Друцкае княства і князі Друцкія (2000)
Друцкае княства было адным з найбольш старажытных феадальных уладанняў на тэрыторыі Беларусі. Яно ўзнікла ў працэсе драблення Полацкай зямлі – вотчыны славутага Ўсяслава Чарадзея, што памёр у 1101 г. Магчыма, яшчэ пры яго жыцці Друцк мог быць вылучаны ва ўдзел аднаму з яго сыноў, аднак непасрэдных звестак пра гэта ў летапісах не захавалася. У 1116 г. Друцк не ўтвараў асобнага ўладання – ён уваходзіў у Менскае княства і належаў сыну Ўсяслава Глебу, супраць якога ваяваў кіеўскі князь Уладзімір Манамах. Тады, а таксама ў 1128 г. Друцк быў захоплены кіеўскімі войскамі, але ў далейшым застаўся ў складзе Полацкай зямлі.
Непасрэдна Друцкае княства ўпершыню прыгадваецца толькі ў 1146 г., калі яно было аддадзена ва ўдзел унуку Глеба Менскага – Глебу Расціславічу [1]. Праўда, гэтая звестка не зусім надзейная, бо змешчана ў параўнальна познім летапісным зборы, да таго ж Глеб памылкова называецца там разанскім князем (гэта выклікана тым, што адначасова з менскім быў і разанскі князь, якога таксама звалі Глебам Расціславічам). Але пад 1159 г. цэлы шэраг летапісаў аднадушна паведамляе, што “дрючане Глеба от себе выгнаша, а у себе посади Рогволода Борисовича” (унука Ўсяслава) [2]. У тым жа годзе Рагвалод уладкаваўся ў Полацку, але ў 1161 г. страціў яго і вярнуўся ў Друцк [3], дзе і застаўся княжыць, напэўна, да сваёй смерці. У 1171 г. ён пакінуў надпіс на вялікім камені паміж сучаснымі вёскамі Галошаўка Талачынскага раёна і Дзятлава Аршанскага раёна: “Господи, помози рабу твоему Василию в крещении именем Рогвалоду сыну Борисову” [4].
Такім чынам, пра існаванне асобнага Друцкага княства можна ўпэўнена казаць з другой паловы 12 стагодзя. У далейшым у старажытнарускіх летапісах у якасці друцкіх князёў прыгадваюцца Глеб (у 1180 г. [5]), Усяслаў (у 1186 г. [6]) і Барыс (у 1195 г. [7] і ў 1198 г. [8]). Напэўна, яны былі нашчадкамі Рагвалода Барысавіча, але непасрэдных звестак аб іх паходжанні ў крыніцах няма.
Далейшы прамежак гісторыі Друцкага княства пагружаны ў змрок. Толькі з сярэдзіны 14 стагоддзя зноў пачынаюць прыгадвацца князі Друцкія, якія былі васаламі маскоўскіх і літоўскіх уладароў. Невядома дакладна, ці былі яны нашчадкамі тых князёў, што валодалі Друцкам у 12 стагоддзі. Паходжанне роду Друцкіх было забыта нават самімі яго прадстаўнікамі. Іх радавод, які значна пазней быў унесены ў расійскія радаводныя кнігі [9], відавочна фіктыўны: ён звязвае паходжанне Друцкіх з валынскім князем Аляксандрам Усеваладавічам Белзкім, які дзейнічаў у 1230-я – 40-я гг. Аднак гэты князь памёр без нашчадкаў, у той час як радавод прыпісвае яму сына Рамана (ні ў адным летапісе такі князь не прыгадваецца), ад якога нібыта і пайшоў род Друцкіх.
Не адпавядаюць рэчаіснасці і тыя згадкі пра князёў Друцкіх, што змешчаны ў так званых беларуска-літоўскіх летапісах [10]. Даследаванні паказалі, што гэтыя летапісы былі створаны ў 15 – 16 стагоддзях, а ўсе звесткі ў іх пра часы татарскага нашэсця 1230-х гг. (менавіта ў сувязі з гэтымі падзеямі прыгадваюцца князі Друцкія) з’яўляюцца вымышленымі. А вось паведамленне 1340 г. пра князя Івана Друцкага, які служыў маскоўскаму князю Івану Каліце, паходзіць з летапісаў, якія лічацца надзейнымі [11]. Яно сведчыць, што ў той час адзін з прадстаўнікоў гэтага роду пакінуў сваю радзіму і выехаў у Маскоўскае княства. Нашчадкаў у яго, здаецца, не засталося.
Прыкладна ў той жа час яшчэ адзін прадстаўнік роду Друцкіх – князь Васіль Міхайлавіч – зрабіў ахвяраванне на карысць царквы Багародзіцы ў Друцку, надаўшы ёй вёску Мураўнічы (у сучасным Талачынскім раёне) і мядовую даніну з воласці Худава (у Крупскім раёне). Запіс аб гэтым быў зроблены на старонцы так званага Друцкага евангелля. Спецыялісты датуюць гэты запіс прыкладна сярэдзінай 14 ст. [12].
У радаводзе Друцкіх сцвярджаецца, што ў міфічнага родапачынальніка Рамана быў сын Міхаіл, а ў таго – сыны Васіль і Сямён. Абодва яны мелі сыноў з аднолькавым іменем Дзмітрый. Магчыма, памяць пра гэтыя пакаленні захавалася больш-менш адэкватна. Існаванне Васіля Міхайлавіча пацвярджаецца запісам на старонцы евангелля, а існаванне аднаго з Дзмітрыеў – летапісным паведамленнем пад 1372 г. У той час у складзе войска, дасланага вялікім князем літоўскім Альгердам на дапамогу яго саюзніку Міхаілу Цвярскому, быў і князь Дзмітрый Друцкі [13]. Гэта сведчыць, дарэчы, што ў часы Альгерда Друцкае княства было ўжо ў складзе Вялікага княства Літоўскага.
Магчыма, Васіль Міхайлавіч жыў яшчэ на пачатку 1380-х гг., а магчыма, што ў той час быў іншы Васіль Друцкі. Так ці інакш, але князь з такім іменем засведчыў адну з дарчых грамат сына Альгерда – Андрэя Полацкага, якая датуецца прыблізна гэтым часам [14]. Тады ж яшчэ адзін князь Друцкі (невядомы стваральнікам радавода) насіў імя Леў. Ён пакінуў след на старонцы граматы, складзенай Вітаўтам Кейстутавічам пад час яго эміграцыі ў Прусію ў 1384 г. (пасля таго, як бацька Вітаўта вялікі князь Кейстут быў забіты па загаду Ягайлы, а сам Вітаўт цудам уцёк з затачэння). Сведкам пры састаўленні граматы быў князь Леў Друцкі, якога Вітаўт называе сваім шваграм [15]. Напэўна, гэты сваяк будучага вялікага князя паследаваў за ім у эміграцыю і знаходзіўся ў яго свіце. Далейшы лёс яго невядомы, але нашчадкаў ён, напэўна, не пакінуў.
Радавод паведамляе таксама пра наступнае пакаленне роду Друцкіх: Андрэя, сына Дзмітрыя Васільевіча, і чатырох сыноў Дзмітрыя Сямёнавіча – Сямёна, Івана, Міхаіла і Аляксандра. Усе яны быццам бы ўдзельнічалі ў катастрафічнай для войска ВКЛ бітве з татарамі на рацэ Ворскле ў 1399 г., прычым Андрэй, Іван, Міхаіл і Аляксандр загінулі ў ёй. Шэраг беларуска-літоўскіх летапісаў прыводзіць спісы князёў, загінуўшых на Ворскле. Гэтыя спісы не зусім супадаюць паміж сабой, таму не могуць лічыцца зусім дакладнымі [16]. Але ў іх прыгадваюцца князі Міхаіл і Аляксандр Падбярэзкія, а таксама нейкі Іван Дзмітрыевіч Кіндыр і князь Андрэй – “пасынак Дзмітрыя” (напэўна, гэтым Дзмітрыем быў удзельнік бітвы на Ворскле ноўгарад-северскі князь Дзмітрый-Карыбут Альгердавіч, які, паводле радаводаў, другім шлюбам быў жанаты з удавой Дзмітрыя Васільевіча Друцкага і прыходзіўся айчымам сыну апошняга Андрэю). Даследчык генеалогіі беларуска-літоўскіх князёў Юзаф Вольф выказаў меркаванне, што пад імёнамі князёў Падбярэзкіх і Івана Кіндыра выступаюць трое сыноў Дзмітрыя Сямёнавіча [17]. Сапраўды, недалёка ад Друцка знаходзіўся старажытны маёнтак Падбярэззе, землі якога пазней ляжалі цераспалосна з уладаннямі князёў Друцкіх.
Увесь далейшы род князёў Друцкіх пайшоў ад адной асобы – Сямёна Дзмітрыевіча. Ён у 1401 г. быў сярод дарадцаў Вітаўта, якія засведчылі акт уніі паміж Польшчай і ВКЛ [18]. Пазней Сямён Дзмітрыевіч прыгадваецца ў адным беларуска-літоўскім летапісе (Хроніцы Быхаўца) пры апавяданні пра апошні шлюб польскага караля Ўладзіслава-Ягайлы. Абранніцай караля стала юная князёўна Соф’я Гальшанская, якая была дачкой роднай сястры Сямёна Друцкага – Аляксандры, выдадзенай за літоўскага князя Андрэя Гальшанскага. Паводле летапіса, заручыны Ягайлы адбыліся пры непасрэдным удзеле князя Сямёна, у сям’і якога выхоўвалася будучая каралева пасля смерці сваёй маці [19]. З іншых крыніц вядома, што шлюб Ягайлы з Соф’яй Гальшанскай адбыўся ў 1422 г. Калі паведамленне Хронікі Быхаўца дакладнае, то Сямён Друцкі быў яшчэ жывы ў той час, аднак сярод подпісаў знатных асоб на розных дзяржаўных актах 1420-х гг. яго подпіс не сустракаецца. Дата смерці яго дакладна невядомая. Не засталося звестак і пра тое, хто была яго жонка, з якой ён пакінуў шэсць сыноў.
Сыны Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага неаднаразова згадваюцца ў дакументах першай паловы 15 стагоддзя. З іх двое насілі аднолькавае імя – Іван – і адрозніваліся па мянушках: Іван Баба і Іван Пуцята. Даследчыкі лічаць, што адным з іх быў той загадкавы князь Іван Сямёнавіч, які двойчы прыгадваецца (без прозвічша) у граматах 1409 г. у якасці полацкага намесніка [20]. Пазней абодва Іваны, а таксам трэці брат – Грыгорый (Рыгор) – былі, напэўна, сярод князёў і паноў, якія засведчылі сваімі подпісамі мірнае пагадненне паміж ВКЛ і Тэўтонскім ордэнам у 1422 г. Пры гэтым двое з іх прыгадваюцца без прозвічаў, як Іван і Грыгорый Сямёнавічы, а яшчэ адзін – як Іван Пуцята [21]. Магчыма, Грыгорый выступае крыху пазней (у недатаванай грамаце) у якасці полацкага намесніка [22]. Што да Івана Бабы і Івана Пуцяты, то абодва яны ў 1424 г. былі ў складзе войска, дасланага Вітаўтам на дапамогу маскоўскаму князю Васілю Дзмітрыевічу супраць татар [23].
Прыкметную ролю адыгрываў і чацверты з братоў – Дзмітрый Сямёнавіч, па мянушцы Сякіра. Ён упершыню прыгадваецца ў 1425 г., а ў 1427 атрымаў ад караля Ўладзіслава шэраг наданняў у Гарадзенскай і Шчучынскай валасцях. Ён жа быў намеснікам абшырнай Асцёрскай воласці ў Кіеўскай зямлі, на левабярэжжы Дняпра, пра што прыгадваюць больш познія звесткі [24]. У крыніцах Дзмітрый неаднаразова прыгадваецца з тытулам князя Зубравіцкага – ад маёнтка Зубрэвічы ў сучасным Аршанскім раёне, дзе была яго галоўная сядзіба [25].
Трэба адзначыць, што гэта быў час, калі вышэйшая арыстакратыя ВКЛ складалася з розных па паходжанні і веравызнанні груп. Адну з іх стваралі прадстаўнікі пануючай дынастыі Гедымінавічаў – шматлікія родзічы вялікага князя Вітаўта і караля Уладзіслава Ягайлы. Паводле веравызнання частка іх была католікамі, а частка – праваслаўнымі. Радство з вялікім князем забяспечвала ім вельмі высокі грамадскі статус, права засядаць у вялікакняжацкай радзе і валодаць вялізнымі вотчынамі (удзеламі), у якіх яны былі поўнымі гаспадарамі. Другой дамінуючай групай было вузкае кола так званых радных паноў (“паноў-рады”), якія ўсе былі католікамі і паходзілі з этнічна літоўскіх баярскіх родаў. Узмацненне гэтай групы адбылося пры вялікім князі Вітаўце, які шукаў у ёй процівагу свавольным удзельным князям. У 1413 г. на Гарадзельскім сойме прадстаўнікі 47 літоўскіх родаў атрымалі гербы (запазычаныя з Польшчы) і выключнае права на заняцце вышэйшых пасад у дзяржаўным кіраўнічым апараце (ваяводаў, маршалкаў, найбольш значных намеснікаў), якія давалі права на месца ў вялікакняжацкай радзе. Фактычна гэтым правам карысталася больш вузкае кола – прыкладна 10 – 15 найбольш заможных родаў (Манівідавічы, Гаштаўты, Радзівілы-Осцікавічы і інш.). Іх прадстаўнікі менавіта ў гэты час імкліва набылі буйныя маёнткі, што дазволіла ім зраўняцца па багацці з удзельнымі Гедымінавічамі, а часам і перасягаць некаторых з іх.
Трэцюю групу стваралі нашчадкі мясцовых княжацкіх і найбольш значных баярскіх родаў, праваслаўныя паводле веравызнання. Умовы Гарадзельскага прывілея 1413 г. не дазвалялі ім займаць вышэйшыя пасады ў новаўтвораных Віленскім і Троцкім ваяводствах. Праўда, праваслаўныя князі і баяры маглі станавіцца намеснікамі ў паўсамастойных землях, якія карысталіся так званымі земскімі прывілеямі – Полацкай, Віцебскай, Кіеўскай, Валынскай і інш. Аднак гэтыя пасады звычайна не давалі права засядаць у вялікакняжацкай радзе, таму ад удзелу ў цэнтральным кіраванні праваслаўныя роды былі фактычна адхілены. Менавіта да гэтай групы адносіліся сыны Сямёна Друцкага. Таму той факт, што ім дазволена было засведчыць дагавор з Ордэнам, паказвае вельмі высокі статус братоў Друцкіх у канцы панавання Вітаўта – амаль такі, як у Гедымінавічаў.
У часы кароткага панавання вялікага князя Свідрыгайлы Альгердавіча (1430 – 1432) значэнне роду Друцкіх заставалася вельмі вялікім, тым болей, што Свідрыгайла ў сваёй палітыцы абапіраўся ў роўнай ступені як на каталіцкую, так і на праваслаўную знаць. Дагавор з яго братам Ягайлам, каралём Польшчы, у 1431 г. засведчылі сярод іншых князёў Іван і Пуцята Сямёнавічы, а таксама іх брат Васіль [26]. Апошні, напэўна, быў вядомы пад мянушкай Красны (што значыць “прыгожы”), пад якой яго прыгадвае пры апісанні падзей 1431 г. польскі храніст Ян Длугаш, і займаў тады пасаду віцебскага намесніка (“гаўптмана”, як пазначана ў тагачаснай нямецкамоўнай крыніцы) [27]. У тым жа годзе Ян Длугаш упершыню прыгадвае яшчэ аднаго з братоў Друцкіх - Міхаіла па мянушцы Балобан, які ўзначальваў абарону горада Крамянец на Падоллі. Што да Дзмітрыя Зубравіцкага, то яму Хроніка Быхаўца прыпісвае істотную ролю ў канфлікце паміж Свідрыгайлам і Ягайлам. Паводле гэтага летапіса, жонкай Дзмітрыя быццам была “братанка” (пляменніца) Ягайлы і Свідрыгайлы – Соф’я Жэдзівідаўна, якой належала спадчыннаяе права на Падольскую зямлю, з-за якой і сапсаваліся адносіны паміж Польшчай і ВКЛ [28]. Звесткі гэтыя нельга лічыць дакладнымі, бо, хаця жонку Дзмітрыя сапраўды звалі Соф’яй (яна прыгадваецца ў яго завяшчанні), ніякага Жэдзівіда сярод сыноў Альгерда крыніцы, апрача Хронікі Быхаўца, не ведаюць. Гэтае паведамленне сведчыць толькі пра тое, што ў час стварэння азначанай хронікі (у першай палове 16 ст.) захоўвалася памяць пра Дзмітрыя Зубравіцкага як пра актыўнага ўдзельніка падзей 1430-х гг.
У верасні 1432 г. Свідрыгайла быў скінуты з пасада ў выніку змовы прапольскі арыентаваных князёў і паноў, якія абвясцілі вялікім князем Жыгімонта Кейстутавіча. Гэта дало пачатак працяглай грамадзянскай вайне, у якой Жыгімонта падтрымлівалі пераважна заходнія землі ВКЛ, а Свідрыгайлу – усходнія. Князі Друцкія ў гэтай барацьбе стаялі на баку Свідрыгайлы. Тая ж Хроніка Быхаўца паведамляе, што ў бітве пад Ашменай восенню 1432 г. у палон да Жыгімонта трапілі Дзмітрый Зубравіцкі і яго брат Васіль Красны, а ў бітве пад Вількамірам у 1435 г. загінуў князь Міхайла Балобан [29].
Рускія летапісы прыгадваюць лёс іншага прыхільніка Свідрыгайлы – князя Івана Бабы, які пасля паражэня Свідрыгайлы вымушаны быў уцякаць праз Рыгу ў Пскоў, а затым перайшоў на службу да вялікага князя маскоўскага, дзе “изpядив свой полк с копьи по-литовски” [30]. Здаецца, там ён неўзабаве і памёр. Што да Івана Пуцяты, то ён заставаўся побач са Свідрыгайлам у 1437 г., калі той захоўваў яшчэ частку сваіх колішніх уладанняў – Кіеўскую зямлю. Тады Пуцята па-ранейшаму ўваходзіў у склад яго рады [31]. У наступным годзе Свідрыгайла быў канчаткова выціснуты з ВКЛ і вымушаны хавацца зя мяжой.
У 1440 г. вялікі князь Жыгімонт быў забіты змоўшчыкамі, пасля чаго новым вялікім князем быў абраны сын Уладзіслава Ягайлы - Казімір. У 1442 г. Казімір дазволіў Свідрыгайлу вярнуцца ў ВКЛ, дзе той атрымаў Валынскае княства. Тады ж, напэўна, былі вернуты вотчыны і апальным прыхільнікам Свідрыгайлы. У рэестры прывілеяў на зямельныя ўладанні, пажалаваныя і пацверджаныя ад імя Казіміра віленскім ваяводам Даўгірдам (не пазней 1443 г. – даты смерці Даўгірда), называецца і Іван Пуцята, якому дасталася “слабодка, што трымаў князь Аляксандр Кіндзеравіч” [32] (напэўна, таксама адзін з князёў Друцкіх – сын загінуўшага на Ворскле Івана Кіндыра). Ужо пры новым віленскім ваяводзе Гаштаўце, пераемніку Даўгірда, Івану Пуцяце была нададзена “дзельніца” нейкага Івашкі Тарнойльцева ў Аршанскім павеце [33].
Маёнткі тых, хто памёр альбо заставаўся ў эміграцыі, перадаваліся ў іншыя рукі. Пры Даўгірдзе літоўскаму пану Мілашу Войшвілавічу было перададзена сяло Сянно “на Рши и у Оболцох” (на тэрыторыі Аболецкай воласці Аршанскага павета), належаўшае раней Васілю Бабічу – сыну Івана Бабы, які, паводле іншых крыніц, разам з бацькам з’ехаў у Маскву. Маёнтак Прыхабы, вотчына іншага сына Івана Бабы – Канстанціна Бабіча – быў перададзены князю Фёдару Адзінцэвічу [34]. Сам пан Даўгірд атрымаў “у вотчыну” маёнткі Цяцерын і Мошкава [35], з якіх апошні, магчыма, раней належаў камусці з князёў Друцкіх (аб гэтым будзе сказана ніжэй). Крыху пазней (у перыяд з 1452 па 1458 гг., калі віленскім ваяводам быў пан Гаштаўт, а віленскім ваяводам – пан Судзівой) у тым жа рэестры прыгадваецца наданне 6 чалавек князю Васілю Грыгоравічу – напэўна, сыну ўжо памёршага на той час Грыгорыя Сямёнавіча Друцкага.
Чацверты брат, Дзмітрый Зубравіцкі, напэўна, памёр на пачатку панавання Казіміра. Захаваўся тэкст яго завяшчання на карысць жонкі Соф’і і дзяцей [36]. На жаль, яно датавана толькі 7-м індыктам (годам 15-гадовага календарнага цыклу, прынятага ў Візантыі і на Русі ў той час). Гэты індыкт прыпадаў, у прыватнасці, на 1429 і 1444 гг. Хутчэй за ўсё, завяшчанне было зроблена ў 1444 г. Апошні брат - Васіль Красны - быў жывы яшчэ ў 1448 г. калі ён у апошні раз прыгадваецца ў хроніцы Яна Длугаша.
У другой палове 15 стагоддзя нікога з шасці сыноў Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага, задецца, ужо не было ў жывых. Але ў іх засталіся шматлікія нашчадкі, якія паклалі пачатак асобным галінам роду Друцкіх - аднаго з найбольш разгалінаваных родаў беларускай арыстакратыі, прадстаўнікі якога на ўсім працягу існавання ВКЛ займалі высокія дзяржаўныя і вайсковыя пасады, валодалі маёнткамі ў розных мясцінах Беларусі і Украіны. Асобныя прадстаўнікі роду перасяляліся ў розныя часы ў Расію і давалі пачатак рускім яго адгалінаванням.
Звесткі пра гісторыю гэтага роду сабраў у свой час Ю. Вольф у грунтоўнай працы “Літоўска-рускія князі ад канца чатырнаццатага стагодзя” [37]. Пераважна на гэтай працы грунтуюцца папярэднія публікацыі аўтара гэтых радкоў, прысвечаныя гісторыі роду Друцкіх [38]. Іх дапаўняюць публікацыі наконт расійскіх адгалінаванняў – князёў Бабічавых і Пуцяціных [39]. У апошнія гады ў дакументах так званай Метрыкі ВКЛ (актавых кнігах вялікакняжацкай канцылярыі) знойдзены некаторыя дадатковыя звесткі пра асобных князёў Друцкіх, не ўлічаныя Ю. Вольфам [40]. Яны дазваляюць крыху ўдакладніць нашы веды пра землеўладанне і дзейнасць прадстаўнікоў гэтага славутага роду.
У Івана Сямёнавіча Бабы было не менш 5 сыноў. З іх двое – Канстанцін і Фёдар - засталіся ў ВКЛ і захавалі за сабой (ці вярнулі пасля часовай страты) бацькоўскія вотчыны, а трое – Іван, Сямён і Васіль - з’ехалі ў Маскву, як і сам Іван Баба. Усе яго сыны, у адрозненне ад іншых князёў Друцкіх, спярша пісаліся Бабічамі. У далейшым нашчадкі Канстанціна Бабіча тытулаваліся князямі Прыхабскімі (гэты род абарваўся ў трэці калене, на яго ўнуках у 16 ст.), а ад трох сыноў Фёдара Бабіча (Сямёна, Фёдара і Івана) пайшлі адгалінаванні адпаведна князёў Сакалінскіх ці Саколінскіх (існавалі да 18 ст., прычым адно іх адгалінаванне ў сярэдзіне 17 ст. перабралася ў Расію), Канопляў (згаслі ў 16 ст. на чацвертым калене - праўнуках Фёдара Бабіча) і Азярэцкіх (згаслі на пятым калене ў пачатку 17 ст.). Чацверты сын Фёдара Бабіча, Васіль Шчарбаты, нашчадкаў не меў.
Паводле расійскіх радаводаў, сын Івана Бабы Васіль даў пачатак князям Бабічавым, вядомым у Расіі на працягу наступных стагоддзяў. Да таго ж маскоўскія радаводы ведаюць чатырох братоў (Васіля, Багдана, Андрэя і Юрыя Дзмітрыевічаў Друцкіх), невядомых па крыніцах ВКЛ, якія нібыта выехалі з ВКЛ пасля паражэння мяцяжу Міхаіла Глінскага ў 1508 г. Ю.Вольф палічыў іх прадстаўнікамі нейкай асобнай галіны роду Друцкіх. Аднак больш верагодна, што то былі ўнукі Васіля Бабіча ад яго сына Дзмітрыя, якія жылі ў Маскоўскай дзяржаве з самага свайго нараджэння. Прыпісванне ім выезду з ВКЛ у 1508 г. – не болей чым генеалагічная легенда. Два іншых сына Бабы, што засталіся ў Маскве, нашчадкаў не пакінулі. Адзін з іх, Сямён, у 1454 г. быў ваяводам маскоўскага князя Васіля Цёмнага і загінуў у бітве з татарамі на рацэ Аке [41]. Адзначым таксама, што ў ліку князёў, якія з’ехалі ў 1508 г. у Маскву, беларуска-літоўскія летапісы прыгадваюць князя Івана Друцкага (родапачынальніка Азярэцкіх, аднаго з сыноў Фёдара Бабіча) і Фёдара Фёдаравіча Каноплю (унука Фёдара Бабіча). Іх нашчадкі, аднак, засталіся ў ВКЛ.
Род Івана Сямёнавіча Пуцяты працягнулі яго сыны Міхайла, Васіль, Дзмітрый і Іван Пуцяцічы. З іх у Дзмітрыя Пуцяціча сыноў не было. Міхайла Пуцяціч меў сына Юрыя, які тытулаваўся князем Шышаўскім, а сын апошняга Васіль (на якім гэтая галіна згасла ў 1546 г.) – князем Талачынскім. Ад Васіля Пуцяціча пайшлі князі Горскія, вядомыя ў ВКЛ да 18 ст. Адзін з яго сыноў, Юрый, у 1500 г. трапіў у маскоўскі палон у бітве на Вядрошы і ў далейшым застаўся ў Маскве, дзе потым служыў і яго сын Дзмітрый Юр’евіч Друцкі – кіраўнік абароны супраць татар на рацэ Угрэ ў 1531 – 1534 гг. Ад Івана Іванавіча пайшлі князі Пуцяцічы ці Пуцяціны, прычым у ВКЛ іх лінія перасеклася ўжо ў наступным калене, на пачатку 16 ст. Ад яго ж выводзіўся род князёў Пуцяціных у Расіі. Праўда, іх родапачынальнік – Мікіта Іванавіч – у крыніцах ВКЛ не згадваецца. Не выключана, што ён увогуле паходзіў не з князёў Друцкіх, а з маскоўскага баярскага роду, які таксама меў прозвішча Пуцяціных. Прадстаўнік гэтага роду, дзяк Грыгорый Мікіціч па мянушцы Мяньшой, быў значным маскоўскім дыпламатам у 1510-я – 1520-я гг., а ў 1530-я - набліжанай асобай вялікай княгіні Алены Глінскай [42]. Магчыма, Пётр, Мацвей, Давыд, Васіль і Фёдар Мікіцічы, якіх маскоўскія радаводы залічваюць да князёў Пуцяцічаў, на самай справе былі братамі азначанага Грыгорыя Мяньшога, а іх нашчадкі проста прыпісалі сабе княжацкае паходжанне.
Ад Грыгорыя Сямёнавіча застаўся сын Васіль, нашчадкі якога вядомыя як князі Любецкія (у 16 стагоддзі пісаліся таксама Відзініцкімі). Гэтая галіна праіснавала ў Беларусі і Украіне да канца Рэчы Паспалітай і мела працяг у часы Расійскай імперыі. Трое іншых сыноў Сямёна Дзмітрыевіча не пакінулі доўгатрывалых адгалінаванняў. У Міхаіла Балобана нашчадкаў не было ўвогуле, у Дзмітрыя Сякіры засталася толькі дачка, а род Васіля Краснага перасёкся ў 1516 г. на яго адзіным сыне Іване (які перажыў свайго сына Дзмітрыя).
Шматлікія галіны роду Друцкіх у ВКЛ карысталіся адзіным гербам, вядомым як герб “Друцк” (на чырвоным шчыце - сярэбраны меч рукаяццю ўгару, абапал яго – чатыры залатыя паўмесяцы). Праваслаўныя роды не атрымалі польскія гербы разам з літоўскай арыстакратыяй у 1413 г., але многія з іх карысталіся старажытнымі тамгападобнымі знакамі, якія фактычна выконвалі функцыю гербаў. Яны змяшчаліся на асабістых пячатках, а таксама, напэўна, выкарыстоўваліся ў якасці клейнаў пры маркіроўцы маёмасці, пазначэнні зямельных межаў і інш. Ад гербаў гэтыя знакі адрознівала тое, што яны не мелі закончанага выгляду: кожны прадстаўнік роду, як правіла, уносіў у бацькоўскі знак пэўныя адмены, ператвараючы яго ў свой асабісты. Да нас дайшлі пячаткі, якія належалі братам Івану Бабе, Івану Пуцяце і Васілю Краснаму. Дзве з іх захаваліся падвешанымі да дагаворнай граматы 1431 г., пячатка Пуцяты – адарванай, але, напэўна, ад гэтай жа граматы [43]. На іх можна ўбачыць родавыя знакі, прататыпам якіх, відавочна, паслужыла адна выява, пазней вядомая як герб “Друцк”. На пячатках трох братоў Друцкіх мы бачым такія варыяцыі: у Васіля вастрыё мяча абапіраецца на адмысловы завіток, у Івана Бабы меч заменены на стралу, а ў Пуцяты меч ператварыўся ў крыж, а паўмесяцы – у S-падобныя лініі, што выходзяць з верхняга канца крыжа і атачаюць яго з бакоў. Пазней гэтыя варыянты не мелі працягу, а герб замацаваўся ў класічным выглядзе: меч і чатыры паўмесяцы.
Варта адзначыць, што родавая эмблема Друцкіх, верагодна, з’яўляецца вынікам эвалюцыі так званага “трохзубца” – старажытнага знака Рурыкавічаў. Вырыянт гэтага знака, які ўжываўся ўладарамі Друцка, меў высокі прамы цэнтральны зубец і акругла загнутыя да яго бакавыя. Такі знак, надрапаны на шыферным прасвіцы, быў знойдзены пры раскопках Друцкага гарадзішча [44], а вельмі падобны на яго – на ганчарный клейнах ХІІ – ХІІІ стст. з Магілёва, што наводзіць на думку аб прыналежнасці апошняга ў той час да Друцкага княства [45]. Можна меркаваць, што ў працэсе змен гэтага знака цэнтральны зубец, дапоўнены перакрыжаваннем, ператварыўся ў меч, а закругленыя бакавыя, адарваўшыся ад яго – у дзве пары паўмесяцаў.
Родавыя вотчыны і іх лёс
Род князёў Друцкіх у 15 стагоддзі быў не толькі адным з найбольш палітычна ўплывовых, але і валодаў вялікімі зямельнымі маёнткамі. Большасць з іх неўзабаве раздрабнілася паміж шматлікімі нашчадкамі, што было абумоўлена асаблівасцямі старажытнага спадчыннага права ВКЛ. Бацькоўскія вотчыны падлягалі роўнаму падзелу паміж усімі сынамі. Дачкам заставаўся толькі грашовы пасаг, але ў выпадках, калі сыноў не было, маёнтак такім жа чынам пераходзіў да дачок. Да сярэдзіны 16 ст. уласнік не мог адвольна завяшчаць, дарыць альбо прадаваць родавыя маёнткі (тыя, якія сам ён атрымаў у спадчыну). З такіх вотчын не менш чым дзве трэці павінны былі дастацца дзецям, а пры іх адсутнасці – больш аддаленым родзічам па мужчынскай лініі. Трэцяя частка магла быць адчужана, але, як правіла, на карысць жонкі, яе родзічаў альбо дзяцей ад іншага шлюбу.
Звесткі аб феадальных сядзібах (“дварах”) князёў Друцкіх становяцца масавымі ў 16 стагоддзі, калі іх род ужо моцна разгалінаваўся, а частка маёнткаў перайшла да іншых родаў. Аднак на падставе гэтых звестак можна больш-менш дакладна вызначыць склад вотчын родапачынальнікаў. Найбольш поўныя звесткі тычацца землеўладання нашчадкаў Івана Пуцяты – князёў Горскіх і Шышаўскіх (Талачынскіх). Яны групаваліся ў трох абшарах – непасрэдна ў ваколіцах Друцка (Талачын, Дудаковічы, Бурнеўка, Гарбачова, Арава, Радча, Стараселле, Лагоўшчына і інш.), за Дняпром - у вярхоўях рэк Проні і Басі (Басея, Горы, Горкі, Шышава, Чурылава, Юркава) [46], а таксама на левым беразе Бярэзіны (Зарэмцы, Белічаны, Чарневічы). Апошні з гэтых абшараў (на тэрыторыі сучаснага Чэрвеньскага раёна) у 1505 г. быў завешчаны сынам Івана Пуцяты Дзмітрыем, які не меў нашчадкаў, аднаму з буйнейшых праваслаўных цэнтраў ВКЛ – Кіева-Пячэрскаму манастыру [47].
Дарэчы, уладанні князёў літоўскага паходжання Ямантавічаў-Падбярэзкіх, што перайшлі да іх пасля згасання нейкай галіны князёў Друцкіх, мелі такую ж структуру: у 1541 – 42 гг. яны ўключалі, апрача Бачэйкава ў Полацкай зямлі, маёнтак Падбярэззе (з “прысёлкамі” Перавалочня, Астрашапкі, Башарова, Палюдава) паблізу Друцка, а таксама часткі воласці Басея за Дняпром і Зарэмцаў (з суседнімі Лагамі) за Бярэзінай. Ямантавічам належала таксама частка “даннікаў на Грушцы” (пазнейшая Грушка-Гапонаўская, сучасныя Гапонавічы Крупскага раёна) і ў Ельнянах (на стыку Крупскага і Талачынскага раёнаў) [48]. На жаль, крыніцы не дазваляюць дакладна прасачыць, якім чынам гэтыя шматкі Друцкага княства трапілі да Ямантавічаў.
Нашчадкі Івана Бабы валодалі землямі, што прылягалі да Друцка з поўначы і паўночнага захаду. Там знаходзіліся двары Азерцы (родавае гняздо Друцкіх-Азярэцкіх) і Саколіна (уладанне Друцкіх-Сакалінскіх). Сярод маёнткаў князёў Азярэцкіх у Метрыцы ВКЛ прыгадваецца таксама Новае Сяло побач з Азерцамі, а іх родзічы князі Каноплі валодалі суседнімі Канапельчыцамі. Князям Сакалінскім належала сяло Валосава ля вытокаў ракі Бобр, а суседні маёнтак Рыдамля ў верхнім цячэнні ракі Усвейкі чацвера сыноў Фёдара Бабіча ў сярэдзіне 15 ст. падаравалі Чарэйскаму манастыру [49]. Усе азначаныя паселішчы, відавочна, займалі суцэльны зямельны абшар, які некалі належаў Івану Бабе, а затым яго сыну Фёдару. Апрача таго, іх нашчадкам сумесна належалі часткі больш аддаленага маёнтка Грушка (сучасная Ігрушка ў Крупскім раёне), сумежныя з аднайменным маёнткам Падбярэзкіх. Унук Фёдара Бабіча Іван Сямёнавіч Сакалінскі недзе ў першай чвэрці 16 ст. завяшчаў сваю долю “даннікаў на Грушцы” Кіева-Пячэрскаму манастыру. Іншыя суўладальнікі, аднак, не вельмі паважліва ставіліся да яго волі і раз-пораз спынялі выплату манастырскай даніны. Да нас дайшлі дзве судовыя пастановы, выкліканыя скаргамі манастыра. Адна з пастаноў у 1524 г. забараняла ўступацца ў манастырскую даніну братам Івана Сакалінскага, другая ў 1530 г. – Канстанціну Фёдаравічу Каноплі [50]. Падобная ж гісторыя адбывалася з маёнткам Старынкі (месцазнаходжанне не высветлена), часткі якога былі падараваны таму ж манастыру Іванам Сакалінскім і Львом Фёдаравічам Канопляй, але іншыя князі Сакалінскія заховалі правы на яго [51].
Сыну Івана Бабы Васілю да яго ад’езду ў Маскву належаў маёнтак Сянно (сучасны райцэнтр). Паколькі ў рэестры наданняў Казіміра ён звязваецца не з Друцкам, а з вялікакняжацкімі маёнткамі Орша і Абольцы, можна меркаваць, што Сянно не належала да старажытных вотчын Івана Бабы, а было асабістай выслугай яго сына. Такім жа чынам іншаму сыну, Фёдару Бабічу (“Бабичу Меньшому”) былі пры віленскім ваяводзе Гаштаўту ў шосты індыкт (1443 ці 1458 г.) перададзены нейкія маёнткі, якія раней трымаў Міхаіл Ямантавіч [52].
Яшчэ аднаму сыну Івана Бабы, Канстанціну, належаў маёнтак Прыхабы ў вярхоўях ракі Адроў, ад якога яго нашчадкі пісаліся князямі Прыхабскімі. Сярод спадчыны Прыхабскіх пазней (ужо пасля згасання мужчынскай галіны роду) прыгадваюцца Сялец, Мошкава і Ламачын на левым беразе таго ж Адрова, Куцейна на Дняпры ля самай Оршы, а таксама Обаль і Госмір у Віцебскім павеце [53]. Не выключана, што некаторыя з гэтых маёнткаў не ўваходзілі ў першапачатковую спадчыну Канстанціна Бабіча, а былі набыты ім ці яго нашчадкамі пазней. Аднак пра іх даўнюю прыналежнасць да Друцкага княства ўскосна сведчыць тое, что ў інвентары 1562 г. гэтыя абшары пазначаны як належачыя да маёнтка Мошкава [54]. Ёсць шэраг доказаў таго, што гэты маёнтак у сваю чаргу належаў да Друцка не пазней 1430-х гг. Прыкладна на пачатку 1480-х гг. прыгадваецца нейкая княгіня Фёдарава Мошкаўская, якой належалі землі паміж Любашанскім староствам, уладаннямі ўдавы князя Міткі Зубравіцкага і ўдавы пана Івана Хадкевіча. Ю. Вольф лічыць, што яе спадчынніцамі былі Багдана, жонка князя Міхала Камарыцкага, і Ганна, жонка князя Міхала Жыжэмскага, якія саступілі пану Альбрэхту Гаштаўту свой маёнтак Камарычы (у сённяшнім Быхаўскім раёне, недалёка ад Новага Быхава) [55]. Пры гэтым адзін з дарчых запісаў Ганны Жыжэмскай, складзены каля 1531 г. у Мошкаве (што сведчыць пра прыналежнасць ёй і гэтага паселішча) прыгадвае таксама “части спадку в добрах Одруцких” [56]. Значыць, Друцк, Мошкава і Камарычы некалі ўтваралі адзін з удзелаў, на якія падзялялася Друцкае княства.
Вельмі падобную структуру мелі і ўладанні князя Дзмітрыя Сякіры Зубравіцкага. У яго завяшчанні на карысць жонкі і дзяцей прыгадваюцца двары Зубрэвічы і Хімы (на правым беразе Дняпра, паміж Друцкам і Оршай), а таксама аддаленыя Быхаў (пазнейшы Новы Быхаў), Добасна (у сучасным Кіраўскім раёне) і даннікі ў Турцы (сярод земляў тагачаснай Свіслацкай воласці, зараз у Клічаўскім раёне). З вышэйзгаданай спадчыны княгіні Мошкаўскай Камарычы сапраўды непасрэдна межавалі з Новым Быхавам, тагачасным уладаннем удавы князя Зубравіцкага. Што да зямель, памежных з уладаннямі Іванавай Хадкевічавай і Любашанскім староствам, то імі мусіла быць нейкая частка буйнога маёнтка Стары Быхаў, абшар якога сягаў на захадзе за раку Друць, да ўсходняй часткі Клічаўскага раёна, дзе сутыкаўся з Любашанскім староствам. Не выключана, што ўладанні Івана Хадкевіча ў Старым Быхаве (пазней гэта была адна з галоўных вотчын яго нашчадкаў) таксама спярша належалі да нейкай згаслай галіны Друцкіх.
Дачка Дзмітрыя Сякіры Марына, на якую з прычыны адсутнасці сыноў перайшлі ўсе яго маёнткі, выйшла за князя Сямёна Сямёнавіча Трабскага з роду князёў Гальшанскіх. Перажыўшы мужа і адзіную дачку (жонку літоўскага пана Марціна Гаштаўта), яна ў 1496 г. завяшчала свае вотчыны ўнуку – Альбрэхту Марцінавічу Гаштаўту [57] (таму самаму, які пазней прыдбаў сумежныя Камарычы з удзелам у Друцку). Дарэчы, яму ж належала і частка Старага Быхава (у прыватнасці, сяло Алень ля мяжы сучаснага Магілёўскага раёна з Быхаўскім), з-за якой яго сын Станіслаў у 1541 г. меў справу з Аляксандрам Іванавічам Хадкевічам [58]. Верагодна, гэта была якраз тая спадчына княгіні Мошкаўскай ля мяжы Любашанскай воласці, што перайшла ад яе дзяцей да Гаштаўта.
З пазнейшых падзей вынікае, што частка Быхава і Мошкава ўваходзіла таксама ва ўдзел Васіля Краснага. Лёс гэтага ўдзела, перайшоўшага да яго сына Івана, у далейшым быў даволі заблытаным. У 1516 г., незадоўга да сваёй смерці, князь Іван Васільевіч Красны запісаў сваёй другой жонцы Марыне Іванаўне (з роду князёў Яўнуцевічаў-Заслаўскіх) трэцюю частку сваіх вотчын, якой ён мог адвольна распараджацца. У гэтую частку ўвайшлі Бобр і Сакалавічы з даннікамі на рацэ Бобр (у сучасным Крупскім раёне), а таксама нейкі двор Недаходаў [59]. Пад апошнім, напэўна, трэба разумець частку старажытнай воласці Худава, якая прыгадваецца яшчэ ў запісе Друцкага евангелля. Цэнтр яе змяшчаўся на беразе Худаўскага возера, на поўначы сучаснага Крупскага раёна. Паколькі Іван Красны не пакінуў прамых нашчадкаў, астатнія дзве трэці яго вотчын былі падзелены паміж іншымі галінамі роду Друцкіх і нават іх родзічамі па жаночай лініі. Як можна меркаваць, сястра Івана была жонкай полацкага баярына Багдана Быстрэйскага. Сын апошняга Яцка Багданавіч у 1542 г. прыгадваў “спадок по деду Василю Красном”, які прыпаў на яго пасля маці. У гэтую спадчыну ўваходзілі маёнткі Быхаў і Мошкава (дакладней – часткі ў іх) [60].
Частку спадчыны князёў Красных атрымалі праўнукі Івана Пуцяты – князі Горскія і Васіль Талачынскі. У 1541 Іван Іванавіч Горскі папракаў свайго стрыечнага брата Фёдара Дзмітрыевіча Горскага ў тым, што той не прымае ўдзелу ў працэсе з князем Талачынскім за спадчыну Івана Краснага. У 1547 г. удава памёршага крыху раней Васіля Талачынскага Марыя (з князёў Заслаўскіх) абвінавачвала Івана Раманавіча Відзініцкага (які быў праўнукам іншага брата Васіля Краснага - Грыгорыя Сямёнавіча) ў крыўдах у сумесным маёнтку Худава [61]. У 1551 г. сёстры Васіля Талачынскага судзіліся з яго ўдавой за маёнткі і прыгадвалі, апрача іншага, “спадок Васильевский у Друцку в замке и месте, и в селе теж Коханове и в Худове” [62]. Такім чынам, гэтая частка спадчыны ўключала, апрача Худаўскай воласці, маёнтак Коханава паміж Друцкам і Оршай. У ім таксама была доля князёў Любецкіх (Відзініцкіх). Калі ўдава Васіля Талачынскага выйшла другім шлюбам за пана Івана Гарнастая і перадала пасынкам Івану, Гаўрыле і Астафію Іванавічам Гарнастаям свае правы на мужніну спадчыну, у 1562 г. князь Іван Раманавіч (на гэты раз ён выступае пад прозвішчам Любецкі) абвінаваціў іх у захопе маёнтка Коханава, палову якога ён меў “по смерти деда его князя Ивана Васильевича Красного” [63].
Іншая частка гэтай калектыўнай спадчыны дасталася князю Андрэю Іванавічу Азярэцкаму (унуку Фёдара Бабіча) і братам вышэйзгаданага Івана Раманавіча. Пэўны час набытая спадчына заставалася неразмежаванай паміж імі, што прывяло ў 1546 г. да канфлікту паміж Андрэем Азярэцкім і Дзмітрыем Раманавічам Відзініцкім [64]. Андрэй скардзіўся, што падданыя Дзмітрыя з маёнткаў Худава і Дакучын чыняць крыўды яго маёнткам Худава і Перасека (усе ў сучасным Крупскім раёне). У справе прыгадваліся таксама нейкія землі Арцёмаўская і Карылаўская” (месцазнаходжанне іх невядомае). Андрэй Азярэцкі сцвярджаў, што “тыи земли Артемовская и Кориловская спадком мне пришли з делу по князи Васильи Красном, а Пересецкая и Худовская – по деду моем по князи Бабе в одделе пришла”. На справе, відавочна, было наадварот – спадчыну Васіля Краснага складалі якраз Перасека і Худава. Прадстаўнік князя Дзмітрыя сцвярджаў, што спрэчныя землі ў Худаве застаюцца неразмежаванымі, а ў асобныя землі Карылаўскую і Арцёмаўскую яго падданыя не ўступаюць. Неразмежаванасць сведчыць пра агульнае паходжанне Худаўскай водчыны, раней налажаўшай Васілю Краснаму (і яго сыну). Пазней доля Дзмітрыя Відзініцкага перайшла ў спадчыну да яго пасынка, князя Грыгорыя Сенскага, а доля Івана Азярэцкага – да трох яго сыноў. У 1562 г. адзін з іх, Багдан Андрэявіч Азярэцкі, саступіў сваю частку спадчыннікам князя Сенскага, панам Корсакам. Пры гэтым прыгадваюцца сёлы, што адносіліся да гэтай часткі маёнтка Худава: Калодніца, Падшыйка, Хатынічы і Перасека (усе ў ваколіцах возера Сялява), а таксама Крывая і Манастырцы, змешчаныя ў ваколіцах Друцка [65].
Да маёнтка Бобр, падараванага Іванам Красным жонцы, таксама адносіліся падданыя ў двух сёлах паблізу Друцка – Панькавічах і Манастыровічах, а таксама “зямля на Араве”. Яны прыгадваюцца ў больш познім інвентары гэтага маёнтка, складзеным у 1573 г. [66]. Лёс Бабра пасля смерці князя Івана і яго жонкі дакладна не прасочваецца, але ў 1559 г. гэтае паселішча прыгадваецца, як належачае да маёнтка Шклоў паноў Хадкевічаў [67]. Таму не выключана, што і сам абшар Шклоўскага маёнтка на беразе Дняпра першапачаткова належаў князям Друцкім. Упершыню ён прыгадваецца ў крыніцах, здаецца, у 1527 г., калі яго ўласнікам быў Альбрэхт Гаштаўт [68]. Як трапіў да яго Шклоў – невядома, але ў склад гэтага маёнтка ў больш познія часы ўваходзілі колішнія сядзібы Дзмітрыя Сякіры – Зубрэвічы і Хімы. Магчыма, Шклоўскі замак быў заснаваны самім А. Гаштаўтам на землях, атрыманых у спадчыну ад бабкі (дачкі Дзмітрыя Сякіры) альбо далучаных са складу спадчыны князёў Красных разам з Бабром.
Падобна таму, як уладанні князёў Падбярэзкіх знаходзіліся побач з вотчынамі нашчадкаў Івана Пуцяты, а князёў Мошкаўскіх – з вотчынамі Прыхабскіх і Дзмітрыя Зубравіцкага, уладанні іншага прышлага рода – князёў Адзінцэвічаў – у асноўным паўтаралі структуру спадчыны Васіля Краснага. Гэты род набыў частку Друцкага княства вельмі рана. На пачатку 1430-х гг. адзін яго прадстаўнік – Аляксандр Андрэявіч Адзінцэвіч – пісаўся князем Рэпухаўскім ад маёнтка Рэпухаў на правым беразе ракі Адроў (Аршанскі раён). Пасля паражэння Свідрыгайлы, прыхільнікам якога ён быў, князь Рэпухаўскі з’ехаў у Маскву. Яго ўладанні Жыгімонт Кейстутавіч аддаў літоўскаму пану Юшке Гойцавічу. У 1481 г. удава апошняга, Ганна з роду Даўгірдаў, падаравала “выслугу” пана Юшкі свайму другому мужу – Івану Іллінічу. Пры гэтым прыгадваюцца належачыя да Рэпухава паселішчы, сярод якіх Воўкавічы знаходзіліся недалёка ад Друцка, а даннікі Шырневічы – на рацэ Бобр (на поўдзень ад сучаснага раёцэнтра Крупкі) [69]. Брат Аляксандра, Фёдар Адзінцэвіч, застаўся ў ВКЛ і ў 1440-я гг., як прыгадвалася вышэй, часова атрымаў маёнтак Прыхабы (пазней вернуты Канстанціну Бабічу). Адзін з яго сыноў, Дзмітрый, тытулаваўся князем Гальцоўскім ад маёнтка Гальцова побач з Рэпухавам. Да гэтай вотчыны ў 1510 г. адносіліся Крывая ля Друцка (іншая частка гэтага ж паселішча, нагадаем, адносілася да спадчыны князёў Красных у Худаве), а таксама двор у самым Друцку і маёнтак Шыйка (Шэйка, зараз у Крупскім раёне), які быў аточаны абшарамі маёнткаў Грушка, Худава, Бобр (вотчыны Красных) і вышэйзгаданых Шырневічаў [70]. Брат Дзмітрыя Гальцоўскага Іван валодаў маёнткам Багрынава побач з Воўкавічамі, які перайшоў потым да яго сыноў [71].
Нам засталося распавесці пра тую частку друцкіх уладанняў, якая з самага пачатку належала нашчадкам Грыгорыя Сямёнавіча – князям Відзініцкім. Сядзібай, ад якой паходзіць іх прозвічша, быў маёнтак Відзінічы (Відунічы) на поўнач ад Друцка. Апрача таго, ім належаў маёнтак Загароддзе на паўночны захад ад Друцка [72]. У 1562 г. прыгадваюцца паселішчы, што “прыслухалі” да яго: суседнія Гастынічы, Коцавічы, Лоўнева, Мураванічы, Лаўрынічы, а таксама больш аддалены Кіявец ля верхняга цячэння ракі Бобр [73]. Паколькі за іх князь Іван Раманавіч Любецкі судзіўся з панамі Гарнастаямі – на той час уладальнікамі спадчыны Васіля Талачынскага, можна меркаваць, што землі Загароддзя знаходзіліся сумесна ці цераспалосна з землямі маёнтка Талачын.
Калі абагульніць усё сказанае вышэй, то атрымліваецца, што першапачатковыя вотчыны князёў Друцкіх (належаўшыя ім, прынамсі, у часы Вітаўта) не ўтваралі суцэльнага абшару, а распадаліся на некалькі асобных кавалкаў. Адзін з іх прылягаў непасрэдна да Друцка і цягнуўся адтуль да воласці Худава на захадзе і да ўзбярэжжа Дняпра (крыху ніжэй Оршы) на ўсходзе. За Дняпром знаходзіўся іншы, амаль такі ж па памерах кавалак – воласці Басея і Горы. Аднак паміж імі, на левым беразе Дняпра, уклінівалася тэрыторыя маёнтка Копысь, які пры Вітаўце быў вялікакняжацкай уласнасцю [74]. Трэці вялікі абшар друцкіх уладанняў знаходзіўся даволі далёка на поўдзень – вакол Старога і Новага Быхава, Добасны і паміж імі – абапал ніжняй Друці. Ён аддзяляўся ад ваколіц Друцка землямі маёнткаў Цяцерын і Галоўчын, якія належалі мсціслаўскім князям Сямёну-Лугвеню Альгердавічу (валодаў Мсціславам з 1390 па 1431 г.) і яго сыну Юрыю [75], а таксама вялікай Магілёўскай воласцю, якая ў 1390-я гг. належала жонцы Ягайлы каралеве Ядзвізе [76], а потым была вялікакняжацкай уласнасцю [77]. Астатнія вотчыны Друцкіх былі невялікімі анклавамі сярод дзяржаўных валасцей: Турэц – у Свіслацкай, Зарэмцы – у Барысаўскай, Обаль і Госмір – у Віцебскім павеце. Такая цераспалосіца магла ўтварыцца дваякім чынам. З аднаго боку, кнзяі Друцкія, напэўна, ужо ў 14 – пачатку 15 стагоддзя атрымлівалі ад вялікіх князёў новыя пажалавані (у прыватнасці – Горы і Басею, якія здаўна адносіліся да Смаленскага княства [78]). З другога боку, частка старадаўніх вотчын, належаўшых да Друцка з 12 – 13 стагоддзяў, пазней была страчана імі (так магло адбыцца, напрыклад, з Магілёвам і Цяцерынам).
Дарэчы, ля самага Магілёва знаходзіўся маёнтак Буйнічы, які ў 15 стагоддзі належаў князям Льву і Фёдару Талочкавічам – напэўна, нашчадкам князя Юрыя Талочкі невядомага паходжання, які прыгадваецца аднойчы ў 1399 г. Апрача Буйніч, ім жа належалі маёнткі Высокае і Гатушычы, у 1-й палове 15 ст. прададзеныя Фёдарам Талочкавічам Яну Гаштаўту. Магчыма, Высокае адпавядае вёсцы крыху на поўдзень ад Шклова, якая пазней уваходзіла ў склад Шклоўскага маёнтка паноў Гаштаўтаў і іх пераемнікаў. Непадалёку ляжала вёска Барсукоўшчына, на пачатку 16 стагоддзя падараваная Аляксеем Львовічам Буйніцкім Кіева-Пячэрскаму манастыру [79]. Пазней у складзе маёнткаў Кіеўскай мітраполіі неаднаразова прыгадваюцца Пячэрскі двор з паселішчамі Тарасаўшчына, Цвіркова і Барсукі (напэўна, ранейшая Барсукоўшчына), змешчаныя паміж шклоўскімі і магілёўскімі землямі [80]. Такім чынам, уладанні князёў Талочкавічаў ляжалі ўздоўж Дняпра на поўдзень і поўнач ад Магілёва і, магчыма, захаваіся з таго часу, калі Магілёўская воласць яшчэ не была вялікакняжацкай уласнасцю. Не выключана, што гэты род быў яшчэ адным адгалінаваннем князёў Друцкіх альбо спадчыннікам часткі іх старажытных уладанняў.
Агульная плошча ўладанняў князёў Друцкіх пры Вітаўце складала, па нашых падліках, каля 7,5 тыс. кв. км – амаль столькі ж, як і многія з удзельных княстваў Гедымінавічаў. Адзінае, што кожнае з такіх княстваў звычайна належала адной асобе, а ўладанні Друцкіх даволі рана паспыталі драбленне, якое з кожным пакаленнем усё паглыблялася. Новыя маёнткі, атрыманыя асобнымі прадстаўнікамі роду ў 15 – 16 стагоддзях, былі параўнальна невялікімі і не маглі пераважыць страту тых вотчын, якія пераходзілі ў чужыя рукі ў выніку згасання асобных галін. Так, ужо ў 15 стагоддзі ўсе маёнткі Дзмітрыя Зубравіцкага перайшлі да яго ўнука па жаночай лініі – пана Марціна Гаштаўта. Тады ж іншыя часткі вотчын нейкім чынам апынуліся ў руках князёў Мошкаўскіх (Камарыцкіх) і паноў Хадкевічаў, князёў Адзінцэвічаў, князёў Ямантавічаў-Падбярэзкіх. На пачаткеу 16 стагоддзя са складу вотчын князёў Друцкіх-Красных у чужыя рукі адышоў Бобр (а магчыма – і Шклоў). Тое ж адбылося з маёнткамі згаслых князёў Прыхабскіх. У сярэдзіне 16 стагоддзя абарвалася галіна Друцкіх-Канопляў, уладанні якой дасталіся мужу князёўны Багданы Канстанцінаўны – Івану Сапегу. Тады ж большасць маёнткаў Васіля Друцкага-Талачынскага (у тым ліку і атрыманых ім у спадчыну пасля дзедава брата Дзмітрыя Пуцяціча) перайшла да паноў Гарнастаяў.
Вынікі гэтага працэсу фіксуе інвентар Друцкага замка, складзены каля 1560 г. [81]. Ён апісвае часткі замкавых умацаванняў (вежы і гародні), падтрыманне якіх было ўскладзена на падданых з пэўных частак колішняга Друцкага княства. Пачынаецца апісанне з “вежы наражонай Дудакоўскай з князямі Горскімі”, побач якой ішлі “гародні тры князёў Горскіх, а частка дудакоўская гародні тры, і дом каля той вежы дудакоўскі". Гэта азначае, што за ўтрыманне гэтай вежы, гародняў і хаты, глухая сцяна якой ўяўляла сабой працяг гарадской сцяны, былі адказнымі нашчадкі Васіля Пуцяціча. З іх на той час жылі яго праўнукі, Грыгорый і Абрам Фёдаравічы Друцкія-Горскія, якім належалі маёнткі Бурнеўка і Арава. Стрыечныя браты іх бацькі, князі Уладзімір, Фёдар і Іван Іванавічы Дудакоўскія, памёрлі незадоўга да таго. На момант складання інвентара іх спадчына (маёнткі Дудаковічы і Гарбачова) знаходзілася ў руках дзяцей іх сястры Аўдоцці – Васіля і Пятра Багданавічаў Храбтовічаў – разам са шваграм апошніх Анікеям Гарнастаем (жанатым з дачкой Аўдоцці).
З другога боку ад Дудакоўскай згадваюцца часткі князя Багдана Андрэявіча Азярэцкага (апошняму належалі Азерцы, Навасёлкі і частка спадчыны князёў Красных у Худаве і Перасецы). Далей ішла “частка яго міласці пана старосты каменьскага - гародзен двадцаць адна і вежа, а з другога боку той вежы той жа часткі гародня адна”. Гэта была колішняя “зона адказнасці” князя Васіля Талачынскага за маёнтак Стараселле, які зараз знаходзіўся ў руках Гаўрылы Іванавіча Гарнастая, старосты камянецкага, і яго братоў. Затым вызначана “частка круглянская гародні дзве”. Яна адносілася да маёнтка Круглае (сучасны райцэнтр), належачага на той момант дачке князя Льва Палубінскага Марыне і яе мужу, Івану Копцю. Адказнасць уласнікаў Круглага за дзве гародні Друцкага замка сведчыць пра тое, што гэты маёнтак таксама калісьці належаў да Друцкага княства. Аднак калі ён вылучыўся з яго – дакладна невядома, бо першая згадка пад 1524 г. фіксуе яго ўжо ў руках князёў Палубінскіх, да якіх пасля князёў Мсціслаўскіх перайшоў і суседні Цяцерын [82].
За круглянскай ішлі “часткі варанцэўскае гародзен шэсць”. Яны былі замацаваны за маёнткам Варанцэвічы недалёка ад Друцка, які здаўна належаў сынам Івана Пуцяты. Аднак пры вялікім князе Аляксандры (1492 – 1506) ён быў набыты ў іх панам Юрыем Іллінічам [83], заснавальнікам славутага Мірскага замка. Напярэдадні стварэння інвентара, у 1559 г., Варанцэвічы часова былі прылучаны да Аршанскага замка. “Воласць Варанцоўская” прыгадваецца ў інвентары апошняга, складзеным адначасова з друцкім інвентаром, у 1560 г. [84]. Такім чынам, падданыя маёнтка Варанцэвічы выконвалі на той момант павіннасці на карысць аршанскага намесніка, але частка друцкіх умацаванняў па-ранейшаму заставалася замацаванай за імі. Цікава, што да Варанцэвіцкай воласці нейкім чынам былі прылучаны паселішчы са складу Друцкага княства, якія раней уваходзілі ў ішныя маёнткі: Перавалочня, Астрашапкі, Ельняны і Грушка (крыху раней яны адносіліся да Падбярэззя), Сакалавічы (раней належалі да Бабра) і Шырневічы (прыгадваліся ў складзе маёнтка Воўкавічы)
Далей у друцкім інвентары названа “частка канаплянская гародзен тры”. За гэты кавалак умацаванняў былі адказнымі падданыя Канапельчыц, якія пасля згасання галіны Друцкіх-Канопляў перайшлі да Івана Сапегі праз яго жонку, князёўну Багдану Канстанцінаўну. Затым ішлі “частка талачынская гародзен сем і вежа, і на другі бок вежы гародні дзве”. Маёнтак Талачын, нагадаем, пасля смерці Васіля Талачынскага быў падзелены паміж яго ўдавой (другім шлюбам жонкай Івана Гарнастая) і сёстрамі. Пры гэтым адна з гэтых сясцёр, Настасся Талачынская, была жонкай свайго аддаленага родзіча Канстанціна Каноплі і, такім чынам, цёшчай вышэйзгаданага Івана Сапегі. Пасля смерці ўдавы князя Талачынскага, якая адбылася за год да складання інвентара, Сапега якраз судзіўся з Гарнастаямі за гэтую спадчыну.
Наступныя шэсць гародняў і “дом у сцяне паміж гароднямі” складалі “частку князёў Любецкіх з паней Харлінскаю” і адносіліся да маёнткаў Відзінічы і Загароддзе. На той час яны належалі сумесна князю Івану Раманавічу Любецкаму-Відуніцкаму, яго пляменнікам Богушу Дзмітрыевічу і Янушу Багданавічу, а таксама сястры апошняга Ганне Багданаўне, жонцы польскага шляхціча Мікалая Харлінскага. Да іх прылягала “частка князёў Сакалінскіх усіх удзельнікаў гародні чатыры і вежа спольная ўездная”. Гэтымі князямі, уласнікамі маёнткаў Саколіна і Валосавічы, былі праўнукі Фёдара Бабіча Павел і Цімафей Юр’евічы і Міхаіл Васільевіч Друцкія-Сакалінскія. Апошні з іх, магчыма, на той момант ужо памёр (апошні раз ён прыгадваецца ў 1559 г.), і яго спадчына перайшла да трох яго сыноў. Так што “ўдзельнікаў” гэтага маёнтка было даволі шмат. Азначаная вежа з уезднай брамай, напэўна, знаходзілася на паўночнай ці паўночна-заходняй частцы замка. Ля яе была “частка паноў Падбярэзкіх гародзен шэсць”. Падбярэззе належала пляменнікам князя Сямёна Ямантавіча па жаночай лініі, братам Грыгорыю і Івану Яцкавічам, якія разам з гэтай спадчынай атрымалі і прозвішча “Падбярэзкія” [85].
Наступныя “частка коханаўская гародні тры” і “частка радчынская гародні дзве” адносіліся да маёнткаў Коханава і Радча, якія некалі належалі адпаведна Івану Васільевічу Краснаму і Дзмітрыю Пуцяцічу, а пазней перайшлі да Васіля Талачынскага. Побач з імі была загадкавая “частка васільеўская гародні дзве”. Незразумела, ці названа яна так па колішняй прыналежнасці Васілю Краснаму ці Васілю Талачынскаму, альбо тычылася паселішча Васільеўка на поўначы Круглянскага раёна (якое, аднак, ні ў якіх крыніцах 16 стагоддзя больш не прыгадваецца). Нарэшче, замыкала кола друцкіх умацаванняў “частка Сенскага гародні тры”. Яна адносілася да маёнтка Крывая з доляй у Худаўскай воласці – колішніх уладанняў князёў Красных, якія потым належалі Дзмітрыю Раманавічу Відзініцкаму. а пасля яго смерці ў 1558 г. перайшлі на яго пасынка, князя Грыгорыя Сенскага, і сястру апошняга – жонку полацкага баярына Васіля Корсака [86]. Азначаныя тры гародні прымыкалі да Дудакоўскай вежы, з якой пачыналася апісанне.
Прыведзены інвентар паказвае, наколькі раздрабнілася Друцкае княства да сярэдзіны 16 стагоддзя. Пры гэтым у ім не прыгадваюцца маёнткі, што некалі належалі князям Прыхабскім і Дзмітрыю Зубравіцкаму, а таксама часткі, прыналежныя да Гальцова і Багрынава князёў Адзінцэвічаў, Рэпухава паноў Іллінічаў і ўладанняў князёў Мошкаўскіх. Напэўна, іх сувязь з Друцкім замкам і падтрымкай яго ўмацаванняў была ўжо страчана, хаця раней, нагадаем, “частка спадчыны ў добрах Друцкіх” адносілася, прынамсі, да маёнтка Камарычы.
Памер маёнткаў, на якія распалася Друцкае княства, дазваляе вызначыць перапіс войска ВКЛ, складзены ў 1567 г., пад час Інфлянцкай вайны. Тады князь Багдан Андрэявіч Сакалінскі выстаўляў у войска 8 коннікаў са сваіх маёнткаў Саколіна і Новае Сяло, а таксама Відзініч, якія трымаў у якасці апекуна спадчыны памёршага незадоўга да таго Івана Раманавіча Любецкага. Належачыя Багдану Камена і Гарадзец у Полацкім ваяводстве былі спустошаны рускімі войскамі і ў разлік пры вызначэнні вайсковай павіннасці не браліся. Брат Багдана Андрыяш выстаўляў з Саколіна і Ульянавіч 4 коннікаў, а яго полацкія маёнткі Крывіна і Несіна былі спустошаны. Стрыечны брат гэтых князёў Павел Юр’евіч Сакалінскі выстаўляў у войска 10 коннікаў са сваіх маёнткаў Лугінавічы і Ульянавічы, а яго брат Цімафей – 5 коннікаў з Саколіна і Ульянавіч. Апрача таго, належачыя ім маёнткі Мількаівчы, Бешанковічы, Бабіна, Уродава, Свеча, Езніца і Драчалукі ў Полацкім і Віцебскім ваяводствах былі спустошаны. Тое ж тычылася маёнткаў Арава і Горкі, якія Павел Сакалінскі трымаў у якасці апекуна малалетніх нашчадкаў князя Грыгорыя Бурнеўскага.
У попісе не згадваюцца маёнткі непаўналетніх дзяцей Міхаіла Васільевіча Сакалінскага, памёршага за некалькі гадоў да таго. Не прыгадваюцца чамусці таксама князі Абрам Фёдаравіч Горскі (брат нябожчыка Грыгорыя Бурнеўскага) і Васіль Андрэявіч Азярэцкі. Брат апошняга Багдан выстаўляў з Азерцаў і Новага Сяла 4 коннікаў. Паколькі адзін коннік выстаўляўся з 10 службаў (прыкладна з 20 сем’яў падданых), у азначаных маёнтках князёў Сакалінскіх і Азярэцкага разам было каля 640 сялянскіх двароў. З улікам спустошаных маёнткаў іх агульную ўласнасць можна ацаніць прыкладна ў 1000 двароў (да 50 конікаў). Гэта было не вельмі шмат у параўнанні не толькі з уладаннямі буйнейшых магнатаў (адзін Крыштаф Радзівіл выстаўляў 539 коннікаў), але і з маёмасцю большасці паноў, якія займалі ваяводскія пасады. Напрыклад, мсціслаўскі ваявода Юрый Осцік ставіў 61 конніка, падляшскі ваявода Васіль Тышкевіч – 66, новагародскі ваявода Павел Сапега – 120, троцкі ваявода Стэфан Збаражскі – 173.
У попісе прыгадваюцца таксама маёнткі, якія на той момант ужо выйшлі з рук князёў Друцкіх. Так, князёўна Аляксандра Фёдараўна Горская, жонка Льва Роскага, выстаўляла са сваіх мацярынскіх маёнткаў Обаля, Мошкава і Сяльца (спадчыны князёў Прыхабскіх) 3 коннікаў, а саўладальнік гэтай спадчыны Станіслаў Гамшэй спаслаўся на тое, што яго маёнтак Прыхабы быў спустошаны. Муж князёўны Багданы Капноплі пан Іван Сапега з яе вотчын у Саколіне і са Стараселля выстаўляў 8 коннікаў. Саўладальнік спадчыны Васіля Талачынскага Астафі Гарнастай ставіў з таго ж Стараселля 8 коннікаў, а яго брат Гаўрыла – 2 коннікаў з Талачына і 1 – з Басеі. На жаль, попіс не прыводзіць дакладных лічбаў па асобных маёнтках іншых паноў, якія валодалі часткамі друцкай спадчыны – Анікея Гарнастая, Марціна Курча (тагачаснага трымальніка былых уладанняў князёў Відзініцкага і Сенскага ў Худаве), жонкі Міхаіла Осціка князёўны Ганны Любецкай і некаторых іншых. Затое згадваецца памер “друцкіх маёнткаў” удавы князя Андрэя Адзінцэвіча (Рэпухава, Багрынава і Сяльца) – 14 коннікаў. Удава Івана Багрынаўскага (Адзінцэвіча) з маёнтка Любанічы (побач з Варанцэвічамі) ставіла 1 конніка. Грыгорый Падбярэзкі выстаўляў з Падбярэззя і Зарэмцаў 8 коннікаў.
У далейшым некаторыя часткі Друцкага княства працягвалі драбіцца, але адбываліся і супрацьлеглыя працэсы. Паводле Другога статута ВКЛ, прынятага ў 1566 г., уласнікі набылі поўнае права прадаваць і завяшчаць свае вотчыны, каму пажадаюць. Гэта паскорыла стварэне вялікіх маёмасных комплексаў – латыфундый – шляхам скупкі змізарнелых маёнткаў. Асабліва значная латыфундыя на землях, прылягаючых да Друцка, утварылася на пачатку 17 стагоддзя дзякуючы дзейнасці славутага канцлера ВКЛ і віленскага ваяводы Льва Іванавіча Сапегі. Ён быў сынам Івана Сапегі і Багданы Канстанцінаўны Друцкай-Каноплі, з’яўляючыся, такім чынам, нашчадкам князёў Друцкіх па жаночай лініі. Менавіта таму і ў яго гербе (змешчаным, дарэчы, на тытульным аркушы Статута 1588 г., які рэдагаваў Леў Сапега) прысутнічае герб яго маці – старажытны герб “Друцк”.
Маці Льва Сапегі была не толькі адзінай спадчынніцай згаслай галіны Друцкіх-Канопляў, але адначасова і пляменніцай Васіля Талачынскага. Дзякуючы гэтаму да Сапегаў у рэшце рэшт перайшлі і вотчыны апошняга, якімі пэўны час валодалі Гарнастаі. Рознымі шляхамі бацька Льва Сапегі і ён сам набылі таксама шэраг іншых навакольных маёнткаў [87]. Усяго ў былым Друцкім княстве Леў Сапега валодаў большасцю Худаўскай воласці (яна была прылучана да яго маёнтка Чарэя ў сучасным Чашніцкім раёне), Талачыном з мястэчкамі Славені, Ябланка, Трастынка і Будаўка, Канапельчыцамі, Крывой, Стараселлем, Коханавам, Круглым, значнай часткай мястэчка Друцк, а ў задняпроўскіх валасцях – Гарамі, Горкамі, Шышавам, Юркавам і часткай воласці Басея з Сяльцом і Якаўлевічамі [88]. Да таго ж яму належалі прылеглыя да Друцкага княства з поўдня Цяцерын і Бялынічы, а на ўмовах закладу – Любашанская воласць і (часова) Копысь з Баранню. Сын Льва Сапегі Ян Станіслаў праз шлюб з Ганнай Хадкевіч набыў маёнтак Стары Быхаў, які некалі меў дачыненне да Друцкага княства.
У сярэдзіне 17 стагоддзя латыфундыя Льва Сапегі раздрабнілася паміж яго нашчадкамі, але на яе месцы паўсталі іншыя. У 18 стагоддзі шмат земляў у ваколіцах Друцка апынуліся прылучанымі да латыфундыі князёў Сангушкаў, якім яшчэ з сярэдзіны 16 стагоддзя належалі прылеглыя з поўначы маёнткі Абольцы і Смаляны. У розныя часы Сангушкі набылі колішнія вотчыны князёў Адзінцэвічаў: Грушку з Крупкамі і Шыйкай, Рэпухаў, Гальцова, Багрынава, - а таксама Азерцы, Прыхабы, Талачын з Канапельчыцамі. Другая латыфундыя, належачая князям Агінскім, у 18 стагоддзі ўключала ў сябе Стараселле з Коханавам і Лагоўчынам, Бобр, Круглае, а таксама суседнія Цяцерын і Бялынічы. Да Чарэйскага графства Сапегаў па-ранейшаму належала былая Худаўская воласць на поўначы Крупскага раёна. Гэтыя латыфундыі праіснавалі да часу падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 і 1793 гг., калі землі колішняга Друцкага княства адышлі да Расійскай імперыі.
Найбольш значныя прадстаўнікі роду Друцкіх
З пачатку 15 па канец 18 стагоддзя ў гістарычных крыніцах упамінаюцца каля 150 мужчынскіх прадстаўнікоў роду князёў Друцкіх, якія дзейнічалі на тэрыторыі ВКЛ, і амаль 100 – на тэрыторыі Расіі (калі залічваць да іх і Пуцяціных, паходжанне якіх спрэчнае). Зразумела, далёка не ўсе яны былі прыкметнымі асобамі. Але некаторыя пакінулі яркі след у гістарычных падзеях свайго часу [89].
Пад час панавання вялікага князя Казіміра (1440 – 1492) род Друцкіх прыкметна страціў тыя пазіцыі, якія меў пры Вітаўце і Свідрыгайле. Часткова гэта было выклікана збегам чыста дэмаграфічных акалічнасцяў: прадаўжальнікі рода ў гэтым калене былі пераважна познімі дзецьмі сваіх бацькоў і пасля смерці апошніх заставаліся зусім маладымі, што не вельмі спрыяла іх кар’еры. Так, на момант ранняй смерці Канстанціна Бабіча (у 1440-х гг.) яго сын Андрэй Прыхабскі быў, верагодна, зусім маленькім, бо пачынае прыгадвацца толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў. Ён жыў яшчэ ў 1505 г., калі дасягнуў вяршыні сваёй кар’еры – пасады ашмянскага намесніка.
Фёдар Бабіч памёр прыкладна ў 1450-я гг., не займаючы дзяржаўных пасад. На той момант ніхто з яго чатырох сыноў (імі былі Сямён Сакалінскі, Фёдар Канопля, Васіль Шчарбаты і Іван Азярэцкі) не дасягнуў, здаецца, паўналецця. У далейшым яны таксама не вызначыліся на дзяржаўнай службе. Праўда, Сямён Сакалінскі (нарадзіўся прыкладна ў 1430-я гг.) быў даволі значным землеўладальнікам. Яму належаў шэраг маёнткаў у Полацкай зямлі: Бабча, Камень, Несіна (у сучасным Лепельскім раёне), Бешанковічы, Крывіна, Мілкавічы (у Бешанковіцкім), якія ў далешым падзяліліся паміж рознымі адгалінаваннямі яго нашчадкаў – князёў Друцкіх-Сакалінскіх. Не выключана, што частка гэтых маёнткаў уваходзіла ў лік тых неназваных уладанняў, што былі нададзены яго бацьку Фёдару пасля Міхаіла Ямантавіча. Прынамсі, родавы маёнтак Ямантавічаў - Бачэйкава - знаходзіўся якраз паміж Несінам і Бешанковічамі. Сямён Сакалінскі жыў даволі доўга. Пад час вайны 1512-14 гг. ён трапіў у маскоўскі палон, дзе, напэўна, і памёр.
Сыны Івана Пуцяты пачынаюць згадвацца гадоў праз 10 – 15 пасля смерці бацькі, што ўскосна сведчыць пра іх юны ўзрост на той момант. Пра дзяржаўныя пасады Міхаіла і Васіля Пуцяцічаў, а таксама іх дзяцей (Юрыя Міхайлавіча Шышаўскага, Дзмітрыя, Івана, Міхаіла і Алелькі Васільевічаў Горскіх) нічога невядома. Унук Пуцяты Юрый Васільевіч, як ужо згадвалася, у 1500 г. трапіў у маскоўскі палон, адкуль не вярнуўся. А вось Дзмітрый Іванавіч Пуцяціч зрабіў адметную кар’еру – бадай што самую паспяховую ў гэтым пакаленні роду Друцкіх. Упершыню згаданы ў 1467 г. (калі яму было, напэўна, каля 30 гадоў), у 1486 г. ён быў намеснікам Мцэнскага павета на ўсходніх ускрайках ВКЛ, у 1487–88 гг. прыгадваецца як бранскі намеснік, а ў 1492 г. стаў кіеўскім ваяводам, якім і заставаўся да сваёй смерці ў 1505 г. Апрача родавых вотчын (Стараселля, Радчы, Зарэмцаў і інш.), у 1499 г. ён атрымаў ад вялікага князя маёнтак Крошын у Новагародскім павеце і Палажаны ў Любашанскай воласці. Чацверты з братоў Пуцяцічаў, Іван, жыў і дзейнічаў у Луцкім павеце, на Валыні (тэрыторыя сённяшняй Украіны). У 1487–89 гг. ён прыгадваецца на пасадзе луцкага гараднічага, у 1496 – луцкага ключніка, у 1497 – луцкага падстарасты. У 1506 – 1507 гг. ён займаў пасаду намесніка Перамільскага павета там жа, на Валыні.
Адзіны сын Грыгорыя Сямёнавіча - Васіль (нарадзіўся прыкладна ў 1420-я гг.) - таксама быў звязаны пераважна з украінскімі землямі, дзякуючы свайму шлюбу з дачкой вельмі ўплывовага валынскага баярына Юршы. Звестак пра яго дзяржаўную службу няма. Апошні раз ён прыгадваецца ў 1466 г. У 1488 г. яго сыны Багдан і Васіль, народжаныя недзе ў 1450-я гг., атрымалі ў спадчыну ад сваёй цёткі (другой дачкі пана Юршы) маёнтак Любчу на Валыні, ад якога пачалі тытулавацца князямі Любецкімі. На дзяржаўнай службе яны таксама не вызначыліся.
Сын Васіля Краснага Іван, напэўна, нарадзіўся ў 1440-я гг., незадоўга да смерці бацькі. Жыў ён доўга, бо ў апошні раз прыгадваецца ў 1516 г., калі склаў сваё завяшчанне. У 1488 г. ён даслужыўся да пасады менскага намесніка (старасты), на якой заставаўся да канца жыцця.
На пачатку 16 стагоддзя пачалася дзейнасць самага прыкметнага з унукаў Васіля Пуцяціча – Уладзіміра Іванавіча Горскага. Ён нарадзіўся каля 1490 г. і быў жанаты са сваёй аддаленай раднёй – князёўнай Данмітрай, адной з дачок Андрэя Прыхабскага. Праз гэты шлюб ён набыў частку вотчын згаслай галіны князёў Прыхабскіх. У 1515 г. Уладзімір атрымаў тую ж пасаду, якую раней займаў яго цесць – намесніка ашмянскага. На ёй ён прыгадваецца таксама ў 1520 г. Памёр ён у 1545 г.
У той жа час жыў адзіны ўнук Міхаіла Пуцяціча – Васіль Юр’евіч Талачынскі (нарадзіўся каля 1480 г.), які вышэў ужо неаднаразова прыгадваўся ў сувязі са сваімі шматлікімі вотчынамі. Да яго, нагадаем, перайшла значаная частка спадчыны Дзмітрыя Пуцяціча і Івана Васільевіча Краснага. У 1536 г. князь Талачынскі стаў намеснікам Гомельскага замка, толькі што адваяванага ў Маскоўскай дзяржавы. У 1538 г. ён заняў пасаду аршанскага намесніка і заставаўся на ёй да сваёй смерці ў 1546 г.
З нашчадкаў Фёдара Бабіча адзін яго сын, Іван (нарадзіўся ў 1450-я гг.), як адзначалася вышэй, у 1508 г. прыгадваецца ў летапісах сярод прыхільнікаў Глінскага, якія з’ехалі ў Расію. Сыны Івана - Андрэй і Сямён Азярэцкія, аднак, засталіся ў ВКЛ і захавалі свае вотчыны. Сямён нічым асаблівым не вызначыўся, а Андрэй Іванавіч Азярэцкі (нарадзіўся каля 1480 г.) ужо ў даволі сталым узросце заняў у 1547 г. пасаду аршанскага намесніка, вакантную пасля смерці Васіля Талачынскага. У 1551 г. ён атрымаў ад вялікага князя маёнтак Дусяты ў Браслаўскім павеце. Памёр князь Андрэй у 1558 г. у вельмі сталым узросце.
Сярод іншых прадстаўнікоў роду ў гэты час на дзяржаўнай пасадзе вядомы толькі адзін з чатырох сыноў Сямёна Сакалінскага - Васіль, які нарадзіўся таксама каля 1480 г. і ў 1510-я гг. быў намеснікам воласці Абольцы (сумежнай з друцкімі землямі на поўначы Талачынскага раёна). Неўзабаве вялікі князем Жыгімонт падараваў гэтую воласць сваёй жонцы Боне. Пра далейшую службу Васіля Сакалінскага, які жыў да пачатку 1530-х гг., звестак няма.
Сярод нашчадкаў Івана Бабы, якія засталіся ў Расіі, у канцы 15 стагоддзя дзейнічаў яго ўнук Юрый Васільевіч, які ў 1496 г. быў намеснікам у Пскове, а ў 1499 г. – у Івангарадку. Яго пляменнік Васіль Сямёнавіч Бабічаў быў у 1485 г. намеснікам у Вялікім Ноўгарадзе. Ад яго пайшла наўгародская галіна роду, якая прыкметнай ролі ў далейшым не адыгравала. Пры Іване Грозным дзейнічалі Андрэй і Фёдар Сямёнавічы. У 1555 г. першы з іх кіраваў камісіяй, якая апісвала Звенігародскі павет, а ў 1566 быў ваяводам у Полацку, часова захопленым рускімі пад час Інфлянцкай вайны. Фёдар Сямёнавіч Друцкі ўдзельнічаў у паходзе на Калывань у 1577 г., у 1581 быў асадным ваяводам у Белай на Смаленшчыне, на працягу 1582–1592 паслядоўна быў ваяводам у Мцэнску, Серпухаве, Арле, Туле, Крапіўне, а ў 1602–1604 – у Почапе [90].
У Інфлянцкай вайне царскімі ваяводамі былі некалькі князёў Пуцяціных: Грыгорый Васільевіч – у Порхаве, Арле і Арэшкаве у 1560-я гг.; Грыгорый Давыдавіч – у Нарве ў 1566, у Ругадзеве ў 1571, у Арэшкаве ў 1574; Міхаіл Міхайлавіч па мянушцы Бык – у Пандзе ў 1579, у Пернаве ў 1582; Андрэй Мацвеявіч – у паходзе на Калывань у 1577 г. Але, як ужо адзначалася, іх прыналежнасць да роду Друцкіх праблематычная.
Тым часам у ВКЛ Сатут, прыняты ў 1566 г., замацоўваў новую сістэму кіравання, утвораную паводле польскага ўзору. Уводзілася іерархія службовых пасад (“урадаў”) на дзяржаўным і мясцовым узроўні. Найбольш важнымі былі пасады ваявод і кашталянаў (па адной на кожнае ваяводства), якія давалі права на месца ў Сенаце. У паветах уводзіліся пасады маршалка, падкаморага, харунжага, суддзі земскага з падсудкам і пісарам, суддзі гродскага з пісарам і інш., якія займаліся найбольш аўтарытэтнымі прадстаўнікамі мясцовай шляхты.
Паводле новага адміністратыўнага падзела ўсе абшары колішняга Друцкага княства ўвайшлі ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводства. Апрача таго, князям Друцкім-Сакалінскім належалі маёнткі ў Полацкім ваяводстве, князям Азярэцкім – Дусяты ў Браслаўскім павеце Віленскага ваяводства, а сынам Грыгорыя Фёдаравіча Друцкага-Горскага (Бурнеўскага), жанатага з князёўнай Тамілай Заслаўскай, ад маці перайшлі маёнткі Лошыца, Прылукі і Снаксарава ў Менскім павеце. Частка маёнткаў князёў Друцкіх-Любецкіх знаходзілася ў Валынскім і Кіеўскім ваяводствах, якія з 1569 г. больш не належалі ВКЛ, а ўваходзілі непасрэдна ў склад Польскага каралеўства (“Кароны”). Праз шлюб Багдана Раманавіча Любецкага з літоўскай паненкай Соф’яй Давойнай да яго нашчадкаў перайшоў у 1530-я гг. таксама маёнтак Лунін у Пінскім павеце (сучасны Лунінецкі раён).
Першым з князёў Друцкіх даслужыўся да адной з новаўведзеных пасад Павел Юр’евіч Сакалінскі, які нарадзіўся каля 1500 г. Ён вызначыўся пад час Інфлянцкай вайны з Расіяй, калі быў ротмістрам войска ВКЛ. За ваенныя заслугі ён у 1565 г. атрымаў у якасці лена (гэта значыць – з наследаваннем толькі па мужчынскай лініі, без права продажу) дзяржаўныя маёнткі Лугінавічы і Рубеж у Полацкім ваяводстве. У 1569 г. Павел Сакалінскі заняў вышэйшую з павятовых пасад Аршанскага павета – аршанскага маршалка. Пасля яго смерці каля 1575 г. гэтая пасада перайшла да яго брата Цімафея, які памёр у 1585 г.
Тым часам адзіны сын Паўла, князь Юрый Сакалінскі (нарадзіўся недзе ў 1530-я гг.), таксама быў адметнай асобай. У 1577 г. ён за ваенныя заслугі атрымаў у кіраванне Азярышчанскае і Усвяцкае староствы на поўначы Віцебскага павета, толькі што вызваленыя ад маскоўскіх войскаў. Неўзабаве ён стаў падкаморым Віцебскага павета. У 1597 г. з дазволу караля ён перадаў Азярышчанскае староства родзічу Міхаілу Міхайлавічу Друцкаму-Сакалінскаму, а Усвяцкае – свайму малодшаму сыну Яраславу. Аднак у 1601 г. Яраслаў памёр, пасля чаго Усвяцкае староства вярнулася да Юрыя, які кіраваў ім да сваёй смерці ў 1606 г.
Міхаіл Міхайлавіч Сакалінскі, да якога ў 1597 г. перайшло Азярышчанскае староства, быў унукам таго Васіля Сямёнавіча Сакалінскага, што на пачтаку стагоддзя валодаў Аболецкай воласцю. Ён нарадзіўся каля 1550 г., служыў ротмістрам у войску ВКЛ і ў 1591 г. заняў пасаду аршанскага маршалка. Міхаіл быў у ліку тых нямногіх прадстаўнікоў усходнебеларускай шляхты, якія падтрымалі заключаную ў 1596 г. Берасцейскую царкоўную унію. Сам ён перайшоў у пратэстанцкую веру кальвінісцкага вызнання, а ў канцы жыцця стаў католікам. Першым з князёў Друцкіх ён даслужыўся да сенатарскіх пасад Рэчы Паспалітай, стаўшы ў 1605 г. віцебскім кашталянам, а ў 1613 г. – полацкім ваяводам. Перад самай смерцю ў 1621 г. ён атрымаў прызначэнне на больш высокую ў дзяржаўнай іерархіі пасаду ваводы смаленскага.
Родзічам Юрыя і Міхаіла Сакалінскіх у трэцім калене былі Януш Багданавіч і Ян Андрэявіч (унукі малодшага з чатырох сыноў родапачынальніка Сямёна Сакалінскага – Андрэя). Першы з іх нарадзіўя прыкладна ў 1560-я гады, займаў пасады павятовага ўзроўню: у 1597 г. стаў войскім віцебскім, а ў 1606 г. – падсудкам і падкаморым Полацкага ваяводства, дзе валодаў маёнткам Камень-Астроўна. Памёр ён хутка пасля таго. Стрыечны брат Януша, Ян Андрэявіч, народжаны каля 1560 г. ці крыху пазней, вызначыўся на службе пры двары вялікага князя і ў дзяржаўнай канцылярыі. Змоладу ён быў дваранінам і сакратаром вялікага князя, у 1608 г. заняў пасаду аднаго з пісараў ВКЛ. Аднак меліся за ім і ваенныя заслугі пад час інтэрвенцыі ў Расію ў смутныя 1611 – 13 гг. За іх ён атрымаў Даўгоўскае і Пералайскае староствы ў Літве, а пазней выслужыў Мсціслаўскае, Радамскае і Старадубскае староствы. Незадоўга да смерці ў 1630 г. Ян Скалінскі быў прызначаны рэфендарам ВКЛ (гэтая даволі значная пасада ў дзяржаўным апараце, аднак, не давала права на месца ў Сенаце).
Іншыя галіны роду Друцкіх у другой палове 16 стагоддзя не мелі такіх значных дасягненняў. Род Азярэцкіх быў прадстаўлены ў той час сваімі апошнімі прадстаўнікамі – Багданам Андрэявічам (каля 1530 – 1601) і яго пляменнікам Васілём Васільевічам (каля 1540 – 1607), якія нічым асаблівым не вызначыліся. Прадстаўнікі Друцкіх-Любецкіх у гэты час паміралі маладымі, і іх галіна зусім не была прадстаўлена на дзяржаўнай службе.
Галіну Друцкіх-Горскіх прадстаўлялі сыны Грыгорыя Фёдаравіча Бурнеўскага – Пётр (таксама нічым не прыкметны, памёр каля 1580), Фёдар і Ян. З іх Фёдар, які нарадзіўся ў 1550-я гады, быў удзельнікам Інфлянцкай вайны, а ў 1589 г. атрымаў на ленным праве невялікае Цэльскае староства са складу колішняй Свіслацкай воласці. Памёр ён у 1615 г. Ян нарадзіўся ў 1566 г. Адзіны з братоў ён займаў даволі значную пасаду - з 1605 г. да сваёй смерці ў 1619 г. быў аршанскім маршалкам. І Фёдар, і Ян былі ўжо католікамі.
Бліжэй да сярэдзіны 17 стагоддзя наступнае пакаленне Горскіх дасягнула пэўных вышынь. Сынам Фёдара быў Грыгорый Юрый (Грэгар Ежы), які нарадзіўся каля 1585 г. і атрымаў пасля бацькі леннае Цэльскае староства. У 1635 г. ён быў прызначаны аршанскім старостам, а ў 1650 г. дасягнуў сенатарскай пасады – стаў ваяводам мсціслаўскім. Аршанскае староства ён са згоды караля саступіў старшаму сыну Міхалу, які праз год памёр. Сам Грэгар Ежы памёр у 1659 г., пад час вялікай вайны з Расіяй, калі ўсе яго маёнткі былі заняты рускімі. Яго стрыечны брат Юрый (Ежы), старшы сын Яна, народжаны каля 1600 г., з 1639 г. быў прызначаны харунжым аршанскага павета, а праз год атрымаў таксама староства Упіцкае ў Літве. Заўчасная смерць у 1643 г. паклала канец яго кар’еры.
Князі Любецкія ў гэты перыяд былі прадстаўлены двума лініямі. Адну з іх утвараў Іван Паўлавіч (унук Януша, праўнук Багдана Раманавіча), які ў 1625 – 34 гг. прыгадваецца на нязначнай пасадзе аршанскага падстаросты. Унук Івана Раманавіча Павел Грыгор’евіч тады ж быў суддзёй земскім Луцкага павета на Валыні.
Галіна Друцкіх-Сакалінскіх па-ранейшаму была самай шматлікай і ўплывовай. Сын полацкага і смаленскага ваяводы Міхала, Крыштаф Міхал Сакалінскі (каля 1580 – 1639) з 1607 г. быў вялікакняжацкім сакратаром. Пасля смерці бацькі ў 1621 г. да яго перайшло Азярышчанскае староства. Неўзабаве ён дасягнуў сенатарскіх пасад, стаўшы ў 1623 г. кашталянам мсціслаўскім, а ў 1625 – кашталянам полацкім. Праўда, ваяводскай пасады ён, у адрозненне ад бацькі, так і не дасягнуў. З яго трох сыноў і пяці братоў ніхто больш так высока не ўзняўся. Толькі пазней, ужо пад час вайны з Расіяй, пляменнік Ян Антоні (сын Філона) заняў у 1655 г. пасаду мсціслаўскага кашталяна, якая была ў той час намінальнай, бо ўвесь Мсціслаўскі павет быў ужо заняты рускімі. Памёр ён на гэтай жа пасадзе ў 1662 г., маючы каля 45 – 50 гадоў.
З сыноў Януша Багданавіча Сакалінскага старшы, Стэфан Караль, у 1630 – 38 гг. займаў тую ж пасаду, што раней яго бацька – полацкага падкаморыя. Малодшы сын, Самуэль Станіслаў, народжаны ў 1570-я гг., валодаў шэрагам маёнткаў у далучаным да ВКЛ у 1612 г. Смаленскім ваяводстве. У 1634 г. ён быў смаленскім падваяводзім, з 1637 – смаленскім падкаморым. Калі ў 1654 г. рускае войска зноў заняло Смаленшчыну, сам Стэфан Караль і яго малодшы сын Вінцэнт з’ехалі на захад, а старшы сын, Казімір Самуэль, прыняў расійскае падданства і ахрысціўся ў праваслаўе пад імем Пятра Самойлавіча. Яго нашчадкі ў далейшым утварылі яшчэ адну рускую галіну роду Друцкіх-Сакалінскіх. Самуэль Станіслаў памёр каля 1660 г.
Дзве старшыя лініі князёў Сакалінскіх у гэты перыяд не ўзнімаліся вышэй павятовага ўзроўню. Лінію ленных уладальнікаў Лугінавіч, распачатую ў часы Інфлянцкай вайны Паўлам Юр’евічам, працягваў яго ўнук Ян Юр’евіч (каля 1570 – 1649), які з 1622 г. быў аршанскіи маршалкам. У 1646 г. ён прадаў родавы маёнтак Саколіна князю Галоўчынскаму. Яшчэ пры яго жыцці, у тым жа 1646 г., яго старшы сын Еранім Альбрэхт, стаў аршанскім земскім пісарам, але вышэй гэтай другараднай пасады так і не ўзняўся да сваёй смерці ў 1658 г. Другі сын, Юрый (Ежы), з 1635 г. займаў таксама не вельмі значную пасаду аршанскага падчашага. Памёр ён, здаецца, яшчэ пры жыцці бацькі.
У лініі нашчадкаў Цімафея Юр’евіча Сакалінскага яго ўнук Яраслаў Яраславіч (каля 1570 – пасля 1621) займаў у 1610-я гг. сціплую пасаду полацкага падваяводзія. З чатырох яго сыноў адзін стаў прыкметным дзеячом каталіцкай царквы, а другі – уніяцкай. Старшы сын Ян Казімір, народжаны каля 1600 г., быў католікам і займаў духоўныя пасады спярша смаленскага, а потым віленскага каноніка. Брат апошняга Мікалай Мітрафан, народжаны ў 1610-я ці 1620-я гг., быў архімандрытам базыльянскага кляштара ў Браславе, а з 1671 г. – смаленскім уніяцкім арцыбіскупам. Памёр ён у 1690 г. Два іх пляменніка, Якуб і Дзмітрый (сыны памёршага ў 1650 г. брата Юрыя), пад час вайны ў 1654 г. прынялі расійскае падданства.
Вайна прынесла жудаснае разбурэнне і выклікала глыбокі заняпад Рэчы Паспалітай. Яе палітычны лад у наступныя дзесяцігоддзі вызначаўся шляхецкай анархіяй і барацьбой за ўладу магутных магнацкіх груповак. Князі Друцкія другой паловы 17 – пачатку 18 стагоддзя былі даволі тыповымі прадстаўнікамі тагачаснай беларускай шляхты – спаланізаванымі, не вельмі адукаванымі і не вельмі заможнымі. Варта адзначыць двух апошніх прадстаўнікоў лугінаўскай лініі Друцкіх-Сакалінскіх, якімі былі сын Ераніма Альбрэхта Міхал Леан (каля 1630 – 1690), чашнік аршанскі з 1654 г. і маршалак аршанскі з 1665 г., пазней - пісар ВКЛ, і сын апошняга Караль Міхал (каля 1660 – 1713), які быў даволі значным землеўладальнікам. Апрача леннага Лугінавіцкага маёнтка, праз шлюб з Евай Шверынавай ён набыў Даўгінава ў Ашмянскім павеце, а ў 1692 г. купіў у пана Сапегі суседні з Даўгінавам маёнтак Ілле. Пасля бацькі да яго на ленным праве перайшло атрыманае апошнім у 1685 г. Вяляціцкае староства каля Барысава. У 1703 г. Караль Міхал Сакалінскі стаў кашталянам смаленскім (гэтая пасада была намінальнай, бо Смаленшчына была ў складзе Расіі, але давала права на месца ў Сенаце). Караль Міхал перажыў адзінага сына, і з яго смерцю гэтая лінія перасеклася.
У іншай лініі (камена-астроўненскай) прыкметнай асобай быў Леан Лаўрэнці Друцкі-Сакалінскі (каля 1680 – 1726), сын Фларыяна і праўнук Крыштафа, кашталяна мсціслаўскага. Ён быў духоўнай асобай, дзеячом уніяцкай царквы: з 1713 г. – архімандрытам гродненскага базыльянскага кляштара, а з 1718 г. – смаленскім арцыбіскупам. Ён, а таксама трое яго нічым не прыкметных братоў (Казімір, Юзаф і Кіпрыян), былі апошнімі прадстаўнікамі гэтай лініі.
Галіна князёў Друцкіх-Горскіх таксама скончылася на пачатку 18 стагоддзя. Яе апошнімі прадстаўнікамі былі унукі мсціслаўскага ваяводы Грэгара Ежы – Казімір і Міхал Антоні, народжаныя прыкладна ў 1650-я - 60-я гг. З іх Міхал Антоні займаў пасаду падкаморыя ў Мінскім павеце і памёр пасля 1721 г.
З гэтага часу адзінай галіной, якая працягвала існаваць у ВКЛ, была галіна князёў Любецкіх. Яе прадстаўнік Мікалай (каля 1630 – да 1678) валодаў Лунінам і Пагостам у Пінскім павеце, а таксама праз шлюб з Крысцінай Сцяцкевіч-Заверскай набыў вялікі маёнтак Любавічы ў Аршанскім павеце, на мяжы з Расіяй. Яго сын Шыман, народжаны ў 1660-я гг., у 1697 г. быў паслом ад Аршанскага павета на вальным сойме Рэчы Паспалітай, потым займаў пасаду стольніка оўруцкага (у Кіеўскім ваводстве). Перад самай смерцю ў 1710 г. ён атрымаў прызначэнне на пасаду мінскага кашталяна, але заняць яе не паспеў. Яго брат Багдан Казімір і сын апошняга Юзаф (стольнік аршанскі ў 1728 г.) прыкметнай ролі не адыгравалі.
Апошні ўсплеск князёў Любецкіх прыйшоўся на апошнія дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай, калі дзейнічаў сын Юзафа Францішак (каля 1735 – 1806). У 1764 г. ён быў паслом ад Пінскага павета на вальны сойм, у 1765 г. стаў суддзёй земскім, у 1773 – харунжым, а ў 1782 - маршалкам Пінскага павета. У 1792 г. стаў кавалерам ордэна Белага Арла. Быў удзельнікам прарасійскай Таргавіцкай канфедэрацыі. Ужо ў час, калі ў працэсе другога падзелу Рэчы Паспалітай Пінскі павет быў заняты рускімі войскамі, Францішак Друцкі-Любецкі атрымаў у 1793 г. пасаду пінскага кашталяна, створаную рашэннем азначанай канфедэрацыі. У 1794 г. пабудаваў у сваім маёнтк уЛунін мураваны касцёл. Неўзабаве ў 1795 г. Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне. Францішак перайшоў у расійскае падданства, захаваў свае маёнткі і ў 1799 г. нават купіў у Сапегаў маёнтак Чарлёну ў Гродзенскм павеце. У той час імператар Павел узнавіў дзеянне на тэрыторыі Беларусі Статута 1588 г. Была адноўлена і пасада павятовага маршалка (адпавядала прадвадзіцелю дваранства ў расійскіх губернях). Яе ў 1799 г. заняў старшы сын Францішка Ануфрый, а пасля яго ранняй смерці ў 1802 г. – другі сын Караль. Аднак і ён памёр заўчасна, у 1811 г., ва ўзросце каля 35 гадоў.
Трэці сын Францішка, Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі (1778 – 1846) быў адметным дзеячом у часы Расійскай імперыі. Ён вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім кадэцкім корпусе, удзельнічаў у 1799 г. у паходзе А. В. Суворава ў Італію і Швейцарыю. Пасля кантузіі выйшаў у адстаўку. З 1812 г. па чарзе пасля братоў заняў пасаду пінскага маршалка. Пад час вайны 1812 г. выступаў на баку Расіі. У 1816 г. часова быў прызначаны цывільным гродненскім губернатарам, а з 1826 г. стаў міністрам скарбу (фінансаў) у створаным пад эгідай Расіі Царстве Польскім [91].
- ПСРЛ. Т.7. СПб.,1859. С.242.
- ПСРЛ. Т. 2. СПб., 1843. С. 493; ПСРЛ. Т. 7. СПб., 1859. С.67-68; ПСРЛ. Т. 25. М.;Л.,1949. С. 64; ПСРЛ. Т.9. М. 1965. С.211—212.
- ПСРЛ. Т. 2. СПб., 1843. С. 519; ПСРЛ. Т. 7. СПб., 1859. С.75; ПСРЛ. Т. 25. М.;Л., 1949. С. 71.
- Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна. – Мн., 1988. С. 41 – 42.
- ПСРЛ. Т. 2. СПб., 1843. С. 620 – 621.
- ПСРЛ. Т. 25. М.;Л., 1949. С. 93; ПСРЛ. Т. 10. М. 1965. С. 17.
- ПСРЛ. Т. 2. СПб., 1843. С. 691; ПСРЛ. Т. 10. М. 1965. С. 28.
- ПСРЛ. Т. 25. М.;Л., 1949. С. 98.
- Долгорукий П. Российская родословная книга. Т. 1. СПб., 1854. С. 131.
- ПСРЛ. Т. 32. М., 1975. С. 24 – 25, 130; ПСРЛ. Т.35. М., 1980. С. 130 - 131, 146, 148, 217.
- ПСРЛ. Т.7. Спб., 1859. С.206; ПСРЛ. Т.10. М. 1965. С. 211; ПСРЛ. Т. 35. М., 1980. С. 28.
- Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. - М., 1968. С. 9.
- ПСРЛ. Т.4. СПб., 1848. С.67; ПСРЛ. Т.11. М. 1965. С.17.
- Полоцкие грамоты / Сост. А. Л. Хорошкевич. – М., 1977. Вып. 1. С. 43 – 44.
- Мonumenta medii aevi historica, res gestes Poloniae illustrantia. Т.6: Codex epistolaris Vitoldi, Magni Ducis Lithuaniae (1376 – 1430) - Cracoviae, 1882. P. 4, 32.
- ПСРЛ. Т.35. М., 1980. С. 97, 148.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. - Warszawa, 1897. S. 161.
- Acta unii Polski z Litwą. 1385 – 1791 / Wyd. S. Kutrzeba i W. Semkowicz. – Kraków, 1932.
- ПСРЛ. Т. 32. М., 1975. С. 149.
- Полоцкие грамоты / Сост. А. Л. Хорошкевич. – М., 1977. Вып. 1. С. 114 – 118. У каментарыях да гэтых актаў А. Л. Харашкевіч памылкова звязвае паходжанне князёў Друцкіх з князем Сямёнам (Лугвенам) Альгердавічам, які на самай справе даў пачатак князям Мсціслаўскім: там жа. - М., 1980. Вып. 3. С. 199 – 202.
- Любавский М. К. Литовско-русский сейм. Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешней жизнью государства. – М., 1900. С. 54 – 55, 319.
- Полоцкие грамоты. Вып. 1. С. 130. Вып. 3. С. 204 – 205.
- ПСРЛ. Т.11. М.,1965. С. 239.
- Русская историческая библиотека (РИБ). Т. 27. – Спб., 1910. Сл. 377 – 378.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 57.
- Любавский М. К. Литовско-русский сейм. С. 324.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 58.
- ПСРЛ. Т. 32. М., 1975. С. 153.
- ПСРЛ. Т. 32. М., 1975. С. 154.
- ПСРЛ. Т. 12. М. 1965. С. 22; ПСРЛ. Т. 25. М.; Л., 1949. С.252.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные археографической комиссией. Т. 1. - СПб., 1861. С. 11; Любавский М. К. Литовско-русский сейм. С. 325.
- РИБ. Т. 27. Сл. 20.
- Там жа. Сл. 21.
- Там жа. Сл. 20.
- Там жа. Сл. 21.
- Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции Кн. 21. – М., 1915. С. 406.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 55 – 64, 135 – 149, 161, 168 – 172, 202 – 212, 360 – 364, 396 – 398, 461 – 488, 536 – 540.
- Насевіч В. Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV – XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. – Мн., 1992. С. 80 – 104; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. С. 295 – 298.
- Петров П. Н. История родов русского дворянства. СПб., 1886. С. 45 – 50.
- Карыстаюся выказаць падзяку супрацоўніку Інстытута гісторыі НАН М. Ф. Спірыдонаву, які паведаміў мне пра некаторыя звесткі, знойдзеныя ім у Метрыцы ВКЛ.
- Русский биографический словарь. Т. 2. – Спб., 1900. С. 384.
- Русский биографический словарь. Т. 15. – Спб., С. 160 – 162.
- Gumovski M. Pieczęcie Książąt Litewskich // Ateneum Wileński. 1930. Roczn. 7. Zesz. 3 – 4. S. 15 – 16, 33, tab. IX: 68, 69, 71.
- Алексеев Л. В. Полоцкая земля - М., 1966. Мал. 34:2.
- Марзалюк І. Магілёў у ХІІ – XVII стагоддзях. – Мн., 1998. С. 20; мал. 26:4.
- Падрабязнасці пра ў памінанні гэтых маёнткаў прыводзяцца ў працы Ю. Вольфа: Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 135 – 149, 536 – 540.
- Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. – Спб., 1897. № 9, 498, 694.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 152 – 153, 672 – 673.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 60, 168 – 171, 360 – 364, 461 – 464.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 1. – Спб., 1861. №№ 1, 88.
- Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. – Спб., 1897. № 23. 53, 63, 76.
- РИБ. Т. 27. Сл. 33.
- У 1530-я – 40-я гг. гэтыя маёнткі належалі мужам трох князёвен Прыхабскіх – Станіславу Гамшэю, князям Уладзіміру і Фёдару Горскім, а таксама зяцю апошняга Льву Роскаму. Апрача звестак, прыведзеных Ю. Вольфам, яны згадваюцца ў наступных крыніцах: Беларускі архіў. Т. 2. – Мн., 1928. № 52; Archiwum Książat Sanguszków Sławucie. T. 4. – Lwów, 1890. S. 395, 466 – 467; Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 2. – Спб., 1865. С. 148; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 1775. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 418; Русская историческая библиотека. Т. 33: Переписи войска Литовского. – Пг., 1915. С. 507 – 508, 511.
- НГАБ. Ф. КМФ-18 (Метрыка ВКЛ). Спр. 260. Арк. 391 – 393.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 260 – 261.
- Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции. Кн. 21. – М., 1915. С. 456, 465 – 467, 469, 471.
- Описание документов и бумаг ... Кн. 21. С. 402, 407. Гл. таксама: Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 58.
- НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 832. Арк. 1 – 4.
- Описание документов и бумаг ... Кн. 21. С. 391.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Спр. 583. Арк. 113.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 138, 538.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Спр. 239. Арк. 79 – 83.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Спр. 249. Арк. 280 – 282.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Спр. 234. Арк. 71 адв. – 73.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 362, 457. Тэкст гэтай граматы гл. таксама: Sapiehowie. Materyały historyczno-genealogiczne i majątkowe. T. 1. – Petersburg, 1890. Dodatek 32. S. 431 – 433.
- Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. Т. 14. – Вильно, 1887. С. 175 – 180.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Спр. 38. Арк. 203.
- РИБ. Т. 27. Сл. 378 – 380.
- Archiwum Książat Sanguszków w Sławucie. T. 3. – Lwów, 1890. S. 76 – 77.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 285 – 286.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 203 – 207.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Спр. 249. Арк. 280 – 282.
- Гэта вынікае з таго, што адну дагаворную грамату Вітаўт падпісаў у 1406 г. пад час знаходжання “в нашем дворце в Копуссе”. Гл.: Полоцкие грамоты / Сост. А. Л. Хорошкевич. – М., 1977. Вып. 1. С. 108 – 113.
- Аб гэтым сведчаць іх наданні “службаў у Галоўчыне” і “даніны мядовай Цяцерынскай” мсціслаўскаму Ануфрыеўскаму манастыру, якія прыгадваюцца ў больш познім дакуменце. Гл.: Акты Литовской метрики / Изд. Ф. И. Леонтович. Т. 1. Вып. 1. – Варшава, 1896. С. 14.
- Павіннасці, якія ішлі з Магілева пры Ядзвізе, таксама прыгадваюцца ў больш познім дакументце: Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 3. Вильно, 1867. № 9.
- У Магілёве была складзена ў 1406 г. тая дагаворная грамата Вітаўта, якую ён падпісаў, пераехаўшы ў Копысь (гл. вышэй).
- Прынамсі, Басея прыгадваецца разам з Копыссю ў Статутнай грамаце смаленскага князя Расціслава ў 12 стагоддзі. Гл. Памятники русского права. – М., 1953. Т. 2. С. 39 – 42.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 12.
- Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. № 43, 173, 249, 353, 362.
- Аддзел рукапісаў Бібліятэкі АН Літвы. Рукапіс В2 – 1. Арк. 1.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 370.
- Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания Первого литовского статута. – М., 1892. С. 254.
- Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1. – М., 1897. С. 123 – 134.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 672 – 673.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy ... S. 457 – 458.
- Sapiehowie. Materyały historyczno-genealogiczne i majątkowe. T. 1. – Petersburg, 1890. S. 66 – 67, 144 – 182.
- Інвентары большасці з гэтых маёнткаў Льва Сапегі за 1624 г. захаваліся ў Аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага дзяржаўнага універсітэта (Рукап. А-1795, А-1806).
- Далейшыя звесткі па тэрыторыщ ВКЛ прыводзяцца паводле працы Ю. Вольфа.
- Петров П. Н. История родов русского дворянства. С. 45-50; Русский биографический словарь. Т. 2. С. 384.
- Polski Słownik Biograficzny. T. XVII/4. Zeszyt 75; Русский биографический словарь. Т. 6. С. 695-707.