Праславяне і іх суседзі ў ІІ ст. да н.э. – першай палове І ст. н.э. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах. Т.1. Мінск: Белкартаграфія. 2009. С. 39.

 

Наступная карта ахоплівае перыяд, калі пераемнасць насельніцтва Герадотавых часоў была парушана моцнымі міграцыйнымі рухамі.

 Пісьмовых сведчанняў гэтых працэсаў вельмі мала. Якраз у гэты час эліністычныя дзяржавы, што працягвалі лінію развіцця старажытнагрэчаскай цывілізацыі, паступова паглыналіся маладой і ваяўнічай Рымскай дзяржавай. Рымляне не паспелі яшчэ стварыць адмысловай традыцыі адносна барбарскай перыферыі і часта механічна паўтаралі звесткі сваіх элінскіх папярэднікаў. Але яны зафіксавалі змены насельніцтва ў нізоўях Дуная і ў прычарнаморскіх стэпах. Сярод новых народаў, што пачынаюць згадвацца ў гэты час, не апошнюю ролю адыгрывалі бастарны. Першая згадка пра іх перасоўванне захавалася ў перадачы рымскага аўтара Пампея Трога і адносіцца прыблізна да 230 г. да н.э. Ужо каля 216 г. да н.э. бастарны фіксуюцца недзе ў нізоўях Дуная.

Удакладніць урывачныя звесткі дапамагае археалогія. Яна сведчыць, што на абшары паморскай і мілаградскай культур з’явілася новае насельніцтва, якое паспытала ўплыў з боку кельтаў. Апошнія шырока рассяліліся па Еўропе і прасоўваліся ўздоўж Дуная на перыферыю эліністычных дзяржаў. Археолагі называюць культуру, што была створана ўласна кельтамі, латэнскай (ад помніка Ла Тэн у Францыі), а культуры, што паспыталі яе ўплыў – латэнізаванымі. Гэтыя культуры ўтварыліся ў выніку хвалі паслядоўных міграцый, зыходным пунктам якіх была ўсходняя перыферыя ястрофскай (прагерманскай) культуры. Ва ўсіх культурах гэтага кола прасочваецца ясторфскі кампанент, а адметнасці кожнай з іх надае яго спалучэнне з іншымі кампанентамі. Пры гэтым уклад уласна кельтаў уяўляецца археолагам мінімальным. Хутчэй гэта была “кельцкая вуаль” – распаўсюджанне прэстыжных рэчаў, упрыгожанняў, зброі і пэўных светаўяўленняў новай эпохі, якія надалі гэтым культурам спецыфічны каларыт. Да гэтага культурнага кола належаць аксыўская, пшэворская, паянешты-лукашэўская культуры, а таксама зарубінецкая на тэрыторыі Беларусі. Усе сучасныя даследчыкі прызнаюць у яе складзе ясторфскі кампанент, а таксама мілаградскі ў верхнедняпроўскай групе, познескіфскі ў сярэднедняпроўскай і усходнепаморскі – па ўсім арэале. 

Вынік міграцыйных працэсаў фіксуецца ў “Геаграфіі” Страбона. Асноўны масіў яго звестак адносіцца да І ст. да н.э. У арэале пшэворскай культуры Страбон упершыню прыгадвае германскі народ лугіеў. Дамінуючым у ім несумненна быў ясторфскі кампанент, што не выключае і захаванне самасвядомасці паморскага (венетскага) кампанента. Рассяленне ж бастарнаў Страбон лакалізуе ад вусця Дуная (там ля вострава Пеўка жыло адно з бастарнскіх плямён – пеўкіны, верагодныя носьбіты паянешты-лукашэўскай культуры) да Барысфена-Дняпра, за якім да Танаіса-Дона знаходзіўся ўжо сармацкі народ раксаланаў. Апрача пеўкінаў, Страбон называе дзве асноўныя групы бастарнаў “у глыбі мацерыка”: атмонаў і сідонаў. На карце адлюстравана адна з магчымых інтэрпрэтацый, паводле якой сідоны адпавядаюць сярэднедняпроўскаму варыянту зарубінецкай культуры, а атмоны – палескаму.

Да гэтых жа, а магчыма, і больш ранніх часоў адносяцца ўяўленні пра паўднёвае ўзбярэжжа Балтыкі, якія прыводзіць Пліній з ананімнай спасылкай: “некаторыя перадаюць”. Напэўна, ён меў на ўвазе шэраг грэчаскіх аўтараў ІV–ІІ стст. да н.э. (Гекатэя, Піфея, Цімея, Ксенафонта Лампсакскага). Важнасць гэтым звесткам надае тое, што яны ўпершыню выразна змяшчаюць у вадазборы ракі Віслы венедаў. Магчыма, зафіксаваныя ў іх уяўленні адносяцца да часу існавання паморскай культуры і, такім чынам, непасрэдна звязваюць венедаў з яе арэалам. Калі ж адлюстравана больш позняя сітуацыя, яна сведчыць пра захаванне этноніма венедаў у арэале аксыўскай альбо пшэворскай культур, якія абедзве мелі несумненны паморскі кампанент. На карце назва “венеды” ўмоўна лакалізавана ў аксыўскім арэале.

Вельмі гіпатэтычна можна меркаваць пра захаванне гэтай назвы і носьбітамі зарубінецкай культуры (праз пасрэдніцтва яе паморскага кампанента). На карце назва “венеды” гэтак жа ўмоўна аднесена да яе верхнедняпроўскага варыянта. На тое існуюць дзве падставы. Па-першае, Страбон ведае толькі дзве групы бастарнаў у глыбі кантынента, хаця варыянтаў зарубінецкай культуры было тры. Калі імя венедаў сапраўды ўжывалася ў яе арэале, але не было вядома Страбону, яно мусіла адносіцца да найбольш аддаленай ад Прычарнамор’я часткі гэтай культуры. Па-другое, такая лакалізацыя найлепш адпавядае пазнейшым звесткам Тацыта пра лакалізацыю венетаў у арэале познезарубінецкіх помнікаў, якія адлюстраваны на наступнай карце.