Войшалк (2005)

Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.1. – Мінск, 2005. С. 463

Войшалк (1225? – 1268), князь навагародскі (каля 1258–59), вялікі князь літоўскі (1264–66). Сын Міндоўга. Верагодна, упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1253 (фактычна 1252) як не названы з імя сын Міндоўга, якога той накіраваў у набег супраць галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў, у ваколіцы Турыйска. Каля 1257 В. ад імя бацькі заключыў мір з Данілам, сасватаў за Шварна Данілавіча сваю сястру і саступіў Раману Данілавічу Навагародак, Слонім і Ваўкавыск, прычым 2 апошнія – ад свайго імя, што сведчыць пра іх папярэдняе ўваходжанне ва ўдзел В. Пасля разрыву міра ў 1258 В. разам з Таўцівілам захапіў Рамана Данілавіча ў Навагародку і, напэўна, забіў яго. З гэтага часу, найбольш верагодна, пачалося княжанне В. у Навагародку, пра якое летапісы паведамляюць рэтраспектыўна пад 1263. Нібыта В., застаючыся язычнікам, праяўляў выключную жорсткасць супраць сваіх падданых, але потым прыняў праваслаўную веру і радыкальна змяніўся. Ён пакінуў княжацкі пасад і пастрыгся ў манахі, 3 гады жыў у Палонскім манастыры на Валыні, а потым, пасля няўдалай спробы паломніцтва ў Палясціну, заснаваў уласны манастыр каля Навагародка (Лаўрышаўскі манастыр). У гэты час яго адносіны з Міндоўгам былі напружанымі. Пасля забойства Міндоўга ў жніўні ці верасні 1263 В. уцёк у Пінск. Паводле Наўгародскага І летапіса, ён даў клятву помсты за бацьку і на 3 гады адмовіўся ад манаства. У 1264 пасля забойства новага вял. князя Траняты, якое, магчыма, было арганізавана В., ён атрымаў ваенную дапамогу ад пінскіх князёў і захапіў Навагародак, дзе да яго далучыліся бацькавы прыхільнікі, а затым дамогся ўлады над бацькоўскай вотчынай у Літве, дзе пакараў смерцю сваіх ворагаў. Пры гэтым ён абапіраўся на падтрымку швагра Шварна, а сябе прызнаў васалам галіцка-валынскага князя Васількі Раманавіча. З дапамогай валынскага войска В. заваяваў Дзевалтву і Нальшчаны, зноў аб’яднаўшы асноўныя літоўскія княствы і Навагародскую зямлю пад адной уладай. У залежнасці ад яго знаходзіліся Полацк і Віцебск, пра што сведчыць грамата полацкага князя Ізяслава каля 1265. Прыблізна да 1266 Шварн заставаўся суправіцелем В., а затым В. цалкам перадаў яму ўладу, вярнуўся ў манаства і пасяліўся ва Угроўскім манастыры на Валыні. Прыблізна ў красавіку 1268 старшы брат Шварна Леў Данілавіч выклікаў В. да сябе ва Уладзімір Валынскі, дзе забіў яго падчас бяседы. Летапіс тлумачыць забойства тым, што Леў меў крыўду на В., які перадаў уладу над Літвой і Навагародкам не яму, а Шварну.