Першыя звесткі.
Першыя летапісныя паведамленні пра старажытны Лагожаск (сучасны Лагойск) датуюцца ХІ - ХІІ стагодзямі, перыядам існавання Кіеўскай Русі. На цікавыя разважанні наводзіць назва горада. Яна ўтворана паводле традыцыйнай для Русі словаўтваральнай схемы - праз суфікс -ск. Такія назвы былі ў той час вельмі распаўсюджанымі. Праўда, практычна няма выпадкаў, калі б за аснову бралася нейкая асаблівасць ландшафта, таму пашыраная думка аб утварэнні назвы Лагойска ад слова "лог" [1] выклікае сумненні. Часцей за ўсё горад атрымліваў імя ад назвы ракі, на якой стаяў - Друцк ад Друці, Слуцк ад Случы і г. д. Вельмі часта такім чынам выкарыстоўвалася назва невялікай рэчкі, якая ўпадалэ ў гэтым месцы ў большую. Так Полацк атрымаў імя ад рэчкі Палаты, Віцебск - ад Віцьбы, Пінск - ад Піны.
Лагойск, як вядома, стаіць на рацэ Гайне. Аднак у 9 кіламетрах вышэй па цячэнні ў яе ўпадае рачулка Лагазіца, на якой стаіць вёска Лагаза. Гэта наводзіць на думку, што некалі Лагазой называлася сама рэчка, а назву "Лагожаск" магло атрымаць паселішча, якое першапачаткова існавала недзе ля яе ўпадзення ў Гайну [2]. Пазней гэтае паселішча магло быць перанесена на новае, больш зручнае месца, захаваўшы пры гэтым старую назву (такая практыка пераносу гарадоў была даволі звыклай у той час). Праўда, ніякіх археалагічных доказаў на карысць гэтай гіпотэзы мы пакуль не маем, але не выключана, што яны могуць з'явіцца ў будучым.
Так ці інакш, але не пазней ХІ стагоддзя (магчыма, ужо ў другой палове Х стагоддзя) на беразе Гайны, дзе зараз знаходзіцца гарадскі парк, было ўзведзена ўмацаванне у выглядзе магутнага землянога вала, паверсе якога ішла бярвенчатая сцяна. Умацаванне ахоплівала невялікую пляцоўку, плошчай усяго каля 1,5 га - дзядзінец старажытнага горада. Там, напэўна, мясціўся двор князя ці яго намесніка і іншыя адміністрацыйныя пабудовы.
Старажытны Лагожаск уваходзіў у Полацкае княства - вотчыну Ўсяслава Чарадзея, прадстаўніка асобнай галіны княжацкага рода Рурыкавічаў. У другой палове ХІ стагоддзя гэты князь праводзіў вельмі актыўную палітыку, часта варагуючы са сваімі дзядзькамі і стрыечнымі братамі - кіеўскімі, чарнігаўскімі і пераяслаўскімі князямі. Менавіта з гэтай барацьбой і звязана першае з'яўленне Лагожска на старонках пісьмовай гісторыі. У сваім славутым "Павучэнні" кіеўскі князь Уладзімір Манамах прыгадваў, што пад час паходу супраць Усяслава (гэты паход датуецца 1078 г.), ён "пожег землю и повоевав до Лукамля и до Логожьска" [3].
Лагожаск знаходзіўся на карацейшым сухупутным шляху паміж Полацкам і самым паўднёвым цэнтрам уладанняў Усяслава - Менскам, прыкладна ў адным конным пераходзе ад апошняга. Гэтае зручнае месцазнаходжанне спрыяла росту горада, ля валоў якога, напэўна, ужо ў той час з'явілася неўмацаванае паселішча - пасад. Пасля смерці Усяслава ў 1101 г. Полацкая зямля была падзелена паміж яго сынамі. Лагожаск, верагодна, увайшоў у лік уладанняў Глеба Ўсяславіча, цэнтрам удзела якога стаў Менск.
Глеб працягваў актыўную палітыку свайго бацькі, накіраваную на незалежнасць ад Кіева. Аднак у гэтай барацьбе ён пацярпеў паражэнне, быў узяты ў палон сынам Уладзіміра Манамаха Яраполкам і адвезены ў Кіеў, хутка пасля чаго памёр у 1119 г. Уладанні Глеба, тым не менш, засталіся ў руках яго сыноў, старшым з якіх быў Расціслаў. Ён пачаў княжыць у Менску, а яго малодшыя браты, напэўна, атрымалі ў якасці ўдзелаў іншыя гарады. Вельмі верагодна, што ўжо тады Лагожаск стаў цэнтрам удзельнага княства, дзе княжыў адзін з Глебавічаў, але непасрэдных звестак пра гэта няма.
У 1127 г. сын і пераемнік Манамаха, кіеўскі князь Мсціслаў Вялікі, вырашыў пакараць нашчадкаў Усяслава за непакорства і арганізаваў вялікі паход у Полацкую зямлю. Пад час гэтага паходу войска яго сына, курскага князя Ізяслава, падышло да Лагожска і захапіла ў полі атрад лагажан, пасля чаго горад "устрашившеся" і здаўся [4]. Былі заняты і іншыя гарады Полаччыны, але на першы раз Мсціслаў абмежаваўся пераразмеркаваннем уладанняў паміж мясцовымі князямі. Аднак у 1129 г., раззлаваны іх трывалым непакорствам, Мсціслаў выслаў нашчадкаў Усяслава ў Візантыю. У Полацку ён пасадзіў свайго сына Ізяслава (таго самага, што раней захапіў Лагожаск). Тады, трэба меркаваць, у Лагожску з'явіўся намеснік Ізяслава ці непасрэдна яго бацькі, кіеўскага князя.
Крыху пазней, у выніку пераразмеркавання ўладанняў пасля смерці Мсціслава Вялікага ў 1132 г., у Полацку аднавілася ўлада аднаго з унукаў Усяслава Чарадзея, Васілька Святаславіча, а Ізяслаў Мсціславіч захаваў за сабой толькі Менскае княства (разам з Туравам і Пінскам). Невядома, якім быў у той час лёс Лагойшчыны, знаходзілася яна пад кантролем Полацка альбо Менска (у рэшты рэшт - Кіева).
На пачатку 1140-х гадоў сыны Мсціслава Вялікага часова страцілі кантроль над Кіевам, які перайшоў да іх ворагаў, чарнігаўскіх Ольгавічаў. Верагодна, гэта дазволіла высланым у Візантыю полацкім князям вярнуцца на радзіму і атрымаць ранейшыя вотчыны. У прыватнасці, Расціслаў Глебавіч пазней згадваецца ў летапісах як менскі князь. Абапіраючыся на Менск, ён вёў барацьбу за Полацк са сваім стрыечным братам Рагвалодам Барысавічам. Разам з Расціславам дзейнічалі яго браты Ўсевалад (ён упамінаецца ў летапісах да 1158 г.) і Валадар, які пасля смерці Расціслава ў 1161 г. княжыў у Менску і памёр у 1167 г. Магчыма, быў у Расціслава яшчэ адзін брат - Мікула, які пакінуў сына Усяслава.
Замацавацца ў Полацку Глебавічам не ўдалася, пасля чаго ім засталося задаволіцца сваей вотчынай у Менску. Гэтая вотчына паспытала такое ж самае драбленне на ўдзельныя княствы, якое раней адбылася з Полацкай зямлёй. Кожны з братоў атрымаў свой удзел, і адным з такіх удзелаў стаў Лагожаск. Менавіта вышэйзгадыны Ўсяслаў Мікуліч высупае ў якасці першага дакладна вядомага лагожскага князя. Яго адзінае ўпамінанне ў летапісах тычыцца 1180 г., калі ён разам з іншымі полацкімі князямі падтрымліваў Давыда Смаленскага ў барацьбе з чарнігаўскім Святаславам Усеваладавічам [5]. У 1186 г. у Лагожску быў ужо іншы князь - Васілька Валадаравіч (сын Валадара Глебавіча), які таксама дзейнічаў на баку Давыда Смаленскага, але ўжо ў паходзе супраць Полацка [6].
Гэтымі ўрывачнымі паведамленнямі, па сутнасці, абмяжоўваецца ўсё, што мы ведаем пра гісторыю Лагойшчыны ў ХІІ стагоддзі. У далейшым звесткі пра яе ўвогуле надоўга знікаюць са старонак летапісаў, таму мы можам толькі гадаць, ці захавалася самастойнае Лагожскае княства пад уладай мясцовай галіны Глебавічаў, ці гэтая дынастыя згасла, а Лагожаск быў далучаны да нейкага іншага княства. Паводле археалагічных звестак, жыццё ў горадзе працягвалася ў ХІІІ стагоддзі даволі актыўна, што даказвае вялікая колькасць рэчаў гэтага часу ў культурным слоі. Але аднойчы горад моцна пацярпеў ад пажару, аб якім сведчыць вугальны слой таўшчынёй каля 20 см у адным з раскопаў [7]. Не выключана, што Лагожаск быў разбураны ў выніку ваенных дзеянняў у сярэдзіне ХІІІ стагоддзя, калі зямля Беларусі зведала мангольскія і літоўскія набегі. Пасля гэтага настаў заняпад - культурны слой канца ХІІІ - XIV стагоддзя ў Лагожску (як, дарэчы, і ў большасці іншых беларускіх гарадоў) прасочваецца вельмі слаба.
- Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. С. 207.
- Лемцюгова В.П. Беларуская айканімія. Мн., 1970. С. 92.
- Полное собрание русских летописей (ПСРЛ). Т. 1. М., 1962. С. 248.
- ПСРЛ. Т. 7. Спб., 1859. С. 27; Там жа. Т. 3. М., 1965. С. 155.
- Летопись по Ипатскому списку. Спб, 1871. С.419.
- ПСРЛ. Т. 10. М., 1965. С. 17.
- Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли. Мн., 1978. С. 91.