Дайнава (1998)

Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6. – Мінск, 1998. С. 11.

Дайнава (Дайнова), гіст. вобласць у Літве і на Пн-З Беларусі. Упершыню ўпамін. у 1255 у грамаце Міндоўга крыжакам (магчыма, падробленай). Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, тэрыторыю аднайменнага заходне-балцкага (яцвяжскага) пляменнага княства, якое ў 2 пал. 13 ст. увайшло ў склад ВКЛ і было паступова асіміліравана на Пн літоўцамі, на Пд - беларусамі. Для насельніцтва Д. быў характэрны пахавальны абрад са стварэннем каменных курганоў, пазней - каменных магіл, які захаваўся і пасля асіміляцыі. Асноўная тэрыторыя Д. ахоплівала правабярэжжа Нёмана на Пн - У ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (суч. Варэнскі р-н Літвы) і прылеглых частках суч. Гродненскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў, адкуль адбывалася рассяленне далёка на Пд (нават на левабярэжжа Нёмана) і на У. У 15 ст. і пазней большасць гэтага абшару займала слабазаселеная Дайнаўская пушча - традыцыйнае месца паляванняў вял. князёў літоўскіх.