Да пытання пра саманазву беларусаў у перыяд ВКЛ (1993)

Беларусіка – Albaruthenica. Кн. 2: Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Маладзечне 19-20 жніўня 1992 г. Мінск: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, 1993. - С. 97 – 100.

У апошні час выказваліся супрацьлеглыя меркаванні аб тым, як называлі сябе продкі сучасных беларусаў у час існавання ВКЛ. З аднаго боку, М. Піліпенка ў кнізе «Возникновение Белоруссии» зрабіў спробу даказаць, што назвы «Беларусь», «беларусы» мелі сённяшні сэнс ужо ў ХVІ ст. Іншыя даследчыкі (М. Ермаловіч і інш.) адстойваадць думку, нібыта тагачасная «Літва» цалкам сінанімічна сучаснай Беларусі, беларусы зваліся «ліцвінамі», а літоўцы — «жмудзінамі».

Між тым трэба ўлічваць, што адны і тыя ж тэрміны мелі некалькі сэнсавых узроўняў. На адным з іх тэрмін «Літва» быў не этнонімам, а палітонімам. На нашу думку, толькі ў гэтым сэнсе «ліцвінам» маглі называць любога падданага ВКЛ, незалежна ад яго этнічнай прывалежнасці, Што тычыцца «Белай Русі», то трэба адрозніваць традыцыю ўжывання гэтага тэрміна ў замежных крыніцах (дзе ён вядомы з XIV ст., але звычайна без пэўнай лакалізацыі) ад саманазвы-этноніма. . У мясцовьм ужытку ВКЛ назва «Белая Русь» з'явілася не раней канца XVI— пачатку XVII ст. і доўгі час адносілася да ўсходняй часткі Беларусі. Вядома, што нават у I-й палове XIX ст. «беларускімі губернямі» традыцыйна лічыліся толькі Віцебская і Магілеўская. На ўсю Беларусь яе сучасная назва канчаткова распаўсюдзілася ў канцы XIX ст., прычым яшчэ В. Ластоўскі лічыў яе штучнай і прапанаваў зваць беларусаў «крывічамі».

Разам з тым існуе мноства сведчанняў таго, што ў ВКЛ вельмі пашыранай была назва «Русь». Яна таксама мела розныя сэнсы і ў адным з іх выконвала функцыі суперэтноніма — агульнай саманазвы ўсіх народаў, што ўтвараліся на тэрыторыі старажытнай Кіеўскай Русі. «Рускімі» называлі сябе продкі сучасных украінцаў (Галіччына ў складзе Польскай Кароны мела нават афіцыйную назву «Рускае ваяводства», а ў закарпацкіх украінцаў саманазва «русіны» ўжываецца нават і сёння). Гэтак жа і беларусы сярэднявечча зваліся «русінамі», «рускімі», але не таму, што цалкам атаясамлівалі сябе з жыхарамі Маскоўскай Русі, а таму, што ўспрымалі сябе нашчадкамі Русі IX— XIII стст. Пераемнасць гэтых назваў такая ж, як у саманазвах старажытных рымлян і сучасных румын («раманус»).

Тэрмін «русіны» меў яшчэ канфесіянальны сэнс. Праваслаўная вера звалася таксама «рускай верай», а таму «рускім» быў аўтаматычна кожны праваслаўны Польшчы і ВКЛ.

Але існаваў яшчэ адзін, больш вузкі сэнс назвы «Русь». Так зваўся адзін з гісторыка-геаграфічных рэгіёнаў ВКЛ, раўназначны такім рэгіёнам, як Валынь, Падолле, Падляшша, Палессе, Жамойць. Сцвярджаць гэта дазваляюць вынікі даеледавання, праведезнага намі сумесна з М. Ф. Спірыдонавым. У хуткім часе яно павінна быць апублікавана асобна, таму акрэслім толькі яго сутнасць. У крыніцах ВКЛ пераважна XVI ст. (дзяржаўных і прыватных дакументах, лістах, летапісах і інш.) выяўлены звыш 100 населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснай Бёларусі, куды адбываліся паездкі з Валыні ці Літвы «на Русь», дзе жылі «рускія даннікі» ці «рускія людзі», або якія названы ў крыніцах «рускімі гарадамі», «рускімі сёламі», «рускімі маёнткамі». Усе гэтыя пункты канцэнтруюцца ў Падзвінні і Падняпроўі, на ўсход ад лініі Браслаў — Лагойск — Петрыкаў.

Мы не сустрэлі выпадкаў, калі б «Руссю» ў гэтым сэнсе называліся іншыя часткі Беларусі. Басейн Прыпяці меў назву «Палессе», а Верхняе Панямонне і Міншчына разам з усходняй часткай сучаснай Літвы (Аўкштайтыяй) называюцца ў крыніцах «Літвой» — у такім жа звужаным, рэгіянальным сэнсе.

Адзначым, што менавіта акрэслены арэал «Русі» XVI ст. пачынае пазней (асабліва часта з 20-х гг. XVII ст.) звацца ў мясцовым ужытку ВКЛ «Белай Руссю».

Такім чынам, тэрмін «Русь» (як, дарэчы, і «Літва») быў не толькі суперэтнонімам, але і субэтнонімам — назвай адной з частак этнічнай тэрыторыі тагачасных беларусаў. Такім жа субэтнонімам беларусаў трэба лічыць і назву «ІІалессе» («палешукі»). «Літва», «ліцвіны» былі субэтнонімамі для часткі беларусаў і часткі літоўцаў — аўкштаітаў. Пры гэтым ні ў беларусаў, ні ў літоўцаў не існавала тэрміна, які б ахопліваў цалкам толькі іх этнічную тэрыторыю. Саманазваў на ўзроўні этнасаў не было.

Гэта не павінна выклікаць здзіўлення, калі мы ўспомнім, што і ў Заходняй Еўропе эвалюцыя тэрмінаў была прыкладна такой жа. Палітонім «франкі», пазней «французы», ахопліваў некалькі субэтнасаў у складзе Французскага-каралеўства: германізаваны Іль-дэ-Франс,кельцкую Брэтань, раманскі Лангедок. Функцыю этноніма ён набыў, калі сфармавалася французская нацыя, межы якой супадалі з межамі дзяржавы. Тэрмін «германцы» быў спачатку суперэтнонімам, бо агульнагерманскай дзяржавы да XIX ст, не іенавала. Германская нацыя кансалідавалася з субэтнасаў саксонцаў, баварцаў, прусакаў і інш.

Этнагенез беларусаў і літоўцаў меў тую спецыфіку, што ні тыя, ні другія да XX ст. не мелі нацыянальных дзяржаў, межы якіх супадалі б з іх этнічнай тэрмторыяй. Амаль усю сваю гісторыю яны існавалі ва ўмовах поліэтнічных дзяржаў. Тым больш гонару для іх, што ў такіх неспрыяльных умовах яны здолелі кансалідавацца ў нацыі, а пазней і дамагчыся стварэння сваіх дзяржаў. Пры гэтым атрымалася так, што літоўцы ўзялі ў якасці этноніма агульны літоўска-беларускі палітонім «Літва», а беларусы – адзін са сваіх субэтнонімаў «Белая Русь».

Асабліва цікава, што імя «Літва» было не толькі літоўска-беларускім палітонімам, але адначасова і адным з агульных літоўска-беларускіх субэтнонімаў. Пры гэтым можна сказаць, што існаванне субэтнаса «ліцвінаў» адыграла выключную ролю ў этнагенезе абодвух народаў. Дарэчы, і само яго ўзнікненне было вынікам выключнай падзеі – аб'яднання ў сярэдзіне ХІІІ ст. часткі старажытнарускіх і часкі балцкіх княстваў у агульную дзяржаву, якая дазволіла ім захаваць незалежнасць ва ўмовах падвойнага націску – крыжакоў з захаду і татар з усходу. Арэал «Літвы» супадае якраз з межамі дзяржавы Міндоўга і Трайдзена ў ХІІІ ст.

Магчыма, пры іншым развіцці падзей вынікам гэтага сімбіёзу стала б утварэнне змешанага этнасу ліцвінаў, які ад балтаў узяў бы імя і пануючую дынастыю, а ад славян – мову (якраз так адбылося, дарэчы, з балгарамі, што ўтварыліся ў выніку славянацюркскага сімбіёзу). Хрышчэнне літоўцаў у каталіцтва, моцны націск з боку заходніх (палякі) і ўсходніх (расійцы) суседзяў е дазволілі ажыццявіцца гэтай магчымасці. Але без змешанага ліцвінскага субэтнаса ні літоўцы, ні беларусы не існавалі б утым выглядзе, у якім яны існуюць сёння.

Асабліва гэта датычыць беларусаў. Ім прыйшлося перажыць даволі цяжкія часы, калі спачатку палякі, а потым расійцы разглядалі Беларусь як «спрадвечную частку» сваіх этнічных тэрыторый і імкнуліся цалкам яе асіміляваць. Пры гэтым «ліцвіны» Панямоння выказалі пэўную схільнасць да акаталічвання і апалячвання. Жыхары ж усходнебеларускай «Русі» больш лёгка паддаваліся русіфікацыі (на Смаленшчыне яна адчуваецца асабліва моцна). Выратавальным для беларусаў было тое, што «ліцвінская» частка іх этнічнай тэрыторыі, зарыентаваная пераважна на захад, мела добры імунітэт супраць русіфікацыі, а звернутая на ўсход «руская» частка – супраць паланізацыі.

Сапраўды, менавіта Усходняя Беларусь найбольш паслядоўна супраціўлялася акаталічванню (за якім следам ішло апалячванне) у перыяд Рэчы Паспалітай, асабліва з пачатку XVII ст. Калі ж з другой паловы ХІХ ст. расійскі урад разгарнуў палітыку свядомай русіфікацыі беларусаў, супрацьдзеянне яна знайшла на захадзе. Не выпадкова і Багушэвіч, і Багдановіч, і Колас, і Купала ўзняліся на «ліцвінскай» глебе. Агульныя ж рычы абодвух арэалаў працавалі ў кірунку кансалідацыі – не менш важнага боку ў працэсе этнагенеза, чым асэнсаванне сваіх адрозненнеў ад суседзяў.

Усё сказанае цалкам адносіцца і да субэтнаса палешукоў, зарыеентаванага пераважна ў напрамку Украіны. Праўда, з таго боку Беларусь не адчувала экспансіянісцкіх уздзеянняў, таму сёння найбольш радыкальнай формы самаевядомасці палешукоў арыентуюцца не на «ўз'яднанне» з суседзямі, а на сепаратызм. Нам здаецца, што існаванне субэтнасаў, нават з іх экстрэмісцкімі кампанентамі, з'яўляецца натуральнай з'явай у жыцці кожнага народа, калі ўспрымаць яго не як нешта метафізічнае, узнікшае раз і назаўсёды, а як дынамічную сістэму жывых і зменлівых кампанентаў. Так было ў часы ВКЛ, так ёсць і сёння, калі ў агульны этнічны масіў беларусаў уваходзяць і палешукі, і католікі, і «расійскамоўныя беларусы». Сёння, ва ўмовах наяўнасці нацыянальнай беларускай дзяржавы, калі ёсць усе ўмовы для ўзмацнення кансалідацыйных працэсаў, існаванне субэтнасаў узбагачае нацыю, як іх існаванне ў мінулым дапамагло ёй захавацца.