Таямніцы зніклых народаў (1993)

"Чырвоная Змена", 23 лістапада 1993 г. № 117 (13701)

Расказваць пра мінулае няпроста. Аб некаторых падзеях не засталося ні летапісаў, ні легенд. Узнавіць іх дапамагаюць нам галоўным чынам археалогія і лінгвістыка. Археолагі маюць справу з рэшткамі старажытных паселішчаў і могільнікаў, лінгвісты - з тымі водгукамі былога, якія захаваліся ў мовах сучасных народаў. У кожнай з гэтых навук ёсць свае поспехі, але і свае цяжкасці. Так, археалогія звычайна можа вызначыць час, калі існавала тая ці іншая культура, але мала што скажа пра мову яе стваральнікаў, іх этнічную прыналежнасць. Лінгвістыка ж, наадварот, прасочвае эвалюцыю моў, але для яе вельмі праблематычна даць прывязку да часу і прасторы - калі і дзе адбываліся тыя з'явы, якія яна фіксуе.

Мовазнаўцы пераканаўча вызначылі, што мовы славянскіх народаў (беларусаў, рускіх, чэхаў, палякаў, сербаў і іншых) маюць агульную аснову. Некалі продкі гэтых народаў размаўлялі на адзінай мове, прынамсі - на вельмі блізкіх дыялектах. Больш таго, значна раней яны мелі такое ж моўнае адзінства з продкамі латышоў, літоўцаў, немцаў, італьянцаў, грэкаў, нават іранцаў і індыйцаў. Гэта значыць, што недзе ў мінулым продкі гэтых (і шматлікіх іншых) народаў жылі разам, на агульнай тэрыторыі. А вось нашы еўрапейскія суседзі - фіны, эстонцы, венгры - маюць таксама агульныя, але зусім іншыя карані, якія аб'ядноўваюць іх з мардвой, удмуртамі, хантамі, а ў больш аддаленым радстве - нават з нганасанамі Таймырскага паўвострава.

Навукоўцы аб'ядноўваюць мовы ў групы і сем'і, якія адлюстроўваюць адзінства паходжання. Славянская група разам з балцкай (латышы і літоўцы), германскай, раманскай, індаіранскай і шэрагам іншых утвараюць так званую індаеўрапейскую сям'ю. Фіна-угорская група (эстонцы, венгры, удмурты і г. д.) адносіцца да ўральскай сям'і, цюркская (татары, казахі, туркмены і г. д.) - да алтайскай. Есць і народы, якія стаяць паасобку, бо для іх не ўдалося адшукаць родзічаў. Такімі з'яўляюцца, напрыклад, баскі - жыхары Паўночнай Іспаніі.

Лінгвісты прасачылі, як кожнае з гэтых моўных адзінстваў паступова распадалася, як асобныя іх часткі ўступалі ў кантакты з іншымі мовамі і запазычвалі з іх словы. З'яўляліся і новаўтварэнні, розныя ў кожным з арэалаў былой супольнасці. Носьбіты моў мянялі месцы жыхарства, але пакідалі пасля сябе сляды ў выглядзе геаграфічных назваў (тапонімаў), сярод якіх асаблівай трываласцю вызначаюцца назвы рэк і азёр (гідронімы).

Напрыклад, назвы рэк Дон, Дняпро (старая форма - Донапар), Днестр (Донастрыс), Дунай (Донаў, Данубі) узніклі, хутчэй за ўсё, у часы, калі іх берагі насялялі народы індаіранскай моўнай групы (слова "дон" на гэтых мовах значыць "рака"). Іншыя народы звалі іх інакш - адпаведна Танаіс, Барысфен, Тырас, Істр. Славяне ж запазычылі менавіта іранскія формы. Аднак у назве доплыва Дняпра Бярэзіны, якую раней лічылі яго вытокам, многія даследчыкі бачаць аславяненую форму старажытнай назвы Барысфена.

Навукоўцы даўно звярнулі ўвагу на тое, што на тэрыторыі Беларусі вельмі многія гідронімы гучаць загадкава для мясцовага насельніцтва: Зэльва, Іпуць, Сож, Ясельда, - гэты пералік можна працягваць доўга. Гэта значыць, што славяне не былі першымі насельнікамі азначанай тэрыторыі. Назвы рэк і азёр яны запазычылі ў сваіх папярэднікаў, на мовах якіх яны мелі больш празрысты сэнс.

Хто ж былі гэтыя папярэднкі славян на беларускай зямлі? Мовазнаўцы пачалі параўноўваць беларускія гідронімы са словамі іншых моў. Адразу ж кінулася ў вочы, што вельмі часта яны знаходзяць адпаведнасць у балцкіх і фіна-угорскіх мовах. Назвы Іпуць, Упа перагукаюцца з латышскім словам "упа" (рака), Опса адпавядае балцкаму слову са значэннем "узбярэжжа", Свіда - таксама балцкаму "блішчэць", Нёман - фінскаму "нээм", "немі' (мыс ці поплаў ля ракі), Сож, Шоша - угорскім словам са значэннем "лясны ці балотны ручай". Канчатак (фармант) -та ў назвах многіх азёр (Усвята, Цёста, Дрывята і іншыя) на фіна-угорскіх мовах якраз і значыць "возера", фарманты -ва, -да (Зэльва, Ясельда) маюць адпаведнасці і ў балцкіх, і ў фінскіх мовах.

Аднак такіх поўных супадзенняў з сэнсам іншых моў у агульнай колькасці беларускіх гідронімаў параўнальна нямнога. Яны могуць быць і выпадковымі, як, напрыклад, іспанская назва ракі Каларада ("каляровая"), што амаль дакладна суадносіцца з адпаведным беларускім словам. Але для іспанскай мовы аснова "колар" арганічная, успрынятая з продкавай лацінскай мовы, у беларускай жа яна з'яўляецца запазычаннем, бо трапіла ў яе з той жа латыні праз нямецкае і польскае пасрэдніцтва.

Праўда, лінгвісты прыводзяць значна больш гідронімаў, якія могуць быць растлумачаны з дапамогай балцкіх моў. У кнізе У.Топарава і А.Трубачова "Лінгвістычны аналіз гідронімаў Верхняга Падняпроўя", што выйшла ў Маскве ў 1962 годзе, прыводзяцца літаральна сотні такіх тлумачэнняў. Гэтыя тлумачэнні ляглі ў падмурак тэорыі аб тым, што папярэднікамі славян на ўсёй Беларусі былі балты. Нават этнагенез беларусаў многія, услед за маскоўскім археолагам В.Сядовым, тлумачаць балцкай падасновай (субстратам), якая і выклікала адасабленне беларусаў ад астатняга славянства.

Сапраўды, на першы погляд, такія высновы гучаць пераканаўча. Гідронім Обаль можна параўнаць з балцкім обаліс ("яблыка"), Рэста - рэксціс ("арэх"), Клева - клевас ("явар"), Гаўя - гаўя ("статак, натоўп") і г. д. Але задумаемся: чаму старажытным балтам уздумалася называць раку яблыняй? Ці не нагадвае гэта такое ж перайначванне незразумелай назвы, як у выпадку з Барысфенам - Бярэзінай? А значыць, казаць можна толькі пра балцкае пасрэдніцтва ва ўспрыйяцці гэтых назваў славянамі, але не пра балцкае іх паходжанне.

Дарэчы, можна падабраць шмат падобных тлумачэнняу і з фіна-угорскіх моў, як гэта нядаўна зрабіў І.Ласкоў з дапамогай комі-пярмяцкага слоўніка: Зэльва - дзель ("ягня"), Вілія - віль ("новы") і г.д. Тым больш, што такія, ці вельмі блізкія, назвы і сапраўды маюцца ў арэале рассялення комі-пермякоў.

На нашу думку, бесперспектыўнай з'яўляецца спроба цалкам растлумачыць беларускія гідронімы на падставе параўнання са словамі сучасных моўных груп. Пры гэтым ігнаруецца той факт, што да нашых дзён дайшла параўнальна невялікая колькасць моў і нават моўных груп, якія існавалі ў мінулым.

У рэгіёнах, дзе пісьменнасць вядома на працягу некалькіх тысячагоддзяў, за гэты час зафіксавана поўнае знікненне мноства этнасаў. На Пірынейскім паўвостраве зніклі старажытныя іберы, у Італіі - лігуры і этрускі, у Падунаўі і на Балканах - цэлы шэраг ілірыйскіх і фракійскіх народаў, у Грэцыі - пеласгі, у Малай Азіі - хеты, фрыгійцы і іншыя народы. Амаль нічога не засталося ад шматлюднай кельцкай моўнай групы - толькі рэшткі ў выглядзе шатландцаў, валійцаў і ірландцаў (заўважым, што яны ў свой час гэтак жа выцеснілі старажытных насельнікаў Брытаніі - піктаў). Рэліктам некалі пашыранага этнасу з'яўляюцца і вышэйзгаданыя баскі. У Прычарнамор'і паслядоўна змяняліся скіфы, сарматы, цюркі, а зараз і ад апошніх засталіся толькі ізаляваныя групы гагаўзаў і крымскіх татар.

Чаму ж мы павінны лічыць, што на абшарах Беларусі справа ішла інакшым чынам? Наадварот, матэматычныя заканамернасці тэорыі верагоднасці сведчаць, што на працягу некалькіх тысячагоддзяў проста немагчыма захаванне таго этнічнага раскладу, які існаваў першапачаткова. Адны народы непазбежна разрастаюцца і даюць пачатак цэлым групам роднасных этнасаў, другія скарачаюць сваю колькасць і ўвогуле знікаюць. Гэтак жа вагаецца колькасць папуляцый усіх жывых істот, бо гэта - закон прыроды.

Агульнавядома, што балты і славяне належаць да індаеўрапейскай моўнай сямі. Значыць, першапачаткова іх слоўнік быў амаль аднолькавым. Зададзім сабе пытанне: за кошт чаго сённяшнія балцкія мовы так адрозніваюцца ад славянскіх? Відавочна, што ў значнай ступені - за кошт запазычання слоў ад іншых народаў, якія шчыльна кантактавалі з балтамі і не сутыкаліся са славянамі, і наадварот. Так, сёння многія словы, якія адрозніваюць беларускую мову ад рускай, запазычаны беларусамі з Польшчы. У гэтым можа пераканацца кожны, разгарнуўшы адначасова руска-беларускі і руска-польскі слоўнікі.

Добра, калі крыніца запазычанняў захавалася і да яе можна звярнуцца за даведкамі. А што, калі мова, з якой балты ўспрынялі свае сучасныя моўныя асаблівасці, беззваротна знікла? Такі загадкавы "народ-ікс" можна вылічыць толькі па ўскосных эвестках. Адной з іх, як нам здаецца, з'яўляецца падабенства беларускай гідраніміі адначасова на балцкую і фіна-угорскую. Што, калі ў мінулым існаваў этнас ці група этнасаў, якія жылі прамеж продкамі балтаў з аднаго боку і фіна-уграў - з другога? Працяглыя кантакты паміж імі спрыялі ўзаемным запазычанням як у лексіцы, так і ў фанетыцы. Славяне ж, напэўна, уступілі ў кантакт з "народам-ікс" значна пазней, таму яго гідранімія гучыць для іх больш дзіўна, чым для латышоў і фінаў.

Для праверкі гэтай гіпотэзы трэба спалучыць лінгвістычныя факты з данымі археалогіі. Адразу адзначым, што мы не будзм засяроджваць увагу на вельмі цікавым пытанні аб прарадзіме славян. Прымем толькі за аксіёму, што яны прыйшлі на тэрыторыю Беларусі аднекуль звонку, прычым прыйшлі параўнальна позна. Пацвярджаюць такую думку меркаванні лінгвістаў аб тым, што ў праславянскай мове ёсць запазычанні з прабалцкай, прагерманскай, пракельцкай і, напэўна, праілірыйскай моў. Недзе ў атачэнні гэтых народаў (у Цэнтральнай Еўропе?) і жылі спярша продкі славян.

Мы ж зоймемся больш даталёва тэрыторыяй Беларусі і навакольнымі абшарамі. Якія археалагічныя доказы існавання "народа-ікс" можна тут знайсці? Якім часам датаваць яго знаходжанне на азначанай тэрыторыі?

Нам не варта заглыбляцца ў эпоху неаліту, якая цягнулася да IV тысячагоддзя да Нараджання Хрыстова ўключна. У той час Беларусь засялялі плямёны паляўнічых і рыбаловаў, якія не ведалі яшчэ ні земляробства, ні жывёлагадоўлі. Лад іх жыцця нагадваў жыццё некаторых сучасных народаў Далёкага Усходу (ніўхаў, нанайцаў, айнаў), таксама незнаёмых з вытворчай гаспадаркай. Гэтае рэдкае насельніцтва ў далейшым, відаць, цалкам знікла і мала што перадало сваім наступцам.

А вось пачатак бронзавага веку (паводле сучасных датаванняў - каля 5 тысяч гадоў назад) заслугоўвае ўвагі. У той час на Беларусь прыйшло іншае насельніцтва, якое ўжо добра ведала жывёлагадоўлю (у тым ліку - каняводства) і земляробства, а таксама апрацоўку бронзавых вырабаў, хаця асноўныя прылады па-ранейшаму рабіліся з каменю. Па ўмовах жыцця гэтыя людэі найлепш адпавядалі ваяўнічым індзейцам амерыканскіх лясоў і прэрый. Іх характэрнымі прыладамі былі каменныя баявыя сякеры, вельмі падобныя на індзейскія тамагаўкі, і гліняныя гаршкі, аздобленыя адбіткам шнура. Таму іх культуры археолагі назвалі культурамі баявых сякер і шнуравой керамікі.

Гзты народ (будзем далей умоўна называць яго прадстаўнікоў шнуравікамі) прыйшоў аднакуль з поўдня і паўднёвага захаду, дзе земляробча-жывёлагадоўчая гаспадарка была вядома ўжо на два тысячагоддзі раней. У прыватнасці, на Беларусь першымі прыйшлі прадстаўнікі сярэднедняпроўскай культуры з тэрыторыі Украіны.

Рассяленне гэтых плямён было выклікана, напэўна, кліматычнымі зменамі, у выніку якіх зона сённяшніх змешаных лясоў пачала нагадваць лесастэп. На працягу прыкладна тысячы гадоў шнуравікі выцеснілі, ці асімілявалі неалітычныя плямёны на вялізных абшарах Рускай раўніны, засялілі Польшчу і Прыбалтыку, дасягнулі Волга-Окскага міжрэчча. Вельмі падобныя працэсы ахапілі ў той жа час Чэхію, Германію і Скандынавію.

Многія археолагі менавіта з рассяленнем шнуравікоў звязваюць распад індаеўрапайскага моўнага адзінства, яго падзел на асобныя групы. У шнуравіках Рускай раўніны, у прыватнасці, бачаць старажытных прабалтаў і праславян. Аднак ёсць аргументы і супраць гэтай думкі. Факты сведчаць, што практычна ва ўсім арэале культур баявых сякер пазней адбываліся новыя міграцыі, а гэта значыць, што ніводная з гэтых культур не звязана непарыўным ланцужком пераемнасці з бясспрэчнымі індаеўрапейцамі. Хутчай, яны належалі да нейкай іншай моўнай сям'і. Вось вам і цэлае сузор'е "народаў-ікс"!

Што ж да індаеўрапейцаў, то яны, хутчэй за ўсё, пачалі шырока рассяляцца па Еўропе крыху пазней, 4,5-4 тысячы гадоў назад, і рассяленне іх спярша закранула больш паўднёвыя раёны - Прычарнамор'е і парэчча Дуная.

Між тым, выбух рассялення шнуравікоў каля 4 тысяч гадоў назад ужо ў асноўным скончыўся. Яны падзяліліся на шэраг асобных, хаця і роднасных паміж сабой культур, супакоіліся і трывала аселі на месцы. На Беларусі ўтварыліся паўночнабеларуская, сосніцкая, тшцінецкая культуры. Апошняя мела працяг на тэрыторыі Польшы. Яны належалі асобным этнічным групам шнуравікоў.

Лясная зона, відаць, не вельмі адпавядала гаспадарчаму ўкладу, якога прытрымліваліся гэтыя плямёны. Да таго ж яны апынуліся ў пэўнай ізаляцыі ад сусветных культурных цэнтраў, дзе ў той час квітнелі цывілізацыі Егіпта і Міжрэчча. Таму жыццё іх пачало страчваць каларыт папярэдняй фазы, набываць застойны характар.

Тым часам прыкладна ў інтэрвале 4-3,5 тысяч гадоў назад з-за Урала на поўнач Рускай раўніны пачало актыўна пранікаць новае насельніцтва - носьбіты культуры турбінска-сеймінскіх бронзаў. Якраз гэты момант найлепш адпавядае з'яўленню ў Еўропе фіна-угорскіх народаў. Лепш адаптаваныя да лясной зоны, яны паступова пацяснілі шнуравікоў з вадазбору Волгі і дасягнулі ўсходніх берагоў Балтыкі. У гэты самы час аднекуль з Германіі і заходняй Польшчы ў арэал прыбалтыйскіх шнуравікоў прыйшла іншая этнічная група, якая ўтварыла на тэрыторыі Калінінградскай вобласці культуру заходнебалцкіх курганоў. Вось з гэтай групай можна ўжо даволі ўпэўнена звязваць старажытных балтаў.

Каля 3 тысяч гадоў назад мясцовыя ўмовы сталі канчаткова неспрыяльнымі для ўладальнікаў баявых сякер. Іх культуры прыходзяць у глыбокі заняпад, помнікі становяцца вельмі рэдкімі. Адаптацыі да новых абставін яны дасягнулі прыкладна да VIII - VІІ стагоддзяў да Н.Х., з пачаткам жалезнага веку. У выніку істотнай культурна-гаспадарчай трансфармацыі ўтварыўся комплакс блізкароднасных культур: днепра-дзвінская, мілаградская, юхнаўская. Да гэтага ж кола трэба далучыць і помнікі цэнтральнай Беларусі, якія адносяцца да культуры штрыхаванай керамікі.

Гэтая культурная супольнасць на поўначы і паўночным усходзе межавала з фінскамоўнымі носьбітамі дзякоўскай культуры, а на паўночным захадзе - з балтамі, якія ў той час засялялі захад Літвы і Калінінградчыну. Вось вам і сітуацыя, пра якую ўскосна сведчаць лінгвістычныя даныя: "народ-ікс" (дакладней - сукупнасць блізкароднасных народаў) паміж бясспрэчнымі балтамі і фінамі. Якраз у гэты час арэал нашчадкаў шнуравікоў супадае з арэалам той самай "балцкай" гідраніміі, якая адначасова нагадвае фінскую. Прытым і балты, і фіны-дзякоўцы наслаіліся на тапанімічны пласт, пакінуты шнуравікамі бронзавага веку, так што падабенства нікога не павінна здзіўляць.

Культуры жалезнага веку былі сучаснікамі Старажытнай Элады, у прыватнасці - гісторыка Герадота. Дзякуючы яму мы ведаем назвы народаў, што былі паўночнымі суседзямі скіфаў: неўры, барысфеніты, андрафагі, будзіны. Пра іх атаясамліванне з культурамі "пасляшнуравіковага" арэала можна даведацца з работ Сяргея Рассадзіна. Са свайго боку адзначым, што можна пагадзіцца з неўрскай і барысфеніцкай прыналежнасцю мілаградскай культуры і з месцазнаходжаннем андрафагаў у цэнтральнай Беларусі. Аднак днепра-дзвінскую культуру можна таксама лічыць андрафагскай. Слова гэта - грачаскае. Як называлі самі сяба тагачасныя жыхары цэнтральнай і паўночнай Беларусі, можна толькі гадаць.

Такая карціна захоўвалася без істотных змен да мяжы ІІІ-ІІ стагоддзяў да Н.Х. Потым распачаліся новыя этнічныя рухі. З захаду польскага Памор'я ў вадазбор Прыпяці прыйшоў іншы народ, хутчэй за ўсё - германскі. Гэта быў штуршок да складання новай, зарубінецкай культуры, якая была поліэтнічнай. Апрача германцаў, яна ўключала ў сябе нашчадкаў усходнепаморскай культуры і нейкі элемент з Цэнтральнай Еўропы, з Сярэдняга Дуная. Верагодна, тады на Прыпяці, у Паднястроўі і Сярэднім Падняпроўі склаўся пляменны саюз, на чале якога стаяла добра вядомае антычным аўтарам племя бастарнаў. Іншы (цэнтральнаеўрапейскі ці ўсходнепаморскі) кампанент у складзе гэтага саюза, напэўна, насіў імя венетаў. На нашу думку, гэта якраз той момант, які найлепш адпавядае з'яўленню на Беларусі непасрэдных продкаў славян.

Спярша праславяне-венеты былі падначаленым элементам бастарнскага саюза, як бы хаваліся ў яго цені. Але ў І стагоддзі ад Н.Х. бастарны пацярпелі жорсткае паражэнне ад сарматаў. 3 гэтага моманту зарубінецкая культура распадаецца на шэраг асобных варыянтаў, яе носьбіты пачынаюць актыўна пранікаць на тэрыторыі суседніх юхнаўскай і днепра-дзвінскай культур. Якраз тады рымскі гісторык Тацыт упершыню паведамляе пра шматлюдны народ венетаў, які пануе на абшарах паміж пеўкінамі (прыкарпацкім народам, які раней таксама ўваходзіў у бастарнскі саюз) і фенамі (фінамі, носьбітамі дзякоўскай і роднасных ёй культур). На працягу канца І і ІІ стагоддзяў ад Н.Х. у зарубінецкім, днепра-дзвінскім і юхнаўскім арэалах адбылася глыбокая трансфармацыя. Утвараецца новы пляменны саюз, увасабленнем якога стала кіеўская культура. Першую ролю ў ім яўна адыгрывалі венеты, якія паглынулі рэшткі бастарнаў, юхнаўцаў-будзінаў і, магчыма, асобныя групы штрыхавікоў. Але асноўны масіў культуры штрыхаванай керамікі захаваўся і па-ранейшаму ахопліваў цэнтр, паўночны захад Беларусі і ўсход Літвы.

Не зусім зразумела, чым скончылася ўзаемадзеянне венетаў з носьбітамі днепра-дзвінскай культуры. Вынікам яго стала ўтварэнне так званай сярэднетушамлянскай культуры, падобнай адначасова і на кіеўскую, і на папярэднюю днепра-дзвінскую. Большасць даследчыкаў усё ж лічыць, што ў Падзвінні і на Смаленшчыне мясцовы кампанент перамог, і прышлыя венеты растварыліся ў масіве днепрадзвінцаў.

Новы расклад праіснаваў нядоўга. Наступны штуршок быў выкліканы падзеямі на Украіне, дзе каля 375 г. ад Н.Х. шматэтнічная протадзяржава готаў была разгромлена гунамі. Частка готаў увайшла ў гунскі саюз, і якраз з гэтым момантам гоцкі гісторык Іардан звязвае першае ўжыванне новага імені венетаў - анты. Менавіта з анцкім "каралём" Бозам ваяваў тады гоцкі конунг Вінітарый. Той жа Іардан адзначае, што ў яго час (сярэдзіна VI стагоддзя) венеты былі вядомы пад імёнамі антаў і склавенаў (славян).

Пасля перасялення готаў і гунаў у парэчча Дуная (V стагоддзе) украінскія лесастэпы засталіся амаль незаселенымі, і менавіта славяне выкарысталі гэта для імклівага рассялення. У той час складваецца пражска-карчацкая культура, славянская прыналежнасць якой не выклікае сумнення. Яна распаўсюдзілася да Чорнага мора і Дуная, а паўночны ўскраек яе ахопліваў вадазбор Прыпяці.

Масавы адліў славян на поўдзень выклікаў актывізацыю балтаў. Яны ўступаюць у актыўны кантакт з тымі нашчадкамі венетаў, якія засталіся ў старым арэале кіеўскай культуры, а таксама з сярэднетушамлянцамі. Вынікам гэтата кантакту стала фарміраванне да VI стагоддзя на большасці беларускай тэрыторыі вельмі падобных між сабой культур: банцараўскай, верхнетушамлянскай і калочынскай. Адначасова на захадзе былога арэала штрыхавікоў, ва ўсходняй Літве, утвараецца культура ўсходнелітоўскіх курганоў, якая належала продкам сучасных літоўцаў.

Банцараўская і роднасныя ёй культуры былі, напэўна, шматэтнічнымі. Без венетаў-славян там яўна не абышлося, але галоўная роля належала прышлым з захаду балтам, расселеным уперамешку з нашчадкамі андрафагаў. Якраз тады балты і маглі ўспрыняць андрафагскую тапаніміку, перайначыўшы яе на свой лад у "яблыні" і "арэхі". Для рэшткаў таямнічага "народа-ікс" гэта быў апошні акт іх гістарычнай драмы. Наўрад ці ад іх нешта засталося да таго часу, калі ў VIII-IX стагоддзях новая хваля славянскіх мігрантаў з поўдня прынесла з сабой звычай насыпаць характэрныя паўсферычныя курганы і прывяла да поўнай славянізацыі амаль усёй Беларусі. Геаграфічныя назвы, прыдуманыя некалі шнуравікамі, славяне ўспрымалі ўжо не непасрэдна ад іх нашчадкаў, а ад сваіх сучаснікаў-балтаў.

Такім чынам, выказанае намі меркаванне аб існаванні "народа-ікс", асобнага ад славян, балтаў і фіна-уграў, не супярэчыць прыведзвным вышэй лінгвістычным і археалагічным фактам. На працягу 3,5-4 тысячагоддзяў нават не адзін народ, а некалькі роднасных этнічных груп насялялі Беларусь. Яны зніклі, растварыліся сярод пазнейшых прышэльцаў. Ніколі не загучаць іх забытыя мовы.

Але не бясследна зніклі гэтыя загадкавыя народы. Іх гены і сёння ў значнай ступені вызначаюць фізічнае аблічча беларусаў, іх назвы рэк і азёр гучаць зараз у балцкай і славянскай перапрацоўцы. Яшчэ зусім нядаўна беларускія сяляне надавалі выпадкова знойдзеным баявым сякерам шнуравікоў ролю магічных амулетаў, называлі іх "перуновымі стрэламі". I хто ведае, колькі рысаў духоўнай культуры, казак і паданняў запазычылі беларусы ў сваіх далёкіх папярэднікаў, успрынялі ў якасці свовасаблівай эстафеты.

Культурныя арэалы ранняга жалезнага веку.

Культурныя арэалы ранняга жалезнага веку.
1 - культуры фіна-угорскіх народаў (дзякоўская і інш.)
2 - культуры балтаў (заходнебалцкія курганы штрыхаваная кераміка)
3 - скіфскія культуры
4 - культуры фракійцаў (гетаў)

Лічбамі пазначаны культуры, этнічная прыналежнасць якіх дыскусійная:
1 - днепра-дзвінская
2 - тыпу ніжняга слоя Лабеншчыны
3 - юхнаўская і верняокская
4 - мілаградская
5 - лужыцкая і ўсходнепаморская