Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Лунінецкага р-на (1995)
У складзе Вялікага княства Літоўскага
Першыя пісьмовыя звесткі, якія тычацца тэрыторыі сучаснага Лунінецкага раёна, адносяцца да 1-ай паловы XV ст. У гэты час яна ўваходзіла ў Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) — дзяржаву, якая ўтварылася шляхам аб'яднання балцкіх племянных княстваў Літвы і Жамойці з княствамі знішчанай татарамі Кіеўскай Русі.
Вядома, што старажытныя княствы падзяляліся на асобныя воласці, цэнтры якіх у старыну зваліся пагостамі. Напэўна, адзін такі цэнтр знаходзіўся на месцы вёскі Пагост-Загародскі ля мяжы Лунінеччыны, у сучасным Пінскім раёне. Тэрыторыя гэтай воласці павінна была ахопліваць і сумежную частку Лунінеччыны. Уваходзіла ж яна, хутчэй за ўсё, у Пінскае княства, якім яшчэў канцы XIII ст. валодала мясцовая княжацкая дынастыя. Крыху пазней, недзе ў 1-ай трэці XIV ст., Пінскае княства адышло пад уладу вялікага князя літоўскага Гедыміна і, паводле ўрывачных звестак, належала яго сыну Нарымонту. Гарадоцкае ж княства, напэўна, захавала мясцовых князёў, якія сталі васаламі Гедыміна і яго нашчадкаў.
Можна меркаваць, што нашы землякі не заставаліся ўбаку ад падзей тагачаснага палітычнага жыцця, напрыклад, у славутай Грунвальдскай бітве 1410 г. удзельнічала пінская харугва, у склад якой маглі быць прызваныя і жыхары будучай Лунінеччыны. Магчыма, што закраналі наш край і татарскія набегі з поўдня.
3 часоў Вітаўта, з 1425 г. дайшла да нас пячатка з выявай Пагоні і надпісам: "Аляксандр Нос, князь Пінскі" [1]. Гэты князь быў праўнукам Нарымонта, сынам Івана Юр'евіча Белзкага, пасля смерці Вітаўта (1430 г.) ён стаў прыхільнікам новага вялікага князя Свідрыгайлы Альгердавіча, на баку якога знаходзіўся ў час яго барацьбы за ўладу з братам Вітаўта Жыгімонтам (1432 -1437 гг.). Пераможцам у гэтай барацьбе выйшаў Жыгімонт. Верагодна, у гэты час былі канфіскаваны і ўладанні Свідрыгайлавага паплечніка Аляксандра Носа. Сярод іх і тая частка Лунінеччыны, што ўваходзіла ў Пінскае княства, зрабілася вялікакняжацкай уласнасцю.
Бурныя падзеі барацьбы паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам закранулі і воласці Давыд-Гарадоцкага княства. Давыд-Гарадок, ці Гарадок Давыдаў, атрымаў сваю назву, напэўна, ад імя князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага, што валодаў ім у канцы XIV ст. Сын Давыда Дзмітрый таксама прымаў удзел у міжусобнай вайне 1430-ых гг., у якой і загінуў, не пакінуўшы нашчадкаў. Пасля гэтага Гарадзецкае княства разам з суседнім Тураўскім засталіся пад кантролем Свідрыгайлы, які да сваёй смерці ў 1452 г. быў удзельным князем на Валыні.
3 панаваннем Жыгімонта, які займаў вялікакняжацкі пасад з 1432 па 1440 г., звязана першае непасрэднае ўпамінанне населеных пунктаў Лунінеччыны. Вядома, што Жыгімонт падараваў удаве літоўскага баярына Яна Няміры і яе сыну Мікалаю Няміравічу сяло Вялікі Лулін (суч. Лунін) з 12 сем'ямі сялян-даннікаў, якое папярэдне ўваходзіла ў Бобрыцкую воласць [2]. Можна меркаваць, што гэта адбылося паміж 1436 г. (верагоднай датай канфіскацыі Пінскага княства ў Аляксандра Носа) і 1440 г., калі Жыгімонт быў забіты князямі-змоўшчыкамі.
Ян Няміра быў значным дзеячам у часы Вітаўта: вялікакняжацкі канюшы ў 1398 г., полацкі намеснік у 1412 г. У 1413 г. на Гарадзельскім сойме сярод іншых прадстаўнікоў каталіцкай літоўскай знаці ён атрымаў герб, які меў назву "Ястрабец". Няміра належаў да таго кола старога літоўскага баярства, якое пасля хрышчэння Літвы ў каталіцтва ў 1386 г. стварала галоўную апору Вітаўта, а затым яго брата Жыгімонта. Даруючы маёнткі маладому сыну Яна Няміры, як і іншым прадстаўнікам гэтага кола, Жыгімонт імкнуўся падмацаваць сваіх прыхільнікаў ва ўмовах, калі ён адчуваў моцную апазіцыю з боку Свідрыгайлы, удзельных князёў і праваслаўнага баярства былых старажытнарускіх княстваў.
Мікалай Янавіч Няміра быў старэйшым з чатырох братоў. Пасталеўшы, ён займаў высокія пасады пры пераемніку Жыгімонта, вялікім князі Казіміры Ягайлавічу. У 1466 г. Няміра быў намеснікам у Віцебску, з 1467 г. - у Смаленску, а ў канцы жыцця ў якасці кашталяна троцкага ўвайшоў у лік найвышэйшых службовых асоб ВКЛ. Галоўнымі яго маёнткамі былі Уселюб і Ішкалдзь у Ноўгарадскім павеце (так называлі ў той час Навагрудскі павет, сучасныя Навагрудскі і Баранавіцкі раёны). Падараваны Жыгімонтам Лулін не меў самастойнага значэння, а быў прыпісаны да маёнтка Ішкалдзь, куды лулінскія падданыя звозілі штогадовую даніну.
Заўзяты католік, Мікалай Няміра ў 1449 г. заснаваў у Ішкалдзі касцёл, на забеспячэнне якога вызначыў 2 сям'і (Малынічаў і нейкага Паўла) з сяла Малы Лулін ("parvo Lulin" у лацінскім тэксце дакумента) разам з мядовай данінай, якую яны раней выплачвалі ў Ішкалдзь [3]. Пад Малым Лулінам трэба разумець сучасны райцэнтр Лунінец, і гэта, дарэчы, з'яўляецца першым яго ўпамінаннем у гісторыі, хаця існаваў ён ужо раней (калі ў пажалаванні Жыгімонта ў 1430-ыя гг. згадваецца Вялікі Лулін, то павінен быў быць і Малы).
У канцы жыцця, у чэрвені 1471 г., Мікалай Няміра з жонкай Альжбетай пакінулі яшчэ два дакументы, у якіх упамінаюцца абодва Луліны. Першы дакумент пацвярджае Ішкалдзьскаму касцёлу права на мядовую даніну з Малога Лулінца, а ў другім Мікалай завяшчаў жонцы пажыццёвае валоданне Ішкалдзю з некалькімі сёламі, сярод якіх названы Лулін і Малы Лулінец [4].
Хутка затым Мікалай Няміра памёр. Пасля смерці яго жонкі Лулін і Лулінец адышлі ў спадчыну да аднаго з пляменнікаў Мікалая — Пятра Фёдаравіча Няміры. Апошні памёр у 1500 г., апраз год яго ўдава і сын Ян атрымалі ад вялікага князя Аляксандра пацвярджэнне іх права на валоданне гэтым маёнткам [5]. Ян Пятровіч Няміра па мянушцы Пенка выступае затым уладальнікам Луліна і Лулінца ў дакументах 1526— 1529 гг. [6]. Пасля яго смерці ў 1540 г. гэтыя сёлы разам з Ішкалдзю дасталіся яго ўдаве — Барбары Сапежанцы.
Іншым буйным маёнткавым абшарам Лунінеччыны была Лахвінская воласць, што ўваходзіла, напэўна, у Давыд-Гарадоцкае княства. Пасля смерці Свідрыгайлы ў 1452 г. гэтае княства было пакінута вялікім князем Казімірам у пажыццёвым валоданні Свідрыгайлавай удавы, а затым таксама далучылася да вялікакняжацкіх уладанняў. Тады, напэўна, ад яго і была адлучана Лахвінская воласць.
Упершыню Лахва ўпамінаецца ў 1493 г., калі вялікі князь Аляксандр падараваў яе троцкаму ваяводзе Пятру Янавічу Мантыгірду. У склад воласці, што перайшла ва ўласнасць апошняга, уваходзілі сёлы Вельча, Вічын, Гарадзец (будучы Кажан-Гарадок), Заслучча, Коршава, Мокрач, Малая Ляхаўка, Марцінкавічы, Наланне, Сінкевічы, Сітніца, урочышчы Кормуж і Ухавічы [7].
Пётр Мантыгірд па мянушцы Белы паходзіў з таго ж кола старога літоўскага баярства, што і паны Няміры. У момант набыцця Лахвы ён знаходзіўся на вяршыні сваёй кар'еры, уваходзіў у лік 4-5 найболыш уплывовых асоб у дзяржаве. Гэтым і тлумачыцца вялізны памер падарунка, які ахопліваў абшар звыш 1300 кв. км з 11 населенымі пунктамі і 2 урочышчамі. Вялікі князь Аляксандр, які абраў пасад годам раней пасля смерці свайго бацькі Казіміра, імкнуўся ўлагодзіць гэтага ўплывовага вяльможу, які і без таго валодаў вялізнымі вотчынамі.
Пётр Мантыгірд памёр хутка пасля набыцця Лахвы, у 1495 г. Яго адзіны сын Ян у маладым узросце загінуў у 1500 г. у трагічнай для войска ВКЛ бітве з маскоўскім войскам на Вядрошы (у Смаленскай зямлі). Пасля гэтага адзінай спадкаемніцай мантыгірдаўскіх уладанняў стала сястра Яна Соф'я Пятроўна — жонка пана Станіслава Пятровіча Кішкі. Яна перажыла свайго мужа, які памёр у 1514 г., і ў 1518 г. завяшчала Лахву сярод іншых сваіх маёнткаў сыну Пятру Кішцы, на што апошні атрымаў пацвярджэнне ад вялікага князя Жыгімонта [8].
Аднак завяшчанне Соф'і было аспрэчана яе дачкой Ганнай, жонкай Яна Мікалаевіча Радзівіла. Паводле звычаяў таго часу, калі род згасаў па мужчынскай лініі і спадчына пераходзіла да яго апошняй прадстаўніцы па жаночай лініі, усе нашчадкі гэтай жанчыны (як сыны, так і дочкі) мелі роўнае права на частку такой "мацярынскай" спадчыны. Гэта адрознівала яе ад "бацькаўскай" спадчыны, якая наследавалася толькі сынамі.
Паводле гэтага звычаю, Пётр Станіслававіч Кішка ў 1522-1524 гг. падзяліўся мантыгірдаўскай спадчынай са сваёй сястрой. У выніку падзелу Ганна, якая ў 1522 г. аўдавела, атрымала апрача іншага двор і сяло Лахву, сёлы Вельчу, Заслучча, Малую Ляхаўку, Сінкевічы і 8 служб у Сітніцы. Яе брат пакінуў за сабой Кормуж і 140 сем'яў у іншых паселішчах [9].
Такім чынам Лахвенская воласць апынулася падзеленай на дзве часткі. Доля Пятра Кішкі пасля яго смерці ў 1534 г. дасталася яго старэйшаму сыну Станіславу. Ганна ж у 1528 г. паўторна выйшла за Станіслава Кезгайлу, а ў 1532 г. памерла, пасля чаго яе "мацярынскія" маёнткі адышлі да яе сына ад першага шлюбу — Мікалая Янавіча Радзівіла па мянушцы Чорны. Гэта была адна з найбольш яскравых асоб не толькі свайго часу, але ўвогуле ў гісторыі ВКЛ. Найбагацейшы магнат, ён займаў самыя высокія дзяржаўныя пасады (віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ), а ў 1547 г. атрымаў ад германскага імператара княжацкі тытул. Галоўным яго маёнткам зрабіўся Нясвіж (дарэчы, таксама набыты ў спадчыну па Мантыгірдах), Лахва ж стала адной са шматлікіх вотчын, раскіданых па ўсёй дзяржаве.
Да тэрыторыі Лунінеччыны род Радзівілаў меў дачыненне ўжо раней. Яго заснавальнік Радзівіл Осцікавіч, сучаснік Мікалая Няміры, валодаў у сярэдзіне — трэцяй чвэрці XV ст. часткай той самай Бобрыцкай воласці, са складу якой Няміра атрымаў Лулін. У прыватнасці, Радзівілу належала суседняе з Лулінам сяло Бастынь [10]. У 1492 -1495 гг. яго сын Мікалай Радзівілавіч атрымаў ад вялікага князя Аляксандра яшчэ некалькі паселішчаў Бобрыцкай воласці, у тым ліку, напэўна, сяло Лобчу (Лоўчу), якое згадваецца пазней сярод уладанняў яго нашчадкаў [11].
Мікалай Радзівілавіч памёр у 1509 г., а ў 1520-ым тры яго сыны (Мікалай, Ян і Юрый) падзялілі "бацькаўскую" спадчыну. Пры гэтым мядовая даніна з Бастыні ў памеры 50 вёдзер увайшла ў долю, якую атрымаў Ян - будучы муж Ганны Кішкі і бацька Мікалая Чорнага [12]. Лобча ж упершыню непасрэдна ўпамінаецца ў 1539 г., калі яна належала другому брату - Юрыю. Адначасова ў тым жа дакуменце згадваецца, што сын старэйшага з братоў, Ян Мікалаевіч, таксама валодаў часткай Бастыні [13].
Тры сыны Мікалая Радзівілавіча ўтварылі тры асобныя галіны роду Радзівілаў. Аднак старэйшая галіна хутка згасла, калі ў 1542 г. памёр вышэйназваны Ян Мікалаевіч. Праз тры гады яго спадчына была падзелена паміж трыма дочкамі, прычым у гэтым падзеле згадваецца і Бастынь, якая адносілася да маёнтка Ліпск (у сучасным Ляхавіцкім раёне) [14]. Адначасова часткі таго ж сяла Бастынь належалі прадстаўнікам дзвюх астатніх галін — сыну Яна Мікалаю Чорнаму і сыну Юрыя Мікалаю Рудаму. Сярод уладанняў апошняга ў 1550 г. называюцца сяльцо і дварэц (маленькі двор) Бастынь [15]. Пазней, ужо ў 2-ой палове XVI ст. (1577 г.), сярод уладанняў Мікалая Рудага выступае сяло Чучавічы [16], якое, магчыма, уваходзіла ў гэты ж маёнткавы комплекс.
Такім чынам, на працягу XV ст. назаўсёды знікла сувязь Лунінеччыны з тымі старажытнымі княствамі, якія некалі ахоплівалі яе тэрыторыю. Замест таго ўся яна апынулася ў руках новых гаспадароў — паноў-магнатаў, якія ў гэты час сталі вядучай сілай у ВКЛ. Гэта ў пэўнай ступені адлюстроўвала тыя працэсы, што адбываліся па ўсёй дзяржаве, хаця мала дзе канцэнтрацыя новых магнацкіх вотчын дасягала такога памеру, як тут (практычна 100%). У першай палове XVI ст. асабліва пашырылася на Лунінеччыне землеўладанне Радзівілаў, якія якраз у гэты час дасягнулі вяршыні сваёй магутнасці. Нагадаем, што ім належалі Лобча, Бастынь, верагодна — Чучавічы, а таксама, напалам з Кішкамі, вялікая Лахвенская воласць. Паміж гэтымі вотчынамі ляжалі сёлы Лулін і Лулінец — уласнасць Неміровічаў (Няміраў).
Разам з тым галоўныя маёнткі ўсіх адзначаных родаў знаходзіліся далёка ад Палесся. Тутэйшыя сёлы ўтваралі своеасаблівы дадатак да гэтых маёнткаў, каштоўны галоўным чынам дзякуючы сваёй мядовай даніне. Мёд быў важным прадуктам як у спажыванні саміх феадалаў, так і ў замежным гандлі. У той час, калі вытворчасць цукру была яшчэ невядома, мёд заставаўся адзіным сродкам для стварэння салодкіх страў і напояў, да якіх нашы продкі былі не меншымі аматарамі, чым мы. Здабывалі яго ў лесе, выдзіраючы гнёзды дзікіх пчол у дуплах дрэў, але галоўным чынам — ад свойскіх пчол, якіх разводзілі не ў вуллях, як зараз, аў борцях — дуплістых калодах, спецыяльна падвешаных на так званыя бортныя дрэвы.
Балоцістыя лугі ў шырокіх поймах Прыпяці і Бобрыка, якія ўлетку пакрываліся коўдрай кветак, змешаныя лясы са спалучэннем ліпы і сасны, што займалі вялікі абшар у цэнтральнай частцы раёна (ад Луліна і Бастыні шырокім пасам у бок Лахвы), — усё гэта спрыяла развіццю бортніцтва. Гэтыя ж мясціны былі найбольш прыдатныя для земляробства і жывёлагадоўлі, якія, аднак, у той час не перасягалі па сваім значэнні бортніцтва. Таму насельніцтва было даволі рэдкім і мясцілася пераважна ў паўднёвай частцы Лунінеччыны. Вельмі прыблізна агульную колькасць насельніцтва на яго тэрыторыі можна вызначыць у 4-5 тыс. чалавек.
Пераход сёл са складу былых княстваў у дзяржаўную ўласнасць, а затым у рукі магнатаў мала адбіваўся на жыцці мясцовага насельніцтва. Сяляне мелі справу перш за ўсё з цівуном далёкага гаспадара, які сачыў за зборам даніны. Каму служыў гэты цівун — князю, дзяржаве альбо пану Радзівілу,— для сялян у тым асаблівай розніцы не было. Гэтак жа мала турбавала іх, хто спажываў сабраны імі мёд: ксёндз Ішкальдзёнскага касцёла, госці ў тады яшчэ драўляным Нясвіжскім замку ці хтосьці яшчэ. На Лунінеччыне не было яшчэ двароў з панскім ворывам, куды сялян маглі прыцягнуць на паншчьшу, а магчымасць выклікаць падданых з глухіх палескіх кутоў для работ у цэнтральных маёнтках была даволі абмежаванай.
Сучасны райцэнтр Лунінец (гэта форма пачынае сустракацца ў крыніцах XVI ст. побач са старой формай "Лулінец") нічым не вызначаўся ў той час на агульным фоне. Гэта было звычайнае сяло, населенае сялянамі-даннікамі. Тая галіна Неміровічаў, што валодала ім, згасла пасля смерці ў 1540-ых гг. юных сыноў Яна Пятровіча Пенкі. Яго ўдава Багдана (у некаторых крыніцах яна называецца Ганнай), прадстаўніца хутка ўзыходзячага роду Сапегаў, захавала пажыццёвае права на маёнткі мужа. У той час дзейнічалі нормы Статута ВКЛ 1529 г., які істотна абмяжоўваў права феадалаў распараджацца родавымі (вотчыннымі) маёнткамі. За межы роду можна было прадаваць ці завяшчаць не больш 1/3 такіх маёнткаў, рэшта павінна была пераходзіць да дзяцей, братоў, пры іх адсутнасці — да вялікага князя.
Каб абысці гэтае абмежаванне, удава Яна Пенкі Неміровіча выкарыстала распаўсюджаны ў той час прыём: яна абвясціла, што ўсынаўляе аднаго з прадстаўнікоў роду Давойнаў, цесна звязанага з Неміровічамі, — полацкага ваяводу Станіслава Станіслававіча Давойну. Пасля гэтай працэдуры пан Давойна юрыдычна стаў яе бліжэйшым родзічам, што дазволіла Багдане Сапежанцы завяшчаць яму маёнткі свайго мужа-нябожчыка. Замаскіраваная такім чынам угода была здзейснена ў 1552 г. [17].
Падобныя празрыстыя хітрыкі відавочна паказвалі, што норма Статута 1529 г. састарэла. У 1566 г. быў прыняты новы Статут, які гэтую норму скасоўваў. Адгэтуль можна было прадаваць, дарыць і завяшчаць вотчынныя маёнткі без абмежаванняў.
Тым часам Станіслаў Давойна, выконваючы свае абавязкі ваяводы, кіраваў абаронай Полацка падчас аблогі войскамі расійскага цара Івана Грознага ў 1563 г. і пасля капітуляцыі горада трапіў у палон. Апекуном яго маёнткаў быў стрыечны брат, Станіслаў Андрэевіч Давойна. У 1566 г. ён ад імя свайго родзіча прадаў шляхціцу Паўлу Падарэўскаму сяло Дзяцелавічы (Дзятлавічы), якое, напэўна, незадоўга да таго ўзнікла на землях Лулінска-Лулінецкага маёнтка. У снежні 1571 г., вярнуўшыся з палону, полацкі ваявода пацвердзіў гэты продаж [18].
Ужо ў 1567 г. у перапісе войска ВКЛ Павел Падарэўскі выступае як уласнік маёнтка Дзяцелавічы. З яго ён павінен быў ставіць у войска 2 конных воінаў. Адзін коннік ставіўся з кожных 10 службаў падданых. Гэта азначае, што Дзяцелавічы ў той час былі даволі значным паселішчам і налічвалі каля 20 службаў ці прыблізна 40 сялянскіх двароў [19].
Прыняцце ў 1566 г. другой рэдакцыі Статута ВКЛ было толькі адным з эпізодаў у комплексе рэформ, што адбываліся ў той час у дзяржаве. Рэформы даволі істотна змянілі аблічча ВКЛ. Перш за ўсё, з 1557 г. у дзяржаўных валасцях распачалася аграрная рэформа (так званая "валочная памера"), якая хутка распаўсюдзілася на прыватныя маёнткі. У ходзе яе замест старых служб уводзіліся стандартныя зямельныя ўчасткі (плошчай у 21,36 га). 3 кожнай валокі ў залежнасці ад якасці глебы вызначаўся пэўны памер павіннасцей. Валока падзялялася на 30 моргаў. У залежнасці ад колькасці працаздольных, наяўнасці цяглавай жывёлы і іншых фактараў валокай зямлі маглі карыстацца адна, дзве ці больш сялянскіх сямей. Найбольш тыповым быў надзел у паўвалокі (15 моргаў).
Адбыліся змены ў адміністрацыйным падзеле і сістэме кіравання ВКЛ. Статутам 1566 г. упершыню былі вызначаны ваяводствы і паветы, на якія падзялялася дзяржава (раней структура адміністрацыйных адзінак складвалася стыхійна). Уся тэрыторыя Лунінеччыны ўвайшла ў Навагрудскі (Ноўгарадскі, як яго называлі ў той час) павет аднайменнага ваяводства.
Папярэдне на сойме 1563 г. былі адменены забароны некатолікам займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады і афіцыйныя адрозненні ў прававым статусе паноў (вышэйшага кола дзяржаўнай арыстакратыі) і простай шляхты. Фармальна з гэтага часу ўсе феадалы, незалежна ад веравызнання і паходжання, лічыліся роўнымі ў правах. На практыцы, аднак, рашаючае значэнне мела багацце. Галоўная роля ў дзяржаве па-ранейшаму належала магнатам - такім, як Радзівілы, Давойны, Кішкі. Разам з тым павятовая шляхта атрымала правы самакіравання. Па польскім узоры ў кожным павеце былі ўведзены пасады маршалкаў, харунжых, падкаморых, а таксама шляхецкія (земскія) суды і павятовыя соймікі. Праз гэтыя інстытуты мясцовая шляхта атрымала магчымасць удзельнічаць у грамадскім жыцці. Вянчала комплекс рэформ Люблінская унія 1569 г., па ўмовах якой ВКЛ і Польскае каралеўства (Карона) канчаткова злучаліся ў адзіную федэратыўную дзяржаву - "Рэч Паспалітую абодвух народаў". ВКЛ пры гэтым захоўвала сваё войска, заканадаўства, фінансы.
Такім чынам, з 1560-ых гг. пачаўся новы этап у гісторыі Вялікага княства. На Лунінеччыне адной з першых прыкмет новага часу стала з'яўленне дробных шляхецкіх маёнткаў, якія ўжо не былі дадаткамі да вялізных магнацкіх вотчын. Першым такім маёнткам сталі Дзяцелавічы, набытыя ў Давойнаў Паўлам Падарэўскім. Хутка іх колькасць павялічылася.
Станіслаў Давойна мала пражыў пасля вяртання з маскоўскага палону і памёр у 1573 г. Незадоўга да смерці ён ажаніўся з удавой пана Хадкевіча, князёўнай Барбарай Саламярэцкай. Яна і ўступіла ў валоданне яго маёнткамі. Давойна не пакінуў дзяцей, як і яго стрыечны брат Станіслаў Андрэевіч. Аднак у іх была стрыечная сястра Соф'я Янаўна, якая была жонкай князя Багдана Друцкага-Любецкага і пакінула двух дзяцей: сына Івана (Януша) і дачку Ганну. На момант згасання роду Давойнаў ні Соф'і, ні яе сына Івана ўжо не было ў жывых. Бліжэйшымі нашчадкамі засталіся Ганна, якая была жонкай шляхціца Мікалая Харлінскага, і малады ўнук, князь Павел Іванавіч Друцкі-Любецкі. Абодва яны прад'явілі прэтэнзіі на частку давойнаўскай спадчыны. Удава Давойны Барбара Саламярэцкая доўга не пагаджалася прызнаць гэтыя прэтэнзіі, і працэс цягнуўся з 1578 па 1587 г. [20]. Нарэшце было дасягнута пагадненне аб падзеле маёнткаў, у выніку якога, у прыватнасці, Вялікі Лулін застаўся за Барбарай, а Малы Лулінец — за Паўлам Друцкім-Любецкім і яго цёткай Харлінскай.
Між тым яшчэ раней, у 1580 г., Павел прадаў свае правы на частку Луліна за 2 тысячы коп грошаў шляхціцу Мельхіёру Сноўскаму па мянушцы Граўжы [21]. Барбара ж у трэці раз выйшла замуж за Філіпа Ліманта. Разам з ім яна ў 1596 г. аддала свой маёнтак Лунін (такая форма назвы ў гэты час ужо пераважае) у заклад Івану Мялешку, а ў 1599 г. канчаткова прадала яго аднаму з Радзівілаў - Юрыю, князю на Біржах і Дубінках (унуку Мікалая Рудага) [22].
На той частцы маёнтка, што дасталася Ганне Харлінскай, узніклі два новых паселішчы — Волька, што існуе і цяпер, і Дняпрэц, які знаходзіўся недзе ў нізоўях р. Бобрык. Сяло Лунінец перайшло ў рукі Мельхіёра Сноўскага, які хутка затым памёр. Ужо ў 1588 г. яго ўдава Барбара Клочкаўна падаравала ("запісала") Лунінец Барбары Кунцэвіч, жонцы падскарбія ВКЛ Мікалая Нарушэвіча. 3 гэтай нагоды быў складзены інвентар, у якім пералічаны ўсе падданыя, іх павіннасці, апісаны межы маёнтка [23].
Інвентар сведчыць, што Лунінец быў даволі значным паселішчам, ён налічваў 74 "дымы" (сялянскія гаспадаркі) і яшчэ 9 сем'яў так званых агароднікаў, якія не мелі ворыўнай зямлі. Згадваецца таксама новазбудаваная царква. Землі Лунінецкага маёнтка яшчэ не былі перамераны на валокі, мядовая даніна ў памеры 26 вёдзер у год ускладалася на ўсё сяло цалкам. Размеркаванне павіннасці па асобных дварах ажыццяўляў, напэўна, сельскі старац.
У 1600 г. адбылося размежаванне зямель паміж маёнткам Лунінец, які па- ранейшаму належаў Барбары Нарушэвіч, і Волькай, якая ў той час належала Сымону Мікалаевічу Харлінскаму. Пры гэтым згадваецца, што сяло Дняпрэц належала братам Сымона (дзецям Ганны Друцкай-Любецкай). Усім Харлінскім належалаі невялікая частка сяла Лунінец, а менавіта 1/12 яго доля, што складала каля 7 - 8 двароў [24].
Суседнія Дзяцелавічы ў 1578 г. належалі сыну Паўла Падарэўскага Мікалаю. Апошні задаўжаў значную суму Валенту Дыбоўскаму. За нявыплату доўгу Дыбоўскі атрымаў магчымасць часова карыстацца даходам з Дзяцелавічаў, пакуль не выбера такім чынам адпаведную суму. Аднак ён у сваю чаргу перадаў маёнтак у заклад Яну Кішцы - уладальніку вялікіх сумежных абшараў. У 1581 г. паміж Падарэўскім і Дыбоўскім успыхнуў жорсткі канфлікт. Першы, напэўна, палічыў, што яго доўг ужо пагашаны, і гвалтоўна захапіў свой маёнтак. У сутычцы Дыбоўскі быў забіты. Аднак пацярпеўшым бокам палічыў сябе Ян Кішка, які выплаціў Дыбоўскаму грошы за заклад, але пазбавіўся прыбыткаў з захопленага Падарэўскім маёнтка. У 1589 г. суд пакінуў Дзяцелавічы ў часовым карыстанні Яна Кішкі. Падарэўскі ж быў асуджаны да вялікага штрафу [25].
У Мікалая Падарэўскага быў яшчэ брат Адам. Апошні ў 1604 г. зрабіў падзел маёнтка Дзяцелавічы з пляменніцай (дачкой Мікалая) — Ганнай Падарэўскай, жонкай Крыштафа Коса. Напэўна, на той час доўг быў нарэшце пагашаны і маёнтак вярнуўся да сваіх уласнікаў. Але хутка затым Падарэўскія прадалі Дзяцелавічы Якубу Кунцэвічу, які прыходзіўся родзічам Барбары Нарушэвіч. Ад яе ён набыў маёнтак Лунінец. У 1617 г. Якуб Кунцэвіч разам з сынам Мікалаем прадалі Лунінец і Дзяцелавічы Канстанціну Багданавічу Доўманту [27].
Такім чынам, тая частка Лунінеччыны, што некалі належала панам Неміровічам, у другой палове XVI - пачатку XVII ст. апынулася падзеленай на дробныя шляхецкія маёнткі. Лёс іх быў тыповым для такога віду ўласнасці - часты пераход з рук у рукі, які не заўсёды ўдаецца прасачыць, канфлікты, сутычкі і г. д. Праўда, сяло Лунін нядоўга пратрымалася ў руках шляхты - яго ў 1599 г. набыў Юрый (Ежы) Радзівіл, далучыўшы да вялікай сумежнай вотчыны, што ўключала сяло Лоўчу і цягнулася далей у сённяшні Пінскі раён, за раку Бобрык, і на поўнач да Хаценіч. Цэнтрам гэтага маёнтка было мястэчка Пагост. Пасля смерці Юрыя Радзівіла ў 1613 г. яго маёнткі адышлі да стрыечных братоў - Януша і Крыштофа Радзівілаў [28].
Значная частка Лунінеччыны па-ранейшаму заставалася ў руках іншай, нясвіжскай, галіны Радзівілаў і цесна звязаных з імі радством паноў Кішкаў. Мікалай Радзівіл Чорны і Станіслаў Пятровіч Кішка, якія сумесна валодалі Лахвой у сярэдзіне XVI ст., былі стрыечнымі братамі. Да таго ж Кішка ажаніўся са спадкаемніцай старэйшай (згаслай у 1542 г.) галіны Радзівілаў - Ганнай Янаўнай. Апошняя валодала часткай сяла Бастынь, некалі падзеленага паміж трыма сынамі Мікалая Радзівілавіча. Разам з іншымі палескімі сёламі (Люсінам, Краем і інш.) Бастынь згадваецца сярод маёнткаў Ганны, на той час ужо ўдавы С. П. Кішкі, у перапісу войска ВКЛ у 1567 г. Тады з Бастыні, Люсіна і Краю разам належала ставіць 2 коннікаў [29]. Пры апісанні межаў у вышэйзгаданым інвентары Лунінца ў 1588 г. Бастынь адзначана як уласнасць Яна Кішкі - старэйшага сына Станіслава і Ганны Радзівіл.
У тым жа 1588 г. адбыўся паўторны падзел маёнтка Лахва паміж Янам Кішкам і сынам Мікалая Чорнага - Мікалаем Крыштофам Радзівілам па мянушцы Сіротка [30]. Пры гэтым мястэчка Лахва і сёлы на поўнач і ўсход ад яго (Езерніца, Малая Ляхаўка, Сінкевічы і інш.) увайшлі ў частку Радзівіла. Цэнтрам маёнтка Кішкі стаў Гарадзец (Кажан-Гарадок), да якога адышла заходняя частка воласці абапал р. Цны. На поўначы гэты абшар ахопліваў сяло Кормуж, а таксама Велуту недалёка ад Бастыні (апошняя была затым далучана да гэтага ж маёнтка). 3 гэтага часу Лахва і Кажан-Гарадок канчаткова адасобіліся як самастойныя маёнткі, лёс якіх у далейшым пайшоў рознымі шляхамі.
Кажан-Гарадок і Бастынь пасля смерці Яна Кішкі ў 1591 г. перайшлі да яго глуханямога брата Станіслава. У 1599 г. Кажан-Гарадок упершыню названы мястэчкам [31]. У 1603 г. старэйшы сын Станіслава Мікалай Кішка ад імя бацькі аддаў маёнтак у заклад за 11 тыс. коп грошаў Ежы Самсону Падбярэзскаму, а ў 1613 г., не выкупляючы з закладу, навечна прадаў таму ж Падбярэзскаму за агульную суму ў 30 тыс. коп [32]. У гэты момант маёнтак ахопліваў мястэчка Кажан-Гарадок з праваслаўнай царквой, сёлы Бродніцу, Бастынь, Вічын, Волю, Велуту, Дварэц, Дрэпскую Даліну, Кормуж, Ракітну, Цну і Язвінкі. Пазней гэты маёнтак перайшоў ад Падбярэзскага да польскіх магнатаў Тарнаўскіх.
Што датычыць Лахвы, то яна засталася ў руках нясвіжскай галіны Радзівілаў да канца існавання Рэчы Паспалітай. Мікалай Крыштоф Сіротка, віленскі ваявода і канцлер, валодаў ёю да 1612 г., калі перадаў ва ўладанне свайму другому сыну Альбрэхту Уладзіславу [33]. Апошні быў уласнікам Лахвы да 1626 г., калі памёр яго старэйшы брат Ян Ежы і паміж астатнімі братамі адбылося пераразмеркаванне маёнткаў. Альбрэхт Уладзіслаў, атрымаўшы ў спадчыну пасля Яна Ежы Нясвіжскую ардынацыю, саступіў Лахву трэцяму брату - Зыгмунду Каралю, кавалеру Мальтыйскага ордэна. У радзівілаўскім архіве захаваўся інвентар Лахвенскага маёнтка, складзены ў гэты час (праўда, вельмі дрэннай якасці). 3 яго вынікае, што ў склад маёнтка тады ўваходзіла Чучавіцкая воласць з сёламі Чучавічы, Красная Воля, Баравікі і Гоцкая Лука (апошняя - у сучасным Салігорскім раёне). Як мы памятаем, у 1577 г. Чучавічы належалі іншай, біржайска-дубінскай галіне Радзівілаў. Апрача таго, у 1626 г. да Лахвы належалі сёлы Вельча, Езерніца, Любачын, Любань, Малая Ляхаўка, Сінкевічы, Сітніца, знікшыя пазней Селішча і Мілавіды, а таксама Заслучча ў сучасным Жыткавіцкім раёне [34]. Сярод паселішчаў, вядомых яшчэ з 1493 г., у гэтым інвентары адсутнічаюць Мокрач і Марцінкавічы.
Зыгмунд Караль Радзівіл, як рыцар Мальтыйскага ордэна, прытрымліваўся зароку бясшлюбнасці і не меў дзяцей. Пасля яго смерці ў 1642 г. Лахва разам з іншымі маёнткамі нясвіжскай галіны перайшла ў рукі апошняга з сыноў Сіроткі - Аляксандра Людвіга, а затым да нашчадкаў апошняга.
Інвентары Кажан-Гарадка за 1613 г. і Лахвы за 1626 г. сведчаць, што ў канцы XVI - пачатку XVII ст. іх насельніцтва значна вырасла. У ходзе валочнай памеры ў маёнтку Лахва было намерана звыш 350 сялянскіх валок. Лахвенскія мяшчане карысталіся не ворыўнымі валокамі, а павялічанымі агародамі (так званымі пляцамі). Частка з іх дадаткова трымала і валокі. Буйнейшымі сёламі былі Чучавічы (57 і 1/3 валокі), Любачын (41), Езярніца (38), Сітніца (37). Паколькі ў сярэднім на валоку прыпадала па 2 сям'і, колькасць двароў была прыкладна ўдвая большай. Так, у Любачыне на 41 валоку прыпадала 78 двароў, у Сітніцы на 37 валок – 71 двор.
Кажан-Гарадоцкі маёнтак налічваў 368 сялянскіх валок (не лічачы мяшчанскіх пляцаў у самім Кажан-Гарадку). За няпоўнае стагоддзе, што мінула з часу падзелу Лахвенскай воласці паміж Пятром Кішкам і Ганнай Радзівіл, насельніцтва на гэтым абшары ўзрасло ў некалькі разоў. Буйнымі паселішчамі сталі Бастынь (67 валок), Дварэц (40 валок). У большасці сёлаў Кажан-Гарадоцкага маёнтка налічвалася па 30 валок ці блізка да таго.
Блізкія па часе звесткі маюцца і для маёнтка Канстанціна Долмата, які ахопліваў Дзяцелавічы і Лунінец. Паводле інвентару 1620 г. [35], у Дзяцелавічах мелася 68 валок, а ў Лунінцы - 122. Асаблівасцю гэтага маёнтка былі вялікія сялянскія надзелы – тыповы надел ахопліваў не палову, а цэлую валоку. Паселішча ў Лунінцы складалася з трох частак, якія мелі асобныя назвы: Любазедзя, З'ялы і Ясенаўка. Першая з іх мела 62 валокі і 44 агароды (пляцы), другая - 14 валок і трэцяя - 2 валокі і 9 агародаў. 5 з паловай валок былі пустымі, 2 належалі царкве. Усяго ў Лунінцы было 127 двароў. У Дзяцелавічах 5 баярскіх і 58 сялянскіх двароў карысталіся 61,5 валокамі, яшчэ 6,5 валок пуставалі.
Цікава, што, не гледзячы на прыналежнасць аднаму ўласніку, памеры павіннасцяў у Дзяцелавічах і Лунінцы істотна адрозніваліся. У першым сяле з валокі належала плаціць чынш у памеры 1 капы (60 грошаў), у другім – ажно 160 грошаў. Затое ў Дзяцелавічах з'явілася так званая "пашня дворная" – ворыўная зямля, якую сяляне павінны былі апрацоўваць у якасці прыгону. З кожнай валокі такі прыгон складаў два дні ў тыдзень. Апрача таго, захоўвалася натуральная даніна (дзякло) у памеры 1 медніцы мёду ёмкасцю ў 28 кварт (крыху менш за 20 літраў), па дзежцы жыта і аўсу, 3 кур і 10 яек у год. Такое ж дзякло выплочвалі і лунінецкія сяляне.
Гэты інвентар аддзяляе ад папярэдняга, складзенага ў 1588 г., 32 гады. За гэты час прырост насельніцтва ў Лунінцы быў адчувальным: з 83 да 127 двароў. Увогуле ж на тэрыторыі Лунінеччыны ў 1620-ыя гг. мелася, напэўна, парадку 2 тыс. двароў, у якіх магло жыць каля 15 тыс. чалавек.
Рост насельніцтва быў адной з прыкмет таго эканамічнага ўздыму, што назіраўся на Беларусі ў 2-ой палове XVI - 1-ай палове XVII ст. Імкліва раслі гарады, узнікалі новыя мястэчкі (паселішчы, жыхары якіх мелі права займацца не толькі сельскай гаспадаркай, але і гандлёва-рамесніцкай справай). Сельскагаспадарчая вытворчасць дасягнула, напэўна, максімальна магчымага ўзроўню для даіндустрыяльнай эпохі. Адчуваўся і ваенна-палітычны ўздым Рэчы Паспалітай, якая ў 1582 г. на даволі выгадных для сябе ўмовах скончыла зацяжную вайну з Расіяй, а ў час расійскай Смуты 1610-ых гг. нават спрабавала навязаць Маскве свой варыянт выйсця з крызісу.
Але адначасова ўзмацняліся і супрацьлеглыя тэндэнцыі. Уздым дасягаўся ў значнай ступені за кошт больш жорсткай эксплуатацыі сялянства, і з'яўленне паншчыны ў Дзяцелавічах было толькі адной рысачкай у агульнай карціне. Пакуль у гаспадарцы селяніна ўсё ішло як след, ён звычайна быў у стане выконваць узросшыя павіннасці. Але любая непрыемная нечаканасць (працяглая хвароба, страта каня альбо вала, некалькі неўрадлівых гадоў запар) у такіх умовах магластаць катастрафічнай, прывесці да разарэння.
Горш за ўсё было тое, што рост сацыяльнай напружанасці суправаджаўся ростам рэлігійных і этнічных супярэчнасцей. Адносная верацярпімасць, якая панавала ў ВКЛ, у другой палове XVI ст. змянілася актыўным наступам каталіцтва на пратэстанцкае і праваслаўнае веравызнанні. Берасцейская царкоўная унія 1596 г. перавяла праваслаўныя епархіі Рэчы Паспалітай у падпарадкаванне рымскаму папе. Гэта выклікала супраціўленне часткі святароў і насельніцтва і прывяло да расколу праваслаўя на дзве канфесіі: уніяцкую, альбо грэка-каталіцкую (падпарадкаваную папе), і праваслаўную, альбо грэка-расійскую (падпарадкаваную маскоўскаму патрыярху).
У такіх умовах беларуская шляхта, раней у большасці праваслаўная, пачала пераходзіць у каталіцтва. Змена веры суправаджалася і этнічнай пераарыентацыяй, пераходам на польскую мову. Пан ад селяніна пачаў адрознівацца не толькі сацыяльным статусам, але і верай, мовай, што ўвогуле рабіла іх чужынцамі адзін да аднаго.
Частка шляхты актыўна супраціўлялася гэтым працэсам. Да стойкіх прыхільнікаў праваслаўя належаў і Канстанцін Долмат. Яшчэ пры сваім жыцці ён заснаваў у сваім маёнтку Цепра на Навагрудчыне праваслаўны манастыр. Паміраючы ў кастрычніку 1622 г., ён склаў завяшчанне, паводле якога Дзяцелавічы і Лунінец аддаваў у пажыццёвае карыстанне жонцы Ганне Юркоўскай з тым, каб пасля яе смерці ў Дзяцелавічах быў заснаваны яшчэ адзін мужчынскі праваслаўны манастыр, які б знаходзіўся пад пратэкцыяй Кіева-Пячэрскай лаўры [36]. Воля нябожчыка была выканана, і ў хуткім часе з'явіўся новы манастыр. Яго ўласнасцю сталі сёлы Дзяцелавічы і Лунінец разам са сваімі жыхарамі.
Аднак намаганні Долмата і яго аднадумцаў узмацніць пазіцыі праваслаўнай царквы на Беларусі не маглі змяніць сітуацыю ў цэлым. Уплыў каталіцтва нарастаў. Аднымі з яго актыўных праваднікоў, дарэчы, выступалі Радзівіл Сіротка і яго сыны, якія спярша былі пратэстантамі-кальвіністамі, а з канца XVI ст. зрабіліся заўзятымі католікамі. Праўда, яны даволі цярпліва ставіліся і да праваслаўнай царквы. Альбрэхт Уладзіслаў у 1623 г. падараваў Прачысценскай царкве ў Лахве 2 валокі зямлі, а ў 1643 г. яго брат Аляксандр Людвіг зрабіў наданне другой лахвенскай царкве - Ражства Багародзіцы [37]. Адзначым, што біржайская галіна Радзівілаў, якой належаў заходні ўскраек Лунінеччыны з Лунінам і Лоўчай, па-ранейшаму прытрымлівалася кальвінізму. Такім чынам, на тэрыторыі раёна, як і па ўсёй дзяржаве, чаргаваліся маёнткі прыхільнікаў розных веравызнанняў. Гэта толькі паглыбляла палітычную і сацыяльную няўстойлівасць.
Вынікам стаў жорсткі крызіс, у якім апынулася Рэч Паспалітая ў сярэдзіне XVII ст. Шматлікія сяляне - уцекачы (галоўным чынам з Украіны, частковаі з Беларусі), незадаволеныя ўзмацненнем эксплуатацыі, асядалі ў Запарожскай Сечы, дзе хутка сабралася цэлая армія. Казакі лічылі сябе змагарамі супраць паноў і за праваслаўную веру. У 1648 г. распачалася сапраўдная вайна паміж імі і Рэччу Паспалітай. Асноўныя баявыя дзеянні вяліся на Украіне, але загоны казакаў ("чаркасаў", як іх звалі на Беларусі) не раз накіроўваліся з поўдня ў парэчча Прыпяці. Частка сялян пад іх уплывам пачала граміць панскія маёнткі. На бок казакаў перайшлі жыхары Пінска. Войска на чале з гетманам ВКЛ Янушам Радзівілам адказала жорсткімі рэпрэсіямі. Цяжка сказаць, наколькі моцна пацярпела ў выніку гэтай смуты тэрыторыя Лунінеччыны, аднак несумненна, што ў той ці іншай ступені гэтыя падзеі закранулі і яе.
У 1654 г. успыхнула новая вайна, у якой супраць Рэчы Паспалітай сумесна выступілі ўкраінскія казакі і Расія. Іх войскі занялі значную частку тэрыторыі ВКЛ. У верасні 1655 г. расійска-казацкі атрад на чале з князем Валконскім на лодках прайшоў з Кіева па Прыпяці, разрабаваўшы Давыд-Гарадок, Тураў і Пінск. Напэўна, паўднёвая частка Лунінеччыны таксама пацярпела ад гэтага паходу. У далейшым вайна, у якой прыняла ўдзел яшчэ і Швецыя, з перапынкамі цягнулася да 1664 г., а канчатковае перамір'е Рэчы Паспалітай з Расіяй было заключана толькі на пачатку 1667 г.
Вайна прынесла Рэчы Паспалітай вялізныя спусташэнні. Пры гэтым на Беларусі разбурэнні былі асабліва моцнымі. Не менш адчувальным вынікам быў духоўны надлом у народзе. На пачатку вайны сярод праваслаўнага насельніцтва назіраліся вельмі моцныя сімпатыі да расійскіх і ўкраінскіх аднаверцаў. Аднак хутка настала расчараванне, бо рускія і казакі часта дзейнічалі на Беларусі не як вызваліцелі, а як захопнікі і рабаўнікі. "Свае" паны таксама праявілі сябе далёка не з лепшага боку. Прадстаўнікі біржайскай галіны Радзівілаў, стрыечныя браты Януш і Багуслаў, у ходзе вайны перайшлі на бок шведаў, шукаючы толькі асабістай карысці. Таму пасля вайны сялянства апанавала апатыя, а адчужэнне паміж простым людам і шляхтай ператварылася ў сапраўдную бездань.
У другой палове XVII - XVIII ст. Рэч Паспалітая знаходзілася ў стане глыбокага заняпаду, з якога так і не выйшла. Гаспадарка тапталася на месцы, што добра ілюструе серыя інвентароў радзівілаўскага маёнтка Лахва. У 1672 г. мястэчка Лахва налічвала 166 двароў, а ў 7 сёлах на тэрыторыі сучаснага Лунінецкага раёна - Любачыне, Краснай Волі, Любані, Малай Ляхаўцы, Сенкавічах, Сітніцы і Вельчы разам было 243 двара. Зямельны фонд гэтых сёлаў налічваў 207,5 валок, з іх амаль 68 валок (трэцяя частка) пуставалі [38]. Больш чым праз стагоддзе, у 1785 г., колькасць падданых застаецца амаль у тым самым стане. У Лахве было 187 двароў, у сямі вышэйзгаданых сёлах – разам 251 [39]. Усяго ў 8 паселішчах, якія прысутнічаюць у абодвух інвентарах, колькасць двароў за стагоддзе павялічылася толькі з 409 да 438, альбо на 6,6%. Па-ранейшаму значная колькасць зямлі пуставала, і не находзілася жадаючых заняць пустыя валокі.
Два іншых інвентары дазваляюць ацаніць забяспечанасць сялян хатняй жывёлай. У 1691 г., калі ва ўсім маёнтку Лахва налічвалася 536 двароў, іх уладальнікам належала 276 коней і 370 валоў [40]. Калі ўлічыць, што для запрэжкі быў неабходны 1 конь ці 2 валы, колькасць поўных запрэжак дасягала ўсяго 461. Інвентар 1764 г. фіксуе больш спрыяльнае становішча: на 592 двары прыходзілася 27 коней і 780 валоў [41]. Гэта значыць, што практычна кожны двор быў забяспечаны цяглавай скацінай.
Інвентары другой паловы XVIII ст. сведчаць, што ў гэты час у Лахвенскім маёнтку з'явілася паншчына. Каля вёсак Любачын і Красная Воля былі заснаваны фальваркі - гаспадарчыя двары з панскімі ворыўнымі землямі, якія апрацоўваліся прыгоннымі сялянамі. Там, дзе не было прыгону, сяляне плацілі грашовы чынш, і ў любым выпадку за імі заставалася дзякло. У 1672 г. чынш з кожнай мяшчанскай валокі налічваў 6 злотых і 8,5 грошаў (гэта значыць – 188,5 грошаў), з сялянскай – 10 злотых і 8 грошаў. Дзякло вымяралася адным карцом (дзежкай прыкладна ў 120 літраў) аўсу, адным возам сена, адной курыцай і 10 яйкамі. Мядовая даніна дасягала 9 бязменаў (каля 27 кг) з валокі.
Увесь гэты час Лахва і Чучавічы належалі самым значным прадстаўнікам разгалінаванага роду Радзівілаў - яго нясвіжскай галіне. Імі па чарзе валодалі такія выдатныя асобы, як сын Аляксандра Людвіга, віленскі ваявода Міхал Казімір (1635 -1680), сын апошняга, канцлер ВКЛ Караль Станіслаў (1669 -1719), затым віленскі ваявода і гетман Міхал Казімір Рыбанька (1702 -1762), нарэшце, славуты Караль Станіслаў па мянушцы Пане Каханку (1734 -1790). Усе яны былі на першых ролях у дзяржаве. Палескія маёнткі складалі толькі невялічкую частку іх бязмежных латыфундый. Апрача вышэйзгаданых 8 паселішчаў, на тэрыторыі Лунінеччыны да Лахвенскага маёнтка ў 1785 г. адносіліся вёскі Езярніца і Мокрава (у іх на той момант было адпаведна 40 і 64 двары), да Нясвіжскага – Чучавіцкая воласць у складзе вёсак Вялікія і Малыя Чучавічы і Баравікі (адпаведна 55, 33 і 8 двароў), да маёнтка Ленін – Маршчынавічы і Мікашэвічы (адпаведна 11 і 3 двары). Дарэчы, сам маёнтак Ленін адносіўся да неабсяжнага Слуцкага княства, якое ў XVII стагоддзі належала біржайскай галіне тых жа Радзівілаў, а пасля яе згасання было набыта прадстаўнікамі нясвіжскай галіны.
Праца лахвенскіх і чучавіцкіх падданых ператваралася ў мёд і збожжа, а ў канчатковым выніку — у золата і мастацкія вырабы, што ўпрыгожвалі славуты на ўсю Еўропу Нясвіжскі палац, коштам гэтай працы набываліся рэдкія кнігі для бібліятэк і тая соль, якой Пане Каханку пасыпаў дарогу, каб улетку ездзіць на санях.
Звесткі пра іншыя маёнткі Лунінеччыны не вызначаюцца асаблівай паўнатой. Кажан-Гарадок пасля графаў Тарнаўскіх належаў панам Істрыцкім, а затым перайшоў да Шчытаў, якія з'яўляліся адгалінаваннем старажытнага роду Неміровічаў. Лунін разам з суседнім Пагостам, якія раней належалі біржайскай галіне Радзівілаў, недзе ў смутны час сярэдзіны XVII ст. перайшлі ва ўласнасць князя Мікалая Друцкага-Любецкага. Цікава, што яго продак Павел Друцкі-Любецкі ў канцы папярэдняга стагоддзя валодаў суседнім Лунінцом, які хутка збыў Мельхіёру Сноўскаму. Зараз яго нашчадак зноў пасяліўся ў гэтых мясцінах, на гэты раз вельмі трывала. Лунін стаў адной з галоўных сяліб князёў Любецкіх. Праўда, спачатку Мікалай Друцкі-Любецкі і яго жонка Крысціна Сцяцкевіч жылі ў іншых маёнтках (буйнейшым з іх быў маёнтак Любавічы на ўсходняй мяжы ВКЛ, зараз у Смаленскай вобласці, які Крысціна атрымала ў спадчыну ад сваіх бацькоў). Лунін яны здалі ў заклад за 50 тыс. злотых праваслаўнаму святару Тэадору Васілевічу, які быў архімандрытам Слуцкага манастыра і адначасова - ігуменам Дзяцелавіцкага манастыра. У 1668 г. паміж Любецкімі і Васілевічам распачаўся зацяжны канфлікт з-за ўмоў і тэрміну закладу. Канфлікт цягнуўся нават у 1678 г., калі ўжо не было ў жывых ні айца Васілевіча, ні князя Любецкага. У апошняга засталіся непаўналетнія сыны Сымон і Багдан. Іх апекуны, князі Аляксандр Палубінскі, Марцыян Агінскі і Міхал Друцкі-Сакалінскі, пасля смерці Васілевіча гвалтоўна захапілі маёнтак і схавалі дакументы, з якіх вынікала, што тэрмін закладу яшчэ не скончыўся. За гэта сястра Васілевіча, манашка Віленскага Свята- Духаўскага манастыра, падала на іх у суд [42].
У гэты час у Рэчы Паспалітай, якую няспынна трэсла барацьба магнацкіх груповак, законы дзейнічалі вельмі слаба, панавала права сілы. Яскравым прыкладам было тое, што ў 1687 г. пасталеўшы Сымон Друцкі-Любецкі проста захапіў уладанні Дзяцелавіцкага манастыра, далучыўшы іх да свайго маёнтка Лунін. Пазней ён вымушаны быў вярнуць чужы маёнтак, але ў 1693 г. забраў яго зноў і ўтрымліваў некалькі месяцаў. Толькі ў 1699 г. Сымон і яго брат Багдан канчаткова адракліся ад усялякіх прэтэнзій на манастырскія землі [43].
Дарэчы, Дзяцелаўскі манастыр меў клопаты не толькі з уласнікамі суседняга Луніна, але і з Кіева-Пячэрскай лаўрай, якая паводле волі яго заснавальніка Доўманта мела права апекі над ім. Пад час вайны з казакамі і Расіяй у Лаўру былі вывезены дакументы гэтага манастыра (якія пазней згарэлі там пры пажары ў 1697 г.). Пасля вайны, у 1669 г. новы кароль Рэчы Паспалітай Міхаіл Вішнявецкі пацвердзіў Кіева-Пячэрскай лаўры яе правы на Дзяцелавічы і Лунінец [44]. Між тым фактычна манастыр апынуўся пад кантролем буйнога Слуцкага манастыра, архімандрытам якога быў вышэйзгаданы Тэадор Васілевіч, адначасова кіруючы і Дзяцелавіцкім манастыром. Напэўна, гэтым і былі выкліканы наступныя падзеі: у 1670 г. архімандрыт Пячэрскай лаўры Інакенці Гізель гвалтоўна наехаў на Дзяцелавічы і Лунінец, прычыніўшы ім шкод на 4 тыс. злотых. Суд, аднак, падтрымаў Васілевіча і вынес пакаранне Гізелю [45].
Сымон і Багдан Друцкія-Любецкія пакінулі сыноў з аднолькавым імем Юзэф. Пры размеркаванні маёнткаў паміж імі Пагост і Лунін засталіся ва ўладанні Юзэфа Багданавіча, які займаў пасаду стольніка Аршанскага павета. Ён памёр перад 1762 г., у якім яго ўдава Вікторыя Скірмунт і сын Францішак зноў судзіліся з Дзяцелавіцкім манастыром. На гэты раз ужо пакрыўджанымі былі Друцкія-Любецкія, чые падданыя з вёсак Лунін і Волька Харлінская цярпелі крыўды ад манастырскіх падданых з Малога Лунінца [46].
Вышэйзгаданы Францішак Друцкі-Любецкі быў даволі прыкметнай асобай свайго часу. Сярод шляхты Пінскага павета ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам, паслядоўна займаючы пасады земскага суддзі (1765), харунжага (1773) і павятовага маршалка (з 1782 г.). Быў ён і кавалерам вышэйшых ордэнаў Рэчы Паспалітай - ордэна Святога Станіслава (1785) і Белага Арла (1792). Францішак значна павялічыў памеры Лунінскага маёнтка, скупляючы ў дробнай шляхты навакольныя сёлы.
Тым часам Рэч Паспалітая няўхільна набліжалася да свайго канца. Моцныя суседзі - Расійская імперыя, Прусія, Аўстрыя - увогуле перасталі лічыцца з ёю, а затым перайшлі проста да падзелу яе тэрыторыі паміж сабой. У 1793 г. уся тэрыторыя Лунінеччыны была занята расійскімі войскамі і далучана да Расіі. Паны, якія прынеслі прысягу новым уладам, захавалі свае маёнткі. Так адбылося і з уладальнікамі тэрыторыі Лунінеччыны, якімі на той момант былі малалетні Дамінік Радзівіл (пляменнік Пане Каханку і спадчыннік Лахвы пасля смерці апошняга ў 1790 г.) і Юзэф Шчыт (уласнік Кажан-Гардка) і вышэйзгаданы князь Францішак Друцкі-Любецкі (уласнік Луніна).
Паводле новага адміністрацыйнага падзелу, уведзенага расійскімі ўладамі, Лунінеччына апынулася ў складзе Мінскай губерні, спярша - у Давыд-Гарадоцкім павеце, а пасля яго скасавання ў 1796 г. маёнткі Радзівіла і Шчыта былі далучаны да Мазырскага, а рэшта - да Пінскага павета. Пазней (у 1820-я гады) тэрыторыя Кажан- Гарадоцкага маёнтка была перададзена з Мазырскага ў Пінскі павет, і такі падзел захоўваўся ў далейшым да 1918 г.
Пра стан Лунінеччыны адразу пасля яе далучэння да Расіі даюць уяўленне матэрыялы рэвізіі (перапісу насельніцтва) 1795 г. і так званага Генеральнага межавання, якое праводзілася ў Мінскай губерні ў 1797-1800 гг. Складзеныя на іх падставе межавы атлас і тлумачальны тэкст ("Эканамічныя заўвагі") да яго [47] даюць шмат каштоўнай інфармацыі.
Увогуле на тэрыторыі Лунінеччыны ў канцы XVIII ст. змяшчалася 39 населеных пунктаў (2 мястэчкі, 11 сёл і 26 вёсак), не лічачы некалькіх панскіх фальваркаў, у якіх не было пастаяннага насельніцтва. У гэтых паселішчах было 1878 мяшчанскіх і сялянскіх двароў, у якіх жыло каля 6800 душ мужчынскага і каля 5700 - жаночага полу (у звестках аб колькасці душ ёсць пропускі, таму нельга прывесці дакладныя лічбы). Дарэчы, значна меншая колькасць жанчын сведчыць, хутчэй за ўсё, аб тым, што іх улік пры правядзенні рэвізіі быў менш дакладным. Таму пры вызначэнні агульнай колькасці насельніцтва варта не суміраваць мужчынскія і жаночыя душы, а памножыць лік мужчынскіх удвая. Такім чынам, усяго на тэрыторыі Лунінеччыны жыло каля 13 600 чалавек (у сярэднім па 7 чалавек на двор).
Буйнейшымі паселішчамі былі мястэчкі Лахва (192 двары мяшчан-хрысціян, 17 яўрэйскіх і 20 двароў чыншавай шляхты) і Кажан-Гарадок (129 хрысціянскіх і 21 яўрэйскі двор). У сяле Лунін, што разам з мястэчкам Пагост уваходзіла ў маёнтак Друцкага-Любецкага, было 109 двароў. Апрача таго, у складзе Кажан-Гарадоцкага маёнтка значнымі пунктамі былі сяло Бастыня (87 двароў), вёскі Дрэбск, Цна і Вялюта (адпаведна 94, 73 і 68). У Лахвенскім маёнтку вызначалася сяло Мокрава (70 двароў), у маёнтку Дзяцелавіцкага манастыра - Дзяцелавічы і Лунінец (адпаведна 64 і 56). Большасць астатніх паселішчаў налічвала ад 30 да 60 двароў, хаця былі і зусім дробныя, у некалькі двароў.
На тэрыторыі раёна налічвалася 2 касцёлы, 2 праваслаўныя і 13 уніяцкіх цэркваў, што выразна сведчыць аб перавазе уніяцтва над праваслаўем. Лахвенскі касцёл быў заснаваны і ўфундаваны Міхалам Казімірам Радзівілам у 1742 г. [48]. Пра час з'яўлення касцёла ў Кажан-Гарадку мы звестак не маем. Праўда, ёсць звесткі пра заснаванне Друцкімі-Любецкімі ў 1794 г. касцёла ў Луніне [49], аднак заўвагі да межавага атласа 1800 г. яго не ўпамінаюць.
Праваслаўныя цэрквы захаваліся да канца XVIII ст. толькі ў маёнтку Дзяцелавіцкага манастыра, у сяле Лунінец, і ў сяле Маршчановічы, якое адносілася да радзівілаўскага маёнтка Ленін. Уніяцкія цэрквы ва ўладаннях Радзівіла меліся ў Лахве, Вельчы, Краснай Волі, Вялікіх Чучавічах, Мокраве, Сянкевічах і Сітніцы, ва ўладаннях Шчыта - у Кажан-Гарадку, Вічыне, Язвінцы і Бастыні, ва ўладаннях Друцкага- Любецкага - у сяле Волька.
Гандлёвымі цэнтрамі для акругі выступалі абодва мястэчкі. У Кажан-Гарадку існавала 10 гандлёвых лавак, у якіх гаспадарылі ў асноўным яўрэі. Там жа адбывалася ў год 2 вялікіх кірмашы (у дзень Міколы Цудатворцы і ў дзень Св. Сімяона), а таксама штотыднёвыя таргі па нядзелях. У Лахве было 6 драўляных лавак, збіраліся 2 кірмашы ў год: насвята Ражства Багародзіцы і ў дзень Св. Георгія. Пры многіх паселішчах існавалі корчмы (напрыклад, у Бродніцы іх было ажно 4).
Уся прамысловасць абмяжоўвалася рудняй у сяле Маршчановічы і некалькімі млынамі. У Дзятлавічах і Вялюце былі лесапільныя заводы, у якіх сіла рачной вады выкарыстоўвалася для пілавання дрэў.
У такім стане знаходзілася тэрыторыя сучаснага Лунінецкага раёна ў апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай і напачатку новага перыяду, калі яна ўвайшла ў склад Расійскай імперыі.
Лунінеччына ў канцы XVI ст. (карта) |
Лунінеччына ў канцы XVII ст. (карта) |
- Gumovski M. Pieczecie ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. 1930. Roczn. VII. Z. 3-4. S. 689-690.
- Акты Литовской метрики. Т.1. - Вып. 1. Варшава, 1896. № 578.
- Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. Krakow, 1948. № 197.
- Там жа. № 270, 271.
- Акты Литовской метрики. № 578.
- Метрыка ВКЛ. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-18. (Надалей - Метрыка). Спр. 14. Арк. 205 адв. – 206 адв.; Там жа. Спр. 224. Арк. 196 адв. – 198, 317 адв. – 318 адв.
- Malczewska M. Latyfundium Radziwillow do polowy XVI wieku. Warszawa – Poznan, 1985. S. 122-123.
- Pergamentu katalogas. Vilnius, 1980. № 224, 439.
- Malczewska M. Latyfundium … S. 123-124.
- Там жа. S. 142.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1733. Воп. 1. Спр. 62. Арк. 209-210.
- Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 7. Вильно, 1870. № 9.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1733. Воп. 1. Спр. 62. Арк. 209-210.
- Malczewska M. Latyfundium … S. 143.
- Метрыка. Спр. 237. Арк. 320 адв.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 1687. Арк. 56.
- Метрыка. Спр. 38. Арк. 112 адв. – 115; Там жа. Спр. 278. Арк. 60 – 64 адв.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 63. Арк. 90 адв.
- Русская историческая библиотека (РИБ). Т. 33. Пг,, 1915. С. 513.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1897. S. 210; Метрыка. Спр. 68. Арк. 129 – 130; Там жа. Спр. 272. Арк. 142 адв. – 144; Там жа. Спр. 274. Арк. 60 – 64 адв.
- . Метрыка. Спр. 274. Арк. 182 – 185.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Арк. 601 адв.; Там жа. Ф. 1785. Воп. 1. Спр. 15. Арк. 43-44. Там жа. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 4960. Т. 2. Арк. 336.
- Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древннх актов (АВК). Т. 13. № 98.
- Там жа. № 92.
- Метрыка. Спр. 68. Арк. 15-18. Там жа. Спр. 274. Арк. 325 адв. – 327.
- АВК. Т. 13. № 93.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 63. Арк. 90 адв.
- Polski slownik biograficzny. T. 30. S. 235.
- РИБ. Т. 33. С. 449.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. ДА. Спр. 113. Арк. 611 – 634 адв.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1848. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 77 – 79 адв.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. ДА. Спр. 113. Арк. 591 – 610 адв.
- Z dokumentow xiecia Mikolaja Krzysztofa Radziwilla. Warszawa, 1939.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 2162.
- Там жа. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 63. Арк. 20-22.
- Там жа. Арк. 23 – 34 адв.
- Спрогис И. Географический указатель выборных документов актовых книг Виленского центрального архива. Б.м., б. г. (Захоўваецца ў чытальнай зале Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі).
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 2166.
- Там жа. Спр. 2174.
- Там жа. Спр. 2168/3.
- Там жа. Спр. 2173.
- АВК. Т. 11. № 79; Там жа. Т. 15. № 151.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 63. Арк. 93 адв. – 94 адв.
- Там жа. Арк. 91-92.
- АВК. Т. 15. № 176.
- Там жа. Т. 12. № 77.
- Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 89. Арк. 234-237, 258 – 260 адв.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. ДА. Спр. 100. Арк. 143-153.
- Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego. T. 5. Warszawa, 1884. S. 830.