Лукомль і Лукомльская воласць (1994)
Паселішча на месцы сучаснай вёскі Лукомль у Чашніцкім раёне мае багатую гісторыю. Яно існавала практычна без перапынкаў з першых стагоддзяў нашай эры, а ў час утварэння Полацкага княства гэта быў ужо буйны цэнтр. Археалагічныя доследы ў Лукомлі і яго наваколлі ў 1883 г. праводзіў Е.Р. Раманаў [I, с. 146 — 150] , затым гэтыя мясціны абследаваў А.Зм. Каваленя [2, с. 187— 197]. У 1966—1974 гг. стацыянарныя раскопкі праводзіў Г.В. Штыхаў [3, с. 316—З51; 4; 5, с. 21, 41—53].
Г. В. Штыхаў ускрыў 704 кв. м на гарадзішчы (замчышчы), вызначыў агульныя контуры пасада на абодвух берагах р. Лукомкі. На правым беразе ў двух месцах ён ускрыў 612 кв. м пасада, на левым — 224 кв. м. Гэтыя раскопкі дазволілі яму прыйсці да высновы, што ў VІ—VIII стст., у час існавання банцараўскай археалагічнай культуры, было трывала заселена будучае гарадзішча (на той момант, магчыма, яшчэ неўмацаванае) і участак на поўнач ад яго, на правым беразе Лукомкі. З'яўленне драўляна-земляных умацаванняў даследчык звязвае з IX ст., калі Лукомль стаў адным з крывіцкіх цэнтраў. Умацаванні ахоплівалі не менш 0,25 га. Неўмацаваны пасад, на думку Г. В. Штыхава, знаходзіўся на правабярэжжы Лукомкі, на плошчы прыблізна ў 3 га.
У X ст. умацаванні былі знішчаны пажарам, але пазней, напэўна, былі адноўлены. Лукомль упершыню згадваецца у "Павучанні" Уладзіміра Манамаха ў сувязі з падзеямі 1078 г., пасля чаго надоўга знікае з пісьмовых крыніц. Між тым, паводле археалагічных дадзеных, ён дасягае росквіту ў XI—ХIII стст., калі паселішча ахоплівала абодва берагі Лукомкі на плошчы каля 13 га.
У 1989 г. намі было праведзена новае археалагічнае абследаванне ў форме суцэльнага збору пад'ёмнага матэрыялу на агародах вёскі Лукомль. Гэты матэрыял дазволіў дапоўніць і ўдакладніць звесткі аб гістарычнай тапаграфіі Лукомля. Так, апрача вызначаных Г. В. Штыхавым селішчаў-пасадаў (рыс. 1, А, В) намі выяўлены яшчэ два ўчасткі з матэрыяламі XI—ХIII стст. (рыс. 1, Б, Г), што дазваляе ацаніць агульную плошчу тагачаснага паселішча прыкладна ў 15—16 га.
Яшчэ больш цікава, што на левабярэжным пасадзе (рыс. 1, В), дзе пры раскопках Г. В. Штыхава была знойдзена толькі ганчарная кераміка, намі знойдзена 10 фрагментаў ляпнога посуду, з іх 6 венчыкаў і 3 кавалкі днішчаў. Адзін венчык (рыс. 2, А) аздоблены па краю зашчыпамі, іншыя (рыс. 2, Б—Г) проста адагнуты ў вонкавы бок. Такая кераміка можа быць прадатавана IX ст., гэта значыць — часам, калі ўзнікла першапачатковае крывіцкае ўмацаванне. Прытым знойдзеныя ляпныя фрагменты даволі раўнамерна размяркоўваюцца на адрэзку у 800—900 м уздоўж левага берага Лукомкі, што сведчыць аб заселенасці ў IX ст. практычна ўсяго левабярэжнага селішча.
Гэтыя знаходкі дазваляюць сцвярджаць, што ў IX ст. Лукомль быў больш значным паселішчам, чым уяўлялася раней. Ён складаўся з умацаванага дзяцзінца плошчай каля 0,25 га і двух пасадаў на абодвух берагах Лукомкі агульнай плошчай каля 10—13 га. На той час гэта было адно з буйнейшых паселішчаў на тэрыторыі Беларусі. Нават тагачасны Полацк, на думку С. В. Тарасава, меў дзядзінец да 0,85 га і пасад каля 5—6 га [6, с. 6—17]. Іншае буйное паселішча, на р. Менцы, дасягнула плошчы ў 30 га толькі у Х—ХІ стст. [5, с. 66]. У IX ст. яно наўрад ці перасягала Лукомль.
Не выключана, што ў той час Лукомль быў цэнтрам аднаго з пляменных княстваў крывічоў, уладары якіх былі звязаны з гандлёвымі аперацыямі русаў. Значэнне Лукомля ў такім выпадку павінна было абумоўлівацца кантролем над адным з волакаў, што звязвалі вадазборы Дзвіны і Дняпра. Такі волак мог існаваць у раёне вёскі Валосава, дзе амаль сыходзяцца вытокі Усвейкі і Бабра і дзе быў знойдзены арабскі дырхем, які зараз захоўваецца ў музеі Валосаўскай сярэдняй школы Талачынскага раёна (паведамленне дырэктара школы Рамановіча). Парэчча Усвейкі, як будзе паказана ніжэй, здаўна і трывала знаходзілася ў сферы прыцягнення Лукомля.
Магчыма, разбурэнне лукомльскіх умацаванняў у X ст. адлюстроўвае канчатковы вынік барацьбы за гегемонію ў Падзвінні паміж Лукомлем і Полацкам, якая скончылася на карысць апошняга. Лукомль быў уключаны ў Полацкую зямлю, у складзе якой яго і ўпамінае Уладзімір Манамах. Гэта амаль спыніла яго тэрытарыяльны рост, але не прывяло да заняпаду. Знойдзеныя Г. В. Штыхавым багатыя рэчы XI—ХIII стст., у тым ліку залатая пацерка, а таксама два клады ювелірных нарыхтовак з вёскі Стражэвічы і характарны для дружынных пахаванняў інвентар курганоў ва ўрочышчы Праклятае Поле на ускрайку Лукомля, раскапаных Е. Р. Раманавым і Г. В. Штыхавым [7, с. 76], — усе гэта сведчыць, што ў той час горад заставаўся цэнтрам адміністрацыйнага кіравання для пэўнай акругі.
У свой час Л. В. Аляксееў выказаў думку, што Лукомль мог быць цэнтрам удзельнага княства, якім валодаў адзін са шматлікіх праўнукаў Усяслава Полацкага [8, с. 223]. Гэта нельга выключыць, але такое княства ў крыніцах не згадваецца. Да таго ж трэба ўлічваць, што археалагічныя звесткі (перш за усё колькасць характэрных тыпаў масавага матэрыялу) дазваляюць адцносіць пік росквіту Лукомля не да канца ХІІ — пачатку ХІІІ стст., калі дзейнічалі праўнукі Усяслава, а да XI — першай паловы ХII стст., часу яго сыноў і ўнукаў. Сярод вядомых з крыніц прадстаўнікоў гэтых двух пакаленняў няма верагодных кандыдатаў на ўладанне Лукомскім удзелам.
У сувязі з гэтым мы мяркуем, што ў Лукомлі трэба бачыць не ўдзельны цэнтр, а цэнтр гістарычнай воласці, якая склалася, напэўна, яшчэ ў IX ст. і затым была ўключана ў Полацкае княства як асобная адміністрацыйная і падаткавая адзінка. Кіравалася гэтая воласць, хутчэй за усё, намеснікамі з ліку баяр полацкага князя.
У складзе Полацкага княства Лукомль недзе ў II-й палове ХIII — пачатку ХІV стст. увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага. Невядома, ці з'яўляліся ў ім час ад часу мясцовыя князі, ці ён трывала заставаўся у падпарадкаванні Полацка.
Пэўнае ўзрастанне ролі Лукомля фіксуецца з канца ХІV ст., калі ён зноў пачынае трапляць на старонкі дакументаў. У "Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх", складзеным прыкладна у 1390-я гады, ён упамінаецца ў ліку літоўскіх гарадоў [9, с. 224]. У хроніцы Яна Длугаша Лукомль ("замак Лукомка") згадваецца у сувязі з падзеямі 1386 г., пад час канфлікту паміж Ягайлам і Андрэем Альгердавічамі. Андрэй, аднаўляючы з дапамогай Тэўтонскага ордэна кантроль над Полацкім княствам, захапіў Лукомль, які затым на працягу двух сутак вытрымліваў аблогу войска, пасланага Ягайлам [10, с. 435—436]. Гэтая звестка была затым паўторана М. Стрыйкоўскім, які у 1573 г. асабіста наведаў месца падзей і апісаў рэшткі зніклага на той час замка [11, с. 75].
Царкоўны твор, які захаваўся у рукапісе ХVІ ст., распавядае пра цуды св. Мікалая Жыдычынскага, яўленыя ў Лукомлі ў 1392 г. "при князе Витовте Кестутьевичи", у выніку чаго там быў заснаваны праваслаўны манастыр, куды перабраліся манахі з Валыні [12, с. 191—192].
Затым Лукомль адыграваў даволі прыкметную ролю ў ходзе барацьбы паміж Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстуцьевічам у 1430-ыя гады. Ён быў апорным пунктам Свідрыгайлы, які менавіта ў Лукомлі распускаў (напэўна, папярэдне і збіраў) сваё войска [13, с. 34, 57—58; 77 і інш.].
Усё гэта сведчыць пра тое, што недзе ў канцы ХІV ст. Лукомль, дзе тады меўся моцны замак, стаў, відаць, значным адміністрацыйным цэнтрам. Напэўна, якраз тады ён стаў рэзідэнцыяй князя — родапачынальніка князёў Лукомскіх, якія пачынаюць упамінацца з другой паловы ХV ст. Праўда, Хроніка Быхаўца згадвае нейкага князя Андрэя Лукомскага і Старадубскага, дачка якога была адной з трох жонак Вітаўта [14, с. 150]. Гэтая звестка ўскосна пацвярджаецца крыжацкай хронікай Ліндэнбладта, паводле якой першай жонкай Вітаўта была руская князёуна, бацьку якой ён забіў [15, с. 376—377]. Аднак для ўпэўненага сцвярджэння аб тым, што гэты загадкавы князь валодаў менавіта Лукомлем, позней і адзікавай звесткі хронікі Быхаўца яўна недастаткова.
Дакладнае паходжанне князёў Лукомскіх было забыта ўжо ў ХVII ст. Аўтары тагачасных гербоўнікаў трактавалі яго па-рознаму. С. Акольскі лічыў, што Лукомскія маюць агульнае з князямі Палубінскімі паходжанне ад Андрэя Альгердавіча, у сувязі з чым прыпісваў ім герб Ястрабец [16, с. 206]. В. Каяловіч больш слушна адзначаў, што Лукомскія карысталіся гербам Рох, у якім сярэдні пялёстак лілеі быў заменены на крыж. Іх паходжанне ён таксама звязваў з Альгердавічамі, але па жаночай лініі. Заснавальнік роду быццам быў сынам сястры Ягайлы, на падставе чаго Лукомскія часам карысталіся і гербам Пагоня [17, с. 14, 263]. Вядомы даследчык генеалогіі беларуска-літоўскіх князёу Ю. Вольф схіляўся да думкі, выказанай яшчэ Карамзіным, што род Лукомскіх пайшоў ад кагосьці з мясцовых нашчадкаў полацкіх Усяславічаў [18, с. 213].
Стан крыніц не дазваляе выключыць ніводную з гэтых версій. Вядома, напрыклад, што ў Андрэя Альгердавіча застаўся сын Іван, які ў 1397—1399 гг. быў служылым князем у Пскове, а затым з'ехаў у Літву. Праз некалькі дзесяцігоддзяў, у 1437—1439 гг. ён зноў знаходзіўся ў Пскове [19, с. 25, 26, 44]. Беларуска-літоўскія крыніцы гэтага князя ўвогуле ні разу не згадваюць на працягу яго доўгага жыцця, таму адкрытым застаецца пытанне аб яго ўладаннях у Вялікім княстве Літоўскім, як і аб яго мягчымых нашчадках. Улічваючы, што яго бацька доўгі час валодаў Полацкам, вылучэнне яму ў якасці ўдзелу Лукомльскай воласці не здаецца неверагодным.
Вядома таксама, што зяцямі Альгерда былі некаторыя рускія князі — у прыватнасці, Святаслаў Карачаўскі і Іван Навасільскі. Пазней Ягайла аддаў сваю сястру за князя Мітка Давыдавіча, уладальніка Гарадца (Давыд-Гарадка). Таму не здаецца немагчымым і шлюб адной са шматлікіх дачок Альгерда з якімсці прадстаўніком мясцовых Усяславічаў, генеалогія якіх на працягу ХIII—ХІV стст. практычна не прасочваецца з-за недахопу звестак.
Ва ўсякім выпадку, у першай трэці ХV ст. павінны былі існаваць некалькі (не менш двух) уладальнікаў Лукомля. Удавой аднаго з іх, напэўна, была княгіня Марына, якая памерла каля 1440 г. без нашчадкаў, бо яе пажыццёвыя ўладанні адышлі да вялікага князя Казіміра. Аб гэтым сведчыць рэестр пажалаванняў, зробленых на пачатку панавання Казіміра. Ад імя апошняга віленскі ваявода Даўгірд, які памёр у 1443 г., перадаў "в Лукомле Станьку Саковичу село Болино, данники Свядо по княгини Марине животе до воли" [20, с. 13].
Разам з тым павінен быў існаваць нейкі іншы князь, нашчадкамі якога былі пазнейшыя князі Лукомскія. 3 іх раней за усё упамінаецца Васіль Лукомскі, які ў Берасці быў сведкам па справе князёу Астрожскіх [21, с. 44]. Як паказаў Ю. Вольф, гэтая звестка датуецца 1463 г. [18, с. 213]. Вядома таксама, што нейкія неназваныя князі Лукомскія раней 1475 г. падаравалі заснаванаму ў 1450-ыя — 1460-ыя гады Чарэйскаму манастыру "село в Кореевичах" (напэўна, сучасныя Каровічы ў Чашніцкім раёне, на р. Усвейцы) і возера Залоціна непадалёку ад іх [22, с. 233]. Вядома таксама пра Івана Лукомскага, які у 1473 г. з'ехаў у Маскву, дзе пазней быў пакараны смерцю [18, с. 213].
3 вышэйзгаданага рэестру пажалаванняў Казіміра вынікае, што даволі значныя ўладанні "в Лукомле" (гэта значыць — у Лукомльскай воласці) у той жа час знаходзіліся ў распараджэнні вялікакняжацкай адміністрацыі і былі раздадзены розным асобам. Магчыма, папярэдне яны ўтваралі вотчыну аднаго з Лукомскіх, канфіскаваную ў яго як у прыхільніка Свідрыгайлы пасля перамогі Жыгімонта. За подпісам ваяводы Петраша Мантыгірдавіча (не пазней 1453 г.) са складу Лукомльскай воласці нейкаму Дашку была пажалавана "Константинова жена в Черсех" [20, с. 13]. Тут, напэўна, у скажонай форме зафіксавана назва сяла Чарэя ў сучасным Чашніцкім раёне. У той жа час маршалак Войтка атрымаў 3 сялянскія сям'і у Астапкавічах, а 2 — у "Зареи", пад якой трэба разумець тую ж Чарэю [20, с. 32]. Вышэйзгаданы Станька Саковіч у 1443 альбо 1458 г. (запіс датаваны 6-ым індыктам) атрымаў 5 чалавек у Таранцэвічах, 2 — у Грагаровічах і 1 — у Пахомавічах, побач з атрыманым раней Болінам. У 1465 г. (13 індыкт, канцлерства Міхаіла Кезгайлы), ужо пасля смерці Станькі, "у Лукомли Олехну Саковичу и его братьи дал король Болино, как брат их Станко держал, жене пане Станковое дал король Улу, что был Жигимонт Станку дал" [20, с. 13, 32].
Апошні запіс паказвае, што маёнтак Ула быў пажалаваны Станьку яшчэ Жыгімонтам Кейстуцьевічам, забітым у 1440 г. Гэта пацвярджае думку, што апошні канфіскаваў частку Лукомльскай воласці пасля перамогі над Свідрыгайлам у 1435 г. ці крыху пазней. Тады ж, магчыма, некаторыя сёлы дасталіся князю Федку Даўгоўдавічу, пасля смерці якога у 1451 г. былі перададзены канцлеру Міхаілу Кезгайлу. Пры гэтым упамінаецца 12 чалавек у Лукомлі, 10 даннікаў і 11 цяглых сялян у сёлах Хлопавічы, Астапкавічы і Літовічы [23, с. 71, 134]. У 1476 г. пляменнік канцлера Мікалай Янавіч Кезгайла атрымліваў з даннікаў у Лукомлі 40 пудоў мядовай даніны, палову якой ён запісаў на карысць новазаснаванай капліцы у віленскім касцёле Св. Станіслава [24, с. 350—352]. Тады ж касцёл у Дзевялтове атрымаў ад яго даніну з сяла Латыголічы "на Русі" [24, с. 352—356]. Хаця сувязь гэтага сяла з Лукомльскай воласцю непасрэдна не фіксуецца, яна уяўляецца вельмі верагоднай.
Такім чынам, першыя звесткі аб тэрыторыі Лукомльскай воласці тычацца часу яе распаду, калі значная яе частка адышла да вялікага князя і была затым перададзена ў іншыя рукі. Усе гэтыя паселішчы ў далейшым ператварыліся ў асобныя шляхецкія маёнткі і князям Лукомскім больш ніколі не належалі (за выключэннем Боліна, якое вярнулася да іх праз шлюб). Тым большую каштоўнасць маюць прыведзеныя звесткі, бо ў сукупнасці з дадзенымі аб землеўладанні князёў Лукомскіх яны дазваляюць акрэсліць межы воласці на пачатку ХV ст., калі яна яшчэ захоўвала адзінства. Пры гэтым не выключана, што рэканструіраваная такім чынам тэрыторыя воласці ўзыходзіць да яшчэ больш ранніх часоў, калі яна кіравалася полацкімі намеснікамі.
Як паказана вышэй, у ХV ст. ад Лукомльскай воласці адпалі два значныя абшары, адзін з якіх трапіў у рукі паноў Саковічаў, а другі — спярша князя Даўгоўдавіча, а затым паноў Кезгайлаў. Апрача таго, у якасці самастойнага маёнтка згадваецца Чарэя. Крыніцы дазваляюць вызначыць даволі дакладна як гэтыя абшары, так і той, што застаўся ў руках Лукомскіх.
Паселішчы Боліна і Свяда, што перайшлі да Саковічаў пасля смерці княгіні Марыны, існавалі яшчэ на пачатку XX ст., што дазваляе лакалізаваць іх па карце ЕўрапейскаЙ Расіі выдання 1915 г. [25]. Боліна знаходзілася на мяжы сучасных Чашніцкага і Лепельскага раёнаў, паміж вёскамі Кастрыца і Дзераўня, Свяда — на рэчцы Свядзіцы, ля вёскі Слабада Лепельскага раёна. Іх межы ўпамінаюцца пры апісанні Полацкага павета маскоўскімі пісцамі у 1563 г. Тэрыторыя Болінскага маёнтка тады цягнулася на поўнач да р. Улы і ўключала сяло Межыцу [26, с. 423]. Там жа ўпамінаецца мяжа сяла Свяда, што ішла ад возера Берашча па аднайменнай рэчцы да р. Эсы. Натуральнай мяжой гэтага сяла на захадзе было вялізнае балота у водападзеле Эсы і Сергуча (доплыва Бярэзіны). Далей ляжалі землі сяла Домжарыцы, якое вылучылася з іншай воласці — Харэцкай, што ахоплівала вярхоўі Бярэзіны. Домжарыцы ўпамінаюцца з 1407 р., калі яны былі замацаваны за Войцахам Манівідам [27, с. 70]. У 1558 домжарацкі ўраднік незаконна ўехаў у сумежную Свядскую пушчу і пабіў там звяроў, за што тагачасныя уласнікі Свяда Станіслаў Петкавіч і княгіня Лукомская-Шчыдуцкая судзіліся з яго панам Васілём Тышкевічам [28, л. 663 адв. — 864].
На поўначы Боліна і Свяда межавалі з Полацкім паветам, у складзе якога маскоўскія пісцы у 1563 г. вызначалі воласць Лепель ("Лепль") вакол аднайменнага возера, з царкоўнымі і шляхецкімі сёламі Белае, Ляднае, Жэжліна і Завідзічы [26, с. 438—439]. Мяжу яны праводзілі па р. Эсе і Уле, але памыляліся, бо да Лепельскай воласці адносіўся значны абшар на поўдзень ад Улы. Сяло Белае, якое знаходзілася на месцы сучаснага райцэнтра Лепеля, у першай палове ХV ст. належала ўнуку Альгерда, князю Андрэю Уладзіміравічу [18, с. 337—338], пасля смерці якога ў 1457 г. адышло да родзічаў яго жонкі — паноў Чарэйскіх, а затым Сапегаў. Першапачатковы Лепель (сучасны Стары Лепель) у 1439 г. належаў сыну вялікага князя Жыгімонта Міхаілу, які падараваў яго Віцебскаму касцёлу [29]. Яшчэ ў 1503 г. гэтаму касцёлу належалі Лепель і Бораўна (апошняе — на правабярэжжы Улы недалёка ад Белай), якія пазней перайшлі да Віленскага біскупства [30, с. 132—135].
Тое, што Лепельская воласць заходзіла на правабярэжжа Эсы і Улы, наводзіць на думку, ці не вылучылася яна раней з Лукомльскай воласці, натуральна звязанай з вадазборам гэтых рэк? Сапраўды, Лепель мог быць таксама канфіскаваны Жыгімонтам у кагосьці з Лукомскіх і перададзены часткова ўласнаму сыну, часткова — Андрэю Уладзіміравічу. Але супраць такой думкі сведчыць лёс сяла Жэжліна, якое быццам бы было вялікакняжацкай уласнасцю яшчэ пры Вітаўце. Позняя традыцыя сведчыць, што менавіта Вітаўт пажалаваў Жэжліна пачынальніку шляхецкага рода Місунаў, ад якіх яно пазней трапіла да Астравухаў [31, с. 790], у пісцовай кнізе 1563 г. памылкова названых Амструхамі. Праўда, арыгінал прывілея Вітаўта невядомы, як і іншыя бясспрэчныя ўпамінанні Жэжліна у ХV ст., таму не выключана, што гэта толькі паданне. Такім чынам, пытанне аб магчымым вылучэнні Лепельскай воласці са складу Лукомльскай застаецца адкрытым.
Што датычыць Улы, пажалаванай Станьку Саковічу Жыгімонтам, то няма падстаў звязваць яе з аднайменным паселішчам ля упадзення аднайменнай ракі ў Дзвіну. У пісцовай кнізе 1563 г. упамінаецца іншая Ула, якая знаходзілася ў 7 вярстах ад Чашнікаў і ў 25 вярстах ад Полацка. Яна названа цэнтрам асобнай воласці, "а в той волости села и деревни панские и монастырские многие" [26, с. 437]. Пад манастырскімі сёламі, напэўна, трэба разумець уладанні манастыра Іаанна Прадцечы, якому, паводле рэвізіі Полацкага замка ў 1552 г., належалі "люди коптевские, демидовские и пристойские" на р. Уле [32].
Уласна маёнтак Ула ўпамінаецца ў 1546 г., калі ён належаў князю Янушу Юр'евічу Гальшанскаму і калі адбывалася яго размежаванне з сялом Караевічы князя Андрэя Лукомскага на левабярэжжы р. Улы [33, л. 198 адв. — 199]. У 1551 г. маёнтак Ула належаў ужо троцкаму ваяводзе Мікалаю Юр'евічу Радзівілу і знаходзіўся ў закладзе ў Васіля Тышкевіча, прычым да маентка адносілася частка сяла Жэрына, іншая частка якога належала князю Лукомскаму [34, л. 200 адв. — 201 адв.].
Ля гэтай жа Улы 11 лютага 1564 г. адбылася вядомая бітва Лівонскай вайны. Гетман Мікалай Радзівіл даносіў з месца сваёй перамогі, што яна адбылася ля Улы, "мястэчка пані ваяводзінай віцебскай [35, с. 123—126]. Пры гэтым ён яўна атаясамлівае Улу з Чашнікамі, якія сапраўды былі мястэчкам і належалі ўдаве віцебскага ваяводы Станіслава Кішкі, Ганне Радзівілаўне.
М. Стрыйкоўскі, які ў 1573 г. наведаў месца бітвы і назіраў там шматлікія косці маскоўскіх ратнікаў, вызначаў гэтае месца ў адным выпадку "на палях Чашніцкіх", у другім — на палях Іванскіх" [11, с. 189—190]. Верагодна, уласна Ула знаходзілася недзе на поўнач ад Чашнікаў, непадалёку ад Іванска, Дзямідавічаў і Копцавічаў. Пры гэтым яе маёнткавы абшар дасягаў возера Жэрына і аднайменнага сяла. Усё гэта сведчыць аб цеснай сувязі Улы і Чашнікаў, якія, напэўна, папярэдне ўтваралі адзіны маёнткавы абшар. Абодва яны названы сярод уладанняў Ганны Радзівілаўны ў перапісе войска 1567 г. [36, с. 449]. У ХVІ ст. гэтыя маёнткі адносіліся ўжо да Полацкага павета, але вельмі верагодна, што якраз тут знаходзілася тая Ула, якую у свой час атрымаў пан Саковіч.
Аб папярэдняй прыналежнасці гэтага абшару да Лукомльскай воласці сведчыць і тое, што непасрэдна да Чашнікаў адносілася ізаліраваная ад іх тэрытарыяльна мясцовасць паміж Болінам і Свядам. У 1574 г., пры падзеле маёнткаў Ганны Радзівілаўны Кішчынай паміж яе дзецьмі, згадваюцца "замак і маёнтак Чашнікі і воласць, што ляжыць у Аршанскім павеце" [37, л. 156 адв.]. У інвентары Чашніцкай воласці за 1633 г. гэтая тэрыторыя акрэслена больш выразна: там знаходзіліся сяло, мястэчка і слабада з аднолькавай назвай Валосавічы, засценак у Краснай Луке (пазнейшая Красналучка), слабада Забаенне [38, с. 256—281]. Сёння Старыя і Новыя Валосавічы знаходзяцца ў Лепельскім раёне, у непасрэднай блізасці ад паселішчаў, упамянутых у пажалаванні Станьку Саковічу: Таранкевічаў (Вялікіх і Малых) і Грыгаровічаў. У тым жа пажалаванні (глядзі вышэй) упамянуты падданы Андрэйка Сядневіч, прозвішча якога пераклікаецца з назвай вёскі Слядневічы.
Вышэйзгаданы інвентар 1633 г. дазваляе акрэсліць і тую тэрыторыю, што прылягала да Чашнікаў. На ёй знаходзіліся вёскі Баркі, Смалянцы, Рагановічы, Вішкавічы, Ведрыня, Харакова, Тарантова, Асташаў і Сялец. Усе яны, напэўна, узніклі на тэрыторыі старажытнай Лукомльскай воласці, да якой трэба далучыць і сёлы Ульскай воласці, названыя ў полацкай рэвізіі 1552 г. (Дзямідавічы, Копцавічы і Прыстоі), а таксама змешчанае паміж імі сяло Іванск, на палях якога адбывалася бітва 1564 г.
Такія высновы прымушаюць звязваць з Лукомлем і абшар маёнтка Цяпіна, які знаходзіўся паміж Чашнікамі і Болінам, хаця ён непасрэдна ў час распаду Лукомльскай воласці не згадваецца. 3 пазнейшых звестак вынікае, што ў другой палове ХV ст. Цяпіна дасталася нейкаму баярыну Амельяну, а затым — яго сынам Івану і Грыгорыю Служцы. Ад першага з іх пайшоў род Амельяновічаў-Цяпінскіх, ад другога — род Служкаў, прычым абодва гэтыя роды ў ХVІ ст. выступаюць як саўладальнікі Цяпіна. Сыны Івана, Мацей і Мікалай Цяпінскія, упамінаюцца ў рэвізіі 1552 г. [32, с. 149], а сынам Мікалая быў вядомы беларускі асветнік Васіль Цяпінскі. Адначасова правы на Цяпіна захоўваў і Іван Грыгор'евіч Служка. У 1591 г. сярод маёнткаў яго ўнукаў Мікалая і Крыштафа Мікалаевічаў упамінаецца маёнтак Цяпіна з суседнімі сёламі Мокавічы і Прыстоі (частка апошняга з іх, нагадаем, выступае сярод манастырскіх уладанняў у складзе Ульскай воласці) [39, с. 411—413].
Да ўладанняў Служкаў папярэдне належала і сяло Караевічы на левым беразе Улы, насупраць Межыцы, якое зятым трапіла да князя Багдана Андрэевіча Лукомскага. У дакуменце 1579 г. гаворыцца, што некалі Караевічы былі ўласнасцю продкаў жонкі Багдана, Зофеі Іванаўны Служчанкі. Ад Служкаў яны перайшлі нейкім чынам да бацькі Багдана, князя Андрэя Іванавіча Лукомскага [33, л. 194—200]. Там жа згадваецца, што ў 1562 г. полацкі ваявода Станіслаў Давойна спрабаваў уключыць Караевічы ў лік дзяржаўных сёл Полацкага ваяводства, але Лукомскі здолеў даказаць свае правы на яго. Такая спроба можа тлумачыцца тым, што названае сяло знаходзілася на самай перыферыі былой Лукомльскай воласці, побач з уладаннямі, якія здаўна цягнулі да Полацка.
Вышэй згадвалася, што ў 1546 г. адбывалася размежаванне Караевічаў з маёнткам Ула. Да апошняга, напэўна, папярэдне адносілася суседняе сяло Павулле. Вядома, што яно ў 1550 г. было набыта Якубам П'яноўскім у Мікалая Юр'евіча Радзівіла, які годам пазней выступае як уласнік Улы [40, с. 898].
Такім чынам, даволі выразна акрэсліваецца доўгі пас у паўночнай частцы Лукомльскай воласці, які адпаў ад яе ў ХV ст. Іншы такі ж абшар ахопліваў верхнюю частку вадазбору р. Эсы, на поўдзень ад Свяда, Боліна і Валосавічаў. У другой палове ХV ст. амаль увесь ён, напэўна, належаў панам Кезгайлам.
На жаль, не вельмі дакладна прасочваецца лёс сяла Латыголічы, заходняя мяжа якога была адначасова і вонкавай мяжой былой Лукомльскай воласці. У 1541 г. Латыголічы належалі князю Юрыю Сяменавічу Слуцкаму, падданыя якога пашкодзілі мяжу суседняга маёнтка Нежыцы — уласнасці жамойцкага старасты Яна Мікалаевіча Радзівіла [41, л. 107 адв. — 109 адв.]. Апошні быў бацькам Ганны Радзівілаўны, якая, напэўна, якраз ад яго атрымала ў спадчыну Чашнікі. Ён жа, здаецца, набыў пазней і Латыголічы, якія ў далейшым разам з Нежыцамі часова перайшлі да Лаўрына Канстанцінавіча Ратомскага. "Сёлы забярэзінскія Латыголічы і Нежылічы" згадваюцца ў яго завяшчанні ў 1594 г. [42, с. 473]. У 1633 г. і пазней Латыголічы разам з сялом Жортай і мястэчкам Нача (пазнейшай Кішчынай Слабадой недалёка ад Нежыцаў, у сучасным Барысаўскім раёне) адносіліся да маёнтка Чашнікі, а сумежнае сяло Жортайка да ХVІІІ ст. заставалася ва уласнасці Ратомскіх.
Недзе паміж Латыголічамі і Нежыцамі, у вярхоўях р. Жортайкі, трэба праводзіць першапачатковую вонкавую мяжу Лукомльскай воласці. Нежыцы, напэўна, здаўна ўтваралі адзіны маёнткавы комплекс з Зембінам і Мсціжам на супрацьлеглым беразе Бярээіны, якія трапілі да Радзівілаў у ліку іншай манівідаўскай спадчыны ў былой Харэцкай воласці.
На ўсход ад Латыголічаў, у вярхоўях Эсы, знаходзіўся вялікі абшар "лукомльскіх даннікаў", які заставаўся ў руках Кезгайлаў да згасання іх роду ў 1554 г. Затым іх спадчына была падзелена паміж родзічамі па жаночай лініі — панамі Шэметамі і Завішамі [23, с. 93—96]. На працягу 1573—1593 гг. сярод уладанняў гэтых двух родаў неаднаразова ўпамінаюцца сёлы Астапкавічы, Хацюхова, Галькі, Заессе і Халопенічы [43, т. I, с. 37, 43, 76, 99; т. 4, с. 33; 44, с. 248]. Пазней яны належалі сумесна панам Валадковічу, Нонгарту і Нароўніку, а пасля 1620 г. былі скуплены аршанскім харунжым Міхаілам Млечкам і ўтварылі адзіны буйны маентак з цэнтрам у Халопенічах [45, л. 41 адв. — 45 і інш.].
Пры лакалізацыі гэтых паселішчаў складанасці ўзнікаюць толькі з Астапкавічамі, назва якіх пазней знікла. Але ў інвентары Халопеніцкага маентка ў 1777 г. упамінаецца "вёска Астапкаўшчына, альбо Дабрамысль" [46, л. 20]. Гэта дазваляе лакалізаваць вядомыя з ХV ст. Астапкавічы на месцы ці паблізу з Дабрамыслем у Чашніцкім раёне ля мяжы Лепельскага.
Да Халопеніцкага маёнтка з поўдня прымыкалі землі Барысаўскай дзяржаўнай воласці (староства). Цікава, што мяжа паміж імі перасякала вадападзел Эсы і доплываў Бярэзіны, уключаючы вярхоўі Начы ў склад Халопеніцкага маёнтка. Магчыма, гэтая мяжа складвалася стыхійна ў ходзе асваення лясных масіваў, у якім кезгайлаўскія падданыя праяўлялі большую актыўнасць, чым жыхары Барысаўскай воласці. Захаваліся звесткі аб шэрагу размежаванняў у вярхоўях Начы і Схі паміж Барысавам і Халопенічамі, якія адбываліся на працягу 1552—1641 гг. [47, л. 141—156]. На барысаўскім баку пры гэтым згадваюцца сёлы Заберычы (сучасныя Вялікія Жаберычы), Клён, Ратуцічы, Пупелічы (зараз не існуе), Ігрышча, Крацэвічы і мястэчка Барань, заснаванае на крацэвіцкіх землях. 3 імі межавалі землі халопеніцкіх сёлаў Хацюхова, Грыцкавічы, Пагарэлае, Максімаўскае, Траянава і Хралоўка.
Паміж землямі маёнткаў Халопенічы і Латыголічы на левабярэжжы Эсы знаходзіліся маёнтак Багданава і сяло Маісееўшчына. Апошяе ў ХVІ ст. неаднаразова ўпамінаецца як дробнашляхецкая ўласнасць, перад 1558 г. набытая Кліментам Дрожчай у Юрыя і Станіслава Буськавічаў [48, л. 919—920 адв.]. У вышэйзгаданым размежаванні Барысаўскай і Халопеніцкай валасцей прыгадваецца, што яшчэ ў 1524 г. барысаўскі ўраднік Каспар Кунцэвіч набыў у нейкага Станіслава Яцкавіча, уладальніка маёнтка Багданава, зямлю сяла Маісееўшчыны ў вярхоўях р. Жортайкі, якую прылучыў да Барысаўскай воласці [47, л. 144 адв.]. Магчыма, тут у скажоным выглядзе названа імя Станіслава Янавіча Кезгайлы, якому у той час належалі землі ў вярхоўях Эсы. Прынамсі, у ХVІІ ст. Багданава разам з Халопенічамі належала Міхаілу Млечку, і у далейшым яны ўтваралі адзіны маёнткавы абшар. Усё гэта дазваляе адносіць Багданава і Маісееўшчыну да маёнткаў, вылучаных з колішняй Лукомльскай воласці, хаця факт такога вылучэння непасрэдна не зафіксаваны.
На ўсходзе ад вярхоўяў Эсы старажытная Лукомльская воласць межавала з Друцкім княствам. Спроба рэканструіраваць першапачатковую тэрыторыю апошняга ўжо прадпрымалася намі [49, с. 80—81, 91—95]. Адносна мяжы паміж Друцкам і Лукомлем гэтая спроба патрабуе ўдакладненняў. Так, да Друцкага княства трэба безагаворачна аднесці землі воласці Худава, мядовая даніна з якой яшчэ ў ХІV ст. ішла друцкаму князю Васілю Міхайлавічу, ахвяраваўшаму гэтую даніну царкве ў Друцку [12, с. 9]. Гэтак жа да Друцка спярша належала і сяло Кіявец у вярхоўях р. Бобр. Упершыню яно упамінаецца ў 1562 г. у сувязі з маёнткамі Загароддзе і Коханава (сучасны Талачынскі раён), якія пасля князя Васіля Юр'евіча Друцкага-Талачынскага перайшлі да паноў Гарнастаяў, але адначасова ўяўлялі сабой "блізкасць" нашчадкаў Януша Друцкага-Любецкага [50, л. 280—282].
Звесткі пра тэрыторыю Худаўскага маёнтка адносяцца да 1562 г., калі гэты маёнтак ужо перайшоў ад князёў Друцкіх-Любецкіх спярша да князёу Сенскіх, а затым да іх родзічаў па жаночай лініі. Да Худава тады адносілася між іншым сяло Калодніца на супрацьлеглым, усходнім беразе возера Сялява [51, с. 431—433]. Такім чынам, крайнімі пунктамі колішняга Друцкага княства былі Кіявец, Калодніца, Худава, а далей на паўднёвы захад, напэўна, сяло Шчаўры (зараз Старыя Шчаўры недалёка ад Хацюхова, на ўсход ад р. Начы), якое упамінаецца сярод паселішчаў Худаўскай воласці каля 1624 г., ужо ў складзе Чарэйскага маёнтка Льва Сапегі [52].
3 Лукомльскай воласці, як ужо адзначалася, вылучылася першапачатковая тэрыторыя маёнтка Чарэя. У далейшым, пры Сапегах, гэты маёнтак быў значна пашыраны і ператварыўся ў вялізную латыфундыю, але спярша ён не меў значных памераў. У сярэдзіне ХV ст. Чарэя належала пяці братам — сынам баярына Івана Чарэйскага. Адзін з іх, Місаіл, стаў праваслаўным смаленскім епіскапам і заснаваў у сваёй частцы маёнтка, на возеры Галаўлі, манастыр у гонар Св. Троіцы, на карысць якога яго брат Міхаіл Пструг ахвяраваў землі ля азёр Галаўля і Чарэя ў 1454 г. [53, с. 1]. Іх пляменнікі, сыны трэцяга брата Дашкі, каля 1475 г. гэтак жа падаравалі манастыру ўрочышча Клубінічы (зараз — вёска на поўначы Крупскага раёна) [54, с. 233].
Адна з пяці частак Чарэйскага маёнтка праз шлюб дачкі іншага брата, Сенькі, дасталася Багдану Сапегу, які ў 1499 г. судзіўся за гэтую частку з яшчэ жывым у той час Міхаілам Пстругам. Пры гэтым згадваюцца падданыя "балючане" — жыхары сяла Балюта паблізу Чарэі [18, с. 669]. Гэты ж Багдан Сапега атрымаў паводяе завяшчання Місаіла права апекі над Чарэйскім манастыром, што прывяло да фактычнага захопу яго нашчадкамі манастырскіх зямель. У 1591 г. праўнук Багдана, славуты Леў Сапега, пры падзеле маёнткаў свайго бацькі Івана Іванавіча атрымаў маёнтак Чарэя "з наданьем и подаваньем монастыра Светое Тройцы", у тым ліку сёлы Балюта, Горкі (Горы), Канстанцінава, Махава, Забор'е, Стражэвічы, Вайдзілава, Плескачы, Клубінічы і Манастыр, а таксама іншыя паселішчы, прыкупленыя пазней да гэтага першапачатковага ядра [55, с. 291—292]. У прыватнасці, Леў Сапега ў 1590 г. купіў у Ераніма Гарнастая суседні Кіявец [55, с. 289], на землях якога пазней узнікла мястэчка Красны Стаў (сучасная Абчуга).
Мужчынскія нашчадкі Івана Чарэйскага захавалі невяліную частку яго спадчыны, і то часова. Адным з сыноў Дашкі Іванавіча быў, напэўна, Сенька Дашкавіч, сын якога Васька Сенькавіч раней 1524 г. падараваў зямлю ва ўрочышчы Асечня (зараз — вёска на поўначы Крупшчыны) князю Багдану Адзінцэвічу [18, с. 282]. Пяты з братоў, Мікіта Іванавіч, пакінуў сына Ждана і ўнука Льва Жданавіча. У 1602 г. упамінаецца, што Леў Сапега прыкупіў да Чарэі ўладанні "Левона Здановича" і іншых асоб, у тым ліку і розныя часткі суседняй Худаўскай воласці [56, с. 25—27]. У выніку сапежынскія ўладанні раскінуліся па абодва бакі ад старажытнай мяжы Лукомльскай воласці. Гэта, аднак, не перашкаджае прыкладна рэканструіраваць яе паміж Калодніцай і Кіяўцом з аднаго боку, Балютай, Асечняй і Клубінічамі — з другога.
Значная частка ўладанняў князёў Лукомскіх ХV ст. захавалася ў руках іх прамых нашчадкаў. У свой час шматлікія звесткі аб іх землеўладанні былі сістэматызаваны Ю. Вольфам [18, с. 212—224, 411—412]. Ён паказаў, што спадчыну Васіля Лукомскага ў I-й палове ХVІ ст. падзялялі 4 яго дачкі, з якіх адна была жонкай князя Івана Вяземскага, другая, Федзя Ротніцкая (ад маентка Ротніца, сучасная Рудніца каля Лукомля) — жонкай нейкага князя Міхаіла, трэцяя, Багдана, выйшла за Яна Мікалаевіча Радзівіла, а чацвертая — за князя Фёдара Фёдаравіча Друцкага Сакалінскага (Канаплю). Ва ўладанні іх нашчадкаў пазней неаднаразова згадваецца частка мястэчка Лукомль з маёнткам Пірошыцы. У другой палове ХVІ ст. найбольш значнымі іх уласнікамі былі князі Баратынскія (нашчадкі па жаночай лініі князя Вяземскага) і паны Уладыкі (такія ж нашчадкі князя Сакалінскага).
Маёнтак Пірошыцы пазней падзяліўся на Вялікія (Пірошыцы-Забор'е) і Малыя Пірошыцы, якія існавалі да савецкага часу. Яны былі лакалізаваны намі на мясцовасці праз апытанне жыхароў вёскі Забор'е Новазаранскага сельсавета Чашніцкага раёна. Вялікія Пірошыцы знаходзіліся на паўночным ускрайку гэтай вёскі, Малыя - прыкладна ў 1,5 км на паўночны захад. Не ўлічаны Ю. Вольфам дакумент 1591 г. сведчыць, што адной з князёвен Баратынскіх у той час належаў маёнтак з цэнтрам у Ляхавічах і падданымі у сёлах Пірошычы, Лутчына, Псковічы (зараз не існуе), а таксама у Касянічах (паўночна-усходні кут Крупскага раёна) і Рудным (на левым беразе Эсы побач з Латыголічамі). У тых жа сёлах жылі падданыя іншых уласнікаў, у тым ліку князя Багдана Лукомскага [57, л. 180—184]. Частка Касінічаў належала і саўладальніку Пірошыц Фёдару Уладыку, аб чым сведчаць звесткі 1554—1561 гг. [51, с. 91], а іншая частка ўпамінаецца пры вышэйзгаданым падзеле маёнткаў паміж Сапегамі у 1591 г.
Апрача нашчадкаў па жаночай лініі, у ХVІ ст. існавалі тры асноўныя галіны князёў Лукомскіх. Ю. Вольф высветліў, што адна з іх паходзіла ад князя Івана Іванавіча, які ўпамінаецца з 1488 г., і яго сына Андрэя. Галоўнымі маёнткамі гэтай галіны былі Гарадзец і Шчыдуты. Першы з іх знаходзіўся ў сучаснай вёсцы Высокі Гарадзец (паўночны захад Талачынскага раёна) і здаўна меў умацаванні. Аб тамашнім замку князёў Лукомскіх пісаў краязнаўца К. Анікіевіч [58, с. 64]. Замчышча знаходзілася на левым беразе р. Усвейкі і было знішчана кар'ерам у 1960-ыя гг. На яго рэштках пазней былі сабраны асобныя рэчы, якія зараз захоўваюцца ў школьным краязнаўчым музеі Валосаўскай СШ Талачынскага раёна. Сярод іх — кафля і кераміка ХVІ ст., а таксама двухбаковы касцяны грэбень, які нагадвае па форме характэрныя самшытавыя грэбні старажытнарускага часу. Магчыма, паселішча ў Высокім Гарадцы ўзнікла яшчэ ў XI ст., аб чым сведчыць ганчарны венчык з "бародкай", які быў знойдзены намі ў 1989 г. у двары мясцовай васьмігадовай школы, на клумбе (у 300 м на ўсход ад знішчанага замчышча, за дарогай Валосава — Нізкі Гарадзец).
Прымячальна, што прыкладна у 500 м на паўднёвы ўсход ад замчышча знаходзіўся "Барысаў камень" [59, с. 64-72], узарваны ў 1936 г. Магчыма, ён быў пастаўлены ў XI ст. для вызначэння мяжы паміж Лукомльскай і Друцкай валасцямі. Прынамсі, у ХVІ ст. маёнтак Гарадзец межаваў з сялом Рыдамль, у 1466 г. падараваным князямі Друцкімі-Бабічамі вышэйзгаданаму Чарэйскаму манастыру [5З, с. 230-232]. Гэтая мяжа была прадметам спрэчкі паміж Лукомскімі і Сапегамі ў 1558 г. [18, с. 214] і затым неаднаразова.
Маёнтак Шчыдуты быў лакалізаваны намі пад час абследавання ў 1990 г. Аднайменны фальварак існаваў да рэвалюцыі на месцы сучаснай жывёлагадоўчай фермы на заходнім ускрайку вёскі Кушняроўка Чашніцкага раёна, у 600 м на паўночны ўсход ад воз. Сарочынскага. Там намі быў закладзены шурф на схіле, звернутым да ручая, што выцякае з возера, у 50 м ад воданапорнай вежы. Шурф памерамі 2 х 1 м прыйшоўся на гаспадарчую яму ХVІ ст. Сярод знаходак — тыповая тагачасная кераміка, у тым ліку фрагменты макотры (рыс. 3, Г) і донцы дзвюх керамічных патэльняў на ножках (так званых рынак).
3 іншых паселішчаў, належачых шчыдуцка-гарадзецкай галіне Лукомскіх, у выяўленых Ю. Вольфам дакументах упамінаюцца Тоўпіна на р. Усвейцы (пазней прададзенае Сапегам), а таксама Боліна і Слядневічы, якія вярнуліся да Лукомскіх праз шлюб Андрэя Іванавіча Шчыдуцкага з Ганнай Іванаўнай Скіндзер. Іх сын Балтазар праз шпюб з Зоф'яй Фёдараўнай Уладыкай вярнуў роду частку Пірошыцкага маёнтка, а яго брат Багдан за заслугі ў Лівонскай вайне атрымаў у лен дзяржаўныя на той час сёлы Івань (Іванск) і Копцавічы, некалі належачыя да Ульскай воласці. Вышэй адзначалася, што Андрэю Іванавічу належала і сяло Караевічы на р. Уле.
Гэтай жа галіне належаў невялікі абшар на левабярэжжы верхняй Эсы, аточаны з усіх бакоў землямі маёнткаў Латыголічы, Багданава і Халопенічы. Там знаходзіліся сёлы Руднае, Лужкі, Грыцкавічы і Калечая Слабада (сучасная Калечанка), завешчаныя ў 1621 г. Раманам Балтазаравічам Лукомскім на карысць заснаванай ім каталіцкай капліцы ў Рудным Сяле [60, л. 5 адв. — 6] і перададзеныя ёй у наступным годзе [61]. Як ужо згадвалася, частка падданых з Руднага належала да Пірошыцкага маёнтка, а Грыцкавічы ўпамінаюцца як сяло маентка Халопенічы пры размежаванні з Барысаўскай воласцю. Гэта паказвае, што ў многіх выпадках падзел Лукомльскай воласці паміж саўладальнікамі адбываўся не на ўзроўні асобных паселішчаў, а на ўзроўні сялянскіх двароў унутры паселішча.
Другая галіна роду паходзіла ад Андрэя Іванавіча Лукомскага, які ўпамінаецца з 1499 г. і, верагодна, быў братам вышэйзгаданага заснавальніка шчыдуцкай галіны. Яго сын Андрэй Андрэевіч валодаў сумежным з Улой Жэрынам (гл. вышэй), а таксама часткай мястэчка Лукомль, сёламі Абузер'е, Абельмакавічы (Бельмакі, сучасныя Бельнякі), Халаневічы (напэўна, Вялікія Хальневічы на паўночным беразе воз. Сялява). Цэнтрам гэтых уладанняў быў замак на месцы сучаснай вёскі Замачак на беразе Усвейкі, які ў дакументах ХVІ—ХVII стст. называецца Гарадок Бельмакі ці Белгарадок Меляшкоўскі. Непасрэдна да яго адносіліся суседнія сёлы Меляшковічы, Камянец, Сабалевічы, пазней прададзеныя разам з замкам Льву Сапегу і далучаныя да Чарэйскага маёнтка [62, с. 340—341]. Замчышча ў вёсцы Замачак апісваў А. Каваленя, пазначаючы, што ўжо тады яно было амаль цалкам змыта рэчышчам Усвейкі [2, с. 190].
Якраз гэтыя ўладанні вызначалі ўсходнюю мяжу Лукомльскай воласці, апісаную ў пісцовай кнізе Полацкай зямлі ў 156З г. Па адзін бок мяжы названы лукомльскія сёлы Вячора (Вяцора), Хотыня на аднайменным возеры і Жэрына, па другі — маёнткі Беліца з Ульянавічамі, Азярэцк (сучасны Малы Азярэцк) і Вятцо (Вядзец, зараз не існуе), якія адносіліся да Віцебскага (у тэксце кнігі памылкова — "Віленскага") павета [26, с. 424].
У ХІV—ХV стст. тут пачыналася Аболецкая воласць, якая была асабістай уласнасцю Ягайлы, напэўна, яшчэ ў якасці спадчыны яго бацькі Альгерда (які ў свой час быў удзельным віцебскім князем). У Абольцах як сваім даменіяльным сяле ці мястэчку Ягайла ў 1387 г. заснаваў адзін з першых на Беларусі касцёлаў і падараваў яму возера Свеча і дзесяціну з Аболецкай воласці [24, с. 17—19]. Пазней на землях уздоўж р. Свечы (Свечанкі) узнік маёнтак Вядзец, вядомы ў ХVІ—ХVІІ стст. як уласнасць плябаніі Аболецкага касцёла [63, с. 61—102]. Яго тэрыторыя цягнулася да возера Сцержань. Далей на поўнач ляжалі сёлы Застарынне і Езяніца, якія ў 1563 г. належалі Пятру Свяцкаму і ў пісцовай кнізе аднесены да Полацкага павета. Цэнтрам жа маёнтка Вядзец быў аднайменны двор, які, паводле інвентару 1790 г., знаходзіўся ў чвэрці мілі (каля 2 км) ад вёсак Новае Сяло і Малінаўшчына, у паўмілі ад Рыжэўшчыны і Рыбакоўшчыны на захадзе сучаснага Сенненскага раёна [63, с. 315—343].
У ХV ст. Аболецкая воласць адносілася да Аршанскага намесніцтва, аб чым сведчыць двайная форма прыналежнасці сяла Сянно "на Рши у Обольцех" пры пажалаванні яго ў 1440-ыя гады пану Мілашу Вайшвілавічу [20, с. 10]. У тыя ж гады пан Судзімонт Доргевіч атрымаў шэраг сялянскіх службаў са складу Аболецкай воласці. Паселішчы, у якіх жылі гэтыя сяляне, не названы, але вельмі верагодна, што яны знаходзіліся на тэрыторыі пазнейшага маёнтка Беліца, які належаў зяцю Алехны Судзімонтавіча Станіславу Барташавічу Монтаўту, праз шлюб дачкі апошняга Ганны перайшоў да Яна Юр'евіча Глябовіча, а праз шлюб Зоф'і Янаўны Глябовіч — да Юрыя Зяноўевіча, які выступае уласнікам Беліцы ў пісцовай кнізе 1563 года. Беліца з належачымі да яе Ульянавічамі межавала не толькі з Вяцерай князёу Лукомскіх-Меляшкоўскіх, але і з Тоўпінам і Гарадцом — маёнткамі Лукомскіх-Шчыдуцкіх. Такім чынам, усходні адрэзак мяжы Лукомльскай воласці захаваўся да другой паловы ХVІ ст. у першапачатковым, вельмі архаічным выглядзе.
Адсутнічаюць раннія звесткі толькі пра невялікі кавалак мяжы ад Халопенічаў да Хальневічаў. Паселішчы, якія межавалі тут з Худавам, у крыніцах ХV—ХVІ стст. чамусьці не згадваюцца. Толькі больш позняя звестка ўпамінае, што ўнук Андрэя Андрэевіча Лукомскага Іван Барысавіч у 1604 г. прадаў Льву Сапегу разам з Хальневічамі і Тоўпінам таксама сяло Камянец [64, п. 14—18 адв.]. Гэты пункт, верагодна, трэба звязваць не з Камянцом на р. Усвейцы, які ніколі не выступае асобна ад Меляшковіцкага маёнтка, а з сучаснай вёскай Вялікая Каменка ў Крупскім раёне, недалёка ад Худава, бо яна ўпамінаецца ў азначаным дакуменце ў кантэксце размежавання сапежынскіх зямель з Лісічынам, Дударамі, Барсукамі і Пасёмкавічамі. Усе гэтыя паселішчы на момант складання дакумента (1678 г.) належалі трэцяй галіне князёў Лукомскіх, і вельмі верагодна, што з даўніх часоў.
Гэтая трэцяя галіна паходзіла ад князя Рамана Лукомскага, упамянутага ў 1500 г. Адзін з яго сыноў, Пётр, памёр у 1547 г., пакінуўшы сына Аляксандра і ўдаву Багдану Канстанцінаўну (дачку аднаго з князёў Друцкіх-Сакалінскіх), якая паўторна выйшла за Івана Іванавіча Сапегу. Пасля смерці Аляксандра ў 1563 г. да яго айчыма адышлі не толькі ўсе маёнткі, атрыманыя некалі Пятром Раманавічам пры падзеле з братамі, але і частка маёнткаў бяздзетнага Сямёна Раманавіча, у 1561 г. падзеленая паміж пляменнікамі. У 1563 г. дзеці двух іншых братоў, Богуша і Міхаіла Раманавічаў, спрабавалі адсудзіць у Сапегі хаця б маёнткі Сямёна, з якіх на тэрыторыі Лукомльскай воласці лакалізуюцца Пачаевічы, Карэйвічы (сучасныя Каровічы на р. Усвейцы), і 24 мяшчанскіх двара ў Лукомлі [65, л. 482 адв. -- 483].
У 1591 г., калі сыны Івана Сапегі дзялілі бацькаўскія маенткі, у долю Андрэя Іванавіча адышлі "двор Пачаевічы і частка у замку і месце Лукомскім" з сёламі Неўгадава, Навасёлкі, Шостаўшчына, Слідца, Дубраўкі, Стайкі, Руднае, Абызер'е і Ротніца [55, с. 291—292]. Відавочна, што яны ўтваралі частку былых уладанняў сыноў Рамана Лукомскага. Адзначым, што і ў гэты маёнткавы комплекс уваходзілі не толькі паселішчы ў наваколлі Лукомля, але і частка Грыцкавічаў і Руднага на Эсе. У той жа час Льву Сапегу дасталіся дварэц і сяло Карэвічы, сяло Касінічы (дакладней, часткі гэтых паселішчаў). Крыху пазней, у 1599 г., ён жа купіў двары і пусташы ў сёлах Карэвічы, Тоўціна і Стражовічы, якія папярэдне належалі сыну Міхаіла Раманавіча, Канстанціну Лукомскаму [39, с. 641—642].
Трэцяй галіне Лукомскіх здаўна належала права апекі над царкоўным сялом Дабрыгоршчына (Дабрыгошы, у пісцовай кнізе 1563 г. — Добры Гарадзішча, сучасныя Дабрыгоры у Бешанковіцкім раёне). У сваім завяшчанні ў 1561 г. Канстанцін Міхайлавіч Лукомскі адзначыў, што гэтае сяло ён меў "подле обычаю продков наших князей Лукомских в держаньи и доживотью" [66, л. 83 адв. — ВУ]. Аднак цяжка сказаць, уваходзіла яно ў першапачатковую Лукомльскую воласць ці было набыта крыху пазней. Іншыя маёнткі на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна, на поўнач і паўночны усход ад Ульскай воласці, ужо ў ХV ст. не мелі сувязі з Лукомлем, і нішто не дазваляе меркаваць пра такую сувязь у папярэдні час. Праўда, той жа К. М. Лукомскі за геройства ў Лівонскай вайне атрымаў у лен дзяржаўны замак Улу ля вусця аднайменнай ракі, але гэтая падзея ніяк не звязана з колішнім лёсам Лукомльскай воласці. Таму мы схіляемся да таго, каб звязаць яе старажытную мяжу з паўночнай мяжой маёнтка Чашнікі, дакладна вядомай паводле позніх інвентароў. Аднак факт даўняй прыналежнасці князям Лукомскім сяла Дабрыгоршчына прымушае пакідаць гэтае пытанне адкрытым.
Такім чынам, у выніку праведзенай рэканструкцыі большасць межаў Лукомльскай воласці на пачатак ХV ст. акрэсліваецца даволі выразна (рыс. 4). Асабліва гэта тычыцца мяжы на захадзе (з Харэцкай воласцю), на поўдні (з Барысаўскай воласцю і Друцкім княствам) і на ўсходзе (з Аболецкай воласцю). Пытанні застаюцна толькі адносна сувязі з Лукомлем колішняй Лепельскай воласці і абшараў на поўнач ад Чашнікаў — Улы. Гэта не павінна здзіўляць, бо з поўначы да Лукомльскай воласці прымыкала Полацкая зямля, у складзе якой доўгі час была і сама гэтая воласць. Мяжа паміж імі ўзнікла толькі ў момант пажалавання Лукомля, а ўжо з адпадзеннем Боліна і Улы ў 1430-ыя — 1440-ыя гады страціла сваё значэнне. Не выпадкова нават новая афіцыйная мяжа Полацкага ваяводства з Аршанскіы паветам Віцебскага, устаноўленая ў 1565 г., прайшла не па гэтай старажытнай мяжы, а крыху на поўдзень ад яе. Пры гэтым Чашнікі, Цяпіна і Боліна апынуліся ў Полацкім ваяводстве, а Жэрына, Пачаевічы, Шчыдуты, Пірошыцы з Ляхавічамі, нават чашніцкія Валосавічы і болінскае Свяда — у Аршанскім павеце. У такім выглядзе мяжа засталася і пазней, нават да 1916 г. яна служыла граніцай Віцебскай губерні з Магілёускай і Мінскай.
- Романов Е.Р. Раскопки в Могилевской губернии в 1863 г. // Труды Московского археологического общества. Вып. 1. Т. 13.
- Каваленя А. Зм. Археалагічныя росшукі у вярхоўях рэк Друці, Усяж-Бук і Лукомкі // Працы секцыі археалогіі. Мн., 1932, Т. 3.
- Штыхов Г.В. Раскопки в Лукомле в 1966—1966 годах // Древности Белоруссии. Мн., 1969.
- Штыхов Г.В. Отчеты о полевых исследованиях в 1969 и 1970 годах // Архіў Інстытута гісторыі АНБ. Спр. 350, 368.
- Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли. Мн., 1978.
- Тарасаў С.В. Новае ў археалогіі Полацка // Полацкі летапісец. 1992. № 1.
- Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992.
- Алексеев Л.В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества X — ХШ вв. М., 1975.
- Тихомиров Н.М. Список русских городов дальних и ближних // Исторические записки. М., 1952. Вып. 40.
- Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego Krolestwa Polskiego. Warszawa, 1981. Kn. 10.
- Stryjkowski M. Kronika Polska, Zmodzka i wszyskiej Rusi. Warszawa, 1846. T. 2.
- Тихомиров Н.М. Описание Тихомировского собрания рукописей. М. , 1968.
- ПСРЛ. Т. 35. М., 1980.
- ПСРЛ. Т. 32. М., 1975.
- Scriptores Rerum Prussikarum. Bd. 3. Leipzig, 1873.
- Okolski S. Orbis Polonus. Т. 2. Cracovae, 1643.
- Kojalowicz W. W. Herbarz rycerstwa Wielkiego Ksiestwa Litewsliego. Krakow, 1897.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
- Псковские летописи. Вып. I. М.— Л., 1941.
- Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1. М., 1897.
- Archiwum ksiazat Sanguszkow w Slawucie. Т.1. Lwow, 1887.
- Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 3. Спб., 1848.
- Pietkiewicz K. Kieżgaiłowie i ich latyfundium do połowy XVI wieku. Poznań, 1982.
- Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. Kraków, 1948.
- Специальная карта Европейской России. М 1 : 420 000. Пг., 1915.
- Писцовые книги, издаваемые Императорским Российским географическим обществом. Ч. I. Отд. 2. Спб., 1877.
- Witoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae 1386 - 1430 / Wyd. J. Ochmański. Warszawa-Poznań, 1986.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 247.
- Довгялло Д. М. Лепель, уездный город Витебской губернии. Витебск, 1905.
- Белоруссия в эпоху феодализма. Т. I. Мн., 1959.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów Slowiańskich. Т. 14.
- Ревизия замка Полоцкого 1552 г. // Чтения Императорского общества по изучению древностей Российский. Кн. 2 (213). М., 1905.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 63.
- Там жа. Спр. 244.
- Сапунов А. Витебская старина. Т. 4: Документы. Витебск, 1885.
- Русская историческая библиотека. Т. 33. СПб., 1914.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. ДА. Спр. 163.
- Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов (АВК). Т. 33, Вильна, 1908.
- АВК. Т. 14. Вильна, 1887.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów Slowiańskich. Т. 7.
- НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 231.
- АВК. Т. 8. Вильна, 1874.
- Опись документов Виленского центрального архива древних актов. Вильна.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 1. Спб., 1861.
- Аддзел рукапісаў ЦНБ АН Украіны. Ф. 1. Спр. 5962.
- НГАБ. Ф. 1928. Воп. 1. Спр. 281.
- НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 12.
- НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 247.
- Насевіч В.Л. Род князёу Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (ХІV—ХVІ стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.
- НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 249.
- Sapiehowie, materyały historyczno-genealogiczne i majątkowe. T. 1. Petersburg, 1890.
- Аддзел рукапісаў Вільнюсскага універсітэта. Спр. А-1806.
- Археографическмй сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 2. Вильна, 1867.
- АЗР. Т. 3. Спб., 1848.
- Pergamentu katalogas. Vilnius, 1980.
- Довгялло Д.М. Черейский монастырь // Могилевская старина. 1901. Вып. 2.
- НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 282.
- Аникиевич К.Т. Сенненский уезд МогилевскоЙ губернии. Могилев, 1907.
- Раманов Е.Р. Борисов камень в с. Высокий Городец Сенненского уезда Могилевской губернии // Записки Северо-Западного отделения Императорского Русского Географического Общества. Вильно, 1912. Кн. 3.
- НГАБ. Ф. 937. Воп. 3. Спр. 3.
- Аддзел рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Літвы. Ф. 273, Спр. 3673.
- Słownik geograficzny Krolestwa Polskiego ... Т.6.
- Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской.. Т. 20. Витебск, 1890.
- НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 5.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 255.
- НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 68.