага веку. Ва ўсходняй і паўднёва-усходняй частцы Беларусі працягвае існаваць сярэднедняпроўская культура, а ў Падзвінні – паўночнабеларуская, у якой пераважаюць традыцыі “ляснога неаліту”

2000 – 1600 да н.э. На Гомельскім Палессі ўжываецца шматвалікавая кераміка, якая пранікае з поўдня і паўднёвага усходу

1700–1200/1000 да н.э. На тэрыторыі Беларусі распаўсюджваюцца супольнасці тшцінецкага культурнага кола

1200/1000–750 да н.э. Позні перыяд бронзавага веку

Каля 750 да н.э. Пачатак жалезнага веку. Пераход да вырабу прылад з мясцовай балотнай руды. Утварэнне мілаградскай, днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур. У Прычарнамор’і ўзнікаюць грэчаскія калоніі

Каля 440–430 да н.э. Антычны гісторык Герадот пакідае першую пісьмовую згадку пра тэрыторыю Беларусі. З яе паўднёвай часткай можна звязваць рассяленне прыгаданых ім неўраў, а з цэнтральнай і паўночнай – андрафагаў

400–250 да н.э. У парэччы Буга на Беларусь пранікаюць носьбіты паморскай культуры

Каля 230 да н.э. Першая згадка рымскім гісторыкам Пампеем Трогам пра перасоўванне народа бастарнаў. Міграцыя з захаду, у складзе якой, магчыма, былі і носьбіты праславянскай мовы, прыводзіць да знікнення мілаградскай культуры і складання на яе месцы зарубінецкай. Адначасова ў парэччы Днястра і Прута ўзнікае роднасная зарубінецкай паянешты-лукашоўская культура

Каля 216 да н.э. Прышлыя бастарны згадваюцца ў нізоўях Дуная грэчаскім аўтарам Дзяметрыем з Калаціса

Каля 180–168 да н.э. Македонскія цары Філіп і Пярсей выкарыстоўваюць войска бастарнаў у сваіх войнах з суседзямі. З гэтымі падзеямі звязваецца пашырэнне ў зарубінецкай культуры засцёжак-фібул і іншых рэчаў, магчыма, прынесеных на Беларусь удзельнікамі гэтых войнаў

Каля 100–63 да н.э. Цар Понта Мітрыдат Эўпатар выкарыстоўвае бастарнаў у сваіх войнах з Рымам

29 да н.э. Няўдалая спроба бастарнаў прарвацца праз Дунай у рымскую правінцыю Македонію

Каля 10–20 Рымскі географ Страбон лакалізуе бастарнаў паміж Днястром і Дняпром, прыкладна ў арэале паянешты-лукашоўскай і зарубінецкай культур

Каля 50 Распад зарубінецкай культуры на асобныя варыянты, пачатак змяшэння яе носьбітаў з прадстаўнікамі культур штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай і юхнаўскай

Каля 70 Рымскі географ Пліній Старшы лакалізуе бастарнаў прыкладна на ўсход і паўночны ўсход ад Карпат, а недзе ля паўднёвага берага Балтыкі і нізоўяў Віслы (Вісулы) размяшчае венедаў. Звесткі пра венедаў, магчыма, запазычаны Плініем у больш ранніх антычных географаў

Каля 98 Рымскі гісторык Тацыт прыгадвае шматлюдны народ венедаў (венетаў) паміж пеўкінамі-бастарнамі і фенамі – прыкладна там, дзе рассяляліся носьбіты позназарубінецкай культурнай традыцыі

Каля 140–160 Грэчаскі географ Пталямей лакалізуе венетаў на ўзбярэжжы Балтыкі (“Венедскай затокі”) на ўсход ад Віслы, а паміж імі і аланамі, што насялялі прычарнаморскія стэпы, размяшчае галіндаў, судзінаў і ставанаў

Каля 150 На беларускім Пабужжы і верхняй Прыпяці з’яўляюцца помнікі вельбаркскай культуры, звязаныя з прасоўваннем готаў

Канец ІІ – ІІІ ст. Міграцыя готаў у Прычарнамор’е прыводзіць да ўзнікнення чарняхоўскай культуры. Адначасова на частцы позднезарубінецкага арэала ўтвараецца кіеўская культура, якая ахоплівае і паўднёва-усходнюю частку Беларусі

350–375 Прыблізныя даты панавання караля готаў Германарыха, які, паводле пазней зафіксаванага падання, перамог і падпарадкаваў венетаў

Каля 375 Нашэсце гунаў і іх перамога над готамі

Каля 380 Першая згадка пра народ антаў, якіх перамог кароль готаў Вінітарый, сын Германарыха. Праз год гуны забіваюць Вінітарыя і пераймаюць уладу над падпарадкаванымі яму народамі

Канец IV– І пал. Vст. Імперыя гунаў ахоплівае шматлікія народы, у тым ліку, верагодна, і на тэрыторыі Беларусі

455 Разгром гунаў на рацэ Недаа ў Паноніі, які прывёў да распаду іх імперыі і да шматлікіх перасяленняў падпарадкаваных народаў

ІІ пал. V– І пал. VIст. Кіеўская культура перарастае ў калочынскую. Адначасова ўтвараюцца роднасныя пражская і пянькоўская культуры, якія звязваюцца адпаведна са славянамі і антамі

Каля 550 Готскі гісторык Іардан паведамляе, што венеты, анты і склавены (славяне) – народы “аднаго кораню”, і першапачаткова ўсе яны зваліся венетамі. Пачатак пісьмовай гісторыі славян

ІІ пал. VІ – VIІ ст. Рассяленне славян ва ўсходняй, цэнтральнай Еўропе і на Балканах. На Беларусі, апрача пражскай і калочынскай, існуюць культуры банцараўская, тушамлінская і пскоўскіх доўгіх курганоў, якія адлюстроўваюць розныя ступені змяшэння славян з нашчадкамі мясцовага насельніцтва ранняга жалезнага века

Канец VIІ – сярэдзіна VIII ст. Пражская культура змяняецца культурай лукі-райкавецкай, а калочынская – валынцаўскай. Пранікненне славян у асяроддзе банцараўскай і тушамлінскай культур нарастае. Утвараецца культура смаленскіх доўгіх курганоў

Канец VIII ст. Новая хваля славянскага рассялення завяршае працэс славянізацыі амаль усёй Беларусі. На месцы валынцаўскай утвараецца раменская культура. Пачынаюць складацца пляменныя княжанні крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў

Пач. ІХ ст. На поўнач Рускай раўніны пранікаюць са Швецыі першыя дружыны варагаў. Верагодна, ад мясцовага фінскага насельніцтва яны атрымліваюць празванне “русь”, што азначае “весляры”. Варагі арганізуюць транскантынентальны гандаль паміж Скандынавіяй і Арабскім халіфатам, у сувязі з чым на Беларусі з’яўляюцца скарбы арабскіх манет

830-я – 840-я Утварэнне Вялікамараўскай дзяржавы

839 Першая згадка пра дзяржаву Русь, уладар якой тытулуецца каганам. Пасламі яго выступаюць варагі са Швецыі

860 Першы напад Русі на Канстанцінопаль (Царград), які пазнейшыя паданні звязваюць з варагамі Аскольдам і Дзірам, што княжылі ў Кіеве

862 Легендарная дата прызвання на княжанне ў Ноўгарад Рурыка. Тады ж утвараецца варажскае княжанне ў Полацку, на чале якога, паводле легенды, стаў адзін з набліжаных Рурыка. Першая згадка пра населены пункт на тэрыторыі Беларусі ў пісьмовых крыніцах

863 Пачатак культурна-асветніцкай дзейнасці ў Вялікамараўскай дзяржаве братоў Кірыла і Мяфодзія, стварэнне імі славянскай пісьменнасці

865 Прыняцце хрысціянства Балгарскай дзяржавай спрыяе канчатковай славянізацыі пануючай цюркскай дынастыі

882 Легендарная дата аб’яднання Ноўгарада і Кіева пад уладай спадчынніка Рурыка, князя Алега. Завяршэнне працэса ўтварэння Рускай дзяржавы

885 Легендарная дата падпарадкавання Алегам пляменнага княжання радзімічаў

Канец ІХ ст. Пасля заваявання венграмі тэрыторыі Вялікамараўскай дзяржавы асноўным цэнтрам славянскага пісьменства і адаптацыі царкоўных традыцый становіцца Балгарыя

907 Полацк прыгадваецца сярод гарадоў, ад імя якіх Алег заключыў дагавор з Візантыяй. Першая згадка пра беларускае паселішча ў міжнародный дыпламатыі

944 Удзел апалчэння крывічоў у паходзе кіеўскага князя Ігара на Канстанцінопаль

974 Першая згадка ў летапісе пра Віцебск

980 Легендарная звестка пра княжанне ў Полацку Рагвалода, а ў Тураве – Тура. Першая згадка пра Тураў, а таксама першае ўпамінанне імёнаў правіцеляў на тэрыторыі Беларусі. Пасля забойства Рагвалода Полацк пераходзіць пад непасрэдную ўладу кіеўскага князя Уладзіміра, які ажаніўся з дачкой Рагвалода Рагнедай

983 Першае ўпамінанне пра балцкае племя яцвягаў, тэрыторыя якога ахоплівала і заходнія ўскраіны Беларусі. Князь Уладзімір падпарадкоўвае яцвягаў сваёй уладзе

984 Паход Уладзіміра на радзімічаў, паўторнае іх падпарадкаванне ўладзе Кіева

988 Прыняцце хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі Русі

988 Летапісная згадка пра вылучэнне Полацка ва ўдзел сыну Уладзіміра і Рагнеды Ізяславу, а Турава – Святаполку

992 Верагодная дата заснавання Полацкай епархіі

Канец Х ст. Заснаванне Ізяслаўля (суч. Заслаўе)

1000 Смерць Рагнеды

1001 Смерць Ізяслава на полацкім княжанні пры жыцці бацькі. Гэтая падзея пазбавіла нашчадкаў Ізяслава (летапіс назвае іх “Рагваложымі ўнукамі”) правоў на кіеўскі пасад і адначасова замацавала за імі спадчыннае права на Полацк. Утварэнне Полацкай вотчыны і мясцовай галіны Рурыкавічаў – першай дынастыі на беларускіх землях

1003 Смерць Усяслава, сына Ізяслава. Верагодны пачатак княжання ў Полацку малалетняга Брачыслава Усяславіча

1005 Заснаванне Тураўскай епархіі

1009 Першае ўпамінанне Літвы ў адной з заходнееўрапейскіх хронік

1015 Смерць Уладзіміра. Яго сын Святаполк становіцца кіеўскім князем і далучае Тураў да Кіева

1019 Першае ўпамінанне Берасця (Бярэсце, суч. Брэст)

1021 Першая непасрэдная згадка Брачыслава Усяславіча як полацкага князя. Яго набег на Ноўгарад і барацьба з кіеўскім князем Яраславам Мудрым

1038 Паход Яраслава Мудрага на яцвягаў

1039 Заснаванне Кіеўскай метраполіі – устанаўленне агульнарускай царкоўнай арганізацыі

1040 Паход Яраслава Мудрага на Літву. Верагодная дата ўсталявання данніцкай залежнасці Літвы ад Русі

1044 Смерць Брачыслава. Пачатак княжання ў Полацку яго сына Усяслава Чарадзея

Сярэдзіна ХІ ст. Будаўніцтва гарадскіх умацаванняў у Новагародку

Каля 1050–1065 Будаўніцтва Сафійскага сабора ў Полацку

1054 Канчатковае афармленне падзелу хрысціянства на каталіцкую і праваслаўную канфесіі

1054–1060 Першы  перыяд існавання ўдзельнага Смаленскага княства, якое ахоплівала ўсходнюю частку Беларусі

1065–1078 Войны Усяслава Чарадзея з кіеўскімі Яраславічамі

1067 Першае ўпамінанне Менска. Разбурэнне яго войскам Яраславічаў

1067, 3 сакавіка Бітва на рацэ Нямізе

1067 Першае ўпамінанне Оршы (Рьша)

1068 Часовае вакняжанне Усяслава ў Кіеве

1069 Страта Усяславам Кіева, а затым і Полацка

1071 Аднаўленне ўлады Усяслава ў Полацку

1078 Кіеўскі князь Усевалад Яраславіч вылучае Тураў разам з Уладзімірам Валынскім ва ўдзел свайму сыну Яраполку, а Смаленск – Уладзіміру (Манамаху)

1078 Першае ўпамінанне Друцка, Лагожаска (суч. Лагойск), Лукомля

1086 Смерць уладзімірскага і тураўскага князя Яраполка Усеваладавіча

1088 Вылучэнне Турава ва ўдзел Святаполку Ізяславічу, былому ўладальніку Полацка

1093 Святаполк становіцца кіеўскім князем і зноў далучае Тураў да Кіева. Уладзімір Манамах атрымлівае Чарнігаўскае княства і пакідае Смаленск

1095 Смаленскае веча прымае на княжанне Давыда Святаславіча

1097 Пагадненне нашчадкаў Яраслава Мудрага ў Любечы, паводле якога за сынамі Святаслава Яраславіча замацоўваецца Чарнігаўскуе княства. Утварэнне чарнігаўскай галіны Рурыкавічаў. Смаленск увайшоў у Пераяслаўскую вотчыну Уладзіміра Манамаха, які пазней вылучыў яго ва ўдзел свайму сыну Святаславу. Першае ўпамінанне Пінска ў складзе вотчыны Святаполка Ізяславіча

1101, 14 красавіка Смерць Усяслава Чарадзея. Падзел Полацкага княства паміж яго сынамі Давыдам, Барысам, Глебам, Раманам і Святаславам

1102 Верагодная дата заснавання Барысава Барысам Усяславічам

1104–1116 Войны менскага князя Глеба Усяславіча з кіеўскімі князямі

1105 Першае непасрэднае ўпамінанне ў крыніцах епіскапіі ў Полацку

1106 Няўдалы паход усіх Усяславічаў на зіміголу (земгалаў)

1112 Паход Яраслава, сына кіеўскага князя Святаполка Ізаславіча, на яцвягаў

1113 Новы кіеўскі князь Уладзімір Манамах перадае Смаленскі ўдзел свайму сыну Вячаславу

1116 Паход Уладзіміра Манамаха на Друцк і Менск, капітуляцыя Глеба Усяславіча. Першае ўпамінанне Случаска (суч. Слуцк) і Копысі

1116 Смерць Рамана Усяславіча

1119 Пераход Менскага княства пад кантроль Уладзіміра Манамаха. Смерць Глеба Усяславіча

1120-я Пачатак духоўнага служэння і асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай (каля 1105–1167)

Каля 1123 Вылучэнне Горадна (суч. Гродна) і Клечаска (суч. Клецк) ва ўдзелы маладым князям-ізгоям Усеваладу Давыдавічу і Вячаславу Яраславічу

Раней 1128 Кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч перадае Тураў брату Вячаславу, а Смаленск – сыну Расціславу

1128 Мсціслаў арганізуе вялікі паход на Полацкае княства. Першае непасрэднае ўпамінанне Горадна і Клечаска, а таксама полацкіх удзелаў Ізяслаўля, Стрэжава і Барысава

1128 Жыхары Полацка пазбаўляюць улады Давыда Усяславіча і звяртаюцца да кіеўскага князя з просьбай зацвердзіць абранне полацкім князем Барыса (Рагвалода) Усяславіча. Першае сведчанне вечавога самакіравання ў Полацку

1129 Смерць Барыса Усяславіча

1130 Высылка большасці полацкіх князёў у Візантыю за іх адмову ўдзельнічаць у паходзе на полаўцаў. Часовы пераход Полацка пад кантроль кіеўскага князя Мсціслава і яго сыноў Святаполка і Ізяслава

1130-я Пачатак існавання самабытнай школы мураванага дойлідства ў Горадні. Будаўніцтва Ніжняй царквы на дзядзінцу

1131 Паход на Літву кіеўскага князя Мсціслава, у якім прымае ўдзел гарадзенскі князь Усевалад

1132 Пасля смерці Мсціслава палачане выганяюць яго сына Святаполка і запрашаюць Васілька Святаславіча (аднаго з унукаў Усяслава Чарадзея, які пазбег высылкі і, магчыма, раней княжыў у Ізяслаўлі). Смаленскі ўдзел замацоўваецца за сынам Мсціслава Расціславам. Утварэнне смаленскай галіны Рурыкавічаў

1132–1134 Часовае аб’яднанне Менска, Турава і Пінска ў якасці ўдзела Ізяслава Мсціславіча

1134 ці 1135 Самавольны захоп Турава Вячаславам Уладзіміравічам, якому ён належаў раней. Аднаўленне асобнага Тураўскага ўдзела

1136 Заснаванне Расціславам Мсціславічам Смаленскай епархіі. Яе тэрыторыя, вылучаная са складу больш старажытнай Пераяслаўскай епархіі, ахоплівала тэрыторыю да ўсходняга берага Дняпра. Першае ўпамінанне сярод смаленскіх гарадоў Прапойска (Прупоя, суч. Слаўгарад) і Крычава (Крэчута)

1137 Першае непасрэднае ўпамінанне епіскапіі ў Тураве

1140 Пасля вакняжання ў Кіеве чарнігаўскага князя Усевалада Ольгавіча ён дазваляе вярнуцца сасланым полацкім князям і, верагодна, вяртае Друцкае княства сынам Барыса Усяславіча, а Менскае – сынам Глеба Усяславіча

1141 Пасля смерці Усевалада Гарадзенскага яго княства замацоўваецца ў якасці вотчыны яго сыноў. Утварэнне асобнай гарадзенскай галіны Рурыкавічаў

1142 Усевалад Ольгавіч пазбаўляе Вячаслава Уладзіміравіча Тураўскага княства, якое надае свайму сыну Святаславу, а Берасце, Рагачоў і Клечаск надае сваім братам Ігару і Святаславу. Першае ўпамінанне Рагачова

1142 Першае ўпамінанне Гомеля ў складзе Чарнігаўскага княства

1142 Усевалад Ольгавіч вяртае Тураў Вячаславу

1143 Збліжэнне Усевалада Ольгавіча з полацкай дынастыяй замацоўваецца шлюбам яго сына Святаслава з дачкой Васілька Полацкага

1144 Смерць Васілька Полацкага. Пачатак княжання ў Полацку Рагвалода Барысавіча. За сынамі Васілька, верагодна, замацоўваецца Ізяслаўскае княства

1146 Новы кіеўскі князь Ізяслаў Мсціславіч перадае Тураў свайму сыну Яраславу

1147 Першае ўпамінанне Брагіна

1149 Захапіўшы Кіеў, растова-суздальскі князь Юрый Даўгарукі замацоўвае за чарнігаўскім князем Святаславам Ольгавічам Клечаск і Случаск

1150 Юрый Даўгарукі надае Тураў і Пінск свайму сыну Андрэю

1151 Палачане звяргаюць Рагвалода Барысавіча і запрашаюць на княжанне Расціслава Глебавіча Менскага, прымаючы пратэктарат Святаслава Ольгавіча. У Менску, верагодна, пачынае княжыць брат Расціслава Валадар, а ў Ізяслаўлі – Усевалад. Друцк таксама пераходзіць пад кантроль Расціслава, там уладкоўваецца яго сын Глеб

1154 Пасля смерці Ізяслава Мсціславіча ў якасці вотчыны яго сыноў замацоўваецца Уладзіміра-Валынскае княства, у склад якога ўваходзіць Берасцейская воласць. Утварэнне валынскай галіны Рурыкавічаў

1154 Кіеўскім князем на непрацяглы час становіцца Расціслаў Мсціславіч Смаленскі. Ён надае Тураў і Пінск Святаславу, сыну Усевалада Ольгавіча, які ўжо валодаў Туравам у 1142 г.

1155 Паўторна авалодаўшы Кіевам, Юрый Даўгарукі перадае Тураўскае княства свайму сыну Барысу, а Мазыр – Святаславу Ольгавічу. Першае ўпамінанне Мазыра

1156 Першае ўпамінанне Мсціслаўля ў складзе Смаленскага княства

1157 Захоп Турава і Пінска князем-ізгоем Юрыем Яраславічам, унукам Святаполка Ізяславіча. Канчатковае адасабленне іх ад Кіеўскага княства. Пачатак турава-пінскай галіны Рурыкавічаў

1158 Рагвалод Барысавіч з дапамогай Святаслава Ольгавіча аднаўляе кантроль над Друцкам, а неўзабаве і над Полацкам. Расціслаў і Валадар Глебавічы захоўваюць за сабой Менскае княства. Ізяслаўль перадаецца ў вотчыну князю Брачыславу, верагодна – сыну Васілька Святаславіча. Князь Усевалад (брат Брачыслава?), які раней валодаў Ізяслаўлем, атрымлівае Стрэжаў

1159 Расціслаў Мсціславіч Смаленскі паўторна становіцца кіеўскім князем, пацвярджае Святаславу Ольгавічу яго правы на Чарнігаў і, верагодна, на ўсе яго ўладанні на Беларусі. Смаленскае княства дастаецца сыну Расціслава Раману

1160 Расціслаў Менскі захапіў у палон князеў Брачыслава і Валодшу, напэўна, далучыўшы Ізяслаўль да сваіх уладанняў. Рагвалод з дапамогай кіеўскага князя аднаўляе папярэдні стан рэчаў

1161 Стварэнне майстрам Лазарам Богшай хрысціянскай святыні і выдатнага помніка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – узвіжальнага крыжа (пазней вядомы як крыж Ефрасінні Полацкай)

1162 Няўдалы напад Рагвалода Полацкага на Гарадзецкі ўдзел Валадара Глебавіча, якому дапамагае літоўскае войска. Гэта першы выпадак удзелу літоўцаў у палітычных справах Русі. У выніку Рагвалод губляе полацкі пасад і вяртаецца ў Друцк. Палачане запрашаюць на княжанне Усяслава Васількавіча

1162 Брат кіеўскага князя Уладзімір Мсціславіч прадпрымае няўдалую спробу гвалтоўна ўладкавацца ў Случаску

1164 Смерць чарнігаўскага князя Святаслава Ольгавіча, пераразмеркаванне ўдзелаў мясцовай дынастыі. Чарнігаў пераходзіць да яго пляменніка Святаслава Усеваладавіча, а сын Святаслава Алег атрымлівае Ноўгарад Северскі разам з шэрагам валасцей на Беларусі

1165 Кіеўскі князь Расціслаў Мсціславіч перадае Віцебск ва ўдзел свайму сыну Давыду

1167 Валадар Глебавіч часова выбівае Усяслава з Полацка, але той з дапамогай Давыда Расціславіча вяртае полацкі пасад

1167 Паломніцтва Ефрасінні Полацкай у Ерусалім і яе смерць

Раней 1168 Смерць Юрыя Яраславіча. Тураўскае княства падзелена паміж яго сынамі. Утвараюцца асобныя Пінскае і Дубровіцкае княствы

1168 У паходзе на полаўцаў прымаюць ўдзел Іван Юр’евіч Тураўскі і яго брат Святаполк

1168 Першае ўпамінанне Чычэрска як аднаго з удзелаў Алега Святаславіча Ноўгарад-Северскага

1169 Пасля смерці Расціслава Мсціславіча Кіеў пераходзіць да уладзіміра-валынскага князя Мсціслава Ізяславіча, які вылучае Берасце ва ўдзел свайму родзічу Уладзіміру Андрэевічу. Смаленскае княства застаецца ў руках Романа Расціславіча

Канец 1160-х – пачатак 1180-х Духоўнае служэнне і літаратурная творчасць Кірыла, епіскапа Тураўскага

1174 Давыд Расціславіч атрымлівае ўдзел у Кіеўскім княстве. Віцебск, верагодна, пераходзіць да Усяслава Васількавіча Полацкага

1179 Пасля смерці Алега Святаславіча Ноўгарад-Северскае княства з належачымі да яго валасцямі на Беларусі пераходзіць да яго брата Ігара

1180 Пасля смерці Рамана Расціславіча Смаленскае княства пераходзіць да яго брата Давыда. У Віцебску княжыць брат Усяслава Полацкага Брачыслаў, у Друцку – Глеб Рагвалодавіч, у Лагожаску – Усяслаў Мікуліч, у Ізяслаўлі, верагодна, – сын Брачыслава Васілька

1180 Процістаянне чарнігаўскіх і полацкіх князёў з Глебам Друцкім, якога падтрымлівае Давыд Смаленскі. На баку полацкіх князёў змагаюцца дружыны літоўцаў і ліваў

Каля 1183 Смерць аднаго з полацкіх князёў у бітве з літоўцамі. “Слова пра паход Ігараў” называе яго Ізяславам Васількавічам, але магчыма, што гэта быў Усяслаў Васількавіч Полацкі. З гэтага часу ўзрастае колькасць паведамленняў пра ваенную актыўнасць Літвы

1184 На землі ліваў, якія плоцяць даніну Полацку, прыбывае нямецкі манах-аўгусцінец Мейнард, які са згоды полацкага князя Уладзіміра пачынае хрышчэнне ліваў у каталіцтва

1185 У ліўскім паселішчы Ікескола (Ікскюль) у нізоўях Дзвіны будуецца мураваны замак як рэзідэнцыя будучага біскупства

1185 Няўдалы паход супраць полаўцаў ноўгарад-северскага князя Ігара Святаславіча, у якім напэўна прымалі удзел і дружыны з Рагачова, Чычэрска і інш., стаў сюжэтам славутага паэтычнага твора – “Слова пра паход Ігараў”

1188 Рымскі папа Клемент ІІІ зацвярджае ўтварэнне каталіцкага біскупства ў Ікесколе “на Русі”

1190 Смерць тураўскага князя Святаполка Юр’евіча. Тураў пераходзіць да яго брата Глеба

1195 Канфлікт Яраслава Чарнігаўскага з Давыдам Смаленскім за валоданне Віцебскам, у якім полацкія князі выступаюць на баку Чарнігава. Апошні выпадак удзелу Полацка ў агульнарускіх справах

1196, сакавік Смерць Глеба Юр’евіча Тураўскага

1197 Пасля смерці біскупа Ікесколы Мейнарда лівы адмаўляюцца прыняць яго пераемніка, у сувязі з чым папа Цэлесцін ІІІ абвяшчае першы крыжову паход у Лівонію. Пачатак узброенай германскай экспансіі ў Прыбалтыцы

1197 Смерць Давыда Расціславіча. Смаленскае княства пераходзіць да яго пляменніка Мсціслава Раманавіча

1198 Смерць Яраслава Усеваладавіча. Чарнігаўскае княства пераходзіць да Ігара Святаславіча

1201 Заснаванне Рыгі – рэзідэнцыі новага біскупа Альберта і галоўнага фарпоста германскай экспансіі. Заключэнне саюза Альберта з Літвой. Паход на Літву полацкага князя Уладзіміра

1202 Заснаванне ў Рызе Ордэна мечаносцаў. Пакарэнне Земігаліі

1202 Смерць Ігара Святаславіча Чарнігаўскага. Чарнігаў пераходзіць да курскага князя Алега, сына Святаслава Усеваладавіча і полацкай князёўны

1203 Няўдалая аблога Ікесколы полацкім войскам. Напад на ваколіцы Рыгі рускага князя з Герцыке (Усевалада)

1204 Захоп Канстанцінопаля ўдзельнікамі IVкрыжовага пахода і ператварэнне Візантыі ў Лацінскую імперыю выклікаюць часовы заняпад праваслаўнай царквы

1204 Пасля смерці Алега Чарнігаў пераходзіць да яго брата Усевалада Чаромнага

1205 Вячка, князь рускага замка Кукенойса, заключае мір з рыжскім біскупам Альбертам

1206 Другі няўдалы паход Уладзіміра Полацкага на замкі біскупа. Першае сутыкненне палачан з новай германскай зброяй – арбалетам

1207 Імператар прызнае Лівонію ленам Святой Рымскай імперыі.

1207–1208 Князь Вячка просіць у біскупа Альберта дапамогі супраць літоўцаў і саступае яму палову сваіх уладанняў, што ўрэшце прыводзіць да спалення Кукенойса. Вячка назаўсёды губляе сваё княства

1209 Заснаванне ў Кукенойсе нямецкага замка. Войска рыжскага біскупа захапіла Герцыке, пасля чаго яго князь Усевалад прынёс ленную прысягу біскупу

1210 Полацкі князь заключае мір з Рыгай на тых умовах, што біскуп будзе аддаваць яму частку даніны, што збірае з ліваў. Рыцары-мечаносцы заваёўваюць большасць зямлі эстаў

1210 Папа Інакенці ІІІ зацвярджае стварэнне Ордэна мечаносцаў і падзел уладанняў паміж ім і Рыжскім біскупствам

1212 Уладзімір Полацкі вымушаны прасіць дапамогі рыжскага біскупа супраць літоўцаў і ўзамен адмаўляецца ад права на ліўскую даніну

1212 Мсціслаў Раманавіч Смаленскі становіцца кіеўскім князем. Смаленск пераходзіць, верагодна, да яго стрыечнага брата Уладзіміра Рурыкавіча, які ўпамінаецца як смаленскі князь у 1215

1214 Першае ўпамінанне Рэчыцы ў складзе Чарнігаўскага княства

1216 Князь Уладзімір Полацкі разрывае саюз з рыжскім біскупам, склікае рускіх і літоўскіх князёў у вялікі паход на Рыгу, але раптоўна памірае

Каля 1217 Кіеўскі (былы смаленскі) князь Мсціслаў Раманавіч аддае Смаленск свайму сыну Святаславу

1217 Галіцкі князь Мсціслаў Удатны надае Берасце маладым валынскім князям Данілу і Васільку Раманавічам, раней пазбаўленым вотчыны сваімі суродзічамі

1218 Смаленскае княства пераходзіць да Мсціслава, сына Давыда Расціславіча

1219 Даніла Раманавіч становіцца уладзіміра-валынскім князем і заключае саюз з кааліцыяй літоўскіх князёў. Берасце ён вылучае ва ўдзел свайму брату Васільку

1219 Чарнігаўскім князем становіцца Мсціслаў, малодшы сын Святаслава Усеваладавіча

1220 Літоўскае войска ўпершыню праходзіць праз усю Беларусь і дасягае Чарнігаўскай зямлі

1222 Смаленскае войска захапіла Полацк, выгнаўшы адтуль князёў Барыса і Глеба. Полацкім князем становіцца, верагодна, Святаслаў, сын Мсціслава Раманавіча. Неўзабаве смаленскі і полацкі князі разам заключаюць мір з Рыгай

1223, май Разгром рускіх князёў у бітве з татарамі на рацэ Калцы

1225 Небывала буйны набег літоўцаў ахоплівае Полацкую, Смаленскую і поўдзень Наўгародскай зямлі. Пераяслава-залескі князь Яраслаў Усеваладавіч перамагае іх ля Усвята

1228 Канфлікт Данілы Раманавіча з пінскімі князямі, пасля якога Пінскае княства трапляе ў залежнасць ад яго. Першае ўскоснае ўпамінанне ў летапісах Новагародка

1229 Мсціслаў Давыдавіч ад імя Смаленскага, Полацкага і Віцебскага княстваў заключае дагавор аб свабодным гандлі з Рыгай і Гоцкім берагам (Готланд)

Каля 1230 Па запрашэнні мазавецкага князя Конрада ў нізоўях Віслы пачынае дзейнічаць Тэўтонскі (Нямецкі) ордэн, які разгортвае экспансію супраць прусаў

1230 Смерць Мсціслава Давыдавіча Смаленскага

1232 Святаслаў Мсціславіч з полацкім войскам захапіў Смаленск і вакняжыўся там

Каля 1234 Пачатак рэгулярных нападаў яцвягаў на ўдзел Васілька Раманавіча ў Пабужжы

1237 Ператварэнне Ордэна мечаносцаў у Лівонскі (Інфлянцкі) ордэн і аб’яднанне ў канфедэрацыю з Тэўтонскім ордэнам

1237–1238 Татарскае нашэце на паўночна-усходнюю Русь. Вайскам хана Батыя разбураны Разанская і Уладзіміра-Суздальская землі

1238 Новагародскі князь Ізяслаў і літоўскі князь Міндоўг па закліку Данілы Раманавіча робяць паход на Мазовію

1238 Даніла Раманавіч аб’ядноўвае пад сваёй уладай Уладзіміра-Валынскае і Галіцкае княствы, ствараючы моцны палітычны цэнтр на паўднёвым захадзе Русі

1239 Татары заваёўваюць Чарнігаўскую зямлю, дасягаючы паўднёва-усходняй частцы Беларусі (магчыма – да Магілёва)

1239 Палітычны саюз полацкага князя Брачыслава з князем Вялікага Ноўгарада Аляксандрам Яраславічам, які замацоўваецца шлюбам апошняга з дачкой Брачыслава

Канец 1240 – пач. 1241 Разбурэнне татарамі Кіева і Галіцка-Валынскага княства. Верагодна, разбурана і Берасце

1240-я – 1250-я Рускія князі вымушаны атрымліваць ярлыкі на княжанне з рук мангольскіх ханаў. На большасці Русі з’яўляюцца татарскія перапісчыкі, якія абкладаюць яе данінай

Каля 1243 Князем Новагародка становіцца Міндоўг. Гэта кладзе пачатак палітычнаму аб’яднанню літоўскіх і часткі беларускіх земляў, утварэнню Вялікага Княства Літоўскага

1244–1245 Валынская зямля падвяргаецца літоўскім нападам. Даніла Раманавіч адбівае гэтыя напады і двойчы перамагае літоўцаў ля Пінска, у выніку чаго Пінскае княства застаецца пад яго ўплывам

1245, лета Міндоўг аказвае ваенную дапамогу Данілу Раманавічу ў бітве са стаўленікам венгерскага караля Расціславам, які спрабаваў адваяваць Галіч

1248 Нейкі язычнік (напэўна, літовец) абіраецца князем і прымае хрышчэнне ў Полацку ці, магчыма, Пскове, пра што згадваецца ў буле рымскага папы Інакенція IV

1248 Міндоўг накіроўвае сваіх пляменнікаў у паход на Смаленскую зямлю, а сам захоплівае аднаасобную ўладу ў Літве. Пачатак вайны паміж ім і Данілам Раманавічам. Першае ўпамінанне Ваўкавыйска, Слоніма (Услонім) і Здзітава, ужо падуладных Міндоўгу

1249 Сумесны паход Данілы і Васілька Раманавічаў з мазавецкім князем Земавітам на яцвягаў кладзе пачатак заваяванню іх краіны за ракой Нараў

1251 Хрышчэнне Міндоўга ў каталіцтва. Папа Інакенці IVпрымае яго ўладанні пад сваю юрысдыкцыю

1252 Другі паход Данілы Раманавіча на Літву, Новагародак і Горадна

1253, ліпень Каранацыя Міндоўга каралеўскай каронай, дасланай рамскі папам. Міндоўг надае жыхарам Рыгі і ўсім нямецкім купцам права вольнага гандлю ў сваёй дзяржаве

1253, верасень Каранацыя Данілы Раманавіча

1253–1254 Даніла Раманавіч завяршае заваяванне яцвяжскіх земляў, пазней вядомых як паўночнае Падляшша. Пачынаецца каланізацыя гэтых земляў жыхарамі Берасцейшчыны

1254 Заснаванне ў Літве каталіцкага біскупства (праіснавала да 1260)

Каля 1254 Міндоўг вылучае Новагародак, Слонім і Ваўкавыйск ва ўдзел свайму сыну Войшалку

1255 Папа Інакенці IV пацвярджае права караля Міндоўга на землі, адваяваныя ім у “каралеўства Русі”

Каля 1255 Прыняцце Войшалкам праваслаўя і пастрыжэнне ў манахі

1255–1258 Княжанне ў Новагародку сына Данілы Галіцкага Рамана на ўмовах васальнай залежнасці ад Міндоўга. У Ваўкавыску княжыць Глеб – верагодна, апошні прадстаўнік гарадзенскай галіны Рурыкавічаў

1255 ці 1256 Першае ўпамінанне Свіслачы (зараз у Асіповіцкім р-не), дзе княжыць Ізяслаў

1258 Сумесны паход палачан і Літвы на Смаленскую зямлю

1258 Паход на Літву і Нальшчаны татарскага ваяводы Бурундая з удзелам Васілька Раманавіча прыводзіць да разрыву мірных адносін Галіцка-Валынскага княства з Літвой. Войска Данілы Раманавіча разбурае Ваўкавыскае княства і ваколіцы Горадна

1260 Міндоўг узнаўляе вайну з Лівонскім ордэнам і вяртае кантроль над жамойцкімі землямі, саступленымі пасля каранацыі

1262 Міндоўг заключае саюз з Вялікім Ноўгарадам і арганізуе сумесны паход у Лівонію, у якім прымае удзел полацкая дружына на чале  з Таўцівілам

1263, 5 жніўня? Забойства Міндоўга. Улада пераходзіць да Траняты, які забівае полацкага князя Таўцівіла. У Полацку і Віцебску пачынае княжыць стаўленік Траняты Гердзень

1264 Забойства Траняты. Сын Міндоўга Войшалк складае манашаскі чын і з дапамогай галіцка-валынскага войска здабывае ўладу ў Літве

1264–1267 Праўленне ў Літве Войшалка, а ў Новагародскім княстве – яго суправіцеля Шварна Данілавіча, пад старэйшынствам уладзімірскага князя Васілька Раманавіча

Каля 1266 Полацкі князь Ізяслаў, выступаючы ў якасці васала Войшалка, заключае дагавор з рыжскім біскупам і Лівонскім ордэнам ад імя Полацка і Віцебска

1267 Войшалк цалкам саступае ўладу над Літвой Шварну і вяртаецца ў манастыр

1269–1281 Праўленне ў Літве і Новагародскім княстве Трайдзена. Аднаўленне самастойнасці Літвы ад Уладзіміра-Валынскага княства

1275 Сумесны паход галіцка-валынскіх, турава-пінскіх князёў і татар супраць Трайдзена, няўдалая аблога імі Новагародка. Першае ўпамінанне Копыля і геаграфічнай назвы “Палессе”

1276 Пасяленне Трайдзенам вялікай колькасці уцекачоў з Прусіі ў Горадне і Слоніме

1276 Заснаванне Каменца уладзіміра-валынскім князем Уладзімірам Васількавічам

1277 Другі сумесны паход галіцка-валынскіх князёў і татар на Новагародак і Горадна. Упамінанне ў Горадне мураванай вежы (“слупа”) – першае сведчанне будаўніцтва мураваных умацаванняў на тэрыторыі Беларусі

1283 Завяршэнне заваявання Тэўтонскім ордэнам прускіх земляў і выхад яго непасрэдна да межаў Літвы. Пачатак ваеннага процістаяння Літвы з абодвума ордэнамі адначасова

1284 Напад рыцараў Тэўтонскага ордэна ўпершыню дасягае Беларусі. Спалена Горадна

1287 Першае ўпамінанне Кобрына ў складзе Уладзіміра-Валынскага княства

1288 Упамінанне мураваных веж у Камянцы і Берасці. З іх камянецкая вежа захавалася да нашых дзён

1289 Пасля смерці Уладзіміра Васількавіча яго пляменнік, дарагічынскі князь Юрый Львовіч спрабуе ўладкавадца ў Берасці з дапамогай мясцовых жыхароў. Новы уладзіміра-валынскі князь Мсціслаў Васількавіч карае берасцян “за крамолу”

1289 Літоўскія князі Будзівід і Будзікід саступаюць Мсціславу Васількавічу Ваўкавыйск, які часова далучаецца да Берасцейскай воласці

1296–1316 Праўленне ў Літве Віценя. Пераадоленне часовага заняпаду маладой дзяржавы, якая паступова ператвараецца ў Вялікае княства Літоўскае

1298–1313 Саюз паміж Віценем і рыжскім ацыбіскупам Фрыдрыхам супраць Лівонскага ордэна. Нямецкія бюргеры пачынаюць сяліцца ў падуладных Віценю рускіх гарадах

Каля 1303 Канчатковае замацаванне Полацка ў складзе ВКЛ

1304, 1306, 1311 Напады рыцараў Тэўтонскага ордэна на Гарадзенскую воласць

1314, восень Напад тэўтонцаў дасягае Новагародка, які паспяхова бароніць гарадзенскі намеснік Давыд

1316–1341 Праўленне Гедзіміна

1317–1330 Першы перыяд існавання ў ВКЛ праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Новагародку

Каля 1320 Заснаванне Вільні – новай сталіцы ВКЛ (упершыню ўпамінаецца ў 1323)

Каля 1320 Сын Гедзіміна Альгерд праз шлюб атрымлівае Віцебскае княства, што азначае яго канчатковае далучэнне да ВКЛ

Каля 1322 Далучэнне да ВКЛ Берасцейскай воласці і Падляшша

1323 Пасля перасячэння мужчынскай лініі валынскіх князёў Галіцка-Валынскае княства пераходзіць да нашчадка па жаночай лініі – мазавецкага князя Юрыя-Баляслава Трайдзенавіча

1323 Палкаводзец Гедзіміна Давыд Гарадзенскі двойчы прыходзіць на дапамогу Пскову супраць Лівонскага ордэна

1323, май Гедзімін звяртаецца з шэрагам пасланняў да рымскай курыі, Ганзейскага саюза, рэзідэнцый каталіцкіх ордэнаў, у якіх запрашае манахаў і майстроў розных спецыяльнасцяў на перасяленне ў ВКЛ, гарантуючы ім ільготы і прывілеі

1323, 2 кастрычніка Гедзімін заключае мір з рыжскім арцыбіскупам і магістратам Рыгі, які зноў гарантуе вольны гандаль па Дзвіне

1324, кастрычнік У Вільню прыбываюць папскія легаты, каб хрысціць Гедзіміна ў каталіцтва, але ён нечакана адмаўляецца ад намечанага хрышчэння

1325 Саюз Гедзіміна з каралём Польшчы Уладзіславам І Лакеткам

1325 Татарскі паход на ВКЛ

1326 Менскі князь Васіль выступае адным з паслоў Гедзіміна ў Вялікі Ноўгарад, што сведчыць пра распаўсюджанне літоўскай улады на Менск. Разам з ім прыгаданы брат Гедзіміна Воінь, князь полацкі

1326 Давыд Гарадзенскі вядзе войска ВКЛ на дапамогу Уладзіславу Лакетку супраць маркграфства Брандэнбург і гіне ў гэтым паходзе

1327 Маскоўскі князь Іван Каліта атрымлівае ад хана Залатой Арды ярлык на вялікае княжанне. Пачатак узвышэння Масквы і ператварэння яе ў аб’яднаўчы цэнтр для паўночна-усходніх земляў Русі

1328 Гедзімін умешваецца ў барацьбу паміж рыжскім магістратам і Лівонскім ордэнам, што неўзабаве прыводзіць да аднаўлення вайны ў Падзвінні

Раней 1331 Уплыў Гедзіміна распаўсюджваецца на Цвярское, Смаленскае, Кіеўскае княствы. ВКЛ ператвараецца ў адну з асноўных палітычных сіл на землях Русі

1330-я Будаўніцтва з удзелам заходніх майстроў мураваных замкаў у Лідзе, Крэве, Віцебску. Ва ўзбраенні немцаў з’яўляецца агнястрэльная зброя

1333 Войска Лівонскага ордэна ўпершыню дасягае Полацка

1333, кастрычнік Вялікі Ноўгарад упершыню прымае князя з Літвы. Ім становіцца сын Гедзіміна Нарымонт, ахрышчаны пад імем Глеб

1333–1370 Праўленне ў Польшчы Казіміра Вялікага – апошняга караля з дынастыі Пястаў. Пры ім узмацняецца пранікненне заходнееўрапейскіх парадкаў і звычаяў, а таксама перасяленне з Германіі яўрэяў-ашкеназі

1335 ВКЛ і Маскоўскае княства абменьваюцца нападамі на памежжы Ржэўскай воласці, належачай Гедзіміну, і Таржка, які кантралюе Іван Каліта

1338 Татарскі паход на ВКЛ

1338 Новы дагавор ВКЛ з Рыгай, у якім Глеб-Нарымонт выступае як полацкі князь, а Альгерд – як віцебскі

1339 Адзін з галоўных саюзнікаў Гедзіміна, князь Аляксандр Цвярскі, гіне ў Ардзе праз інтрыгі Івана Каліты. Процістаянне Масквы і ВКЛ як двух аб’яднаўчых цэнтраў Русі абвастраецца

1340 Пасля смерці Юрыя-Баляслава, які быў жанаты з дачкой Гедізміна, распачынаецца барацьба за яго спадчыну. Да ВКЛ адыходзіць Валынская зямля, дзе пачынае княжцыь малодшы сын Гедзіміна Любарт-Дзмітрый

1341 Смерць Гедзіміна. Улада ў ВКЛ пераходзіць да яго сына ад другога шлюбу Яўнута

1342 Віцебскі князь Альгерд дасылае на дапамогу Пскову свайго стрыечнага брата Любка, сына Воіня, які гіне ў бітве з немцамі. Пскавічы прымаюць на княжанне сына Альгерда, які прымае хрышчэнне пад імем Андрэй

1342 Войска ВКЛ нападае на Мажайск, належачы Маскоўскаму княству

1345 Альгерд з дапамогай свайго брата Кейстута звяргае Яўнута і становіцца вялікім князем, а Кейстута робіць сваім суправіцелем. Часовы падзел дзяржавы на Віленскае і Троцкае княствы пад адной вярхоўнай уладай

1345–1377 Праўленне Ў ВКЛ Альгерда. Далейшае ўзмацненне дзяржавы

Пасля 1345 Альгерд вылучае Новагародскае княства ва ўдзел свайму брату Карыяту-Міхаілу і, верагодна, вяртае Полацк Нарымонту, які пасля звяржэння Яўнута ўцёк у Арду

Каля 1347 Былы вялікі князь Яўнут (ахрышчаны ў Маскве пад імем Іван) вяртаецца з выгнання і атрымлівае ад Альгерда Жаслаўль (Заслаўе). Пачатак галіны князёў Жаслаўскіх (Заслаўскіх), якая праіснавала да 1539

1348, 2 лютага У бітве з немцамі на рацэ Стрэве (каля Коўна) удзельнічаюць апалчэнні з Полацка, Віцебска, Берасця і гіне Глеб-Нарымонт. Альгерд перадае Полацкае княства свайму сыну Андрэю, а за дзяцьмі Нарымонта, напэўна, замацоўвае Пінскае княства. Пачатак галіны князёў Нарымонтавічаў, якая ў далейшым падзялілася на шмат адгалінаванняў

1348 Маскоўскія дыпламаты дамагліся арышту ў Ардзе і выдачы Маскве літоўскага пасольства, узначаленага Міхаілам-Карыятам Гедзімінавічам. У складзе пасольства прыгадваецца князь Сямён Свіслацкі. Неўзабаве Свіслацкае княства непасрэдна далучаецца да ўладанняў Альгерда і Кейстуца і дзеліцца паміж імі

1348–1353 Па Залатой Ардзе, Заходняй Еўропе і Русі пракатваецца эпідэмія чумы, якая ва многіх рэгіёнах памяньшае насельніцтва напалову і больш. З гэтага часу ўспышкі чумы на Русі перыядычна паўтараюцца да канца XV стагоддзя

1349–1352 Вайна ВКЛ з Польшчай за новы перадзел Валынскай зямлі

1350-я Карыстаючыся аслабленнем Арды пасля эпідэміі, Альгерд падпарадкоўвае Бранскае, Чарнігава-Северскае княствы і заходнюю частку Смаленскага з Оршай і Мсціслаўлем. Уся тэрыторыя Беларусі апынаецца ў складзе ВКЛ

1354 Аднаўленне Літоўскай (афіцыйна Кіеўскай) мітраполіі. Мітрапалітам становіцца Раман, сваяк жонкі Альгерда

1358 У перамовах з пасламі імператара Карла IVАльгерд пагаджаецца прыняць каталіцкае хрышчэнне пры ўмове, што Тэўтонскі ордэн будзе пераведзены з Прыбалтыкі на мяжу з Залатой Ардой, а імператар прызнае права Літвы на ўсю Русь

1359–1363 Усобіца ў Залатой Ардзе не дазваляе татарам умешвацца ў рускія справы і процідзейнічаць экспансіі Альгерда

1362 ці 1363 Пасля перамогі над татарамі пры Сініх Водах Альгерд падпарадкоўвае Падолле і, верагодна, Кіеў

Раней 1365 Кейстут вылучае Горадна ва ўдзел свайму сыну Паціргу

1366, вясна Напад войска Лівонскага ордэна на Полацк

1366 Новая вайна з Польшчай за Заходнюю Валынь і Падолле

1368, 1370, 1372 Безвыніковыя паходы Альгерда на Маскву з удзелам смаленскіх і цвярскіх войскаў. Падзел Русі паміж двума аб’яднаўчымі цэнтрамі замацоўваецца канчаткова

1370 Каралём Польшчы абіраецца прадстаўнік Анжуйскай дынастыі, венгерскі кароль Людовік. Адбываецца персанальная унія паміж Венгрыяй і Польшчай, якая пазней паслужыла ўзорам для уніі Польшчы з ВКЛ

Каля 1370 Кейстут вылучае Гарадзенскае княства ва ўдзел свайму сыну Вітаўту

1373 Па закліку цвярскога князя Міхаіла вялікае войска Кейстута з удзелам Вітаўта, Андрэя Полацкага, Дзмітрыя Друцкага і іншых князёў пустошыць маскоўскія воласці ў Пераяслаўлі Залескім і Таржку

1373, 1375 Напады войска Тэўтонскага ордэна на Гарадзенскае княства

1374, 17 верасня Кароль Людовік выдае Кошыцкі прывілей, паводле якога польская шляхта атрымлівае важныя сацыяльна-палітычныя і асабістыя правы. Набыццё такіх жа правоў становіцца арыентырам для баярства ВКЛ і стымулам для збліжэння з Польшчай

1375 На Літоўскую мітраполію, вакантную пасля смерці Рамана ў 1371, прызначаецца Кіпрыян

1375, 1379 Напады войска Тэўтонскага ордэна на Камянец і Падляшша

1377, май Смерць Альгерда. Яго пераемнікам становіцца сын ад другога шлюбу, віцебскі і крэўскі князь Ягайла. Андрэй Полацкі пакідае сваё княства і з’язджае ў Маскву.

1379 Малодшы брат Ягайлы Скіргайла аб’язджае з пасольствам заходнееўрапейскія дзяржавы, высветляючы магчымасці хрышчэння Літвы ў каталіцтва

1379–1380 Саюз ВКЛ з Залатой Ардой і Цвярскім княствам, накіраваны супраць Масквы

1380, 8 верасня Перамога маскоўскага князя Дзмітрыя над ханам Мамаем у Кулікоўскай бітве канчаткова забяспечвае вядучую ролю Масквы ў паўночна-усходняй Русі. На баку Дзмітрыя ў бітве прымаюць удзел Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы са сваімі дружынамі

1381 Літоўскі мітрапаліт Кіпрыян прызначаецца адначасова і маскоўскім мітрапалітам, пасля чаго пераносіць цэнтр аб’яднанай мітраполіі ў Маскву

1381 Пры аблозе Юрбарка Кейстутам ўпершыню ўпамінаецца выкарыстанне войскам ВКЛ артылерыі

1381 Ягайла надае Полацк свайму брату Скіргайлу, але палачане адмаўляюцца прыняць яго

1381, лета Пачатак міжусобнага канфлікта паміж Ягайлам і Кейстутам

1382, лета Забойства Кейстута ў Крэўскім замку. Ягайла набывае аднаасобную ўладу. Сын Кейстута Вітаўт уцякае ў Прусію

1380-я Ягайла пачынае ўжываць на сваіх пячатках даволі пашыраны ў тыя часы геральдычны сюжэт – выяву конніка з мячом, які ў далейшым стане прататыпам герба “Пагоня”

1382 Ягайла перадае Троцкае княства брату Скіргайлу і вылучае Віцебск ва ўдзел сваёй маці Ульяне

1382 Ягайла падпісвае пагадненне з Тэўтонскім ордэнам, у якім абавязуецца ў чатырохгадовы тэрмін хрысціць Літву ў каталіцтва

1382 Смерць Людовіка Анжуйскага. Карона Польшчы пераходзіць да яго 9-гадовай дачкі Ядвігі. Польская знаць заклапочана выбарам жаніха для яе, які павінен стаць новым каралём

1383 Вітаўт Кейстутавіч з дапамогай войска Тэўтонскага ордэна робіць напады на Літву

1384, ліпень Прымірэнне Ягайлы з Вітаўтам. Вылучэнне Берасця, Горадна і Дарагічына ва ўдзел Вітаўту

1385, 14 жніўня Падпісанне Крэўскай уніі, паводе якой Ягайла мусіць ажаніцца з Ядзвігай і стаць каралём Польшчы пад імем Уладзіслава ІІ, а ВКЛ далучаецца да Польскага каралеўства

1386, 18 лютага Шлюб Ягайлы з Ядвігай Анжуйскай і афіцыйнае абранне яго каралём Польшчы. Пачатак персанальнай уніі Польшчы з ВКЛ

1387, зіма - вясна Андрэй Альгердавіч з дапамогай Лівонскага ордэна спрабуе аднавіць кантроль над Полацкім княствам, але церпіць паражэнне і трапляе ў палон да Скіргайлы

1387, 20 лютага Выдача граматы Уладзіслава Ягайлы аб прывілеях панам, прыняўшым каталіцтва. Пачатак дыскрымінацыі праваслаўнай знаці

1387, 22 сакавіка Наданне Вільні самакіравання паводле магдэбургскага права

1387, красавік Спроба смаленскага князя Святаслава Іванавіча адваяваць Мсціслаўль, дзе княжыць Карыгайла Альгердавіч. У бітве з аб’яднаным войскам Скіргайлы, Вітаўта і іншых літоўскіх князёў Святаслаў гіне, а яго сын Юрый атрымлівае Смаленск на ўмовах васальнай залежнасці ад Скіргайлы

1387 Уладзіслаў Ягайла надае Скіргайлу Троцкае і Полацкае княствы з шэрагам валасцей у цэнтральнай і усходняй Беларусі, а Магілёўскую і Аболецкую воласці вызначае ў пасаг сваёй жонцы Ядвізе

1387–1389 Хрышчэнне Літвы. Утварэнне Віленскага каталіцкага біскупства, тэрыторыя якога ахоплівала ўсю Беларусь, і пажалаванне яму першых маёнткаў. Заснаванне касцёлаў у Крэве і Абольцах

1388, снежань Вітаўт зноў парывае з Ягайлам і ад’язжае ў Прусію, адкуль распачынае барацьбу за ўладу над ВКЛ

1389 Полацкае княства прызнае ўладу Вітаўта

1390 Вітаўт з удзелам нямецкіх і іншых заходнееўрапейскіх рыцараў спрабуе захапіць Вільню, а дасланае Ягайлам войска выбівае гарнізоны Вітаўта з Берасця, Каменца і Ваўкавыска 

1390, 15 жніўня Наданне Берасцю самакіравання паводле магдэбургскага права як сродак забяспечыць лаяльнасць яго жыхароў да Ягайлы

1391 Вітаўт уступае ў палітычны саюз з маскоўскім князем Васілём Дзмітрыевічам і выдае за яго сваю дачку Соф’ю

Каля 1392 Ягайла надае Мсціслаўскае княства свайму брату Лугвеню-Сямёну

1392, 5 жніўня Востраўскае пагадненне паміж каралём Уладзіславам Ягайлам і Вітаўтам. Вітаўт становіцца пажыццёвым намеснікам Ягайлы ў ВКЛ. Фактычна гэта азначае перагляд умоў Крэўскай уніі і аднаўленне дзяржаўнага суверэнітэту ВКЛ

1392–1430 Княжанне ў ВКЛ Вітаўта

Пачатак 1393 Пасля смерці Ульяны, удавы Альгерда, яе малодшы сын Свідрыгайла захапіў Віцебск. Вітаўт здабывае горад з дапамогай Скіргайлы і смаленскага князя Глеба Святаславіча

1393–1395 Вітаўт з падтрымкай Ягайлы часткова скасоўвае, часткова пераразмяркоўвае ўдзелы ў ВКЛ, падаўляючы супраціўленне ўдзельных князёў. З гэтага часу Полацкая і Віцебская землі падпарадкоўваюцца вялікакняжацкім намеснікам

1393, восень Вітаўт вылучае ва ўдзел былому кіеўскаму князю Уладзіміру Альгердавічу Копыль і Слуцк. Кіеўскім князем становіцца Скіргайла

Пасля 1393 Вітаўт надае Полацкая і Віцебскай землям прывілеі, у якіх вызначае прававыя стасункі мясцовых жыхароў з вялікакняжацкай уладай і абавязуецца не прызначаць намеснікаў без іх згоды. Абодва прывілеі пацвярджаліся і дапаўняліся кожным новым вялікім князем да пачатку XVIст.

1395, студзень? Смерць Скіргайлы. Кіеўскае княства ператвараецца ў намесніцтва

1395, лета Вітаўт заключае саюз з ханам Тахтамышам, выгнаным з Арды, надае яму Лідскі замак і абяцае дапамагчы ў вяртанні ўлады. Пачатак асядання татарскіх выхадцаў на Беларусі

1395, верасень Далучэнне Смаленскага княства да ВКЛ і наданне яму статусу намесніцтва

1398, 12 кастрычніка Заключэнне Салінскага (Залінвердэнскага) дагавора, паводле якога Вітаўт саступіў Тэўтонскаму ордэну Жамойць і палову Судавіі ў замен за адмову ад падтрымкі прэтэнзій Свідрыгайлы на вялікакняжацкі пасад. Неафіцыйна ордэн абавязаўся падтрымліваць імкненне Вітаўта да поўнага аддзялення ВКЛ ад Польшчы

1399, 17 ліпеня Смерць Ядвігі, каралевы Польшчы і жонкі Уладзіслава Ягайлы

1399, 12 жніўня Паражэнне войска Вітаўта і Тахтамыша ў бітве з ханам Залатой Арды Цямір-Кутлукам на рацэ Ворскла. Сярод іншых князёў загінулі Міхаіл Яўнуцевіч Заслаўскі і былы полацкі князь Андрэй Альгердавіч

Канец XIV ст. Першыя згадкі пра наданне маёнткаў на Беларусі літоўскім князям і панам. Князь Альгімонт Гальшанскі атрымлівае Глускую і Дубровіцкую воласці на Палессі

Канец XIV ст. Будаўніцтва ў Новагародку мураванага замка

Канец XIV– пачатак XV ст. Будаўніцтва ў Горадне мураванага замка на Верхнім горадзе (зараз Стары замак)

1400, 26 ліпеня Уладзіслаў Ягайла аднаўляе Кракаўскі ўніверсітэт (пазней вядомы як Ягелонскі), які неўзабаве становіцца асноўным месцам, дзе ўраджэнцы ВКЛ набывалі вышэйшую адукацыю

1401, 18 студзеня Вітаўт і яго набліжаныя зацвярджаюць новыя ўмовы уніі з Польшчай, паводле якіх Вітаўт афіцыйна набывае тытул вялікага князя, але пад сузерэнітэтам Уладзіслава Ягайлы. У выпадку яго смерці ўлада ў ВКЛ павінна адысці да Ягайлы ці яго нашчадкаў

Пачатак XV ст. Геральдычнае афармленне асноўных рыс “Пагоні”, якую Уладзіслаў Ягайла ўжывае на сваіх пячатках побач з польскім арлом у якасці герба ВКЛ

1401–1404 Часовае адпадзенне Смаленскага княства ад ВКЛ пад уладай Юрыя Святаслававіча

1402–1415 Пропаведзі Яна Гуса на чэшскай мове даюць пачатак рэфармацыйнаму руху ў Чэхіі

1404 Вітаўт замацоўвае Кобрынскае княства ў якасці вотчыны Рамана, сына Фёдара Альгердавіча, і яго нашчадкаў. Пачатак галіны князёў Кобрынскіх (існавала да 1490)

1404, чэрвень Вітаўт аднаўляе кантроль над Смаленскам

1406–1408 Вайна паміж Вітаўтам і маскоўскім князем Васілём Дзмітрыевічам за памежныя Вяземскае, Адоеўскае, Навасільскае княствы

1407 Часовае прымірэнне Вітаўта са Свідрыгайлам і вылучэнне ва ўдзел яму Северскай зямлі і Бранска

1408, ліпень Свідрыгайла з групай князёў ад’язджае ў Маскоўскае княства і ўзнаўляе свае прэтэнзіі на ўладу ў ВКЛ

1409, восень Чарговая спроба прымірэння Вітаўта са Свідрыгайлам канчаецца затачэннем Свідрыгайлы ў Крамянецкім замку на Падоллі

1409–1411 Вайна Польшчы і ВКЛ супраць Тэўтонскага ордэна

1410, 15 ліпеня Перамога аб’яднанага войска Польшчы і ВКЛ над Тэўтонскім ордэнам пры Грунвальдзе

1411, 1 лютага Мірнае пагадненне ў Торуні, паводле якога Тэўтонскі ордэн адмаўляецца ад прэтэнзій на Жамойць і яцвяжскія землі на перыяд жыцця Вітаўта і Ягайлы

1413 Вітаўт дазваляе прапаведваць у ВКЛ Гераніму Пражскаму, аднаму з ідэолагаў гусіцкага руху

1413, 2 кастрычніка Заключэнне ў замку Гарадло на Валыні новых умоў уніі ВКЛ з Польшчай (Гарадзельская унія). Знаць ВКЛ абавязуецца не абіраць вялікага князя пасля смерці Вітаўта без згоды Польшчы, затое ёй пацвярджаецца права ўдзельнічаць у выбарах польскага караля. Адначасова 47 літоўскіх паноў атрымліваюць гербы ад адпаведнай колькасці польскіх родаў. Вітаўт пацвярджае выключнае права католікаў займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ

1416 Канстанцкі сабор выносіць смяротны прыгавор Яну Гусу, а таксама ўпаўнаважвае віленскага біскупа Пятра распаўсюджваць каталіцкую веру сярод русінаў

1416, 15 лістапада Спроба аднаўлення Вітаўтам Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Кіеве. Сабор у складзе полацкага, тураўскага, уладзімірскага, луцкага і чарнігаўскага епіскапаў з парушэннем кананічных правіл абірае мітрапалітам балгарына Грыгорыя Цамблака. Не гледзячы на адлучэнне канстанцінопальскім патрыярхам, у ВКЛ Грыгорый лічыўся законным мітрапалітам да сваёй смерці (каля 1420)

1418, сакавік Князь Дашка Фёдаравіч Астрожскі вызваляе Свідрыгайлу з затачэння

1419 Новае прымірэнне Вітаўта са Свідрыгайлам, які атрымлівае Чарнігаў (з Гомельскай воласцю), Ноўгарад Северскі і Бранск і застаецца на гэтых удзелах да канца жыцця Вітаўта

1419–1434 Гусіцкія войны ў Чэхіі, пад час якіх адным з кіраўнікоў гусітаў і прэтэндэнтам на чэшскую карону выступае (да 1431) пляменнік Ягайлы Жыгімонт Карыбутавіч

1422, 7 лютага Шлюб больш чым 70-гадовага Уладзіслава Ягайлы з князёўнай Соф’яй Гальшанскай, якая выхоўвалася ў доме свайго дзядзькі па маці, князя Сямёна Друцкага. Ад гэтага шлюбу ў раней бяздзетнага Ягайлы нарадзіліся два сыны, якія паклалі пачатак дынастыі Ягелонаў

1422, 27 верасня Заключэнне Мельнскага міра Польшчы і ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам канчаткова замацоўвае ў складзе ВКЛ Жамойць і стабілізуе паўночна-заходнюю мяжу дзяржавы

1427 Замацаване ўлады Вітаўта над большасцю княстваў у вярхоўях Акі. Максімальнае пашырэнне тэрыторыі ВКЛ на ўсходзе

Канец 1420-х Ствараецца “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, які зафіксаваў вусныя ўспаміны і паданні пра палітычную гісторыю ВКЛ ад смерці Гедзіміна да канца XIVст., у тым ліку аповесць пра барацьбу Кейстута і Вітаўта з Ягайлам. Твор паслужыў асновай для летапіснага зводу 1446 і для пашыранага зводу 1530-х

1430, верасень Няўдалая спроба каранацыі Вітаўта ў Луцку

1430, 23 кастрычніка Смерць Вітаўта. Улада ў ВКЛ пераходзіць да Свідрыгайлы

1431–1432 Свідрыгайла ўводзіць у сваю раду шэраг праваслаўных князёў і баяр, што парушае абвешчанае Гарадзельскай уніяй выключнае права католікаў на вышэйшыя дзяржаўныя пасады

1432, 1 верасня Літоўскія паны звяргаюць Свідрыгайлу і абіраюць вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча. Свідрыгайла атрымлівае падтрымку Полацкай, Смаленскай, Кіеўскай земляў і абвяшчае сябе вялікім князем рускім

1432, 15 кастрычніка Жыгімонт узнаўляе дзяржаўную унію ВКЛ з Польшчай

1432–1438 Міжусобная вайна прыхільнікаў Жыгімонта і Свідрыгайлы

1432, 8 снежня Бітва паміж войскамі Свідрыгайлы і Жыгімонта ля Ашмены завяршаецца перамогай Жыгімонта

1433 Войска Свідрыгайлы спаліла Крэва, Жаслаўль, Менск

1434, 6 мая Жыгімонт, імкнучыся забяспечыць лаяльнасць праваслаўнай знаці, надае ёй маёмасныя і асабістыя правы, роўныя правам католікаў, за выключэннем права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады

1434, 1 чэрвеня Смерць Уладзіслава Ягайлы. Каралём Польшчы абіраецца яго 9-гадовы сын Уладзіслаў ІІІ

1435, восень Паражэнне Свідрыгайлы пад Вількамірам 1 верасня прыводзіць да пералому ў вайне. Уладу Жыгімонта прызнае Смаленская зямля. Безвыніковая аблога сынам Жыгімонта Міхаілам Віцебска

1436, лета Полацк і Віцебск прызнаюць уладу Жыгімонта

1436 У ВКЛ упершыню ўводзіцца інквізіцыя для процідзеяння гусіцкаму руху

1437 Кіеў заняты войскам Жыгімонта. Пад уладай Свідрыгайлы застаюцца Валынь і Падолле

1439 Свідрыгайла пакідае Валынь і ад’язжае ў Малдавію. Жыгімонт усталёўвае кантроль  над ўсёй тэрыторыяй ВКЛ

Каля 1439 Жыгімонт пазбаўляе вотчын Юрыя Лугвеньевіча Мсціслаўскага і Алельку Уладзіміравіча Копыльскага і кідае іх у затачэнне

1439, 5 ліпеня Абвяшчэнне на Фларэнтыйскім саборы уніі паміж каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі, якая не атрымала шырокай падтрымкі, у тым ліку і ў ВКЛ

Раней 1440 З Арды з’язджае хан Уч-Гірэй, якому Жыгімонт вылучае ва ўдзел Ліду

1440, 14 красавіка Забойства Жыгімонта Кейстутавіча літоўскімі панамі Лялюшам і Даўгірдам і князем Аляксандрам Чартарыйскім. Вестка аб гэтым выклікае мяцеж у Смаленскай зямлі

1440, 29 чэрвеня Абранне вялікім князем літоўскім Казіміра, 12-гадовага сына Уладзіслава Ягайлы

1440 Казімір вяртае Копыль Алельку Уладзіміравічу, а яго брату Андрэю, верагодна, надае Лагожаск. Мсціслаўскае княства вернута Юрыю Лугвеньевічу, але той прымае запрашэне мяцежных смалян стаць іх князем

1440, восень Аднаўленне ўлады ВКЛ над Смаленскам. Юрый Лугвеньевіч уцякае ў Ноўгарад

1440-я Пачатак масавай раздачы маёнткаў на тэрыторыі Беларусі ў прыватную ўласнасць феадалам выклікае ўтварэнне дзяржаўнага рэестра наданняў, які пазней афармляецца ў першую кнігу т.зв. Літоўскай метрыкі – дзяржаўнага архіва ВКЛ. Пачатак дзяржаўнага справаводства на старабеларускай мове

1442 Свідрыгайла вяртаецца ў ВКЛ і зноў уладкоўваецца ў Валынскім княстве (у 1447 прызнаў сябе васалам Казіміра)

1442 Ад Залатой Арды канчаткова адападае Крымскі ўлус, дзе ўладкоўваецца стаўленік ВКЛ Ач-Гірэй

1443 Крым і прычарнаморскія стэпы захоплівае Хаджы-Гірэй. Утвараецца Крымскае ханства на чале з дынастыяй Гірэяў

1444, 10 лістапада У бітве з туркамі гіне кароль Польшчы і Венгрыі Уладзіслаў ІІІ

1445 Абмен нападамі войскаў ВКЛ і Вялікага княства Маскоўскага на памежжы Вяземскага, Мажайскага і Казельскага княстваў

1445 Казімір вылучае ва ўдзел сыну Жыгімонта Кейстутавіча Міхаілу Клечаск і Койданаў, а таксама частку Падляшша і Бранск са Старадубам

1447, 2 мая Выданне прывілея Казіміра, які забяспечваў феадалам ВКЛ асабістую недатыкальнасць, судовы і падаткавы імунітэт іх маёнткаў

1447, 25 чэрвеня Вялікі князь літоўскі Казімір Ягайлавіч адначасова становіцца каралём Польшчы пад імем Казіміра IV. Аднаўленне персанальнай уніі ВКЛ з Польшчай

1447 Казімір вяртае Мсціслаўскае княства Юрыю Лугвеньевічу

1447 Вынаходнік кнігадрукавання з дапамогай наборнага шрыфту Іаган Гутэнберг пачынае ў горадзе Майнцы рэгулярны выпуск кніг. Радыкальны зрух у сродках перадачы інфармацыі

1449 Мяцеж Міхаіла Жыгімонтавіча і спроба яго захапіць Кіеў прыводзяць да яго выгнання і канфіскацыі ўсіх уладанняў. Казімір надае Кіеў Алельку Уладзіміравічу, пакідаючы за ім і Копыль са Слуцкам

1449 Заключэнне “вечнага міру” паміж ВКЛ і Вялікім княствам Маскоўскім (Маскоўскай дзяржавай), які размежаваў сферы іх уплыву на Русі

1452, 10 сакавіка Смерць Свідрыгайлы. Валынская зямля ператворана ў намесніцтва. Удаве Свідрыгайлы Ганне Казімір надае Гарадок Давыдаў

1453, 29 мая Узяцце Канстанцінопаля туркамі. Праваслаўны патрыярх трапляе ў залежнасць ад асманскага султана. Гэта спрыяе нараджэнню пры двары Васіля ІІ Маскоўскага прэтэнзій на першынство Масквы ў праваслаўным свеце

1454–1466 Казімір у якасці караля Польшчы вядзе т.зв. Трынаццацігадовую вайну з Тэўтонскім ордэнам, у якой ВКЛ не ўдзельнічае

1454 Родзіч вялікага князя маскоўскага Іван Андрэевіч Мажайскі з’язджае ў ВКЛ. Казімір вылучае яму ва ўдзел Бранск, Старадуб і Гомель

1455 Смерць Алелькі Уладзіміравіча. Копыль і Слуцк пераходзяць да яго сыноў Сямёна і Міхаіла ў якасці вотчыны, а Кіеўскае княства – на правах лена. Утварэнне галіны князёў Алелькавічаў (праіснавала да 1592)

Другая палова 1450-х – 1460-я Праваслаўны князь Сямён Алелькавіч выступае правадыром арыстакратычнай апазіцыі ў ВКЛ, прэтэндэнтам на вялікакняжацкую пасаду. Апазіцыя карыстаецца падтрымкай вялікіх князёў маскоўскіх Васіля ІІ і яго сына Івана ІІІ

Пасля 1456 Казімір стварае ўдзел для ўцекача з Масквы Івана, сына бораўска-серпухаўскага князя Васіля Яраславіча, і надае яму Клечаск, Давыд-Гарадок і Рагачоў. Пачатак беларускай галіны князёў Яраславічаў (існавала да 1521)

1457 Пасля смерці Андрэя Уладзіміравіча за яго нашчадкамі замацоўваецца только частка яго ўладанняў. Лагожаск пераходзіць да вялікага князя

1458 Аднаўленне Кіеўскай (Літоўскай) мітраполіі з цэнтрам у Новагародку, на чале якой становіцца прыхільнік Фларэнтыйскай уніі Грыгорый Балгарын

1459 Мітраполія ў Маскве афіцыйна пачынае называцца Маскоўскай, а не Кіеўскай, што адлюстроўвае новыя амбіцыі Маскоўскай дзяржавы

1460 Казімір амністыруе аднаго з забойцаў Жыгімонта Кейстутавіча, князя Аляксандра Чартарыйскага, і надае яму Лагожаск. Утварэнне лагожскай галіны Чартарыйскіх (праіснавала да 1524)

1461, 21 верасня Смерць каралевы-маці Соф’і Гальшанскай, якая аказвала значны ўплыў на палітыку Казіміра

1462–1505 Праўленне ў Маскоўскай дзяржаве Івана ІІІ Васільевіча (фактычна кіраваў ад імя сляпога бацькі з 1447). Ажаніўшыся ў 1472 з прадстаўніцай візантыйскай дынастыі Палаолагаў, ён прымае ідэю духоўнага і палітычнага першынства Масквы (“Масква – трэці Рым”) і пачынае барацьбу за яе рэалізацыю

1466, 19 кастрычніка Заканчэнне вайны Польшчы з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Тарускага мірнага дагавора ордэн пераходзіць у васальную залежнасць ад караля Польшчы

Каля 1468 У Чэхіі выходзіць першая друкаваная кніга на славянскай мове – чэшскі пераклад “Траянскай хронікі”

1468, 29 лютага Выданне Судзебніка Казіміра – зборніка юрыдычных норм ВКЛ на старабеларускай мове, які дзейнічаў на беларускіх землях да 1528

1469 Літоўскі мітрапаліт Грыгорый Балгарын расчароўваецца ў ідэі уніі і звяртаецца да канстанцінопальскага патрыярха з просьбай зацвердзіць яго ў сане

1470, 3 снежня Смерць Сямёна Алелькавіча. Вялікі князь не пацвярджае Кіеўскае княства яго нашчадкам і ператварае яго ў намесніцтва. Роля правадыра арыстакратычнай апазіцыі пераходзіць да Міхаіла Алелькавіча, які ў сакавіку 1471 вяртаецца з княжання ў Вялікім Ноўгарадзе

1471, 22 красавіка Казімір надае ўдаве Сямёна Алелькавіча Марыі з роду Гаштаўтаў і іх сыну Васілю Пінскае княства, а Копыль і Слуцк замацоўвае за Міхаілам Алелькавічам і яго нашчадкамі

1471 Старшы сын Казіміра Уладзіслаў (1456–1516) абраны каралём Чэхіі

1471–1478 Маскоўская дзяржава падпарадкоўвае Вялікі Ноўгарад

1472 Патрыярх зацвярджае Грыгорыя Балгарына ў сане мітрапаліта Кіеўскага, што завяршае царкоўны падзел Русі на дзве метраполіі: Кіеўскую (на тэрыторыі ВКЛ) і Маскоўскую

1475 Турцыя захоплівае генуэзкія калоніі на паўднёвым беразе Крыма. Крымскае ханства становіцца васалам Асманскай імперыі

1475 Саюз ВКЛ з ханам Вялікай Арды Ахметам выклікае абурэнне крымскага хана Менглі-Гірэя. З гэтага часу пачынаюцца напады крымскіх татар на землі ВКЛ

1478 Іван ІІІ Маскоўскі выказвае прэтэнзіі на “рускую” частку ВКЛ, у тым ліку на Полацк і Віцебск, парушаючы тым самым прынцыпы “вечнага міра” 1449

1480, лета – восень Казімір абяцае ваенную падтрымку хану Ахмету ў паходзе на Маскву, але не аказвае яе. У выніку “стаяння на Угры” Маскоўская дзяржава канчаткова пазбаўляецца залежнасці ад Арды

1481, красавік Выкрыццё змовы праваслаўных князёў Міхаіла Алелькавіча, Івана Гальшанскага, Фёдара Бельскага супраць Казіміра. Князі Алелькавіч і Гальшанскі пакараны смерцю ў Вільні 30 жніўня 1481, Бельскі з’ехаў у Маскву

1484 Казімір стварае ўдзел для ўцекача з Масквы князя Міхаіла Васільевіча Вярэйскага, надаючы яму Койданаў і шэраг іншых маёнткаў

1485 Масква далучае Цвярское княства. Апошні цвярскі князь Міхаіл Барысавіч з’язджае ў ВКЛ і атрымлівае маёнткі ў Слонімскім павеце

1486 Маскоўскае войска пачынае напады на памежныя землі ВКЛ

1490 Чэшскі кароль Уладзіслаў, сын Казіміра, становіцца і каралём Венгрыі. Уладанні дынастыі Ягелонаў ахопліваюць большасць Цэнтральнай Еўропы

1491 Кракаўскі мяшчанін нямецкага паходжання Швайпольт Фіёль друкуе ў Кракаве першыя кнігі, набраныя кірылічным шрыфтам – “Октаіх” і “Часаслоў”

1492, 7 чэрвеня Смерць Казіміра Ягайлавіча. Каралём Польшчы становіцца яго другі сын Ян Альбрэхт (1457–1502). Знаць ВКЛ абірае вялікім князем трэцяга сына, Аляксандра (1461–1506), парушаючы тым самым персанальную унію з Польшчай

1492, 6 жніўня У Вільні абвешчаны прывілей Аляксандра, які сістэматызуе прынцыпы дзяржаўнага і грамадскага ладу і правы пануючага саслоўя

1492–1494 Вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ за памежныя землі, у выніку якой ВКЛ губляе Вязьму, Варатынск, Адоеў

1495, 15 лютага Шлюб вялікага князя Аляксандра з Аленай (1476–1513), дачкой Івана ІІІ Маскоўскага, замацоўвае часовае прымірэнне з Масквой

1496, 21 сакавіка Горадна атрымлівае самакіраванне паводле магдэбургскага права

1497 Набег крымскіх татар дасягае Мазырскай воласці

1498 Вялікі князь Аляксандр дазваляе князю Міхаілу Іванавічу Жаслаўскаму ажаніцца з дачкой памёршага князя Івана Юр’евіча Мсціслаўскага і перадае яму Мсціслаўскае княства

1498, 7 кастрычніка Полацк атрымлівае самакіраванне паводле магдэбургскага права

1499, 14 сакавіка Менск атрымлівае самакіраванне паводле магдэбургскага права

1500–1506 Імклівае ўзвышэнне новага фаварыта Аляксандра, князя Міхаіла Глінскага, выклікае абурэнне старой літоўскай знаці

1500 Узнаўленне вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ. На бок Івана ІІІ пераходзяць удзельныя князі Сямён Іванавіч Мажайскі, Сямён Іванавіч Бельскі, Васіль Іванавіч Шамячыч. Войска ВКЛ рабіта на рацэ Вядрошы, што прыводзіць да страты кантролю ВКЛ над часткай Смаленскай і усёй Чарнігава-Северскай зямлёй, уключаючы Гомель

1500 Набег крымскіх татар дасягае Берасцейскага павета. З гэтага часу іх напады на паўднёвыя землі Беларусі становяцца амаль штогадовымі

1501 Смерць пінскай княгіні Марыі, удавы Сямёна Алелькавіча, якая перажыла свайго сына Васіля. Пінскае княства перадаецца яе зяцю Фёдару,  сыну клецкага і давыд-гарадоцкага князя Івана Васільевіча Яраславіча

1501 Вялікі князь Аляксандр надае сваёй жонцы Алене Браслаў, Магілёў і іншыя маёнткі на Беларусі

1501, 23 кастрычніка Пасля смерці Яна Альбрэхта вялікі князь Аляксандр становіцца і каралём Польшчы. Персанальная унія Польшчы з ВКЛ узнаўляецца. Пры гэтым абвяшчаецца, што ў далейшым агульны манарх будзе абірацца на аб’яднаным сойме прадстаўнікоў дзвюх дзяржаў

1502 Маскоўскае войска спаліла Оршу

1503 Ваўкавыйск атрымлівае самакіраванне паводле магдэбургскага права

1503, 2 красавіка Заключана перамір’е з Маскоўскай дзяржавай, паводле якога ВКЛ саступае ёй вялікую частку сваёй тэрыторыі, у тым ліку Гомель і памежныя воласці Полацкай зямлі

1504 У Кракаўскі ўніверсітэт на факультэт вольных мастацтваў паступае Францыск Скарына з Полацка – будучы беларускі першадрукар

1505 Асабліва буйны татарскі набег спусташае значную частку Беларусі. Спалены частка Менска, Лагожаск і інш. паселішчы, выведзена да 100 тыс. палонных, якія прададзены на нявольнічым рынку ў Кафе (Судаку)

1506, 5 жніўня Разгром татар ля Клецка войскам ВКЛ на чале з Міхаілам Глінскім

1506, 19 верасня Смерць Аляксандра. Каралём польскім і вялікім князем літоўскім становіцца яго малодшы брат Жыгімонт

1506–1548 Праўленне ў ВКЛ і Польшчы Жыгімонта Старога

1506, 7 снежня Жыгімонт выдае ў Гародні свой першы прывілей, якім, апрача іншага, гарантуе падданым права падаваць скаргі на дзеянні дзяржаўнай адміністрацыі

1507, люты Віленскі сойм прымае рашэнне аб вяртанні ўсіх земляў, страчаных на карысць Масквы. Узнаўленне вайны з Маскоўскай дзяржавай

1508, студзень – жнівень Мяцеж князя Міхаіла Глінскага, якому аказвае дапамогу маскоўскае войска

1508, 19 верасня Дагавор аб “вечным міры” з Маскоўскай дзяржавай, паводле якога ВКЛ адмаўляецца ад прэтэнзій на страчаныя землі і дазваляе М. Глінскаму і яго прыхільнікам выехаць у Маскву

1510 Чарговы татарскі набег дасягае ваколіц Вільні

1511 Выдатны палкаводзец, праваслаўны князь Канстанцін Астрожскі насуперак Гарадзельскаму прывілею прызначаецца віленскім кашталянам, што выклікае незадаволенасць старой літоўскай знаці

1511, 26 ліпеня Новагародак атрымлівае самакіраванне паводле магдэбургскага права

1512, 9 лістапада Універсітэт Падуі (Італія) прысуджае Францыску Скарыне ступень доктара медыцыны

1512–1522 Вайна Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ і Польшчай, у выніку якой ВКЛ страціла Смаленск (заняты 31 ліпеня 1514). На баку Масквы дзейнічае Крымскае ханства

1514, 8 верасня Перамога аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім пад Оршай, якая спыніла рух маскоўскага войска ўглыб Беларусі і прадухіліла стварэнне дыпламатычнага саюза Маскоўскай дзяржавы з імператарам Святой Рымскай імперыі Максіміліянам Габсбургам

1515, вясна Маскоўскае войска спаліла Браслаў і Друю

1517, 6 жніўня Францыск Скарына ў Празе выдае сваю першую друкаваную кнігу – Псалтыр, пасля чаго на працягу двух гадоў друкуе яшчэ 19 кніг Бібліі ва ўласным перакладзе і са сваімі прадмовамі

1517, 31 кастрычніка Марцін Лютэр, манах-францысканец і выкладчык універсітэта ў Вітэнбергу (Саксонія) абнародваў свае тэзісы з крытыкай каталіцкай царквы. Пачатак Рэфармацыі ў Еўропе

1518, 18 красавіка Шлюб Жыгімонта з Бонай Сфорца, дачкой міланскага герцага. Новая каралева спрыяе пашырэнню пры каралеўскім і вялікакняжацкім дварах заходнееўрапейскіх звычаяў і духу Рэнесанса

1518, 1519 Глыбокія рэйды маскоўскага войска дасягаюць Слуцка, Менска, Новагародка, Крэва і Ашмены

1519 Бядзетны князь Фёдар Яраславіч завяшчае Пінскае, Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы вялікаму князю Жыгімонту, які перадае права на іх сваёй жонцы Боне (канчаткова ўступіла ў валоданне пасля смерці Фёдара ў 1522)

Каля 1520 Францыск Скарына пераносіць сваю дзейнасць на тэрыторыю ВКЛ – у Вільню, дзе ў 1522 выдае “Малую падарожную кніжку”

1520–1522 У складзе пасольства ВКЛ да папы Льва Х у Рым прыязджае натарый Мікола Гусоўскі, які піша там на лацінскай мове паэму “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”. Надрукаваная ў Кракаве ў 1523, паэма набывае папулярнасць і ўпершыню знаёміць еўрапейскага чытача з прыродай, жывёльным светам і абыдзённым жыццём Беларусі

1520-я У асяроддзі віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштаўта ствараецца “Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага”, якая пачынае род літоўскіх князёў ад легендарнага Палямона і змяшчае міфічныя звесткі пра іх заваевы на Беларусі ў ХІІІ стагоддзі. Твор, прызначаны ідэалагічна падмацаваць першынство этнічна літоўскай арыстакратыі, напісаны, тым не менш, на “рускай” (старабеларускай) мове

1520-я Надворны маршалак ВКЛ Юрый Іллініч пачынае будаўніцтва Мірскага замка

1521 У выніку татарскага нападу спалены Мазыр і Тураў, спустошаны ваколіцы Слуцка і Пінска

1525 Скарына выдае ў Вільні апошнюю кнігу – Апостал. На гэтым яго выдавецкая дзейнасць спыняецца

1525 Пераход апошняга магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбурга ў лютэранства. Сэкулярызацыя ордэна, ператварэнне яго ў Прускае герцагства.

1526, снежань Татарскае войска, якое спустошыла наваколлі Турава, Пінска і Слуцка, на адваротным шляху рабіта пад Луцкам войскам ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім. Вызвалена каля 40 тыс. палонных

1527 Князь Міхаіл Іванавіч Мсціслаўскі перадае сваё княства вялікаму князю Жыгімонту, які прызначае яго ж пажыццёвым намеснікам. Пасля смерці Міхаіла ў 1529 Мсціслаўскае княства канчаткова ператвараецца ў намесніцтва

1528, 25 верасня Прыняцце Першага Статута ВКЛ – грунтоўнага і сітэмнага збору заканадаўчых норм, выдатнага помніка юрыдычнай думкі агульнаеўрапейскага ўзроўню, напісанага на старабеларускай мове

1529, кастрычнік Сын Жыгімонта Старога Жыгімонт Аўгуст намінальна абвяшчаецца вялікім князем літоўскім (20 лютага 1530 каранаваны таксама польскай каронай)

1530 Паспяхова адбіты апошні татарскі напад, які дасягнуў тэрыторыі Беларусі

1530 Стварэнне Філіпам Мелянхтонам “Аўсбурскага вызнання” і “Апалогіі” завяршае ідэйнае афармленне лютэранскай плыні Рэфармацыі

1530-я Стварэнне арыгінальнага летапіснага зводу ВКЛ на старабеларускай мове, які пазней атрымаў назву “Хроніка Быхаўца”. Ананімны стваральнік зводу шырока скарыстаў успаміны і гістарычныя паданні, што бытавалі ў асяроддзі літоўскіх арыстакратаў – паноў Гаштаўтаў, Радзівілаў, князёў Гальшанскіх і інш., захаваўшы іх для нашчадкаў

1530-я Хваля скаргаў дзяржаўных сялян на ўзмацненне эксплуатацыі з боку намеснікаў. Сяляне спасылаюцца на прынцып “старыны”, а вярхоўная ўлада звычайна задавольвае іх іскі

1532, 20 студзеня Слонім атрымлівае самакіраванне паводле магдэбургскага права

1532, 7 сакавіка Дзяржаўныя сяляне Бабруйскай воласці выйграюць іск супраць першага магната ў дзяржаве – віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштаўта, што з’яўляецца сведчаннем дзейснасці Гарадзенскага прывілея 1506

1532 Жыгімонт пашырае ўдел сваёй жонкі Боны, надаючы ёй Кобрынскаю воласць

1534–1537 Пасля смерці вялікага князя маскоўскага Васіля ІІІ ВКЛ узнаўляе вайну, у выніку якой адваёўвае Гомель (заняты 16 ліпеня 1535), але страчвае Себеж

1536–1564 Жан Кальвін узначальвае пратэстанцкі рух у Жэневе і стварае некалькі версій “Настаўлення ў хрысціянскай веры”, закладаючы новую плынь Рэфармацыі – кальвінізм

1539 Абрахам Кульва засноўвае ў Вільні першую лютэранскую школу, якая праіснавала да 1542

1544 Жыгімонт Стары перадае свайму сыну Жыгімонту Аўгусту кіраванне бягучымі справамі ВКЛ. Жыгімонт Аўгуст пад уплывам маці ўсталёўвае пры віленскім двары стыль італьянскага Рэнесансу

1544 На факультэт вольных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта паступае Сымон Будны – будучы дзеяч Рэфармацыі на Беларусі

1544, 17 жніўня У Крулеўцы (Кёнігсбергу) адкрываецца пратэстанцкі ўніверсітэт (“акадэмія”), заснаваны прускім герцагам Альбрэхтам. З 24 заснаваных стыпендый 7 прызначаецца для ўраджэнцаў ВКЛ, што дазваляе атрымаць адукацыю многім шкалярам з Беларусі

1540-я, другая палова Змяненне стаўлення дзяржаўнай адміністрацыі да скаргаў дзяржаўных сялян. Іх абавязуюць выконваць павіннасці ў павялічаным аб’ёме і забараняюць самім абіраць вясковых стараст, скасоўваючы тым самым прынцып “старыны”

1547, 26 студзеня Вянчанне на царства 13-гадовага вялікага князя маскоўскага Івана IVВасільевіча (пазней атрымае празванне Іван Грозны). Маскоўская дзяржава пачынае называцца Рускім царствам

1547, 28 ліпеня Патаемны шлюб Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл, удавой Станіслава Гаштаўта, спрыяе высоўванню рода Радзівілаў на першае месца сярод магнатаў ВКЛ

1547 Першыя спробы перадзелу зямлі на валокі ў дзяржаўных маёнтках Гарадзенскага і Ваўкавыскага паветаў

1547 Марцін Мажвід выдае ў Прусіі пераклад лютэранскага Катэхізіса на літоўскую мову

1548, 1 красавіка Смерць Жыгімонта Старога. Жыгімонт Аўгуст пачынае аднаасобнае праўленне. Абвяшчэнне Барбары каралевай Польшчы выклікае абурэнне польскай арыстакратыі і каралевы-маці Боны, у сувязі з чым яе каранацыя адбываецца толькі ў снежні 1550

1549 Аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн выдае ў Вене на лацінскай мове “Запіскі аб маскоўскіх справах”, у якіх апісвае два сваіх падарожжа праз Беларусь пад час пасольстваў у Маскву ў 1517 і 1526. Шырокае кола еўрапейскіх чытачоў упершыню атрымала даволі падрабязныя гісторыка-этнаграфічныя звесткі пра тэрыторыю Беларусі

Раней 1550 Літоўскі шляхціч, які выступае пад псеўданімам “Міхалон Літвін”, стварае рукапісны трактат “Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў”, у якім крытыкуе заганы дзяржаўнай палітыкі і абыдзённага жыцця ВКЛ

1550-я Пашырэнне Рэфармацыі ў ВКЛ, пераход у кальвінізм прадстаўнікоў шэрагу магнацкіх родаў, у тым ліку віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага, троцкага ваяводы Мікалая Радзівіла Рудага і дворнага маршалка Астафія Валовіча

1551 Распрацоўка адмысловай інструкцыі (“уставы”) для правядзення валочнай памеры ў Клецкім і Пінскім удзелах каралевы-маці Боны

1551, 8 мая Смерць каралевы Барбары

1553 Вучоны-гуманіст Бярнард Ваявудка пры падтрымцы Мікалая Радзівіла Чорнага заноўвае ў Берасці першую на тэрыторыі Беларусі друкарню, якая праіснавала каля года і выдала некалькі кальвінісцкіх твораў на польскай і лацінскай мовах

1556 Ад’езд каралевы-маці Боны ў Італію. Усе яе маёнткі пераходзяць да Жыгімонта Аўгуста

1557, 1 красавіка Зацвярджэнне Жыгімонтам Аўгустам “Уставы на валокі”, на падставе якой адбываецца аграрная рэформа ў дзяржаўных маёнтках ВКЛ і якая служыць узорам для аналагічных пераўтварэнняў у царкоўных і прыватных маёнтках

1557 Утварэнне кальвінісцкага Сінода – вышэйшага органа рэфармаванай царквы ў ВКЛ

1558, студзень Маскоўская дзяржава (Рускае царства) пачынае ваенныя дзеянні супраць Лівонскага ордэна. Пачатак Лівонскай (Інфлянцкай) вайны

1558 Станіслаў Мурмелі аднаўляе берасцейскую друкарню, у якой на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 друкуе польскамоўную Біблію з пратэстанцкімі каментарыямі

1559 Крэва атрымлівае самакіраванне паводле магдэбургскага права

1559, 31 жніўня Паводле Віленскага дагавора Лівонскі ордэн аддаецца пад пратэктарат ВКЛ. Уступленне ВКЛ у Інфлянцкую вайну

1560, 21 сакавіка Гомель атрымаў пэўныя рысы самакіравання (т.зв. “малое магэбургскае права), пячатку і герб

1561, 28 лістапада Скасаванне Лівонскага ордэна і ўтварэнне на частцы яго тэрыторыі Задзвінскага княства, якое пераходзіць у васальную залежнасць ад вялікага князя літоўскага

1562 Маскоўская дзяржава пераносіць вайну за Інфлянты на тэрыторыю ВКЛ

1562 Мацей Кавячынскі і Лаўрэнці Крышкоўскі засноўваюць у Нясвіжскім маёнтку Мікалая Радзівіла Чорнага друкарню, у якой Сымон Будны выдае на старабеларускай мове кальвінісцкі Катэхізіс са сваёй прадмовай і трактат “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”

1563, люты Аблога і ўзяцце Полацка войскамі Івана IV

1563, 7 чэрвеня На Віленскім сойме прымаецца прывілей, які канчаткова ўраўноўвае ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі

1564, 26 студзеня Перамога войска ВКЛ у бітве на рацэ Ула спыняе далейшы рух маскоўскага войска. Пад кантролем Масквы застаецца, аднак, большая частка Полацкай зямлі

1564, 1 сакавіка Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец друкуюць у Маскве першую датаваную кнігу на тэрыторыі Расіі – “Апостал”. У 1566 абодва вымушаны пакінуць Маскву і пераехаць у ВКЛ

1564, 1 ліпеня Сойм ухваляе новую рэдакцыю Статута ВКЛ, якая з-за спрэчак па працэдурных пытаннях цалкам уведзена ў дзеянне ў 1566 (Статут 1566). Статут прадугледжвае новую сістэму падзелу ВКЛ на ваяводствы і паветы, скасаванне асобага статусу апошніх удзельных княстваў, судовую і іншыя рэформы. Фактычна новы адміністрацыйны падзел быў уведзены на працягу 1565–1566

1564 Завяршэнне дзейнасці Трыдзенцкага сабора (працаваў з перапынкамі з 1545), які абвясціў шэраг змен у каталіцкай царкве і зацвердзіў “Трыдзенцкае спавяданне”. Пачатак контррэфармацыі

1565, 29 мая Смерць Мікалая Радзівіла Чорнага, найбольш уплывовага прыхільніка Рэфармацыі ў ВКЛ

1565, 20 верасня Мястэчка Ваганаў Берасцейскага павета атрымлівае самакіраванне паводле магдэбургскага права

1565, снежань На паседжанні пратэстанцкага Сінода ў мястэчку Іўе, належачым удаве Станіслава Кішкі Ганне (сястры Мікалая Радзівіла Чорнага), праяўляецца найбольш радыкальная плынь Рэфармацыі – антытрынітарызм (арыянства)

1566–1567 Маскоўцы будуюць на полацкіх землях шэраг абарончых замкаў

1568 У маёнтку Заблудаў гетмана Рыгора Хадкевіча (зараз на тэрыторыі Польшчы) пачынае дзейнічаць друкарня, заснаваная былымі маскоўскімі першадрукарамі Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам

1568, жнівень Войска ВКЛ на чале з польным гетманам Раманам Сангушкам узяла полацкі замак Ула

1569, 10 студзеня У Любліне (Польшча) пачаўся агульны сойм Польшчы і ВКЛ, які павінен быў выпрацаваць умовы іх аб’яднання з мэтай больш эфектыўнага процідзеяння Маскоўскай дзяржаве ў Інфлянцкай вайне

1569, 20 студзеня Жыгімонт Аўгуст зацвярджае прывілей аб наданні магдэбургскага права мястэчку Дзісна Полацкага ваяводства

1569, 5 сакавіка Жыгімонт Аўгуст зацвярджае рашэнне дэлегатаў Падляшскага ваяводства аб уключэнні Падляшша ў склад Польскага каралеўства

1569, 26 красавіка Кароль зацвярджае рашэнне дэлегатаў Валынскай зямлі аб далучэнні да Польшчы (пацверджана соймам 26 мая)

1569, 1 чэрвеня За ўключэнне ў склад Польскага каралеўства выказваюцца дэлегаты Падольскага ваяводства

1569, 5 чэрвеня Рашэнне аб далучэнні да Польшчы прымаюць і дэлегаты Кіеўскага ваяводства, за выключэннем Мазырскага павета

1569, 1 ліпеня Дэлегаты астатніх ваяводстваў ВКЛ пагаджаюцца на аб’яднанне з Польшчай на ўмовах федэратыўнай дзяржавы, пры захаванні ў ВКЛ асобнага скарбу, заканадаўства і вайсковай стркутуры. Сойм прымае акт Люблінскай уніі, паводле якога новая дзяржава атрымлівае назву Рэч Паспалітая абодвух народаў (скарочана – Рэч Паспалітая)

 


*Даты раней за 5000 г. да н.э. некалібраваныя