Гэты сцяг пачынаўся так … (1995)

Чырвоная Змена, 20 красавіка 1995. № 42 (13900)

Гарачыя спрэчкі, якія вядуцца вакол дзяржаўных сімвалаў, стануць больш зразумелымі, калі ўлічыць, што сімволіка ўздзейнічае не столькі на рацыянальную, колькі на эмацыянальную сферу чалавечай псіхікі. Сімвал — гэта знак, які выклікае ў нашай падсвядомасці цэлы шлейф пачуццяў і асацыяцый, звязаных з аб'ектам, які ён сімвалізуе.

Герб і сцяг сімвалізуюць дзяржаву. Такім чынам, у адносінах да дзяржаўнай сімволікі ў шматразова ўзмоцненым выглядзе праяўляюцца сенняшнія адносіны да самой гэтай дзяржавы. Таму малаэфектыўнымі часта аказваюцца апеляцыі да гісторыі. Калі ў мінулым не знаходзіцца фактаў, сугучных патрэбе дня, на іх месца прыходзяць адпаведныя міфы, і ім вераць куды больш ахвотна. Але недаацэньваць ролю гістарычных ведаў таксама не трэба. Веданне бясспрэчна ўстаноўленых фактаў звужае прастору для міфатворчасці, а таму міфалагічныя пабудовы супрацьстаячых бакоў збліжаюцца паміж сабой. Такім чынам павялічваюцца шанцы на ўзаемапаразуменне.

Сёння збліжэнню пазіцый вельмі перашкаджаюць некалькі шырока распаўсюджаных міфаў, створаных як прыхільнікамі новай беларускай сімволікі, так і яе праціўнікамі. Адзін з гэтых міфаў тычыцца глыбокай гістарычнай даўніны бела-чырвона-белага сцяга, пад якім нібыта нашы продкі змагаліся на палях Грунвальда і ў бітве пад Оршай. Менавіта эмацыянальная зараджанасць спрыяе таму, што ў гэта так лёгка вераць, хаця перад намі — яўны анахранізм, бо ні нацыянальнага, ні нават проста дзяржаўнага ў сучасным разуменні сцяга ў XV — XVI стагоддзях яшчэ не існавала і не магло існаваць.

Здаўна кожны князь, кожны аддзел шляхецкага апалчэння меў свой уласны сцяг (дакладней — штандар), які выступаў як яго апазнавальны знак на полі бою і ў час урачыстасцей. Ён мог мацавацца да дрэўка збоку, як звычайны сцяг, альбо да гарызантальнай перакладзіны, звісаючы з яе долу. У такім выпадку ён называўся "харугвай", але часам тэрміны не вызначаліся строга, таму і прымацаваныя збоку да дрэўка штандары называлі "харугвамі". Гэтак жа звалася і вайсковая адзінка, якая мела ўласны штандар. Ён, як правіла, быў аднаколерным з нейкай сімвалічнай выявай. Ян Длугаш падрабязна апісвае харугвы польскіх і крыжацкіх вайсковых аддзелаў пад час Грунвальдскай бітвы, пра харугвы ж ВКЛ сцісла паведамляе, што частка штандарау мела выяву ўзброенага конніка, частка — выяву "Калюмнаў". Ні пра якія трохпалосныя сцягі ён, як і іншыя тагачасныя крыніцы, не піша.

На штандарах былі пашыраны рэлігійныя сюжэты, у прыватнасці крыж св. Юрыя (георгіеўскі крыж), які ў класічным выглядзе ўяўляў сабой просты чырвоны крыж на белым палотнішчы. Есць звесткі, што такі штандар выкарыстоўваў вялікі князь Вітаўт. Увогуле, гэты крыж меў вялікае пашырэнне. З другой паловы XIII ст. ён ужываўся на галоўным штандары Англіі, а з сярэдзіны XIV ст. у інверсным выглядзе (белы крыж на чырвоным полі) — на штандары Даніі. Нягледзячы на спалучэнне белага і чырвонага колераў, шукаць у ім нейкі нацыянальны змест не варта.

Ад XVI ст. засталіся апісанні ваяводскіх і павятовых штандараў ВКЛ, створаных у сувязі з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565 г. Усе яны мелі на адным баку выяву "Пагоні", на другім (у некаторых) — дадатковыя выявы. У кожнага ваяводства быў свой колер, але пераважалі адценні чырвонага, якія ў "Літоўскай метрыцы" 1565 г. названы "чырвоным" (Віленскае ваяводства), "брунатным" (Валынскае), "сікаражым" (Полацкае), "пялістым" (Наўгародскае) і "гваздзіковым" (Менскае). А.Гваньіні ў 1578 г. наэывае ўсе вышэйзгаданыя штандары проста чырвонымі. Апрача таго, Жамойцкае староства мела белы штандар, Віцебскае і Кіеўскае ваяводствы — зялёныя розных адценняў, Берасцейскае і Троцкае — блакітныя, Мсціслаўскае — жоўты (у Гваньіні — "памяранцавы", аранжавы). Гваньіні апісвае таксама галоўны штандар ВКЛ і штандар найвышшага гетмана. Першы з іх быў чырвонага колеру, з выявай "Пагоні" на адным баку, Панны Марыі з дзіцем на руках — на другім. Гетманскі штандар, блакітны, меў, апрача "Пагоні", на адваротным баку абраз св. Станіслава. Такі выгляд штандараў захаваўся да канца існавання ВКЛ, што бачна з іх апісання ў гербоўніку К.Нясецкага XVIII ст. Некаторыя з іх у канцы таго ж стагоддзя прыгадваюцца рускімі чыноўнікамі пры апісанні новадалучаных да Расіі зямель ВКЛ. Асобныя штандары захаваліся ў музеях па сённяшні дзень.

Сцягі ўжываліся і ў якасці апазнавальных знакаў, часта — малых сцяжкоў ("флюгераў") на дзідах коннікаў. Менавіта такія сцяжкі з крыжам св. Юрыя паказаны на вядомай карціне "Бітва пад Оршай", прычым, цяжка сказаць, належалі яны беларуска-літоўскім ці польскім коннікам. Улічваючы, што побач на карціне можна ўбачыць чырвоны польскі штандар з белым арлом, больш верагоднай здаецца польская прыналежнасць і сцяжкоў на дзідах. Бясспрэчна, што на працягу доўгай гісторыі ВКЛ ужываліся і іншыя разнастайныя варыянты сцягоў і сцяжкоў, але няма надзейных фактаў аб тым, што сярод іх былі трохпалосныя бела-чырвона-белыя.

Увогуле ўяўленне аб тым, што кожная дзяржава павінна мець свой сцяг, на працягу XVI — XVIII стст. толькі павольна выспявала. Так, на сцягах Швецыі з XVI ст. (пры дынастыі Вазаў) пачынае ўжывацца элемент дзяржаўнага герба — залаты крыж на блакітным полі. Прадстаўнікі гэтай жа дынастыі ў канцы XVI — першай палове XVII ст. былі і каралямі Рэчы Паспалітай. У такой якасці яны выкарыстоўвалі на сцягах колеры польскага герба — чырвоны і белы. Нагадаем, што такія ж колеры былі і на гербе ВКЛ. У сувязі з гэтым уяўляе цікавасць адзін са сцягоў, які ўжываўся пры Уладзіславе IV — з чаргаваннем дзвюх белых і дзвюх чырвоных палос. Як лічаць некаторыя, у ім адлюстраваліся не толькі польскія гербавыя колеры, але і колеры ВКЛ. Пасля згасання дынастыі Вазаў гэтая традыцыя, аднак, не атрымала працягу.

Выкарыстанне гербавых колераў на розных апазнавальных сцяжках ці карабельных сцягах было даволі пашыраным у Еўропе. Але, паколькі дзяржава ў першую чаргу атаясамлівалася з пануючай дынастыяй, часта за ўзор браліся дынастычныя колеры. Так, на сцягах Галандыі з канца XVI ст. выкарыстоўваліся гербавыя колеры яе ўладара прынца Аранскага: аранжавы (пазней — чырвоны), белы і сіні. На сцягах Аўстра-Венгерскай імперыі выкарыстоўваліся гербавыя колеры Бабенбергаў (чырвона-бела-чырвоны), у Прусіі — колеры Гогенцолернаў (белы і чорны).

Масавае стварэнне афіцыйных сцягоў еўрапейскіх краін прыпадае на канец XVIII — пачатак XIX ст. Гэта звязана з пераменамі ў грамадскай свядомасці пасля Вялікай французскай рэвалюцыі, калі дзяржава пачала ўспрымацца як насельніцтва пэўнай тэрыторыі, а не як пануючая дынастыя. Тады з'явіліся французскі, бельгійскі, ламбардскі (пазнейшы італьянскі), іспанскі, нарвежскі, амерыканскі сцягі. Тады ж крышталізуецца і сама ідэя сцяга ў сучасным сэнсе, як увасабленне дзяржаўнай незалежнасці. У XIX ст. адным з атрыбутаў любога нацыянальна-вызваленчага руху абавязкова становіцца сцяг: так было ў час антытурэцкага паўстання ў Грэцыі ў 1821 г. і ў час антырасійскага паўстання ў Польшчы ў 1831 г. Менавіта тады канчаткова склаўся выгляд польскага сцяга (на падставе гістарычных гербавых колераў).

Паколькі далёка не ўсе еўрапейскія нацыі ў ХІХ ст. мелі сваю дзяржаўнасць, тады ж узнікае і паняцце нацыянальнага сцяга як сцяга нацыі, якая на такую дзяржаўнасць прэтэндуе. Такую ролю выконваў, у прыватнасці, бела-чырвоны польскі сцяг ці эстонскі сіне-чорна-белы, які ўзнік у 1881 г. Другая хваля масавага з'яўлення дзяржаўных сцягоў прыпадае на час пасля першай сусветнай вайны, калі з'явіўся цэлы шэраг новых незалежных краін. Тады ў якасці дзяржаўных былі зацверджаны польскі, эстонскі, сучасны германскі (неафіцыйна існаваў з 1832 г.), нанова ўтвораны літоўскі, югаслаўскі і іншыя сцягі.

На гэтым фоне відавочна, што шукаць вытокі нацыянальнага беларускага сцяга варта не раней, чым аформілася беларуская нацыянальная ідэя. У сярэдзіне ХІХ ст. да гэтай ідэі толькі прыходзілі асобныя прадстаўнікі інтэлігенцыі. Нават сам факт існавання беларускага народа не стаў яшчэ агульнапрынятым, а аб нацыянальнай беларускай дзяржаве і ўвогуле размова не ішла. Таму ні пад час паўстання 1831 г., ні пад час паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага (1863 г.) мы, насуперак распаўсюджанай думцы, не сустрэнем ніводнага выпадку выкарыстання бела-чырвона-белага сцяга. Паўстанцы тады змагаліся альбо за аднаўленне адзінай Рэчы Паспалітай, альбо за аднаўленне ВКЛ у федэрацыі з Польшчай, таму і выкарыстоўвалі яны альбо польскую сімволіку, альбо сімволіку ВКЛ (выяву "Пагоні"). Час змагання эа дзяржаву беларусаў яшчэ не настаў, як не настаў і час беларускага сцяга.

Перыяд крышталізацыі беларускай нацыянальнай ідэі прыпадае на канец XIX — пачатак XX ст. Уголас загучала яна пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., калі многія народы былой Расійскай імперыі абвясцілі сваё права на самавызначэнне. Тады і беларусы загаварылі аб самастойнасці — пакуль у форме нацыянальнай аўтаноміі. 25 — 27 сакавіка ў Мінску адбыўся з'езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які сфарміраваў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) і даручыў яму распрацаваць у кантакце з Часовым урадам пытанні аўтаноміі Беларусі.

У гэтым кантэксце натуральным выглядае з'яўленне сцяга як увасаблення ідэі беларускай дзяржаўнасці. На жаль, сам момант яго стварэння дакументамі не зафіксаваны. Аб ім гавораць толькі ўспаміны ўдзельнікаў, часта запісаныя праз некалькі дзесяцігоддзяў і таму не абавязкова дакладныя. Так, адзін з дзеячаў нацыянальнага руху К.Дуж-Душэўскі ў сваіх мемуарах у 1930-я гады прыгадваў, што, калі паўстала пытанне аб стварэнні сцяга, ён зрабіў некалькі варыянтаў, з якіх быў прыняты бела-чырвона-белы. Дуж-Душэўскі не прыводзіць дакладную дату, але, паводле кантэксту, размова ідзе аб 1917 г. 

Ва ўспамінаіх шэрагу дзеячаў нацыянальнага руху прыгадваецца, што пры адкрыцці з'езда 25 сакавіка быў вывешаны белы сцяг, які павінен быў сімвалізаваць Белую Русь, але ён адразу выклікаў пярэчанні дэлегатаў. Тады на пасяджэнні навастворанага БНК было разгледжана пытанне аб сімволіцы. У сакавіку 1917 г. некаторыя мясцовыя Саветы ў Беларусі пачалі стыхійна выкарыстоўваць на пячатках выяву "Пагоні". БНК вырашыў зацвердзіць гэтую практыку і лічыць старажытны герб ВКЛ нацыянальнай беларускай эмблемай. Што тычыцца сцяга, то рашаючым аргументам на карысць бела-чырвона-белага спалучэння паслужылі не гербавыя колеры "Пагоні", як часам сцвярджаюць, а тыповасць такой каляровай гамы для беларускага нацыянальнага адзення. Магчыма, тады быў зацверджаны якраз адзін з распрацаваных К.Дуж-Душэўскім варыянтаў. Адразу ж было вырашана пашыць новыя сцягі і разаслаць ва ўсе мясцовыя беларускія арганізацыі. Р.Астроўскі сведчыў, што ён асабіста ў маі 1917 г. атрымаў такі сцяг у Слуцку, дзе тады працаваў. На бела-чырвона-белым палотнішчы залатымі літарамі было вышыта: "Няхай жыве вольная Беларусь".

Адзначым, што ў некаторых успамінах (напрыклад, Я.Сушынскага) сцвярджаецца, што бела-чырвона-белае спалучэнне выкарыстоўвалася студэнцкімі гурткамі і нацыянальнымі арганізацыямі яшчэ да Лютаўскай рэвалюцыі. Дакументамі гэта не пацвярджаецца, таму не выключана, што адбылося наслаенне пазнейшых успамінаў на больш раннія.

Што да 1917 г., то факты выкарыстання беларускага сцяга зафіксаваны ў шэрагу тагачасных газетных публікацый. Існавалі розныя варыянты сцяга: чысты трохпалосны, з нашытымі паверх лозунгамі, а таксама з выявай "Пагоні" на адным баку ў промнях узыходзячага сонца. Выкарыстоўваўся сцяг з усімі сваімі варыянтамі на працягу 1917 г. побач з чырвоным рэвалюцыйным, але не шырэй, чым была пашырана на той момант беларуская нацыянальная ідэя. Яна ж была яшчэ вельмі кволай, не паспела пранікнуць у шырокія народныя масы. Аб гэтым выразна сведчаць вынікі першых (і на доўгія дзесяцігоддзі — адзіных) свабодных выбараў у гісторыі Беларусі — выбараў ва Устаноўчы сход у лістападзе 1917 г. Пераважная большасць беларускіх выбаршчыкаў прагаласавала за агульнарасійскія рэвалюцыйныя партыі — бальшавікоў і эсэраў, мясцовыя ж нацыянальныя партыі атрымалі менш чым 1 працэнт галасоў.

Тым не менш Усебеларускі з'езд, які адкрыўся ў Мінску 7 снежня 1917 г., меў даволі шырокі грамадскі рэзананс. Пра яго пісалі амаль усе мясцовыя газеты, адзначаючы наяўнасць беларускіх сцягоў. Шмат увагі ўдзялялі яны і інцыдэнту, што адбыўся на з'ездзе: адзін з гасцей, бальшавік-латыш, у сваім выступленні дапусціў рэзкі выпад супраць сцяга, што выклікала выбух абурэння ў зале. Сутнасць выпаду трактуецца па-рознаму. У некаторых газетах і ўспамінах сцвярджаецца, што бальшавік параіў беларусам выкінуць іх сцяг. Але, напрыклад, у "Аршанскім весніку" за 14 снежня 1917 г. прыводзяцца такія словы прамоўцы: "Кіньце наш сцяг". У сувязі э гэтым варта прыгадаць, што адначасова з беларускім адбывалася афармленне і латышскага нацыянальнага сцяга. Прапаноўваліся розныя варыянты. У 1915 г. мастак Я.Гросвалдс зрабіў эскіз бела-чырвона-белага сцяга, які павінны былі ўзняць латышскія стралкі ў выпадку вызвалення ад немцаў Мітавы. Магчыма, менавіта гэты факт і меў на ўвазе латышскі бальшавік.

У Латвіі, аднак, ужо ў маі 1917 г. канчаткова спынілі выбар на чырвона-бела-чырвоным палотнішчы. Дарэчы, у суседняй Літве выбар сцяга таксама ішоў складана. Пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці на пачатку 1918 г. ва ўжытку засталіся два варыянты: гістарычны, які аднаўляў выгляд штандара ВКЛ (белая "Пагоня" на чырвоным палотнішчы), і наваствораны — жоўта-зялёна-чырвоны. Першы э іх быў абвешчаны дзяржаўным штандарам, другі — нацыянальным сцягам. Гербам Літоўскай рэспублікі, як і на Беларусі, быў абраны герб ВКЛ, што цалкам зразумела — у гэтай дэяржаве і беларускія, і літоўскія нацыянальныя дзеячы не без падстаў бачылі агульную калыску сваіх народаў.

Агульнапрызнана, што пасля абвяшчэння БНР і яе незалежнасці ад Расіі ў 1918 г., у якасці дзяржаўных сімвалаў выкарыстоўваліся "Пагоня" і бела-чырвона-белы сцяг. Нарматыўны варыянт сцяга быў зацверджаны Сакратарыятам БНР і апублікаваны ў газеце "Вольная Беларусь" 11 жніўня 1918 г. Але яму быў наканаваны цяжкі лёс.

Есць сведчанні, што нацыянальны сцяг быў вывешаны на будынку, дзе змяшчаўся Народны сакратарыят, ужо 19 лютага 1918 г., пасля эвакуацыі бальшавікоў з Мінска, аднак немцы, як толькі ўступілі ў горад, адразу ж сарвалі яго. Увогуле ні Германія, ні краіны Антанты ў сваіх планах пасляваеннага ўладкавання Еўропы не бачылі месца для незалежнай беларускай дзяржавы. Таму, а таксама з-за нізкай нацыянальнай свядомасці народных мас ход гісторыі на Беларусі пайшоў іншым шляхам, чым у сумежных Польшчы, Літве і Латвіі. Там наваствораныя дзяржавы і іх сімволіка атрымалі міжнароднае прызнанне і сёння не выклікаюць пярэчанняў. Дзяржаўныя сімвалы Беларусі, што з'явіліся адначасова і аднолькавым чынам з латвійскімі і літоўскімі, засталіся ў карыстанні толькі эмігранцкіх урадаў, з якімі ніхто асабліва не лічыўся.

Цікава, што і ў БССР у час кароткай "беларусізацыі" 1920-х гадоў была зроблена спроба афіцыйна прызнаць нацыянальнае спалучэнне колераў. Пры стварэнні ў 1927 г. новага герба БССР, які ў цэлым паўтараў асноўныя рысы герба СССР, стужка на вянку была зроблена бела-чырвона-белай. Праект прайшоў даволі высокія інстанцыі і быў зменены толькі Прэзідыумам ЦВК, які пастанавіў зрабіць стужку чырвонай. Думаецца, шо, калі б нейкім цудам "крамольная" стужка ўсё ж трапіла на герб, сённяшнія адносіны да сцяга былі б крыху лепшымі.

Аднак адбылося іншае, супрацьлеглае па выніках: нацыянальная сімволіка, якую так і не прызналі камуністы, была дазволена да выкарыстання на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі Беларусі. Праўда, і тут трэба аддзяліць факты ад міфаў. Тое, што сімволіка выкарыстоўвалася ў час акупацыі, пацвярджаецца шматлікімі фота- і кінадакументамі, публікацыямі ў тагачасным друку. Але не ўсё так проста са сцвярджэннем, нібыта немцы афіцыйна зацвердзілі яе і рэкамендавалі да ўжывання. Сапраўды, паведамленне аб гэтым з'явілася 6 верасня 1942 г. у беларускай газеце "Раніца", якая выдавалася ў Берліне. У ім пісалася, што генеральны камісар В.Кубэ 27 ліпеня 1942 г. аддаў спецыяльнае распараджэнне, якім дазволіў выкарыстоўваць "пры розных урачыстасьцях ці для пазнаньня беларускае нацыянальнасьці" бела-чырвона-белы сцяг і "Пагоню".

У былым архіве ЦК КПБ маецца мікрафільм з дакументаў рэйхсканцылярыі, вывезеных пасля вайны ў ЗША, у тым ліку і перапіска наконт беларускай сімволікі. 3 яе вынікае, што такая пастанова сапраўды была падрыхтавана па ініцыятыве кіраўніка Беларускай народнай самапомачы І.Ермачэнкі і нават падпісана Кубэ, але рэйхскамісарыят "Остланд" выказаў свае пярэчанні і не даў дазволу на яе публікацыю. Ермачэнка даслаў тэкст у "Раніцу" самачынна, прычым пры наступным расследаванні адмаўляў сам факт такога ўчынку.

Сапраўдныя адносіны акупацыйных уладаў да беларускай сімволікі былі куды больш стрыманымі, чым вынікае з нататкі ў "Раніцы". У кастрычніку 1943 г. з рэйхсміністэрства па занятых усходніх абласцях пісалі да генеральнага камісара Беларусі: "Дзяржаўны сімвал азначае дзяржаўную самастойнасць ці, прынамсі, аўтаномію. Будучыня ж Беларусі ў яе агульных рысах дагэтуль занадта неакрэсленая, каб Вам можна было казаць сёння пра ўвядзенне "дзяржаўных сімвалаў". Гэта прывяло б у беларускіх колах да надзей, якія, між тым, не могуць спраўдзіцца". Фашысты выдатна разумелі сэнс той ідэі, якую ўвасабляла сімволіка і ажыццяўленне якой не ўваходзіла ў іх намеры.

Такім чынам, беларуская сімволіка выкарыстоўвалася калабарацыяністамі не з афіцыйнага дазволу немцаў і тым больш не па ініцыятыве апошніх, а явачным парадкам, часцей за ўсё пры маўклівай згодзе асобных акупацыйных чыноўнікаў, якія (у прыватнасці — сам Кубэ) больш-менш лагодна ставіліся да планаў беларускай аўтаноміі. Дарэчы, летам 1943 г. Кубэ выступіў з менш небяспечнай ідэяй увядзення ў якасці "нацыянальнай эмблемы" беларусаў кветкі васілька на бела-чырвона-белым фоне, якая павінна была замяніць гістарычную "Пагоню". Вось гэты праект сапраўды быў нямецкай ініцыятывай. Ён доўга блукаў па інстанцыях, пакуль у лютым 1944 г. не высветлілася, што фюрэр ужо зацвердзіў знак васілька з іншым сэнсам — як эмблему "фольксдойчэ" ў войсках СС.

У такіх умовах сфера выкарыстання нацыянальнай сімволікі пры немцах была даволі абмежаванай. Перш-наперш яна выконвала дэкаратыўную функцыю ў час урачыстасцей і пры афармленні залаў пасяджэнняў (асабліва шырока — у апошнія месяцы акупацыі). Бела-чырвона-белыя апаскі на рукавах з восені 1942 г. насілі сябры Беларускай народнай самапомачы, а пазней — Саюза беларускай моладзі, створанага восенню 1943 г. Не адпавядае рэчаіснасці сцвярджэнне, што нарукаўная павязка паліцыі была бела-чырвона-белай (на самай справе — белай з чорнай літарай Р). Затое на паліцэйскай фуражцы ўзору 1941 г. сапраўды была чырвоная цэшка (кукарда) з белай "Пагоняй", а над брыльком — пераплецены бела-чырвона-белы пасак. Няма ніякіх доказаў таго, што беларускую сімволіку выкарыстоўвалі карныя спецпадраздзяленні. Сцвярджэнне, што "пад бела-чырвона-белым сцягам палілі Хатынь" — таксама прапагандысцкі міф.

Прызнаючы гэта, трэба прызнаць i іншае: не самі факты вызначаюць нашы рашэнні, а тое эначэнне, якое мы ім надаём.

Гiсторыя беларускай нацыянальнай ідэі працягваецца, а таму працягваецца і гісторыя сімволікі, якая яе ўвасабляе.