Барысаў у часы Вялікага княства Літоўскага (2002)
Пра час уваходу Барысава ў склад Вялўкага княства Літоўскага (ВКЛ) дакладных звестак няма. Найбольш верагодна, што гэта адбылося пры вялікім князі Гедыміне (1315- 1341), які значна пашырыў межы дзяржавы. У адным з рускіх летапісаў прыгадваецца, што васалам Гедыміна быў менскі князь Васіль, які ў складзе яго пасольства ездзіў у Вялікі Ноўгарад у 1326 г. [1] Пазней, ужо пасля смерці Гедыміна, у такой жа якасці прыгадваецца князь Сямён Свіслацкі, уладанні якога знаходзіліся на поўдні ад Барысава. Ён быў удзельнікам літоўскага пасольства ў Залатую Арду ў 1348 г.[2] Можна меркаваць, што Барысаўская воласць, змешчаная амаль паміж Менскім і Свіслацкім княствамі, [3] у гэты перыяд таксама ўжо падпарадоўвалася ўладзе Гедыміна і яго сына Альгерда.
Верагодна, у гэтыя часы адбыўся перанос Барысава з першапачатковага места (зараз – гарадзішча ў вёсцы Стары Барысаў) на новае, у 4 км ніжэй па цячэнні Бярэзіны. Драўляны замак быў пабудаваны на востраве ў пойме ракі, злева ад яе галоўнага рэчышча, прыблізна ў 1,5 км на паўночны захад ад сучаснага аўтамабільнага маста. Гарадзішча на гэтым востраве пазначана яшчэ на плане Барысава ў 1845 г. [4] Неўмацаваны гарадскі пасад прылягаў да замка з поўначы і паўночнага ўсходу. Супрацьлеглы, правы бераг Бярэзіны ў той час, напэўна, заставаўся незаселеным.
У канцы 14 ст. Барысаў разам з навакольнай воласцю падпарадкоўваўся непасрэдна вялікаму князю Вітаўту. Апошні ў 1396 г. выдаў «борысовцам» адмысловы прывілей, у якім вызначаў парадак прыёмкі і ўліку мядовай даніны. З прывілея вынікае, што сяляне Барысаўскай воласці самі прывозілі мёд у замак, дзе яго ўзважваў вялікакняжацкі цівун. Для прадухілення злоўжыванняў, якія, верагодна, мелі месца раней, Вітаўт забароніў цівуну карыстацца ўласным бязменам. Мернай адзінкай павінен быў служыць «вялікі камень меньскі», а працэс узважвання належала ажыццяўляць «па старыне» прадстаўніку сялян у прысутнасці цівуна і сведкаў. [5] Прыкладна ў гэты час Барысаў згадваецца сярод «літоўскіх» гарадоў у «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і бліжніх», змешчаным у Васкрасенскім летапісе. [6] Яшчэ аднойчы Вітаўт выдаў грамату жыхарам Барысава, у якой вызвалўіў іх ад абавязку даваць падводы для транспартыроўкі дзяржаўных грузаў, пра што згадваецца ў больш познім дакуменце. [7]
Пасля смерці Вітаўта вялікім князем стаў Свідрыгайла. У адным з дакументаў Тэўтонскага ордэна Барысаў згадваецца сярод гарадоў, якія падпарадкоўваліся Свідрыгайлу ў 1432 г. Пазней горад адыгрываў пэўную ролю ў міжусобнай барацьбе, якая разгарэлася паміж Свідрыгайлам і братам Вітаўта Жыгімонтам у 1432-1437 гг. Менавіта ў Барысаве, пры пераправе праз Бярэзіну, войскам Свідрыгайлы быў у 1433 г. захоплены ў палон адзін з палкаводцаў Жыгімонта – князь Міхайла Гальшанскі, затым пакараны смерцю па загаду Свідрыгайлы. [8]
Міжусобіца завяршылася перамогай Жыгімонта, якому Барысаў, напэўна, падпарадкоўваўся да яго смерці ў 1440 г. У далейшым пад час доўгага панавання Казіміра Ягелончыка (1440-1492) горад не згадваецца ў пісьмовых крыніцах. Сын і пераемнік Казіміра, вялікі князь Алсксандр (1492-1506) у 1494 г. вымушаны быў разглядаць канфлікт паміж барысаўскімі мяшчанамі і сялянамі навакольнай воласці наконт выканання розных павіннасцяў. Мяшчане, спасылаючыся на прывілей Вітаўта. адмаўляліся пастаўляць падводы, у сувязі з чым увесь цяжар гэтай павіннасці лажыўся на сялян. Сваім лістом Аляксандр абавязаў барысаўскіх мяшчан таксама ўдзельнічаць у выкананні падвод, старажоўства і іншых павіннасцяў. [9]
У 1499 г. праз Барысаў рухалася на ўсход войска ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім, якое ішло на вайну з Маскоўскай дзяржавай. Неўзабаве Барысаўскі замак на пэўны час зрабіў сваёй рэзідэнцыяй вялікі князь Аляксандр, які ажыццяўляў адсюль агульнае кіраўніцтва ваеннымі дзеяннямі. [10] Вайна гэтая, аднак, была вельмі нешчаслівай для ВКЛ. На рацэ Вядрошы ў Смаленскай зямлі войска Канстанціна Астрожскага было ў 1500 г. разбіта, сам ён трапіў у палон, а ВКЛ у выніку страціла вялізныя тэрыторыі.
З гэтага часу пачалося доўгае ваеннае супрацьстаянне паміж ВКЛ і Расіяй. Барысаў, які знаходзіўся на галоўным шляху паміж цэнтральнымі раёнамі ВКЛ і Масквой, стаў важным пунктам у руху войскаў і пасольстваў. У 1508 г., пад час мяцяжу князя Міхаіла Глінскага, якому аказвала дапамогу маскоўскае войска, Барысаў трапіў у аблогу, але паспяхова вытрымаў яе. Калі да горада наблізілася аб'яднанае войска ВКЛ і Польшчы, узначаленае новым вялікім князем Жыгімонтам, Глінскі зняў аблогу і адышоў на ўсход. [11]
Наступная згадка пра Барысаў датуецца прыкладна 1510-1511 гг. і тычыцца мірных падзей. У горад і воласць быў накіраваны дзяк Андрэй Бабровіч, якому было даручана зрабіць перапіс падданых і іх маёмасці. На той час намеснікам у Барысаве з'яўляўся вялікакняжацкі маршалак Ян Мікалаевіч Радзівіл, а фактычна замкам і воласцю кіраваў яго даручэнец, нейкі Сава. Ён узяўся дапамагаць дзяку настолькі прытка, што барысаўскія мяшчане вымушаны былі скардзіцца Радзівілу на гвалты з яго боку. Яны сцвярджалі, што Сава самавольна канфіскаваў у іх сем коней. Жыхары навакольных сёлаў таксама паскардзіліся на ўціск з боку Савы. Пры разглядзе справы Сава адхіліў усе абвінавачанні і заявіў, што мяшчане і валашчане былі пакараны за спробы ўхіліцца ад перапісу. Да таго ж ініцыятарам пакарання быў не ён, а дзяк Андрэй Бабровіч, які "посылал слуг своих их грабити за то, иж они ему не гораздо ся вказали, как господарю служать". [12]
У 1514 г. Барысаву зноў давялося быць адным з апорных пунктаў войска ВКЛ пад час вайны з Масквой. У гэтым годзе маскоўскае войска захапіла Смаленск і рушыла на захад, пагражаючы жыццёвым цэнтрам ВКЛ. Войска, сабранае вялікім князем Жыгімонтам, выйшла насустрач, і ў Барысаве працяглы час знаходзілася вялікакняжацкая стаўка. [13] Менавіта адсюль зноў выступіў супраць ворага гетман Канстанцін Астрожскі, але на гэты раз больш удала: на рацэ Крапіўне, недалёка ад Оршы, ён атрымаў бліскучую перамогу, якая адвяла пагрозу ад цэнтральных земляў дзяржавы. Аднак пазней, у 1519 г., маскоўскае войска на чале з князем С. Курбскім зноў прайшло па ваколіцах Барысава.
У 1517 і 1526 гг. праз Барысаў праязджаў пад час сваіх пасольстваў у Маскву аўстрыйкі дыпламат Сігізмунд Герберштэйн, пра што ён згадвае ў сваіх "Запісках аб маскоўскіх справах", якія былі надрукаваны ў 1546 г. і карысталіся вялікай папулярнасцю ў Заходняй Еўропе. [14] На жаль, Герберштэйн не пакінуў падрабязнага апісання Барысава. Але дзякуючы гэтай згадцы горад трапіў на карты Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, выдадзеныя Вацлавам Градзецкім у 1558 г. і Якубам Гаштальдзі ў 1567 г. [15] Такім чынам, кожны адукаваны чалавек у Еўропе сярэдзіны 16 ст. мог ведаць пра існаванне Барысава.
У 1534 г., падчас чарговай вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, рускія войскі дасягнулі ваколіц Барысава. Аднак замак, напэўна, не быў захоплены імі. [16] У лістападзе наступнага года маскоўскае войска з трох накірункаў яшчэ раз уварвалася ў ВКЛ. Пры гэтым той аддзел, які ішоў з боку Смаленска на чале с князем М. Гарбатым-Шуйскім, зноў "паваяваў" Барысаў і іншыя гарады на усход ад яго. [17]
Магчыма, у сувязі з важным стратэгічным значэннем Барысава ў XVI ст. склалася практыка, паводле якой Барысаўскае намесніцтва стала як бы "дадаткам" да вышэйшай дзяржаўнай пасады ВКЛ – віленскага ваяводы. З 1522 г. віленскім ваяводам, канцлерам і адначасова барысаўскім намеснікам быў найбагацейшы літоўскі магнат Альбрэхт Гаштаўт. Пасля смерці Гаштаўта ў 1539 г. вялікі князь Жыгімонт не адразу назначыў яго пераемніка на пасадах віленскага ваяводы і канцлера. Напэўна, вакантнай у гэты час заставалася і пасада барысаўскага намесніка. Толькі ў 1542 г. усе тры ўрады дасталіся пану Яну Юр'евічу Глябовічу. Пры гэтым, зацвярджаючы яго ў якасці барысаўскага намесніка, вялікі князь палічыў неабходным агаварыць, што надае Барысаў "не в обычай к воеводству Виленскому, але з особливое ласки нашое господарское". Тым не менш пераемнік Глябовіча – Мікалай Янавіч Радзівіл па мянушцы Чорны – у 1551 г. таксама стаў адначасова віленскім ваяводам, канцлерам і барысаўскім намеснікам.
У гэты час Барысаў быў, напэўна, даволі мнагалюдным паселішчам. Аб гэтым ускосна сведчыць роспіс дзяржаўных гарадоў і валасцей з пазначэннем сумы іх плацяжу ў скарб, складзены ў 1551 г. [18] Паводле яго, Барысаў мусіў плаціць 30 коп грошаў, а ўсе астатнія паселішчы Барысаўскай воласці – 50 коп. [19] Гэта азначае, што ў горадзе концантравалася звыш трэці ўсяго насельніцтва воласці, якая цягнулася прыблізна на 80 км з захаду на ўсход і на 30 – 60 км з поўначы на поўдзень, маючы агульную плошчу каля 400 кв. км.
Віленскія ваяводы па абавязку сваёй асноўнай пасады мусілі большасць часу праводзіць у сталіцы дзяржавы – Вільні. Справамі Барысаўскага намесніцтва звычайна ведаў іх даручэнец з ліку больш дробнай шляхты, звычайна – асабісты васал ("служэбнік") ваяводы. Пры Гаштаўце непасрэднае кіраванне воласцю і замкам ажыццяўляў Каспар Кунцэвіч, які ў 1524 г. прыкупіў да воласці кавалак зямлі ў суседняга пана. Хто прадстаўляў у Барысаве інтарэсы Глябовіча – дакладна высвятліць не ўдалася. На пачатку ваяводства Радзівіла Чорнага ў гэтай якасці прыгадваецца Лукаш Бескі. У 1552 г. ён зацвердзіў і ўпісаў у актавую кнігу Барысаўскага замка акт палюбоўнага размежавання валасных земляў з адным з суседніх маёнткаў.
У 1565-66 гг. у ВКЛ адбылася рэформа сістэмы дзяржаўнага кіравання, паводле якой яго тэрыторыя была падзелена на паветы з дакладнымі межамі. Барысаў увайшоў у склад Аршанскага павета, мяжа якога прайшла па рацэ Бярэзіне. Пры гэтым землі на правым беразе ракі (там, дзе знаходзіцца асноўная частка сучаснага горада) засталіся ў складзе Менскага павета, хаця па ранейшаму адносіліся да Барысаўскай воласці. Паводле гэтай жа рэформы ў Барысаве быў скасаваны замкавы суд, а яго жыхары сталі падлягаць юрысдыкцыі Аршанскага замкавага (гродскага) суда. Быў утвораны таксама Аршанскі земскі суд, які разглядаў маёмасныя справы жыхароў павета – шляхты і мяшчан. Сельскія жыхары засталіся ў юрысдыкцыі сваіх паноў, а дзяржаўныя падданыя Барысаўскай воласці – у юрысдыкцыі барысаўскага намесніка і яго служэбніка.
У гэты час Барысаў атрымаў свой герб, нададзены яму прывілеем Жыгімонта Аўгуста 10 жніўня 1565 г. Герб уяўляў сабой у белым (сярэбраным) полі гарадскую браму а дзвюх вежах, над якой змяшчалася выява Св. Пятра з ключом у правай руцэ. [20] Гэтым гербам горад карыстаўся ў далейшым да канца існавання ВКЛ, ён быў пацверджаны прывілеем ад 14 чэрвеня 1792 г. [21]
У 1569 г. адбылася дзяржаўная унія паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам, вядомая як Люблінская унія. Паводле яе ўмоў утваралася агульная дзяржава – "Рэч Паспалітая абодвух народаў", але ВКЛ захоўвалася ў ёй у якасці федэратыўнай адзінкі, па-ранейшаму мела ўласнае войска, заканадаўства і структуру дзяржаўных пасад. Віленскі ваявода па-ранейшаму быў буйнейшым дзяржаўным саноўнікам і меў магчымасць карыстацца даходамі з Барысаўскай воласці. У 1567 г., пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага, ваяводам стаў яго стрыечны брат Мікалай Юр'евіч Радзівіл Руды, заснавальнік так званай біржайскай галіны гэтага славутага роду (ад маётка Біржы на поўначы Літвы). Застаючыся віленскім ваяводам да канца жыцця (1584 г.), ён у 1579 г. перадаў Барысаўскае намесніцтва свайму сыну Крыштафу па мянушцы Пярун. Апошні пасля смерці бацькі стаў таксама віленскім ваяводам.
Ад гэтых часоў засталося першае апісанне Барысаўскага замка, зробленае Аляксандрам Гваньіні – італьянскім вайскоўцам, што ў 1560-я гады працяглы час служыў у ВКЛ, прымаў удзел у Лівонскай вайне з Маскоўскай дзяржавай і быў камандантам Віцебска. У сваёй працы "Апісанне Еўрапейскай Сарматыі", надрукаванай на лацінскай мове ў Польшчы ў 1578 г. і пазней неаднаразова перавыдадзенай, ён пісаў: "Барысаў – места драўлянае. Замак зроблены з дубовых дрэў і самым лепшым чынам умацаваны вежамі і драўлянымі чатырохрадовымі сценамі, якія ўнутры запоўнены зямлёй і каменнямі. Замак выгадна абкружаны наўкол ракой Бярэзінай. Ад Вільні знаходзіцца ў 40 мілях. Ён не мае павятовай харугвы. Але ў ім заўсёды ўтрымліваецца гарнізон жаўнераў, на выпадак нападу маскоўцаў, каб затрымаць іх, калі яны перайдуць мяжу". [22]
Крыху пазней апісанне Барысаўскага замка склаў маскоўскі дзяк Трыфан Карабейнікаў. У 1593 г. ён паведамляў, што горад аточаны ракой і прудом, праз якія ў бок Менска ішоў драўляны мост даўжынёй у 200 сажань. [23]
Крыштаф Пярун памёр у 1603 г., пасля чаго і ваяводская пасада, і Барысаўскае намесніцтва (прыкладна з гэтых часоў яно пачынае трывала называцца "староствам") былі нададзены яго сыну – Янушу Радзівілу, які валодаў імі да сваёй смерці ў 1620 г. Такім чынам, на працягу 79 гадоў Барысаў знаходзіўся пад кантролем чатырох прадстаўнікоў роду Радзівілаў, належачых да трох паслядоўных пакаленняў.
Верагодна, пад час іх працяглага намесніцтва быў адноўлены і ўмацаваны гаспадарчы двор на месцы першапачатковага барысаўскага гарадзішча, у сучаснай вёсцы Стары Барысаў. Гэтае паселішча ў той час мела назву Радзівілаў. Пад ёй яно змешчана на даволі падрабязнай карце ВКЛ, створанай у 1590-я гады служэбнікам Крыштафа Пяруна Тамашом Макоўскім і надрукаванай у Амстэрдаме ў 1613 г. На гэтай жа карце можна бачыць і ўласна Барысаў. [24]
Магчыма, біржайская галіна Радзівілаў і надалей працягвала б валодаць Барысаўскім староствам, але на момант смерці Януша Радзівіла яго адзіны сын Багуслаў быў зусім маленькім. Таму вялікі князь і кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза ў 1621 г. перадаў Барысаў прадстаўніку іншага магнацкага рода – троцкаму ваяводзе Аляксандру Хадкевічу. Апошні прабыў на гэтай пасадзе нядоўга, бо памёр у 1626 г. У 1629 г. староства было перададзена прадстаўніку іншай галіны Радзівілаў – канцлеру Альбрэхту Станіславу Радзівілу (аднаму з нашчадкаў Мікалая Чорнага). Але неўзабаве яно перайшло да паляка Адама Казаноўскага, які валодаў ім на ўмовах закладу – пазычыўшы скарбу ВКЛ вялікую суму грошай, атрымаў узамен права карыстацца даходамі з Барысаўскага староства, пакуль не выбярэ з яго пазычаныя грошы. Казаноўскі згадваецца на пасадзе барысаўскага старосты з 1635 г. да сваёй смерці ў 1649 г., пасля чаго закладнае права на староства перайшло дя яго ўдавы. У гэты час у Барысаве быў заснаваны манастыр і дзейнічалі дзве праваслаўныя царквы – Траецкая і Спаса-Прэабражэнская.
Вялікія выпрабаванні выпалі на долю жыхароў Барысава пад час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, якая распачалася ў 1654 г. [25] Да Барысава ваенныя дзеянні дакаціліся вясной наступнага года. На горад быў высланы перадавы полк расійскіх жаўнераў і драгунаў на чале з князем Юрыем Барацінскім. У бітве пад Барысавам 13 мая 1655 г. ён разбіў заслон, пакінуты гетманам ВКЛ Янушам Радзівілам. Гэтым заслонам, дарэчы, камандаваў вядомы палкоўнік Канстанцін Паклонскі, які на пачатку вайны перайшоў на бок маскоўскага цара, але потым вярнуўся да прысягі каралю Рэчы Паспалітай.
Пасля перамогі над Паклонскім полк князя Барацінскага падышоў да Барысаўскага замка і паспрабаваў захапіць яго штурмам, але мясцовы гарнізон адбіў усе напады. Тым часам 24 мая са Смаленска рушыла на Беларусь галоўнае маскоўскае войска, якім кіраваў сам цар Аляксей Міхайлавіч. Ён выслаў на дапамогу Барацінскаму ваяводу Багдана Хітраво з войскам у 4159 чалавек пяхоты і 1207 коннікаў. Супраць такой сілы барысаўскі гарнізон змагацца не здолеў. 19 чэрвеня горад быў захоплены і спалены. Рэшткі гарнізона дышлі за Бярэзіну, спаліўшы за сабой мост. Аднак гэта не спыніла пераможнага руху маскоўскага войска. Мост неўзабаве быў адноўлены, і ваенныя дзеянні перамясціліся ў цэнтральныя і заходнія раёны Беларусі. Да восені большая частка яе тэрыторыі, а таксама сталіца ВКЛ Вільня, апынуліся пад расійскім кантролем.
Настаў сямігадовы перыяд панавання ў Барысаве расійскіх уладаў. Яны зрабілі горад адным са сваіх апорных пунктаў. Тут у верасні 1655 г. ваявода Чаркаскі правёў агляд войска, перад тым як распусціць яго на зімовыя кватэры. Цар часта мяняў ваявод, якіх ён прызначаў кіраваць Барысавам. Паводле маскоўскіх разрадных спісаў, у 1656 г. ваяводам быў Аўтамон Іванаў Яропкін. У чэрвені 1657 г. на яго месца быў прызначаны Івашка Ржэўскі. З канца чэрвеня 1658 г. ваяводам быў Кірашка Хлопаў. [26]
Ужо да 1656 г. былі адноўлены спаленыя пад час аблогі драўляныя ўмацаванні замка, якія па-ранейшаму ўяўлялі сабой рады чатырохсценных зрубаў – гародняў, засыпаных унутры і звонку зямлёй і каменнем. Упоперак лінія ўмацаванняў мела таўшчыню ў 4 сажні, а яе перыметр складаў 312 сажань. З напольнага боку мелася ўездная брама, а дзве меншых выходзілі ў бок ракі, каб забяспечваць ганізон вадой пад час аблогі. Адначасова быў пабудаваны астрог вакол гарадскога пасаду.
Тым часам акупацыйная палітыка расійскіх уладаў хутка выклікала моцнае расчараванне з боку беларускай шляхты і сялянства, якія спачатку спадзяваліся на тое, што пад уладай праваслаінага цара жыць будзе лепей. У ваколіцах Барысава разгарнулася сапраўдная партызанская вайна. Увосень 1657 г. партызанскі аддзел Багровіча колькасцю ў 400 – 500 чалавек нават спрабаваў захапіць Барысаў. Гэты напад быў адбіты, але ён яшчэ раз падкрэсліў стратэгічнае значэнне горада. Не выпадкова Барысаў фактычна стаў рэзідэнцыяй Васіля Шарамецева – галоўнага царскага намесніка на занятых беларускіх землях. Умацаванне Барысаўскага замка працягвалася. У 1659 г. паверх дрэва-земляных умацаванняў былі надбудаваны "тарасы" з тоўстага сасновага дрэва ў дзве сцяны, вышынёй у 2,5 аршына, у якіх былі прасечаны байніцы. Частка пасада ("падзамак") была узмоцнена землянымі бастыёнамі. На той час у замку і падзамку разам налічвалася 145 жылых пабудоў.
У 1660 г. ваенная ініцыятыва перайшла да войска Рэчы Паспалітай. На захадзе Беларусі яно атрымала шэраг перамог. З пачатку гэтага года царскія паслы вялі ў Барысаве перамовы з камісарамі Рэчы Паспалітай, але пасля новага паражэння рускіх войскаў у бітве пад Палонкай (у Навагрудскім павеце) у чэрвені 1660 г. перамовы былі спынены. Сумеснае войска Польскага каралеўства і ВКЛ на чале з гетманамі Стэфанам Чарнецкім і Паўлам Сапегам рушыла ад Палонкі на Барысаў і паспрабавала ўзяць яго. Але расійскі гарнізон, які налічваў каля тысячы ратнікаў і меў дастатковыя запасы зброі і ежы, адбіў два прыступы. Нападаючыя захапілі і спалілі толькі неўмацаваны пасад і падзамак. У войску Чарнецкага было каля 3 тысяч конніцы і 1 тысяча пяхоты, у Сапегі – да 6 тысяч, з іх палова конніцы. Але ў іх востра не ставала артылерыі і пораху для штурму моцных барысаўскіх умацаванняў, а таксама харчовых прыпасаў. Аддзел Чарноцкага пэўны час заставаўся пад Барысавам, трымаючы яго ў аблозе, а адзел Сапегі неўзабаве рушыў далей на ўсход. Пазней да яго далучыўся і Чарнецкі. Баявыя дзеянні перамясціліся на ўсходнюю частку Беларусі, пакінуўшы так і не ўзяты Барысаў у тыле. [27]
У 1661 г. баявыя дзеянні працягваліся ў розных месцах Беларусі, але Барысаў трывала заставаўся пад расійскім кантролем. Гарадскія ўмацаванні былі яшчэ раз узмоцнены: вакол астрогу пракапаны роў глыбінёй у 4 саж. і шырынёй у 7 саж., па-за ровам пастаўлены "частые честики", на высокай земляной падсыпцы узведзены драўляныя вежы с байніцамі і "раскатамі" для стральбы з гармат. Колькасць гармат была павялічана з 21 да 41. Але агульная перавага няўмольна хілілася на бок Рэчы Паспалітай, і летам 1662 г. для ўзяцця Барысава было выслана даволі моцнае войска: 20 харугваў конніцы і 14 – пяхоты. 9 ліпеня 1662 г. рускія вымушаны былі пакінуць замак і адысці на ўсход. [28]
Ваенныя падзеі прывялі да амаль поўнага знішчэння горада. Праз тры месяцы пасля вызвалення Барысава праз яго праязджаў барон А. Маерберг, які запісаў у сваім дзённіку: "2-га кастрычніка за 120 вёрст ад Магілёва паявіўся перад нашымі вачыма Барысаў. Ён складаецца з 2 крэпасцей на левым беразе Бярэзіны, воды якой, прымножаныя водамі … рэчкі Схі, цякуць і абкружаюць яго. Пабудоў у ім няма ніякіх, акрамя ўбогага жытла ваяводы з капліцаю, … а горад, што прылягае да крэпасцей, разбураны". [29]
Пасля вайны Барысаўскае староства было нададзена надворнаму падскарбію ВКЛ Казіміру Яну Сапегу, які ў 1670 стаў полацкім ваяводам, а з 1682 г. – віленскім ваяводам і найвышэйшым гетманам. Хаця староства па-ранейшаму лічылася дзяржаўнай уласнасцю, фактычна Сапега карыстаўся ім, як сваёй маёмасцю. У красавіку 1670 г. ён нават здаў яго ў арэнду дробнаму шляхцічу Даніэлю Кастравіцкаму, мечніку Лідскага павета. З гэтай нагоды быў складзены першы інвентар Барысаўскага староства, які дайшоў да нас. У горадзе тады налічвалася 256 мяшчанскіх пляцаў. У інвентары ўпершыню згадваецца таксама вёска Дымкі, якая знаходзілася на правым беразе Бярэзіны – там, дзе зараз знаходзіцца асноўная частка горада. У гэтай вёсцы было ўсяго 3 дымы. [30]
Пасля заканчэння гэтай арэнды, у 1672 г., Сапега зноў аддаў староства ў трохгадовую арэнду, на гэты раз скарбніку Андрэю Казіміру Скарабагатаму, за 34 тысячы злотых. Магчыма, гэтая практыка працягвалася і надалей, але звесткі пра іншыя арэнды пакуль не выяўлены. А ў 1685 г. віленскі ваявода ажыццявіў зделку з Дамінікам Міхалам Служкам, набыўшы ў яго маёнтак Новы Быхаў за 300 тыс. злотых, прычым на кошт большай часткі гэтай сумы (200 тыс.) было ўлічана яго права на Барысаўскае староства, ад якога ён адмовіўся на карысць Служкі. [31] Іншымі словамі, Сапега папросту абмяняў часова належачы яму дзяржаўны маёнтак на прыватны, які перайшоў у поўную яго ўласнасць. Усё гэта, зразумела, было абстаўлена фармальнай згодай караля і вялікага князя, але фактычна урад ужо страціў магчымасць кантраляваць перамяшчэнне сваіх маёнткаў, якія перайшлі пад поўны кантроль свавольных магнатаў.
Новы уладальнік Барысава Дамінік Служка ў 1686 г. заняў пасаду полацкага ваяводы, на якой заставаўся да сваёй смерці ў 1713 г. У тарыфе падымнага падатку Аршанскага павета за 1703 г. адзначаецца, што падуладнае яму Барысаўскае староства налічвала 430 дымоў, [32] але гэтая лічба выглядае яўна заніжанай. У гэты час "дым" ужо не адпавядаў рэальнаму двару, а ператварыўся ва ўмоўную ўліковую адзінку, якая магла ахопліваць некалькі двароў.
Неўзабаве Барысаў паспытаў новае ваеннае разбурэнне. Пад час Паўночнай вайны паміж Расіяй і Швецыяй, у якой Рэч Паспалітая выступіла на баку Расіі, ваенныя дзеянні закранулі і тэрыторыю Беларусі. З 1704 г. на Беларусь былі ўведзены расійскія войскі, а з 1706 г. кожнае лета яна ператваралася ў арэну баявых дзеянняў паміж рускімі і шведамі. Асабліва разбуральнай была ваенная кампанія 1708 г. Пад час яе рускі корпус генерала Гольца трымаў абарону ў Барысаве, каб прадухіліць рух шведаў з занятага імі ў чэрвені Мінска на Оршу. Сапраўды, шведскі корпус генерала Шпара спрабаваў перайсці Бярэзіну ля Барысава. Пад час жорсткіх баёў горад згарэў. Тым часам галоўныя сілы шведаў фарсіравалі Бярэзіну ніжэй па цячэнні і рушылі на Магілёў, у сувязі з чым корпус Гольца вымушаны быў адысці на ўсход (неўзабаве ён быў разбіты шведамі ля мястэчка Галоўчын).
Пасля паражэння шведаў пад Палтавай у 1709 г. кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ аднавіў свой кантроль над тэрыторыяй Беларусі, аднак моц яго дзяржавы (якая ў 1710 г. выйшла з вайны) была моцна падарвана і на працягу XVIII стагоддзя так і не аднавілася. Паводле апісанняў і планаў, замак у Барысаве быў умацаваны адпаведна патрабаванням фартыфікацыі таго часу. Ён меў пяць земляных бастыёнаў, быў аточаны воднымі перашкодамі.
Пасля смерці Дамініка Служкі ў 1713 г. Барысаўскае староства адышло да яго ўдавы Канстанцыі (з роду Падбярэзкіх). У 1718 г. яна саступіла яго віцебскаму кашталяну Марцыяну Міхалу Агінскаму, і з гэтага часу Барысаў надоўга перайшоў пад кантроль роду князёў Агінскіх. Марцыян (у 1730 г. ён стаў віцебскім ваяводам) двойчы саступаў староства свайму старшаму сыну Ігнацыю, але той праз непрацлеглы час вяртаў яго назад. Толькі ў 1744 г. Барысаў канчаткова перайшоў да Ігнацыя Агінскага, які ў 1750 г. заняў пасаду маршалка ВКЛ, а ў 1768 – віленскага кашталяна.
Пры Ігнацыі праваслаўны манастыр быў ператвораны ва ўніяцкі (базыліянскі). Была пабудавана таксама ўніяцкая царква ў гонар Ускрэсення Гасподня. З тых жа часоў у Барысаве быў пабудаваны драўляны каталіцкі касцёл у гонар Ушэсця Дзевы Марыі (упамінаецца з 1744 г.) з невялікім кляштарам пры ім. Паводле люстрацыі дзяржаўных маёнткаў Аршанскага павета за 1764 г., у Барысаве было 230 асёдлых дамоў, а ўсё староства налічвала 1089 дымоў. [33]
Пасля смерці ў 1775 г. бяздзетнага Ігнацыя Агінскага кароль пакінуў пажыццёвае права на валоданне Барысаўскім староствам за яго ўдавой Аленай, якая была вельмі адукаванай асобай, мела шчыльныя сувязі з дваром расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, была добра знаёма з Кацярынай Дашкавай і іншымі дзеячамі рускага асветніцтва.
Тарыф падымнага Аршанскага павета за 1775 г. вызначае ў Барысаве 112 дымоў і 25 пляцаў, апрача таго яшчэ 17 двароў належалі прэвітару барысаўскага касцёла. [34] Але гэтыя звесткі, напэўна, не вельмі дакладныя. У іншых крыніцах, створаных для гаспадарчых мэтаў, колькасць жыхароў Барысава істотна большая. Так, паводле сумарыюша за 1781 г., у горадзе было 258 дымоў. У засценку Дымкі колькасць двароў павялічылася да 9. [35] У рэестры выбрання падымнага за 1787 г. пайменна пералічаны 188 гаспадароў, якія мелі двары ў Барысаве. [36] Розніца ў лічбах тлумачыцца таксама тым, што пры падліку выкарыстоўваліся розныя крытэрыі, а некаторыя катэгорыі насельніцтва маглі не ўлічвацца. Так, рэестр арэндных плацяжоў Барысаўскага староства за 1788 – 1789 гг. вызначае колькасць падаткавых дымоў у горадзе ў 181, але крыху ніжэй на тым жа аркушы агульная сума дымоў складае 245. У Дымках па-ранейшаму было 9 дымоў, мелася карчма. [37] Паводле афицыйнага тарыфа падымнага за 1790 г., у Барысаве было 311 дымоў. Усё Барысаўскае староства, па-ранейшаму належачае Алене Агінскай, налічвала ў той момант 1468 дымоў. [38]
Гэта былі апошнія гады Рэчы Паспалітай. Летам 1792 г. цэнтральная частка Беларусі была занята 64-тысячным расійскім войскам пад камандаваннем генерал-аншэфа М. Крачэтнікава, а ў наступным годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. З гэтага часу Барысаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Пра яго стан у гэты час сведчаць матэрыялы падворнага перапісу (рэвізіі) насельніцтва, праведзенага новымі ўладамі ў 1795 г. У горадзе налічвалася 385 двароў і 1625 жыхароў (з іх 890 мужчынскага полу і 735 – жаночага). У тым ліку 6 двароў належала купцам праваслаўнага веравызнання і 3 – іудзейскага. Сярод мяшчанскіх двароў было 229 хрысціянскіх і 137 яўрэйскіх. У 10 гарадскіх дварах жылі прадстаўнікі чыншавай шляхты. Горад меў прывілей на правядзенне штогод двух кірмашоў, з якіх адзін адбываўся 1 студзеня, а другі – пасля Вялікдня, у 10-ю нядзелю. Асноўны гандаль заключаўся ў сплаве на плытах па Бярэзіне і далей па Дняпру, да Крамянчуга, розных тавараў лясога промыслу: дзёгцю, смалы, дравеснага вугалю. Узамен з Украіны ўвозілі соль і жалеза. Істотную ролю адыгрываў таксама гандаль лесам, які адвозілі ўверх па рацэ да возера Палік, адтуль узімку перацягвалі ў раку Эсу ля мястэчка Латыголічы, каб затым вясной сплавіць у Дзвіну, да Рыгі. [39]
- Новгородская первая летопись. М.-Л., 1950. С. 458.
- Полное собрание русских летописей. Т. 35. М., 1980. С. 46, 103.
- Прынамсі, менавіта з Барысаўскай воласці ў 1495 г. было вылучана і падаравана віленскаму біскупу сяло Шыпяны (зараз у Смалявіцкім раёне), якое знаходзіцца амаль дакладна паміж Менскам і Свіслаччу. Гл.: Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. - Krakow, 1948. S. 490-491.
- Даўгяла З. І. Барысаўскі замак (Экскурс у гісторыю яго ўзнікнення і ўмацаванняў) // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Працы археалагічнай камісіі. Т. 2. Менск, 1930. С. 264.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. – Спб., 1861. Т. 1. С. 2 – 3.
- Тіхоміров Н.М. Список русских городов дальних и ближних // Исторические записки. Вып. 40. М., 1952. С. 224.
- Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографическою комиссией. Т. 27: Литовская метрика. – Спб., 1910. Стб. 521-523.
- Полное собрание русских летописей. Т. 35. М., 1980. С. 232.
- Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографическою комиссией. Т. 27: Литовская метрика. – Спб., 1910. Стб. 521-523.
- Полное собрание русских летописей. Т. 32. М., 1975. С. 100.
- Там жа. С. 103.
- Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографическою комиссией. Т. 20: Литовская метрика. – Спб., 1903. Стб. 59 – 64.
- Полное собрание русских летописей. Т.35. С. 125
- Герберштейн Сигизмунд. Записки о Московии / П. ред. В.Л.Янина. М., 1988. С. 240, 256.
- Материалы по истории русской картографии /Изд. В.А.Кордт. Вып. 2: Карты всей России и западных ее областей до конца XVIII в. Киев, 1910. Таб. XXI, XXII.
- Полное собрание русских летописей. Т. 29. М., 1965. С.14, 129.
- Полное собрание русских летописей. Т.13. М.,1965. С.82, 88-89, 421.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные археографическою комиссиею. Спб., 1863. Т. 1. С.134.
- Капа – лічбавая адзінка, у якую ўваходзіла 60 грошаў.
- Эканамічныя заўвагі да Генеральнага Межавання Мінскай губерні. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 89. Арк. 533.
- Цітоў А. Геральдыка беларуских местаі (XVI – пачатак ХХ ст.). Мінск, 1998. С. 113.
- Пераклад з тэксту выдання: Gwagnini Veronensis Alexandri. Sarmatiae Europeae descriptio. Spipa, 1581.
- Второе хождение Трифона Коробейникова // Чтения в Обществе истории и древностей российских. М., 1887. Кн. 1. С. 6.
- Материалы по истории русской картографии /Изд. В.А.Кордт. Вып. 2: Карты всей России и западных ее областей до конца XVIII в. Киев, 1910. Таб. XIV.
- Гэтыя падзеі асветлены ў кнізе Г.Сагановіча "Невядомая вайна 1654 - 1667". Мінск, 1995, с. 41, 78, 95, 96, 111, 112).
- Даўгяла З. І. Барысаўскі замак (Экскурс у гісторыю яго ўзнікнення і ўмацаванняў) // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Працы археалагічнай камісіі. Т. 2. Менск, 1930. С. 266.
- Г.Сагановіч. Невядомая вайна 1654 - 1667. Мінск, 1995. С. 96.
- Ткачоў М. Барысаўскі замак // Энцаклапедыя гісторыі Беларусі у 6 тамах. Мінск, 1993. Т. 1. С. 320 – 321.
- Мейерберг А. Путешествие в Московию. М., 1874.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1928. Воп. 1. Спр. 28.
- Sapiehowie. Materyaly historyczno-gegealogiczne i majatkowie. Petersburg, 1891. T. 2. S. 168, 172.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 1731. Воп. 1. Спр. 30. Арк. 789 адв.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. ДА. Спр. 3397.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. ДА. Спр. 3327.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 694. Влп. 2. Спр. 514. Арк. 5.
- Галоўны архіў старадаўніх актаў у Варшаве. Фонд AR (Архіў Радзівілаў). Аддзел XVII. Спр. 21.
- Там жа. Спр. 23. Арк. 67.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. ДА. Спр. 3374.
- Эканамічныя заўвагі да Генеральнага Межавання Мінскай губерні. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 89. Арк. 533.