Перыферыя грэчаскіх полісаў паўночнага Прычарнамор’я. V–ІІІ ст. да н.э. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Том 1. Мінск: Белкартаграфія, 2009. С. 38.

Перыферыя антычнай і раннесярэдневяковай цывілізацыі

Гэты раздзел атласа ахоплівае перыяд ад пачатку на землях сучаснай Беларусі жалезнага веку да ўзнікнення класавага грамадства, альбо цывілізацыі. Перыяд ахоплівае крыху больш за 1500 гадоў – ад VII стагоддзя да н.э. да сярэдзіны VIII стагоддзя н.э. За гэты час у асноўным сфарміраваўся этнакультурны падмурак, на якім у далейшым адбываўся этнагенез беларусаў: склаліся этнічныя масівы славян і балтаў, падышла да завяршэння гісторыя тых народаў, што паслужылі субстратам для славянскага насельніцтва Беларусі. Карты дазваляюць прасачыць галоўныя рысы гэтых працэсаў, як яны ўяўляюцца на падставе пісьмовых паведамленняў, звестак археалогіі, лінгвістыкі і іншых дысцыплін.

У гэты час у Еўропе ўжо існавалі класічныя цывілізацыі  – спярша антычныя грэчаская (элінская) і рымская, а затым – раннесярэдневяковыя візантыйская і заходнееўрапейская. Тэрыторыя Беларусі не была непасрэдна ахоплена гэтымі цывілізацыямі, але пастаянна адчувала іх уплыў, утвараючы частку іх барбарскай перыферыі. “Барбарамі” эліны і рымляне называлі сумежныя народы, якія не мелі атрыбутаў цывілізацыі – пісьменства і пісаных законаў, развітога дзяржаўнага апарату, гарадоў з культава-абарончым дойлідствам і інш. Але многія з такіх народаў стаялі на апошняй перадзяржаўнай прыступцы свайго развіцця, ад якога да сапраўднай дзяржавы заставаўся адзін крок. Яны ўжо мелі арыстакартыю і пануючыя дынастыі, ведалі рабаўладанне, таму іх палітычныя ўтварэнні можна лічыць протадзяржавамі.

Дзякуючы кантактам з барбарскай перыферыяй, антычныя цывілізацыі пакінулі шэраг пісьмовых звестак пра яе. Частка іх тычыцца і тэрыторыі Беларусі, пачынаючы такім чынам яе пісьмовую гісторыю. Але такія звесткі яшчэ вельмі ўрывачныя, і галоўная роля ў высвятленні падзей гэтага перыяду належыць археалогіі.

Пад жалезным векам археолагі разумеюць такі этап старажытнасці, калі была засвоена тэхналогія вырабу жалеза з руды. У параўнанні з металургіяй бронзы, гэтая тэхналогія была параўнальна простай і дазваляла ўпершыню наладзіць сапраўды масавую вытворчасць металічных рэчаў – перш за ўсё сельскагаспарадчых прылад і зброі. У прыродна-кліматычнай зоне змешаных лясоў, дзе знаходзіцца Беларусь, гэта было неабходнай умовай для трывалай сельскагаспадарчай вытворчасці і пераходу ад “дзікунства” да “барбарства” ў тым сэнсе, як яго разумелі антычныя аўтары.

Першая карта непасрэдна прысвечана часу, калі бліжэйшымі цывілізацыйнымі цэнтрамі з’яўляліся грэчаскія калоніі ў Паўночным Прычарнамор’і. З іх і паходзяць звесткі пра скіфскую перыферыю, якія ў VI стагоддзі да н.э. сабраў і асэнсаваў “бацька” антычнай гісторыі – Герадот. Менавіта ў яго творы ўпершыню прыводзіцца апісанне земляў, акія ляжалі на поўнач ад прычарнаморскай протадзяржавы скіфаў. Праўда, звесткі гэтыя вельмі неакрэсленыя і дапускаюць розную інтэрпрэтацыю. Гісторыкі неаднаразова спрабавалі звязаць іх з матэрыяламі археалагічных доследаў. Практычна кожны прапаноўваў сваю версію, кожную з якіх пры сённяшнім стане нашых ведаў немагчыма ні пераканаўча абгрунтаваць, ні абвергнуць. У аснову карты пакладзена інтэрпрэтацыя, прапанаваная беларускім гісторыкам С. Рассадзіным (Рассадзін С.Я. Землі амаль невядомыя. Будучая Беларусь паводле антычных манускрыптаў. – Мінск: Полымя, 1996). Сутнасць яе зводзіцца да таго, што рассяленне некаторых народаў, вядомых Герадоту (неўраў, скіфаў-земляробаў і інш.) не можа быць дакладна суаднесена з арэаламі археалагічных культур, а прыходзіцца хутчэй на іх стыкі. Гэта можа тлумачыцца тым, што археалогія фіксуе матэрыяльныя рэчы, якія ў розных народаў могуць быць вельмі падобнымі дзякуючы ўплыву з боку больш цывілізаванага суседа. Менавіта такая “скіфская вуаль” прасоўваецца далёка ў зону украінскіх лесастэпаў. Абшар, закрануты ёй у меншай ступені, археалагічна вызначаецца як мілаградская культура. Больш-менш канкрэтныя звесткі Герадота тычацца толькі яе паўднёвай часткі. Як зваліся жыхары той яе часткі, што пашыралася на поўдзень Беларусі – сказаць вельмі цяжка. Яшчэ далей на поўнач Герадот размяшчае паўміфічных “андрафагаў”. Напэўна, так у свядомасці элінаў адлюстравалася амаль невядомае ім насельніцтва культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, матэрыяльная культура якіх выглядае больш прымітыўнай у параўнанні з культурамі “скіфскага кола”. Пра іх мовы мала што вядома. Напэўна, з гэтых моў была пазней запазычана славянамі і балтамі большасць гідронімаў, пазначаных на папярэдняй карце.

Вадазбор Віслы не быў вядомы Герадоту, але іншыя антычныя аўтары (Гесіёд, Эсхіл, Эўрыпід, Нікандр) прыгадвалі міфалагічны сюжэт пра бурштынаносную раку Эрыдан, якая смутна асацыіравалася з краінай венетаў. Пазней, у рымскія часы, гэты сюжэт быў атаясамлены з ракой Пад (По) і землямі адрыятычных венетаў, пра што паведамляе Пліній Старшы ў сваёй “Натуральнай гісторыі”. Аднак радовішчаў бурштыну там няма, у той час як галоўнай яго крыніцай у антычныя часы было ўзбярэжжа Балтыкі (якую лічылі часткай “Акіяна”). Існуюць розныя тлумачэнні сувязі бурштыну з венетамі. Страбону ў пач. І ст. н.э. была вядома версія аб тым, што адрыятычныя венеты з’яўляюцца каланістамі аднайменнага народу (аднесенага ім да кельтаў), што жыве недзе не ўзбярэжжы Акіяна. Не выключана, што першапачаткова падразумевалася якраз прыбалтыйскія венеты. Магчыма, венеты Адрыятыкі першымі наладзілі гандлёвыя сувязі з Прыбалтыкай праз сваю гіпатэтычную прарадзіму ў парэччы Віслы. Яны пазнаёмілі грэкаў з бурштынам, у сувязі з чым іх краіна пачала ўспрымацца як радзіма гэтага выкапню.