Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кіраўскага р-на (1997)

Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Кіраўскага р-на. – Мн., 1997. С. 19 – 26

У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Вельмі працяглы перыяд беларускай гісторыі звязаны з існаваннем Вялікага княства Літоўскага - поліэтнічнай дзяржавы, якая ўтварылася на працягу другой паловы XIII-XIV ст. на землях балтаў (жамойтаў і аўкштайтаў) і значнай частцы тэрыторыі былой Кіеўскай Русі. На чале гэтай дзяржавы стаяла дынастыя літоўскага (аўкштайцкага) паходжання, якая аб'яднала цэлы шэраг балцкіх і старажытнарускіх княстваў у адзінае палітычнае ўтварэнне, накіраванае спярша супраць агрэсіі нямецкіх крыжаносцаў з захаду і татар з усходу.

Няма дакладных звестак пра тое, якія княствы змяшчаліся на тэрыторыі Кіраўшчыны напярэдадні яе ўваходу ў Вялікае княства Літоўскае. Слядоў існавання старажытнарускіх гарадоў на гэтай тэрыторыі не знойдзена, а бліжэйшымі палітычнымі цэнтрамі з'яўляліся Рагачоў на Дняпры і Свіслач пры ўпадзенні аднайменнай ракі ў Бярэзіну. Магчыма, ужо існаваў і Бабруйск, але ў летапісах ён не ўпамінаецца і самастойнай ролі ў той час не адыгрываў.

Ускосныя звесткі сведчаць, што міжрэчча ніжняй Бярэзіны і Друці ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага ў друтой палове 1340-х ці пачатку 1350-х гадоў. У 1345 г. да вярхоўнай улады ў дзяржаве прыйшоў князь Альгерд Гедымінавіч. Ён сагнаў з вялікакняжацкага пасада свайго брата Яўнута, у барацьбе з якім апіраўся на падтрымку Кейстута, і фактычна зрабіў апошняга сваім суправіцелем. Альгерд і Кейстут падзялілі паміж сабой тую частку дзяржавы, што падпарадкоўвалася непасрэдна вялікакняжацкай уладзе (былі яшчэ ўдзелы іншых Гедымінавічаў і некаторых мясцовых князёў). Альгерд зрабіў цэнтрам сваіх уладанняў горад Вільна (сучасны Вільнюс), а Кейстуту аддаў Трокі (Тракай). Адначасова браты дамовіліся, што ўсе нованабытыя ўладанні будуць таксама дзяліць напалам.

Гэтая ўмова дзейнічала недзе да другой паловы 1350-х гадоў. У далейшым Кейстут, уцягнуты ў барацьбу з крыжаносцамі і палякамі, відаць, не настойваў на яе выкананні. Таму набытыя пазней Мсціслаўскае, Бранскае, Чарнігаўскае і Кіеўскае княствы Альгерд ужо не дзяліў з братам, а аддаў у якасці ўдзелаў сваім сынам.

Што ж датычыць Бабруйскай воласці, якая пачынае ўпамінацца ў канцы XIV ст. і якая ахоплівала, як мы ўбачым пазней, большую частку сённяшняга Кіраўскага раёна, то яна якраз і была падзелена паміж Віленскім і Троцкім княствамі (назней - ваяводствамі). Гэта сведчыць аб тым, што яна была ўключана ў Вялікае княства Літоўскае пасля 1345 г. (інакш увайшла б у адно з вышэйназваных княстваў), але да таго, як умова Альгерда з Кейстутам перастала выконвацца.

3 населеных пунктаў непасрэдна на тэрыторыі Кіраўскага раёна раней за ўсіх пачынае упамінацца ў крыніцах Добасна (назва якой тады ўжывалася ў форме "Дубосна"). Гэта было паселішча, вылучанае са складу ці то Бабруйскай, ці то Рагачоўскай воласці і недзе ў першай трэці XV ст. пажалаванае вялікім князем Вітаўтам Кейстутавічам аднаму з друцкіх князёў - Дзмітрыю Сяменавічу Сякіры, які ад свайго маёнтка Зубрэвічы (паміж Друцкам і Оршай) называўся князем Зубрэвіцкім.

Дзмітрый Сякіра хаця і належаў не да Гедымінавічаў, а да мясцовага княжацкага роду, захаваўшагася са старажытнарускіх часоў, быў даволі ўплывовай асобай у дзяржаве на канцы панавання Вітаўта і пры пераемніку апошняга Свідрыгайлу Альгердавічу, які быў вялікім князем у 1430-32 гг. Апрача свайго родавага ўдзелу ў Друцку і Зубрэвічах, князь Дзмітрый атрымаў ад вялікіх князёў Вітаўта і Свідрыгайлы, а таксама ад польскага караля Ягайлы Алыердавіча вялікую Асцёрскую воласць паміж Кіевам і Чарнігавам, маёнтак Быхаў з землямі паміж Дняпром і Друццю, шэраг паселішчаў у Гарадзенскім павеце і інш. Праз шлюб ён валодаў таксама маёнткамі на Падоллі, у басейне Днястра.

У лік гэтых набыццяў Дзмітрыя Сякіры уваходзіла і Добасна. Разам з іншымі яго маёнткамі яна ўпамінаецца ў грамаце, у якой гэты князь запісвае права на свае ўладанні жонцы, княгіні Соф'і. На жаль, дакумент датаваны не годам ад нараджэння Хрыстова ці ад "сатварэння свету", а 7-м індыктам (годам 15 гадовага цыклічнага календара, які быў вельмі распаўсюджаны ў XV ст.). У часы жыцця князя Дзмітрыя гэты індыкт прынадаў на 1429, 1444 і 1459 гады. Пазней гэты запіс быў пацверджаны ў 1470 г. вялікім князем Казімірам.

Пры жыцці Дзмітрыя Сякіры Кіраўшчына была закранута ваеннымі дзеяннямі паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Свідрыгайла, які ў ноч на 1 верасня 1432 г. быў звергнуты з пасада прыхільнікамі Жыгімонта, захаваў уладу над усходнімі землямі Вялікага княства. 15 кастрычніка 1432 г. ён падпарадкаваў сабе Бабруйскі замак, што азначала пераход пад яго ўладу і ўсёй навакольнай воласці. Дзмітрый Сякіра, уладальнік суседняй Добасны, таксама стаў на бок Свідрыгайлы. Такім чынам, уся Кіраўшчына заставалася пад кантролем апошняга да яго паражэння летам 1436 г. у бітве пад Вількамірам (у Літве). Пазней тут была адноўлена ўлада вялікіх князёў літоўскіх - Жыгімонта, а з 1440 г. - Казіміра Ягайлавіча.

Дзмітрый Сякіра не пакінуў пасля сябе сыноў. Яго спадкаемніцамі сталі жонка і адзіная дачка Марына, якія разам упамінаюцца значна пазней, у 1486 г. У гэты час Марына была жонкай князя Сямёна Трабскага з роду князёў Гальшанскіх, а магчыма, ужо і яго ўдавой. Марына перажыла не толькі мужа, але і адзіную дачку, якая была замужам за буйнейшым літоўскім магнатам, троцкім ваяводам Марцінам Гаштаўтам. Сабраўшы ў сваіх руках спадчыну бацькі і мужа, княгіня Марына зрабілася адной з багацейшых асоб у Вялікім княстве Літоўскім. Яна не выходзіла замуж і ў якасці ўдавы працягвала валодаць сваімі вялізнымі ўладаннямі да канца жыцця.

Незадоўга да смерці, у верасні 1490 г., княгіня Марына Трабская, дачка князя Дзмітрыя Зубрэвіцкага і ўдава Сямёна Гальшанскага-Трабскага, напісала завяшчанне, паводле якога ўсе свае маёнткі запісвала адзінаму ўнуку - сыну Марціна Гаштаўта Альбрэхту. У жніўні 1496 г., калі яе ўжо не было ў жывых, Альбрэхт Гаштаўт атрымаў ад вялікага князя Аляксандра пацверджанне гэтага завяшчання, пасля чаго мог уступіць у валоданне спадчынай сваёй бабкі. Сярод спадчынных маёнткаў упамінаецца і Дубасна, якая названа ў дакуменце "дваром" (умацаванай феадальнай сялібай сельскага тыпу).

Новы ўладальнік Дубасны таксама быў вельмі значнай асобай. Вялізныя ўладанні, атрыманыя ад бацькі і бабкі, ён яшчэ больш павялічыў праз шлюб з князёўнай Соф'яй Вярэйскай, адзінай спадкаемніцай свайго бацькі. Пасля гэтага Альбрэхт Гаштаўт зрабіўся самым багатым землеўладальнікам у Вялікім княстве - колькасць яго падданых была блізкая да 7,5 тыс. сем'яў, каля 50 тыс. душ. Адпаведна свайму багаццю ён займаў і вышэйшыя службовыя пасады ў дзяржаве - быў віленскім ваяводам і адначасова канцлерам.

Пра падзеі гэтага часу, звязаныя з тэрыторыяй Кіраўшчыны, амаль нічога не вядома. Напэўна, праз яе рухаліся ў 1508 г. рускія войскі, пасланыя на дапамогу мяцежнаму князю Міхаілу Глінскаму. Летапісы паведамляюць, што Глінскі, які ішоў з Мазыра, сустрэўся з рускімі каля Бабруйска, затым абодва войскі сумесна рушылі на Менск. Мяцеж Глінскага, аднак, не быў падтрыманы большасцю беларускай шляхты.

Альбрэхт Гаштаўт памёр у 1539 г. Пасля яго застаўся адзіны сын Станіслаў, які перажыў бацьку ўсяго на тры гады і памёр у 1542 г. прыкладна ў 35-гадовым узросце. На гэтым скончыўся славуты род Гаштаўтаў, вядомы з канца XIV ст. Яго неабсяжныя ўладанні як вымарачная маёмасць адыйшлі да вялікага князя Жыгімонта.

Дарэчы, маладая ўдава Станіслава Гаштаўта была той самай красуняй Барбарай Радзівіл, якая пазней стала спярша каханкай, а затым і жонкай новага вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Аднак да маёнткаў першага мужа яна ўжо не мела дачынення, бо яны зрабіліся дзяржаўнай уласнасцю.

Добасна не доўга заставалася ў распараджэнні вялікага князя. Хутка яна нанова была пажалавана аднаму з трох братоў Хадкевічаў, што ў пачатку другой паловы XVI ст. высунуліся на ролю другога па значэнню (пасля славутых Радзівілаў) магнацкага рода ў Вялікім княстве. Братоў звалі Еранім, Грыгорый і Юрый Аляксандравічы. З іх Грыгорый, які быў спярша троцкім, затым віленскім кашталянам (другая пасля ваяводы пасада) і адначасова найвышшым гетманам (галоўнакамандуючым), атрымаў у якасці выслугі маёнтак Добасна. Яго ўладальнікам ён выступае ў 1568 г. і застаецца ім да сваёй смерці ў 1572 г.

У Грыгорыя Хадкевіча ад шлюбу з князёўнай Кацярынай Іванаўнай Вішнявецкай засталося пяцёра дзяцей: сыны Андрэй, Аляксандр і дочкі Ганна, Соф'я і Аляксандра. Аднак абодва сыны памерлі хутка ўслед за бацькам: Андрэй - у 1575 г., Аляксандр - у 1578 г., не пакінуўшы нашчадкаў. Спадчына адыйшла да іх сясцёр, з якіх Аляксандра, жонка князя Рамана Фёдаравіча Сангушкі, таксама хутка памерла, а Ганна пасля смерці ў 1580 г. першага мужа, Паўла Іванавіча Сапегі, у 1585 г. аднавіла шлюб з Паўлам Мікалаевічам Пацам. Трэцяя сястра, жонка Філона Кміты, памерла без нашчадкаў, і ў 1587 г. адбыўся падзел спадчыны паміж Ганнай і яе пляменнікамі, дзецьмі Аляксандры і князя Р. Ф. Сангушкі. Па ўмовах гэтага падзелу двор і мястэчка Добасна з навакольнай воласцю адыйшлі да Ганны, жонкі П. М. Паца.

У гэтым дакуменце Добасна ўпершыню названа мястэчкам. Так называліся паселішчы, жыхарам якіх спецыяльным вялікакняжацкім прывілеем дазвалялася займацца не толькі сельскай гаспадаркай, але і гандлёва рамесніцкай дзейнасцю. Верагодна, статус мястэчка Добасна атрымала яшчэ пры Грыгорыі Хадкевічу.

Маёнтак Добасна займаў толькі невялікую частку Кіраўскага раёна. Гісторыя іншых мясцін у XV - XVI ст. прасочваецца не так дакладна, бо яны належалі да дзяржаўнай і царкоўнай уласнасці і не так часта траплялі на старонкі дакументаў, як маёнткі магнатаў. Паўночны ўсход Кіраўшчыны, што прымыкае да ракі Друць, увогуле не ўпамінаецца ў крыніцах. Вядома толькі, што там ужо ў XVI ст. існавала сяло Чыгірынка. Шматтомнае выданне "Россия" пад рэдакцыяй В. П. Сямёнава без спасылкі на крыніцу паведамляе, што Чыгірынка тады адносілася да маёнтка Азяраны (у сучасным Рагачоўскім раёне, ніжэй па Друці), які належаў Кіева-Пячэрскаму манастыру. Не выключана, што разам з Азяранамі і суседнімі Хамічамі (у сучасным Быхаўскім раёне) Чыгірынка вылучалася ўсё з таго ж Быхаўска-Добасненскага маёнткавага комплексу, які належаў князю Зубрэвіцкаму і яго нашчадкам, а пасля Гаштаўтаў перайшоў да паноў Хадкевічаў. Пазней, у XVIII ст., Чыгірынка адносілася да Быхаўскага графства, якое пасля Хадкевічаў перайшло да Сапегаў. У 1720 г. Ежы Станіслаў Сапега падараваў Чыгірынскай царкве 2 валокі зямлі, а ў 1735 г. упамінаецца Чыгірынскі праваслаўны жаночы манастыр.

Што да цэнтральнай і заходняй частак Кіраўскага раёна, то яны ў разглядаемы час адносіліся да дзяржаўнай Бабруйскай воласці, з якой у якасці асобнага (хаця і таксама дзяржаунага) маёнтка вылучалася Любоніцкая воласць.

Заўважым, што з дакументаў XV - пачатку XVI ст. вядомы прыватны маёнтак Любонічы, які належаў пану Івану Рагацінскаму, а затым паводле завяшчання яго дачкі Фядоры, удавы князя Кобрынскага, адыйшоў да нашчадкаў яе сясцёр князёвен Прыхабскіх і князёў Вішнявецкіх. Аднак паселішчаў з такой ці падобнай (Любавічы) назвай на Беларусі некалькі, і малаверагодна, што гэтыя звесткі адносяцца да кіраўскіх Любоніч, якія пазней выступаюць як дзяржаўная ўласнасць.

Бабруйская воласць упамінаецца даволі часта, але першым дакументам, які дазваляе уявіць яе межы і унутраную структуру, з'яўляецца інвентар (гаспадарчае апісанне) за 1639 г., апублікаваны ў 25-м томе "Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі". Інвентар быў складзены з нагоды правядзення ў Бабруйскай воласці так званай валочнай памеры, якая заключалася ў размежаванні сялянскіх і мяшчанскіх надзелаў на роўныя ўчасткі - валокі, якія выступалі ў якасці адзінак падаткаабкладання. Перамер старых надзелаў на валокі расцягнуўся на 28 гадоў (ён пачаўся ў 1611 г. і толькі ў 1639 г. быў скончаны). Асабліва каштоўны інвентар тым, што ў ім пазначаецца колькасць у кожным паселішчы старых адзінак падаткаабкладання ("служб"), уведзеных у 1560 г. Такім чынам, дакумент адлюстроўвае не толькі тую сітуацыю, што склалася ў выніку валочнай памеры, але і тую, што ўзыходзіць да 1560 г.

Сярод населеных пунктаў Бабруйскай воласці інвентар упамінае і тыя, якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Кіраўшчыны (большасць з іх захавалася і сёння). Так, сяло Хамічы (у той час назва "вёска" не ўжывалася, нават невялікія населеныя пункты зваліся сёламі) пасля 1560 г. мела 5 сялянскіх служб. Пры валочнай памеры на землях гэтага сяла было намерана 30 валок (1 валока займала 21,36 га ворыўнай зямлі, да якой часта дадавалася каля 2 га пад сядзібы). Усяго ў сяле было 34 "дымы" (сялянскія гаспадаркі), якім было вылучана 16 валок (у асноўным па паўвалокі на гаспадарку, што адпавядала звычайным нормам таго часу). 14 валок засталіся пустымі, утвараючы рэзерв сельскагаспадарчых зямель.

Сяло Качэрычы мела да валочнай памеры 6 служб. У ім жылі 30 сем'яў, якія атрымалі 20 валок, пры гэтым яшчэ 26 валок засталіся пустымі. У сяле Мішкавічы (сучасныя Мышкавічы) раней было 4 службы, але на момант памеры яно амаль запусцела: там засталося ўсяго 2 "дымы", якія атрымалі 1 валоку зямлі. Астатнія 13 намераных у гэтым сяле валок засталіся без гаспадароў. Невялікае сяло Цейкавічы на захад ад р. Ала пасля 1560 г. мела ўсяго 1 службу, у выніку памеры там былі ўтвораны 10 валок, з якіх 6 засталіся пустымі, а 4 атрымалі 8 сялянскіх гаспадарак, што жылі ў гэтым сяле. Ля мяжы маёнтка Добасна, які ў 1639 г. належаў пану Адаму Шаблоўскаму, знаходзілася сяло Глыбкавічы, якое таксама мела другую назву Добасна. У ім было 2 службы, а пасля памеры 8 гаспадарак атрымалі 6 валок, 4 засталося ў рэзерве.

На самым поўдні Кіраўшчыны знаходзіліся сёлы Паўлавічы і Дваранінавічы, якія межавалі са шляхецкімі маёнткамі Бортнікі і Рыня ў сучасным Бабруйскім раёне. У абодвух сёлах пасля 1560 г. было па 3 службы. Паўлавічы налічвалі 28 "дымоў", 12 аседлых і 6 пустых валок, Дваранінавічы - адпаведна 14 "дымаў", 10 аседлых і 10 пустых валок.

Нават у першай палове XVI ст., калі складаўся інвентар, захоўваўся падзел Бабруйскай воласці на дзве часткі, з якіх адна плаціла падаткі ў Віленскае, а другая - у Троцкае ваяводствы, адпаведна старому пагадненню паміж Альгердам і Кейстутам. Так, у Троцкую палову Бабруйскага староства ўваходзілі Мышкавічы, Цейкавічы, Качэрычы, Хамічы, Глыбокавічы, Добасна, Паўлавічы, Дваранінавічы; у Віленскую - Валосавічы, Ілейчыцы, Полькавічы. У час валочнага перамеру ў склад староства ўваходзілі яшчэ любоніцкія сёлы: Казулічы, Падрэчча, Морхавічы, Уласавічы, Бялевічы, Сяргеевічы, Кострычы. Як ужо адзначалася вышэй, у складзе Бабруйскай воласці знаходзіўся асобны дзяржаўны маёнтак Любонічы. Ён не плаціў падаткі непасрэдна ў дзяржаўную скарбніцу, бо здаваўся ў "дзяржаву" (заклад) прыватным асобам. Феадал, які атрымліваў такі маёнтак, уносіў у скарбніцу пэўную грашовую суму, пасля чаго мог атрымліваць даходы з маёнтка на працягу абумоўленага часу. Любонічы належалі на такіх умовах пані Ганне Дмасіцкай, пасля яе смерці ў 1623 г. былі перададзены Самуэлю Пацу, а пасля яго смерці у 1627 г. былі пакінуты ў распараджэнні яго ўдавы Петранелі. Паколькі валочная памера ў гэтым маёнтку была праведзена ўжо ў 1598 г., інвентар Бабруйскай воласці прыводзіць толькі агульную колькасць валок, што меліся ў яго паселішчах на 1639 г. Так, у сяле Казулічы было 21 аседлая і 19 пустых валок, у Падрэччы - адпаведна 7 і 5, у Марховічах (Махровічах) - 8 і 4, ва Уласавічах - 10 і 6, у Бялевічах - 11 і 13, у Сергіевічах - 12 і 8, у Кастрычах - 11 і 9.

Апрача таго, сяло Слабодка са складу той жа Любоніцкай воласці знаходзілася ў пажыццёвым валоданні шляхціча Лоранса Матыяшавіча, а сяло Стаўпішча было перададзена былым бабруйскім намеснікам Пятром Трызнай у заклад пану Станіславу Рагозе, земскаму суддзі Рэчыцкага павета. У гэтым сяле раней было 2 службы, а пазней стала 5 асёдлых і 25 пустых валок. Пры апісанні межаў Стаўпішча ўпамінаецца таксама суседняя Дуброва, што належала пану Шыраеву, уладальніку сяла Старска (верагодна, пазнейшая вёска Старцы па паўднёва-ўсходняй ускраіне сённяшняга Кіраўска).

У інвентары ўказаны павіннасці, якія належала выконваць уладальнікам адной валокі (нагадаем, што звйічайна такую валоку трымалі 2 вялікія сялянскія сям'і па 6-8 чалавек у кожнай). Павіннасці залежалі ад якасці глебы; усяго вызначаліся тры градацыі: добрая, сярэдняя і "злая" зямля. З валокі добрай зямлі належала плаціць штогод 2 капы грошай (капа - лічэбная адзінка, якая азначала 60 прадметаў), гэта значыць - 120 грошай. Апрача таго, трэба было справіць натуральныя павіннасці - здаць бочку аўса, бочку жыта, гуся і 2 курыцы, 2 дзесяткі яек, воз сена і 10 вазоў дроў. Сяляне Бабруйскай воласці, як і большасці дзяржаўных маёнткаў на ўсходзе Вялікага княства, не выконвалі паншчыны. Для сярэдняй зямлі памер грашовага чыншу зніжаўся да 3 злотых (1 злоты раўняўся 30 грошам), а для дрэннай зямлі - да 60 грошай (1 капы).

У сярэдзіне XVII ст. уся Беларусь ператварылася ў арэну ваенных дзеянняў. Не абмінуў гэты лёс і Кіраўшчыну.

У канцы 1647 г. распачалася вайна паміж Рэччу Паспалітай і ўкраінскімі казакамі, якіх узначальваў гетман Багдан Хмяльніцкі. Ён накіраваў казацкія атрады і на тэрыторыю Беларусі. Яны занялі Бабруйск, нанеслі паражэнне войску харунжага Яна Паца і дасягнулі ажно Ігумена (сучасны Чэрвень). Пра ваенныя дзеянні непасрэдна на тэрыторыі Кіраўскага раёна звестак няма, але несумненна, што ўся яна была занята казакамі, якія імкнуліся ўзняць праваслаўнае сялянства на барацьбу супраць улады і каталіцкіх паноў. Гэта ім часткова ўдалося. Таму войска гетмана Януша Радзівіла, якое вясной 1648 г. аднавіла кантроль над Бубруйскам і Кіраўшчынай, учыніла жорсткую расправу над усімі, хто выказаў прыхільнасць да атрадаў Хмяльніцкага. Зімой 1648/49 г. казакі зноў аблягалі Бабруйск, але беспаспяхова.

Летам 1654 г. выбухнула вялікая вайна з Расіяй, на баку якой выступілі ўкраінскія казакі. Іх атрады зноў дасягнулі Кіраўшчыны. У кастрычніку таго ж года войска Вялікага княства Літоўскага пачало контрнаступленне. У раёне вёскі Рыня яно разбіла казацкі атрад сотніка Агена Змалевіча. Над жыхарамі мястэчка Добасна і вёскі Бортнікі (у сучасным Бабруйскім раёне) была ўчынена расправа за падтрымку казакоў. Вясной 1655 г. наказны атаман Іван Залатарэнка са свежымі сіламі зноў заняў Кіраўшчыну, спаліў Бабруйск, Свіслач, Глуск і рушыў на Менск. Летам таго ж года праз Кіраўшчыну ад Старога Быхава на Слуцк прайшло рускае войска князя Трубяцкога. Тэрыторыя раёна засталася пад казацкім кантролем да пачатку 1660-х гадоў.

У далейшым тая частка Кіраўшчыны, што ўваходзіла непасрэдна ў Бабруйскую воласць, падзяляла лёс апошняй і кіравалася цівунамі бабруйскіх намеснікаў да канца існавання Вялікага княства Літоўскага. Любоніцкі маёнтак па-ранейшаму здаваўся ў "дзяржаву" на ўмовах часовага валодання. Пасля смерці ўдавы Самуэля Паца ён быў перададзены яе сыну, Дамініку Казіміру Пацу. У 1645 г. ён атрымаў ад вялікага князя дазвол здаць Любонічы ў арэнду на тры гады, каму пажадае. Пасля яго смерці у 1666 г. маёнтак быў перададзены кухмістру Вялікага княства Казіміру Доўмант-Сясіцкаму. У далейшым ён пераходзіў да розных асоб. Так, у сакавіку 1708 г. прывілей на Любоніцкую "дзяржаву" атрымаў пан Казімір Крышпін Кіршанштэйн, а ў маі 1750 г. - пані Альжбета Завішына. Пры перадачы ёй маёнтка быў складзены інвентар, у якім упамінаецца сяло Любонічы (9,5 валокі і 3 валокі, запісаныя на царкву), Сергіевічы (19,25 валокі), Кастрынічы (16 валок), Кастрыніцкая Слабада (5 валок), Пацава Слабада (6,5 валокі), Стоўпішча (24 валокі), Казулічы (18 валок), Уласевічы (6 валок), Морхавічы і Падрэчча (разам 6,33 валокі), а таксама шляхецкі засценак Гута.

Пазней Любоніцкая "дзяржава" ў 1773 г. знаходзілася ў распараджэнні Паўла і Альжбеты Ленскіх, а ў 1777 г. перайшла да Міхаіла Прушаноўскага, земскага суддзі і падчашага Рэчыцкага павета.

Што да Добасны, то яна ў сярэдзіне XVII ст. належала пану Шаблоўскаму, які аддаў яе ў заклад Паўлу Сапегу, пазнейшаму віленскаму ваяводзе і гетману, кіраўніку войск Вялікага княства на апошнім этапе вайны з Расіяй. Павел Сапега памёр у 1665 г., пасля чаго закладнае права на Добасну перайшло да яго сына Казіміра, які таксама стаў пазней гетманам і віленскім ваяводам. Яму ж належала і Быхаўскае графства, у якое ўваходзіла Чыгірынка. У 1716 г. Казімір Сапега за 4 тыс. тынфаў набыў у Аляксандра Уніхоўскага, тагачаснага ўласніка, вотчынныя правы на Добасну. З гэтага часу да першай чвэрці XIX ст. яна належала панам Сапегам, хаця часам аддавалася ў заклад розным асобам.

Такім чынам, на тэрыторыі Кіраўшчыны ў XVI - XVIII ст. прасочваюцца чатыры значных маёнткавых комплексы. Заходнюю частку раёна тады займала Любоніцкая воласць, цэнтральная частка з сялом Качэрычы ўваходзіла непасрэдна ў Бабруйскую воласць. Паўднёвы ўсход Кіраўшчыны адносіўся да маёнтка Добасна, а паўночны ўсход з сялом Чыгірынка - да вялікага маёнтка Стары Быхаў (Быхаўскае графства).

Уся тэрыторыя Кіраўшчыны пасля 1565 г. (калі былі афіцыйна замацаваны межы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Вялікага княства) уваходзіла ў Рэчыцкі павет Мінскага ваяводства. Выключэннем быў, магчыма, толькі раён Чыгірынкі, які разам з усім Быхаўскім графствам уваходзіў у Аршанскі павет Віцебскага ваяводства.

У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, у склад якой з 1569 г. уваходзіла Вялікае княства Літоўскае. Суседняя Расійская імперыя захапіла тады ўсходнюю частку Беларусі, прычым новая дзяржаўная мяжа прайшла па рацэ Друць, па ўсходняй мяжы сённяшняга Кіраўскага раёна. Аднак Кіраўшчына нядоўга заставалася прыгранічнай тэрыторыяй. У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога ўся Кіраўшчына ўвайшла ў склад Расіі. Праз некалькі год Чыгірынка з навакольным абшарам была перададзена ў Старабыхаўскі павет, а тэрыторыя маёнтка Добасна у Рагачоўскі павет Магілёўскай губерні (абодва гэтыя маёнткі зрабіліся на доўгі час уласнасцю памешчыкаў Булгакаў). Рэштка тэрыторыі Кіраўшчыны ўвайшла ў новаўтвораны Бабруйскі павет Мінскай губерні. Такі адміністрацыйны падзел захоўваўся ў далейшым да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

  1. Акты, изданные Виленской археографической комиссией. Т. 25. Вильно, 1898.
  2. Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 2. Мн., 1960.
  3. Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. М., 1892.
  4. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czrternastego wieku. Warszawa, 1895.
  5. Wolff J. Pacowie. Materyaly historyczno-genealogiczne. Petersburg, 1885.
  6. Sapiehowie. Materyaty historyczno-genealogiczne i majatkowe. T. 2. Petersburg, 1891.