Міндоўг знаёмы і незнаёмы: погляд літоўскага гісторыка (1999)
Новая праца літоўскага гісторыка Эдвардаса Гудавічуса прысвечана асобе Міндоўга – славутага дзеяча ХІІІ стагоддзя, якога большасць даследчыкаў прызнае стваральнікам Вялікага княства Літоўскага. Перыяд, на які прыпала дзейнасць Мідноўга, сёння выклікае асаблівую ўвагу з боку грамадства дзвюх маладых незалежных дзяржаў, што існуюць на колішніх абшарах ВКЛ – Беларусі і Літвы. Аб значэнні, якое надаецца першапачатковай гісторыі ВКЛ у сённяшней Літве, сведчыць ужо тыпаграфічны ўзровень, на якім выдадзена кніга аб Міндоўгу – выдатная вокладка, прыгожыя фарзацы, крэйдаваная папера і нават такая дробязь, як шаўковая закладка. На жаль, выданні беларускіх гісторыкаў выходзяць у значна больш сціплым выглядзе. Аднак цікавасць да пачаткаў ВКЛ на Беларусі, думаецца, не меншая. Таму карысна даведацца, як выглядаюць гэтыя пытанні ў асвятленні аўтарытэтнага літоўскага гісторыка.
Праца Э. Гудавічуса складаецца з 8 частак і 39 невялікіх глаў, мае падрабязнае (на 7 старонках) рэзюме на англійскай мове, імянны і геаграфічны паказальнікі. У трох дадатках закранаюцца некаторыя крыніцазнаўчыя аспекты: старое пытанне пра аўтэнтычнасць славутага "Слова пра паход Ігараў" і кароткія (па адной старонцы) нататкі пра два паведамленні заходнееўрапейскіх крыніц сярэдзіны ХІІІ ст. наконт Літвы. Аб вельмі грунтоўным навуковым узроўні выдання сведчыць колькасць спасылак: на 298 старонак асноўнага тэксту іх прыходзіцца 2656, ці ў сярэднім амаль па 9 спасылак на старонцы. Да недахопаў можна аднесці поўную адсутнасць ілюстрацыйнага матэрыялу, асабліва картаграфічнага.
Першая частка кнігі, названая "Вядомы і невядомы Міндоўг", прысвечана гістарыяграфіі. Яна вызначаецца паўнатой і грунтоўнасцю (за адзіным выключэннем, на якім мы далей спынімся асобна). Аўтарам улічаны практычна ўсе істотныя працы, у якіх у той ці іншай ступені закраналіся дзейнасць Міндоўга і яе гістарычны кантэкст, уключаючы выданні на літоўскай, нямецкай, польскай, рускай мовах, а таксама шэраг нядаўніх публікацый В. Урбана на англійскай мове. Вельмі крытычна ставіцца Э. Гудавічус да ўсіх гістарычных пабудоў, якія выкарыстоўваюць легенды пра міфічных нашчадкаў Палямона, уключаючы Рынгольта (Рымгаўда) – быццам бы бацьку Міндоўга. Ён не падзяляе імкненне некаторых даследчыкаў шукаць у гэтых крыніцах нейкае "рацыянальнае зерне". На яго думку, нават "калі б адбыўся цуд і знайшлася аўтэнтычная крыніца, у якой бацька Міндоўга называецца Рымгаўдам, гэта было б выпадковым супадзеннем, і нічым больш" (84).
Асаблівую ўвагу аўтар заслужана надае творам Г. Лаўмяньскага [1] і У. Пашуты [2] (у апошянага ён крытычна адзначае акцэнтуацыю на негатыўнай ролі нямецкай экспансіі). Сярод літоўскамоўных публікацый (практычна невядомых навуковай супольнасці іншых краін з прычыны моўнага бар'ера) найбольш станоўча ён ацэньвае працу выхаванца аўстрыйскай медыявістыкі Ю. Стакаўскаса "Літва і Заходняя Еўропа ХІІІ стагоддзя", выдадзеную ў 1934 г. [3]. На думку Э. Гудавічуса, "разам з працай Г. Лаўмяньскага яна складае вяршыню праблематыкі Міндоўга" (49). Улічваючы такую высокую ацэнку, магчыма, літоўскім гіторыкам варта было б падумаць пра перавыданне гэтай працы на рускай ці польскай мове, каб увесці яе ў больш шырокі навуковы зварот. У цэлым Э. Гудавічус лічыць, што ўзровень навуковай грунтоўнасці і аб'ектыўнасці, дасягнуты ў 1930-я гг. Г. Лаўмяньскім і Ю. Стакаўскасам, наступныя пакаленні гісторыкаў не толькі не перавысілі, але нават страцілі, і зараз трэба думаць пра яго аднаўленне (84).
Завяршаецца гістарыяграфічны агляд пералікам 6 пытанняў, што былі сфармуляваны яшчэ ў 1939 г. З. Івінскісам, але дасёня не атрымалі вычэрпнага адказу: 1) ці Міндоўгу належыць рашаючая роля ў стварэнні ВКЛ; 2) якім было сапраўднае паходжанне Міндоўга; 3) дзе была яго сталіца; 4) праблема аўтэнтычнасці даравальных дакументаў на карысць Лівонскага ордэна; 5) калі Міндоўг быў больш шчырым – прымаючы хрысціянства ці парываючы з ім; 6) якой агульнай ацэнкі заслугоўвае ён з пазіцый сённяшняга часу. Апошняе з гэтых пытанняў Э. Гудавічус характарызуе як "вечнае" і адзначае яго сувязь з першым, чацвертым і пятым, а таксама з праблемай міжнароднага статусу і значэння Літоўскай дзяржавы, якую, на яго думку, можна разглядаць як сёмае пытанне.
Другая частка кнігі названа "Пытанне стварэння дзяржавы". Яна прысвечана спробе тэарэтычна растлумачыць з'яўленне класавага грамадства ў Літве ХІІІ ст. Э. Гудавічус схільны разглядаць гэтую дзяржаву як вынік выключна ўнутранага развіцця літоўскага этнасу, у поўнай адпаведнасці з канцэпцыяй "натуральнай" эвалюцыі ад першабытнага грамадства да раннефеадальнага. Праўда, ён трапляе ў хісткае становішча, калі спрабуе падмацаваць гэтую думку канкрэтнымі прыкладамі. Як вядома, у крыніцах, сучасных падзеям, практычна адсутнічаюць звесткі пра ўнутранае становішча літоўскага грамадства. Таму аўтар вымушаны экстрапаляваць у мінулае значна больш познія факты аб феадальных адносінах у Літве XV – XVI стагоддзяў або выкарыстоўваць тыпалагічныя паралелі з грамадствам вікінгаў. У цэлым ён паўтарае шлях, пройдзены яго папярэднікамі – У. Пашутам і асабліва Г. Лаўмяньскім. Пры гэтым у параўнанні з апошнім аргументацыя Э. Гудавічуса нават звужана – ён прызнае ролю ваенных набегаў у фармаванні слоя будучых феадалаў, але не выкарыстоўвае ідэю Лаўмяньскага аб заваёвах на Русі як рашаючым штуршку да эвалюцыі рабаўнічых дружын у панавальны клас (хаця і не аспрэчвае яе). Характэрна для гэтай часткі кнігі і поўнае ігнараванне археалагічных сведчанняў, што на сённяшнім этапе развіцця гістарычнай навукі выглядае яўна архаічна.
Трэцяя частка ("Роля Літоўскай дзяржавы") змяшчае аналіз міжнародных наступстваў з'яўлення гэтай дзяржавы, што стала першай на абшарах балцкіх народаў і натуральным ядром іх палітычнай цэнтралізацыі. Гэты працэс, аднак, вельмі хутка сутыкнуўся з экспанісяй каталіцкага Захаду. Пачалося двухсотгадовае процістаянне, якое адтэрмінавала ўключэнне балтаў у лік еўрапейскіх народаў. Цікава, што яшчэ некалькі гадоў назад у свядомасці літоўскай інтэлігенцыі дамінаваў гонар за гераічны перыяд упартага адпору крыжоваму націску каталіцкай Еўропы. Цяпер, калі каталіцтва імкліва адраджае сваю дамінуючую ролю ў культурным жыцці літоўскага грамадства, а галоўнай палітычнай мэтай абвешчана інтэграцыя з ЕС і ўступленне ў НАТО, акцэнты відавочна мяняюцца. У інтэрпрэтацыі Э. Гудавічуса процістаянне набывае хутчэй трагічнае, чым гераічнае адценне. Асаблівую ўвагу ён надае фактарам, якія ўлагоджвалі канфлікт – міжнароднаму гандлю і кантактам з нямецкімі каланістамі.
У чацвертай частцы ("Літоўская палітычная карта пачатку XIII ст.") аўтар прыводзіць вельмі дэталёвую рэканструкцыю палітычнай геаграфіі Літвы, акрэслівае ўладанні асобных князёў і дынастый. Гэтая рэканструкцыя грунтуецца на папярэдніх даследаваннях Э. Гудавічуса, апублікаваных у сярэдзіне 1980-х гг. [4]. Яна, безумоўна, выклікае цікавасць. Праўда, чамусці адсутнічае карта, якая была б тут асабліва дарэчы. Зноў-такі яўна недастаткова выкарыстоўваюцца археалагічныя матэрыялы – у прыватнасці, звесткі аб розніцы ў пахавальных звычаях, за якімі, напэўна, стаялі нейкія пляменныя адзінкі. Рашаючае значэнне пры рэканструкцыі надаецца інтэрпрэтацыі сціслых паведамленняў крыніц, а таксама тапаніміцы.
Э. Гудавічус падзяляе пашыраны ў літаратуры погляд на ўжыванне крыніцамі назвы "Літва" ў розных сэнсах – больш шырокім (як агульны этнонім продкаў сучасных літоўцаў) і вузкім (непасрэдныя ўладанні дамінуючага княскага роду, з якога паходзіў і сам Міндоўг). Пры лакалізацыі "Літвы ў вузкім сэнсе," ці "Літоўскай зямлі"(138-143), ён пагаджаецца з Г. Лаўмяньскім і размяшчае ўладанні "старэйшых князёў" на поўдзень ад Нальшчан, у паўднёвай частцы арэалу аўкштайцкіх гаворак і археалагічнай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў. Пры гэтым Э. Гудавічус мяркуе, што вотчына Міндоўга займала самую паўднёвую частку гэтага абшару, непасрэдна прылеглую да старажытнарускіх княстваў, у той час як больш паўночная частка, уключаючы раён Вільні, належалі яго старэйшаму брату Даўспрунгу, а затым верагодным сынам апошняга – Таўцівілу і Эдзвіду (Гядзвідасу). Гэты абшар быў захоплены Міндоўгам на сутарэнні 1248-49 гг., калі адбылося выгнанне яго пляменнікаў. Гэта быў, паводле аўтара, апошні крок на шляху аб'яднання "Літоўскай зямлі" пад адзінай уладай. Раней Міндоўгам былі далучаны вотчыны іншых родзічаў, прыгаданых у дамове з валынскімі князямі ў 1219 г. Прадстаўнікі гэтага рода, на яго думку, генетычна звязаны з князямі Даўгеруце і Сцексе, дамінаванне якіх у Літве на пачатку 1210-х гг. адзначана ў "Хроніцы Лівоніі" Генрыха Латвійскага (142).
Шмат увагі надае Э. Гудавічус пытанню аб магчымай рэзідэнцыі Міндоўга (153-163). Ён аналізуе аргументы іншых літоўскіх даследчыкаў на карысць таго, што сталіцай ужо ў той час была Вільня. На думку аўтара, важкіх доказаў на карысць гэтага не стае. Прынамсі, можна казаць пра Вільню як эканамічны (паводле археалагічных звестак) і духоўны цэнтр (легендарнае месца крэмацыі князёў у даліне Швінтарога, якое прыгадваюць беларуска- літоўскія летапісы). Э. Гудавічус дапускае нават, што раскапаныя археолагамі ў Вільні рэшткі муроў могуць адносіцца да катэдральнага касцёла, пабудаванага пасля хрышчэння Міндоўга. Але гэта, на яго думку, не абавязкова сведчыць пра наяўнасць там вялікакняжацкай рэзідэнцыі. Лакалізацыя Міндоўгава замка Варута, прыгаданага ў Іпацьеўскім летапісе, таксама застаецца спрэчнай. У цэлым аўтар пакідае гэтыя пытанні адкрытымі.
Тры наступныя часткі, названыя адпаведна "Аб'яднанне Літвы", "Ад старэйшага князя да караля" і "Хрысціянскі кароль", змяшчаюць агляд звестак пра дзейнасць і жыццёвы шлях Міндоўга да 1260 г. Аўтар выкарыстоўвае практычна ўсе паведамленні аб звязаных з Літвой падзеях, што захаваліся ў Іпацьеўскім летапісе, Ліфлянцкай рыфмаванай хроніцы, дакументах Тэўтонскага ордэна і папскай курыі, іншых крыніцах на старажытнарускай, старанямецкай, лацінскай мовах. Амаль кожнае паведамленне суправаджаецца адпаведнай цытатай з першакрыніцы на мове арыгіналу, што ператварае гэтыя часткі кнігі ў своеасаблівую хрэстаматыю.
Э. Гудавічус паказвае, што рашаючыя і незваротныя крокі да сапраўднай дзяржавы былі зроблены менавіта пад час панавання Міндоўга, адказваючы такім чынам на першае пытанне З. Івінскіса. На момант узгадкі "Літвы Міндоўга" ў Іпацьеўскім летапісе ў 1238 г. ён быў, на думку аўтара, ужо старэйшым сярод прадстаўнікоў дамінуючай княскай дынастыі, перажыўшы брата Даўспрунка і іншых родзічаў, імёны якіх папярэднічалі яго імені ў дамове 1219 г. (201). Іншыя літоўскія князі, якія яшчэ заставаліся як ва ўласна "Літоўскай зямлі", так і ў іншых княствах, былі, як лічыць аўтар, васаламі Міндоўга. Больш таго, на падставе крыжацкiх крыніц ён прыходзіць да высновы, што на пачатку ці ў сярэдзіне 1240-х гг. ужо адчуваецца падпарадкаванне Літве часткі сумежных балцкіх земляў: населенага яцвягамі левабярэжжа Нёмана, княстваў селаў і куршаў - "паралельна з унутраным шырыўся знешні васалітэт літоўскай дзяржаўнасці" (204). Прыкметай дзейнасці Міндоўга як палітыка дзяржаўнага ўзроўню выглядае ў ацэнцы Э. Гудавічуса барацьба з Лівонскім ордэнам за кантроль над куршамі, якая прывяла да няўдалага нападу войска Міндоўга на замак Эмбоцен у канцы 1244 ці на мяжы 1245 г. (205-207). На ўсходзе і поўдні ў гэты час літоўцы абмяжоўваліся драпежнымі рэйдамі на Русь.
Наступная згадка Міндоўга ў "Ліфлянцкай рыфмаванай хроніцы" характарызуе яго як "найвышэйшага караля і ўладара Літоўскай зямлі". На думку Э. Гудавічуса, гэта "першая згадка пра Міндоўга як сюзерэна ўсёй Літвы" (207), якую ён даволі абгрунтавана адносіць да перыяду з восені 1245 па восень 1246 г. (208). Неўзабаве Міндоўг пазбавіўся і сваіх пляменнікаў, непасрэдна далучыўшы іх вотчыны да сваёй. Разглядаючы наступны канфлікт з Лівонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, якія прынялі бок выгнанніка Таўцівіла, Э. Гудавічус адзначае, што з ім абыходзіліся не як са звычайным уцкачом, а як з прэтэндэнтам на пасад. На яго думку, "прызнанне фіктыўнай палітычнай вагі Таўцівіла фактычна адзначала маўклівае прызнанне рэальнай палітычнай вагі Міндоўга" (216).
Шмат увагі надаецца ў кнізе аналізу звестак "Ліфлянцкай рыфмаванай хронікі" і дакументаў рымскай курыі, якія тычацца стасункаў Міндоўга з Захадам, адмысловай дыпламатычнай падрыхтоўкі яго хрышчэння і каранацыі. Дарэчы, у расійскай, беларускай і, у меншай ступені, польскай гістарыяграфіі гэтыя пытанні звычайна застаюцца на перыферыі ўвагі. Э. Гудавічус датуе хрышчэнне Міндоўга ў каталіцтва канцом зімы – вясной 1251 г. (225), а яго каранацыю – 6 ліпеня 1253 г. (237). Гэтыя крокі не толькі дазволілі Міндоўгу выйці са складанай палітычнай сітуацыі, але і дазволілі маладой дзяржаве "ўмацавацца ў палітычнай сістэме Еўропы" (227). Зноў канстатуючы няпэўнасць існуючых звестак пра магчымую рэзідэнцыю Міндоўга (239), Э. Гудавічус, аднак, не толькі не спрабуе прааналізаваць, але нават не прыгадвае версію пра Новагародак як месца яго каранацыі.
Прыкладна дзевяцігадовы перыяд кіравання Міндоўга ў якасці хрысціянскага манарха атрымлівае ў кнізе станоўчую ацэнку. Шэраг пагадненняў з Ліфлянцкім ордэнам, у тым ліку саступленне на яго карысць вялікіх тэрыторый у Жамойці, разглядаюцца як вымушаная, але ў цэлым апраўданая мера, якая адчыніла шлях да мірнага суіснавання. Аўтар лічыць, што ініцыятыва далейшай барацьбы з крыжакамі належала паганскай арыстакратыі, асабліва падкрэсліваюы ролю ваеннага правадыра Жамойці Альменаса (262-281). Э. Гудавічус не спрабуе правесці ніякіх аналогій з вельмі падобнай сітуацыяй пачатку XV ст., калі Жамойць таксама трапіла ў часовую залежнасць ад крыжакоў. Тады роля Вітаўта ў падбухторвані жамойтаў да паўстання супраць Ордэна была відавочнай.
У заключнай частцы кнігі – "Балты і Еўропа" – тэма канфрантацыі з Захадам набывае яшчэ больш выразную драматычнасць. Глава пра разрыў Міндоўга з хрысціянствам у 1260 г. мае красамоўную назву – "Ракавы паварот". Аўтар схіляецца да думкі, што з боку Міндоўга гэты паварот быў вымушаным крокам – на гэта яго штурхала паганскае асяроддзе, якое яшчэ не было гатова да сапраўднай інтэграцыі з Еўропай.
Пэўную цікавасць уяўляе змешчаны ў дадатку аналіз пытання аўтэнтычнасці "Слова пра паход Ігараў". Тут аўтар далучаецца да дыскусіі, у свой час узнятай вядомым расійскім гісторыкам А. Зіміным. Э. Гудавічус параўноўвае тэкст "Слова" з апавяданнем Іпацьеўскага летапіса пра тыя ж падзеі і канстатуе супадзенне фабулы твора з летапісным тэкстам. Ён адзначае, што "рэаліі былі неістотна зменены пры стварэнні версіі "Слова" паводле версіі, прадстаўленай у Іпацьеўскім летапісе, а не наадварот" (329). Агульнавядома таксама, што стыль "Слова" мае мноства адпаведнасцяў з паэмай "Задоншчына", створанай у канцы XIV стагоддзя і, у адрозненне ад яго, вядомай у шматлікіх спісах. Усё гэта дазваляе падазраваць, што "Слова" з'яўляецца фальсіфікатам, фабула якога запазычана з летапіса, а стылістыка – з "Задоншчыны". Аднак Э. Гудавічус робіць канчатковыя высновы асцярожна. Ён піша: "Не магу сцвярджаць, што ўсё гэта дазваляе лічыць "Слова" перайманнем "Задоншчыны", але ўздымаць такое пытанне можна. З гэтага паўстае другое пытанне: якія аргументы паказваюць, што "Слова" не з'яўляецца перайманнем "Задоншчыны"?" (330). У адказ можна прыгадаць, прынамсі, славуты рэфрэн "Слова пра паход Ігараў": "О Руская земле, уже за шеломянемъ еси!" Даследчыкі зышліся на тым, што архаічным словам "шеломянь" пазначалася града ўзгоркаў, якія нагадвалі сваёй формай старажытнарускія шлемы – "шеломы". У "Задоншчыне" гэтаму рэфрэну адпавядае загадкавая фраза: "Руская земля, то ти есть как за Соломономъ царемъ побывала". Лёгка зразумець, як старажытнае слова "шеломянь", невядомае аўтару "Задоншчыны" ці скажонае ў тым экзэмпляры "Слова", якім ён карыстаўся, ператварылася ў імя біблейскага цара Саламона [5]. І наадварот, вельмі цяжка ўявіць, як магла адбыцца адваротная змена, якая б ператварыла бессэнсоўны выраз "Задоншчыны" ў магутны і яскравы паэтычны вобраз. Гэта, на нашу думку, застаецца адным з найбольш важкіх аргументаў на карысць таго, што менавіта "Задоншчына" выкарыстоўвала стылістыку "Слова", а не наадварот. Дарэчы, пра тое ж сведчыць і агульнае разважанне: калі "Слова" было толькі таленавітай фальсіфікацыяй, нашто яго стваральніку было амаль даслоўна запазычваць стыль добра вядомай "Задоншчыны"? Пры яго таленце можна было б зрабіць значна танчэй.
Беларускага чытача, зразумела, цікавіць у першую чаргу тое, як літоўскі гісторык асвятляе пытанне аб стасунках Міндоўга з землямі сучаснай Беларусі і акалічнасці іх уваходу ў склад яго дзяржавы. На жаль, менавіта тут нас чакае самае моцнае расчараванне. Гэтая тэма падкрэслена застаецца па-за ўвагай аўтара. Асабліва гэта кідаецца ў вочы ў гістарыяграфічным аглядзе, на фоне скрупулёзнасці, з якой пералічваюцца працы папярэднікаў Э. Гудавічуса. У недасведчанага чытача можа скласціся ўражанне, што ў беларускай гістарыяграфіі (як мясцовай, так і эмігранцкай) пра эпоху Міндоўга не было напісана ні радка! Не прыгадваецца нават канцэпцыя М. Ермаловіча, хаця ў свой час сам Э. Гудавічус прысвяціў палеміцы з ім падрабязную рэцэнзію, пазней перавыдадзеную ў англійскім перакладзе [6]. Робіцца ўражанне, што, выканаўшы цяжкі маральны абавязак – даць адпор М. Ермаловічу, Э. Гудавічус больш не жадае вяртацца да гэтай "агіднай" тэмы, пра якую культурнаму чалавеку быццам бы і не варта гаварыць уголас. Канцэпцыі Ермаловіча для Літвы больш не існуе, як у свой час у Савецкім Саюзе "не было сексу".
Такая хваравітая рэакцыя сведчыць не толькі пра тое, якую псіхалагічную траўму нанесла літоўскай інтэлігенцыі спроба беларускіх радыкалаў "адабраць" у іх гісторыю ВКЛ, але і пра глыбокую ўнутраную няўпэўненасць. Падсвядома нашы літоўскія калегі апасаюцца, што далейшае абмеркаванне гэтай тэмы прымусіць іх скарэктаваць сваю сённяшнюю пазіцыю, што можа пагражаць іх нацыянальным інтарэсам. Аднак з псіхалогіі вядома, што спробы ігнараваць пагрозлівую ці непрыемную сітуацыю вядуць індывідуўма напрасткі да няўроза. Гэтак жа ў калектыўнай гістарычнай свядомасці яны прыводзяць да неўратычнай гістарыяграфіі – інакш нельга расцаніць поўнае ігнараванне публікацый беларускіх гісторыкаў.
Між тым М. Ермаловіч, пры ўсіх надахопах яго твораў, аднавіў пытанне аб суадносінах балцкага і ўсходнеславянскага кампанентаў у працэсе стварэння ВКЛ, упершыню ўзнятае дзеячамі беларускай дыяспары ў 1920-я - 30-я гг. Яго ўласны адказ на гэтае пытанне быў непрафесійным і тэндэнцыйным, што добра паказаў сам Э. Гудавічус у сваёй рэцэнзіі, але ж пытанне, тым не менш, застаецца. Яго жывучасць паказала, што стары і такі прыемны для літоўцаў погляд на пачатак ВКЛ як выключна літоўскую справу не зусім адпавядае рэчаіснасці. І каб рухацца адлей наперад, трэба не заплюшчваць вочы, заганяючы праблему ў падсвядомасць, а спакойна шукаць найбольш адэкватны адказ.
Сёння можна сцвярджаць, што на Беларусі канцэпцыя М. Ермаловіча нікім з прафесійных даследчыкаў перыяду ВКЛ не падзяляецца. Разам з тым выснову, што ВКЛ паўстала ў выніку ўзаемадзеяння літоўскага і ўсходнеславянскага кампанентаў і ўяўляла сабой двухэтнічны сімбіёз, можна лічыць агульнапрынятай у беларускай гістарычнай навуцы [7]. Таму спроба па-ранейшаму разглядаць дзяржаву Міндоўга як факт выключна літоўскай гісторыі, прапанаваная ў працы Э. Гудавічуса, не адпавядае сучаснаму стану гістарыяграфіі. Можна было б прызнаць права на існаванне такой думкі, калі б аўтар абвяргаў ці неяк тлумачыў вядомыя факты: актыўны ўдзел баярства Полацка, Новагародка, Пінска ў барацьбе за ўладу над ВКЛ на баку таго ці іншага прэтэндэнта; няўдачу Данілы Галіцкага, а потым татар завалодаць гарадамі беларускага Панямоння, якія кожны раз чамусці зноў аказваліся пад кантролем папярэдне пераможаных літоўцаў (што сведчыць аб актыўнай пазіцыі мясцовага насельніцтва); запазычанне кіруючым колам ВКЛ многіх старажытнарускіх тэрмінаў, асабліва ў сістэме кіравання, і г. д. Замест таго гэтыя факты проста не заўважаюцца.
Увогуле стасункі Літвы з праваслаўнай Руссю, якая напярэдадні татарскага нашэсця не намнога саступала каталіцкай Еўропе па тэрыторыі і культурным патэнцыяле, амаль не знайшлі месца ў кнізе. Зразумела, у крыніцах няшмат паведамленняў на гэтую тэму, але ж іншыя, не лепш забяспечаныя фактамі сюжэты Э. Гудавічус аналізуе вельмі ўважліва. Напрыклад, пільна разглядаюцца звесткі аб гандлі з Захадам, а ролі нямецкіх каланістаў прысвечана асобная глава (131 – 136). У той жа час славянская каланізацыя не прыгадваецца зусім, хаця пра яе выразна сведчаць, напрыклад, археалагічныя раскопкі 1930-х гг. у Вільні. Думаецца, калі б літоўская гістарычная навука набралася духу і прызнала нарэшце факт прысутнасці славян у Літве, яна здолела б развівацца далей значна больш прадуктыўна. Адкрылася б прастора да аналізу сапраўднай ролі міжэтнічных кантактаў, іх дынамікі. Вельмі цікава было б даведацца, дарэчы, у якія гістарычныя перыяды археалагічная прысутнасць славян на тэрыторыі Літвы павялічвалася ці памяньшалася, з якімі палітычнымі падзеямі гэты супадае, і г. д. Пакуль адказаў на гэтыя пытанні няма, уяўленне аб працэсе ўтварэння ВКЛ нельга лічыць поўным.
Тое ж тычыцца і аналізу палітычных падзей. Аўтар толькі канстатуе (214), але не спрабуе растлумачыць і неяк асэнсаваць падуладнасць Міндоўгу Новагародка і іншых княстваў беларускага Панямоння (дарэчы, у адносінах да іх Э. Гудавічус карыстаецца анахранічнай назвай "Чорная Русь", вядомай толькі з XVII ст., прычым яна тычылася значна шырэйшай тэрыторыі). Літоўская экспансія на Русь (якая, на думку аўтара, мела чыста ваенны характар) трактуецца ім як імкненне атрымаць свайго роду "кампенсацыю" за тэрытарыяльныя страты на карысць крыжакоў у Жамойці (242-243, 256-257). Характэрна, што ў рэзюме, куды ўключаны найбольш важныя для аўтара тэзы, Новагародак і беларускія ўладанні Міндоўга прыгадваюцца толькі мімаходзь – у якасці яго "дамена", перададзенага сыну Данілы Галіцкага Раману і потым захопленага зноў (337, 338). Зусім не ўпамінаецца ў кнізе рускі ваявода Астафі Канстанцінавіч, які, паводле Іпацьеўскага летапіса, адыгрываў вельмі значную ролю ў апошнія гады панавання Міндоўга (а верагодна – і ў змове супраць яго). Ні слова не гаворыцца і пра тыя перавагі, якія павінны былі прынесці Міндоўгу ўлада над Новагародкам і падтрымка з боку тамтэйшага баярства.
Такім чынам, з аднаго боку праца Э. Гудавічуса ўяўляе сабой вельмі грунтоўнае, фундаментальнае даследаванне, асабліва ў дачыненні да заходняга вектара палітыкі Літвы ХІІІ ст. Разам з тым у асвятленні ўсходняга вектара маецца шэраг хібаў, абумоўленых непераадоленым "беларускім сіндромам" літоўскай гістарыяграфіі.
Найбольшую цікавасць уяўляе погляд на Міндоўга як на няўдалага "інтэгратара" з каталіцкім светам. Ацэнка дзейнасці Міндоўга і яго дзяржавы ў агульнаеўрапейскім кантэксце (сёмае пытанне, азначанае самім Э. Гудавічусам) стварае стрыжнявы матыў яго кнігі. Праўда, не заўсёды высновы з непазбежнасцю вынікаюць з тых фактаў, на падставе якіх грунтуюцца - шмат чаго залежыць ад агульнай пазіцыі аўтара. Тое, што спрыяла збліжэнню Літвы з каталіцкім светам, амаль што аўтаматычна набывае пазітыўнае гучанне. Гэта перадвызначае і пазіцыю ў дачынені да хрышчэння Міндоўга, яго стасункаў з Ордэнам і цэнтралізатарскіх намаганняў.
Адчуваецца, што кніга напісана не столькі прадстаўніком інтэрнацыянальнай навуковай супольнасці, колькі менавіта літоўцам, які ўвесь час трымае ў свядомасці палітычныя актуаліі і шукае адказы з пазіцый сённяшняга дня. Гэта можна разглядаць як прыклад таго, што "кожнае пакаленне стварае сваю гісторыю". На такім фоне навуковы стыль Г. Лаўмяньскага (які імкнуўся разглядаць гістарычныя з'явы "з пункту гледжання вечнасці" і заставацца па-за палітычнай кан'юнктурай) сапраўды застаецца недасягнутым не толькі гістарыяграфіяй савецкага часу, але і самім Э. Гудавічусам. Які падыход лепш – пытанне дыскусійнае. Але праца Лаўмяньскага, выдадзеная звыш паўстагоддзя назад, дасёння не страціла навуковага значэння і, напэўна, захавае яго яшчэ надоўга. Безумоўна, захавае свае вартасці і агляд гістарычных падзей, рупліва сабраны ў кнізе Э. Гудавічуса. Аднак ён ужо прыводзіўся, хаця і не ў такім канцэнтрыраваным выглядзе, яго шматлікімі папярэднікамі. А вось як будуць успрымацца праз некалькі дзесяцігоддзяў уласныя інтэрпрэтацыі і высновы аўтара – сказаць цяжка. Думаецца, што час усё расставіць па сваіх месцах.
- Lowmianski H. Studja nad poczatkami spoleczenstwa i panstwa litewskiego. – Wilno, 1931. – T. 1; 1932. - T. 2.
- Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. М., 1959.
- Stakauskas J. Lietuva ir Vakaru Europa XIII-me amziuje. – Kaunas, 1934.
- Gudavicius E. Bandymas lokalizuoti 13 a. lietuviu kunigaikscu valdas // Lietuvos TSR Mokslu Akademijos darbai. A serija. – 1984. T. 3(88). P. 69-79; Гудавичюс Э. «Литва Миндовга» // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. – Вильнюс, 1985. С. 219-229.
- Гл. заўвагу да гэтага месца ў «Задоншчыне»: Хрестоматия по древней русской литературе / Сост. Н. К. Гудзий. – Изд. 8-е. М., 1973. С. 175.
- Gudavicius E. Dar kartavieno mito pedsakais // Ludas kultura. 1994. № 5. P. 25 – 33; Gudavicius E. Following the Tracks of a Myth // Lithuanian Historical Studies. 1. Vilnius, 1996. S. 38-58.
- Насевіч В. Л. Працэс утварэння Вялікага княства ЛІтоўскага (ХІІІ - ХІV стст.) // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі. - Мн., 1992. С. 54 – 63; Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. – Мн., 1998. С. 133 – 136.