Утварэнне новых моўных супольнасцяў. 1350 - 500 гг. да н. э. (2008)

Гістарычны атлас Беларусі. Том 1. Беларусь ад старажытнасці да канца XVIII ст. - Варшава, 2008.

Карта тлумачыць гістарычныя карані славянскіх моў, да ліку якіх належыць і беларуская. Гіпотэзу аб старажытнаеўрапейскай супольнасці абгрунтаваў у сярэдзіне ХХ ст. нямецкі лінгвіст Г. Крае. Ён высветліў, што ў мінулым існавала прастора, на якой шчыльна кантактавалі продкі італікаў, кельтаў, ілірыйцаў, германцаў, славян і балтаў. Археалагічным адпаведнікам такой прасторы з'яўляецца культурная зона палёў пахаванняў (пахавальных урнаў), якая існавала ў познім бронзавым веку. Яе насельніцтву быў уласцівы пахавальны звычай, паводле якога попел спаленых нябожчыкаў ссыпалі ў адмысловыя пахавальныя урны (польскія археолагі называюць іх "попельніцамі"), якія зкопвалі ў зямлю. Грунтовыя могільнікі з такімі урнамі займаюць часам вялізныя плошчы, што і дало падставу археолагам вызначыць іх як "палі пахавальных урнаў". Распад азначанай супольнасці ў фінале бронзавага і пачатку жалезнага веку прывёў да ўзнікнення шэрагу самастойных культур: заходнегальштацкай (кельты), усходнегальшацкай (ілірыйцы?), віланова (італікі), ястрофскай (германцы), заходнебалцкіх курганоў (балты), а таксама розных груп лужыцкай і вытворнай ад яе паморскай (у літаратуры называецца таксама ўсходнепаморскай, паморска-падклёшавай). Да гэтай жа групы належала і мова венетаў - жыхароў паўночна-заходняй Адрыятыкі (культура эстэ), ад імя якой паходзіць назва сучаснай Венецыі. Ёсць падставы лічыць, што імя венетаў (венедаў) было вельмі старажытным і пашыраным у розных частках супольнасці палёў пахаванняў. Яно зафіксавана антычнымі аўтарамі ў Ілірыі, Брэтані, на паўднёвым узбярэжжы Балтыкі.

Асаблівае значэнне мае звестка гісторыка VI стагоддзя Іардана аб тым, што венетамі называліся і продкі славян. Хоць і не ўсе сучасныя даследчыкі схільныя верыць гэтай звестцы, яна, на нашу думку, дазваляе пабудаваць найменьш супярэчлівую схему паходжання славян. Менавіта з лужыцкай, а затым з паморскай культурай можна звязваць тую галіну венетаў, якая потым дала пачатак славянам. Аднаведна і мову носьбітаў паморскай культуры можна лічыць протаславянскай - гэта значыць, што на яе падставе ўтварылася мова, зыходная для ўсіх сучасных славянскіх моў. З усіх культур, што з'явіліся на аснове супольнасці палёў пахаванняў ці пры імпульсах з яе боку, толькі паморская можа  разглядацца як археалагічны адпаведнік культуры носьбітаў протаславянскай мовы. Іншых кандыдатаў проста не застаецца, бо астатнія культуры гэтага кола або не маюць непасрэднага працягу ў наступныя часы, або даволі надзейна звязваюцца з іншымі моўнымі групамі.