Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бялыніцкага р-на (2000)
Тэрыторыя Белыніцкага раёна ў часы Вялікага княства Літоўскага
Першыя пісьмовыя звесткі пра тэрыторыю Бялыніцкага раёна адносяцца да XV стагоддзя, калі яна ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Як можна меркаваць на падставе гэтых і больш позніх звестак, цэнтральная і ўсходняя часткі раёна тады адносіліся да старажытнай воласці, цэнтрам якой быў замак Цяцерын у сучасным Круглянскім раёне, ля самай мяжы Бялыніцкага. Воласць цягнулася на поўдзень абапал ракі Друць праз увесь Бялыніцкі раён. Магчыма, у больш раннія часы гэтая воласць вылучылася з Друцкага княства, з якім яна межавала на поўначы.
Цяцерын упершыню ўпамінаецца ў так званым «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і бліжніх», створаным у 1390-я гады. Паводле ўрывачных звестак, пры вялікім князі Вітаўце, у першай трэці XV стагоддзя, Цяцерынская воласць належала князю Сямёну-Лугвеню Альгердавічу, галоўнай вотчынай якога было Мсціслаўскае княства. Ля Мсціслава князь Сямён заснаваў праваслаўны Ануфрыеўскі манастыр, якому ахвяраваў «дань медовую тетеринскую». Гэты дар прыгадваецца ў больш познім дакуменце ад 1468 г., у якім унук Сямёна князь Іван Юр'евіч Мсціслаўскі пацвердзіў манастыру папярэднія наданні свайго бацькі і дзеда. У гэтым жа дакуменце прыгадваюцца шэраг сялянскіх службаў у сяле Галоўчыне, прыдадзеных пазней манастыру, але не пазначаецца, калі і кім з продкаў Івана былі зроблены гэтыя ахвяраванні. Ва ўсякім выпадку, з гэтага пацверджання вынікае, што Галоўчын здаўна ўваходзіў у склад уладанняў князёў Мсціслаўскіх.[1]
Пасля смерці Сямёна-Лугвеня ў 1431 г. яго ўладанні перайшлі да сына Юрыя. Аднак апошні часова страціў іх праз год, калі выступіў супраць новага вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча. Юрыю давялося ўцякаць за мяжу, у Ноўгарад, а яго вотчыны былі канфіскаваны і перайшлі ў непасрэднае распараджэнне вялікага князя. Недзе паміж 1432 і 1440 гг. Жыгімонт Кейстутавіч пажалаваў Галоўчын нейкаму Самойлу. На пачатку 1440-х гадоў, пры новым вялікім князі Казіміры Ягайлавічы, гэты Самойла атрымаў пацверджанне свайго права на Галоўчын. Тады ж асноўная частка Цяцерынскай воласці была перададзена віленскаму ваяводзе пану Даўгірду, які памёр у 1443 г. [2]
Тым часам князь Юрый Сямёнавіч (які таксама зваўся Юрыем Лугвеньевічам) у 1448 г. замірыўся з новым вялікім князем і атрымаў свае вотчыны назад. Верагодна, тады ён і зрабіў дадатковыя наданні на карысць Ануфрыеўскага манастыра, пазней пашыраныя і пацверджаныя яго сынам Іванам у вышэйзгаданай грамаце 1468 г. У гэтай грамаце прыгадваюцца «приданя деда нашого князя Лингвеня и отца нашого князя Юря Лингвеневича и мое князя Ивана Юревича» у сяле Галоўчыне, якія ўключалі службу Грыдбаву, «прыхожых людзей» Конана (путнага слугу), Афанаса і Сысоя, а таксама «непрыхожых» (прыгонных) людзей Захарку, Еску, Алізара, Івана Плотніка, Цішку і Сапрона. Пра Афанаса паведамляецца, што ён «даёт куницу» - гэта значыць, выплочвае грашовы падатак, які зваўся «куніцай», за права карыстання сваім надзелам. Што да путнага слугі Конана, то яго павіннасцю было выкананне кур'ерскіх і іншых звязаных з раз'ездамі даручэнняў свайго пана.
Такім чынам, Галоўчын стаў першым паселішчам на тэрыторыі сучаснага Бялыніцкага раёна, якое трапіла на старонкі пісьмовых крыніц. На жаль, самыя першыя звесткі пра яго не маюць дакладнай даты. Можна толькі сказаць, што яны тычацца першай паловы XV стагоддзя. Гэтым жа ці нават яшчэ больш раннім часам можна датаваць з'яўленне ў Галоўчыне драўлянага замка, валы якога захаваліся дасёння. На жаль, замчышча не падвяргалася археалагічным раскопкам, таму дакладны час яго ўзнікнення вызначыць цяжка.
У далейшым Галоўчын (за выдаткам людзей, падараваных манастыру) разам з Цяцерынскай воласцю заставаўся ўласнасцю князя Івана Мсціслаўскага, які памёр каля 1486 г. Наступная звестка пра гэтыя землі тычыцца 1501 г., але дайшла да нас у больш позняй копіі, створанай у 1646 г. Тады ў актавую кнігу Аршанскага земскага суда быў перапісаны тэкст даравальнай граматы на лацінскай мове, якой вялікі князь Аляксандр Казіміравіч у 1501 г. падараваў сваёй жонцы Алене (дачке вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ) двары Княжычы і Цяцерын з сёламі на рацэ Друць, якія папярэдне трымаў князь Іван Юр'евіч, а потым - яго удава.[3] Пры гэтым прозвішча князя ў копіі дакумента прыведзена ў скажонай форме (ці то «Ежыслаўскі», ці то «Сіжыслаўскі»), што дазваляе дваякія меркаванні. Справа ў тым, што апрача Івана Юр'евіча Мсціслаўскага ў тыя ж часы жыў князь Іван Юр'евіч Заслаўскі (яго прозвішча таксама пісалася ў форме «Іжаслаўскі»), сын якога Міхаіл у 1499 ажаніўся з дачкой памёршага князя Мсціслаўскага і ўзяў за ёй у пасаг Мсціслаўскае княства. Магчыма, менавіта гэты другі Іван Юр'евіч атрымаў пасля смерці першага частку яго вотчын, хаця нельга выключыць і таго, што ў азначаным дакуменце проста моцна сказілася прозвішча «Мсціслаўскі».
Так ці інакш, з 1501 г. уласніцай Цяцерынскай воласці (да якой адносіўся і Галоўчын) зрабілася маскоўская князёўна Алена - жонка вялікага князя Аляксандра. У яе свіце з Масквы прыехаў князь Мацвей Мікіцініч, які, хутчэй за ўсё, паходзіў з роду князёў Рапалоўскіх. Ён верна служыў сваёй гаспадыні ў Вялікім княстве Літоўскім, і ў 1509 г., ужо пасля смерці свайго мужа, яна вырашыла ўзнагародзіць яго, падараваўшы частку сваіх уладанняў. Тады князь Мацвей Мікіцініч атрымаў, апрача іншага, двары Княжычы і Водва (у сучасным Магілёскім раёне).[4] У склад гэтага маёнтка ўваходзіла ўся усходняя частка сённяшняга Бялыніцкага раёна абапал ракі Вабіч, у тым ліку Галоўчын, дзе з гэтага часу размясцілася галоўная сяліба князя Мацвея Мікіцініча. Ад гэтага паселішча яго нашчадкі ў далейшым былі вядомыя як князі Галоўчынскія. Род іх, дзякуючы шчодрым пажалаванням Алены, адразу ўвайшоў у лік найбольш заможных феадальных родаў ВКЛ, адыгрываючы ў гісторыя краіны далёка не апошнюю ролю. Ад першага шлюбу ў князя Мацвея застаўся сын Яраслаў (1520 - 1567), які, у сваю чаргу, пакінуў сыноў Мікалая (1547 - 1571), Шчаснага (каля 1548 - 1610) і Яраслава (каля 1550 - 1622). Пазней Мацвей Мікіцініч паўторна ажаніўся з князёўнай Тамілай-Барбарай Мсціслаўскай, ад якой у яго нарадзіўся сын Астафі. Апошні памёр у 1557 г. вельмі маладым, ва ўзросце крыху больш за 20 гадоў.[5]
Асноўная частка Цяцерынскай воласці, абапал ракі Друць, засталася ў руках вялікай княгіні Алёны. Пасля яе смерці ў 1513 г. гэтая воласць адышла да вялікага князя Жыгімонта (брата Аляксандра), які ў 1516 г. прызначыў яе намеснікам князя Васіля Андрэявіча Палубінскага. Аднак неўзабаве Цяцерын быў перададзены князю Міхаілу Іванавічу Заслаўскаму, які пасля шлюбу з князёўнай Мсціслаўскай з дазволу вялікага князя ўзяў яе прозвішча і з таго часу пісаўся князем Мсціслаўскім. Першы час ён лічыўся намеснікам гэтай воласці, а калі ў канцы жыцця, у 1527 г., падараваў Мсціслаўскае княства вялікаму князю, узамен атрымаў Цяцерын у вечнае карыстанне сабе і сваім нашчадкам.
У князя Міхаіла, які памёр у 1529 г., засталіся чатыры дачкі, на той час яшчэ незамужнія. Паміж імі і была падзелена Цяцерынская воласць. З іх старшая, князёўна Марына Мсціслаўская, каля 1530 г. выйшла за пана Юрыя Рыгоравіча Осціка. Аўдавеўшы ў 1546 г., яна ў 1555 г. узяла паўторны шлюб з панам Мікалаем Кішкам і памёрла ў 1563 г., пакінуўшы ад першага шлюбу сына Юрыя, якому яшчэ пры жыцці, у 1560 г., саступіла сваю спадчыну ў Цяцерынскай воласці.
Другая з сясцёр, Таміла-Барбара, у 1535 г. выйшла за ўдовага князя Мацвея Мікіцініча (таго самага, што атрымаў Галоўчын ад княгіні Алены), які памёр праз 4 гады. Потым яна яшчэ двойчы выходзіла замуж: у 1540 г. - за князя Андрэя Саламярэцкага, які памёр праз год, а ў 1542 г. - за пана Яна Забярэзінскага. Перажыўшы ў 1545 г. і трэцяга мужа, яна памёрла яшчэ праз год, пакінуўшы адзінага сына - Астафія Мацвеявіча Галоўчынскага, пра якога гаварылася крыху вышэй. Яму яна завяшчала ўсе свае ўладанні. Пасля смерці князя Астафія яны былі падзелены паміж іншымі нашчадкамі Міхаіла Мсціслаўскага.
Трэцяя сястра, Настасся, у 1540 г. узяла шлюб з родным братам мужа сваёй сястры - Рыгорам Рыгоравічам Осцікам. Аўдавеўшы ў 1557 г., яна ў 1559 г. паўторна выйшла за князя Стэфана Андрэявіча Збаражскага. Дзяцей у яе не было. У жніўні 1564 г. Настасся падаравала свае маёнткі, у тым ліку і долю ў Цяцерынскай воласці, мужу Стэфану, пасля чаго пражыла разам з ім яшчэ 16 год і памёрла ў 1580 г.
Нарэшце, апошняя з князёвен Мсціслаўскіх, Багдана, з 1546 г. была жонкай князя Андрэя Сангушкі. Пасля яго смерці ў 1560 г. яна праз год таксама аднавіла шлюб (яе другім мужам быў пан Андрэй Цеханавецкі) і памёрла ў 1565 г. У яе засталася дачка Ганна Сангушка, якая ў 1570 г. выйшла за пана Мікалая Паўлавіча Сапегу.[6]
Да 1561 г. адносіцца звестка пра канфлікт, які адбыўся паміж падданымі суседняга маёнтка Галоўчын і служэбнікам аднаго з суўладальнікаў Цяцерына - князя Стэфана Збаражскага. Гэты служэбнік, Ждан Мацкавіч, пераганяў статак з дому аднаго са сваіх братоў, Арцёма, да другога брата, Яцка. Напэўна, пры гэтым нейкім чынам былі закрануты маёмасныя інтарэсы галоўчынцаў, бо на мяжы двух маёнткаў галоўчынскі войт Сцяпан Аляксеявіч разам з іншымі падданымі князя Яраслава Мацвеявіча Мікіцініча перахапілі Ждана і яго брата Арцёма, збілі абодвух і адабралі статак, а Ждана да таго ж звязалі і адвезлі да ўрадніка маёнткаў Галоўчын і Водва Якуба Матфеявіча, які зноў збіў яго і трымаў пэўны час пад арыштам. Ждан Яцкавіч падаў скаргу ўладальніку Галоўчына князю Яраславу, але, паколькі той не захацеў «справядлівасці ўчыніці», скарга была перададзена на разгляд самога вялікага князя. Слуханне справы адбылося ў Вільні ў кастрычніку 1561 г. Аднак па дарозе на суд Ждан Яцкавіч захварэў, таму на судзе прысутнічаў толькі яго брат Арцём, які не меў адпаведным чынам аформленай даверанасці на прадстаўленне яго інтарэсаў. У сувязі з тым суд абмяжаваўся толькі рэкамендацыяй князю Яраславу разабрацца ў справе па справядлівасці.[7]
І Галоўчын, і раздробленая на часткі Цяцерынская воласць да сярэдзіны XVI стагоддзя адносіліся да Віленскага ваяводства. У 1565 г. у ВКЛ была праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, у выніку якой быў утвораны шэраг новых ваяводстваў, якія, у сваю чаргу, падзяляліся на паветы. Тэрыторыя Бялыніцкага раёна апынулася ў складзе Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. Гэтую павятовую прынадлежнасць яна захавала да канца XVIII стагоддзя.
З усіх частак, на якія падзялілася Цяцерынская воласць, для нас найбольшую цікавасць уяўляе доля Настассі Мсціслаўскай, бо менавіта ў яе ўладаннях знаходзілася мястэчка Бялынічы - будучы райцэнтр. Першае вядомае аўтару гэтых радкоў упамінанне Бялыніч у пісьмовых крыніцах адбылося ў 1577 г. у сувязі з размежаваннем паміж Цяцерынскім маёнткам князя Збаражскага і маёнткам Галоўчын князя Шчаснага Яраслававіча Галоўчынскага.[8] У дакуменце апісваюцца новаразмечаныя граніцы паміж сёламі Трылесіна і Бялынічы, якія належалі да Цяцерына, і галоўчынскімі сёламі Свяцілавічы (у тэксце «Светыловичи») і Самсоны.
З боку князя Галоўчынскага размежаванне праводзілі яго намеснік шляхціч Валент Дыбоўскі, які, як прыгадваецца ў тым жа дакуменце, трымаў ад яго ў арэндзе маёнтак Кудзіна, і гараднічы Галоўчынскага замка Філон Сіпайлавіч, а з боку князя Збаражскага - яго прыяцелі Андрэй Цеханавецкі, Матфей Тышкевіч і Балцар Раецкі. Мяжа ішла міма Кудзіна, потым збочвала на ўсход, дзе землі сяла Трылесіна ўдаваліся доўгім пасам глыбока ў галоўчынскія абшары, ля Гніліцы і Максімава балота заварочвала зноў на захад, праходзіла паміж Трылесінам і Свяцілавічамі да ўрочышча Хрэсцішча, і далей ішла ў агульным паўднёва-заходнім накірунку праз рэчку Пакулу, Мешнае балато, Аўчынскае возера, раку Няроплю да Друці, на якую выходзіла ва ўрочышчы Шаломкава (недзе прыкладна насупраць сучаснай вёскі Асавец). Далей, напэўна, мяжа ішла ўздоўж Друці, пакідаючы галоўчынскія землі на левым беразе, а цяцерынскія - на правым.
У ліпені 1579 г., незадоўга да смерці, князёўна Настасся Мсціслаўская звярнулася да вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Стэфана Баторыя з просьбай зацвердзіць яе дар на карысць мужа - троцкага ваяводы князя Стэфана Збаражскага. Пры гэтым яна прыгадвала, што ў спадчыну па бацьку мела чвэрць маёнтка Цяцерын у Аршанскім павеце, якую і падаравала мужу навечна, «то есть замок на той части моей Тетеринской в Белыничах, прозываемый Белый Город, и зо всим будованьем того замку, и двор Тетерин з будованьем того двора, с пашнею дворною, з збожьем засеяным, с костелы закону римского и греческого и их подаваньем, з гумнами, дворцами и с челедью невольною, з стадом свирепым, з быдлом рогатым и нерогатым, з местечками Тетерином и Белыничами, з мещаны, з именьи боярскими, шляхетскими, з бояры путными и з их землями, людьми тяглыми и осадными и их землями пашными и непашными, з зарослями, з разробками, с пущою, з боры, з лесы, з деревом бортным, з ловы звериными и пташными, з гаями, з сеножатями, з реками, з речками, з бобровыми гоны, з ставы, з ставищами, с пруды, с прудищами, з млыны и з их вымелками, з озеры и з ловением рыб в них, и зо всими всякими грунты, власностями того имения, во всяких кольвек назвисках и урочищах лежачими и к тому именью прислухаючими, а праве огулом от мала до велика». [9]
З гэтага дакумента вынікае, што ў Бялынічах у 1579 г. існаваў замак, а само паселішча мела статус мястэчка - гэта значыць, што яго жыхары мелі права займацца не толькі сельскай гаспадаркай, але і рамяслом і гандлем. У панскай гаспадарцы выкарыстоўваліся практычна ўсе магчымыя формы - і земляробства, уключаючы «пашню дворную», якую апрацоўвалі халопы («чэлядзь нявольная») і прыгонныя сяляне («людзі цяглыя»), і жывёлагадоўля ў выглядзе каняводства («стада свірэпага») і гадавання буйной рагатай скаціны, і збор мёду з «дрэва бортнага», і ўсялякія лясныя і водныя промыслы, у тым ліку гадаванне рыбы ў спецыяльна прыстасаваных сажалках - «ставах».
Мястэчка ў Бялынічах было заснавана на той момант вельмі нядаўна, бо двума гадамі раней, у жніўні 1577 г., гэтае паселішча выступае яшчэ як сяло.
Пазней Бялыніцкі маёнтак з цэнтрам у замку Белы Горад фактычна адасобіўся ад Цяцерына, пра што сведчыць ужо запіс у актавай кнізе Магілёўскага магістрата за 1580 г., дзе мяшчанін Патап Арэфініч пазначаны як падданы Белгародскага маёнтка князя Збаражскага. [10] Праўда, у далейшым згадкі пра замак знікаюць - відаць, ён хутка перастаў існаваць.
Пасля смерці Настассі Мсціслаўскай яе муж Стэфан Збаражскі ўжо ў даволі сталым узросце (недзе на сёмым дзясятку) ажаніўся паўторна з палячкай Даротай Фірлей, ад якой у яго нарадзілася дачка Барбара. Ён памёр у 1585 г., пасля чаго Дарота выйшла ў 1588 г. за славутага ўжо ў той час падканцлера ВКЛ Льва Іванавіча Сапегу, аднаго з найбольш таленавітых дзяржаўных дзеячоў свайго часу. У далейшым ён дасягнуў найвышэйшых пасад, быў канцлерам, віленскім ваяводам і вялікім гетманам, а таксама адным з багацейшых магнатаў у краіне.
Спадчыннае права на Бялыніцкі маёнтак пасля князя Збаражскага перайшло на яго дачку Барбару (Басю, як яе звалі памяншальна) - падчарыцу Льва Сапегі, якая пасля смерці Дароты Фірлей у 1591 г. засталася круглай сіратой. Сапега выхоўваў яе ў сваім доме і выдаў замуж за польскага пана Габрыеля Тэнчынскага, але хутка затым яна памерла ў 1603 г. у зусім маладым узросце. Да шлюбу Барбары яе маёнткі знаходзіліся ў распараджэнні яе айчыма. Не жадаючы выпускаць іх з рук, Леў Сапега купіў Бялынічы ў сваёй падчарыцы і яе мужа. Пазней ён і яго сын Казімір Леў выкупілі таксама правы на іншыя часткі Цяцерынскай воласці, якія раздрабніліся сярод нашчадкаў князёвен Мсціслаўскіх. З гэтага часу Бялыніцкі маёнтак цалкам перайшоў ва ўласнасць да Сапегаў.[11]
У другой палове XVI стагоддзя з'яўляюцца першыя звесткі пра заходні ўскраек сучаснага Бялыніцкага раёна, у парэччы ракі Клева. Гэты лясны і балоцісты край здаўна адносіўся да дзяржаўнай Любашанскай воласці, якая цягнулася адсюль да правабярэжжа ракі Бярэзіны. У склад азначанай воласці ўваходзіла першапачаткова і сяло Карытніца. Пазней яно разам з суседнім сялом Прыборкі (у сучасным Бярэзінскім раёне) было вылучана са складу гэтай воласці і пажалавана, відаць, шляхцічу Ераніму Гастомскаму. Першае непасрэднае ўпамінанне Карытніцы датуецца студзеням 1560 г., калі адзін з сыноў Ераніма Гастомскага, Андрэй, аддаў у заставу (заклад) на 1 год шляхцічу Шчаснаму Абрыцкаму «данников своих на Руси на имя Корытницу и Приборки, ... которая часть в тых селах на нас приходит, з данью грошовою и медовою».[12]
У 1567 г. удава таго ж Андрэя Еранімавіча Гастомскага Барбара Лукашоўна прадала «два именье своих власные Корытницу и Приборки, на Руси у волости Любошанское лежачих» свайму дзеверу (брату мужа) Яну Еранімавічу Гастомскаму за суму ў 400 коп грошаў. [13]
Жыхары Карытніцы і Прыборак у гэтых дакументах называюцца даннікамі. Гэта сведчыць, што іх уладальнікі не мелі там уласнага гаспадарчага двара з «пашняй дворнай», які быў, напрыклад, у Цяцерынскім маёнтку і які апрацоўваўся шляхам прыгону. Сяляне мусілі выплочваць толькі даніну грашыма і мёдам, якая дастаўлялася ў галоўную сядзібу Гастомскіх недзе на захадзе Беларусі. Цікава ў сувязі з гэтым, што месцазнаходжанне даннікаў у абодвух дакументах вызначана «на Русі». Пад «Руссю» ў тыя часы разумелі ў ВКЛ яго ўсходнюю частку, у той час як заходняя звычайна называлася «Літвой».
Як будзе паказана далей, тэрыторыю раёна ахопліваў на паўночным захадзе таксама ўскраек вялікай Барысаўскай воласці, якая цягнулася адсюль праз паўднёвую частку сучасных Крупскага і Барысаўскага раёнаў пад самую граніцу Смалявіцкага. Аднак непасрэдных упамінанняў пра гэты абшар, дзе пазней узніклі дзяржаўныя маёнткі Эсьмоны і Клеўка, у XVI стагоддзі няма.
Адна цікавая звестка пра Галоўчын захавалася ў Баркулабаўскім летапісе. Яна датуецца 1583 г. і паведамляе аб тым, што «о полудни у месте Головчине у брони остроговой силный и великий гром забил 12 чел., а 3 чел. не знашли, не ведет где ся подели, если вода занесла албо песок засыпал».[14]
Галоўчныскі маёнтак у той час належаў сынам князя Яраслава Мацвеявіча Мікіцініча. Пасля смерці старэйшага з іх, Мікалая (1571 г.), двое малодшых падзялілі ўладанні такім чынам, што Шчаснаму дастаўся Галоўчын, а яго брату Яраславу - Княжычы. Лінія падзелу, як вынікае з пазнейшых звестак, прайшла па рацэ Вабіч, так што землі на правым беразе адышлі да Галоўчына, а на левым - да Княжыц.
У Шчаснага Галоўчынскага, памёршага ў 1610 г., застаўся адзіны сын Ян, які не меў нашчадкаў. Ён памёр у 1630 г., папярэдне запісаўшы грашовую суму на Галоўчыне сваёй жонцы Алене з роду Валовічаў. Гэта азначала, што іншыя спадчыннікі могуць уступіць у валоданне маёнткам толькі пасля таго, як выплацяць Алене азначаную суму. Да моманту выплаты права распараджацца гэтай вотчынай знаходзілася ў яе руках.
У тым жа годзе ўдава Яна Галоўчынскага прадала сваё закладнае права на маёнтак за 240 тыс. злотых удаве пана Мікалая Служкі Альжбеце і яе сыну Аляксандру Служцы.[15] Да апошніх такім чынам перайшло права карыстацца маёнткам, а законная спадчынніца, якой была сястра Яна Галоўчынскага Рэгіна, жонка Крыштафа Кішкі, захавала магчымасць выкупіць маёнтак, толькі ўжо не ва ўдавы брата, а ў Служкаў. Аднак Рэгіна не пажадала скарыстацца сваім правам, а падаравала яго той жа Алене з Валовічаў, якая тым часам паспела паўторна выйсці замуж за паляка Крыштафа Патоцкага. Патоцкія, аднак, таксама не мелі ці то жадання, ці то магчымасці выплаціць закладную суму, таму Галоўчын на доўгі час застаўся ў фактычным валоданні паноў Служкаў. Пасля Аляксандра Служкі, троцкага ваяводы, які памёр у 1647 г., маёнткам валодалі яго сыны Багуслаў і Зыгмунд, а затым сыны Багуслава - Юзэф і Дамінік Служкі.
Суседні маёнтак Княжыцы застаўся ў валоданні Яраслава Галоўчынскага, а затым яго ўнука Самуша Аляксандравіча, аршанскага харунжага (абодва сыны Яраслава, Аляксандр і Канстанцін, памёрлі яшчэ пры яго жыцці). Абшар гэтага маёнтка ахопліваў увесь усходні ўскраек Бялыніцкага раёна за ракой Вабіч. Там, у прыватнасці, знаходзіліся гаспадарчы двор Лахвіца і сяло Ермаловічы, якія ў 1644 г. былі аддадзены адным з сыноў памёршага ў тым годзе Самуша, Мікалаем (які пышна тытулаваўся «князем Рапалоўскім Галоўчынскім на Княжыцах») у заклад на 1 год за 16 тыс. злотых магілёўскаму мяшчаніну Рабровічу. У Лахвіцы на той момант было 14 валок зямлі, а ў Ермаловічах - 31,5 валокі. Праз два гады той жа Мікалай разам з братам Ягорам (Юрыям) пацвердзілі галоўчынскаму мяшчаніну Івану Сямёнавічу Вадавозу арэнднае права на сёлы Прокшынічы, Гаране і Хрыпялёва (зараз у Магілёўскім раёне ля самай мяжы Бялыніцкага), закладзеныя Вадавозу іх бацькам, з правам уступу да Хрыпялёўскай пушчы. Сума закладу складала 20 тыс. злотых - гэта, дарэчы, сведчыць, якімі грашовымі сумамі валодалі асобныя мяшчане. Багацце дазваляла ім фактычна пераходзіць у разрад землеўладальнікаў, што фармальна лічылася прэрагатывай шляхты.[16]
У 1647 г. Мікалай Галоўчынскі саступіў брату Юрыю сваю частку маёнтка Княжыцы, у складзе якой, апрача Лахвіцы і Ермаловіч, на тэрыторыі Бялыніцкага раёна ўпамінаюцца сёлы Вішова, Забалоцце, Ізбішча, Крукі, Мосцішча, Навасёлкі, а таксама палова Хрыпялёва і Хрыпялёўскай пушчы. У тым жа годзе Ягор Галоўчынскі-Рапалоўскі аддаў у заклад магілёўскім мяшчанам фальварк Булыжычы, да якога адносілася сяло Ізбішча (у тэксце - «Взбищи») з 13 валокамі зямлі, а абодва брата разам - шэраг сёл магілёўскаму бурмістру Рабровічу, прычым сярод іх зноў прыгадваецца Хрыпялёва з 19 валокамі зямлі.[17]
На гэтых праўнуках князя Яраслава Яраславіча род Галоўчынскіх па мужчынскай лініі ў сярэдзіне XVII стагоддзя перасёкся. Княжыцы перайшлі да іх стрыечнага брата Канстанцыя Уладзіслава Паца, маці якога Соф'я, жонка Аляксандра Паца, была сястрой Самуша Галоўчынскага. У руках Пацаў гэтая вотчына заставалася да першай паловы ХІХ стагоддзя.
Але вернемся да маёнтка Бялынічы, які на пачатку XVII стагоддзя знаходзіўся ва ўласнасці Льва Сапегі. Захаваўся інвентар гэтага маёнтка, датаваны 1627 г., калі Сапега заставіў яго на 3 гады пані Крысціне Швяйкоўскай пад заклад пазычанай у яе сумы ў 22 тысячы злотых.[18] Цэнтрам маёнтка было мястэчка Бялынічы. У ім знаходзілася рыначная плошча, вакол якой мясціліся 12 мяшчанскіх двароў. Ад рынка адыходзілі вуліцы Віленская з 42 дварамі на ёй, Манастырская з 19 дварамі, Цяцерынская з 20, Крукава з 25, Плітніцкая з 56, Татарская з 36, Гайная з 28 і Красная з 22 дварамі. Апрача таго за царквой знаходзілася вуліца Глініцкая альбо Слабада (29 двароў), да мяшчанскіх гумнаў ішла новая (яшчэ, відаць, неназваная) вуліца з 20 дварамі, яшчэ адна новая вуліца з 6 дварамі на ёй вяла ад рынка да «кладовішчаў жыдоўскіх» (яўрэйскіх могілак). Насупраць Плітніцкай была яшчэ адна вуліца з 8 дварамі, з якіх 4 былі ўласнасцю царквы Св. Іллі, а ўжо за мястэчкам, на канцы ворыўных валок ля балота Бушкарова была закладзена яшчэ адна новая вуліца з 38 дварамі. Такім чынам, Бялынічы на той час налічвалі 361 двор і магло лічыцца даволі значным паселішчам.
Тэрыторыя мястэчка падзялялася на надзелы, якія назваліся пляцамі. Кожны гаспадар мог трымаць цэлы пляц, яго частку ці нават два ці тры пляцы адначасова. Увогуле ў мястэчку было 416 такіх пляцаў, а апрача таго - яшчэ 115 гуменных пляцаў, на якіх стаялі гумны і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Жыхары Бялыніч актыўна займаліся земляробствам, для чаго ў іх карыстанні было 90 валок (каля 1900 га) і яшчэ 472 морга (335 га) ворыўнай зямлі.
За ракой Друць знаходзілася прадмесце Слабада, у якім быў 41 двор і яшчэ 44 гуменных пляца. З улікам жыхароў прадмесця насельніцтва Бялыніч перасягала 400 двароў, у кожным з якіх, напэўна, жыло па 7 - 8 і нават болей чалавек. У мястэчку было два вадзяных млына, якія знаходзіліся ў арэндзе. Адзін з іх стаяў на рацэ Друці і меў 6 колаў. Другі млын, на рацэ Роплі, меў 2 кола.
Бялыніцкая воласць складалася з дзвюх частак, адпаведна на левым і правым берагах Друці. У левабярэжную частку ўваходзілі сёлы Рагач (26 валок, 77 двароў), Трылесіна (43 валокі, 45 двароў), Васільеўскае Трылесіна (7,16 валокі, 15 двароў), Зямянскае Трылесіна (45,83 валокі, 19 двароў), Гарватка (6,5 валокі, 16 двароў), Запакулле (10 валок, 33 двары) і Шылавічы (9 валок, 7 двароў). На другім беразе ляжалі сёлы Машчаніца (30 валок, 85 двароў), засценкі ў Польскім Бару (37 двароў на невялікіх надзелах па 1 - 2 морга), засценкі ля Прудзішча і ля Любашанскай дарогі (адпаведна 3 і 2 двара), сёлы Асляка (сучасная Асліўка, 20 валок, 62 двара), Мокравічы (18 валок, 38 двароў), Алешкавічы (20 валок, 37 двароў) і, нарэшце, Аксенцавічы далёка на поўдні, ля самай мяжы сучаснага раёна, у якіх пазначана толькі колькасць валок (18).
Увогуле ў маёнтку, разам у сёлах і мястэчку, было не менш 878 двароў, а колькасць сельскагаспадарчай зямлі, памеранай на валокі і моргі, дасягала каля 8300 га ў сучасных адзінках вымярэння. У сярэднім на кожны сялянскі двор прыпадала па палове валокі (каля 10,7 га), на мяшчанскі - па чвэрці валокі.
Незадоўга да таго памёры маёнтка былі яшчэ большымі, бо ў яго склад уваходзілі землі, потым падараваныя Львом Сапегам заснаванаму ім у Бялынічах у 1624 г. кляштару ордэна кармелітаў. З больш позніх крыніц вядома, што на карысць кляштара ад Бялыніцкага маёнтка былі адлучаны сёлы Цехцін, Царкавішча і Вугольшчына з абшарам зямлі, які цягнуўся ўздоўж правага берага Друці прыкладна на 8 км і меў шырыню ў 4 - 5 км. У гэтым кляштары знаходзілася славутая ікона Маці Божай, якая лічылася цудатворнай. Верагодна, гэты абраз быў вывезены Львом Сапегам у якасці трафею з Расіі пад час так званай Смуты 1611 - 1613 гг. і пазней падараваны кляштару, хаця яго паходжанне дакладна не высветлена. У 1634 г. Казімір Леў Сапега, які атрымаў Бялынічы ў спадчыну пасля смерці бацькі годам раней, аздобіў цудатворны абраз дарагімі каменнямі. У тым жа годзе ён пажалаваў мястэчку Бялынічы магдэбургскае права. Пры ім жа ў кляштары была заснавана друкарня.
Трэба меркаваць, што да сярэдзіны XVII стагоддзя колькасць насельніцтва ў Бялыніцкім маёнтку яшчэ павялічылася ў параўнанні з 1627 г. Леў Сапега, а потым яго сын Казімір Леў актыўна прыцягвалі новых пасяленцаў, прычым не толькі вольных людзей, але не грэбавалі і прыгоннымі, што ўцяклі ад іншых паноў. Якраз у гэты час цягнулася доўгая судовая справа, якую вялі з Сапегамі ўладальнікі маёнтка Жорнаўка (у сучасным Асіповіцкім раёне) паны Суляціцкія, а потым Марцыян Валовіч, які набыў ў іх гэты маёнтак.[19]
Справа гэтая пачалася з таго, што ў красавіку 1624 г., пасля смерці свайго пана Юрыя Суляціцкага, сялянін Іван Данілаў сын Хадзюшэнка, які жыў у вёсцы Лагі маёнтка Жорнаўка, уцёк ад сваіх паноў разам з жонкай Настассяй, сынамі Данілам, Іванам, дачкой Ганнай і ўсёй маёмасцю. У жніўні таго ж года сын Суляціцкага Аляксандр высветліў, што ўцякач знайшоў прытулак у мястэчку Бялынічы. Ён звярнуўся да Льва Сапегі, каб той выдаў беглага падданага. Сапега ўласнаручна напісаў свайму бялыніцкаму ўрадніку Аляксандру Віганту, каб той дазволіў Суляціцкаму шукаць свайго падданага (гэты ліст захаваўся ў справе). Здавалася б, інцыдэнт можна было лічыць вычарпаным. Аднак справа пайшла такім чынам, што Суляціцкі так і не атрымаў свайго мужыка.
Больш таго, у ноч з 10 на 11 лютага 1625 г., паводле скаргі А. Суляціцкага, на яго маёнтак быў зроблены ўзброены наезд, у выніку якога невядомыя вывезлі некалькіх яго падданых з сем'ямі, скацінай і ўсімі пажыткамі. Гэтымі падданымі аказаліся родзічы папярэдняга ўцекача: Пашка Хадзюшэнка з жонкай Марынай і сынам Савай, Яська Хадзюшэнка, а таксама Сцяпан Сапонавіч з жонкай Аўдоццяй і сынам Іванам. Пазней усе яны апынуліся ў тых жа Бялынічах.
Дробны шляхціч Суляціцкі так нічога і не здолеў дамагчыся ў справе з першым магнатам дзяржавы. Калі Марцыян Валовіч, земскі пісар Віленскага павета, набыў у Суляціцкіх маёнтак Жорнаўка, ён узнавіў справу аб звароце падданых. Усё пайшло па другому кругу. У сакавіку 1637 г. Казімір Леў Сапега напісаў свайму бялыніцкаму ўрадніку Канстанту Багушэвічу, каб той дазволіў Валовічу шукаць сваіх падданых, а калі знойдзе - аддаць яму пры ўмове, што яшчэ не выйшаў тэрмін даўнасці - «калі даўнасці земскай не заседзілі». Аднак у маі 1639 г. Валовіч усё яшчэ не атрымаў нічога, у сувязі з чым падаў скаргу ў менскі гродскі суд (маёнтак Жорнаўка знаходзіўся ў Менскім павеце), патрабуючы калі не звароту сялян, то хаця б грашовай кампенсацыі за іх.
У 1640 г. быў складзены рэестр маёмасці, якую, паводле сцвярджэння Валовіча, уцекачы вывезлі ў Бялынічы. Спіс гэты ўражвае: Іван Хадзюшэнка нібыта меў 5 коней, 8 валоў, 6 кароў, 20 авечак, 15 свіней, 60 бочак рознага збожжа. У Пашкі Хадзюшэнка значацца 20 коней, 26 валоў, 8 кароў, 35 авечак і 18 свіней, у Яські Хадзюшэнка - 5 коней, 6 валоў, 6 кароў, 15 авечак і 18 свіней, а ў Сцяпана Сапонавіча - 1 конь, 2 вала, 3 каровы, 10 авечак, 8 свіней. Агульны кошт гэтай маёмасці быў ацэнены больш чым у 2000 коп грошаў.[20]
У маі 1641 г. менскі гродскі суд выдаў дэкрэт, якім прадпісваў Сапегу выдаць беглых падданых. Гэта не мела ніякага выніку. Валовіч дайшоў да вышэйшай судовай інстанцыі ВКЛ - Галоўнага трыбунала, які ў лістападзе 1641 г. таксама выдаў дэкрэт аб звароце ўцекачоў. У студзені наступнага года Сапега быццам бы пагадзіўся выплаціць за беглых кампенсацыю, праўда, не дзве тысячы, а ўсяго 13 коп грошаў. Там не менш справа цягнулася яшчэ ў 1643 г. і, відаць, так і не скончылася нічым.
У 1654 г. распачалася вялікая вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай, у склад якой уваходзіла ВКЛ. Пад час гэтай вайны беларускія землі паспыталі жорсткае спусташэнне. У жніўні праз Галоўчын і Бялынічы на захад адыходзіла войска ВКЛ на чале з вялікім гетманам Янушам Радзівілам, якое пераследвалі значна пераўзыходзячыя сілы рускіх ваяводаў Трубяцкога і Чаркаскага. 12 жніўня Радзівіл спрабаваў утрымацца ў Галоўчыне, але не вытрымаў штурму і зноў пачаў адыход. Як паведамлялі рускія ў сваім рапарце, «Радзивилл со своими людьми побежал к Борисову, бояре и воеводы Головчин повоевали и посады выжгли, и народ поимали, и из Головчина пошли за Радзивиллом к Борисову».
Вялікі гетман пераправіўся цераз Друць у Бялынічах, а яго праціўнікі - пад Цяцерынам. 24 жніўня пад Шапялевічамі ў сучасным Круглянскім раёне, ля мяжы Бялыніцкага, адбылася бітва, у якой войска ВКЛ было разбіта і рассеяна. Тэрыторыя сучаснага Бялыніцкага раёна апынулася ў руках рускіх. Крыху пазней тут размясціўся казацкі полк, сфармаваны авантурыстам Канстанцінам Паклонскім, які на той час ваяваў на баку расійскага цара.
У снежні 1654 г. Паклонскі прасіў цара, «чтоб поизволил в уездах Головчинском, Белыницком, Тетеринском, аж по самый Борисов, тем казакам чтоб волно полковнику раздати жития, которые похочет». На ліст была накладзена царская рэзалюцыя: «В Головчинском и в Белыницком и в Тетеринском казакам в приставства раздать, и корма свои и конские имать, а не грабить и насильства никакова не чинить». Думаецца, што полк Паклонскага, набраны з выпадковых людзей, не вельмі прытрымліваўся такога абмежавання. Захаваліся і асобныя запісы, паводле якіх адзін з людзей Паклонскага, Алфім Хамутоўскі, атрымаў «3 деревенки Головчинского у., что держал головчинец Александр Водовоз: Прокшиничи, Пустош, Песочное, да дворик пана Заборского со всим, что к ним лежит». (Гэта быў той самы маёнтак, які раней быў аддадзены князем Самушам Галоўчынскім у заклад мяшчаніну Івану Вадавозу - напэўна, бацьку ўпамянутага тут Аляксандра). Тады ж Андрыян Якавінскі атрымаў вёску Трылесіна. [21]
У самым канцы снежня войска ВКЛ, якое перайшло ў контрнаступленне, часова выбіла рускіх з тэрыторыі раёна. Мясцовым жыхарам гэта, аднак, не прынесла палёгкі, бо і гэтае войска здабывала харчаванне для сябе і корм для коней у сялянскіх дварах. Больш таго, выбіўшы з Галоўчына рускі гарнізон, «вызваліцелі» абрабавалі мястэчка - быццам бы ў якасці пакарання за тое, што яго жыхары прысягнулі рускаму цару.[22]
Увясну 1655 г. войскі Рэчы Паспалітай зноў вымушаны былі адыходзіць пад націскам рускіх, на дапамогу якім прыйшлі ўкраінскія казакі. Цікава, што, адыходзячы на захад, Януш Радзівіл пакінуў адказным за тэрыторыю на Бярэзіне і Друці таго ж Канстанціна Паклонскага, які паспеў перайскі на яго бок і зараз змагаўся супраць рускіх.[23] Думаецца, што і на гэты раз людзі Паклонскага скарысталі становішча на сваю карысць. Але хутка яго полк быў разгромлены рускімі пад Барысавам. З гэтага часу землі на берагах Друці апынуліся пад трывалым рускім кантролем ажно да 1660 г., калі ў вайне адбыўся пералом на карысць Рэчы Паспалітай.
У час гэтай вайны Бялыніцкі кляштар страціў цудатворны абраз Маці Боскай, які быў у сувязі з наступленнем рускіх эвакуіраваны ў Ляхавічы. Там ён і застаўся на доўгія гады.
Тым часам у 1656 г. памёр апошні прамы нашчадак славутага Льва Сапегі - падканцлер ВКЛ Казімір Леў Сапега, спадчыннік вялізных уладанняў. Не маючы ні жонкі, ні дзяцей, у сваім завяшчанні ён шчодра надзяліў маёнткамі ўсіх больш-менш аддаленых родзічаў. У прыватнасці, спадчыннае права на Бялынічы і суседні Цяцерын, таксама набыты ў свой час Львом Сапегам у нашчадкаў князёвен Мсціслаўскіх, ён завяшчаў сумесна некалькім нашчадкам сваіх стрыечных братоў і сясцёр. Адной з іх была Ганна, дачка яго стрыечнага брата Аляксандра, якая была на той час ужо ўдавой Станіслава Нарушэвіча. У другога стрыечнага брата, Крыштофа Станіслава, засталася ўнучка Ганна Сапежанка, якой тады было 16 год. Абедзве Ганны атрымалі па чвэрці Бялыніцкага маёнтка. У Казіміра Льва Сапегі былі яшчэ стрыечныя сёстры Соф'я і Канстанцыя, адна з якіх выйшла за князя Палубінскага, а другая - за пана Шэмета. Дзецям ад гэтых шлюбаў, князю Аляксандру Гілярыю Палубінскаму і панам Аляксандру і Еўстафію Шэметам, падканцлер таксама завяшчаў дзве чвэрці Бялыніч.
Аднак уступіць у валоданне маёнткамі спадчыннікі маглі, паводле завяшчання, толькі пасля таго, як выплацяць суму ў 20 тыс. злотых, якую Казімір Леў запісаў пад заклад Бялыніч свайму вельмі аддаленаму родзічу, крайчаму ВКЛ Крыштофу Сапегу. Пры гэтым апошні атрымаў пажыццёвае права на Бялыніцы, а спадчыннікі маглі выкупіць маёнтак толькі ў яго нашчадкаў. Такое ж пажыццёвае права на Цяцерын было завешчана брату Крыштофа - Яну Фрэдэрыку Сапегу.[24]
Да гэтых мудрагелістых умоў варта яшчэ дадаць, што фактычна на той момант абодва маёнткі знаходзіліся на тэрыторыі, занятай рускімі. Толькі ў 1660 г. спадчыннікі атрымалі магчымасць здзейсніць свае правы. Крайчы Крыштоф Сапега ўступіў у валоданне Бялынічамі, а яго брат - Цяцерынам. Праз год Ян Фрэдэрык выкупіў у князя Палубінскага за 15 тыс. злотых спадчыннае права на яго чвэрць Цяцерына, у сувязі з чым у складзе маёнтка ўпамінаюцца, апрача іншых, шэраг паселішчаў на поўначы Бялыніччыны: Ількавічы, Лубяны, Сіваі, а таксама Крывая Слабада (напэўна, пазнейшае Крывуліна) і Чыгрыны (Чыгіры?).[25]
Маёнткі былі давольна моцна спустошаны за час вайны і таму, напэўна, уяўлялі сабой не вельмі прывабнае набыццё. Аб гэтым сведчыць, у прыватнасці, перапіс дымоў Аршанскага павета (так званы «тарыф падымнага»), які быў складзены праз сем год пасля вызвалення ад рускіх, у 1667 г.[26] У тарыфе пазначана, на падставе прысягі ўладальнікаў, колькасць дымоў у маёнтках на тэрыторыі павета, з якіх адпаведна гэтаму вызначаўся памер падаткаў. Як высветлілі даследчыкі, «дым» гэтага рэестра адпавядае аднаму сялянскаму ці мяшчанскаму двару.
З тарыфа вынікае, што ў маёнтку Бялынічы на той час было 327 дымоў - ледзь не ўтрая менш, чым у вышэйзгаданым інвентары 1627 г.! Нават калі ўладальнік наўмысна крыху занізіў колькасць падданых, каб палціць меншыя падаткі, усё роўна такое значнае памяншэнне колькасці насельніцтва можна растлумацыць толькі жорсткім ваенным спусташэннем.. Калі ўлічыць, што напярэдадні 1654 г. Бялыніцкі маёнтак, напэўна, яшчэ павялічыўся ў параўнанні з 1627 г., то можна сцвярджаць, што ў выніку вайны ён страціў, прынамсі, дзве трэці свайго насельніцтва.
У тарыфе 1667 г. прыгадваюцца і іншыя маёнткі на тэрыторыі сённяшняга Бялыніцкага раёна. У Галоўчыне, якім тады валодаў харунжы ВКЛ Зыгмунд Служка, налічвалася 179 дымоў, а ў належачым Бялыніцкаму кляштару кармелітаў маёнтку Цехцін - 30. Апрача таго, упершыню згадваюцца два дзяржаўных маёнтка («дзяржавы») на паўночным захадзе раёна, якія былі папярэдне вылучаны з таксама дзяржаўнага Барысаўскага староства: Клеўка (у ёй было ўсяго 8 дымоў) і Эсьмоны (33 дымоў), якія знаходзіліся ў карыстанні адпаведна Самуэля Прыборкі і Яна Драздовіча.
Барысаўскае староства ахоплівала паўночна-заходнюю частку Бялыніцкага раёна здаўна, але ўпамінанні асобных паселішчаў у складзе гэтага староства да сярэдзіны XVII стагоддзя амаль не сустракаюцца. Першы вядомы нам інвентар гэтага староства, у якім пералічаны ўсе ўваходзячыя ў яго сёлы, быў складзены ў 1670 г. з нагоды перадачы яго тагачасным старостам, полацкім ваяводам Казімірам Янам Сапегам, у арэнду Даніэлю Кастравіцкаму.[27] З інвентара можна даведацца, што на тэрыторыі раёна да староства, дакладней - да яго Забаброўскай воласці належалі сёлы Заазер'е (2 двара), Пупса (6), Кулакоўка (1), населеная земянамі Вольніца (2) і, напэўна, Смогілеўка з 2 дварамі (паселішчаў з такой назвай было ў мінулым два, адно з іх - у сучасным Круглянскім раёне).
Можна дадаць, што ў тарыфе 1667 г. чамусці прапушчаны яшчэ адзін маёнтак - Карытніца, вылучаная, як ужо гаварылася вышэй, са складу Любашанскага староства. З іншых крыніц вядома, што ў 1660 г., пасля вызвалення ад рускіх, гэты маёнтак быў пажалаваны ў якасці лена (гэта значыць - з правам перадачы ў спадчыну толькі да прамых нашчадкаў па мужчынскай лініі) Яну Казіміру Гінтаўту. Гэты маёнтак па-ранейшаму ахопліваў два сяла - Карытніцу і Прыборкі.[28]
Крайчы ВКЛ Крыштоф Сапега, як і яго брат Ян Фрэдэрык, імкнуўся выкупіць спадчыннае права на Бялынічы. Далейшы лёс гэтага маёнтка можна прасачыць на падставе судовай справы аб валоданні ім, якая разгарэлася ў XVIII стагоддзі паміж Радзівіламі і князямі Агінскімі.[29] У сувязі з гэтай справай прыгадваюцца і больш раннія падзеі.
Першым свайго спадчыннага права пазбыўся князь Палубінскі, які ў 1661 г. саступіў сваю чвэрць Бялыніч Крыштофу Сапегу за 5 тыс. злотых. У наступным годзе тое ж зрабіла Ганна, удава Станіслава Нарушэвіча. Што да другой Ганны, то яна памёрла незамужняй у 1667 г., пасля чаго апекуном яе маёмасці быў прызначаны Палубінскі. У 1669 г. ён прадаў і гэтую частку спадчыны Алене з Саламярэцкіх, удаве памёршага ў 1665 г. Крыштофа Сапегі. Такім чынам, у яе руках апынулася спадчыннае права на тры чвэрці Бялыніцкага маёнтка. Магчымасць выкупіць сваю чвэрць захавалі толькі нашчадкі братоў Шэметаў, якіх таксама ўжо не было ў жывых.
У Аляксандра Шэмета засталіся тры сына: Казімір, Яраслаў і Мельхіёр, якія пасля яго смерці знаходзіліся пад апекай таго ж князя Палубінскага. У 1672 г. яны па прыкладу іншых суўладальнікаў прадалі сваю долю Алене Сапежынай. Што да Еўстафія, то ў яго засталіся сыны Міхал і Ян, якія сваю долю прадалі Палубінскаму, а ён за 7 тыс. злотых адразу ж перапрадаў яе сынам Аляксандра Шэмета. Тыя ў сваю чаргу прадалі яе ўдаве крайчага ў 1675 г., прычым ужо за 14 тыс. злотых. Такім чынам, працэс набыцця Бялыніч у поўную ўласнасць Крыштофам Сапегам і яго жонкай расцягнуўся на 14 гадоў.
Яшчэ праз два гады, у 1677 г., адбыўся падзел маёнткаў паміж сынамі Крыштофа і Алены Сапегаў. У выніку Бялынічы дасталіся сярэдняму з трох сыноў - семнаццацігадоваму Андрэю. У наступным годзе ён ажаніўся з Янай Хадкевіч, якой запісаў пажыццёвае права на свае маёнткі пад забеспячэнне сумы ў 100 тыс. злотых. У 1681 г. Андрэй Сапега памёр. Законным спадчыннікам застаўся яго малодшы брат Уладзіслаў, які неўзабаве быццам бы выплаціў Яне грошы, запісаныя на маёнтках яе мужам. Праўда, пры гэтым называецца сума не ў 100 тыс., а толькі ў 22 тыс. 470 злотых.
Далей адбылася даволі цьмяная гісторыя, якая дала пачатак доўгім спрэчкам і судовым працэсам. Не чакаючы смерці ці шлюбу ўдавы свайго брата, якая мела пажыццёвае права на Бялынічы, Уладзіслаў Сапега ў 1685 г. прадаў гэты маёнтак (дакладней, спадчыннае права на яго) удаве Міхала Караля Радзівіла, Кацярыне з Сабескіх за вялікую суму ў 300 тыс. злотых. Гэта магло мець практычныя наступствы толькі ў выпадку, калі б маёнтак быў ужо цалкам выкуплены. У іншым выпадку Кацярына набывала толькі права выкупіць яго ў далейшым.
У сваю чаргу Яна Сапежына, так і не выйшаўшы зноў замуж, памёрла ў наступным годзе, завяшчаўшы грашовую суму на Бялынічах сваёй маці - Ізабеле Хадкевіч. Пры гэтым яна агаворвала, што Уладзіслаў Сапега ці яго правапераемнікі мусяць яшчэ выкупіць гэты маёнтак. Гэта сведчыць, што сума, агавораная ў завяшчанні, не была цалкам выплачана спадчыннікам яе нябожчыка-мужа. Дзіўна, што Кацярына Сабеская, якая заплаціла Уладзіславу Сапегу ўтрая больш, чым каштаваў запіс яго брата, ні ў той момант, ні потым не зрабіла ніякіх спроб канчаткова выкупіць маёнтак, каб стаць яго рэальнай уладальніцай, хаця без гэтага тыя выдаткі, якіх каштавала выплата грошай Уладзіславу, гублялі ўсякі сэнс. Тым не менш пры падзеле маёнткаў паміж яе сынамі Юрыем Юзэфам і Каралем Станіславам Радзівіламі ў 1688 г. прыгадваюцца і Бялынічы, якія (дакладней, права выкупу якіх) дасталася першаму з іх. Але праз год ён памёр, і яго малодшы брат Караль Станіслаў далучыў яго ўладанні да сваіх.
Тым часам Ізабела Хадкевіч на падставе завяшчання сваёй дачкі не толькі рэальна валодала Бялынічамі, але ў 1696 г. перазаклала іх князю Казіміру Дамініку Агінскаму, узяўшы з яго 16 тыс. злотых за права атрымаць канчатковы выкуп. Між тым Караль Станіслаў Радзівіл так і не сабраўся гэты выкуп унесці, і таму фактычным уладальнікам Бялыніч зрабіўся Агінскі.
Дарэчы, па жаночай лініі Казімір Дамінік Агінскі быў унукам Ганны Сапежанкі-Нарушэвічавай, якой у свой час паводле завяшчанння Казіміра Льва Сапегі дасталася чвэрць Цяцерына і Бялыніч. У адрозненне ад Бялыніч, свае правы на Цяцерын яна не прадала, а завяшчала чатыром сынам і дачке Яне Тэадоры. У сваю чаргу яе сыны адмовіліся ад гэтай спадчыны на карысць сястры. Яна Тэадора Нарушэвіч з 1660 г. была жонкай князя Яна Агінскага, пазнейшага полацкага ваяводы, і адным з сыноў ад гэтага шлюбу быў вышэйзгаданы Казімір Дамінік Агінскі. Таму разам са сваімі братамі Аляксандрам і Марцыянам ён валодаў спадчыннымі правамі на Цяцерын. Зараз ён дадаў да сваіх уладанняў і сумежныя Бялынічы - праўда, ужо толькі на закладным праве.
У канцы XVII - пачатку XVIII стагоддзя беларускія землі зноў зведалі ваеннае спусташэнне, на гэты раз у сувязі з вайной паміж Расіяй і Швецыяй, у якой на бяду для сябе прымала ўдзел Рэч Паспалітая. Неаднаразова войскі расійскага цара Пятра І і шведскага караля Карла ХІІ высвятлялі адносіны на тэрыторыі Беларусі. Адна з такіх бітваў адбылася ў 1708 г. ля Галоўчына. У ёй шведы нанеслі паражэнне рускаму войску пад кіраўніцтвам Рэпніна. Пад час бітвы Галоўчын быў спалены, і яго замак больш не аднаўляўся.[30]
Да часоў Паўночнай вайны адносіцца другі падымны тарыф Аршанскага павета, які быў складзены ў 1703 г. [31] У адрозненне ад тарыфа 1667 г., на гэты раз «дым» як адзінка вымярэння адпавядаў не аднаму, а некалькім дварам, прычым яго дакладнае значэнне пакуль не высветлена. Таму гэты дакумент дазваляе стварыць уяўленне толькі пра адносныя памёры маёнткаў. Буйнейшым з іх на тэрыторыі сучаснага раёна быў на той момант Галоўчын, належачы Дамініку Служцы. У ім значылась 262 умоўных дыма. Таму ж Служцы належала тады і Барысаўскае староства з агульнай колькасцю 340 дымоў, якое часткова ахоплівала тэрыторыю раёна. Апрача таго, сярод абшараў гэтага староства па-ранейшаму існавалі асобныя невялікія «дзяржавы»: Клеўка, належачая Дадзбогу Карынскаму (2 дыма), Эсьмоны, належачыя Каралю Агінскаму (6 дымоў) і Дзявошыцы ў пажыццёвым валоданні Мікалая Агінскага (2 дыма).
У маёнтку Цяцерын, уладальнікам якога ў тарыфе памылкова названы полацкі ваяводзіч Аляксандр Агінскі (ён памёр значна раней, у 1690 г.) было 50 дымоў, з якіх каля дзесятка прыпадалі на сучасны Бялыніцкі раён. Фактычна Цяцерын належаў, відаць, брату Аляксандра Марцыяну Агінскаму, але і ён памёр у тым жа 1703 годзе, пасля чаго адзіным сапдчыннікам зрабіўся трэці брат - Казімір Дамінік, пазнейшы ваявода троцкі, а ў канцы жыцця - віленскі. Як упаміналася вышэй, яму ж належаў і маёнтак Бялынічы (242 дыма), але на той момант ён быў у арэндзе ў Паўла Радзішэўскага. Асобна вызначаны ў тарыфе 11 дымоў, якія былі ўласнасцю бялыніцкай яўрэйскай школы на чале з Ізраэлям Моўшавічам. Бялыніцкаму кляштару кармелітаў належаў маёнтак Цехцін з 4 дымамі. Нарэшце, Карытніца з Прыборкамі ў памеры 2 дымоў знаходзіліся ва ўладанні ўдавы Аляксандра Макрыцкага, Альжбеты Зарніцкай.
Пэўную частку раёна на паўднёвым захадзе займала належачае падскарбію Бенедыкту Сапегу Любашанскае староства, са складу якога вылучылася Карытніца, але пра яго паселішчы на той час амаль звестак няма. Толькі ў геаграфічным паказальніку да актавых кніг Віленскага архіва, зробленым у ХІХ стагоддзі Іванам Спрогісам, ёсць звестка пра сяло Бахань, пажалаванае на ленным праве Станіславу Пішчале ў тым жа 1703 г. - верагодна, са складу гэтага староства. На жаль, актавая кніга, з якой Спрогіс узяў гэтую звестку, дасёння не збераглася.
У наступным тарыфе Аршанскага павета, датаваным 1743 г.,[32] Бахань выступае як уладанне Багдана Пішчалы. Апрача таго, у гэтым тарыфе з'яўляецца невялікі маёнтак Дручаны, які належаў Кулакоўскаму. Верагодна, ён таксама быў вылучаны з Любашанскага староства, хаця непасрэдных звестак пра гэта мы не знайшлі.
Галоўчынам на пачатку XVIII стагоддзя на закладным праве валодалі браты Юзэф і Дамінік Служкі. Першы з іх памёр у 1701 г., пасля чаго яго ўдава Тэрэза з Гасеўскіх выйшла за віленскага ваяводу Казіміра Яна Сапегу, якому перад смерцю ў 1708 г. завяшчала суму ў 240 тыс. злотых, запісаную ёй на Галоўчыне першым мужам. Дамінік Служка памёр у 1713 г. без нашчадкаў. Пасля гэтага яго долю маёнтка, напэўна, таксама перакупіў Казімір Ян Сапега. У 1719 г. ён аддаў у часовы заклад за 5 тыс злотых Францішку Куроўскаму фальваркі Смятанічы і Гавяды, належачыя да Галоўчына. [33]
Пасля смерці віленскага ваяводы ў 1720 г. закладнае права на Галоўчын перайшло да яго сыноў Ежы Станіслава і Аляксандра Паўла Сапегаў. Аднак брат Тэрэзы Гасеўскай Багуслаў, дэкан віленскага каталіцкага біскупства, распачаў з пляменнікамі цяжбу за даўгі іх бацькі. У тым жа годзе яны быццам бы пагадзіліся саступіць яму закладнае права на Голоўчын за 40 тыс. злотых, аднак у завяшчанні Ежы Станіслава Сапегі, напісаным незадоўга да яго смерці ў 1732 г., прыгадваецца, што ён здолеў захаваць за сабой гэты маёнтак, які і перадае адзінаму сыну Антонію Казіміру. Апошні памёр у 1739 г., завяшчаўшы закладнае права на Галоўчын сыну свайго стрыечнага брата Казіміра, дзевяцігадоваму Аляксандру Міхалу Сапегу. [34]
Суседнімі Княжыцамі пасля згасання роду князёў Галоўчынскіх валодалі іх нашчадкі па жаночай лініі - паны Пацы: спачатку Канстанцы Уладзіслаў (памёр у 1686 г.), потым яго сыны Міхал і Мікалай (памёрлі адпаведна ў 1724 і каля 1710), затым - сын апошняга Крыштоф (памёр у 1725) і ўнук Антоні Міхал. У 1752 г. Антоні Міхал Пац пажадаў сабраць у сваіх руках усю спадчыну роду Галоўчынскіх. Спярша ён беспаспяхова спрабаваў адсудзіць Галоўчын у Аляксандра Сапегі як адзіны нашчадак згаслага рода, але ўрэшце набыў ад яго толькі закладнае права на гэтае ўладанне.
Між тым спадчыннае права на Галоўчын, нагадаем, пасля смерці князя Яна Галоўчынскага і шлюбу яго ўдавы з прадстаўніком польскага магнацкага рода Патоцкіх перайшло да апошніх. У тым жа 1752 годзе Антоні Міхал Пац выкупіў у Антонія, Міхала, Францішка, Ежы і Станіслава Патоцкіх іх права за 50 тыс. злотых, зрабіўшыся такім чынам адзінам і паўнапраўным уласнікам Галоўчына, пасля чаго далучыў яго да Княжыц.[35]
Маёнтак Бялынічы на пачатку XVIII стагоддзя знаходзіўся ў валоданні троцкага ваяводы Казіміра Дамініка Агінскага. У 1726 г. ён перапрадаў закладнае права на гэты маёнтак за 11 тыс. 220 бітых талераў Яну Казіміру Лендорфу, які перад смерцю завяшчаў гэтую суму жонцы Крысціне. У 1733 г. яна аднавіла шлюб са стрыечным братам Казіміра Дамініка - віцебскім ваяводам Марцыянам Міхалам Агінскім. Праз гэты шлюб Бялынічы перайшлі да апошняга. У 1742 г. Марцыян саступіў сваё права на карысць сына Ігнацыя і яго жонкі Алены (якая, дарэчы, была дачкой усё таго ж Казіміра Дамініка і, такім чынам, траюраднай сястрой свайго мужа).[36]
У тым жа 1742 г. згарэў Бялыніцкі кармеліцкі кляштар. Агінскія ўзяліся за яго аднаўленне, прычым на месцы старога драўлянага пабудавалі новы, мураваны, з вялікім касцёлам у гонар Ушэсця Маці Боскай. Будаўніцтва завяршылася ў 1761 г. Тады ж Алена Агінская, прыклаўшы вялікія намаганні, вярнула з Ляхавіч славутую цудатворную ікону, якая знаходзілася там з 1655 г. Вяртанне абраза было абстаўлена з вялікай пышнасцю, была арганізавана нават яго каранацыя. Гэтая рэклама зрабіла сваю справу, і весткі пра вяртанне цудатворнай іконы шырока разышліся па наваколлі, парадзіўшы сапраўдны рэлігійны ажыятаж. У Бялынічы пачалося масавае паломніцтва вернікаў, у сувязі з чым мястэчка пачалі называць «рускай Чэнстаховай» (у польскім горадзе Чэнстахове таксама знаходзіўся цудатворны абраз - аб'ект экзальтаванага паломніцтва).
Тым часам сын Караля Станіслава Радзівіла - віленскі ваявода Міхаіл Казімір, па мянушцы Рыбанька, нечакана вырашыў усё ж з вялікім запазненнем выкарыстаць сваё права на выкуп Бялыніч з закладу. Ігнацыю і Алене Агінскім, якія ўклалі ў маёнтак вялікія грошы, зусім не спадабалася перспектыва пазбавіцца яго, атрымаўшы ўзамен закладную суму, якая за 70 з лішкам гадоў у значнай ступені страціла былую вартасць. Між тым паводле Статута 1588 г., які дзейнічаў у ВКЛ, трымальнік закладу не меў права адмовіцца ад выкупу і не ўзяць грошы. Больш таго, Радзівіл, каб пазбегнуць пярэчанняў наконт неадпаведнасці сумы ў старых і новых злотых, сабраў 106 тысяч у старой сярэбранай манеце другой паловы XVII стагоддзя.
Агінскія пачалі ліхаманкава шукаць выйсце, якое б дазволіла ім захаваць Бялынічы ў сваіх руках. Дзеля гэтага яны паспрабавалі даказаць, што маюць не толькі закладнае, але і спадчыннае права на маёнтак. Агінскія пачалі сцвярджаць, што быццам бы ўдава Крыштофа Сапегі Алена, якая ў 1670-я гады скупіла часткі Бялыніч у паноў Шэметаў, не выплаціла ім цалкам усю суму, у сувязі з чым яны часткова захавалі спадчыннае права, набытае паводле завяшчання Казіміра Льва Сапегі. Гэтыя рэшткі спадчыннага права нібыта былі падараваны Ігнацыю і Алене Агінскім Тэрэзай Шэмет, удавой аднаго з іх аддаленых нашчадкаў, у 1751 г. Для вернасці Ігнацы Агінскі ў 1761 г. нават заплаціў Ераніму і Леану Шэметам грошы, такім чынам яшчэ раз набываючы ў іх гэтае міфічнае права.
На гэтай падставе Агінскія адмовіліся ўзяць выкуп, які прапанаваў ім Радзівіл у тым жа 1761 г. Натуральна, такія хісткія аргументы яго не збянтэжылі, і Міхал Казімір Рыбанька звярнуўся ў Галоўны трыбунал. Агінскія выкарысталі звычайную ў такіх умовах тактыку - не з'явіліся на судовае паседжанне. Тым не менш вердыкт быў вынесены на карысць Радзівіла, і ў студзені 1762 г. у Бялынічы прыбыў судовы выканаўца Яцак Жыжэмскі, які павінен быў забяспечыць перадачу маёнтка новаму ўласніку. Аднак эканом Францішак Рабчыцкі папросту не пусціў яго ў маёнтак, а Жыжэмскі па мяккасці характара не здолеў настаяць на сваім. [37]
Не дачакаўшыся заканчэння справы, Радзівіл Рыбанька ў 1762 г. памёр. Барацьбу за маёнтак працягнуў яго сын і пераемнік на пасадзе віленскага ваяводы Караль Станіслаў, вядомы па мянушцы «Пане Каханку». Ён таксама атрымаў у 1763 г. дэкрэт трыбунала на сваю карысць, аднак выкананню гэтага дэкрэта перашкодзіла барацьба магнацкіх груповак у Рэчы Паспалітай, у сувязі з якой Пане Каханку вымушаны быў у 1764 г. эмігрыраваць за мяжу, дзе правёў доўгія 12 гадоў. Пасада віленскага ваяводы дасталася тады 35-гадоваму Міхалу Казіміру Агінскаму, які быў уладальнікам Цяцерына пасля свайго дзеда Казіміра Дамініка (памёр у 1733) і бацькі Юзафа (памёр у 1736). Што да Ігнацыя Агінскага, то ён атрымаў крыху пазней, у 1768 г., другую па значэнні пасля віленскага ваяводы дзяржаўную пасаду - віленскага кашталяна.
Гэты перыяд быў ужо часам глыбокага заняпаду Рэчы Паспалітай, на тэрыторыі якой гаспадарылі, як хацелі, магутныя суседзі - Аўстрыя, Прусія і Расійская імперыя. У 1772 г. паміж імі была дасягнута згода аб першым падзеле Рэчы Паспалітай, у выніку якога тэрыторыя на усход ад ракі Друць адышла да Расіі. Па Друці прайшла новая дзяржаўная мяжа, якая рассекла надвое сучасны Бялыніцкі раён. Пры гэтым частка маёнтка Бялынічы, размешчанага на абодвух берагах ракі, апынулася ў Расіі, а частка - у Рэчы Паспалітай.
Усе ўладальнікі маёнткаў, далучаных да Расіі, павінны былі прынесці прысягу імператрыцы Екацярыне ІІ. Тым, хто адмаўляўся зрабіць гэта, пагражала канфіскацыя ўладанняў. Так, у прыватнасці, былі канфіскаваны вялікія падняпроўскія маёнткі Караля Станіслава Радзівіла - зацятага праціўніка Расіі, які, нагадаем, тады знаходзіўся ў эміграцыі. Не пажадаў прынесці прысягу і ўладальнік Цяцерына Міхал Казімір Агінскі, у выніку чаго страціў левабярэжную частку гэтага маёнтка (нагадаем, менавіта там яго абшары ахоплівалі частку Бялыніцкага раёна). Крыху пазней імператрыца Екацярына падаравала сканфіскаваныя ў Агінскага ўладанні княгіні Дашкавай.
Што да Ігнацыя і Алены Агінскіх, то яны здаўна мелі добрыя стасункі з расійскім дваром. Княгіня Алена яшчэ да падзелу была знаёма з Екацярынай і карысталася вялікім уплывам пры яе двары. Так што праблем з прысягай і пацверджаннем права на маёнткі ў Агінскіх не было. Крыху пазней, у 1775 г., Ігнацы памёр і яго жонка засталася адзінай уладальніцай Бялыніч, якія неўзабаве падаравала пляменніку свайго мужа - Францішку Ксаверыю Агінскаму.
Новадалучаная да Расіі усходняя частка Бялыніцкага раёна ўвайшла ў Магілёўскі павет аднайменнай губерніі. Рэшта яго тэрыторыі на захад ад Друці засталася пакуль што ў складзе Аршанскага павета ВКЛ. У 1775 г. там быў складзены апошні падымны тарыф, прычым вельмі падрабязны, з пазначэннем колькасці двароў у кожным паселішчы.[38] Да маёнтка Бялынічы, належачага князю Агінскаму, адносіліся вёскі Мокравічы (39 дымоў), Вялікая і Малая Машчаніца (адпаведна 28 і 21), Алешкавічы (30), Асавец (25), Забалоцце (19), Сякерка (11), а таксама аддаленыя Сярмяжанка (23) і Замачулле (11).
Маёнтак Цехцін бялыніцкіх кармялітаў налічваў 61 дым, Карытніца Чарноўскага - 5, дзве часткі маёнтка Бахань паноў Пішчалаў - адпаведна 8 і 4, Дручаны Хадакоўскага - 9. Паміж гэтымі маёнткамі ўдаваўся абшар, належачы да дзяржаўнага Любашанскага староства. У яго складзе тарыф упамінае вёскі Падзевічы (14), Дабрылавічы (6) і Ігліцу (8). Крыху больш ранняя люстрацыя Любашанскага староства за 1764 г.[39] называе, апрача гэтых паселішчаў, яшчэ і Заполле з 7 дварамі, якое ў тарыфе чамусці прапушчана.
Як у люстрацыі 1764 г., так і ў тарыфе 1775 г. пазначаны таксама шэраг дзяржаўных старостваў на паўночным захадзе раёна. З іх непасрэдна да Барысаўскага староства адносіліся вёскі Пупса (12 двароў), Смалігаўка (7), Кулакоўка (7) і засценак Вольніца (4), да Клеўскага - Клеўка (17) і Слабада (5), да Ясьмонскага - мястэчка Ясьмоны (40), вёска Клева (28) і засценак Кунцы (4), да Дзявошыцкага - адзіная вёска Дзявошыцы (17).
Апрача таго, самы поўдзень раёна, дзе знаходзілася вёска Пільшычы, ўяўляў сабой далёкі ўскраек вялізнага Быхаўскага графства паноў Сапегаў, абшар якога цягнуўся адсюль на поўдзень і паўднёвы захад, у сучасныя Клічаўскі і Быхаўскі раёны. Гэтая вёска ўпамінаецца ў асобным тарыфе маёнтка Стары Быхаў за 1758 г. сярод паселішчаў, якія на той момант знаходзіліся ў закладзе ў пана Хлявінскага. Яна налічвала 3,5 умоўных дымоў. [40]
Пра тую частку Бялыніччыны, што ў 1772 г. адышла да Расіі, можна атрымаць уяўленне з эканамічных заўваг да генеральнага межавання Магілёўскага павета, праведзенага новымі ўладамі ў 1785 г.[41] У мястэчку Бялынічы князя Агінскага было на той час 108 двароў, у якіх налічваўся 401 жыхар мужчынскага полу і 430 - жаночага (увогуле - 831). Ап- рача таго, значным паселішчам у складзе гэтага маёнтка было сяло Малае Трылесіна (57 двароў, 285 жыхароў). У Вялікім Трылесіне, не гледзячы на яго назву, было толькі 29 двароў і 225 жыхароў, у Ланкаве - адпаведна 56 і 286, у Рагачы - 35 і 207, у Хвойне - 25 і 135, у Пачэпку - 32 і 176, у Шылаўцы - 18 і 103, у Запакуллі - 19 і 128, у Гарватцы - 12 і 71.
Другім буйным маёнткам быў Галоўчын Міхала Паца. У мястэчку Галоўчын было 116 двароў, 633 жыхара (317 мужчынскага і 316 - жаночага полу). Да маёнтка (разам з Княжыцамі) належалі 44 паселішча, з якіх на тэрыторыі Бялыніцкага раёна найбольш значнымі былі Забалоцце (62 двара, 378 жыхароў), Вялікае Кудзіна (45, 249), Васількі (42, 254), Свяцілавічы (40, 289), Сіпайлы (34, 195), Вішова (28, 243), Малае Кадзіна (22, 142) і інш. Апрача таго, вёскі Старае Сяло (22, 109), Сурды (18, 111) і Камяніца (14, 106) знаходзіліся ў сумесным валоданні Паца і галоўчынскага дамініканскага кляштара, а вёска Ізбішча (30, 272) адносілася да маёнтка Булыжычы тых жа дамініканцаў, раней падараванага ім продкамі Міхала Паца са складу маёнтка Княжыцы. Побач знаходзіўся невялікі маёнтак калежскага асесара Якава Дзішканца ў складзе дзвюх вёсак: Ермаловічы (16, 101) і Лахвіца (6, 49), а таксама маёнтак Рафалова з вёскай Галубоўка (26, 167) Рыгора Карабанькі.
На той частцы ўладанняў княгіні Дашкавай, што заходзіла ў сучасны Бялыніцкі раён, буйнейшымі былі сяло Ількавічы (56, 516), вёскі Вуйлава (78, 418), Лубяны (53, 269), Крывуліна (33, 170) і інш.
Кароткі перыяд падзелу Бялыніччыны на дзве часткі скончыўся ў 1793 г., калі ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай уся тэрыторыя раёна апынулася ў складзе Расійскай імперыі.
- Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1. Спб., 1846. С. 57 - 58.
- Русская историческая библиотека. Т. 27. Спб., 1910. С. 45.
- Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской. Т. 24. Витебск, 1893. С. 384 - 387.
- Там жа. С. 387 - 390.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S.116 - 125.
- Там жа. S. 270 - 273.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (надалей - НГАБ). Ф. КМФ-18 (Метрыка ВКЛ). Спр. 249. Л. 196 адв. - 197 адв.
- Историко- юридические материалы ... Т. 24. С. 392 - 396.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Спр. 272. Л. 220 адв. - 222. (Звесткі пра гэты дакумент мне паведаміў М. Ф. Спірыдонаў, за што выказваю яму падзяку).
- Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов (надалей - АВК). Т. 39. Вильно, 1915. С. 509.
- Sapiehowie, materyaly historyczno-genealogiczne i majatkowe. T. 1. Petersburg, 1890. S. 145.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Спр. 256. Л. 244 - 245.
- Там жа. Спр. 268. Л. 162 адв. - 166 адв.
- Полное собрание русских летописей. Т. 32. С. 176.
- Wolff J. Kniaziowie ... S. 128 - 131.
- Историко-юридические материалы ... Т. 25. С. 411, 414.
- Там жа. С. 419 - 421.
- НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 9484. Л. 6 - 35 адв.
- Там жа. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1012. Л. 25 - 94 адв.
- Ткачоў М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 149.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 14. Спб., 1889. С. 447 - 454.
- Там жа. С. 70, 467 - 468.
- Сагановіч Г. Навядомая вайна 1654 - 1667. Мн., 1995. С. 39.
- Sapiehowie ... T. 2. S. 37, 245 - 260.
- Там жа. S. 128.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (надалей - ДГАЛ). Ф. СА (Старажытныя акты). Спр. 3236.
- НГАБ. Ф. 1928. Воп. 1. Спр. 28.
- ДГАЛ. Ф. СА. Спр. 1. Л. 144 - 145 адв.
- НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 745.
- Ткачоў М. А. Замкі і людзі. С. 149.
- НГАБ. Ф. 1731. Воп. 1. Спр. 30. Л. 789 - 799.
- ДГАЛ. Ф. СА. Спр. 3280.
- Sapiehowie ... T. 2. S. 196, 199, 208.
- Там жа. T. 3. S. 75, 79, 179 - 175, 181.
- Wolff J. Pacowie. Materyaly historiczno-genealogiczne. Petersburg. 1885. S. 235, 239, 291 - 294.
- НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 745.
- Там жа.
- ДГАЛ. Ф. СА. Спр. 3327.
- Там жа. Спр. 3297.
- Бібліятэка Чартарыйскіх у Кракаве. Аддзел рукапісаў. Рукапіс 4568. (Мікрафільм гэтага дакумента мне быў прадастаўлены М. Ф. Спірыдонавым).
- Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 94.