Вялікае княства Літоўскае ў XV – першай палове XVI ст. (2002)

Нацыянальны атлас Беларусі. Мінск, 2002. С. 265.

Загрузить карту: 707 kb

Загрузить карту: 707 kb

Карта адлюстроўвае гісторыю ВКЛ – сярэдневяковай беларуска- літоўскай дзяржавы - у перыяд з часу панавання вялікага князя Вітаўта (1392 - 1430) да сярэдзіны XVI ст. Першая частка гэтага перыяду была часам найбольшага тэрытарыяльнага пашырэня ВКЛ і яго знешнепалітычнай вагі. З канца XV ст. (прыкладна з 1485 г.) пераважаў працэс страты ВКЛ сваіх тэрыторый, асабліва на карысць Вялікага княства Маскоўскага, якое ў 1547 г. было абвешчана Рускім царствам. Улічваючы важнасць процістаяння ВКЛ і Масквы як двух цэнтраў аб'яднання старажытнарускіх земляў, на карце адлюстраваны і працэс пашырэння Вялікага княства Маскоўскага.

Большую частку азначанага перыяду ВКЛ знаходзілася ў стане дынастычнай уніі з Польскім каралеўствам, пачатак якой быў пакладзены ў 1386 г. (Крэўская унія). Яе ўмовы былі пацверджаны і замацаваны актамі 1401, 1413, 1444, 1501 гг.

На карце паказаны асноўныя змены знешніх межаў ВКЛ, галоўныя ваенныя падзеі, а таксама ўнутраная структура дзяржавы у другой палове XV ст. На той час у ВКЛ існавалі тры катэгорыі зямельных уладанняў: намесніцтвы, непасрэдна падпарадкаваныя вялікаму князю (у тым ліку Віленскае і Троцкае ваяводствы, утвораныя ў 1413 г.); землі-намесніцтвы, якія карысталіся аўтаноміяй на падставе так званых "земскіх" прывілеяў; удзелы родзічаў вялікага князя (Гедымінавічаў) і іншых княжацкіх родаў, уладальнікі якіх знаходзіліся ў асабістай васальнай залежнасці. Трэба ўлічваць, што стан гэтых трох катэгорый не быў нязменным. Часам удзельныя княствы ператвараліся ў намесніцтвы, і наадварот. На пачатку панавання Вітаўта былі скасаваны Полацкі, Віцебскі, Кіеўскі ўдзелы, у 1406 г. – Новагародскі (у 1428 – 1448 гг. ён быў часова адноўлены для жонкі Вітаўта Ульяны). Кіеўскае намесніцтва з 1440 да 1470 г. зноў часова было ўдзельным княствам. На тэрыторыі Валыні у 1440 - 1452 гг. таксама часова існавала Луцкае княства. Тураўскае ўдзельнае княства існавала да 1452 г., пазней стала намесніцтвам. Некаторыя тэрыторыі большасць часу знаходзіліся пад уладай удзельных князёў, але ў пэўныя прамежкі часу станавіліся намесніцтвамі. Так адбылося з Чарнігава-Старадубскім і Бранскім княствамі у 1430 – 1446 гг., з Ноўгарад-Северскім – у 1430 – 1454 гг. Мсціслаўскае княства было ліквідавана ў 1486 г. і адноўлена ў паменьшаных памерах у 1499 г., Бранскае з 1487 г. ператварылася ў намесніцтва.

Важнай адметнасцю гэтага часу было набыццё некаторымі гарадамі самакіравання, галоўным чынам паводле так званага Магдэбургскага права, што было абумоўлена шчыльнымі гандлёвымі, культурнымі і палітычнымі сувязямі з Заходняй Еўропай. На карце пазначаны даты атрымання Магжэбургскага права ( у некаторых выпадках яны высвятляюцца паводле ўскосных звестак).

Асноўная інфармацыя, выкарыстаная пры стварэні карты, абагульнена ў працах М. Любаўскага: Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. – М., 1892; Любавский М. К. Очерк истории Литовско- Русского государства до Люблинской унии включительно. – М., 1915. Выкарыстоўваліся таксама звесткі аб княжацкіх уладаннях, сабраныя Ю. Вольфам: Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. - Warszawa, 1895. Пэўныя ўдакладненні межаў асобных валасцей рабіліся на падставе дакументаў Метрыкі ВКЛ і іншых першакрыніц.