Наша агульная спадчына (1994)

"Чырвоная змена", 15 лютага 1994 г. № 18 (13734)

Тлумачэнне якасна новых з'яў заўсёды было, бадай што, самай складанай задачай для гістарычнай навукі. Адна з такіх з'яў - пераход першабытных народаў на іншы ўзровень сацыяльнай арганізацыі, калі з'яўляюцца гарады з манументальным дойлідствам, пісьменнасць, заканадаўства, сістэма падаткаабкладання, афармляецца класавае грамадства. Чаму людзі, якія тысячагоддзямі абыходзіліся без усяго гэтага, аднойчы так радыкальна мяняюць сваё жыццё?

Доўгі час у марксісцкай, ды і не толькі ў марксісцкай навуцы, панавала канцэпцыя, нібыта імкненне да прагрэсу арганічна ўласціва грамадству. Адны народы хутчэй, другія больш павольна, але ўсе аднолькава няўхільна ўздымаюцца па прыступках сацыяльнай лесвіцы: ад дзікунства - да варварства ці ваеннай дэмакратыі, потым - да цывілізацыі.

Між тым, вядома, што некаторыя народьі і сёння ўпарта адмаўляюцца пераймаць земляробча-жывёлёгадоўчую гаспадарку, да якой іх прыахвочваюць больш цывілізаваныя суседзі. Ды і імкненне ад варварства да цывілізацыі не выглядае такім ужо неадольным. Мовазнаўцы высветлілі, што словы для абазначэння знаці, жрацоў і спадчынных уладароў існавалі ўжо на стадыі індаеўрапейскай супольнасці, нё менш як 5 тысяч гадоў назад. Атрымліваецца, што нашы продкі ўжо тады дасягнулі "пераходнай" стадыі ваеннай дэмакратыі, а наступнага кроку чакалі не адно тысячагоддзе, застаючыся ўвесь гэты час не так ужо і далёка ад цывілізаванага Міжземнамор'я. Нешта тармазіла іх развіццё? А можа, наадварот, проста нішто не падштурхоўвала?

Альтэрнатыўны погляд на гісторыю зыходзіць з таго, што грамадская структура - рэч вельмі інертная, яна імкнецца захоўваць дасягнуты ўзровень, пакуль нейкае ўздзеянне не зробіць гэта немагчымым. Часцей за ўсё гэта бывае знешні імпульс, бо самаўзнікненне цывілізацыі - рэч выключна рэдкая, яна назіралася літаральна лічаныя разы ў гісторыі чалавецтва, і кожны раз - пры асаблівым збегу акалічнасцей.

Не была яшчэ сапраўннай цывілізацыяй і тая Русь IX-X стагоддзяў, пра якую ішла наша размова ў папярэднім артыкуле. Але накапленне багаццяў у руках яе пануючага кола ўсё больш выводзіла грамадства з раўнавагі. Адным з сімптомаў няўстойлівасці быў часовы пераход да знешняй экспансіі, калі ў часы Святаслава Ігаравіча Русь знішчыла Хазарскі каганат і нават спрабавала змагацца з Візантыяй за кантроль над Дунайскай Балгарыяй. Аднак працяглы кантакт з цывілізаванымі дзяржавамі, перш за ўсё - з той жа Візантыяй, падштурхнуў да развіцця не ўшыр, а ўглыб. Русь прыняла хрысціянства, разам з ім з'явіліся мураваныя храмы і іканапіс, распачалося летапісанне, быў зроблены першы накід збору законаў - "Рускай праўды". Пры Уладзіміру былі канчаткова скасаваны мясцовыя дынастыі (у тым ліку - полацкая), палітычная арганізацыя набыла аднароднасць.

Вельмі істотныя змены адбываюцца ў канцы X - першай палове XI стагоддзяў і ў сацыяльнай сферы. Раней дружынна-гандлёвае саслоўе русаў існавала пераважна за кошт збору даніны і цэнтралізаванага размеркавання барышу ад яе збыту. Зараз перыяд першапачатковага назапашвання капіталу канчаецца. Гандаль перастае быць дзяржаўнай справай і пераходзіць у рукі прафесійнага купецтва. Адначасова знаць (да гэтага часу ўжо цалкам аславяненая) пачынае абзаводзіцца ўласнай гаспадаркай - дварамі (у тагачасных крыніцах яны завуцца "сёламі"), дзе працавала спярша паднявольная чэлядзь (рабы). 3 пачатку XII стагоддзя фіксуецца з'яўленне вялікай колькасці закупаў - сялян, якія траплялі ў фінансавую кабалу і вымушаны былі адпрацоўваць яе.

Асноўная маса сялян (смердаў) захоўвала асабістую свабоду і спадчынныя зямельныя надзелы. Яны выплачвалі дзяржаўныя падаткі і падлягалі суду князя ці яго намесніка, у астатнім жа былі гаспадарамі свайго жыцця. Толькі з XII стагоддзя пачынаюць з'яўляцца яшчэ вельмі рэдкія звесткі пра перадачу асобных валасцей у залежнасць ад манастыроў ці епіскапаў, а, магчыма, і некаторых баяр. Але і ў гэтым выпадку князь перадаваў новым гаспадарам толькі права на атрыманне пэўных падаткаў і судовых пошлін, якія раней ішлі яму самому.

Праўда, на пачатку таго ж XII стагоддзя ў "Рускую праўду" ўносіцца "хітры" артыкул: калі смерд не пакіне пасля сябе сыноў, яго спадчына (у тым ліку, відаць, і зямля) пераходзіць ва ўласнасць дзяржавы ў асобе князя. Зразумела, што князь не збіраўся ўласнаручна араць і сеяць. Затое ён мог перадаць такі вымарачны надзел іншаму селяніну - вядома, не задарма, а з умовай аддаваць частку ўраджаю ці адпрацоўваць пэўны час у княжацкай гаспадарцы. Так з'яўлялася падстава для феадальнай эксплуатацыі.

Здавалася б, гэта не закранала інтарэсы асноўнай масы сялянства. Але справа ў тым, што колькасць нашчадкаў у людзей вагаецца. У некага выраслі тры сыны, і, каб не драбіць бацькоўскі надзел, два з іх павінны ўладкоўвацца на іншым месцы. Прасцей за ўсё - узяць чыйсьці вымарачны надзел, хай сабе і на ўмовах пэўнай залежнасці. А ў наступным пакаленні той з братоў, хто застаўся на бацькоўскай зямлі, можа памерці без нашчадкаў. Дзеці іншых братоў і рады б вярнуцца на яго надзел, але ж спадчыннікам яго становіцца князь! I так - у кожным пакаленні.

Калі такі працэс быў змадэліравамы на камп'ютэры, высветлілася, што пры пэўных узроўнях нараджэння і смяротмасці дастаткова шасці пакаленяў (150-180 год), каб каля 90 працэнтаў зямельных надзелаў было "прыватызавана" князем. Хаця дакладныя значэнні тагачасных дэмаграфічных характарыстык нам невядомыя, у цэлым няма сумненняў, што такім чынам феадалізацыя зямлі магла пашырацца вельмі хутка. Ужо на пачатку XIII стагоддзя істотная частка сялянства павінна была жыць на княжацкай зямлі.

Даходы князёў ад уласных двароў і феадальная рэнта паступова сталі больш істотнымі і трывалымі крыніцамі даходу, чым барыш ад знешняга гандлю. Уласныя двары з'явіліся і ў баяр, сярод якіх былі як нашчадкі варагаў-русаў, так і выхадцы з мясцовага, пакуль што яшчэ вольнага сялянства. На гэтай ствдыі іх можна лічыць рабаўладальнікамі, але не феадаламі. Магчыма, князь і вылучаў сваім баярам частку "прыватызаваных" зямель, з якіх яны маглі атрымліваць феадальную рэнту, але доказаў гэтага ў тагачасных крыніцах няма. Хутчэй, права на такую рэнту заставалася яшчэ манаполіяй дзяржавы.

У сувязі з азначанымі працэсамі адпала неабходнасць у цэнтралізаванай уладзе, якая раней забяспечвала збор даніны і яе рэалізацыю за мяжой. Таму ў працэсе павелічэння колькасці нашчадкаў Уладзіміра іх калектыўная ўласнасць, Русь, падзялілася на асобныя княствы, больш прыдатныя да кіравання імі. Гэтыя княствы былі таксама калектыўнай уласнасцю асобных галін княжацкага роду: бацькі і дзеці, родныя браты пасля смерці бацькі кіравалі часовымі ўдзеламі ў складзе такой вотчыны, якія пераразмяркоўваліся з кожнай зменай у складзе сям'і. Канчатковы падзел адбываўся толькі на ўзроўні стрыечных братоў, якія ўтваралі ўжо асобныя родавыя галіны і не маглі прэтэндаваць на вотчыны іншых суродзічаў.

Такім чынам адбылося і новае адасабленне Полацкага княства. Сын Уладзіміра Ізяслаў памёр раней за бацьку, а яго прыжыццёвы ўдзел - Полацк - быў пакінуты ў якасці вотчыны за нашчадкамі Ізяслава. Тое, што яны па жаночай лініі паходзілі ад папярэдняга полацкага ўладара - Рагвалода, спрыяла такому рашэнню, але наўрад ці цалкам яго вызначала, бо, паколькі існавала гэтая галіна князёў, у яе павінна была мецца свая вотчына. Калі б не полацкае, то нейкае іншае княства стала б такой вотчынай усё роўна.

Гэтак жа нашчадкі другога сына Уладзіміра - Яраслава Мудрага - падзялілі на вотчыны астатнюю Русь і працягвалі драбіць яе адпаведна колькасці адгалінаванняў свайго роду. Фармальнае старэйшынства пры гэтым захоўваў той, хто валодаў Кіевам. Такі князь пераразмяркоўваў вотчыны згаслых галін паміж астатнімі, а за непадпарадкаванне агульным правілам мог адабраць уладанні і ў жывых князёў. Так, у 1129 годзе за ўхіленне ад удзелу ў ваенным паходзе полацкія князі, якія тады яшчэ ўтваралі адзіную сям'ю, былі часова пазбаўлены сваёй калектыўнай вотчыны і высланы ў Візантыю.

Рэальнае значэнне кіеўскага князя захоўвалася, пакуль пад яго кантролем заставалася значная частка Русі. Калі ж у сярэдзіне XII стагоддзй за кошт Кіеўскай зямлі былі ўтвораны вотчыны для нашчадкаў памёршага ў 1154 годзе кіеўскага князя Іэяслава Мсціславіча (Валынскае княства) і для мяцежнага Юрыя Яраславіча (ён у 1158 годзе захапіў і здолеў утрымаць за сабой Тураўскае княства), вярхоўны князь страціў рэальныя магчымасці дыктаваць сваю волю васалам, якія часам мелі значна большыя ўладанні, чым ён.

Такая адсутнасць цэнтралізаванай улады дае падставы для сцвярджэнняў, нібыта і агульнай дзяржавы на Русі ў XII-XIII стагоддзях не было. Стала модным пісаць, напрыклад, пра самастойную Полацкую дзяржаву, хаця Полацкае княства якраз у гэты час паспытала такі ж самы падзел на вотчыны з цэнтрамі ў Друцку, Менску, Віцебску і перастала існаваць як асобная адзінка. На самай жа справе адбыўся пераход дзяржавы ў тыповую для сярэднявечча поліцэнтрычную форму, што добра разумелі сучаснікі. Замежныя крыніцы ніколі не характарызуюць Русь як сукупнасць самастойных дзяржаў, заўсёды гавораць пра яе як пра нешта агульнае. Для польскіх храністаў суседняя з Польшчай Галіцка-Валынская зямля была толькі часткай Русі, хаця і мела сваіх князёў. Гэтак жа і храніст пачатку XIII стагоддзя Генрых ЛатвійскІ лічыў князёў Полацкай зямлі і іх падданых рускімі.

Уяўленне пра адзінства Русі было вельмі моцным і сярод яе насельніцтва. Калі ў XIII стагоддзі яна паспытала мангольскае нашэсце, гэта было ўспрынята як пагібель агульнарускай дзяржавы, аб чым выразна сведчыць "Слова пра пагібель Рускай зямлі". На думку яго аўтара, "светло светлая и украсно украшена земля Руськая" прасціралася ад Венгрыі да Ледавітага акіяна, ад зямлі яцвягаў і літоўцаў да Волжскай Балгарыі. I ў 1264 годзе, калі ў Полацку ўжо княжыў літоўскі князь Гердзень, у яго грамаце пазначаецца, "што Руськая земля словет Полочькая". А быліны кіеўскага цыкла працягвалі жыць на ўзбярэжжы Бёлага мора, дзе і былі запісаны значна пазней.

Не маючы палітычнага адзінства, Русь XII-XIII стагоддзяў мела агульную рэлігію, культуру, літаратурную мову. Пры раскопках гарадоў археолагі знаходзяць ад Ноўгарада да Кіева і ад Берасця да Мурама адны і тыя ж рэчы, "візітныя карткі" Русі: шкляныя бранзалеты, сланцавыя прасніцы і г.д. Пра агульнарускі характар матэрыяльнай культуры можна прачытаць у любой публікацыі, прысвечанай археалагічнаму вывучэнню гарадоў гзтага перыяду, у тым ліку і на Беларусі.

Цывілізацыя Русі была актыўна ўключана ў больш шырокую супольнасць. Шчыльныя духоўныя сувязі нітавалі яе з Візантыяй, адкуль было запазычана хрысціянства. Не была забыта і агульнаславянская кроўнасць. Русь успрыняла пісьменнасць, распрацаваную балгарамі Кірылам і Мяфодзіем для заходнеславянскай Вялікай Маравіі. Вельмі пашыраны былі пераклады аповесці пра паходы Аляксандра Македонскага і нават эаходнееўрапейскага рыцарскага рамана пра Трыстана і Ізольду. Арганічна ўпісалася ў рускі летапіс жамчужына палавецкага фальклору - паданне пра хана Атрока і траву ямшан, якое збераглося такім чынам для сусветнай культуры.

Вельмі шкада, што сёння, быццам бы ў мэтах гістарычнага адраджэння, беларусы пачынаюць выкройваць з гэтага палотнішча сваю асобную хусцінку. Як нельга зразумець карціну па аднаму фрагменту, так нельга Сафійскі сабор у Полацку зразумець без наўгародскай, кіеўскай, канстанцінопальскай Сафіі, святую Ефрасінню - без Феадосія Пячорскага, Кірылу Тураўскага - без Серапіёна Уладзімірскага. На зямлю сучаснай Беларусі цывілізацыя прыйшла ў выглядзе вялікай старажытнарускай культуры, гэтак жа, як яна прыйшла на Валынь і Суздальшчыну. Продкі беларусаў былі такімі ж яе стваральнікамі, як і іншыя ўсходнія славяне. Пазней гістарычныя шляхі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў сапраўды разышліся, але ж гэта зусім не азначае, што яны спрадвеку ішлі паасобку.

Канешне, Русь зусім не была маналітам, пазбаўленым мясцовых адценняў. Але як у часы дунайскіх паходаў славян іх лакальныя адрозненні яшчэ не неслі ў сабе будучага падзелу на тры асобныя галіны, так і тыя мясцовыя асаблівасці, якія мы здольны сёння распазнаць у тканіне рускай супольнасці, адлюстроўвалі хутчэй розніцу ў паходжанні яе частак, чым зерне адасаблення ў будучыні.

Даволі выразна прасочваецца, напрыклад, розніца паміж старажытным арэалам культуры Лукі-Райкавецкай і тымі абшарамі, якія былі канчаткова славянізаваны разам з утварэннем Русі. Першы арэал, які ахопліваў Правабярэжную Украіну і поўдзень Беларусі з парэччам Буга і Прыпяці, характарызуецца пэўным падабенствам у пахавальным інвентары курганоў, у дэталях горадабудаўніцтва. Нават палітычна княствы, што ўзніклі тут, былі больш шчыльна звязаны паміж сабой, чым з іншымі рэгіёнамі Русі. На пачатку XIII стагоддзя тут утварылася Галіцка-Валынскае княства, якое ўключала ў сябе і Берасцейшчыну. Вотчыны турава-пінскіх князёў, нашчадкаў Юрыя Яраславіча, таксама знаходзіліся ў яго сферы прыцягнення. У 1229 годзе, напрыклад, Даніла Галіцкі, ідучы паходам у Польшчу, пакінуў "стерегчи земле" князя Уладзіміра Пінскага. Іншыя звесткі пра пінскіх князёў, як, дарэчы, і абодва ўрывачныя ўпамінанні Ноўгародка (Навагрудка) у гэты час таксама эвязаны з паўднёварускімі падзеямі.

Свае спецыфічныя рысы мела Сярэдняе Падняпроўе, дзе некалі існавала пляменнае княжанне палян, а потым утварыўся велікакняжацкі дамен (Русь у вузкім сэнсе). Тут хавалі нябожчыкаў у характэрных падкурганных ямах, вельмі ўстойлівай была традыцыя будаваць паўзямлянкі з круглымі глінянымі печамі. У Левабярэжжы Дняпра і вярхоўях Дона існавалі іншыя асаблівасці, звязаныя з княжаннем севяран і роменска-боршаўскай культурай. Саму назву севяран лічаць іранскай, а іх асаблівасці часткова звязваюць з іранскім субстратам.

Зусім інакш працякалі этнічныя працэсы ў Падзвінні, на поўначы Смаленшчыны, Пскоўшчыне. У VII-VIII стагоддзях там распаўсюдзіўся звычай насыпаць доўгія курганы. Інвентар гэтых курганоў мае аналогіі хутчэй у балцкіх і фінскіх, чым у славянскіх матэрыялах, аднак пазней якраз на гэтых абшарах сфарміраваўся славянскі субэтнас крывічоў. Мабыць, ён увабраў у сябе папярэдняе насельніцтва. У арэале папярэдніх калочынскай і мошчынскай культур утварыліся супольнасці радзімічаў і вяцічаў, якім летапіс прыпісвае заходняе ("ад ляхаў") паходжанне. Наўгародскія ж славены, якія паступова рассяляліся ў левабярэжжы верхняй Волгі і вадазборы Паўночнай Дзвіны, доўгі час заставаліся этнічнай меншасцю ў атачэнні фінскіх народаў.

Былі і рысы, якія аб'ядноўвалі паўднёвую правінцыю (былыя арэалы Лукі-Райкавецкай і роменска-боршаўскай культуры) з аднаго боку, паўночную (крывічоў, славенаў, радзімічаў, вяцічаў) - з другога. Там склаліся нават асобныя грашова-вагавыя сістэмы.

Па ўрывачных звестках можна адзначыць і некаторыя моўныя асаблівасці на тэрыторыі Русі. Частка з іх (аканне, дзэканне, аглушэнне гуку "г", ацвярдзенне "р" і іншыя) уласціва сучаснай беларускай мове. Справа, аднак, у тым, што гэтыя рысы ўзніклі і існавалі паасобку, не ўтвараючы суцэльнай фанетычнай сістэмы. Аканнё пашырылася сярод крывічоў, радзімічаў і вяцічаў, цвёрды "р" - у палеска-валынскім рэгіёне, глухі "г" - у нашчадкаў севяран, вяцічаў і, напэўна, радзімічаў. Разам з тым, крывічы вымаўлялі "р" мякка, "г" - звонка, дрыгавічы ж і валыняне не ведалі акання і г.д. Рэшткі гэтых моўных асаблівасцей сёння даюць падставы вызначыць на этнічнай тэрыторыі беларусаў заходнепаляшуцкую, паўднёва-заходнюю і паўночна-ўсходнюю дыялектныя зоны. Яны не аб'ядноўваюць, а раз'ядноўваюць сучасных беларусаў.

У гэтай сувязі вялікую цікаваць выклікае тэрыторыя Менскага і Друцкага княстваў, якія спярша апынуліся ў сферы рассялення звязаных з поўднем дрыгавічоў, а потым - ускладзе пераважна крывіцкай Полацкай зямлі. Да таго папярэдне тут быў моцны цэнтр культур штрыхаванай керамікі і банцараўскай. Калі дзе і мог існаваць моцны балцкі субстрат, то якраз у гэтых мясцінах. Усё гэта павінна было стварыць умовы для ўзаемапранікнення балцкіх, палескіх і крывіцкіх моўных асаблівасцей, іх эвалюцыі ў напрамку беларускай мовы. Але гэта - толькі гіпотэза, бо няма ніводнага доказу таго, што азначаныя працэсы сапраўды мелі месца.

Нават калі і было так, то гэты працэс, каб прывесці да з'яўлення беларусаў, павінен быў пашырыцца на ўсю іх будучую этнічную тэрыторыю: і на Падзвінне, і на Палессе, і на Пасожжа. У XII -XIII стагоддзях мы не бачым фактараў, якія б спрыялі гэтаму. Вышэй ужо сказана, што Пінскае і Тураўскае княствы былі "звернуты тварам" хутчэй на поўдзень, чым на поўнач. Раён Гомеля, Рэчыцы і, напэўна, Рагачова ўваходзіў у склад Чарнігаўскай зямлі, таму быў арыентаваны пераважна на усход. Княствы ж Полацкай зямлі шчыльна кантактавалі толькі са Смаленшчынай. Так, у 1229 годзе гандлёвае пагадненне з Рыгай было заключана ад імя Смаленска, Полацка і Віцебска, што сведчыць пра пэўныя палітычныя сувязі паміж імі. Нейкі час смаленскія князі нават валодалі Полацкам. У астатнім Полаччына з канца XII стагоддзя практычна знікае са старонак летапісаў, што трэба лічыць вынікам яе адасобленасці ад агульнарускіх спраў, у тым ліку - і ад інтарэсаў, якімі жылі Берасцейшчына, Піншчына і Гомельшчына.

Такім чынам, у гэты час можна гаварыць толькі пра існаванне пэўных перадумоў да ўзнікнення беларускага этнасу, але ніяк не пра наяўнасць ужо сфарміраваных беларусаў. Больш таго, да знішчэння Русі манголамі і далейшага аб'яднання часткі яе княстваў у складзе Вялікага Княства Літоўскага гэтыя перадумовы не маглі рэалізавацца. Аднолькавыя законы, веравызнанне, літаратурная мова - усё гэта магло толькі згладжваць мясцовыя асаблівасці, а не ўзмацняць ці пашыраць іх. I справа нават не ў тым, ці паспела цалкам скласціся тая "старажытнаруская народнасць", пра якую шмат пісалі ў савецкі час. Бясспрэчна іншае - існаванне агульнай старажытнарускай цывілізацыі.

Яе духоўны патэнцыял вельмі моцна праяўляўся яшчэ не адно стагоддзе. Імя Русі працягвала жыць сярод яе нашчадкаў, увайшло ў афіцыйную назву Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, у назву Рускага ваяводства (Галіччыны) у складзе Польшчы і Рускага царства - папярэдніка сённяшняй Расіі. Зараз слова "рускія" ўспрымавцца перш эа ўсё як саманазва жыхароў Расіі, аднак паміж ёю і Руссю XI-XIII стагоддзяў ляжыць роўна такая ж адлегласць, якая аддзяляе апошнюю ад Беларусі і Украіны. Атрымалася так, што рускія захавалі старое імя, а беларусы і ўкраінцы атрымалі новыя, але магло атрымацца і наадварот, бо яшча ў XVI стагоддзі жыхары Бвларусі і Украіны называлі сябе "рускімі", а Расія была больш вядома пад назвай "Масковія".

Цывілізацыя Русі дала пачатак нам усім, спадчына яе - наша агульная спадчына. Мець такога вялікага папярэдніка зусім не сорамна для беларусаў, як не сорамна італьянцам, французам і іспанцам прызнаваць свае вытокі ў цывілізацыі Старажытнага Рыма, а грэкам - у цывілізацыі Элады і Візантыі.