ПАКАЛЕННЕ ДРУГОЕ: ВОЙШАЛК І ТРАЙДЗЕН (1260-ыя - 1280-ыя гады)

Міндоўг быў забіты ў той час, калі выправіў сваё войска ў далёкі паход на бранскага князя Рамана Міхайлавіча (сына Міхаіла Чарнігаўскага), які менавіта тады гуляў вяселле сваёй дачкі Вольгі з сынам Васількі Раманавіча Валынскага Уладзімірам. Напэўна, гэтае палітычнае збліжэнне былых ворагаў, валынскіх і чарнігаўскіх князёў, і прымусіла ўладара Літвы ўмяшацца. Аднак адыход войска спрыяў галоўным змоўшчыкам — Траняце Жамойцкаму і Таўцівілу Полацкаму, якія, верагодна, раптам вярнуліся з паўдарогі і здзейснілі свой намер. Разам з Міндоўгам загінулі і двое яго малодшых сыноў, Рэпік і Рукля.

Увогуле розныя крыніцы акрэсліваюць даволі шырокае кола змоўшчыкаў. Сярод іх называюцца і ваявода Астафій Канстанцінавіч, і нальшанскія князі Гердзень і Даўмонт; апошняга лічаць непасрэдным забойцам. Вырашальным штуршком да забойства быццам бы паслужыла тое, што Міндоўг пасля смерці сваёй жонкі пажадаў ажаніцца з яе сястрой, якая ўжо была замужам за Даўмонтам, і гвалтоўна адабраў жанчыну ў нальшанскага князя. Аднак калі гэта і было так, то ўчынак Міндоўга з'явіўся толькі апошняй кропляй, што перапоўніла чашу цярпення літоўскай знаці. Ва ўсякім выпадку, пра пагаршэнне адносін паміж Міндоўгам і Транятам крыжацкая "Рыфмаваная хроніка" паведамляе ўжо ў 1261 годзе. Так ці інакш, але грозны правіцель сышоў са сцэны — прыкладна ў 1263 ці 1264 годзе.

Амаль адначасова з ім смерць спасцігла яшчэ двух вельмі яркіх дзеячаў: Аляксандра Неўскага і Данілу Галіцкага. Смерць Данілы Валынскі летапіс датуе 1264 годам, "Велікапольская хроніка" — 1266-ым. Саракачатырохгадовы Аляксандр па ўзросту быў равеснікам сыноў Міндоўга і Данілы, але і ён цяжка захварэў у час вяртання з Арды і дадому не даехаў. Існуе меркаванне, што перад ад'ездам ён атрымаў у стаўцы хана Берке атруту (хаця смерць магла наступіць і натуральным чынам).

Далей нашымі асноўнымі дзеючымі асобамі будуць сыны і пляменнікі Міндоўга і Данілы, а ў Паўночна-Усходняй Русі — малодшыя браты Аляксандра. У Літве ж найбольш адметнай постаццю хутка стане князь Трайдзен, які пры жыцці Міндоўга заставаўся недзе зусім на заднім плане. Такім чынам, надышоў час тых, хто нарадзіўся прыкладна ў 1220-ыя гады і належаў да новага пакалення.

Але давайце яшчэ раз акінем вокам нашу сцэну, каб лепш усвядоміць тыя змены, што адбыліся на ёй за мінулае трыццацігоддзе. У большасці сваёй змены гэтыя — не ў лепшы бок. Нават у прыродзе, здавался б, усё такой жа магутнай і шчодрай, нешта быццам сапсавалася. Пачынаецца павольны пераход ад даволі цёплай і сухой кліматычнай фазы, якая панавала некалькі папярэдніх стагоддзяў, да больш халоднай і вільготнай. Аднак гэтыя змены стануць прыкметнымі праз пэўны час. Іншыя ж адразу кідаюцца ў вочы. Асабліва датычыць тое тэрыторыі ўрадлівых лесастэпаў, што была некалі сэрцам Рускай дзяржавы, славілася багатымі паселішчамі і тлустымі пашамі. Зараз толькі кудлатыя татарскія коні пасуцца на тых пашах, большасць жа сёлаў і нават гарадоў уяўляе сабой зарослыя травой пажарышчы. Людзі не сталі адраджаць гэты край, так небяспечна адкрыты на поўдзень, падаліся ў лясныя гушчары, дзе ёсць хоць нейкі паратунак ад уварванняў татар.

Некалі вялікія гарады — Кіеў, Пераяслаў, Чарнігаў — пасля разгрому прыйшлі ў заняпад. Ледзь цепліцца там жыццё пад наглядам татарскіх намеснікаў-баскакаў. І былой дзяржавы ўжо фактычна няма — яна ператварылася ў некалькі слаба звязаных між сабой ардынскіх правінцый. Нават мацнейшыя з іх: Уладзіміра-Суз-дальская, Наўгародская, Галіцка- Валынская землі — не здолелі захаваць незалежнасць, схіліліся перад неадольным ветрам з усходу.

Але і з захаду дзьмуць на балтыйскія пясчаныя косы не менш жорсткія вятры, што напінаюць ветразі нямецкіх караблёў. На іх плывуць сюды новыя ўдзельнікі крыжовых паходаў, новыя ахвотнікі ўліцца ў драпежнае тэўтонскае брацтва. І тут бачым мы гарэлыя бярвенні прускіх умацаванняў, а таксама і разбураныя ордэнскія замкі і двары ахрышчанай знаці — у Прусіі зноў кіпіць вайна.

Бадай што, Польшчы пашанцавала больш. Хоць і тут паўсюдна сляды свежых разбурэнняў (у Сандамірскай зямлі — татарскіх, у Мазовіі і Куявіі — прускіх і літоўскіх), але да такога відовішча не прывыкаць было жыхарам сярэднявечча. У адрозненне ад Русі палітычная сістэма ў гэтай заходнеславянскай краіне ацалела, некаторыя змены хоць і адбываюцца, але носяць больш мірны характар. Працягвае нарастаць культурны ўплыў Германіі. Упершыню будуюцца гонкія гатычныя касцёлы, якія хутка выцесняць ранейшыя, больш масіўныя — раманскага стылю. Рынкі запаўняе новая манета з чэшскіх сярэбраных руднікоў — пражскі грош, што пачалі адбіваць з 1276 года. Хутка ён распаўсюдзіцца і ў Літве, і ў Заходняй Русі замест былых срэбраных зліткаў-грыўняў.

Яшчэ адна характэрная рыса новага, занесеная з захаду,— мураваныя ўмацаванні, практыка ўзвядзення якіх пачынае распаўсюджвацца і праз Сілезію, і праз ордэнскія тэрыторыі, дзе будаваць каменныя замкі сталі адразу пасля з'яўлення крыжакоў. Ні на польскіх, ні на рускіх землях раней такіх умацаванняў не ставілі, хоць здаўна ўмелі класці выдатныя мураваныя цэрквы. Крапасныя сцены і вежы традыцыйна былі драўлянымі.

Праўда, і зараз старая тэхналогія пераважае. Але ў ёй з'явілася новая дэталь: у атачэнні сцен з бярвення пачалі будаваць мураваныя вежы ("стаўпы"). У 1257 годзе такая вежа ўпамінаецца ў буйнейшым сілезскім горадзе Вроцлаве, пазней яны ўзнікаюць і ў іншых гарадах Сілезіі, а адтуль гэтая традыцыя перакачоўвае на Валынь і ў Панямонне. Дакладныя даты з'яўлення новых умацаванняў у крыніцах прыводзяцца рэдка. Напэўна, мураваныя вежы ўзніклі на Валыні пасля таго, як старыя ўмацаванні гарадоў былі разабраны па загаду Бурундая.

Мураваныя вежы ўзвышаліся над драўлянымі сценамі Холма, Чартарыйска, Стоўп'я. У 1276 годзе Уладзімір Васількавіч заснаваў на паўночнай мяжы сваіх уладанняў, у Берасцейскай зямлі, горад Камянец, дзе злажылі такое ж умацаванне. Яно захавалася да нашых дзён і зараз вядома як славутая "Белая вежа". Такія ж былі і ў Берасці, Ноўгародку, Горадне, Пінску. Іншы раз іх ставілі ўнутры гарадскіх сцен, а часам — звонку, як у Горадне, дзе паводле летапіснага паведамлення 1277 года "каменны стоўп" прыкрываў падыход да гарадской брамы.

Існуе гіпотэза, што пры Міндоўгу ці яго пераемніках такая ж вежа ўзнялася і ў Вільне (сподняя частка вежы на плошчы Гедымінаса). Даказаць гэта цяжка, як цяжка і абвергнуць. Усё ж больш верагодным здаецца, што ў літоўскіх землях такія ўмацаванні з'явіліся пазней.

Як ні дзіўна, але найменш знешніх змен мы ўбачым там, дзе адбываюцца найболей значныя падзеі, дзе ідзе працэс стварэння Літоўскай дзяржавы. У літоўскіх пушчах пакуль што не з'явіліся сапраўдныя гарады (хаця мясцовыя археолагі лічаць гарадскім цэнтрам XIII стагоддзя Вільна), а выгляд вёсак і ўмацаваных баярскіх двароў застаецца ўсё тым жа. І сумежныя рускія княствы працягваюць жыць па-ранейшаму — з'яўленне літоўскіх князёў у Панямонні і Полацку мала што змяніла. Татарскі ўплыў сюды, дзякуй Богу, не дайшоў, а літоўскі адчуваўся і раней. Хіба што знікненне агульнарускага гандлю вымушае купцоў усё больш паглядаць у нямецкі бок, але і гэты працэс пачаўся значна раней, калі яшчэ ў 1204 годзе крыжакі замест Палесціны заваявалі Візантыю — духоўную метраполію Русі, ператварыўшы яе ў "Лацінскую імперыю".

Хто ж будзе дзейнічаць на ўсіх гэтых абшарах у разглядаемы час? У Галіцка-Валынскім княстве пасля смерці Данілы старэйшым князем застаўся яго брат Васілька з адзіным сынам Уладзімірам — тым самым, чыё вяселле ў Бранску імкнуўся папсаваць Міндоўг. У Данілы пасля смерці Рамана заставалася трое сыноў: Леў, Шварн — зяць Міндоўга і Мсціслаў. Пасля смерці Данілы адбылося пераразмеркаванне ўладанняў: Васілька да сваіх Берасця і Кобрына ўзяў Уладзімір-Валынскі, а свой Луцк аддаў Мсціславу Данілавічу. Леў і Шварн падзялілі астатнюю частку бацькоўскіх уладанняў, прычым Галіч з Холмам і Белзам дастаўся Шварну, а Леў атрымаў толькі Перамышль і Львоў, які бацька заснаваў у яго гонар.

Новым цэнтрам Чарнігаўскай зямлі зрабіўся надзейна схаваны ў лясах Бранск. Менавіта там пачаў княжыць сын Міхаіла Чарнігаўскага Раман з сынамі Міхаілам і Алегам. Пра астатніх чарнігаўскіх князёў амаль нічога не вядома. Ёсць звесткі, што малодшыя сыны Міхаіла Чарнігаўскага атрымалі ўдзелы ў Глухаве і аддаленых гарадах былой зямлі вяцічаў — Казельску і Тарусе. Пазней там, у вярхоўях Акі, утворацца самастойныя княствы. З курскай галіны ў гэты час вядомыя князі Алег Рыльскі і Святаслаў Ліпецкі з братам Аляксандрам.

У Тураўскай зямлі працягваюць існаваць тры дробныя дынастыі: тураўская, пінская і, напэўна, дубровіцка-сцяпаньская. Тураўскіх князёў летапіс згадвае толькі раз у 1274 годзе, не называючы іх імёнаў. Пінскія князі ў палітычных падзеях адыгрывалі больш істотную ролю. Гэта былі Фёдар, Дзямід і Юрый Уладзіміравічы — напэўна, малодшыя браты таго Расціслава Уладзіміравіча, што ў 1240 годзе хаваўся ад татар, і пляменнікі пінскага князя 1240-ых гадоў Міхаіла. З апошняй галіны вядома толькі пра Івана Глебавіча Сцяпаньскага, які памёр у 1292 годзе адначасова з Юрыем Пінскім.

Пра тэрыторыю далей на поўнач — практычна поўнае маўчанне крыніц. Мясцовыя дынастыі ў гарадах Панямоння, калі яны і існавалі дагэтуль, цяпер абрываюцца канчаткова. Апошні іх прадстаўнік — Васілька Слонімскі ў канцы разглядаемага перыяду выступае як служылы князь Уладзіміра Васількавіча Валынскага. Можна меркаваць, што па-ранейшаму ёсць князі ў Друцку і Свіслачы. Праўда, уласны радавод князёў Друцкіх, які быў складзены не раней канца XV стагоддзя, чамусьці лічыць родапачынальнікам невядомага па іншых крыніцах Рамана, быццам бы сына Аляксандра Белзскага, аднак захаванне мясцовай дынастыі Рагвалодавічаў уяўляецца больш верагодным. Пра іншыя гарады: Слуцк, Клецк, Менск, Заслаўе, Лагойск, Лукомль — можна толькі гадаць.

Полацка-віцебская дынастыя, напэўна, таксама згасла, бо інакш цяжка растлумачыць паслядоўнае панаванне ў Полацку літоўскіх князёў. Праўда, яшчэ ў адной грамаце часоў Войшалка ўпамянуты і полацкі князь Ізяслаў (магчыма, які раней правіў у Свіслачы, але ў тых умовах яго паходжанне магло быць самым нечаканым). Што ж датычыць зяця Аляксандра Неўскага — Канстанціна, які ў 1262 годзе быццам бы з'яўляўся віцебскім князем, часова займаў полацкі пасад у 1264-ым, а ў 1280-ыя гады, магчыма, выступаў як полацкі князь Канстанцін Бязрукі ў "Настаўленні" цвярскога епіскапа Сямёна, то пра яго паходжанне таксама выказваліся розныя думкі. Яго лічылі і сынам смаленскага князя Расціслава Мсціславіча, і нават ахрышчаным сынам Таўцівіла, і нашчадкам мясцовых віцебскіх князёў. Выбраць упэўнена якую-небудзь з гэтых версій немагчыма з-за недахопу звестак.

Смаленскія князі на старонкі летапісаў у гэты час таксама трапляюць нс вельмі часта. У 1267 годзе згадваецца Канстанцін (ці не той самы зяць Аляксандра Неўскага?), у 1270—1277 гадах у Смаленску пануе Глеб Расціславіч, у 1277—1279 гадах — Міхаіл (ці то брат Глеба, ці то сын Канстаціна). Мажайскім удзелам валодае Фёдар Расціславіч Чорны, які ў 1280 годзе займае Смаленск, але пляменнікі (сыны памёршага ў 1277 годзе Глеба) хутка выганяюць яго адтуль. Існуе ўдзел і ў Вязьме, ім валодае невядомы з імя і паходжання князь (бацька пазнейшага Андрэя Вяземскага — Дарагабужскага).

Вялікае княжанне Уладзімірскае пасля смерці Аляксандра Неўскага паслядоўна займаюць яго браты: Яраслаў Цвярскі і Васіль Кастрамскі. Паездкі ў Арду не спрыяюць іх даўгалеццю, і ўжо с канца 1270-ых гадоў вяршэнства пераходзіць да маладых сыноў Аляксандра: Дзмітрыя, Андрэя і Данілы (старэйшы сын Васіль, былы князь Наўгародскі, памёр зусім маладым у 1271 годзе). Яшчэ адзін брат Аляксандра — няўдалы вялікі князь Андрэй памёр амаль адразу пасля Аляксандра ў 1264 годзе. Ён пакінуў непаўналетніх сыноў, да якіх перайшоў яго Суздальскі ўдзел. Ва Уладзіміра- Суздальскай зямлі ўтварыліся і іншыя дынастыі (растоўская, белазёрская, яраслаўская, старадубская), якія, аднак, на ход падзей, што нас цікавяць, практычна не будуць уплываць.

Гэты працэс здрабнення княжацкіх вотчын працаваў не на карысць Русі. Парадзелае насельніцтва, разбураныя гандлёвыя сувязі ўжо не патрабавалі развіцця самастойнай мясцовай улады. Наадварот, палітычныя ўмовы вымагалі моцнага адзінага кіраўніцтва, якое б наладзіла супрацьдзеянне захопнікам. Аднак не было каму спыніць драбленне абезгалоўленай дзяржавы, і гэты працэс працягваўся стыхійна, па інерцыі, прычым татарскія ханы актыўна яго падтрымлівалі.

 

І ў Літве ўлада, створаная Міндоўгам, з'яўлялася вярхоўнай, але не зусім аднаасобнай. Хоць валадар і пазбавіўся ад многіх сваіх родзічаў і прадстаўнікоў іншых дынастый, але ж нямала іх яшчэ і заставалася. Ацалеў пляменнік Таўцівіл, што княжыў у суседнім Полацку. Жамойць належала Траняце, які пасля ажыццяўлення змовы заняў і пасаду вялікага князя. Прынамсі, адно з ранейшых малых княжанняў — Нальшанская зямля — таксама захавалася як паўсамастойнае ўтварэнне. Сярод яе ўладальнікаў вядомыя Гердзень і Даўмонт, роднасныя адносіны якіх вызначыць цяжка. У адной з крыніц жонка Гердзеня называецца цёткай Даўмонта. Магчыма, тэрмін ужыты ў тым сэнсе, як і зараз пляменнік часам называе жонку свайго дзядзькі "цёцяй". У такім выпадку можна было б лічыць Даўмонта — сынам брата Гердзеня, што тлумачыла б іх сумеснае валоданне Нальшанамі. Магчыма, аднак, і іншае тлумачэнне: абодва яны ўладкаваліся там як нашчадкі згаслай мясцовай дынастыі па жаночай лініі ("па кудзелі").

Сярод іншых дынастый магчыма існаванне кагосьці са шматлікіх Рушкавічаў. Да якойсьці асобнай генеалагічнай лініі належаў і будучы вялікі князь Трайдзен з чатырма братамі, трое з якіх на працягу 1260-ых гадоў загінулі ў войнах з валынскім князем Васількам. Іпацьеўскі летапіс называе іх імёны: Борза, Лесій, Свелкеній і Сірпуцій. Пра магчымае паходжанне гэтага роду размова пойдзе ніжэй.

Для Русі дадзены перыяд быў ледзь не самым змрочным за ўсю яе гісторыю. Ваеннае супраціўленне татарам зломлена (апошняй спробай з'явілася паўстанне ў Суздалі і іншых залескіх гарадах у 1262 годзе), каб на працягу амаль двух пакаленняў больш не ўзнаўляцца. Той жах, які вёў татарскіх воінаў да перамог, зараз разліўся па заваяваных імі землях, паралізуючы волю скораных народаў. Усе найбольш мужныя і гордыя ўзняліся першымі і загінулі ці зніклі назаўсёды ў натоўпах палонных, якія праглынула стэпавая бясконцасць. Водгукі гэтай страшэннай негатыўнай селекцыі яшчэ доўга будуць праяўляцца ў рускай гісторыі. Гарады і вёскі прыціснуў цяжкі падаткавы прэс, які абмяжоўваўся толькі клопатам татарскіх ханаў аб тым, каб увогуле не высмактаць апошнія сокі з новых даннікаў, не пазбавіцца такім чынам крыніцы абагачэння.

Нават ацалелыя гарады і храмы прыходзілі ў заняпад. Сіл ставала толькі на тое, каб забяспечыць своечасовую ўплату даніны, не давесці да новага карнага пагрому. Зніклі школы дойлідаў і багамазаў, у большасці княстваў абарвалася летапісанне. Летапісы ў гэты час вяліся толькі ў Ноўгарадзе і Пскове, дзе-нідзе ў Залескай Русі ды на Валыні (але і Валынскі летапіс — адна з асноўных "нашых крыніц —абарвецца ў 1292 годзе).

Залатая Арда, як вялізны клешч, прысмакталася да захопленых земляў. У ёй да 1266 года пануе хан Берке, а пасля яго смерці — Менгу- Цімур, які быў ці то малодшым братам, ці то пляменнікам Берке. Пры ім пачала ўзыходзіць зорка цемніка Нагая, які, магчыма, не належаў да нашчадкаў Джучы, але энергіяй і здольнасцямі перасягаў іх. Ён атрымаў у намесніцтва прычарнаморскія стэпы між Дунаем і Дняпром і змяніў Бурундая на пасадзе "куратара" паўднёварускіх спраў. Магутнасць яго параўноўвалася з магутнасцю хана. Нагай самастойна наладзіў знешнепалітычныя зносіны з адноўленай у 1260 годзе Візантыйскай імперыяй, умешваўся ў заходнееўрапейскія справы. Яго блізкая стаўка была для Русі куды больш небяспечнай, чым далёкая ханская рэзідэнцыя Сарай- Берке.

Але давайце вернемся ў Літву, якую мы пакінулі ў момант забойства Міндоўга. Адразу ж пасля перавароту адносіны паміж галоўнымі змоўшчыкамі абвастрыліся. Транята і Таўцівіл не давяралі адзін аднаму, абодва імкнуліся да аднаасобнай улады. Таўцівіл, аднак, не карыстаўся чамусьці і поўнай падтрымкай полацкага баярства. Адзін з яго набліжаных падчас перамоваў з Транятам выдаў апошняму намеры Таўцівіла. У выніку полацкі князь быў забіты (у 1264 годзе), а затым Транята патрабаваў ад палачан прыняць князем яго стаўленіка і выдаць юнага сына Таўцівіла, які заставаўся ў Полацку. Першую ўмову палачане выканалі, другую — не. Яны дазволілі сыну Таўцівіла збегчы ў Ноўгарад. Далейшы яго лёс невядомы. У Полацку ж на вельмі кароткі тэрмін з'явіўся князь Канстанцін (напэўна, той, што раней княжыў у Віцебску). У тым жа 1264 годзе яго змяняе Гердзень.

Між тым старэйшы сын Міндоўга Войшалк пасля забойства бацькі ўцёк у Пінск (напэўна, з Лаўрышаўскага манастыра). Аднак гэты ціхмяны манах яшчэ раз праяўляе сябе актыўным палітыкам. Нечакана Транята гіне на ўласным двары па дарозе ў лазню ад рук сваіх слуг. У святле наступных падзей можна меркаваць, што без Войшалка тут не абышлося. Пінскія князі даюць яму дружыну, і з ёю Войшалк уваходзіць у Ноўгародак і абвяшчае сябе яго князем. Ён звяртаецца па дапамогу да галіцка-валынскіх князёў і атрымлівае яе ад свайго швагра Шварна Данілавіча. Даволі хутка яму ўдаецца ўладкавацца і ў астатніх бацькоўскіх уладаннях.

Васілька і Шварн з братамі актыўна падтрымалі Войшалка, праруская арыентацыя якога не выклікае сумненняў. Магчыма, яго рукамі яны намерваліся правесці хрышчэнне Літвы. Ва ўсякім выпадку, з'явіўся вельмі зручны момант для распаўсюджання валынскага ўплыву не толькі на Ноўгародскую зямлю, але і далей на поўнач, на ўласна літоўскія землі.

Цяжка сказаць, наколькі самастойна дзейнічаў Войшалк і ці не з'яўляўся ён палітычнай марыянеткай. Прынамсі, увесь час яго панавання ў Літве побач з ім стаіць постаць Шварна Данілавіча. З яго дапамогай Войшалк пачынае помсціць прыхільнікам змовы, што аб'ектыўна выліваецца ў знішчэнне рэшткаў былых паўсамастойных княстваў. Галіцка-ноўгародскае войска ўрываецца ў Дзевалтву і Нальшаны, знішчае замкі тамтэйшых арыстакратаў. Даўмонт уцякае ў Пскоў, дзе гараджане прымаюць яго на княжанне. Там яму пад хрысціянскім імем Цімафей давядзецца княжыць вельмі доўга, аж да сваёй смерці ў 1299 годзе.

Што ж датычыць Гердзеня, то ён быццам бы перайшоў на бок Войшалка, бо пэўны час застаецца князем Полацка і Нальшан. Яго імем падпісана пагадненне Полацка з Рыгай у 1264 годзе, а праз два гады Даўмонт з Пскова змагаецца з ім за сваю вотчыну ў Нальшанскай зямлі. У гэтай барацьбе Гердзень, відаць, гіне, і ў 1267 годзе мы сустракаем у новым пагадненні з Рыгай ужо імя Ізяслава Полацкага — сатэліта Войшалка і Шварна. (У гэтай грамаце, напісанай ад імя Ізяслава, ёсць загадкавая фраза: "а Изяслав со мной одно", якая быццам бы сведчыць пра існаванне яшчэ аднаго Ізяслава. Не выключана, аднак, што гэтая фраза ўстаўлена ад імя Войшалка, які ўпамінаецца ў тэксце вышэй як "Моишелг". Двухсэнсоўнасць з'явілася вынікам памылкі пісара.) Даўмонт жа так і не здолеў вярнуць сабе ўладу ў Нальшанах.

Такім чынам, усобіца ў Літоўскай дзяржаве была ліквідавана. Літва выйшла з яе нават больш адзінай, чым раней, але за кошт падпарадкавання Галіцка-Валынскаму княству. Войшалк прызнаў сябе васалам Васількі Раманавіча ("нарекл бо бяшет Василька отца собе и господина"). Сумесна са Шварнам ён удзельнічаў у паходзе на Баляслава Мазавецкага, які, верагодна, быў выкліканы канфліктам з-за захопленых раней яцвяжскіх тэрыторый. Ва ўсякім разе, рэакцыя Баляслава паказвае, што галоўную ролю ў паходзе адыгрываў менавіта Шварн — ён атрымаў ад паляка папрок: "Я на Литву не жалую, оже мя воевали немирникъ мои, а воевал мя тако и гораздо (яшчэ мацней.—В. Н.), то на тя жалую". Малады мазавецкі князь (нагадаю — сын Зямовіта, загінуўшага раней падчас такога ж сумеснага паходу Міндоўга і Шварна) у адказ спустошыў галіцкія ўладанні Шварна. Пазней нарэшце між імі было дасягнута замірэнне.

Хутка пасля гэтых падзей Войшалк раптам зноў згубіў цікавасць да палітычных спраў і пажадаў аднавіць сваё манаства — ці то ў выніку нейкіх палітычных інтрыг, ці то сапраўды з мэтай пакаяння за пралітую кроў. Ад улады над Літвой ён адмовіўся на карысць Шварна, жанатага з яго сястрой, а сам пайшоў ва Угроўскі манастыр на Падляшшы. Гэта азначала, па сутнасці, прамое падпарадкаванне Галіча і Літвы адзінай уладзе — дынастычную унію. Для Шварна гэта быў значны поспех, але ён выклікаў навокал шмат незадавальнення. Пакрыўджаным адчуў сябе старэйшы брат Шварна Леў, які відавочна адсоўваўся энергічным Шварнам некуды на задні план. Аднак гнеў яго выліўся не на Шварна, а на Войшалка, які і быў засечаны Львом уласнаручна пасля "сяброўскай" размовы на піры, куды Леў сам жа яго і запрасіў.

У Літве Шварн меў, несумненна, пэўную падтрымку, хаця б ужо з-за аднаго свайго сваяцтва з загінуўшай дынастыяй Міндоўга. Калі б у яго нарадзіўся сын, ён паводле родавых звычаяў лічыўся б законным нашчадкам Міндоўга "па кудзелі". Аднак Шварн, відаць, не пакінуў дзяцей. З другога боку, яго ўзвышэнне не магло не выклікаць моцнага незадавальнення літоўскай знаці, для якой падпарадкаванне чужому князю было абразай. Магчыма, менавіта мясцовыя баяры паспрыялі таму, што панаванне Шварна не зацягнулася: "Шварнови в Литовскои земле княжив лет немного, и тако преставися". Гэта адбылося прыкладна ў 1270 годзе — праз два-тры гады пасля смерці Войшалка.

Галіцка-валынскія ўладанні Шварна адышлі да яго брата Льва, а ў Літве ўзяла верх антыгаліцкая партыя, якая абрала вялікім князем Трайдзена — старога ворага Васількі Раманавіча (што, дарэчы, памёр прыкладна ў гэты ж час). Пры жыцці Міндоўга і Войшалка Трайдзен у крыніцах не ўпамінаецца (пра яго варожасць з Васількам летапісец паведамляе ўжо потым, заднім чыслом). Якое месца ў палітычным раскладзе Літвы ён займаў раней, сказаць цяжка. Ёсць нават падставы сцвярджаць, што Трайдзен увогуле быў не літоўскім, а яцвяжскім князем — уладаром княства Дайнава, якое змяшчалася на поўнач ад Горадна абапал Нёмана. Прыкладна з часу Трайдзена дайнаўскія землі робяцца часткай Літоўскай дзяржавы — гэта лёгка тлумачылася б тым, што князь Дайнавы, стаўшы вярхоўным князем Літвы, зліў сваю вотчыну з уладаннямі папярэдняй дынастыі.

Беларуска-літоўскія летапісы ведаюць князя Трайдзена, уладара Дайнавы і пазней вялікага князя літоўскага. Праўда, Трайдзен у гэтых летапісах XV—XVI стагоддзяў уключаны ў агульны радавод літоўскіх князёў — нашчадкаў міфічнага Палямона. Там ён выступае не як старэйшы, а як малодшы з братоў, і тыя летапісныя браты не маюць нічога агульнага з яго сапраўднымі родзічамі, што загінулі ў войнах з Васількам. Але нельга выключыць, што паведамленне пра сувязь Трайдзена з Дайнавой — адлюстраванне сапраўднага стану рэчаў. Прынамсі, характарыстыку Трайдзена, дзе ён параўноўваецца з Неронам і Ірадам, стваральнік радавода ўзяў з дабраякаснай крыніцы — Іпацьеўскага летапісу.

З'яўленне дайнаўскога князя на літоўскім пасадзе можна тлумачыць дзвюма акалічнасцямі. З аднаго боку, ад старой дынастыі за час крывавых міжусобіц амаль нічога не засталося — хіба што Даўмонт-Цімафей, які трывала асталяваўся ў Пскове, ды, магчыма, сын Гердзеня, што пазней стане цвярскім епіскапам. Абодва яны звязалі свой лёс з Руссю, таму літоўскія праціўнікі Шварна не маглі разлічваць на іх у справе аднаўлення паганскай старыны. Пра нашчадкаў Булевічаў і Рушкавічаў таксама больш не чуваць. Можа, і яны сталі ахвярамі таго тэрору, які ўчынілі Войшалк і Шварн.

З другога боку, у Яцвягіі князёў было шмат, хаця поўнага пераліку іх мы і не маем. Крыніцы ведаюць князёў Скамонта і Борута, якія загінулі ў бітве з Васількам Валынскім у сярэдзіне XIII стагоддзя, пазней — другога Скамонта (напэўна, князя Судавы), які вызначыўся ў барацьбе з тэўтонцамі. У 1273 годзе мір з Валынню падпісваюць князі Мінтэле, Шурпа, Мудзейка і Песціла. Аднак тэрыторыя іх імкліва сціскаецца крыжакамі з захаду, мазаўшанамі і валынцамі з поўдня. Для ўладальніка самага ўсходняга з яцвяжскіх княстваў, Дайнавы, вельмі прадбачліва было б не чакаць, пакуль варожая хваля дасягне яго землі, а загадзя шукаць паратунку ў зліцці з суседняй, адносна маналітнай Літвой, дзе на шчасце якраз выявіўся недахоп князёў.

Узыходжанне на трон Трайдзена азначала адраджэнне ўсіх паганскіх культаў, магчыма — новую "чыстку", гэтым разам — прыхільнікаў прагаліцкай партыі. Для Галіцка-Валынскага княства падзея была вельмі непажаданай, аб чым сведчыць абурэнне мясцовага летапісца: "Нача княжити в Литве окаянный и беззаконный, проклятый, немилостивый Троиден. Его же беззакония не могохом писати срама ради: так бо бяшет беззаконный, яко и Антиох Сурьскнй, Ирод Ерусалимский и Нерон Римский. И ина много злейша того беззаконья чиняше".

І вось тут настаў рашучы момант для рускай часткі Літоўскага княства — Ноўгародскай зямлі. Усё, што было раней — запрашэнне ў князі Міндоўга, потым княжанне Рамана, верагодная спроба Таўцівіла аднавіць самастойнае Ноўгародскае княства, потым зноў Міндоўг, Войшалк, Шварн — усё няўстойлівае, часовае, дапускала розныя варыянты наступных падзей. Зараз трэба канчаткова вырашаць, з кім звязаць свой далейшы лёс — з незалежнай Літвой, іншаэтнічнай і варожай да хрысціянства, ці з Валынню, роднаснай і праваслаўнай, але падуладнай татарам. Іншых варыянтаў не мелася, бо іншых палітычных цэнтраў побач не засталося, а самастойнае існаванне, якое працягвала суседняя Полаччына, у абцугах паміж Валынню і Літвой здавалася немагчымым.

Наступны ход падзей паказвае, што насельніцтва Ноўгародчыны пацвердзіла свой ранейшы выбар на карысць паўночнага суседа. Ніколі б не здолеў Трайдзен утрымаць за сабой гарады Панямоння пад сумесным націскам Валыні і татар, калі б мясцовыя жыхары не хацелі таго. Паход Бурундая, а таксама сумны лёс Галіцка-Валынскай зямлі і іншых падпарадкаваных Ардзе рускіх княстваў, відаць, яскрава паказалі ноўгародцам, што з поўдня нічога добрага чакаць не прыходзіцца.

Татары ў 1277 годзе прымусілі князёў з Растова, Белавозера, Яраслаўля ісці з імі ў паход ажно на Паўночны Каўказ, у 1280 годзе галіцка- валынскія князі зноў удзельнічалі ў разгроме Сандамірскай зямлі, а праз два гады — хадзілі праз Карпаты ў Венгрыю. У 1280 годзе памёршага Менгу- Цімура змяніў яго малодшы брат Туда-Менгу, пры якім яшчэ больш узмацніўся ўплыў Нагая. Ваеначальнік актыўна ўмешваўся ў справы еўрапейскіх краін, і амаль ва ўсіх яго ваенных авантурах даводзілася ўдзельнічаць апалчэнцам з Галіччыны і Валыні. Для рускіх земляў гэтыя паходы часам бывалі не менш цяжкім выпрабаваннем, чым варожыя ўварванні. Так, у 1283 годзе сын Менгу-Цімура Талабуге зноў сабраўся з Нагаем на Сандамір і Кракаў, але перад тым яго войска два тыдні "кармілася" на Валыні, разрабавала яе ўшчэнт і да таго ж занесла пошасць. Князь Леў падлічыў пасля страты і даведаўся, што загінула каля 25 тысяч жыхароў.

Тыя ж гарады, што прызналі ўладу Літвы, былі пазбаўлены ўсяго гэтага датуль, пакуль спробы татар скарыць Літоўскую дзяржаву не давалі вынікаў. І таму побач з літоўцамі ноўгародцы секліся на межах свайго княства з татарамі і валынцамі, да апошняга стаялі на сценах гарадоў пры аблогах, хаваліся ў літоўскія пушчы пры перавазе непрыяцеля і вярталіся зноў на сваю зямлю пасля адыходу ворага.

Перад намі якраз той момант, калі рашучы гістарычны паварот прайшоў міма ўвагі сучаснікаў. Ніводная крыніца не паведамляе пра ролю мясцовага насельніцтва Панямоння ў падзеях, толькі ў народнай памяці, у фальклоры засталіся згадкі пра шэраг бітваў з татарамі на вонкавай мяжы Ноўгародчыны, у раёне Койданава, Магільна, Узды, Целяханаў. Пазней мы ўбачым, з якімі гістарычнымі падзеямі можна звязаць гэтыя паданні (дарэчы, пра Койданаўскую бітву ўжо гаварылася).

Замацаванне панямонскіх гарадоў у складзе Літоўскай дзяржавы азначала пачатак непарыўнага сімбіёзу, у якім адзін бок не мог абысціся без другога. Толькі з дапамогай літоўцаў Ноўгародчына магла захаваць незалежнасць ад татар, іх жорсткага падаткавага прыгнёту і неабходнасці пасылаць сваіх сыноў у іх войска. З усіх рускіх зямель толькі тыя, што прынялі ўладу літоўскіх князёў, не зведалі цяжкай рукі ардынскіх ханаў. Але і Літва толькі з дапамогай заходнерускіх дружын здолела выстаяць у смяротнай барацьбе на два фронты — супраць татар і крыжакоў. І невыпадкова, што толькі тыя з балцкіх народаў, хто пайшоў на саюз з Руссю, не зніклі пад пятой тэўтонцаў, як прусы і яцвягі, не правялі некалькі стагоддзяў пад уладай лівонцаў, як продкі латышоў, а ўтварылі слаўную і магутную дзяржаву.

Таму вельмі спрошчанымі выглядаюць дзве супрацьлеглыя канцэпцыі, паводле якіх ці то Літва заваявала пасіўную і бездапаможную Русь, ці то Ноўгародак падпарадкаваў і прывёў да святла дзяржаўнасці такую ж пасіўную Літву. Гісторыя дае нам прыклад сапраўднага пабрацімства двух розных па паходжанні, такіх непадобных адзін на аднаго народаў, якія ў крытычны момант здолелі аб'яднацца дзеля агульнай карысці. Канешне, іх ролі ў гэтым саюзе былі неаднолькавымі. Літва бясспрэчна дамінавала ў палітычным сэнсе, і гэтак жа бясспрэчным было дамінаванне Русі ў культурнай сферы. Літва дала новай дзяржаве пануючую дынастыю і значную частку пазнейшага шляхецкага саслоўя. Русь дала структуру нізавога дзяржаўнага і адміністрацыйнага апарата, законы, дзяржаўную мову.

З гэтага часу набывае сэнс назва "Вялікае княства Літоўскае і Рускае", якая ўвойдзе ва ўжытак праз некалькі дзесяцігоддзяў у часы Гедыміна (магчыма, ужо пры Віценю). З гэтага часу тэрмін "Літва" ў палітычным сэнсе пачынае адносіцца да Ноўгародчыны і хутка так зрасцецца з ёю, што праз стагоддзі мясцовае насельніцтва будзе зваць сябе "ліцвінамі" (у супрацьпастаўленне суседнім палешукам), а Адам Міцкевіч напіша славутае: "Радзіма, Літва! Як здароўе, так ты дарагая",— маючы на ўвазе свае родныя мясціны пад Навагрудкам. Зразумела, сучаснікі добра ўяўлялі, што ў складзе палітычнай Літвы знаходзіцца і частка этнічнай Русі. Але і яны выкарыстоўвалі, і часам мы ўслед за імі будзем ужываць скарочаную назву "Літва" для ўсёй двухэтнічнай дзяржавы.

Але давайце звернемся да палітычных перыпетый часу панавання Трайдзена. Выслізнуўшы з рук галіцка-валынскіх князёў, Літва адразу ж узнавіла актыўную палітыку на захадзе супраць крыжакоў. А там за час усобіц, што распачаліся пасля забойства Міндоўга, падзеі зноў набываюць трывожны характар. Вялікае прускае паўстанне згасала. Апошняй буйной перамогай паўстанцаў стала бітва пад Любавай, выйграная Геркусам Мантасам вясной 1263 года. Праз два гады на дапамогу Тэўтонскаму ордэну, які к таму часу захоўваў кантроль толькі над найбольш умацаванымі замкамі, прыбыло вялікае войска з Германіі. Супраць прусаў быў абвешчаны новы крыжовы паход.

У паходзе ўдзельнічаў усё той жа заснавальнік Кралеўца Пжэмысл Отакар, а таксама маркграфы Цюрынгіі і Брандэнбурга. Перавага пачала схіляцца на бок крыжакоў. У час зімовага паходу 1267/68 года Отакар зноў дамогся скарэння ўжо заваяванай ім трынаццаць гадоў назад Самбіі. Вармія, Натангія і Барція яшчэ трымаліся да 1273 года.

І Лівонскі ордэн імкнуўся пашырыць свае межы, прычым не толькі за кошт суседніх паганцаў, земгалаў і жамойтаў, але і за кошт зямель Вялікага Ноўгарада. У 1269 годзе крыжакі зноў спрабуюць захапіць Пскоў, але сустракаюцца з эфектыўным адпорам Даўмонта. І тут жа з Літвы прадпрымаецца вялікі зімовы набег па лёдзе Балтыйскага мора ажно да вострава Саарэмаа (Эзеля). На зваротным шляху літоўцаў спрабуе перахапіць аб'яднанае лівонска-дацкае войска, але ў лютым 1270 года яно церпіць жорсткае паражэнне на лёдзе бліз Карусе (Заходняя Эстонія).

Выкліканы абраннем Трайдзена канфлікт з Галіцка-Валынскім княствам на доўгі час ставіць Літву ва ўмовы барацьбы на два фронты. Праўда, спачатку Трайдзен варагуе толькі з Уладзімірам Васількавічам Валынскім і захоўвае мірныя дачыненні з братам Шварна Львом Галіцкім. Аднак хутка і гэтыя адносіны псуюцца. Пра канчатковы разрыў сведчыць захоп Трайдзенам падляшскага горада Драгічына, што належаў Льву.

Гэты канфлікт вырашае выкарыстаць золатаардынскі хан Менгу- Цімур, да якога звярнуўся па дапамогу Леў. Для хана з'яўляецца магчымасць зрабіць тое, што недарабіў Бурундай — распаўсюдзіць свой уплыў на далёкую Літву. І вось Менгу-Цімур наладжвае велізарны паход супраць Літвы. З татарскім палкаводцам Ягурчынам рушылі галіцка-валынскія, турава-пінскія князі, Раман Бранскі з сынам Алегам, Глеб Смаленскі — "тогда бо бяху вси князи в воли в татарской", канстатуе летапісец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, гэты паход адбыўся ў 1275 годзе (магчыма, на самой справе крыху раней).

Дзеянні Льва Данілавіча сведчаць, што ён імкнуўся выкарыстаць татарскую сілу ў першую чаргу для захопу ўсё таго ж Ноўгародскага княства. Таму, не чакаючы астатніх удзельнікаў паходу, ён вядзе татар на Ноўгародак і захоплівае акольны горад. Гэта выклікае сварку сярод князёў і, па сутнасці, зрывае далейшы рух на Літву. Магчыма, аднак, што зрыву садзейнічала і ваеннае паражэнне ад літоўцаў. Летапіс пра яго маўчыць (і не дзіва, бо галоўныя падзеі былі звязаны з валынскімі князямі), аднак як дэталі паданняў пра Койданаўскую бітву дазваляюць суаднесці яе з паходам Бурундая, так і дэталі падання пра бітву пад Магільнам наводзяць на думку, што яна сапраўды магла мець месца ў час паходу Ягурчына. Праўда, амаль усе імёны герояў легенды не адпавядаюць рэчаіснасці (апрача Льва), аднак асноўная фабула зводзіцца да паражэння руска-татарскай кааліцыі ад войск вялікага князя літоўскага. Маштаб паражэння, хутчэй за ўсё, перабольшаны, аднак практычную безвыніковасць паходу 1275 года, якую не хавае і летапісец, яно можа растлумачыць.

Літоўская дзяржава не толькі адстаяла незалежнасць, але і захавала кантроль над Ноўгародскай зямлёй, аб чым сведчаць далейшыя падзеі. Аднак за гэта даводзілася плаціць. паслабленнем увагі да заходняга кірунку. Між тым паўстанню ў Прусіі прыходзіў канец. У 1273 годзе ў сваім лясным сховішчы быў схоплены кіраўнік паўстанцаў Геркус Мантас. З 1276 года разбітыя прусы натоўпамі бягуць у Літву. Крыжакі пераносяць ваенныя дзеянні на тэрыторыю скалваў і надроваў.

Карта 3. Літва, Русь і іх суседзі ў 2-ой палове ХІІІ ст

Карта 3. Літва, Русь і іх суседзі ў 2-ой палове ХІІІ ст.

1 — сталіцы дзяржаў; 2 — найбольш значныя гарады; 3 — дзяржаўныя межы; 4 — межы княстваў і земляў; 5 — накірункі паходаў татар і галіцка-валынскіх князёў; 6 — накірункі паходаў крыжакоў; 7 — накірункі паходаў літоўцаў; 8- тэрыторыя, падуладная Міндоўгу і яго пераемнікам; 9 — княствы, якія знаходзіліся пад палітычным уплывам Літвы; 10 — лічбамі абазначаны: 1 — Цвярское княства; 2 — Дзмітраўскае княства; 3 — Пераяслаўскае княства; 4 — Мурамскае княства; 5 — тэрыторыі, канчаткова заваяваныя Тэўтонскім ордэнам у 2-ой палове XIII ст.; 6 — горад Гнеўкава; 7 — Познаньскае княства; 8 — Апольскае княства; 9 — Бытамскае княства; 10 — Цешынскае княства

Трайдзен вырашыў скарыстаць прускіх бежанцаў для замацавання за сабой спрэчных панямонскіх тэрыторый і пасяліў іх там, у ваколіцах Горадна і Слоніма. Гэта, аднак, выклікала новы паход Уладзіміра і Льва на Слонім. У адказ малодшы брат Трайдзена Сірпуцій зрабіў набег на толькі што збудаваны Камянец. У наступным годзе Уладзімір, Мсціслаў і сын Льва Юрый зноў хадзілі з татарамі Нагая на Ноўгародскую зямлю, дзе беспаспяхова штурмавалі Горадна. Гэтая вайна знясільвала абедзве дзяржавы: гарэлі сёлы, гінулі людзі, вытоптваліся палеткі. Аднак рэсурсы Літвы зусім не былі вычарпаныя, бо ў 1278 годзе Трайдзен палічыў магчымым прыняць удзел у барацьбе за Кракаў, якая пачалася пасля смерці Баляслава Сарамлівага, і яго брат і ваявода Сірпуцій хадзіў з раццю да Любліна.

У выніку даволі жорсткай барацьбы Панямоцне засталося за Трайдзенам, хоць і ў спустошаным выглядзе. Да таго ж у 1279 годзе ўвесь тэатр ваенных дзеянняў з прылеглымі раёнамі Польшчы і Русі ахапіў моцны голад, вынік неўраджаю. І тым не менш сімбіёз з рускімі княствамі значна павялічваў ваенны патэнцыял Літвы. Яна зноў набывала вагу сярод суседзяў. Дачка Трайдзена Гаўдэмунда (у хрышчэнні Соф'я) выйшла замуж за мазавецкага князя Баляслава з Плоцка, якому яна нарадзіла сыноў Зямовіта і Трайдзена (названых у гонар дзядоў). Яшчэ больш Плоцкае княства трапіла пад уплыў Трайдзена, калі ён ваеннай сілай прымусіў свайго зяця адмовіцца ад саюза з тэўтонцамі. Пад літоўскім кантролем заставаліся земгалы. У саюзе з Літвой дзейнічалі і князі захаваўшых незалежнасць яцвягаў, сярод якіх з 1277 года выдзяляўся таленавіты палкаводзец Скамонт.

Усё гэта было вельмі своечасовым, бо напярэдадні ішла доўгая і цяжкая барацьба супраць двайнога націску крыжакоў з Прусіі і Лівоніі. Лівонцы першымі пасля нядоўгага перамір'я, заключанага ў 1275 годзе, пачалі агрэсію. У 1278 годзе яны заснавалі на латгальскіх землях замак Дынабург (сучасны Даўгаўпілс), які адразу ж стаў іх грозным фарпостам на паўночнай мяжы Літвы. Трайдзен паспрабаваў знішчыць яго, нават выкарыстоўваў штурмавыя вежы, аднак не здолеў. У наступным годзе лівонцы сумесна з датчанамі распачалі крыжовы паход у самае сэрца Літвы, на Кернава. Гэтым разам Трайдзен дзейнічаў больш паспяхова: сустрэўшы ворага пад Ашара-дам, прымусіў да ўцёкаў, прычым у бітве загінуў лівонскі магістр Эрнэст. Вынікам перамогі стала новае мірнае пагадненне, але і яно праіснавала нядоўга.

Між тым у 1280 годзе тэўтонскі храніст Пётр Дусбург, пачынаючы новы раздзел сваёй хронікі, вывеў загаловак: "Канец вайны ў Прусіі. Пачатак вайны Літоўскай". Сапраўды, да гэтага моманту супраціўленне скалваў і надроваў было канчаткова зломлена, а спыняць свой заваявальны крок тэўтонцы не збіраліся. Пад новы ўдар першымі трапілі яцвягі — тыя паўночныя групы, якія захавалі незалежнасць пасля войнаў сярэдзіны стагоддзя. Найбольш значным з іх было племя судаваў. Яны аказалі адчайнае супраціўленне. Князь Скамонт трывожыў крыжакоў няспыннымі контрударамі, даходзіў да муроў Кралеўца і берагоў Віслы. Аднак і набегі балтаў цягнулі за сабой вялікія страты. У адным з іх у 1281 годзе загінуў у Лівоніі князь земгалаў Намейціс. У 1282 годзе і яцвягі панеслі цяжкае паражэнне ў Польшчы. Адзін з іх князёў, Кантэгерд, са сваёй дружынай перайшоў на службу да Ордэна.

Увогуле тактыка перацягвання мясцовай знаці на свой бок складала аснову поспехаў крыжакоў. Захавалася больш за 200 грамат Ордэна асобным прускім і яцвяжскім нобілям, у якіх ім дараваліся маёнткі з сялянамі і палітычныя прывілеі. Фактычна арыстакраты былі ўраўнаваны ў правах з нямецкімі рыцарамі, што атрымлівалі ўладанні на землях Ордэна за ўдзел у крыжовых паходах. Тыя і другія мелі права судзіць сваіх падданых, браць падаткі на сваю карысць. Адзіным іх абавязкам з'яўлялася ваенная павіннасць. Адным словам, правы, якія надавалі захопнікі вярхам пераможаных, былі значна большымі, чым тое, на што яны маглі разлічваць у сваёй незалежнай раннекласавай дзяржаве (зразумела, за кошт простага насельніцтва, стан якога рэзка пагаршаўся). Гэтыя прывілеі адкрылі шлях да паступовага зліцця прускай знаці з пераможцамі.

Падобная ж тактыка раскалола і супраціўленне яцвягаў. К 1283 году іх незалежнасць скончылася. Частка князёў і арыстакратаў перайшла на бок Ордэна, астатнія пакінулі свае ўладанні і падаліся ў Літву. Сярод апошніх былі князі Скурда і Скамонт.

На поўначы ж, супраць Лівонскага ордэна, літоўцы і падтрымліваемыя імі земгалы дзейнічалі больш удала. Каля 1281 года Трайдзен захапіў ордэнскі замак Герцыке, колішняе ўладанне палачан, і тым самым адсек прасунуты наперад Дынабург ад асноўнай лівонскай тэрыторыі. Крыжакі вымушаны былі пайсці на перамовы і ўзамен за Герцыке мірна ўступілі Дынабург, які раней Трайдзен не змог узяць зброяй.

У самы разгар гэтых падзей, прыкладна ў 1282 годзе, Трайдзен памёр. Час яго ўладарання прыпаў на цяжкую пару. Амаль з усіх бакоў былі ворагі, якія імкнуліся не толькі адхапіць кавалак, але пры магчымасці і цалкам скарыць маладую Літоўскую дзяржаву. І трэба аддаць належнае "акаяннаму і беззаконнаму" Трайдзену — у гэтых найскладанейшых умовах ён здолеў ўтрымаць яе практычна ў тых самых межах, у якіх атрымаў, і пры гэтым не паступіцца ні палітычнай незалежнасцю, ні верай продкаў (а як мы памятаем, яго папярэднікам даводзілася ісці на даволі значныя кампрамісы).

Бадай, найбольш важным момантам было захаванне ў складзе Літоўскай дзяржавы сумежных рускіх гарадоў: Ноўгародка, Горадна, Ваўкавыска, Слоніма, Турыйска. Наўрад ці засталася па-за літоўскім кантролем і суседняя Менская зямля, што ляжала яшчэ далей ад Валыні і татар. Праўда, ніякіх звестак пра яе ў гэты час няма. Вельмі ўрывачная інфармацыя і пра Полацк з Віцебскам, аднак, яна прымушае меркаваць хутчэй пра знікненне там літоўскіх князёў. Як гаварылася вышэй, у Полацку сучаснікам цвярскога епіскапа Сямёна быў князь Канстанцін Бязрук. У Віцебску ж каля 1280 года сядзеў намеснік смаленскага князя Фёдара Чорнага. Калі ўлічыць, што смаленскае паходжанне Канстанціна таксама не выключана, можно дапусціць даволі значны ўплыў Смаленска на Падзвінні. Напэўна, і друцкім князям прыходзілася выбіраць паміж Смаленскам і Літвой.

Між тым пасля смерці Трайдзена палітычная гісторыя Літвы раптоўна апускаецца ў змрок. Імя яго пераемніка не называюць ні рускія, ні крыжацкія, ні польскія крыніцы. Сваіх братоў ён перажыў, пра сыноў надзейных звестак таксама няма. Магчыма, яго пераемнікам стаў нейкі князь Даўмонт (не блытаць з Даўмонтам Пскоўскім), якога Троіцкі летапіс называе князем літоўскім і паведамляе пра яго смерць у дальнім набегу на вярхоўі Волгі ў 1285 годзе.

Літоўскія генеалагічныя легенды, пісьмова зафіксаваныя ў XVI стагоддзі, гавораць пра змену "дынастыі Кітаўруса", апошнім прадстаўніком якой з'яўляўся Трайдзен, новай дынастыяй — "родам Калюмнаў". Пры гэтым нашчадкі "рода Кітаўруса" засталіся ў Літве. Сярод іх быў і Даўмонт — продак пазнейшых князёў Свірскіх, а таксама Гольша (родапачынальнік Гальшанскіх) і Гедрус (родапачынальнік князёў Гедройцаў). Прынамсі, варыянт легенды, які захавалі Гедройцы (яго прыводзіць М. Стрыйкоўскі), можа ўтрымліваць нейкія водгукі сапраўдных падзей.

Між тым іншы след знаходзіцца ў Прусіі. Там каля 1282 года з'яўляецца знатны ўцякач з Літвы — князь Пялюзе, чымсьці моцна пакрыўджаны на свайго сюзерэна (на жаль, імя апошняга не называецца). Магістр Конрад Тыерберг дае Пялюзе войска, з дапамогай якога той захоплівае ў 1283 годзе замак Бісены (напэўна, ля ўпадзення Дубісы ў Нёман), дзе яго вораг у гэты час піруе, і ўчыняе жорсткую помсту — пад мячамі крыжакоў гіне каля 70 знатных літоўскіх нобіляў. Пасля гэтага Пялюзе застаецца на службе ў тэўтонцаў, атрымлівае ад іх адзін з памежных замкаў, з якога бясконца трывожыць Літву сваімі ўварваннямі. Тэўтонцы разглядаюць яго як прэтэндэнта на вялікае княжанне. Гэта пацвярджае і позняя звестка Хронікі Быхаўца, што ведае яго пад імем "Пелюша, сына Тронятового".

Малаверагодна, канешне, што Пялюзе і сапраўды быў сынам гістарычнага Траняты, з дня смерці якога прайшло ўжо дваццаць гадоў. А вось даўно выказанае меркаванне, што ён быў сынам Трайдзена, заслугоўвае ўвагі. Праўда, ордэнская хроніка быццам бы пазывае яго сынам Даўмонта, князя Уцянскага (таго самага, што загінуў на Русі?). Гэта таксама не выключана, хоць Даўмонт і гіне, здаецца, ужо пасля з'яўлення Пялюзе ў крыжакоў.

У гэты ж час чамусьці пакідае Літву і яцвяжскі князь Скамонт, які знайшоў там прытулак пасля захопу яго земляў тэўтонцамі. Зараз гэты заўзяты вораг Ордэна мірыцца з крыжакамі, прымае хрышчэнне і атрымлівае ў Прусіі маёнтак. Ён таксама чымсьці пакрыўджаны на літоўцаў, бо ў 1284 годзе наводзіць сваіх новых саюзнікаў на Горадна. Памёр ён у 1286 годзе, пакінуўшы трох сыноў на службе Ордэну.

Усё гэта ўскосна сведчыць аб тым, што адразу ці праз кароткі час пасля смерці Трайдзена ў Літве зноў адбылася замятня. Яна і выклікала з'яўленне ў Прусіі знатных уцекачоў. Усобіца прыйшлася вельмі недарэчы, бо Літва па-ранейшаму знаходзілася ў надта складаных знешнепалітычных умовах. Залатая Арда не збірала пакідаць яе ў спакоі — пад 1282 і 1288 гадамі Ніканаўскі летаі паведамляе пра новыя татарскія паходы на Літву. Галіцка-Валынскае княства таксама не адмовілася ад сваіх намаганняў захапіць Ноўгародскую зямлю. З другога боку якраз пачыналі няўмольна сціскацца абцугі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў.

Літоўцы, праўда, і зараз спрабуюць дзейнічаць энергічна. У 1286 годзе яны здзяйсняюць вялікі паход на Лівонію, аж да самай Рыгі, але не дамагаюцца поспеху. Варожае кола працягвае сціскацца, і да 1289 года Літва губляе (часова) частку тэрыторыі як на захадзе, так і на поўдні: крыжакі захапілі шэраг памежных жамойцкіх валасцей (Каршуву, Шаўле і Цверы), а на карысць луцкага князя Мсціслава Данілавіча давялося саступіць Ваўкавыск.

У крыніцах пад гэтым годам з'яўляецца, нарэшце, імя літоўскага ўладара. Валынскі летапіс называе яго Будзікідам, а тэўтонская хроніка — Бутэгайдэ. Калі і якім чынам ён прыйшоў да ўлады — невядома. Магчыма, гэта адбылося яшчэ ў 1282 ці 1283 годзе. У час пагаднення з Мсціславам Луцкім побач з Будзікідам дзейнічае яго брат Будзівід, што, паводле адной з гіпотэз, хутка стаў яго наступнікам на пасадзе вялікага князя. Гэты новы ўладар названы ў крыжацкай хроніцы Путуверам, што і дало гісторыку Ю. Пузыну падставу атаясамліваць яго з Будзівідам, хаця сугучнасць імёнаў не такая ўжо і блізкая. Аднак усе меркаванні пра паходжанне новай дынастыі мы разгледзім у сувязі з пачаткам панавання сына Путувера — Віценя, які належыць ужо да новага пакалення.