Дагавор 1219 (2005)

Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.1. – Мінск, 2005. С. 519–520.

Дагавор 1219. Мірнае пагадненне, заключанае паміж Уладзіміра-Валынскім княствам і Літвой па ініцыятыве літоўскіх князёў у канцы 1219 ці пач. 1220. У Валынскім (Іпацьеўскім) летапісе пад 6723 годам ад ств. свету (дата памылковая) прыведзены пералік князёў, падпісаўшых дагавор, які, напэўна, быў узяты складальнікам летапіса з арыгінала. Пералік каштоўны тым, што адлюстроўвае палітычны стан літоўскіх земляў на той момант. У ім фігуруюць 5 груп князёў – уладальнікаў асобных, але ўжо не раўнапраўных княстваў. Пяцёра прадстаўнікоў першай групы названы “старэйшымі”, прычым парадак пераліку дазваляе меркаваць пра роднасныя сувязі паміж імі. Верагодна, гэта былі прадстаўнікі аднаго княжацкага рода, які на той час палітычна дамінаваў над іншымі. Узначальваў яго Жывінбуд, пасля якога пералічаны 2 пары братоў: Даўят (ці Даўял) з братам Вілікайлам і Даўспрунк з братам Міндоўгам. Магчыма, гэта былі маладыя сыны двух старшых братоў Жывінбуда, якія ўжо памёрлі і пасля якіх ён стаў старэйшынай рода. Другую групу утвараюць два князя, названыя жамойцкімі (Эрдзівіл і Выкінт), і гэта сведчыць пра ўваход Жамойці ў склад Літвы і яе палітычную залежнасць ад Жывінбуда і яго суродзічаў. Трэцюю групу ўтвараюць шасцёра князёў, названых Рушкавічамі: Кінцібут, Ванібут, Бутавіт, Віжэйк з сынам Вішліем, Кіценій, а таксама Плікосава – напэўна, удава памёршага Плікосы. Яны належалі да іншага рода, уладанні якога таксама падпарадкаваліся роду Жывінбуда. Шматлікасць гэтых князёў паказвае, што іх уладанні былі моцна раздробненымі – напэўна, у выніку падзелу вотчын па бацькоўскай лініі, як гэта адбывалася і ў рускіх князёў. Разам з тым наяўнасць у спісе жанчыны сведчыць пра пэўныя асаблівасці спадчыннага права літоўцаў – удава да паўторнага шлюбу кіравала мужнінай вотчынайу і лічылася роўнай з мужчынамі. Чацвертая група, таксама роднасная паміж сабой, выступае пад імем Булевічаў. З іх названы Вішымут, пасля імені якога складальнік летапіса зрабіў прыпіску пра больш познія падезі: “его же уби Мендог, от и жену его поял и братью его побил Едивила, Спрудеика”. Трэба меркаваць, што браты Вішымута таксама былі ўдзельнікамі дагавора. Іх лёс паказвае, якім чынам у наступныя гады адбывалася ўзвышэнне Міндоўга. Апошнюю групу ўтвараюць чатыры князя, якія сумесна валодалі Дзевалтвой (пазнейшы Вількамірскі павет ВКЛ) і таксама, напэўна, былі суродзічамі: Юдькі, Пукеік, Бікшы, Лікіік. Непасрэным вынікам дагавора стаў напад Літвы на польскія княствы, з якімі варагавалі ўдзельнікі дагавора з валынскга боку: браты Даніла і Васілька Раманавічы і іх маці Ганна. Магчыма, Літва ініцыііравала Д. з мэтай адкрыць шлях да рабаўніцкіх набегаў на Польшчу, ад якой яе аддзялялі належачыя Уладзіміра-Валынскаму княству Падляшша і Берасцейшчына. Падобная палітыка Літвы пазней прасочваецца ў адносінах з Полацкім княствам (праз яго тэрыторыю ішлі набегі на Уладзіміра-Суздальскую і Наўгародскую землі), а таксама з Пінскім княствам (тады ахвярай набегаў станавілася Уладзіміра-Валынскае княства).

Кр.: ПСРЛ. Т. 2. М., 1962.