Мікрагісторыя: мінулае ў чалавечым вымярэнні (1999)

Беларускі гістарычны агляд. Т. 6. Сш. 1-2 (10-11). Снежань 1999. С. 133-151

З вышыні сённяшняга дня відавочна, што для народаў былога Савецкага Саюза ўвогуле і для беларусаў у прыватнасці гады савецкай улады былі не толькі часам дасягнення ўсеагульнай адукаванасці і засваення набыткаў тэнічнай цывілізацыі, але таксама і часам разрыву гістарычнай памяці, духоўнай сувязі з мінулымі пакаленнямі. Адной з прычын была выразная «дэперсанізацыя» гісторыі, якую інтэрпрэтавалі як сферу дзейнасці безасабовых «народных масаў», класаў і сацыяльных груп. Стан масавай свядомасці ў значнай ступені вызначаўся ідэалагічным клішэ – сапраўдная гісторыя пачалася ў 1917 годзе. Двума найбольш яркімі падзеямі, што трывала перакрывалі ўсе нішэйшыя пласты, былі часткова грамадзянская вайна 1918 – 1920 гг. і асабліва Вялікая Айчынная вайна.

Пасля знікнення савецкага рэжыма пачаўся працэс аднаўлення страчанай «повязі часоў». Ён адбываўся на фоне знікнення «жалезнай заслоны», якая адносна надзейна агарожвала свядомасць савецкага чалавека ад «тлятворных уплываў Захада», і пасля дзесяцігоддзяў ізаляцыі жыхары постсавецкай прасторы сутыкнуліся з атмасферай напружаных дыскусій, што панавалі ў замежнай гістарычнай навуцы. Тады высветлілася, што не зусім зразумела нават, што гэта значыць увогуле – ведаць сваё мінулае?

Для прадстаўніка першабытнага грамадства адказ на гэтае пытанне зводзіўся да ведання генеалогіі свайго рода, комплекса родавых паданняў, што насілі пераважна міфічны характар, а таксама рытуалаў і правілаў этыкету, асвячоных аўтарытэтам продкаў. У еўрапейскай цывілізацыі доўгі час дамінаваў «падзейны» погляд на гісторыю, які склаўся яшчэ ў часы сярэдневяковых храністаў. Гістарычны працэс уяўляўся як серыя «гістарычных падзей» агульнаграмадскай значнасці, якія разрывалі ціну абыдзённасці. Сама па сабе гэтая абыдзённасць ніякай цікавасці не ўяўляла, памятаць пра яе - значыла абцяжарліваць памяць непатрэбным баластам, які імкнуліся адсеяць ужо стваральнікі летапісаў і хронік. «Веданне гісторыі» ў такой атмасферы зводзілася да пераліку правіцеляў, іх дзеянняў, войн і мецяжоў, адным словам – таго, што сёння вызначаецца тэрмінам «палітычная гісторыя». Характэрна, што нават спіс панаванняў быў заведама няпоўным – цікавасць уяўлялі толькі «адметныя» дзеячы. Функцыя адбору ад храністаў перайшла да гісторыкаў, якія вырашалі, што сярод даволі аднастайных у масе сваёй панаванняў і войн варта ўвагі, а што павінна адысці ў забыццё, ад якога было часова пазбаўлена недальнабачнымі храністамі.

Усякі адбор непазбежна суб'ектыўны. Усведамляючы гэта, частка гісторыкаў ужо ў дзевятнаццатым стагоддзі спрабавала адмовіцца ад яго, фіксуючы ўсю інфармацыю, захаваную крыніцамі. Дзеля гэтага яе, натуральна, давялося групаваць па накірунках. На гэтым прынцыпе, які непрыкметна зліўся з адвечнай чалавечай прагай да збірання калекцый, сфармаваліся «дапаможныя» гістарычныя дысцыпліны – у прыватнасці, генеалогія. Вартым увагі абвяшчаўся кожны ўладар і ўвогуле гістарычны персанаж, які прыгадваецца ў хроніках ці дакументах. Радаводныя дрэвы пануючых дынастый абрасталі ўсё больш дэталёвай інфармацыяй: улічваліся заблытаныя шлюбныя сувязі, тытулы, фіксаваліся нават дзеці, што памерлі ў немаўляцтве. Ад генеалогіі каралёў і князёў даследчыкі паступова пераходзілі да рыцарства, купецтва, непрывілеяваных станаў. З захапленням аддаючыся гэтаму занятку, генеалогі даволі няўтульна адчывалі сябе, сутыкаючыся з каверзным пытаннем: а каму і навошта патрэбна настолькі дэталёвая інфармацыя? Да таго ж веданне імёнаў, дат нараджэння і смерці гістарычных персанажаў само па сабе мала што давала для разумення іх жыцця.

Спроба ўлічыць усе факты аб мінулым, што захаваліся, непазбежна прыводзіла да звужэння поля зроку даследчыка да малюткай вобласці вузкаспецыяльных ведаў. На гэтай глебе нарадзіўся сумны жарт аб тым, што ідэальны спецыяліст – гэта той, хто ведае ўсё пра нішто. Імкненне назапашваць веды «на ўсякі выпадак» не сустракала зразумення нават у многіх гісторыкаў, не кажучы ўжо пра шырокую публіку, якая чакала ад іх своеасаблівага «экстракту» найбольш значных звестак. Але хутка высветлілася. што ў самім грамадстве ўяўленне аб тым, якая інфармацыя неабходная, а якая залішняя, зусім не заставалася нязменным.

Вельмі радыкальны погляд на каштоўнасць гістарычнай інфармацыі прапанавалі, напрыклад, марксісты. Яны трактавалі палітычную гісторыю з усімі яе зменамі дынастый, войнамі, ростам і падзеннем імперый як своеасаблівую «рабізну на вадзе», якая толькі перашкаджала бычыць сапраўдны, глыбінны сэнс гістарычных працэсаў. Сэнс гэты зводзіўся, паводле марксісцкай канцэпцыі, да непарыўнага развіцця спосабаў і сродкаў здабывання з навакольнага асяроддзя неабходных людзям рэсурсаў (вытворчых сіл грамадства) і спосабаў размеркавання гэтых рэсурсаў паміж імі (сацыяльных адносінаў). Адпаведна, гістарычную каштоўнасць уяўляюць толькі тыя факты, якія дазваляюць вызначыць альбо тое, як у пэўным грамадстве ствараліся спажывецкія даброты (эканамічная гісторыя), альбо тое, як яны размяркоўваліся (сацыяльная гісторыя ў вузкім сэнсе). Што тычыцца палітычнай гісторыі, то для яе цікавасць павінны ўяўляць толькі праявы барацьбы розных грамадскіх груп (класаў) за пераразмеркаванне грамадскіх даброт. Усе іншыя, нават самыя знешне яскравыя падзеі з'яўляюцца неістотнымі.

У найбольш поўным выглядзе такі падыход быў рэалізаваны менавіта ў савецкай гістарычнай навуцы, дзе ён непадзельна панаваў прыкладна палову стагоддзя (з канца 1920-х гг. да гарбачоўскай перабудовы). Далёка не выпадкова, што «асабова-арыентаваныя» накірункі – генеалогія, стварэнне гістарычных біяграфій, нават краязнаўства – прыйшлі на тэрыторыі СССР у глыбокі заняпад. Асоба выклікала інтарэс толькі сваёй прыналежнасцю да пэўнага класа, не больш таго. Пра наступствы такой «дэперсанізацыі» гісторыі сказана ўжо шмат. Склалася парадаксальная сітуацыя: гісторыя як навука, з аднаго боку, павінна была зберагаць і вывучаць звесткі пра мінулае, якія цудам дайшлі да нас праз стагоддзі. З другога боку, яна ўзяла на сябе ролю фільтра, які засцерагаў грамадскую свядомасць ад «залішняй» інфармацыі пра гэтае ж мінулае – фільтра настолькі жорсткага, што часам ён нагадваў непранікальны экран.

У гады, калі сацыяльна-эканамічная праблематыка станавілася пануючай тэмай у савецкай (а шмат у чым – і ў заходняй) гістарыяграфіі, ва Францыі славутая школа «Аналаў» кінула выклік ідэі «фільтра» як такавой. Падобна марксізму (да якога былі ідэйна блізкімі некаторыя заснавальнікі гэтай школы, у прыватнасці – М. Блок), яна таксама трактавала політычныя падзеі як «рабзіну на вадзе». Але сэнсам дзейнасці гісторыка абвяшчалася не вычляненне галоўных рухаючых фактараў, а рэканструкцыя менавіта той абыдзённасці, якую ігнараваў «падзейны» погляд. Размова ішла пра стварэнне татальнай гісторыі, якая б ахоплівала ўсе аспекты дзейнасці мінулых пакаленняў і ўсе матывы, якія стаялі за іх учынкамі [1]. Адзін з галоўных ідэолагаў гэтай школы Фернан Брадэль настойліва абвяшчаў мэтай рэканструкцыю мінулага менавіта ў яго абыдзённым, руцінным увасабленні. Асабліва яго цікавіла, у якой ступені дзейнасць чалавека вызначалася жорстка зададзенымі «правіламі гульні» (структурамі ў яго тэрміналогіі) – кліматычнымі ўмовамі, дэмаграфічнымі фактарамі, інфраструктурай і тэхнічным узроўнем працы, калектыўнымі ўяўленнямі і маральнымі нормамі. Паказальна праграмная назва яго кнігі – «Структуры абыдзённасці: магчымае і намагчымае», [2] выдадзенай у Савецкім Саюзе толькі з пачаткам перабудовы.

Пры такім падыходзе каштоўнасць набывалі тыя з'явы, якія здаваліся храністам альбо залішнімі, альбо настолькі відавочнымі, што яны калі і прыгадвалі іх, то ўслізь. «Татальную» карціну абыдзённасці даводзілася аднаўляць літаральна па драбках. Пры гэтым на макраўзроўні яна ўсё роўна атрымлівалася эскізнай, фрагментарнай. Здзейснены школай «Аналаў» пераварот у ацэнках парадзіў неабходнасць дэталёвай прапрацоўкі асобных тэм і сюжэтаў, што выклікала сярод гісторыкаў паўторную хвалю вузкай спецыялізацыі і з'яўленне цэлага шэрагу новых «дапаможных» дысцыплін альбо «вузкіх гісторый»: гісторыі харчавання, гісторыі дзяцінства, гісторыі злачыннасці і г. д., аж да гісторыі псіхічных расстройстваў і сэксуальных ненармальнасцяў. Усе яны сёння разглядаюцца, як правіла, у рамках адзінага накірунка - сацыяльнай гісторыі ў шырокім сэнсе [3].

Наибольшы рэзананс сярод гэтых накірункаў выклікалі так званыя «гендэрныя даследаванні» (gender studies), альбо гісторыя палоў, шчыльна звязаная з фемінісцкім рухам. З уласцівым апошняму радыкалізмам была сфармулявана выснова аб тым, што ўся напісаная папярэднімі пакаленнямі гісторыя ўяўляе сабой па сутнасці толькі his-story[4] - гісторыю мужчын, напісаную самімі мужчынамі з пазіцый «мужчынскага шавінізму». З гэтага вынікала неабходнасць «перапісаць гісторыю нанова», а ў больш памяркоўным варыянце – дапоўніць яе неадстаючымі праблемамі, адлюстраваць рэальныя ўзаемаадносіны палоў, іх ролю ў вытворчай, культурнай і іншай дзейнасці. Не гледзячы на экстрэмісцкія выдаткі, такі падыход аказаўся вельмі прадуктыўным, дазволіўшы па-новаму зірнуць на многія звыклыя стэрэатыпы.

Яшчэ адной характэрнай прыкметай пераходу гісторыі ў «чалавечае вымярэнне» стаў новы ўсплеск цікавасці да генеалогіі. З прадмета даследаванняў вузкай групы прафесіяналаў яна ператварылася ў поле дзейнасці сапраўднай арміі аматараў, з захапленнем аднаўляючых уласныя радаводы на падставе архіўных матэрыялаў. У многіх краінах генеалагічныя таварыствы, што аб'ядноўваюць такіх генеалогаў-аматараў, налічаюць тысячы актыўных сяброў. Веданне кожным прадстаўніком грамадства свайго паходжання на глыбіню, прынамсі, некалькіх пакаленняў паступова становіцца неад'емнай часткай еўра- амерыканскага ўяўлення аб тым, што значыць «ведаць гісторыю».

Прынцыповая адмова ад падзелу гістарычных з'яў на значныя і нязначныя наблізіла гісторыю да масштабу чалавечай асобы, але адначасова абвастрыла праблему апрацоўкі вялізных масіваў інфармацыі. Распад плыні гістарычных даследаванняў на мноства асобных струменчыкаў не мог, зразумела, задаволіць ні грамадства, ні саміх гісторыкаў. Пачала адчувацца неабходнасць новага сінтэзу, стварэння цэласнай карціны, але на новым узроўні, які б уключаў усю суму дасягненняў «вузкіх гісторый». Гэты сінтэз далёка яшчэ не завершаны. Хутчэй, ідзе толькі пошук шляхоў, здольных прывесці да яго.

На ролю аднаго з такіх шляхоў прэтэндуе мікрагісторыя – накірунак, які аформіўся першапачаткова ў Італіі ў 1970-я гады. Неўзабаве ён заваяваў трывалыя пазіцыі таксама ў Германіі, ЗША, Францыі. Мікрагісторыя ставіць сваёй мэтай аднаўленне суцэльнай карціны хаця б у масштабах аднаго паселішча альбо групы паселішчаў (мікрарэгіёна), вузкай сацыяльнай групы, а часам нават у масштабе адной сям'і альбо індывідуальнай біяграфіі. [5] Зразумела, пры гэтым узрастае рызыка «за дрэвамі не ўбачыць лесу». Як палемічна заўважыў беларускі гісторык А. Бухавец, «з такіх індывідуальных гісторый, нават калі б яны былі напісаны па ўсіх паселішчах – усё роўна прынцыпова немагчыма (курсіў аўтара - В. Н.) скласці цалкам "калектыўную" гісторыю» [6]. Размова, адкак, ідзе не пра механічнае складанне адной вялікай гісторыі з мноства дробных, як мазаікі, а хутчэй пра спробы стварыць люстэрка, з дапамогай якога можна з новага ракурсу зірнуць на вялікі свет. Ідэя гэтага падыходу грунтуецца на вядомым філасофскім прынцыпе, паводле якога вялікае адбіваецца ў малым, як Сусвет адлюстроўваецца ў кроплі расы.

Хацелася б падкрэсліць розніцу паміж мікрагісторыяй і краязнаўствам. Апошняе азначае драбленне аб'екта даследаванняў па тэрытарыяльным прынцыпе, калі з мноства падзей вылучаюцца тыя, што маюць дачыненне да дадзенай мясцовасці. З краязнаўчых нарысаў «па ўсіх паселішчах» сапраўды немагчыма механічна скласці поўную гісторыю краіны альбо рэгіёна, хаця такія нарысы можна разглядаць як адзін з відаў неабходнага «будаўнічага матэрыялу» для яе. Ідэя мікрагісторыі хутчэй нагадвае даследаванне асобнай клеткі пад мікраскопам з мэтай лепш зразумець фунцыянаванне шматклетачнага арганізма. Клетка ў такім выпадку разглядаецца не як самастойная існасць, а як чатка больш шырокай сістэмы, і цікавасць у першую чаргу ўяўляюць тыя яе характарыстыкі, што маюць агульнасістэмнае значэнне. У гэтым сэнсе англамоўнае паняцце local history («лакальная гісторыя») некалькі заблытвае сітуацыю, бо ўжываецца ў адносінах як да чыста краязнаўчых, так і да мікрагістарычных даследванняў. Менавіта таму А. Макфарлейнам у 1977 г. было прапанавана вызначэнне «мікрасацыяльная гісторыя» [7]. Праўда, адзін з лідэраў гэтага накірунку ў брытанскай гістарычнай навуцы, Ч. Фіцьян-Адамс, працягвае ўжываць тэрмін «лакальная гістория» [8]. У пэўным сэнсе мікрагісторыю можна трактаваць як сродак выяўленная дакладна тыповага. Савецкую гістарычную навуку многа і слушна папракалі ў адвольнай ілюстратыўнасці, калі асобныя «тыповыя» факты, адвольна вышмаргнутыя з кантэксту, выкарыстоўваліся для падмацоўкі агульных разважанняў. Альтэрнатывай павінна было б стаць вывучэнне ўсяго комплекса фактаў, якія тычацца тэмы даследавання, і пабудовы высноў толькі на падставе іх аналізу. Але фактаў, якія тычацца нават параўнальна вузкіх праблем, бывае вельмі шмат. Поўны іх улік магчымы толькі праз статыстычную апрацоўку, якая непазбежна параджае абагульненыя лічбы. Яны, на жаль, даюць слабае ўяўленне аб тых індывідуальных адхіленнях, з якіх, уласна кажучы, і складаецца рэальнае жыццё. Узнікае дылема: ілюстрацыі на ўзроўні адзінкавых фактаў наглядныя і зразумелыя, але іх «тыповасць» недаказальная. З другога боку, статыстычны аналіз дазваляе строга абгрунтаваць высновы і падмацаваць іх разлікамі, але пазбаўлены нагляднасці і «чалавечага вымярэння».

Думаецца, што менавіта мікрагістарычны падыход у стане хаця б часткова зняць гэтую дылему. Ён прадстаўляе шырокі набор адзінкавых фактаў (на ўзроўні асобных чалавечых лёсаў), прычым параўнальна невялікі аб'ём аб'екта даследавання дазваляе статыстычна дакладна вызначыць месца кожнага такога факта ў масштабах вывучаемай выбаркі (мікрарэгіёна). Наколькі гэтыя факты прыдатныя для ілюстрацыі агульнагістарычных высноў – залежыць ад тыповасці з'яў, што назіраюцца ў мікрарэгіёне, для грамадства ў цэлым. Тым самым праблема зводзіцца да ацэнкі рэпрэзентатыўнасці выбаркі ў тым ці іншым аспекце – задачы, вырашальнай не толькі для гісторыка, але і для чытача. Пры гэтым захоўваецца ўся моц і нагляднасць «жывых прыкладаў», уласцівая ілюстрацыйна-апісальнаму метаду.

Зразумела, для выканання такой ролі мікрагістарычнае даследаванне павінна адпавядаць пэўным крытэрыям. У масштабе выбаркі павінны быць сабраны і ўлічаны па магчымасці сапраўды ўсе факты, якія захаваліся ў наяўных крыніцах. У ідэале гэтая інфармацыя павінна ўключаць даныя аб структуры насельніцтва і асаблівасцях яго дэмаграфічнага ўзнаўлення, аб спосабах дабывання сродкаў да існавання і іх размеркавання, узаемадзеяння з прыродным асяроддзем і агульнадзяржаўнымі палітычнымі структурамі, калектыўных уяўленнях пра сябе і навакольны свет, норавах, звычаях і многіх іншых аспектах, якія ў суме складаюць карціну абыдзённасці (у савецкай гістарыяграфіі большасць з гэтых тэм традыцыйна лічылася прэрагатывай не гісторыкаў, а этнографаў).

Апрача таго, суцэльная карціна азначае ўлік і доўгатэрміновых працэсаў, якія суб'ектыўна не ўсведамляліся іх удзельнікамі – напрыклад, эпахальных зменаў баланса нараджальнасці – смяротнасці альбо навакольнага асяроддзя. Нарэшце, побач з дэталёвым пыглыбленнем у тэму неабходна паказаць, як адбіваліся на лёсах вывучаемай групы войны, рэвалюцыі і іншыя падзеі ў сферы эканомікі і палітыкі, якія добра прасочваюцца на макраўзроўні. Вельмі пажадана, каб атрыманыя такім чынам вынікі адпавядалі ўніфікаванай методыцы і іх можна было б параўнаць з аналагічнымі даследаваннямі, якія ўжо праведзены альбо будуць праведзены ў іншых рэгіёнах.

У ідэале вынікам даследавання павінна стаць комплексная мадэль, якая б адлюстроўвала сістэму нашых ведаў аб аб'екце. Такая мадэль павінна адлюстраваць не толькі агульныя статыстычныя заканамернаці вывучаемых працэсаў, але і дыяпазон іх варыяцый. Відавочна, для гэтага найлепшым чынам падыходзіць стахастычная мадэль, якая б указавала імавернасць кожнага з магчымых вынікаў. Мадэль павінна ўключаць усябе, як мімнімум, дэмаграфічную і эканамічную падсістэмы, г. зн. адлюстроўваць у лічбах працэсы жыццёвага цыклу сям'і і яе гаспадарчай дзейнасці. Іншыя аспекты жыцця індывіда ў грамадстве – сацыяльныя сувязі, сістэма светапогляду і да т. п. – па сваёй прыродзе значна горш паддаюцца лічбаваму выражэнню. Таму мадэль непазбежна будзе ўключаць і некаторыя апісальныя элементы. Важна, каб пры гэтым ставілася мэта адлюстраваць менавіта сістэму сувязяў і ўяўленняў, а не асобныя, найбольш яркія ці экзатычныя рысы.

На жаль, методыку даследаванняў для беларускіх матэрыялаў прыйдзецца ствараць практычна з нуля – дасёння адзінай работай у айчыннай гістарыяграфіі, якая мае хоць нейкае дачыненне да такога падыходу, застаецца нарыс М. Улашчыка пра вёску Віцкаўшчына, размешчаную прыкладна ў 20 км на паўднёвы захад ад Мінска. Паказальна, што гэтая кніга была рэкамендавана да друку ў канцы 1978 г., аде неўзабаве выключана з выдавецкага плана і пры жыцці аўтара так і не ўбачыла свет. Не дапамаглі нават такія адчайныя крокі М. Улашчыка, як лісты ў рэдакцыю газеты "Правда" ў красавіку 1985 г. і ў адрас XXVII з'езда КПСС у лютым 1986 г. [9] Апублікавана гэтая работа была толькі пасямротна [10]. У гэтым нарысе М. Улашчык па ўспамінах, расказах родзічаў і землякоў і з абмежаваным выкарастаннем архіўных матэрыялаў рэканструяваў карціну абыдзённасці сваёй роднай вёскі. Работа каштоўная перш за ўсё вялікай колькасцю жывых падрабязнасцяў, сабраных аўтарам паводле методыкі, як бы зараз сказалі, «вуснай гісторыі» ў другой палове 1920-х гг. Яна ахоплівае сціслую перадгісторыю вёскі (заснаванай у 1883 г. на памешчыцкіх землях, купленых сялянамі ў складчыну) і характарыстыку сялянскага побыту да 1917 г. Статыстычныя метады ў нарысе практычна не выкарыстоўваліся, што дазваляе разглядаць яго звесткі як яркую ілюстрацыю, але не як матэматычна абгрунтаваную выбарку.

У цэлым савецкімі гісторыкамі назапашаны даволі вялікі масіў звестак, якія тысацца сацыяльна-эканамічных працэсаў у беларускай вёсцы [11]. Аднак усе яны з'яўляюцца сумарнымі сярэднестатыстычнымі данымі (напрыклад, адносна велічыні сялянскага надзелу, памеру дваровай гаспадаркі альбо аб'ёму павіннасцяў) на макраўзроўні – па рэгіёнах, губернях і паветах, у лепшым выпадку - табліцамі зводных лічбаў па асобных маёнтках. Як правіла, указваючы сярэднія значэнні, гісторыкі нават не спрабавалі ахарактарызаваць дыяпазон іх раскіду з дапамогай такіх стандартных статыстычных працэдур, як вызначэнне сярэдняга квадратычнага адхілення альбо каэфіцыента варыяцыі. Для рэканструкцыі карціны на мікраўзроўні гэтыя даныя выкарыстаць нельга, яны прыдатныя толькі пры параўнанні канкрэтнай выбаркі з агульнай сукупнасцю.

Шмат каштоўных звестак аб матэрыяльнай культуры беларускай вёскі назапашана этнографамі. У іх работах апісаны і класіфіцыраваны пабудовы, прылады працы, іншыя рэчы, якія атачалі чалавека ў яго абыдзённым жыцці [12]. Што тычыцца «духоўнай каардынаты» традыцыйнага беларускага грамадства, то тут асноўны багаж ведаў быў назапашаны даследчыкамі XIX - пачатку ХХ ст. [13] Пры гэтым асаблівая ўвага надавалася такім экзатычным з'явам, як перажыткі першабытнай магіі, забабоны і да т. п. Пытанне аб апісанні традыцыйнага светаўспрыяцця як цэласнай сістэмы ў той час яшчэ не ставілася. Не было яно пастаўлена і этнографамі савецкага перыяду, хаця ў той час на Захадзе ўжо актыўна абмяркоўваліся метады структурнай антрапалогіі К. Ляві-Строса, ідэі школы «Аналаў» да т. п. Беларускія этнографы пры вывучэні духоўнай культуры засяроджваліся галоўным чынам на зборы, публікацыі і павярхоўнай характарыстыцы фальклёру, перш за ўсё – народных песень. Даволі дэталёва была даследавана таксама вясельная абрадавасць, а ў апошні час - сімволіка народнага арнаменту [14].

Не гледзячы на тое, што класікі марксізма разглядалі людзей (працоўныя рэсурсы) як адзін з кампанентаў вытворчых сіл, вельмі сціплымі аказаліся поспехі савецкіх даследчыкаў у вывучэнні дэмаграфічных працэсаў. Паводле ацэнкі амерыканскага гісторыка Сцівена Хока, «цэлы шэраг гісторыкаў савецкага перыяду займаўся "палітычнай арыфметыкай", імкнучыся вызначыць розныя катэгорыі насельніцтва паводле іх прыналежнасці да геаграфічнага рэгіёна, навыкам і вытворчай дзейнасці, афіцыйнаму і этнічнаму статусу. Часта гэтыя даследванні не выходзілі за рамкі перадрукоўкі афіцыйных даных статыстыкі насельніцтва царскага часу (з невялікімі папраўкамі) і абмеркавання дынамікі зменаў» [15]. Сапраўды, даволі хутка вызначыўшы дынаміку базавых дэмаграфічных паказальнікаў – колькасці і шчыльнасці насельніцтва, нараджальнасці, смяротнасці - на макраўзроўні [16], савецкія даследчыкі на сталі паглыбляцца ў больш вытанчаны аналіз нюансаў узнаўлення насельніцтва. На тэрыторыі СССР практычна не праводзіліся гісторыка- дзмаграфічныя даследаванні на мікраўзроўні (у адносінах да лакальных папуляцый альбо вузкіх сацыяльных груп).

На пачатку 1920-х гг. аформіўся вельмі перспектыўны накірунак, які разгортвала школа расійскага эканаміста А. Чаянава. Ён прапанаваў методыку аналізу сялянскай сямейнай гаспадаркі праз дынаміку вытворчасці і спажывання. Увагу даследчыкаў прыцягнулі штогадовыя змены прапорцыі едакоў і працаўнікоў, выкліканыя дэмаграфічнымі фактарамі. Як было паказана на матэрыяле выбарачных абледаванняў расійскіх гаспадарак, гэтая прапорцыя вызначала не толькі колькасць зямлі, занятай пад гаспадарку, але і інтэнсіўнасць працы (меру самаэксплуатацыі) і размеркаванне бюджэту працоўнага часу [17]. Была сфармулявана тэорыя працаспажывецкага баланса сямейнай гаспадаркі, якая ўключала не толькі аб'ектыўныя эканамічныя паказальнікі (працазатраты, цэны, даходнасць гаспадаркі), але і такія суб'ектыўныя параметры, как ацэнка сялянамі нуднасці ўласнай працы і адноснай карыснасці кожнай адзінкі вырабленай прадукцыі. Ужываліся мадэлі гадавога гаспадарчага цыкла (меўшыя, праўда, усярэднена-тыповый характар). На жаль, у канцы 1920- х гг. гэтая школа падверглася разгрому, а яе дасягненні на доўгія дзесяцігоддзі былі забыты. Па гэтай жа прычыне так і не дайшла справа да прымянення ідэй Чаянава да беларускіх матэрыялаў. Не знайшлі працягу і першыя спробы апісаць мадэль тыповага гаспадарчага цыкла беларускага селяніна, якія мелі месца на пачатку ХХ стагоддзя ў краязнаўчай рабоце К. Анікіевіча [18].

У далейшым найбольш цікавыя даследаванні праводзіліся ў рамках замежнай гістарычнай дэмаграфіі і сацыяльнай гісторыі. Аб'ектамі вывучэння сталі першасныя дэмаграфічныя даныя – напрыклад, метрычныя кнігі царкоўных прыходаў, для аналізу якіх прымяняўся метад аднаўлення гісторыі сямей (family reconstitution). На падставе запісаў аб хрышчэннях, шлюбах і пахаваннях для кожнай сям'і паасобку вызначаліся працягласць шлюбу, узрост маці пры нараджэнні дзяцей, агульная колькасць народжаных дзяцей і тых, што выжылі, размеркаванне смярцей па ўзростах і іншыя дэмаграфічныя характарыстыкі, на падставе якіх вызначаліся даныя для папуляцыі ў цэлым – як правіла, больш дэталёвыя і надзейныя, чым агрэгіраваныя даныя афіцыйнай статыстыкі XVIII - XIX стст. Гэты метад, упершыню ўжыты французскім даследчыкам Л. Анры ў 1950-я гг., быў падхоплены гісторыкамі іншых краін [19]. На тэрыторыі СССР адзіным месцам, дзе ён знайшоў прымяненне, была Эстонія, ў якой яго выкарыстоўвала група пад кіраўніцтвам Х. Палі [20].

У Велікабрытаніі таксама былі дасягнуты ўражлівыя поспехі ў вывучэнні метрычных кніг. Кембрыджская група па гісторыі народанасельніцтва і сацыяльнай структуры рэалізавала масштабны праект па выяўленні і апрацоўцы штогадовай сатыстыкі аб нараджэннях, шлюбах і смярцях па кожным англійскім прыходзе за перыяд з сярэдзіны XVI ст. па 1871 г. Усяго ў праекце было ўлічана каля 3,7 млн. лічбавых значэнняў з прыкладна 10 тыс. прыходаў, якія дазволілі прасачыць дэмаграфічныя зрухі ў малыя адрэзкі часу і па малых рэгіёнах, а таксама рэканструяваць параўнальна дакладныя характарыстыкі англійскай папуляцыі ў цэлым на працягу трох стагоддзяў, адштурхоўваючыся ад даных перапіса 1871 г. і рухаючыся ў мінулае ў тэхніцы адваротнай праекцыі [21].

Другім накірункам, які актыўна разгортвае Кембрыджская група, стала вывучэнне структуры дворагаспадаркі - базавай ячэйкі даіндустрыяльнага грамадства. Кіраўніком групы П. Лэслетам была распрацавана сістэма класіфікацыі гаспадарак па сямейнаму складу, на падставе якой паводле адзінай методыкі праводзіцца збор і аналіз даных аб сельскіх і гарадскіх дворагаспадарках з інвентароў, налогавых рэестраў, падворных перапісаў і іншых масавых крыніц розных краін [22]. У ходзе гэтых даследаванняў было прадэманстравана, што для розных рэгіёнаў характерны спецыфічныя нюансы ў сярэдніх памерах і спосабах арганізацыі сямейнай гаспадаркі, якія вызначаюцца як эканамічнымі і прыроднымі фактарамі, так і культурнымі традыцыямі.

Каштоўным дасягненнем брытанскай дэмаграфічнай школы стала высвятленне дзвюх устойлівых мадэляў арганізацыі сямейнай гаспадаркі – традыцыйнай (уласцівай большасці рэгіёнаў свету) і заходнееўрапейскай. Першая з іх характарызуецца параўнальна раннім узростам уступлення ў першы шлюб для абодвух полаў і вельмі нізкім працэнтам асоб, якія ніколі не ўступалі ў шлюб. Заходнееўрапейская мадэль грунтуецца на больш познім узросце шлюбу (асабліва ў мужчын) і высокім працэнце адзінокіх. Ужо першы параўнальны аналіз макрадэмаграфічных паказальнікаў, праведзены на пачатку 1960-х гг. Дж. Хайналам, дазволіў гаварыць пра дастаткова выразную лінію ад Пецярбурга да Трыеста, якая ў ХІХ ст. падзяляла Еўропу на зоны пераважання гэтых двух тыпаў дэмаграфічных паводзін [23]. Кідаецца ў вочы розніца па абодва бакі лініі Хайнала многіх культурных, эканамічных і нават палітычных характарыстык грамадства. Гэта паслужыла тэмай канфярэнцыі «Дзе канчаецца Еўропа», арганізаванай па ініцыятыве члена Кембрыджскай групы К. Шурэра ў 1993 г. ў Будапешце. Аналіз пытання паказаў, што заходнееўрапейскі тып сямейнай гаспадаркі шчыльна звязаны з прынцыпам маярата, які ўсталяваўся ў канцы сярэднявечча на тэрыторыі колішняй імперыі Каралінгаў і распаўсюджваўся ў працэсе нямецкай каланізацыі. Старшы сын атрымліваў увесь бацькоўскі надзел і, як правіла, толькі пасля гэтага заводзіў уласную сям'ю. Малодшыя сыны вымушаны былі ўладкоўвацца ў жыцці ўласнымі сіламі, што спрыяла з'яўленню вялікай колькасці асоб вольных прафесій, прафесійных салдат, наёмных рабочых і да т. п., сярод якіх быў высокі працэнт адзінокіх. Гэта спрыяла фармаванню такіх рыс заходнееўрапейскай культуры, як прадпрыймальніцтва, індывідуалізм і звычка разлічваць на ўласныя сілы. Пры традыцыйным тыпе надзел падзяляўся паміж братамі (звычайна ўжо жанатымі), што прыводзіла да фармавання крыху іншага культурнага стэрэатыпа: калектывізму і разліку на колько иного культурного стереотипа: коллективизма и расчета на своеасаблівы гарантаваны мінімум, які прычытаецца кожнаму ўжо па праву нараджэння.

Дэмаграфічныя метады даследавання знайшлі новае пераламленне ў сацыяльнай гісторыі. Аб'ектам вывучэння стала кола сацыяльных сувязяў індывзда, г. зн. кола асоб (родных, сваякоў, хросных і кумоў), на эмацыянальную, а часам і матэрыяльную падтрымку якіх ён быў управе разлічваць у розных жыццёвых сітуацыях [24]. У прыватнасці, колькасць блізкіх кроўных родзічаў звязана з дэмаграфічнымі параметрамі папуляцыі, таму для яе вызначэння выкарыстоўваліся метады, уласцівыя «чыстай» дэмаграфіі, уключаючы камп'ютарнае мадэліраванне працэса ўзнаўлення насельніцтва [25].

Улічваючы, што вышэйпералічаныя метады выкарыстоўваліся ў адносінах да відаў крыніц, якія шырока прадстаўлены і ў архівах Усходняй Еўропы (метрычныя кнігі, інвентары маёнткаў, падворныя перапісы), прымяненне іх да беларускіх матэрыялаў уяўляецца вельмі перспектыўным, прычым менавіта на мікраўзроўні. Комплекс такіх крыніц па гісторыі Беларусі дастаткова багаты, каб дазволіць рэканструкцыю больш-менш суцэльнай гісторыі пэўнага мікрарэгзёна на працягу прыкладна двух – двух з паловай стагоддзяў, пачынаючы з XVIII стагоддзя і да сучаснасці. Гэта адпавядае храналагічнаму ахопу даследаванняў, якія праводзіліся на Захадзе – у Германіі [26], Італіі [27], Велікабрытаніі [28]. Адно даследаванне такога кшталту (акцэнтаванае ў асноўным на дэмаграфічных пытаннях) было праведзена на расійскіх матэрыялах [29].

Гэтыя мікрагістарычныя экскурсы, зразумела, вельмі адрозніваюцца паміж сабой па выкарыстаных падыходах, і не ўсе яны адпавядаюць сфармуляваным вышэй ідэальным крытэрыям. Магчыма, таму многія гісторыкі ставяцца да гэтага накірунку крыху насцярожага, а то і проста скептычна. Думаецца, тэарэтычныя спрэчкі на гэты конт будуць бясплоднымі. Людзі, перакананыя ў перспектыўнасці новага метада і яго здольнасці дапамагчы гісторыі дасягнуць доўгачаканага сінтэзу, павінны даказваць сваю правату не словамі, а справай. Будзем спадзявацца, што з часам і ў беларускай гістарыяграфіі з'явяцца мікрагістарычныя даследаванні, якія ўзбагацяць нас новымі цікавымі вынікамі.

  1. Burke P. The French Historical Revolution: The "Annales" School, 1929-1989. - Cambridge, 1990; Гуревич А. Я. Исторический синтез и Школа «Анналов». - М., 1993.
  2. Бродель Ф. Структуры повседневности: возможное и невозможное. - М., 1986.
  3. Репина Л. П. Смена познавательных ориентаций и метаморфозы социальной истории // Социальная история. Ежегодник, 1997. - М., 1998. С. 11-52. У іншых артыкулах гэтага зборніка можна знайсці прыклады выкарыстання расійскімі гісторыкамі метадаў гендэрнай, этнасацыяльнай гісторыі і іншых новых накірункаў.
  4. Гульня слоў, заснаваная на сугучнасці англійскга слова history - «гісторыя» і словазлучэння his story - «яго расказ».
  5. Grendi E. Micro-analisi e storia sociale // Quaderni Storici. 1977. V. 35. P. 506 – 520; Schulze W. Mikrohistorie versus Makrohistorie? Anmerkungen zu einem aktuellen Thema. In: Meier C. und Rusen J. (Hg.). Historische Methode. (Theorie der Geschichte. Beitrage zur Historik 5). – Munchen, 1988. S. 319 – 341; Levi G. On Microhistory. In: Burke P. (Ed.). New Perspectives on Historical Writing. – Oxford, 1991. P. 93 – 113; Medick H. (Hg.). Mikro-Historie. Neue Pfade in die Sozialgeschichte. - Frankfurt a.M., 1994; Медик Х. Микроистория // THESIS. 1994. Т. 2. Вып. 4. С. 193 – 202.
  6. Буховец О.Г. Социальные конфликты и крестьянская ментальность в Российской империи начала ХХ века: новые материалы, методы, результаты. - М., 1996. С. 48.
  7. Macfarlane A. History, Anthropology and the Study of Communities // Social History. 1977. No. 5. P. 631-52.
  8. Phythian-Adams C. Re-thinking English Local History. - Leichester, 1987.
  9. Другі з гэтых лістоў надрукаваны ў зборніку: Русь – Литва – Беларусь. Проблемы национального самосознания в историографии и культурологии. – М., 1997. С. 201-3.
  10. Улашчык М. Была такая вёска: Гісторыка-этнаграфічны нарыс. - Мн., 1989.
  11. Похилевич Д. Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI - XVIII вв. - Львов, 1957; Улащик Н. Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. - М., 1965; Чепко В. В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в. - Мн., 1966; Козловский П. Г. Крестьяне Белоруссии во второй половине XVII - XVIII вв. (по материалам магнатских вотчин). - Мн., 1969; Липинский Л.П. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии. - Мн., 1971; Мелешко В. И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII - XVIII вв. - Мн., 1975; Мелешко В. И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине XVII - XVIII вв. - Мн., 1982; Козловский П. Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в конце XVIII - первой половине XIX вв. - Мн., 1982; Панютич В. П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861 - 1900 гг. - Мн., 1990; Лойка П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI - XVIII ст. - Мн., 1991; Голубеў В. Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI - XVIII стст. - Мн., 1992; Спиридонов М. Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV - XVI вв.) - Мн., 1993; Панютич В. П. Наемный труд в сельском хозяйстве Беларуси 1861 - 1914 гг. - Мн., 1996.
  12. Никифоровский Н. Я. Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности. - Витебск, 1895; Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. / Собр. П. В. Шейном. - Спб., 1902. Т. 3; Лебедева Н. И. Жилище и хозяйственные постройки Белорусской ССР. - М., 1929; Молчанова Л. А. Материальная культура белорусов. - Мн., 1968; Гринблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. - Мн, 1968; Беларускае народнае жыллё. - Мн., 1973; Беларускае народнае адзенне. - Мн., 1975; Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. - Мн., 1975; Трацевский В. В. Народное зодчество Белоруссии. - Мн., 1976; Молчанова Л. А. Очерки материальной культуры белорусов XVI - XX вв. - Мн., 1981; Титов В. С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов XIX - начала ХХ в. - Мн., 1983; Локотко А. И. Белорусское народное зодчество. Середина XIX - XX в. - Мн., 1991; Цітоў В. С. Народная спадчына: Матэрыяльная культура ў лакальна-тыпалагічнай разнастайнасці. - Мн., 1994.
  13. Никифоровский Н. Я. Указ. соч.; Богданович А. Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Этнографический очерк. - Гродно, 1895; Довнар-Запольский М. В. Исследования и статьи. Т. 1. - Киев, 1909.
  14. Никольский Н. М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. - Мн., 1956; Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. - Мн., 1967; Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка. - Мн., 1996.
  15. Хок С. Л.. От редактора. В кн.: Анри Л., Блюм А. Методика анализа в исторической демографии. - М., 1997. С. 7 - 8.
  16. Рашин А. Г. Население России за 100 лет (1811 – 1913 гг.). Статистические очерки. – М., 1956; Кобузан В. М. Народонаселение России в XVIII – первой половине XIX в. – М., 1963; Вишневский А. Г. Брачность, рождаемость, смертность в России и СССР. – М., 1977.
  17. Чаянов А. В. Крестьянское хозяйство. Избранные труды. – М., 1989. С. 218 – 241 і інш.
  18. Аникиевич К. Т. Сененский уезд Могилевской губернии. – Могилев, 1907.
  19. Henry L. Manuel de demographie historique. - Paris, 1967; Drake M. Historical Demography: Problems and Projects. - London, 1974; Fleury M., Henry L. Nouveau manuel de depouilement et d'exploitation de l'etat civil ancien, 2 ed. - Paris, 1976; Willigan D. J., Lynch K. Sources and Methods of Historical Demography. - New York, 1982; Drake M. Population Studies from Parish Registers. - London, 1982.
  20. Палли Х. К методике обработки демографических материалов Эстонии XIII - XVIII вв. (до ревизии душ 1781 – 1782 гг.) // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы. 1966 год. – Таллин, 1971. С. 147 - 161; Палли Х. Методика использования метрик в историко-демографических исследованиях // История СССР. 1982. № 1.
  21. Wrigley E.A., Schofield R.S. The Population History of England, 1571 - 1871. - Cambridge, 1981.
  22. Laselett P. and Wall R. (eds.). Household and Family in Past Time: Comparative Studies in the Size and Structure of the Domestic Group over the Last Three Centuries in England, France, Serbia, Japan, and Colonial North America, with Further Matherials from Western Europe. – Cambridge, 1972; Flandrin J.-L. Families in Former Times. – Cambridge, 1976. P. 66-92; Wall R. (ed.), in collaboration with Robin J. and Laslett P. Family Forms in Hisatoric Europe. – Cambridge, 1983; Todorova M. Balkan Family Structure and the Europea Pattern: Demographic Developments in Ottoman Bulgaria. – Washington, 1993. P. 115 – 158; Janssens A. Family and Social Change: The Household as a process in an industrializing community. – Cambridge, 1993; Wall R. Historical Develpment of the Household in Europe. In.: Imhoff E. van, Kuijsten A., Hooimeijer P. and Weissen L. van (eds.). Household Demography and Household Modelling. – New York and London, 1995. P. 19-52. На рускай мове пераклад адной з работ П. Лэслета гл.: Ласлетт П. Семья и домохозяйство: исторический подход // Брачность, рождаемость, семья за три века. – М., 1979.
  23. Hajnal J. European Marriage Patterns in Perspective. In: Glass D.V. and Everslay D.E.C. (eds). Population in History. – Chicago, 1965. P. 101 – 143. На рускай мове гэты артыкул (са скажэннем прозвішча аўтара) гл.: Хаджнал Дж. Европейский тип брачности в перспективе // Брачность, рождаемость, семья за три века. – М., 1979.
  24. Plekans A. Kinship in the Past: An Anthropology of European Family Life, 1500 – 1900. – Oxford, 1984; Smith R.M. (ed.). Land, Kinship and Life-cycle. – Cambridge, 1984; Boulton J. Neighbourhood and Society in the Seventeenth Century. – Cambridge, 1987; Wellman B. and Berkowitz S.D. (eds.). Social Structures: A Network Approach. – New York, 1988; Wetherell C., Plakans A. and Wellman B. Social Networks, Kinship, and Community in Eastern Europe // Journal of Interdisciplinary History. Vol. XXIV:4 (Spring 1994). P. 639-63.
  25. Smith J. E. The Computer Simulation of Kin Sets and Kin Counts. In: Boungaars J., Burch T. K. and Wacher K. W. (eds.). Family Demography: Methods and their Applications. – Oxford, 1987. P. 249-66; Smith J.E. and Oeppen J. Estimating Numbers of Kin in Historical England Using Demographic Microsimulation. In: Reher D.S. and Schofield R. (eds.). Old and New Methods in Historical Demography. – Oxford, 1993. P. 280-317; Post W., Poppel F van., Imnoff E van. and Kruse E. Reconstructing the Extended Kin-network in the Netherlands with Genealogical Data: Methods, Problems, and Results // Population Studies. Vol. 51. 1997. P. 263-78.
  26. Levi G. Das immaterielle Erbe. Eine baeuerlische Welt an der Schwelle zur Zmoderne. – Berlin, 1968; Ginzburg C. Die Kase und die Wurmer. Die Welt eines Mullers um 1600. – Frankfurt a.M., 1979 (2 Aufl. – Berlin, 1990); Knodel J. E. Demographic Behavior in the past. A Study of Fourteen German Village populations in the Eighteenth and Nineteenth Centuries. – Cambridge, 1988; Medick H. Leben und Uberleben in Laichingen vom 17. bis 19. Jahrhundert. Untersuchungen zur Social-, Kultur- und Wirtschaftsgeschichte in den Oerspektiven einer lokalen Gesellschaft Altwurtemberg. – Gottingen, 1994;
  27. Cerutti S. La ville et ses metiers. Naissance d'un langage corporatif (Turin 17-e et 18-e siecles). – Paris, 1990.
  28. Phythian-Adams C. Desolation of a City: Coventry and the Urban Crisis of the Late Middle Ages. - Cambridge, 1979; Sabean D. Property, Production and Family in Neckarhausen 1700 to 1870. – Cambridge, 1990; Reay B. Microhistories: Demogaphy, Society and Culture in Rural England, 1800-1930. – Cambridge, 1996.
  29. P.Czap. The Perennial Multiple Family Household, Mishino, Russia 1782 – 1858 // Journal of Family History, 1982, 7: 5-26.