Русь (2001)

(Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 145–146)

РУСЬ, назва этнапалітычнай супольнасці ў Сярэднявеччы. Упершыню Р. упамінаецца ў 839, калі група варагаў (шведаў) назвала сябе пры двары германскага імператара пасламі “кагана Русі”. У візантыйскіх і арабскіх крыніцах 2 пал. 9 ст. паведамляецца пра марскія набегі Р. на паўдн. берагі Чорнага мора і Каспія. “Баварскі географ” сяр. 9 ст. змяшчае Р. у пераліку народаў Усх. Еўропы пасля бужан і улічаў, але перад уграмі і хазарамі, што сведчыць пра яе лакалізацыю ў Падняпроўі. Шэраг звестак 9-10 ст. атаясамлівае Р. са славянамі, большасць - з варагамі (нарманамі) ці проста адрознівае ад славян. З пач. 10 ст. у шэрагу арабскіх краніц паўтараецца сюжэт пра месцазнаходжанне Р. на нейкім востраве, яе напады на славян і гандаль рабамі з Балгарыяй і Хазарыяй. У 1 пал. 10 ст. Р. заключыла шэраг дагавароў з Візантыяй, якія захаваліся ў летапісах 11 ст. У дагаворы 907 сярод “рускіх градаў” названы Полацк, Растоў і інш. Імёны амаль усіх паслоў у дагаворах – германскія. Іспанскі географ І. бен-Якубі каля 966 паведамляе пра дзве Р., з якіх адна мяжуе з Польшчай з усходу, а другая на караблях нападае з захаду на прусаў. Першае падрабязнае апісанне Р. дае ў сяр. 10 ст. візантыйскі імператар Канстантын, які ведае ўладара Р. Ігара і “знешнюю Р.” з Ноўгарадам (“Немагардам”), дзе княжыў сын Ігара Святаслаў. Ён жа апісвае збор “русамі” даніны са славян і прыводзіць асобныя ад славянскіх “рускія” назвы дняпроўскіх парогаў, якія маюць германскую этымалогію. З 2 пал. 10 ст. заходнія крыніцы часам называюць Р. “Ругіяй” ці, наадварот, звязваюць яе з востравам Руген і прылеглымі славянскімі землямі на паўд. узбярэжжы Балтыкі. Уласныя пісьмовыя крыніцы Р. (старажытнарускія летапісы) з’яўляюцца з 11 ст. У “Аповесці мінулых гадоў” паведамляецца, што “Руская зямля” пачала называцца з часоў імператара Візантыі Міхаіла Ісаўра (842), а назва яе паходзіць ад варагаў, запрошаных княжыць у Ноўгарад. Там жа пералічаны славянскія плямёны ў складзе Р., што даволі дакладна акрэслівае тэрыторыю Кіеўскай Р. 10-11 стст. “Аповесць” прыводзіць гісторыю фарміравання гэтай тэрыторыі праз захоп наўгародскім князем Кіева, падпарадкаванне асобных плямён і войны з Хазарыяй. Гэты комплекс пісьмовых звестак адпавядае археалагічным матэрыялам, якія фіксуюць з’яўленне скандынаўскіх рэчаў спярша на гарадзішчы Старая Ладага (2 пал. 8 ст.), а на працягу 9-10 стст. – у верхнім Паволжы і Падняпроўі, з адначасовым распаўсюджаннем вялізнай колькасці арабскіх манет (дырхемаў) на берагах Балтыкі і ў лясной зоне Усходняй Еўропы. Там жа пашыраецца пахавальны абрад з выкарыстаннем ладдзі, вытокі якога прасочваюцца ў раёне Упсалы (Швецыя) з 7-8 стст. Са шматлікіх версій паходжання назвы Р. найбольш верагоднай лічыцца гіпотэза пра запазычанне славянамі фінскага слова “ruotsi” (“весляры”), якім жыхары усходняй Прыбалтыкі называлі шведскія гандлёва-рабаўнічыя атрады. Гэтым словам пазней пачала называцца змешаная славяна-скандынаўская праслойка, якая кантралявала гандаль рабамі і інш. таварамі з Хазарыяй, Арабскім халіфатам і Візантыяй, а затым падпарадкавала пляменныя княствы і ўтварыла ўласную дзяржаву. Не выключана, што да ўтварэння пануючай дынастыі мелі нейкае дачыненне выхадцы з вострава Руген. Альтэрнатыўныя версіі, пабудаваныя з пазіцый антынарманізму (спробы звязаць назву Р. з загадкавым народам “hros” візантыйскага аўтара 6 ст. Захарыя Рытара альбо з ракой Рось у сярэднім Падняпрўі), значна горш адпавядаюць сукупнасці фактаў.

Вялізную ролю ў культурнай кансалідацыі Р. адыграла прняцце хрысціянства з Візантыі ў 988. Да пач. 11 ст. скандынаўскі кампанент Р. канчаткова славянізаваўся. З гэтага часу Р. набывае характар праваслаўнай славянскай дзяржавы, у межах якой распачаўся працэс зліцця старажытных плямён у агульны ўсходнеславянскі (“рускі” ў тагачасным сэнсе) этнас. Аднак да 13 ст. гэты працэс не быў скончаны – захоўваліся выразныя мясцовыя асаблівасці, што дало магчымасць у далейшым утварыцца на тэрыторыі Р. некалькім этнасам. У царкоўных крыніцах і летапісах 12-13 стст. ёсць шмат прыкладаў выкарыстання назвы Р. у якасці палітоніма і этноніма, у тым ліку і адносна тэрыторыі Беларусі. Ігумен Данііл пад час паломніцтва ў Іерусалім ставіў лампаду “за всю Рускую землю” і маліўся за рускіх князёў, у тым ліку за Глеба Усяславіча Менскага. Епіскап Кірыл Тураўскі адзначаў, што ён “рожден и воспитан града та Турова в Руской стране”. У полацкай грамаце 1264 г. падкрэсліваецца, “што Руськая земля слывет Полочьская”. Такі ж сэнс тэрміна пераважае ў замежных крыніцах. Рыжскі храніст пач. 13 ст. Генрых Латвійскі называе “рускім каралём” полацкага князя Уладзіміра, а польская “Вялікая хроніка” – галіцка-валынскага Данілу. Там жа Бярэсце называецца “горадам Русі”. Разам з тым у летапісах сярэдзіны 12 ст. і пазней сустракаецца паняцце Р. у вузкім сэнсе, якое тычылася толькі раёна Кіева – Чарнігава – Пераяслава. У гэтым сэнсе Р. супрацьпастаўлялася Наўгародскай, Полацкай, Суздальскай, Галіцкай землям. Верагодна, вузкае значэне назвы Р. склалася ў 10 – пач. 11 ст., калі азначаны абшар уяўляў сабой асабістыя ўладанні кіеўскага князя – гэтак жа, як дамен караля Францыі атрымаў назву “Іль-дэ-Франс” (“востраў франкаў”). Меркаванні антынарманістаў аб тым, што вузкі сэнс папярэднічаў шырокаму, фактамі не пацвярджаюцца.

Шырокае значэнне назвы Р. трывала захоўвалася і пасля татарскага нашэсця 1237-40, калі яе тэрыторыя апынулася ў складзе розных дзяржаў, як залежных ад Арды - Вялікага княства Уладзімірскага (пазней – Маскоўскага) і Галіцка-Валынскага княства (каралеўства), так і сувярэнных - ВКЛ, часткова - Польскага і Венгерскага каралеўстваў. У гэты час тэрмін Р. набывае характар метаэтноніма (агульнай назвы некалькіх этнасаў, што пачалі фармавацца). Праваслаўе пачынаюць называць “рускай верай”. Заходневалынскія землі, адышоўшыя да Польшчы ў сярэдзіне 14 ст., атрымалі назву Рускага ваяводства. У складзе ВКЛ пад Р. у шырокім сэнсе разумелі ўсю тэрыторыю ўсходнеславянскага насельніцтва, за выключэннем верхняга Панямоння, якое з сярэдзіны 13 ст. увайшло ў гістарычнае ядро ВКЛ (на яго з таго ж часу пашырылася назва "Літва"). Разам з тым у 16 ст. фіксуецца і больш вузкае значэнне назвы Р., якое тычылася толькі ўсходняй паловы сучаснай Беларусі і мела прыкладна такі ж сэнс, як і іншыя рэгіянальныя назвы – Валынь, Падляшша, Палессе і інш. З 17 ст. за гэтым рэгіёнам замацоўваецца назва Белая Русь. Жыхары ВКЛ у межах 1569, называючы сябе “рускімі”, часам ужо выразна адрознівалі сябе ад жыхароў Расіі (“маскоўцаў”) і казацкай Украіны (“чаркасаў”). У той жа час у Маскве жыхароў ВКЛ называлі “ліцвінамі”, а славянскае насельніцтва Беларусі і Украіны - “беларусцамі”. Аднак этнічнаму самавызначэнню перашкаджала адсутнасць агульнапрынятых саманазваў, а таксама тое, что Вялікае княства Маскоўскае з 2 пал. 16 ст. атрымала афіцыйную назву “Рускае царства”. З гэтага часу палітычная і культурная эліта гэтай дзяржавы пачынае атаясамліваць тэрміны Р. і “Расія”, што стварыла пэўныя цяжкасці ў завяршэнні этнагенезу іншых нашчадкаў старажытнай Р. – беларусаў і ўкраінцаў.

Літ.: Гаркави А. Я. Сказания мусульманских писателей о славянах и русских. Спб., 1870; Насонов А. И. “Русская земля” и образование территории Древнерусского государства. М., 1951; Новосельцев А. П. Восточнае источники о восточных славянах и Руси VI – XI вв. // Древнерусское государство и его международное значение. М., 1965; Назаренко А. В. Об имени «Русь» в немецких источниках IX – XI вв. // Вопросы языкознания. 1980. № 5; Трухачев Н. С. Попытка локализации Прибалтийской Руси на основании сообщений современников в западноевропейских и арабских источниках X – XIII вв. // Древнейшие государства на территории СССР. М., 1981; Развитие этнического самосознания славянских народов в эпоху раннего средневековья. М., 1982; Лебедев Г. С. Эпоха викингов в Северной Европе. М., 1985; Славяне и скандинавы. М., 1986; Насевіч В., Спірыдонаў М. “Русь” у складзе Вялікага княства Літоўскага // З глыбі вякоў. Наш край. Вып. 1. Мн., 1996.